Сустрэча прэм’ер-міністра Польшчы і Аляксандра Мілінкевіча
6 студзеня прэм’ер-міністр Польшчы Казімеж Марцінкевіч накіроўваецца на Беласточчыну, дзе сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай меншасці, а таксама з прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта Беларусі ад аб’яднанай апазіцыі Аляксандрам Мілінкевічам.
Казімеж Марцінкевіч разам з дэлегацыяй высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў ў першай палове дня возьме ўдзел у вялікім спатканні з уладамі Падляшша, прадстаўнікамі рэлігійных аб’яднанняў, кіраўнікамі арганізацыяў нацыянальных меншасцяў рэгіёну, культурніцкіх устаноў ды іншымі.
Потым — і гэта пазначана ў праграме знаходжання польскага прэм’ера на Беласточчыне, асобным пунктам — адбудзецца сустрэча Казімежа Марцінкевіча з актывістамі Беларускага Саюзу ў Польшчы — арганізацыі беларускай меншасці, якая, у адрозненне ад некаторых іншых, актыўна выступае за дэмакратычныя перамены ў Беларусі.
Па гэтым пытанні, журналісту радыё “Свабода” даў свае каментарый старшыня Беларускага Саюзу Яўген Вапа: “Калядны пэрыяд на польска-беларускім памежжы вельмі даўгі, і для нас важна, што менавіта цяпер прэм'ер Марцінкевіч пагадзіўся сустрэцца з намі. Гэта паказвае, што ў сітуацыі, якая склалася ў рэгіёне, усе тут роўныя, усе ў сваім доме, нягледзячы на веравызнанне ці нацыянальнасць. Гэта прыклад грамадзянскага мыслення”.
Ня менш важнай, але ўжо для беларускіх дэмакратычных сілаў, будзе і сустрэча прэм’ер-міністра Польшчы Казімежа Марцінкевіча з Аляксандрам Мілінкевічам, якая адбудзецца таксама ў Беластоку апоўдні.
Польскі прэм’ер яшчэ раней некалькі разоў заяўляў, што яго краіна будзе падтрымліваць дэмакратычныя перамены ў сваіх усходніх суседзяў. Па ягоных словах “Польшча вельмі зацікаўленая ў стабілізацыі за нашай усходняй мяжой, а такую стабілізацыю могуць забяспечыць толькі дэмакратыя і вольны рынак. Таму мы будзем падтрымліваць нашых суседзяў у рэформах, пабудове структураў дэмакратычнай дзяржавы і грамадзянскай супольнасці”.
Паводле www.svaboda.org |