Наш плацдарм у Еўропе

Нішто іх не трымае беларусамі — толькі гонар. Зміцер Дзядзенка — пра беларусаў Беласточчыны.

Галоўны рэдактар беластоцкай газеты “Ніва” Яўген Вапа кажа, што раней Польшчай кіравалі “левыя” беларусы, а цяпер пачынаюць кіраваць беларусы “правыя”: “Бацька Цімашэвіча родам з-пад Ваўкавыску, у Кваснеўскага маці з Глыбоччыны. Сям’я сённяшняга прэм’ера Марцінкевіча — з Усходняй Беларусі. Бацька Качынскіх працаваў на чыгунцы ў Баранавічах. Яшчэ Пілсудзкі казаў, што палякі ня ўмеюць кіраваць Польшчай”. Але, паводле Вапы, беларусам Польшчы ніякай карысці ад такой “беларускай” улады няма.

Беларускую мову ў Беластоку можна пачуць яшчэ радзей, чым у Менску. У вёсках на Падляшшы яна гучыць. Аднак беларускія вёскі тут нешматлюдныя: жывуць пераважна старыя. Гісторык Яўген Мірановіч кажа: “Сапраўдных гаспадароў, фермераў — адзін-два на вёску”.
У суседніх з беларускімі польскіх гмінах насельніцтва больш, і працэнт маладых там большы. Мірановіч лічыць, што прычынай ёсць палітыка, якую праводзілі польскія ўлады ў 1970-х: «На 1000 жыхароў усходніх гмінаў інвестыцый у будаўніцтва дарог, развіццё адукацыі, медыцыну — было ў 3—4 разы менш, чым у заходніх гмінах ваяводства. Таму і людзі заставаліся, дзе былі дарогі, умовы для жыцця, месцы для працы».

Беластоцкая мімікрыя

У гарадах беларускай мовай публічна не карыстаюцца — каб не вылучацца з асяроддзя. Пісменнік Сакрат Яновіч кажа, больш даймае неталерантнасць навакольных, чым асіміляцыйныя працэсы: “Калі я ў Варшаве ці Шчэціне, я ня думаю, што я беларус. А Беласток — горад вельмі халопскі. Гэта неталерантны, ультракаталіцкі горад”.

Яўген Вапа больш радыкальны: “Талерантнасць у нас такая: твая беларускасць можа быць толькі справай прыватнай. А беларуская меншасць хоча быць гаспадарамі на сваёй зямлі. Мы такія ж грамадзяне гэтага краю. Трэба, каб людзі адчулі, што беларуская мова можа быць ня толькі хатняй, але і публічнай”.

Няма салідарнасці ў беларускім асяроддзі. Дэпутат сейму ад “лявіцы” Яўген Чыквін лічыць, што нацыянальныя праблемы хвалююць толькі інтэлігенцыю: “Тыя, хто называе сябе “рускімі” ці “тутэйшымі”, ня хочуць адрознівацца ад навакольных. Польская культура больш выгадная. Беларускасць — гэта стыгмата, яе хаваюць як фізічнае калецтва”. Зрэшты, такая мімікрыя многім усё адно не ўдаецца: Я.Чыквін кажа, што ў дэпутацкай рабоце сутыкаўся з выпадкамі звальнення з працы па нацыянальных і рэлігійных прычынах — і ў 1990-я, і цяпер. З іншага боку, дэпутат бачыць у гэтай сітуацыі і віну саміх беларусаў: “Мы занадта схільныя падкрэсліваць сваю асаблівасць і замыкацца ў сваім коле”.

Скончыліся “тутэйшыя”

Перапіс 2002 г. адназначна паказаў 46 тыс. беларусаў на Беласточчыне ды 5 тыс. далей у Польшчы, але гісторыкі лічаць, што сама меней іх мусіць быць 200 тыс. “Маркерам” беларусаў раней выступала праваслаўе. Прафесар Мірановіч кажа, што сацыялагічныя даследаванні несуцяшальныя: 75% праваслаўных беларусаў у вёсках называюць сябе палякамі. У 1983 г. былі іншыя лічбы: 30% праваслаўных назваліся палякамі, 40% — “рускімі” (“рускай веры”) і 27% — беларусамі. Цяпер даследаванні Інстытуту сацыялогіі паказалі, што адсотак “беларусаў” захаваўся, затое знікла катэгорыя “рускіх”, “тутэйшых”, яны далучыліся да “польскай культуры”.

Апроч таго насельніцтва папросту мяняе веравызнанне. У мяшаных шлюбах вянчаюцца ў царкве, дзяцей хрысцяць у касцёле.

На будучыню гісторык глядзіць досыць песімістычна. Песімізм падмацоўваецца адсутнасцю беларускамоўнай сістэмы асветы, сістэмы культурных устаноў: “Думаю, змены, якія ідуць цяпер, скончацца на працягу аднаго-двух пакаленняў. Застанецца жменька інтэлектуалаў. Але гэта будзе лёс эмігранцкай супольнасці, якая будзе пастаянна між сабой сварыцца: усе эмігранты сварацца”.

