Яны ўсе разлічваюць на пасаду прэзідэнта...
Апоўначы 23 снежня ЦВК Беларусі скончыла прымаць дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп, закрыўшы, такім чынам, спіс магчымых прэтэндэнтаў на пост прэзідэнта. Аб сваі вялікіх палітычных амбіцыях паспелі заявіць усяго восем чалавек.
Як заўважылі “Беларускія навіны”, у параўнанні з былымі прэзідэнцкімі выбарамі, колькасць жадаючых спрабаваць сябе у вялікай выбарчай кампаніі значна скарацілася — у 2001 годзе на першым этапе было 22 прэтэндэнты. Але ўлічваючы сённяшнія абставіны, і ў першую чаргу, невялікі тэрмін для падрыхтоўкі дакументаў, з’яўленне васьмі прэтэндэнтаў магчыма назваць нават крыху нечаканым.
Свае ініцыятыўныя групы зарэгістравалі:
1. Лідэр Дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч. Яго ініцыятыўная група — 5 136 чалавек. Яе кіраўнік — старшыня Партыі працы Аляксандр Бухвостаў.
2. Лідэр Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі — БНФ Зянон Пазняк, які першым з васьмёркі падаў дакументы. У склад ініцыятыўнай групы, якую ўзначаліў намеснік старшыні партыі Сяргей Папкоў, увайшло 2 405 чалавек.
3. Лідэр Ліберальна-дэмакратычнай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Сяргей Гайдукевіч. У яго ініцыятыўную групу ўвайшло 3 073 чалавекі. Узначальвае групу намеснік старшыні ЛДП Уладзімір Карунас.
4. Аляксандр Лукашэнка. Яго ініцыятыўная група, якую ўзначальвае кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Віктар Шэйман, — 6 212 чалавек.
5. Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, генерал Валерый Фралоў, які прыцягнуў пад свой сцяг 1 152 чалавекі. Ініцыятыўнай групай кіруе былы ваенны Ігар Азарка.
6. Былы спікер Савета рэспублікі, акадэмік Аляксандр Вайтовіч. У склад яго ініцыятыўнай групы ўвайшло 1 314 чалавек. Групу ўзначаліў былы прарэктар Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта Валерый Дунаеў.
7. Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), былы рэктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта Аляксандр Казулін. У ініцыятыўную групу, якой кіруе Мечыслаў Грыб, увайшло 3 345 чалавек.
8. Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, экс-кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” Сяргей Скрабец. Кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргей Галаганюк перадаў у ЦВК спіс з 148 прозвішчаў. Сам Скрабец зараз знаходзіцца ў сталічным СІЗО № 1, яго крымінальная справа не завершана, што і дазволіла палітыку прапанаваць сваю кандыдатуру.
У аўторак, 27 снежня 2005 года, на паседжанні Цэнтральнай выбарчай камісіі праведзена рэгістрацыя ініцыятыўных груп. Затым, з 29 снежня па 27 студзеня, будзе праходзіць вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. Дзеля гэтага прэтэндэнтам неабходна сабраць не менш 100 тысяч подпісаў у сваю падтрымку і здаць іх не пазней 27 студзеня. Да 11 лютага ЦВК будзе прымаць ад прэтэндэнтаў іншыя неабходныя дакументы.
Непасрэдная рэгістрацыя кандыдатаў адбудзецца з 12 па 21 лютага, пасля чаго выбарчая кампанія пяройдзе ў стадыю агітацыі і прапаганды.
Паводле Радыё “Свабода” і
http://www.charter97.org |