«Беларускія Вячоркі»

12 лістапада 2005 года ў вёсцы Чарчэт адбыліся “Беларускія вячоркі”

Вёска Чарчэт Тайшэцкага раёна была заснавана беларускімі перасяленцамі ў 1903 годзе. Менавіта на святкаванні 100-гадовага юбілею 20 верасня 2003 года мы (Іркуцкае Таварыства Беларускай Культуры імя Яна Чэрскага) упершыню і пазнаёміліся з гэтай дзіўнай вёскай. З гэтага моманту распачалася добрая традыцыя правядзення сумесных мерапрыемстваў.

Наведваць адзін аднаго на самой справе зусім не проста. Таму што гэта вёска знаходзіцца вельмі далёка. Толькі па прамой, па карце, налічваецца 650 кіламетраў. А дабірацца да яе яшчэ цяжэй.Лічыце самі: на цягніку ад Іркуцка да раёнага цэнтра Тайшэта трэба ехаць 11 гадзін, затым практычна па нязменнай гравійцы на поўнач 160 кіламетраў. Аўтобусы туды не ходзяць. Затое таксісты за 1200 рублёў (калі пагандлявацца ) могуць давесці.

І ўсё ж наш маладзёвы клуб «Крывiчы» гэта не спыніла. Тым больш, што адміністрацыя Тайшэцкага раёна прапанавала дапамогу: часткова вярнуць плату за дарогу на цягніку і прапанавала аўтобус да Чарчэта.
Таму мы вырашылі 12 лістапада правесці з мясцовымі жыхарамі сумеснае свята — “Беларускія Вячоркі”.

Галоўная мэта гэтага мерапрыемства — актывізаваць моладзь вёскі ў вывучэнні і адраджэнні былой формы вольнага часу моладзі. Іншымі словамі — паказаць моладзі, як у нашых новых сучасных умовах магчыма добра і весела арганізаваць “Вячоркі” па старажытных традыцыях нашых прадзедаў.
Аб тым, як адбывалася свята ў гэты раз.

У пачатку ўдзельнікі нашага Маладзёвага клуба “Крывічы” (усяго з Іркуцка прыехала 9 чалавек) паказалі невялікую пастаноўку “У хаце”, дзе было паказана, як раней пачыналіся Вячоркі, як у хату адной з дзяўчат прыходзяць сяброўкі і “просяць” яе бацьку дазволіць сабрацца на пасядзелкі, канешне, пастаноўка з гумарам, і бацька не адразу пагаджаецца, але хітрыя дзяўчаткі знайшлі магчымасць “упэўніць” незадаволенага “гаспадара” хаты...

Потым былі песні, танцы, гульні. Прычым як пад традыцыйную беларускую музыку, так і пад беларускі фольк-мадэрн. А гледачоў на “Вячорках” не было... бо кожны стаў актыўным удзельнікам свята.

Паводле Алега Рудакова,
Старшыні ІТБК
‹‹ на галоўную | у архіў