Чорна-Белы спіс кандыдатаў...
На мінулым тыдні закончыўся чарговы этап выбарчай кампаніі — у пятніцу ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі здалі спісы з подпісамі ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Жадаючых быць галавой дзяржавы да 19.00 пятніцы, 27 студзеня, засталося пяць: тры Аляксандры — Казулін, Лукашэнка і Мілінкевіч, Сяргей Гайдукевіч і Валерый Фралоў. Больш за ўсё подпісаў сабрана групай Аляксандра Лукашэнкі (1 мільён 905 тысяч 631 подпіс).
Што тычыцца Валерыя Фралова, то здадзеных ім подпісаў для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты відаць не дастаткова. Па інфармацыі Цэнтрвыбаркама, на яго рахунку было не на шмат больш 58 тысяч аўтографаў грамадзян Беларусі. Аднак ад гэтага генерал Фралоў не разгубіўся і як паведаміў у суботу БелаПАН: “Сумны момант, зразумела, прысутнічае, але ў цэлым я задаволены праведзенай працай маёй ініцыятыўнай групы”. Дарэчы, яшчэ ў пачатку мінулага тыдня са спасылкай на кіраўніка ініцыятыўнай групы Фралова з’явілася інфармацыя аб тым, што ён збіраецца выйсці з выбарчай кампаніі. На наступны дзень штаб прэтэндэнтаў ад гэтай інфармацыі адмовіўся.
Да моманту здачы спісаў з дыстанцыі сышлі адразу два “кандыдата”. У аўторак з’явіліся чуткі, што Сяргей Скрабец адмовіўся ад удзелу ў выбарчай кампаніі на карысць Аляксандра Казуліна. Зянон Пазняк у чацвер заявіў, што яго ініцыятыўная група не панясе спісы з подпісамі у выбарчыя камісіі: “У гэтай сітуацыі, калі маёй групе арганізавалі міліцэйскае пераследаванне і мяне не будуць рэгістраваць па палітычных прычынах, мы не можам аддаваць адрасы і пашпартныя дадзеныя маіх прыхільнікаў у лапы гэтых марыянетак, каб людзей потым пераследавалі, альбо выганялі з працы. Я вельмі добра ведаю гэта, каб не рабіць такіх памылак”. Не гледзячы на гэта, у ЦВК усё ж-такі паступіла 719 подпісаў ад ініцыятыўнай групы лідэра КХП-БНФ. Інфармацыйная камісія партыі у суботу паведаміла, што Зянон Пазняк не намерваецца выходзіць з выбарчай кампаніі, а яго ініцыятыўная група — прыпыняць працу. Цяпер Пазняк сваёй галоўнай задачай бачыць працягненне інфармавання аб “народным галасаванні” і арганізацыі структур Нацыянальнай грамадскай камісіі.
Нагадаем, што яшчэ адзін удзельнік выбарчай кампаніі — Аляксандр Вайтовіч, паведаміў аб выхадзе з прэзідэнцкай гонкі яшчэ раней — 9 студзеня.
Такім чынам, акрамя Аляксандра Лукашэнкі, 100-тысячны бар’ер пераадолелі Аляксандр Мілінкевіч (198 559 подпісаў), Аляксандр Казулін (156 618) і Сяргей Гайдукевіч (150 319). Што ж, прэтэндэнты подпісы падлічылі, зараз справа за ЦВК. Згодна з выбарчым заканадаўствам, калі 15% правераных подпісаў будзе прызнана не праўдзівымі, тады несапраўднымі будуць лічыцца усе подпісы ў падтрымку гэтага прэтэндэнта. А 12 лютага прэтэндэнты павінны стаць кандыдатамі. Між тым, некаторыя СМІ прагназуюць, што ЦВК зарэгіструе 2 кандыдаты: Аляксандра Лукашэнка і Сяргея Гайдукевіча. Аднак Аляксандр Мілінкевіч упэўнены у тым, што пройдзе працэдуру рэгістрацыі.
Паводле news.tut.by
30 студз. 2006
|