Навіны студыяў

Рок-князёўна Кася Камоцкая прэзентуе новы альбом «Акустыка»

Канцэртныя альбомы вядомых артыстаў даволі папулярныя ў сусветным шоу-бізнесе. З пэўнага часу не губляюць ініцыятывы і нашы выдаўцы. Найсвяжэйшай навінкай падобнага роду стаў дыск «Акустыка» легендарнай Касі Камоцкай і яе гурта «Новае неба». Ён уключае найбольш знакамітыя хіты з яе ўласных альбомуў (іх было ўжо шэсць) і так званых супольных праектаў («Народны альбом», «Сэрца Эўропы In Rock»). Праграму дыска склаў рэпертуар акурат аднаго з апошніх канцэртаў калектыву ў мінскім Доме літаратараў, дзе з Касяй Камоцкай ігралі знакамітыя артысты Вячаслаў Корань («Ulis»), Юля Глушыцкая («Народны альбом») ды іншыя.

Канцэртнай прэзентацыі гэтага альбому яшчэ не было, хоць ён ужо пару месяцаў паспяхова прадаецца ў музычных крамах. Але на 20 снежня гэтага года арганізатарамі з БМАgroup запланавана адкрытая прэс-канферэнцыя Касі Камоцкай у офісе аднаго з грамадскіх аб’яднаннняў сталіцы. Арганізатары абяцаюць вольную сустрэчу, на якой спадарыня Камоцкая адкажа на ўсе пытанні фанатаў (пры жаданні яны атрымаюць і аўтографы), а таксама праспявае свае песні. Адрас правядзення мерапрыемства: Мінск, праспект Машэрава, 8 (былая вуліца Варвашэні). Пачатак у 17.00. Уваход вольны. Даведкі па тэл. 6490888, 7662425.

Музычны архіў ці навамодны трыб’ют?

Лэйбл БМАgroup завяршае падрыхтоўку юбілейнага альбому на вершы вядомай беларускай паэткі Ларысы Геніюш (у 2005 годзе святкавалася яе 95-годдзе), у які ўвойдуць найноўшыя і ўжо вядомыя кампазіцыі беларускіх артыстаў самых розных накірункаў папулярнай музыкі. Знакамітыя Уладзімір Мулявін і Валерый Дайнэка, мaлaдыя выканаўцы «zIGZAG» і «Iris7», прадстаўнікі класічных традыцыяў Віктар Скорабагатаў і Ларыса Сімаковіч, культавыя барды Алесь Камоцкі, Віктар Шалкевіч, Вольга Цярэшчанка... А вядомы гітарыст культавага гурта «N.R.M.» Піт Паўлаў якраз у гэтым дыску дэбютуе з новым акустычным праектам «Яраш & Піт», створаным разам з маладым талентам нашай поп-сцэны Ярашам Малішэўскім.

У канцы лістапада яшчэ адзін удзельнік новага CD-зборніка, які атрымаў назву «Жыць для Беларусі», аксакал беларускага блюзу «P.L.A.N.» на прапанову Беларускага тэлебачання запісаў відэакліп акурат на “геніюшаўскую” песню «Русалчын вэлюм». Здымкі праходзілі ў адным з павільёнаў кінастудыі «Беларусьфільм», удзельнічалі сёстры Ксенія і Ліза Радзько, планаўскі басіст Анатоль Стацэнка, сам Андрэй Плясанаў і яго дачка Аня, а таксама згаданы ўжо Яраш Малішэўскі.

Як распавядалі артысты, у павільёне было надта халодна, але скрыпачка Ліза Радзько так па-майстэрску ўвасобіла ў дзеі вобраз русалкі, што ёй апладыравалі ўсе, хто знаходзіўся ў павільёне. І калі ў трыб’ют Ларысы Геніюш гэты кліп ужо не паспее патрапіць (там цікавае мультымедыя прадаставіў знакаміты оперны спявак Віктар Скорабагатаў), дык у падрыхтаваным да выпуску акустычным альбоме гурта «P.L.A.N.» («Piosenki samotnego licwina») ён, безумоўна, будзе.

Што да канкрэтна трыб’юта Л. Геніюш «Жыць для Беларусі», дык ягоная прэзентацыя намечана адразу пасля Новага года: 18 студзеня 2006 г. у памяшканні мінскага Дома літаратараў (пачатак у 18.30). Уваход вольны. Даведкі: 6490888, 7662425.

Акрамя таго анансіруем наступныя мерапрыемствы:

16 снежня ў клубе “Рэактар” адбудзецца прэзентацыя трыб’юта культавага гурта GODS TOWER з удзелам: Dragonflame (вакаліст GODS TOWER Lesley Knife), Imprudence, Znich, Soncavarot, Partyzone, Soulsides, Zig Zag, і інш. Пачатак 17:00. Вядучы канцэрта Lesley Knife.

22 снежня ў клубе “Рэактар” адбудзецца сярэднявечная дыскатэка з гуртом СТАРЫ ОЛЬСА. Пачатак 19:00. Першым 300-м, хто набудзе квіток папярэдне будуць уручаны падарунак ад гурта “Стары Ольса”.

24 снежня (субота) а 16:00 па адрасе: Менск, вул. Варвашэні, 8 (зараз Машэрава, 8) адбудзецца адкрытая прэс-канферэнцыя з нагоды выхаду трыб'юта гурта Gods Tower "Вартавыя Вежы Багоў". У праграме: сустрэча з удзельнікамі Gods Tower, гуртамі-ўдзельнікамі альбому, аўтографы, конкурс і шмат іншага. Уваход вольны.

13 студзеня (пятніца) ў клубе “Рэактар” адбудзецца другая частка прэзентацыі трыб’юта Gods Tower "Вартавыя Вежы Багоў" з удзелам гуртоў: ТТ-34, RASTA, M.L.A., PARTYZONE, ЗЬМЯЯ і інш. Пачатак 17:00.
Даведкі: 6490888, 7662425.
Віталь Супрановіч

‹‹ на галоўную | у архіў