Натуральны адбор прэсы
Пачнем з таго, што “Белсаюздрук” аб’ядноўваюць з “Мінгарсаюздрукам” пад кіраўніцтвам Ігара Дудзіча. Таму ў Беларусі цяпер будуць функцыянаваць прадпрыемствы: “Мінгарсаюздрук”, “Мінаблсаюздрук”, “Брэстаблсаюздрук”, “Віцебскаблсаюздрук”, “Гомельаблсаюздрук”, “Гроднааблсаюздрук”. “Магілёўаблсаюздрук”. Усе прадпрыемствы "Саюздруку" ўваходзяць у сістэму Міністэрства інфармацыі.
А працягнем судовымі справамі, якія вядуцца зараз паміж недзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі і дзяржаўнымі заканадаўчымі органамі.
“Курьер из Борисова”
14 снежня Вышэйшы гаспадарчы суд пакінуў у сіле рашэнне аб ліквідацыі заснавальніка газеты “Курьер из Борисова”, адхіліўшы касацыйную скаргу барысаўскага недзяржаўнага прадпрыемства “Пресс-сервис”, якое выступае заснавальнікам гэтай недзяржаўнай. “Пресс-сервис” спрабаваў абскардзіць рашэнне калегіі Мінгарсуда, якая ў верасні, у сваю чаргу, пакінула без зменаў судовае рашэнне ад 24 жніўня аб яго ліквідацыі.
Мінаблвыканкам знайшоў у статуце “Пресс-сервиса” грубыя парушэнні. Нібыта пры рэгістрацыі “Пресс-сервисам” не былі акрэсленыя мэты і задачы выдаванага ім сродку масавай інфармацыі, правы працоўнага калектыву і некаторыя іншыя палажэнні. Былая рэдактар газеты Людміла Отчанашанка ўпэўнена, што “Пресс-сервіс” зліквідавалі толькі дзеля таго, каб знішчыць самую газету. Аб гэтым сведчыць нават тэкст зыскавай заявы, дзе гаварылася, што дзейнасць ТДА “Пресс-серсвис” супярэчыць дзяржаўным і грамадскім інтарэсам.
“Гоман Барысаўшчыны”
Яшчэ адно Барысаўскае недзяржаўнае выданне, “Гоман Барысаўшчыны”, знікне з 1 студзеня 2006 года ў газетных кіёсках. Бо галоўнаму рэдактару газеты, Міхасю Мяцельскаму, было даслана афіцыйнае паведамленне ад загадчыка Барысаўскага РА “Мінскаблсаюздрук” Несцерык: “Паведамляем вам пра спыненне 01.01.2006 г. дзеяння Дамовы 6 ад 20.01.2001 г. у сувязі з вельмі нізкай рэалізацыяй газеты “Гоман Барысаўшчыны”.
“Ганцавіцкі час”
Ужо 16 снежня 2005 года дырэктар выдавецкага дома Уладзімір Янукевіч атрымаў афіцыйнае паведамленне пра тое, што дамова паміж ТАА “Выдавецкі дом “Інтэкс-прэс” і Гандлёвым рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам “Брэстаблсаюздрук” не будзе працягнуты. У лісце за подпісам дырэктара ТРУП “Брэстаблсаюздрук” Марэйкі, дамова на 2006 год “працягнута не будзе на падставе Грамадзянскага кодэксу Рэспублікі Беларусь”.
Таму яшчэ адна незалежная газета, “Ганцавіцкі час”, у 2006 годзе не будзе прадавацца ў кіёсках “Брэстаблсаюздруку”.
“Салідарнасць”
На жаль, недзяржаўны штотыднёвік “Салідарнасць” абвясціў аб прыпыненні свайго выхаду з прычыны “мэтанакіраванага пазбаўлення газеты ўсіх крыніцаў прыбытку”. З газетай былі скасаваныя дамовы дзяржаўнымі прадпрыемствамі, якія манапалізавалі сферу распаўсюджвання перыядычных выданняў, “Салідарнасць” пазбаўленая магчымасці друкавацца на тэрыторыі Беларусі, распаўсюджвацца па падпісцы, рэалізавацца раздробна. Газета засталася без сродкаў да існавання.
