«Советская “Белорусия” Сегодня»
У сталічным кіёску пакупнік спрабуе набыць газету.
— Купіце “Советскую Белоруссию”, — настойліва намаўляе яго прадаўшчыца.
— “Советскую Белоруссию”, ці “Беларусь Сегодня”? — ўсміхаецца пакупнік.
— А якая розніца? — пахмурнее прадаўшчыца, разумеючы, што пакупнік не возьме прапанаваную ёй газету. — Гэта ж адно і тое. Проста нас прымушаюць прадаваць менавіта гэтую газету. Калі не справімся, то можна і працу згубіць.
— Сапраўды, у такім выпадку няма розніцы паміж Беларуссю сёння і Савецкай Беларуссю, — канстатуе пакупнік і адыходзіць ад шапіка.
Яшчэ падчас прэзідэнцкіх выбараў 2001 года гродзенскія незалежныя назіральнікі падалі скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію на тое, што гэтая „знакамітая” газета выйшла неверагодна вялікім накладам. Наглядальнікі ўгледзелі ў гэтым парушэнне выбарчага заканадаўства, бо газета, па сутнасці, рэкламавала за дзяржаўныя сродкі толькі аднаго кандыдата ў прэзідэнты, і ганьбіла апазіцыю. Газету тады бясплатна раскідвалі па паштовых скрынках, і не рэдка па два-тры асобнікі ў адно месца. З Цэнтральнай выбарчай камісіі прыйшоў адказ за подпісам старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай. (У той час яшчэ хоць і з цяжкасцямі, але ўдавалася зарэгістраваць вялікую колькасць незалежных назіральнікаў. А спачатку на іх скаргі нават давалі адказы. Праўда, трошкі пазней, большасць з незалежных назіральнікаў па розных прычынах былі павыганяныя з выбарчых участкаў.) У адказе ЦВК прызнаваўся факт выпуску павышаным накладам ці то газеты, ці то рэкламных плакатаў. Толькі вось парушэнне заканадаўства не прызнавалася. Тлумачылася гэта тым, што, маўляў, і апазіцыйныя кандыдаты рэкламаваліся на старонках незалежнай прэсы. Нават пералічваліся газеты, якія гэта рабілі.
Тое, што ЦВК пераблытала агітацыю за дзяржаўныя сродкі з правам незалежнай прэсы пісаць пра тых, пра каго хочацца, і так, як лічыць патрэбным, зараз гаварыць не мае сэнсу. Справа мінулая. Страчанага не вернеш. Сама прытка, што зараз беларускі чытач ужо не зможа пачытаць большасці з тых газетаў, якія былі пералічаны ў адказе Цэнтральнай выбарчай камісіі як “незалежныя выданні”. Іх проста няма. Яны не абанкруціліся і не прадалі сваю маёмасць. Іх проста зачынілі па розных прычынах. І чым бліжэй да прэзідэнцкіх выбараў, тым большую хуткасць набірае гэты працэс. Працэс манаполіі на інфармацыю і пераследу незалежнай прэсы.
На пачатку ўлады папярэджвалі рэдакцыі незалежных газет пра нейкія нібыта парушэнні, зачынялі іх праз суд. Але зараз, хіба, нехта вырашыў, што гэты працэс занадта павольны. І вось дзяржаўны манапаліст у сферы распаўсюджвання перыядычных выданняў па падпісцы РУП “Белпошта” выключыў з падпіснога каталога на 2006 год шэраг незалежных газет. У гэты спіс трапілі “Народная воля”, “БДГ”, “Салідарнасць”, “Рэгіянальная газета”, іншыя недзяржаўныя грамадска-палітычныя выданні.
Пра выкананне закону “Аб друку і іншых сродках массавай інфармацыі”, якія накіраваны на рэалізацыю канстытцыйнага права грамадзян на атрыманне і распаўсюджанне інфармацыі, гаварыць не прыходзіцца. Гэтак жа, як і пра правы грамадзян набываць тыя газеты, якія яны лічаць патрэбнымі. І ўсе разумеюць, што чым бліжэй да выбараў, тым больш жорстка ўлады будуць сачыць за прэсай. Глядзіш, неўзабаве, акрамя “Савецкай Беларусі” нічога не застанецца. Ды справа не толькі ў маючых адбыцца ў 2006 годзе прэзідэнцкіх выбарах. Гэты працэс стабільны і даўні.
Кантроль над прэсай Беларусі не толькі пазбаўляе мажлівасці атрымліваць рознабаковую інфармацыю і рабіць з таго свае ўласныя высновы. Гэта яшчэ і выклік беларускаму грамадству, своеасаблівая праверка, як яно рэагуе на чарговы ўціск. Забарона ці стварэнне перашкод для беларускамоўнай прэсы, такіх газет як “Пагоня”, “Дзень”, “Наша Ніва”, гэта працяг палітыкі духоўнага і культурнага генацыду, скіраванай супраць мажлівасці развіцця і самога існавання беларускай нацыі.
Але чым больш забаронаў, тым большая цікавасць да таго, што забаранілі. Інфармацыйны голад заўсёды прыводзіць да адваротных вынікаў. Грамадства рана ці позна пачынае рэагаваць на недахоп інфармацыі актыўнымі яе пошукамі. І хоць зараз “Беларусь Сегодня” ўсхваляе Савецкую Беларусію, варта ўспомніць, што тады людзі ўмелі чытаць дзяржаўную прэсу “паміж радкоў”.
“Ніва” № 48 (2585), 27 лістапада 2005 г.
Віктар Сазонаў |