Рэфармацыя і грамадства: ХVI стагоддзе.
Паважанае грамадства, аматары гісторыі і літаратуры, па замове МГА «ЗБС “Бацькаўшчына”» выдадзена кніга — зборнік матэрыялаў Міжнароднай канферэнцыі “Рэфармацыя і грамадства: XVI стагоддзе”, якая адбылася 29 лістапада 2003 года.
Узгаданае навукова-папулярнае выданне склалі даклады ўдзельнікаў канферэнцыі, якія закраналі гістарычныя, культурныя, рэлігійна-філасофскія аспекты Рэфармацыі ў Беларусі XVI стагоддзя. У склад рэдакцыйнай калегіі ўвайшлі: галоўны рэдактар Анатоль Грыцкевіч (доктар гістарычных навук), Захар Шыбека (доктар гістарычных навук), Генадзь Сагановіч (кандыдат гістарычных навук), Станіслаў Акінчыц (пісьменнік) і Наталля Кабелка (кандыдат філалагічных навук).
Прапанаваныя ў зборніку матэрыялы могуць зацікавіць сваёй тэматычнай разнастайнасцю і глыбінёй распрацоўкі ўзнятых пытанняў. Да прыкладу:
+ у дакладзе Марыі Елінскай (вядучага спецыяліста Камітэта па архівах і справаводству пры Савеце Міністраў Беларусі) разглядаецца тэма “Дакументы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі аб дваранах-іншаземцах рэфармацкага веравызнання”;
+ матэрыял Святланы Ішчанка (журналісткі) прысвечаны тэме “Жыццё і літаратурная творчасць Крыштофа Мікалая Дарагастайскага, вялікага маршалка літоўскага”;
+ праца выпускніцы гістарычнага факультэта Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Я. Купалы Юліі Коцкай, будзе цікава любому парламентарыю, бо прысвечана пытанню “Фармавання сістэмы парламентарызму ў Беларусі кан. XV — 1569 г.”;
+ даклад Наталлі Кабелка «Рэфармацыя ў Беларусі ў агульнаеўрапейскім кантэксце: параўнальны аналіз “Вялікага катэхізіса” М.Лютэра і “Катэхізіса” С.Буднага»;
+ праца Станіслава Акінчыца аналізуе “Рэлігійна-філасофскую дактрыну дзеячаў беларускай Рэфармацыі XVI стагоддзя” і інш.
Кожны даклад, прадстаўлены ў зборніку, варты ўвагі. На жаль, наклад у кнігі не вялікі — 100 асобнікаў. Але ўсіх, хто зацікавіўся гэтым выданнем “Беларускага кнігазбору”, запрашаем звяртацца ў офіс Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”».
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|