Ідэалагічная PR-кампанія напярэдадні 2006 года
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін яшчэ раз пацвердзіў, што не збіраецца балатавацца на трэці прэзідэнцкі тэрмін, паведамляе IТАР-ТАСС.
“Я цудоўна разумею, што мяжа 2008 года будзе для Расіі сур’ёзным выпрабаваннем. Разам з тым, у адпаведнасці з Канстытуцыяй Расіі прэзідэнт выбіраецца тэрмінам на чатыры гады прамым тайным галасаваннем і не можа займаць гэту пасаду больш, чым два тэрміны запар», — заявіў Уладзімір Уладзіміравіч нідэрландскім СМІ напярэдадні дзяржаўнага візіту ў гэту краіну. «Мне, канешне, неабыякава, у чыіх руках апынецца лёс краіны, якой я прысвяціў усё сваё жыццё. Але калі кожны новы кіраўнік дзяржавы будзе мяняць канстытуцыю пад сябе самога, то ад такой дзяржавы хутка нічога не застанецца», — мяркуе Уладзімір Пуцін.
Аб рэйтынгах
У Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь былі прыняты папраўкі, на падставе якіх прэзідэнт мае правы прапанаваць сваю кандыдатуру на выбарах цяпер ужо неабмежаваную колькасць разоў... Значыць, для альтэрнатыўных варыянтаў магчымасці звужаюцца. У нас прынята альтэрнатыва паліваць брудам, апускаць у вачах электарату і не даваць магчымасці казаць аб сваім існаванні. Аб гэтым можна меркаваць па мінулых выбарах, калі кандыдаты напярэдадні абвінавачваліся ў крымінале, арыштоўваліся іх сваякі, яны самі здымалі кандыдатуры.... Не дзіва, што грамадства разгубілася.
На пачатку восені пры дапамозе НІСЭПІ (Вільнюс) было праведзена нацыянальнае апытанне, якое высветліла, што за лета рэйтынг прэзідэнта вырас на 5,6 пункта і дасягнуў 47.3%. І па меркаванні аналітыкаў гэтай вядомай арганізацыі, “магчымыя канкурэнты А.Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах і асабіста адзіны кандыдат ад дэмакратычных сіл маюць некаторы аванс даверу абіральнікаў, толькі яго недастаткова для перамогі на выбарах. Перад імі стаіць задача кансалідацыі ўсіх, хто выступае за перамены”.
Рост рэйтынгу магчыма звязаны з тым, што калі раней прыхільнікі А.Лукашэнкі, з-за канстытуцыйнай забароны займаць пасаду прэзідэнта больш двух тэрмінаў, не маглі аддаць свой голас за яго, то пасля рэферэндуму іх выбар спрасціўся і адсодак не ўпэўненых у адказе панізіўся.
Ідэалагічны ціск, які ўзмацніўся летам, праз масіраваную прапаганду дасягненняў беларускай эканамічнай мадэлі, вандроўкі Лукашэнкі па рэгіёнах і магчымае пацяпленне ўзаемаадносін з Расіяй пры амаль не існуючай альтэрнатыўнай інфармацыі зрабілі рост прэзідэнцкага рэйтынгу заканамерным.
Нацыянальнае апытанне праводзілася да таго, як Кангрэс дэмакратычных сіл абраў адзіным кандыдатам Аляксандра Мілінкевіча. І ў верасні 2005 г. аддаць галасы за адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл пагадзілася 25,5% апытаных, галасоў “магчымаму канкурэнту А.Лукашэнкі” дасталася толькі 3,5%, на падтрымку Кангрэсам абранага кандыдата вылучылася толькі 10,3% рэспандэнтаў, а варыянт “пагляджу па абставінах” абралі 53,3%. Што гэта, як не аванс даверу адзінаму дэмакратычнаму лідэру.
Пра рэйтынг дэмакратычнага лідэра Аляксандра Мілінкевіча распавёў дырэктар Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Вільнюс), прафесар Алег Манаеў: “Мы маем фігуру — Аляксандра Мілінкевіча, які атрымаў падтрымку большасці дэлегатаў і заручыўся падтрымкай сваіх асноўных супернікаў. Калі гэта праецыраваць на нармальную еўрапейскую сітуацыю, дык можна было б сказаць, што Мілінкевіч становіцца прэзідэнтам, Лябедзька — прэм'ерам, а Калякін — кіраўніком прэзідэнцкай адміністрацыі. Кансалідацыя і згода ёсць. Другі нюанс — ці здольны ён будзе расшырыць і зрабіць больш гнуткім свой палітычны вобраз, свой імідж нават унутры дэмакратычнай супольнасці?
