Польскія праваабаронцы Беларусі.
10 снежня ў чарговую гадавіну прыняцця Дэкларацыі Правоў Чалавека (1948 год), Моладзь Дэмакратыі і Беларускі Культурна-Асветніцкі Цэнтр ладзілі маніфестацыю ў цэнтры Познані. Сябры гэтых арганізацый прыгадалі мінакам, што тыя карыстаюцца правамі, якіх бракуе ў Беларусі.
Арганізатары, у рупар, папераменна па-польску і па-беларуску, зачыталі ўсе артыкулы Дэкларацыі і заахвочвалі да таго ж астатніх. Пад транспарантамі “Права да сходаў”, “Права да свабоды думкі”, “Памятайце аб сваіх правах” былі таксама выстаўленыя чорна-белыя здымкі зніклых апанентаў улады. Перад кожным здымкам, увасабляючы бела-чырвона-белы сцяг, стаялі тры запаленыя знічы.
Акцыя доўжылася гадзіну і была актыўна падтрыманая буйнымі, агульнапольскімі і лакальнымі СМІ. У гэты час было распаўсюджана больш шасцісот улётак з інфармацыяй пра рэпрэсіўную палітыку дыктатарскай улады. Пасля заканчэння маніфестацыі арганізатары пераслалі на адрас спадара Лукашэнкі Дэкларацыю Правоў Чалавека ў перакладзе на беларускую мову. Ліст гэты мае ў мэце прыгадаць, атрымальніку, што мы, простыя грамадзяне, памятаем пра свае правы і будзем іх адстойваць.
Віталь Воранаў




|