“Пятая калона” Лукашэнкі

Пачуцца эмігрантам на радзіме, у краі, дзе жылі твае бацькі і дзяды, — крыўдна і абразліва. І надзей на паляпшэнне стану рэчаў праф. Мірановіч ня бачыць.

Лідэраў беларускага руху ў Польшчы прыгняла крымінальная справа, паводле якой пад следствам апынулася Праграмная рада тыднёвіка “Ніва”. Іх абвінавацілі ў грашовым махлярстве. Такі вынік глядзіцца вельмі кантрастна на фоне таго, што атрымалі падчас уступлення ў ЕЗ іншыя мяншыні — нямецкая (яна мае нацыянальнае самакіраванне ў гмінах, падтрымку з боку Нямеччыны), літоўская. Яўген Мірановіч прыводзіць іх як дадатны прыклад міждзяржаўнай супрацы: “Вялікай пашанай яны карыстаюцца пры дачыненні паміж дзяржавамі: мы будзем, маўляў, спрыяць вашым, а вы — нашым! Тое самае і з украінцамі: яны часта з’яўляюцца пасрэднікамі ў міждзяржаўных кантактах”. Але сённяшняя беларуская дзяржава мае асаблівыя нацыянальныя ды палітычныя погляды. Расплачвацца за гэта даводзіцца беластоцкім беларусам.

“Нас успрымаюць як прадстаўнікоў нацыі, якая пайшла ў нейкі іншы бок. У нас бачаць частку таго народу, які выбраў Лукашэнку”, — канстатуе Я.Мірановіч. Апошнім разам “пятую калону Лукашэнкі” спрабавалі “прыціснуць” у сувязі са скандалам вакол Саюзу палякаў Беларусі. Беларуская супольнасць у Беластоку выказалася ў падтрымку Анжалікі Борыс (у тым ліку і ў “Ніве”), але некаму гэтага падалося замала. Патрабавалася дэманстрацыя лаяльнасці — публічныя лісты з пратэстамі.

Многім гэта нагадала паваенныя гады. Першы рэдактар “Нівы” Георг Валкавыцкі прыгадаў, як польскія банды палілі ў той час беларускія вёскі, змушаючы жыхароў выязджаць за ўсходнюю мяжу. Дзе беларусаў было шмат і жылі яны кампактна, там чапаць баяліся. А дзе няшмат, дык выразалі, часам цэлымі вёскамі.

Вецер з Усходу

Атаясамлівацца з Беларуссю Лукашэнкі беластоцкія беларусы ня хочуць, але надзеі на Рэнесанс нацыянальнага руху з’вязваюць з беларускай дзяржавай. Беларускай па духу.

Ці пройдзена мяжа, за якой няма вяртання да паўнацэннага жыцця беларускай меншасці на Беласточчыне? Ці ўсё ж дапамогуць ёй магчымыя дэмакратычныя змены ў Беларусі? Пачуўшы гэтае пытанне, прафесар Мірановіч смяецца: “Гэта футурыстычнае пытанне, бо не відаць, каб у Беларусі былі нейкія змены. Але гэта напэўна будзе вялікая надзея! На пачатку 1990-х людзі вучыліся беларускай мове, бо была суседняя краіна Беларусь”. Горадня — за 60 км: гадзіна дарогі! Можна было паехаць туды, паглядзець і вярнуцца назад. Людзі адчулі, што мінуў Савецкі Саюз, што мяжа адкрыта. І сотні, тысячы людзей прыязджалі. Мяшкі даляраў укідвалі ў Беласток! Гэта азначала новыя будынкі, новыя прадпрыемствы. Беласток квітнеў: за пару гадоў ён расцвіў, як сад вясной. Людзі адчувалі, што ёсць суседняя краіна і ад гэтага ёсць карысць”.

Цяпер беларуская меншыня на Беласточчыне не займаецца пражэкцёрствам — яны рэалісты. Яны хочуць жыць у еўрапейскай краіне, але ведаюць, што належнае жыццё ім можа гарантаваць толькі дэмакратычная Беларусь па той бок мяжы. Я.Мірановіч кажа катэгарычна: “Людзі слабыя ўцякаюць з беларускага асяроддзя. Застаюцца тыя, каму ўжо гонар не дазваляе кудысьці пайсці. Нішто іх не трымае — толькі гонар”.

Зона року

“Шараговы паляк ведае пра беларускую музыку болей, чым шараговы беларус – пра польскую”, — мяркуе Стэп (Лукаш Стэпанюк) стваральнік польскамоўнага сайту пра беларускі рок. У студзені рок-“Зона” справіла своеасаблівы юбілей – 20000-ае наведванне. Лукаш некалькі гадоў вёў музычныя праграмы на беластоцкім беларускамоўным “Радыё Рацыя”. Калі радыё зачынілася, адчуў патрэбу зрабіць сайт. Ён таксама грае ў некалькіх музычных праектах. З ягоных словаў, у жыцці яго цікавяць толькі дзве рэчы: дзяўчаты і беларуская музыка.

“Наша Ніва” №2
13.01.2006 г.
‹‹ на галоўную | у архіў