Якімі мовамі валодаюць прэтэндэнты ў прэзідэнты
У сваіх тэлефанаваннях на “Свабоду” слухачы цікавяцца, якія замежныя мовы ведаюць цяперашнія сапернікі Аляксандра Лукашэнкі. Слухач з Мінску спадар Андрэй патлумачыў сваю цікавасць да таго, як валодаюць мовамі ўдзельнікі прэзідэнцкай гонкі, наступным чынам: дзейсны лідэр краіны не можа гаварыць з замежнікамі без перакладчыкаў, вельмі рэдка карыстаецца і родным беларускім словам...
На гэтым тле Аляксандр Мілінкевіч выглядае паліглотам, лічыць палітык Аляксандр Дабравольскі: “Акрамя беларускай і расейскай моваў, якімі ён добра валодае, свабодна гаворыць па-французску, польску і даволі добра па-англійску. Калі ён сустракаўся з міністрам замежных спраў Францыі і выступаў перад французскім парламентам, то казаў па-французску, і ад гэтага было вялікае уражанне”.
Сябры каманды Зянона Пазняка таксама лічаць свайго лідэра чалавекам з высокім узроўнем моўнай падрыхтоўкі. Меркаванне намесніка старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрася Беленькага: “Зянон Станіслававіч дасканала валодае беларускай, расейскай, польскай мовамі. Можа не ў такой ступені, але валодае яшчэ ён нямецкай, і ў пэўнай ступені англійскай мовамі, а таксама добра ведае старабеларускую”.
Аляксандр Казулін, дасканала ведае расейскую мову. Што тычыцца беларускай, то вось тлумачэнне аднаго з яго паплечнікаў, палітыка Уладзімера Нісцюка: “Пакуль што не зусім добра валодае, таму што яму не давялося яе вывучаць увогуле. Але зараз яе ён актыўна вывучае, тым больш што ў яго добрыя настаўнікі на чале са спадаром Алегам Трусавым, які з’яўляецца яго намеснікам у партыі. Аляксандр Казулін вучыўся ў спецыялізаванай ангельскай школе, таму, наколькі я ведаю, ён нядрэнна валодае ангельскай мову”.
Прэтэндэнт Сяргей Гайдукевіч таксама, як вынікае з яго тлумачэння, валодае ў пэўнай ступені ангельскай мовай і дастаткова, як ён лічыць, расейскай і беларускай.
Што тычыцца Валерыя Фралова і Сяргея Скрабца, якія да нядаўняга часу удзельнічалі ў выбарчай барацьбе, то, паводле водгукаў, іх лінгвістычных ведаў дастаткова, каб у выпадку абрання на пасаду прэзідэнта годна выконваць дзяржаўныя абавязкі.
Як сведчыць статыстыка, прэзідэнты многіх краінаў, апроч роднай мовы, ведаюць замежныя. З кіраўнікоў былых савецкіх рэспублік, напрыклад, бліскуча валодае англійскай грузінскі лідэр Міхаіл Саакашвілі. Расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін выдатна ведае нямецкую мову, а таксама здольны няблага кантактаваць з англамоўнымі суразмоўцамі. Зрэшты, як і ўкраінскі лідэр Віктар Юшчанка. Паліглотам можна лічыць прэзідэнта Латвіі Вайру Віке-Фрэйбергу, якая, акрамя латышскай, дасканала валодае ангельскай, нямецкай, французскай і іспанскай. Іспанскай, як замежнай мовай, валодае і прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Джордж Буш.
Паводле радыё “Свабода” |