Угодкі Уладзіміра Караткевіча і Слуцкага паўстання ў ТБК у Вільні

26 лістапада ў ТБК адзначылі 75-я ўгодкі з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча — паэта, пісьменніка, Вялікага Патрыёта Бацькаўшчыны.

Зал упрыгожыў партрэт пісьменніка, выпушчаны ТБМ імя Францыска Скарыны. Зал Таварыства гэтым разам быў перапоўнены — на мерапрыемстве прысутнічалі студэнты Еўрапейскага Гуманітарнага Універсітэта. Агляд жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча зрабіла Л. Мілаш, пасля прысутныя паглядзелі відэафільм “Рыцар і слуга”.
Час бяжыць няўмольна хутка. Здаецца нядаўна адзначалі 70-годдзе.

Група актывістаў ТБК здзейсніла вандроўку на радзіму Уладзіміра Караткевіча, у Оршу, потым у Віцебск, наведалі магілу пісьменніка на Усходніх могілках у Мінску. Перачытвалі яго творы ды кнігі даследчыкаў яго творчасці: Адама Мальдзіса і Анатоля Верабея. Як для Караткевіча М.Багдановіч быў прыкладам маральнай чысціні, духоўнай велічы, так Караткевіч — для нас. А яшчэ ён прыклад патрыёта, любові і служэння Беларусі, па творах якога можна вывучаць сапраўдную гісторыю Беларусі.

Так супала, што ў гэтым годзе адначасова адзначалі і 85-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну. Аб падзеях 20-х гадоў расказаў старшыня ТБК Хведар Нюнька, зачытаў прывітанне ад прэзідэнта БНР Івонкі Сурвіллы, а напрыканцы ўдзельнікі праглядзелі фільм В.Быкава “На чорных лядах”.

Так у ТБК, у Вільні, адзначылі дзве знамянальныя даты, якія пакінулі след у гісторыі Беларусі і служаць прыкладам для моладзі. Таму, напэўна, студэнты Гуманітарнага ўніверсітэта яшчэ доўга не разыходзіліся, абмяркоўвалі, спрачаліся пра творчасць і асобу Уладзіміра Караткевіча, пра мужнасць паўстанцаў, а потым працягвалася размова пра беларускія справы ў Вільні. Мерапрыемства мела выхаваўчае значэнне для моладзі, яно застанецца ў памяці нашчадкаў.

Леакадзія Мілаш, Вільня
27 лістапада 2005

 

‹‹ на галоўную | у архіў