Каляндар “Жанчыны Беларусі”
Цэнтрам гендарных даследаванняў у Мінску выдадзена шостая серыя календара “Жанчыны Беларусі: гісторыя ў паўсядзённасці”. Распачата яна была яшчэ ў 2001 годзе.
Папярэднія выпускі:
2001 — “Жанчыны Беларусі: шляхі да свабоды” (мецэнаткі, паэткі, рэвалюцыянеркі — зняволеныя, сасланыя, якія не здаліся...)
2002 год — “Жанчыны Беларусі: творцы культуры”(мастакі — польскія, беларускія, яўрэйскія, татарскія — з 1918 гадоў да сучаснасці).
2003 год — “Жанчыны Беларусі: на асабістым фронце” (плакаты і журналы 1920-х гадоў з аўтэнтычнымі тэкстамі).
2004 год — “Жанчыны Беларусі: статусы і класы” (жаночыя прафесіі пачатку века ў фотаздымках: тэлеграфісткі, настаўніцы, манашкі, сялянкі, гараджанкі, балерыны, медсёстры).
2005 год — “Жанчыны на лініі фронту” (ваенныя плакаты, пісьмы з фронту, урыўкі з інтэрв’ю, сабраныя пад час праекта па вуснай гісторыі “Жанчына, памяць вайна”).
Каляндар 2006 года будзе называцца “Жанчына — ткацтва — нітка — лёс”. Ідэя серыі і рэдактарская апрацоўка матэрыялаў належыць Алене Гапавай, канцэпцыя і тэксты — Вольгі Лабачэўскай, дызайн — Алы Пігальскай.
У прадмове да календара Вольга Лабачэўская піша: “Гісторыя ткацтва — гэта гісторыя цывілізацыі, асваення свету, развіцця тэхналогіі мастацтва і традыцыі.Прадзенне ніці пакінула асновапалагаючы крок ва ўспрыняцці сучаснасці і фарміраванні першаасновы філасофскіх уяўленняў. У міфалогіі шматлікіх народаў ніць стала метафарай жыцця і лёсу чалавека. Расказы апошніх у гісторыі беларускай вёскі ткачых захаваны ў календары так, як іх пачула антраполаг Вольга Лабачэўская. Побач — фрагменты тканіны. Гэтыя сведчанні з’яўляюцца асабістай гісторыяй сялянкі і сацыяльнай гісторыяй беларускага сяла ХХ стагоддзя з яе асноўнымі пераломамі: калгас, вайна, пасляваенная мадэрнізацыя, сыход моладзі ў горад і дэпапуляцыі вёскі”.
Вольга Лабачэўская
|