Сумныя факты статыстыкі
У нас няма беспрацоўя !
Статыстыка сцвярджае, што яе ўзровень складае 1,6%. Але гэты лічбы не колькасць беспрацоўных, а працэнт зарэгістраваных ў службе занятасці. У беспрацоўных няма матывацыі iсці на біржу працы, таму што дапамога па беспрацоўю складае аж 17 даляраў ЗША. І нават іх магчыма атрымаць выключна пры ўмове адпрацоўкі некалькіх дзён на грамадскіх працах. Напрыклад, з дыпломам інжынера прыбіраючы вуліцы ці збіраючы каменне на саўгасных палях. Калі б беспрацоўным выплачвалі дапамогу ў 240 даляраў, як у Польшчы, альбо ад 60 да 90% ад сярэдняга заробку, як у Латвіі, напэўна ж лічбы статыстыкі былі б іншыя, напрыклад, як фіксуюць іх сацыялагічныя апытанні, пад 7–8%. Акрамя таго, 15-20% грамадзян занятыя не поўны працоўны дзень.
Яшчэ варта было б улічваць выключаных з статыстыкі 900 тысяч грамадзян, альбо 28% працаздольнага насельніцтва. Нават калі з гэтага ліку эканамічна неактыўнага насельніцтва адняць супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, то ўсё роўна не ўлічанымі застаюцца 700 тысяч чалавек. Дзе яны? Чым займаюцца? Не знайшоўшы сабе працы, 400 тысяч нашых суайчыннікаў у пошуку лепшай долі падаліся за мяжу. А па сціплых падліках гэты з’ехаўшыя грамадзяне прывозяць у Беларусь каля мільярда даляраў у год, што складае 5% валавога ўнутранага прадукту нашай краіны.
Сярэдняя зарплата 200 USD…
Па параметрах некаторых нашых суседзяў — занадта сціплы вынік. У Літве, напрыклад, гэта лічба складае 460, а ў Польшчы 780 даляраў. Цікавей, тое, што за апошнія пяць год долар страціў у разліку на палову. Гэта значыць, што сённяшнія 200 — гэта усё роўна, што 120 даляраў у 2000 годзе.
Па дадзеным міністэрства статыстыкі ў сярэдзіне 2005 года 56% працоўных атрымалі заробак меней 400 тысяч рублёў. Значыць, пасля разліку на прыбытковыя падаткі і камунальныя плацяжы , большая частка насельніцтва мае даход не вышэй рысы жабрацтва (і гэта па афіцыйных дадзеных). Адкуль тады сцвярджэнне, што ў Беларусі 75% грамадзян прыналежаць да сярэдняга класа?
У нас лепшая сацыяльная абарона?
Сярэдняя пенсія ў Беларусі каля 100 у.а. Тут розніца ад суседзяў такая: у Прыбалтыкі – 150 даляраў, у Польшчы – 400. З улікам таго, што харчовыя і прамысловыя тавары ў гэтых краінах альбо на ўзроўні беларускіх, альбо танней, то розніца адчувальная. Але нават такі памер пенсій з’яўляецца цяжкім для беларускай эканомікі. І запазычанасць прадпрыемстваў перад Фондам сацыяльнай абароны за паўтара гады павялічылася на 60 мільярдаў рублёў.
Сацыяльнай дапамогі ў нас многа, але мала. Многа па колькасці розных дадаткаў, але мала ў грашовым эквіваленце. Сацыяльная пенсія складае 33 у.а. дапамога сем’ям, у якіх даход ніжэй мінімума — 12–13 USD. Гэта кошт шэрагу даведак і часу на паходы па кабінетах. Паказальна, што 3% грамадзян, у якіх даход на асобу ніжэй пражытачнага мінімуму скарысталіся гэтай дзяржаўнай “увагай”.
На конт беларускай сістэмы аховы здароўя… Траты ў Літве на душу насельніцтва ў гэтай галіне ў 1,6 разы, а ў Эстоніі ў 2,7 разы больш, чым у нас. А ў Германіі ў суткі на аднаго зняволенага дзяржава траціць 120 USD, а у нас затраты на ахову здароўя, на аднаго чалавека, складаюць 100 USD у год.
У нас няма карупцыі?
Адказ на гэта пытанне даюць кіраўнікі прыватных прадпрыемстваў. 85% з іх, пад час сацыялагічнага апытання, заявілі, што яны рэгулярна даюць хабар. Па ацэнках міжнародных арганізацый, індэкс успрыняцця карумпіраванасці ў нас 2,6 па сямібальнай шкале. У Расіі 2,7. Розніца толькі ў тым, што у нас канверт не такі тоўсты, але прапанаваць яго трэба часцей.
Паводле А. Лябедзька, старшыні Нацыянальнага камітэта
|