Хто зачыніў у Кіеве Беларускі нацыянальны цэнтр?
У нядзелю ад майстэрні сталічнага мастака Аляксея Марачкіна адпраўляўся мікрааўтобус у Кіеў. Пасажыры — сам спадар Аляксей, ягоны калега Генадзь Драздоў і аўтар гэтых радкоў.
Замоўленая частка праграмы знаходжання ў Кіеве складалася з двух пунктаў. Адзін прыемны. Гэта адкрыццё ў Цэнтры ўкраінска-беларускага партнёрства выставы нашай палітычнай сатыры — культурніцкая акцыя, прымеркаваная да гадавіны “аранжавай рэвалюцыі”. Другі — сумны. Мы мусілі забраць у Мінск вызваленыя з-пад арышту творы папярэдняй выставы мастакоў-нонканфармістаў і ўзяць удзел у прэс-канферэнцыі, на якой прадстаўнікі Ўкраінскай народнай партыі мелі намер афіцыйна абвясціць аб ліквідацыі Цэнтра ўкраінска-беларускага партнёрства (вядомага адначасова як Беларускі нацыянальны цэнтр у Кіеве).
Беларускі нацыянальны цэнтр месціўся на вуліцы Горкага ў офісе Ўкраінскай народнай партыі (УНП). Месца зручнае: праз два кварталы — Хрышчацік. Будынак аднапавярховы, утульны. Нават дзіўна, як ён захаваўся сярод шмат разоў дабудаваных і перабудаваных шматпавярховых гмахаў.
Сустрэлі нас маладыя актывісты (валанцёры) Цэнтра. Усе яны сябры грамадскай арганізацыі "Студэнцкае братэрства". Паколькі праграмныя мэты "Студэнцкага братэрства" і Ўкраінскай народнай партыі шмат у чым супадаюць, партыя дала грамадскай арганізацыі прытулак у сваім офісе.
Студэнты, якім давялося быць сведкамі захопу будынка 11 лістапада, расказалі нам, як гэта адбывалася. Найперш Яны згадалі, што яшчэ да “наезду” нейкія людзі, “упрыгожаныя” нацысцкай сімволікай, фатаграфаваліся на фоне шыльды “Беларускі нацыянальны цэнтр” Навошта? Украінская народная партыя ў гэтым будынку арандатар, а гаспадар — дзяржаўная ўстанова пад назвай “Кіеўрэканструкцыя”. Па словах актывіста Беларускага нацыянальнага цэнтра і сябра “Студэнцкага братэрства” Аляксея Шубіна, на момант захопу ў будынку знаходзіліся чатыры валанцёры. Дзесяць прадстаўнікоў “Кіеўрэканструкцыі”, не прад'явіўшы валанцёрам ніякіх дакументаў, папросту выдалілі іх з будынка. Гаворачы мовай міліцэйскага пратакола, “з ужываннем грубай фізічнай сілы”.
Валанцёры Цэнтра выклікалі міліцыю, якая паабяцала апламбіраваць памяшканне дзеля таго, каб не дапусціць рабавання маёмасці. Праўда, гэтага зроблена не было. Калі 13 лістапада валанцёры здолелі патрапіць у памяшканне Цэнтра, яны заўважылі, што рэчы былі не на сваіх месцах, некаторыя пашкоджаны, знішчаны альбо скрадзены. Было відавочна, што хтосьці лазіў у камп'ютэры.
На момант нашай размовы ў будынку ўсталявалася штосьці накшталт дзвюхуладдзя: валанцёры пільнавалі маёмасць “Студэнцкага братэрства” і Беларускага нацыянальнага цэнтра, а насупраць іх размясціліся ахоўнікі, запрошаныя “Кіеўрэканструкцыяй” з вотчыны Януковіча — Данецка. Дарэчы, двое гэтых “данецкіх” за супрацьпраўныя дзеянні былі міліцыяй арыштаваныя, але іх хутка выпусцілі.
“Данецкія” не разлічвалі на такую доўгую вахту і вельмі неашчадна расходвалі выдаткаванае ім “бабло”. Цяпер іх падкормліваюць студэнты. Так было і год таму на Майдане, калі “аранжавыя” бралі на ўтрыманне пакінутых сваімі лідэрамі “блакітна-белых”.
Нашы суразмоўцы мяркуюць, што вылічыць замоўцаў “наезду” няцяжка. Трэба толькі падумаць, каму выгадна паралізаваць дзейнасць “Студэнцкага братэрства”, якое прапагандуе ідэю ўступлення Ўкраіны ў НАТО і Еўрасаюз, ладзіць грамадскія кампаніі супраць імперскіх прэтэнзій Расіі на Севастопаль і Крым увогуле, выступае за люстрацыю кадраў старога рэжыму. Каму спатрэбілася перашкодзіць беларуска-ўкраінскім кантактам, пазбавіць Беларусь “акна ва Ўкраіну”. Мабыць, нездарма на ўсе акцыі Цэнтра беларуска-ўкраінскага партнёрства як на працу ходзяць прадстаўнікі Расійскай амбасады... Не апошнюю ролю ў закрыцці Цэнтра і пазбаўленні “Студэнцкага братэрства” прытулку адыграў і фінансавы аспект. Новы арандатар ці новы гаспадар (у выніку продажу будынка) заплаціць “Кіеўрэканструкцыі” больш, чым плаціць Украінская народная партыя. (Дарэчы, на прэс-канферэнцыі, што адбылася на наступны дзень, пра сукупнасць палітычнага і матэрыяльнага фактараў у гэтай справе гаварыў спадар Палюховіч, кіраўнік аддзела маладзёжнай палітыкі ЎНП).
Аляксею Марачкіну з Мінска патэлефанавалі на мабільнік і паведамілі, што зараз Беларускае тэлебачанне вядзе “прамы рэпартаж” з кіеўскага Майдана, дзе ў вялікай колькасці сабраліся і мітынгуюць палітычныя апаненты прэзідэнта Ўкраіны. Майдан, лічы, побач — пайшлі глядзець. Нічога, падобнага на бэтэшны “прамы рэпартаж”, не пабачылі. Людзей на Майдане было няшмат, ды ўсё з “аранжавай” сімволікай.
Назаўтра я зноў прайшоўся па Хрышчаціку, наведаў Майдан (было трохі вольнага часу да прэс-канферэнцыі). На тратуарах ля ўрадавых будынкаў сям-там стаялі пікеты. На плакатах — патрабаванні адправіць у адстаўку таго ці іншага чыноўніка, абараніць гістарычны цэнтр Кіева ад нахабных забудоўшчыкаў, выдаткоўваць болей грошай на культуру і гэтак далей. Карацей, Майдан і Хрышчацік па-ранейшаму выконваюць функцыю нацыянальнага форуму, куды людзі прыходзяць выказваць свае боль, трывогу, занепакоенасць. На прэс-канферэнцыі ўжо згаданы вышэй прадстаўнік Украінскай народнай партыі запэўніў, што ЎНП і надалей будзе падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі, спрыяць украінска-беларускаму дыялогу. Замест закрытага ў Кіеве з'явіцца новы Беларускі нацыянальны цэнтр. Пра тое ж гаварылі нам на развітанне і засмучаныя студэнты-валанцёры. Адзіны, хто ў гэты дзень выглядаў задаволеным і нават шчаслівым, быў ужо добра вядомы нашым украінскім сябрам (а цяпер і нам) расійскі дыпламат. Ён прыйшоў паглядзець, як з будынка здымаюць бел-чырвона-белы сцяг.
“Народная воля” №228, ад 26.11.2005 г.
Петра Васілеўскі |