У Вільні абмяркоўвалі “Споведзь нацыяналіста”

Угодкі вядомага навукоўца і краязнаўцы Генадзя Каханоўскага, які заўчасна пакінуў свет, адзначыла 28 студзеня Таварыстве Беларускай Культуры ў Літве.

З аповедам перад прысутнымі выступіў сябра ТБК Валера Радзюкевіч, які ведаў спадара Каханоўскага, яшчэ калі жыў у Маладзечна.

Палітолаг Анатоль Астапенка прэзентаваў уласную кнігу “Споведзь нацыяналіста” і адказаў на шматлікія пытанні. Не так часта ў Вільню прыязджаюць асобы такога кшталту. У зале прысутнічалі журналісты, навукоўцы, студэнты.

Пытанняў было шмат. Прысутных цікавіла: “Якой павінна быць нацыянальная ідэя, і што такое нацыяналізм у краіне, у якой вялікая колькасць савецкіх адстаўнікоў? Якое параўнальнае становішча ў Латвіі і Літве. Як у гэтых краінах фармуецца нацыянальная ідэя?

Закранулі ў часе сустрэчы і сітуацыю ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Вядома, шмат было пытанняў і наконт будучых выбараў прэзідэнта, як праходзіць падрыхтоўка, які шлях выбірае краіна пасля.

На сустрэчы прысутнічалі беларускамоўныя студэнты Еўрапейскага Гуманітарнага Універсітэту, якія добра арыентуюцца ў сучасным палітычным жыцці. Усталяваліся добрыя кантакты студэнтаў ЕГУ з Таварыствам Беларускай Культуры, ёсць дамова аб далейшым супрацоўніцтве. Размова у цесным коле сяброў за кубачкам кавы доўжылася і пасля афіцыйнага заканчэння мерапрыемства. Ніхто не спяшаўся разыходзіцца, бо і тэма актуальная і суразмоўцы былі цікавыя.

Гэтым разам прысутныя на мерапрыемстве паглядзелі відэафільм Віктара Дашука “Страх”.
Леакадзія Мілаш, Вільня
‹‹ на галоўную | у архіў