Дзяржаўны музей не можа выкупіць нацыянальную каштоўнасць!

Да 27 лістапада Тэатр беларускай драматургіі разам з аўкцыённым домам “Парагіс” праводзілі выставу, на якой упершыню ў Беларусі выстаўляліся помнікі крымска-літоўскіх узаемаадносін: унікальны срэбраны пояс ХV стагоддзя, з Ракаўскага скарба — падарунак цара Хаджы-Гірэя вялікаму князю Вітаўту, а разам з ім працы Поля Сезана, Эжэна Дэлакруа, Марка Шагала, Анатоля Зверава, Анатоля Селешчука, вырабы сучаснага мастацтва і антыкварыят. Уваход быў свабодны.

Паходжанне каштоўнай рэліквіі

Па словах экспертаў, гісторыкаў і археолагаў, пояс, аб якім ідзе гаворка, — “Пояс Вітаўта” ўключаны ў дзяржаўны рэестр каштоўных помнікаў першай катэгорыі, гэта значыць — з’яўляецца каштоўнасцю міравога маштабу.

Лічыцца, што пояс — падарунак Хаджы-Гірэя князю Вітаўту прыкладна ў 1428 годзе. Знойдзены срэбраны паясны набор быў прыкладна ў пачатку 1990-х гадоў, каля вёскі Літва Маладзечанскага раёна. Аб скарбе стала вядома напрыканцы 1994 года, калі да беларускага гісторыка Валянціна Рабцэвіча звярнуўся мінскі калекцыянер з запрашэннем правесці антыкварную экспертызу. “Ён паказаў мне дзве пласціны паяснога набору бясспрэчна ўсходняга паходжання і дзве чэшскія манеты — пражскія грошы Вацлава IV Люксембурга. Я пацікавіўся, адкуль гэтыя рэчы, але дакладнага адказу не атрымаў. Я сказаў калекцыянеру, што ў яго руках каштоўнасці, з якімі варта звяртацца да кіраўніка Дзяржаўнай інспекцыі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны”.

Асноўным экспертам быў Марк Камароўскі — вядучы спецыяліст Эрмітажа. Клад быў ацэнены як “археалагічная знаходка XIV–XV стагоддзяў — паясны набор, які складаўся з 11 срэбраных, пазалачоных паясных блях, адной срэбранай пражкі, аднаго срэбранага наканечніка ўсходнекрымскага паходжання”.

Тады пояс быў унесены ў Дзяржаўны рэестр гісторыка-культурнай спадчыны вышэйшай катэгорыі. У пратаколе, складзеным камісіяй Нацыянальнага музея гісторыі і мастацтва Беларусі, гаворыцца аб тым, што скарб ацэнены ў $ 80 тысяч і чвэрць гэтай сумы неабходна выплаціць захаваўшаму знаходкі аматару. А той павінны каштоўнасці перадаць на дзяржаўнае захаванне.
Але ў дзяржавы на той час, напэўна, не было грошай, і пояс нечакана быў прададзены за сімвалічны кошт камерцыйнай фірме. Як такое магло здарыцца, невядома да гэтага часу. Па словах Валянціна Рабцэвіча, ён даслаў у пракуратуру дакументы, дзе распавёў аб ролі ў гэтай справе кіраўніка, на той час, Дзяржаўнай інспекцыі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Дзмітрыя Бубноўскага, які павінен быў ахоўваць дзяржаўныя інтарэсы, і камерцыйная справа не магла прайсці без яго ўдзелу.

Пасля быў суд. Аргументы пракурора былі такія: калекцыянер не меў правоў прадаваць пояс фірме, паколькі не быў яго ўладаром, а замежная фірма не мела правоў набываць гісторыка-культурную каштоўнасць Рэспублікі Беларусь. Але суд узаконіў правы прыватнай фірмы на набыты скарб.

Валянцін Рабцэвіч упэўнены, што пояс князя Вітаўта бясцэнны, як крыж Ефрасінні Полацкай, і яго нельга аддаваць у прыватныя рукі.

На аўкцыёне без попыту...

Выстаўлены на таргі Пояс князя Вітаўта так і не знайшоў свайго пакупніка. Па меркаванню выканаўчага дырэктара антыкварна-аўкцыённага дома “Парагіс” Людмілы Конанавай, з пачатку аўкцыёну прайшло мала часу.

Пояс быў галоўным лотам. Усяго на аўкцыёне было выстаўлена 177 лотаў, а прададзена — 47. Пачатковы кошт пояса быў $ 80 тысяч. Але супрацоўнікі аўкцыёну спадзяваліся атрымаць за яго $ 300-400 тысяч.

“Пояс Вітаўта”, хутчэй за ўсё, будзе зноў выстаўлены на таргі, якія адбудуцца ў апошні тыдзень снежня. Да таго часу кожны, хто пажадае, зможа паглядзець на яго ў будынку Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.

Як прадаць помнік першай катэгорыі

“Пояс Вітаўта” уключаны ў дзяржаўны рэестр асабліва каштоўных помнікаў першай катэгорыі, значыць — з’яўляецца каштоўнасцю сусветнага маштабу. Яго забаронена вывозіць з Беларусі. Выканаўчы дырэктар антыкварна-аўкцыённага дома “Парагіс” Людміла Конанава пацвердзіла, што пояс Вітаўта застанецца ў Беларусі нават у выпадку набыцця замежным грамадзянінам, паведамілі “Беларускія навіны”.

І нават, па інфармацыі з газеты “Рэспубліка”, намеснік міністра культуры казаў, што каштоўная знаходка застанецца ў Беларусі: новы ўладальнік не будзе мець права вывезці яе за мяжу і павінен будзе аформіць ахоўнае абавязацельства.

“Аўкцыённыя дамы не займаюцца пытаннямі вывазу рэчаў, набытых у выніку таргоў, — гаворыць Людміла Конанава. — Можна толькі сцвярджаць, што без санкцыі Міністэрства культуры пояс Вітаўта Беларусь не пакіне. Больш таго, хто б не набыў яго на аўкцыёне, мы будзем звяртацца да пакупніка дазволіць як мага доўгі час выстаўляць пояс на прадаўкцыённай выставе ў “Парагісе”.

Як можа наша Міністэрства культуры адмаўляцца ад магчымасці набыць нацыянальную каштоўнасць? Бо толькі так можна быць упэўненымі, што скарб застанецца ў краіне. Гісторыкі і антыквары ўпэўненыя, што пояс па значнасці роўны Крыжу Ефрасінні Полацкай (які быў страчаны падчас вайны і зараз, магчыма, знаходзіцца ў прыватнай калекцыі без дазволу на тое Міністэрства культуры). А апраўданне, накшталт таго, што ў дзяржавы не было на набыццё скарбу горшай, — не дае ёй гонару. А зараз увогуле падрывае рэкламу эканамічнага росту краіны. Бо што гэта за эканамічная развітасць такая, што будуючы “залатыя” гмахі са шклу і бітону, нельга выдаткаваць $ 80 тысяч на гістарычную каштоўнасць, якая можа знікнуць у прыватных, незацікаўленых ў захаванні беларускай гісторыі і культуры, руках.

Інфармацыйны цэнтр МГА «ЗБС “Бацькаўшчына”»
Паводле інфармацыі “Рэспубліка”, “Беларускія навіны”,
Радыё “Свабода” і http://www.probelarus.ru
‹‹ на галоўную | у архіў