Моц салідарнасці
Дзень салідарнасці з палітвязнямі, апазіцыянерамі, якія зніклі, іх сем’ямі, незалежнымі журналістамі, з усімі, хто змагаецца за волю і дэмакратыю, адбыўся 16 студзеня ў Беларусі. У 20.00 у вокнах тысяч беларусаў пагасла святло і запаліліся свечы Волі. Многія людзі падтрымалі заклік маладзёвага супраціўлення “Зубр” і як салідарныя выйшлі 16 студзеня на вуліцы беларускіх гарадоў у джынсавым адзенні. У Мінску ў гэты дзень адбыўся флэш-моб пад час якога 200 мінчан упрыгожылі джынсавымі стужкамі цэнтр сталіцы. Вулічныя акцыі адбыліся ў Віцебску, Баранавічах, Салігорску, Гродна, Брэсце, Гомелю, Магілёве, Пінску, Полацку, Наваполацку, Лідзе, Слоніме, Кобрыне, Маладзечна, Вілейкі, Барысаве, Светлагорску, Асіповічах, Паставах, Белаазёрску, Жодзіна, Воршы, Заслаўе, Мар’інай Горкі, Копыле, Івацэвічах, Бярозе, Бабруйску, іншых гарадах і вёсках Беларусі. Гэта ўжо чацвертая акцыя, якая праводзіцца 16 дня кожнага месяца. Дзень Салідарнасці з Беларуссю прайшоў на Украіне, у Расіі, ЗША, Канадзе, Нідэрландах, Вялікабрытаніі, Германіі, Швецыі, Славакіі, Польшчы, Літве, Эстоніі, Венгрыі, Бельгіі і ў іншых краінах свету.
Мінск
Дзве сотні мінакоў прынялі ўдзел у джынсавым флэш-мобе, які прайшоў 16 студзеня, а 18-ай гадзіне каля галоўнага ўнівермага Мінска. Апранутыя ў джынс маладыя людзі, праводзілі акцыю каля галоўнага ўвахода ў ГУМ: завязвалі стужкі на дрэвы, скамейкі, дзверы, а таксама ўпрыгожвалі джынсавымі карманамі з лічбай “16” у коле навагоднюю елку ля крамы.
Акцыя выклікала цікавасць у мінакоў. Многія спыняліся і спрабавалі высветліць, што здарылася. Мінчукам таксама ўручалі стужкі і многія, даведаўшыся, што гэта акцыя Салідарнасці са змагарамі за свабоду Беларусі, з задавальненнем іх павязвалі на рукавы і сумкі.
Праз 15 хвілін пасля акцыі дворнікі па ўказанню міліцыі спрабавалі зняць джынсавыя стужкі, аднак пытанні журналістаў, навошта яны гэта робяць, прымусілі іх спыніць гэты занятак. Елка ля ГУМа засталася тады ўпрыгожана джынсавымі стужкамі.
Пасля акцыі былі затрыманы двое ўдзельнікаў флэш-моба — актывісты руху “Зубр” Наталля Ушко і Аляксей Ляўковіч.
Беларусь
Сотні тысяч беларусаў пагасілі святло і запалілі у вокнах свечкі волі роўна ў 20.00 у дзень салідарнасці. У той жа час у Гродна, Баранавічах і Віцебску людзі са знічкамі выйшлі на вуліцу.
У Гродна 10 чалавек сталі ўздоўж цэнтральнай вуліцы Савецкай з запаленымі свечкамі.
У Віцебску акцыя адбылася каля ўвахода ў студэнцкі гарадок. 12 студэнтаў выйшлі са свечкамі на вуліцу ў знак пратэста супраць забароны адміністрацыяй запальваць свечкі на вокнах інтэрнатаў.
Вулічная акцыя адбылася і ў Баранавічах на плошчы Леніна. У ёй прынялі ўдзел каля 15 чалавек.
Познань
16 студзеня ў Познані чацвёрты раз запар адбылася акцыя Салідарнасці з дэмакратычнай Беларуссю. На плошчы Адама Міцкевіча сабралася каля 50 чалавек, каб запаліць свечкі і пераслаць святло надзеі ў Беларусь.
