Прэс-сакратар АГП — лаўрэат прэміі германскага Фонду “Памяць і будучыня”
Прэс-сакратар Аб’яднанай грамадскай партыі Кацярына Ткачэнка стала лаўрэатам прэміі германскага Фонду “Памяць і Будучыня”.
Конкурс “Згода і прымірэнне” быў прысвечаны спецыяльна да 60-годдзя заканчэння Другой Сусветнай вайны. На конкурс было даслана 85 матэрыялаў з 10 краін свету, якія так альбо інакш маюць дачыненне да Другой сусветнай вайны (у тым ліку з ЗША і Ізраіля); каля 20 артыкулаў – з Беларусі.
Артыкул Кацярыны Ткачэнка, апублікаваны на сайце АГП, называўся “Памежная Бацькаўшчына”. У ёй распавядалася аб сям’і “рускіх немцаў” — Эрыху і Андрэю Шыманскіх. І бацька, і сын нарадзіліся ў савецкіх “межах”. Падчас вайны Эрых быў прымусова эвакуіраваны немцамі са Стаўрапаля на тэрыторыю Польшчы, прызнаны падданым Германіі і прызваны ва ўзброеныя сілы Вермахта. Ваяваў на Паўднёва-Усходнім фронце з амерыканцамі і, атрымаўшы скразную рану ў шыю, апынуўся ў палоне. Пасля заканчэння вайны быў перададзены савецкім уладам, якія, як было заведзена, адправілі яго ў Сібір. Яго сын, Андрэй Шыманскі, нават у гады перабудовы не мог пазбавіцца ад кляйма “сын ворага народа”...
“Гэта гісторыя прымушае нас паглядзець на гісторыю вачыма асобнага чалавека з унікальным лёсам, які апынуўся пацярпелым двух таталітарных сістэм — фашысцкай і савецкай”, — казала Кацярына Ткачэнка ў інтэрв’ю “Нямецкай хвале”. — тэма прымірэння пасля Другой сусветнай вайны вельмі важкая, паколькі мы выраслі на савецкіх расказах, але не ведалі ўсёй праўды вайны. Савецкая гісторыя прыкрывала некаторыя бакі гэтай вайны. Толькі час можа расставіць кропкі над “і”. Неабходна вучыцца і чуць і слухаць”.
Спачатку Кацярына Ткачэнка з задавальненнем прайшлася па Берліну, “падыхала паветрам волі” — а потым накіравалася на атрыманне першай прэміі. Былі яшчэ і другая і трэцяя — а першых прэмій было тры: акрамя Кацярыны, яе атрымалі журналісты з Польшчы і Украіны. У журы ўваходзілі прадстаўнікі Германіі, ЗША, Ізраіля, Украіны... На цырымоніі ўзнагароджання гучалі словы аб неабходнасці наладжвання стасункаў паміж усімі дзяржавамі Еўропы, аб прымірэнні, аб згодзе, аб узаемапаразуменні паміж народамі.
Паводле прэс-службы АГП |