Палітыкай прасякнуты нават літаратурныя спатканні, у якіх прымаюць удзел беларусы
26-27 лістапада, у Гайнаўцы адбыліся юбілейныя дзесятыя польска-беларускія літаратурныя спатканні “Бязмежжа 2005”, у часе якіх пісьменнікі з суседніх краінаў дзяліліся сваім досведам. Гэта адна з найбольш значных падзеяў у беларускім літаратурным жыцці Беласточчыны.
Удзельнікі двухдзённай імпрэзы, якую арганізаваў Беларускі саюз у Польшчы, гаварылі не толькі пра літаратуру. У першы дзень у цэнтры ўвагі творцаў з Польшчы і Беларусі была мяжа – мяжа, якая існуе паміж дзвюма дзяржавамі, але таксама мяжа, якую пераходзіць дзяржава, спрабуючы падпарадкаваць пісьменніка.
Па словах аднаго з арганізатараў “Бязмежжа 2005”, гайнаўскага літаратара Міхася Андрасюка, распачынаючы гэтае мерапрыемства, арганізатары хацелі паказаць, што літаратура можа перасякаць межы. Але госці з Беларусі жывуць у вельмі вузкіх межах. “Бязмежжа” перадусім спрыяе збліжэнню польскай і беларускай літаратуры. Беларускі саюз у Польшчы выдаў некалькі кніжак перакладаў беларускай літаратуры на польскую мову. Гэта, па словах спадара Андрасюка, вельмі важна, бо маладая беларуская літаратура амаль не вядома ў Польшчы.
Нягледзячы на тое, што ў другі дзень спатканняў дамінавала паэзія — свае вершы дэкламавалі Міра Лукша, Надзея Артымовіч і Ежы Плютовіч з Беласточчыны, а таксама Юры Гумянюк і Анатоль Івашчанка з Беларусі, — удзельнікі “Бязмежжа” закраналі таксама і апошнія падзеі, звязаныя са стварэннем праўладнай пісьменніцкай арганізацыі ў Беларусі.
“Мы ўжо ведаем, што створана альтэрнатыўная пісьменніцкая арганізацыя — падуладная. А калі саюзам пісьменнікаў кіруе генерал, дык тут аказваецца, што дурнота гэтай улады можа быць бязмежная. Тут перасякаюцца ўсе межы, зразумелыя еўрапейцу”, — гаворыць Міхась Андрасюк.
Паводле Аляксея Дзікавіцкага, Радыё “Свабода” |