Пасля маніфестацыі адбыўся канцэрт з удзелам культавага беларускага рок-гурта з Падляшчша “Zero-85”. Акцыю ладзілі Беларускі культурна-асветніцкі цэнтр у Познані, Саюз незалежных студэнтаў, Маладыя дэмакраты і Саюз на карысць дэмакратыі ў Беларусі.
Варшава
У Варшаве больш як 300 чалавек удзельнічалі ў акцыі Салідарнасці з Беларуссю – дэманстрацыі, мітынгі і пікеты – прайшлі 16 студзеня ў больш як дзесятку польскіх гарадоў і ў некаторых заходнееўрапейскіх сталіцах. Самая масавая з іх адбылася ў Варшаве, дзе да будынку прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі і Еўрапейскага парламенту ў Польшчы прыйшло больш за 300 чалавек (палякаў, беларусаў, украінцаў), каб патрабаваць ад уладаў Еўразвязу накіраваць сваіх назіральнікаў у Беларусь на сакавіцкія выбары. Прадстаўнікі гэтых органаў запэўнілі прысутных, што петыцыі будуць перададзеныя ў Брусель яшчэ ў панядзелак.
Затым удзельнікі акцыі з дзесяткам бел-чырвона-белых сцягоў, скандуючы “Салідарнасць з Беларуссю!”. “Кіеў, Менск, Варшава – супольная права!” прайшлі праз цэнтральныя вуліцы польскай сталіцы да прэзідэнцкага палацу.
Там прадстаўнікам канцылярыі прэзідэнта была перададзеная петыцыя з заклікам да Леха Качынскага пераканаць кіраўнікоў іншых дзяржаваў Еўразвязу, каб тыя накіравалі ў Беларусь як мага больш назіральнікаў. Потым прысутныя запалілі белыя і чырвоныя свечкі каля помніка Адаму Міцкевічу ў Варшаве.



Вашынгтон
16 студзеня, з 9 да 16 гадзіны ў Вашынгтоне, насупраць Беларускай амбасады адбылася акцыя Салідарнасці. Удзельнікі прыйшлі да беларускага дыппрадстаўніцтва з бел-чырвона-белымі сцягамі і плакатамі. У акцыі ўдзельнічалі студэнты з арганізацыі “Студэнты за Глабальную Дэмакратыю” (www.sfgd.org), прадстаўнікі грамадскай ініцыятывы “Погляд”, грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем”, студэнты з Беларусі, прадстаўнікі NED і Сумеснага Балтыйска-Амерыканскага Камітэта, беларусы, якія жывуць у Вашынгтоне, Трэнтані і Нью-Йорку.
Грамадзяне Беларусі маглі паставіць сваю подпіс у падтрымку кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча. Збор подпісаў быў арганізаваны вядомым бардам Сяргеем Сокалавым-Воюшам. Песні ў яго выкананні таксама выклікалі цікавасць мінакоў і прысутных на акцыі.
На адным з плакатаў было напісана — “Пагудзі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі”, таму пікетчыкаў увесь час віталі гудкамі мінаючыя аўтамабілі. Арганізатары разлічваюць працягваць акцыі салідарнасці 16 дня кожнага месяца.


Вільнюс
У Вільні, у будынку Дому настаўнікаў на вуліцы Віленскай, адбылася гарадская імпрэза “Дзень беларуска-літоўскай салідарнасці”. Сабралася поўная зала людзей розных нацыянальнасцей, пераважна беларусаў і літоўцаў, — больш за сотню чалавек.
Адбыўся імправізаваны мітынг на двух мовах, у якім бралі ўдзел і прадстаўнікі беларусаў, і літоўскія палітыкі. Адзін з выступоўцаў, дэпутат парламенту Ёнас Чэкуоліс, прамовіў ня толькі па-літоўску, але і па-беларуску. У залі побач з літоўскім быў разгорнуты бел-чырвона-белы сцяг.
