Магілёўска-міжнародныя навіны.
Бізнес паміж Памор’ем і Магілёвам
Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Барыс Батура і віцэ-маршал Куява-Паморскага ваяводства Польшчы Уладзіслаў Кубяка падпісалі Пагадненне аб міжрэгіянальным супрацоўніцтве Магілёўскай вобласці і Куява-Паморскага ваяводства Рэспублікі Польшча.
Як паведамляе інтэрнэт-рэсурс Магілёўскага аблвыканкама са спасылкай на сп. Батуру, Пагадненне прадугледжвае развіццё і паглыбленне ўзаемавыгаднага двухбаковага камерцыйнага і эканамічнага супрацоўніцтва ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы і прадпрымальніцтве.
“Дакументам вызначана, што ў межах сваёй кампетэнцыі бакі акажуць садзейнічанне ў абмене камерцыйнай інфармацыяй, дзеля ўстанаўлення кантактаў, заключэння экспартных ды імпартных угодаў між прамыслоўцамі, прадпрымальнікамі, развіцця наўпроставых кантактаў між прадстаўнікамі дзелавых колаў двух рэгіёнаў”, — паведаміў журналістам старшыня Магілёўскага аблвыканкама.
Інфармацыйная крыніца паведамляе, што віцэ-маршалам Уладзіславам Кубякам прапанавана на базе Дома Польскага ў Магілёве стварыць прадстаўніцтва Куява-Паморскага ваяводства. На думку пана Кубяка, такая структура магла б выконваць арганізацыйную і іншую працу па далейшым развіцці двухбаковых адносінаў. Віцэ-маршал падкрэслівае, што неабходна штогод падводзіць вынікі выканання Пагаднення па розных кірунках дзейнасці. Такі падыход “дазволіць своечасова ўносіць карэктывы і ліквідаваць узніклыя праблемы, якія замінаюць эфектыўнаму супрацоўніцтву між рэгіёнамі”, — падсумаваў віцэ-маршал.
Выставу дапамагла арганізаваць амбасада ЗША
“Магілёў часоў Магдэбургскага права XVI-XVIII стст.” — такая назва была дадзена выставе, урачыстае адкрыццё якой адбылося 30 лістапада. Месца правядзення — музей гісторыі горада Магілёва. Удзел у цырымоніі адкрыцця прынялі жыхары абласнога цэнтра, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, старшыня Магілёўскага гарвыканкама Віктар Шорыкаў, пасол ЗША ў Беларусі Джордж Крол, намеснік аташэ па пытаннях культуры амбасады ЗША ў Рэспублікі Беларусь Джэймс Радрыгас, а таксама кіраўнік упраўлення культуры гарвыканкама Антаніна Шаркова і кіраўнік упраўлення архітэктуры гарвыканкама Уладзімір Назарук.
На прыканцы 2003 года амбасада ЗША ў Рэспубліцы Беларусь абвясціла конкурс на стварэнне гістарычных экспазіцый у музеях нашай краіны. Ініцыятарамі ўдзелу музея гісторыі Магілёва ў гэтым конкурсе на атрыманне гранта выступілі: старшыня ўпраўлення культуры Магілёўскага гарвыканкама Антаніна Паўлаўна Шаркова, калектыў супрацоўнікаў музея гісторыі Магілёва, гарадское аддзяленне грамадскага аб’яднання “Беларускае добраахвотнае аб’яднанне аховы помнікаў гісторыі культуры”. Змаганні ўсіх удзельнікаў не было дарэмнымі, і ўжо ўвясну 2004 года заяўка, адасланая музеем гісторыі Магілёва, атрымала чаканы грант.
Спадар Шорнікаў ацаніў вялікую працу, якую правялі супрацоўнікі музея, гісторыкі абласнога цэнтра. Таксама ён падкрэсліў садзейнічанне ЗША: на арганізацыю экспазіцыі амерыканскі бок вылучыла гранд у 9,5 тысяч даляраў ЗША. У знак падзякі намеснік Магілёўскага гарвыканкама прэзентаваў амерыканскаму паслу ліст падзякі ад жыхароў Магілёва.
Джордж Крол у сваю чаргу падкрэсліў, што Магдэбургскае права, атрыманае Магілёвам у 1577 годзе, сведчыць аб глыбокіх дэмакратычных і гуманістычных традыцыях горада. І яны, на погляд спадара Крола, будуць падмуркам для вольнай і дэмакратычнай будучыні Беларусі.
Паводле
http://www.city.mogilev.by/cgi-bin/news/view.pl?id=2704
http://www.charter97.org/rus/news/

|