У “тлумачальнай нататцы”, што была апублікавана ў газеце 23 снежня, рэдакцыя выказвае надзею, што здолее аднавіць выхад, але “не пры гэтым рэжыме”.
“Борисовские новости”
27 снежня Гаспадарчы суд г. Мінска адмовіўся разглядаць зыск галоўнага рэдактара газеты “Борисовские новости” Анатоля Букаса да РУП “Белпошта”, якое не ўключыла газету ў падпісны каталог на 2006 г. і адмовілася заключаць дамову на прыём і дастаўку падпісных накладаў на першае паўгоддзе 2006 г.
15 снежня такое ж рашэнне гэты суд прыняў па зыску “Народнай волі” да “Белпошты”. Зыскоўцы падалі апеляцыйную скаргу, і суд ужо прыняў яе да разгляду, — паведаміў прэс-службе БАЖ юрыст Гары Паганяйла, які прэзентаваў інтарэсы зыскоўцаў.
Дарэчы, днямі ў рэдакцыю газеты “Борисовские новости” прыйшоў афіцыйны ліст ад кіраўніка аддзела ідэалагічнай працы Барысаўскага гарвыканкама, які паведаміў спадару Букасу пра неабходнасць штомесяц прадастаўляць інфармацыю “об осуществляемой рекламе” ў выданні. Ідэолаг спасылаецца на нараду ў намесніка прэм’ер-міністра РБ Кабякова, якая прайшла 29.09.2005. Інфармацыю належыць прадастаўляць у прыёмную Барысаўскага гарвыканкама.
“Газета Слонімская”
27 снежня Гродзенская абласная друкарня выдасць апошні нумар недзяржаўнай “Газеты Слонімскай”. Прадпрыемства адмовілася супрацоўнічаць з выданнем у 2006 г. Пра гэта галоўны рэдактар выдання Віктар Валадашчук даведаўся з афіцыйнага ліста ад дырэктара друкарні П. Мітрафанава.
У пасланні гаворыцца, што друкарня “вымушаная адмовіць” у заключэнні дамоваў на друк “Газеты Слонімскай” і бясплатнага дадатку да яе “Отдушина” ў сувязі з тым, што “паводле плану загрузкі прадпрыемства плануецца ажыццяўляць друк рэспубліканскіх газет”. “У сувязі з поўнай загрузкай абсталявання мы не маем магчымасці ажыццяўляць друк Вашай газеты ў 2006 г.”, — тлумачыць П.Мітрафанаў.
Як паведаміў прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” галоўны рэдактар выдання Віктар Валадашчук, перапынку ў выпуску газеты не павінна адбыцца, бо яму ўдалося заключыць дамову з адной з друкарняў у Мінску.
“Народная воля”
Газета “Народная воля” атрымала дазвол на рэалізацыю выдання ў сваім офісе, а зараз працуе над арганізацыяй дастаўкі газеты падпісчыкам, якія, зрабіўшы перадаплату за студзеньскія нумары па бланках, надрукаваных у нумарах газеты, будуць атрымоўваць яе на працягу гэтага тэрміну.
Але, напрыклад, супрацоўнікі банкаў г. Горкі і вузла паштовай сувязі адмаўляюцца прымаць у жыхароў раёна грошы, накіраваныя ў адрас рэдакцыі “Народнай волі”. Матывам адмаўлення часцей за ўсё з’яўляецца быццам бы няведанне імі парадку афармлення гэтых выплат, а чытачы ўпэўнены, што на самой справе тут дзейнічае нейкае “кіраванне з верху” ў лепшых традыцыях савецкага “тэлефоннага права”. Кіраўнік аднаго з горацкіх прадпрыемстваў, пастаянны падпісчык газеты, паведаміў, што пасля такой адмовы ён выпісаў “Волю” пры дапамозе сястры, якая жыве ў Мінску.
Дар’я Сацукевіч, прэс-сакратар МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Паводле http://baj.ru і
інф. аляд “Тыдзень з Магілёўскай вобласці” |