Акцыю зладзіла моладзевая арганізацыя “Аб’яднаны цэнтр беларускіх ініцыятываў”, да якіх далучыліся беларускія і літоўскія студэнты, прадстаўнікі розных беларускіх суполак. Загадзя ўсім паведамлялі, што: “Лозунг “За нашу і вашу волю!” дасюль актуальны, парасткам беларускай свабоды патрэбная ваша падтрымка!”
У часе акцыі ўпершыню ў Літве адбыўся паказ мастацкага фільму Аляксандра Кудзіненкі “Акупацыя. Містэрыі”, забароненага ў Беларусі, а таксама былі прадстаўленыя слайды пра Беларусь, і рэтраспектыва здымкаў Руселіка з ранейшых віленскіх акцыяў да Дню салідарнасці. А восьмай гадзіне на 15 хвілінаў былі запаленыя белыя і чырвоныя свечкі. Акцыя была адметная ўвагай разнастайных сродкаў масавай інфармацыі Літвы, як на літоўскай, так і на іншых мовах, — беларускай, польскай, расейскай.
Беласток
Тады ж у Беластоку сябры шэрагу недзяржаўных арганізацый на ініцыятыву фундацыі імя Роберта Шумана выпусцілі ў паветра тысячы шарыкаў, да якіх прымацаваныя лісты беларусам на польскай і беларускай мове, з выказваннем падтрымкі для дэмакратычных пераменаў у Беларусі.
“Мы ведаем, што 16-га ў Беларусі людзі ставяць свечкі ў вокнах і таму хочам, каб гэтыя шарыкі занеслі і нашу падтрымку беларусам”, — кажа Іева Грундстэйнэ – каардынатарка беластоцкай акцыі.
Стакгольм
Пікеты і дэманстрацыі прайшлі і ў Стакгольме адбыліся адразу дзве акцыі. Прадстаўнікі ўсіх палітычных партый, прадстаўленых у парламенце Швецыі, сабраліся на цэнтральнай плошчы Стакгольма, каб выказаць салідарнасць з беларускім грамадствам. Перад парламентарыямі і грамадзянамі Швецыі бралі слова міністр развіцця Карін Ямцін (Carin Jamtin), дэпутаты Парламента Гуннар Андрен (Gunnar Andren) і Хенрык фон Сідоў (Henrik von Sydow), намеснік міжнароднага сакратара сацыял-дэмакратычнай партыі Оскар Стэнстром (Oscar Stenstrom), Старшыня студэнцкай асацыяцыі Магдалена Стрейферт (Magdalena Streifert), прадстаўнік Жаночай арганізацыі Сціна Берге (Stina Berge), сябра шведскага міжнароднага ліберальнага цэнтра Тобіас Люнгваль (Tobias Ljungvall).
Тым часам у Антверпене да дня Салідарнасці было прымеркавана ўрачыстае набажэнства ў тамтэйшай грэка-каталіцкай царкве.

Свечка салідарнасці ў інтэрнэце
16 студзеня інтэрнэт-супольнасць "Трэці Шлях" (www.3dway.org) запаліў свечку салідарнасці ў інтэрнэце. У рэальным свеце аднаго нашага акенца не дастаткова, і таму мы прапануем Вам далучыцца да акцыі "Салідарнасць Бай-нэта".
На адну гадзіну з 19:30 да 20:30 мінскага часу 16 дзень кожнага месяца замяніце галоўную старонку свайго сайту на http://16.3dway.org, каб выказаць сваю салідарнасць і паказаць тым, хто яшчэ сумняваецца, у што ператварыцца беларускі інтэрнэт, калі даць цэнзуры дабрацца да яго.
Калі Вы маеце тэхнічныя пытанні альбо патрэбна тэхнічная дапамога – звяртайцеся на e-mai тэхнічнай падтрымкі супольнасці Трэцяга шляху: 3dway@3dway.org
Паводле “Трэці шлях”, “ІAR”, www.charter97.org,
www.svaboda.org, www.pahonia.promedia.by |