Наколькі ён здольны будзе гэты вобраз расшырыць, каб ён уключаў у сабе элементы палітычнага, так бы мовіць, профілю сацыял-дэмакратаў, лібералаў, наогул непартыйных людзей, і наогул не актывістаў, якія прагнуць зменаў, але ні з якімі структурамі не звязанымі. Ці ўдасца зрабіць гэта? Я спадзяюся, што так. Але тут усё залежыць не толькі ад яго асабістых уласцівасцяў, якасцяў, дзеянняў, але і ад дзеянняў тых структур — партыйных і непартыйных, якія яго падтрымліваюць.
Другое — каманда. Тут пакуль ўсё нармальна. Каманда ёсць, і яна гатовая дзейнічаць. Таксама абазначылі магчымасць далучэння да працэсу — Фралоў, Колас, Вайтовіч. Прыгадаю, подпісы пад агульным дакументам паставілі і Ярашук, і Парфяновіч. Працэс ідзе. Тут, праўда, вельмі істотна, каб не толькі фігуры, але і структуры далучаліся да агульнага працэсу”.
Абмяркоўваць тэхналогіі павелічэння рэйтынгу Мілінкевіча сп. Манаеў не стаў, бо “гэтыя дэталі наогул не варта публічна абмяркоўваць. Паколькі ёсць маса структураў, перад якімі пастаўленая задача гэтага не дапусціць”. А на конт меркаванняў замежных экспертаў, аналітык паведаміў, што ў цэлым узровень паліттэхналагічнасці дэмакратычных сілаў Беларусі ацэньваецца зацікаўленымі бакамі невысока.
Здзіві электарат
Можна прасачыць, што на рэйтынг прэзідэнта паўплывала хутчэй уражанне аб росце дабрабыту, а не яго аб’ектыўныя паказчыкі. Так, аб паляпшэнні матэрыяльнага становішча кажуць, у першую чаргу, сельскія жыхары, якія зарабляюць менш усіх астатніх у краіне і даходы якіх па рэальных паказчыках не павялічваюцца, яны ж першыя ўплываюць на рост рэйтынгу палітыка.
Здзівіць — значыць зацікавіць. Па такой сістэме дзейнічае раскрутка, ці падтрымка рэйтынгу лідэра. Для дзеючага лідэра, што можа быць лепш за відавочны паказчык, які ўражвае, прыціскае да зямлі. А што можа здзівіць калгасніка?
Да 2001 года будаваліся Лядовыя Палацы, як візітоўка Беларусі, пасля — Нацыянальная бібліятэка — гмах са шкла і жалезабетону. Гэта цудоўнае непаразуменне сучаснай архітэктуры так уражвае гасцей сталіцы, што ў іх не застаецца каментарыяў на конт дабрабыту грамадзян “вялікай краіны”...
Яшчэ не паспеўшы адчыніць бібліятэку, зрабілі прапанову па ўзвядзенні новай “візіткі нашай краіны” — вежы тэлебачання. Запланаваны праект, мякка кажучы, не танны. Прэзідэнт загадаў да сярэдзіны студзеня 2006 года цалкам падрыхтаваць архітэктурны праект тэлевізійнай вежы і падлічыць яго кошт. Сумесны беларуска-германскі праект, распрацаваны і абгрунтаваны, змешчаны на сайце архітэктурнай майстэрні Віктара Крамарэнкі (http://workshopkramarenko.hotbox.ru/tv.htm). Вышыня вежы прапанавана пад 422 метры — гэта чацвёртае месца ў свеце. Толькі нідзе не ўдакладняецца, што мясцовасць, на якой запланавана будаўніцтва, а гэта раён Камсамольскага возера, — сейсмічна не трывалы. Тым не менш, прэзідэнт назваў абранае месца выгадным, але папярэдзіў, што тэрыторыю неабходна добраўпарадкаваць, каб зрабіць добрыя ўмовы для адпачынку і прыцягнення турыстаў.
А самай цікавай і фантастычнай ідэяй прэзідэнта з’явілася закладка парку высокіх тэхналогій (“сіліконавай даліны” Беларусі). Яшчэ адна непамерна дарагая цацка-візітоўка. Кажучы аб праекце, Міхаіл Мясніковіч удакладніў, што яго закладка абумоўленая ўмовамі для павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі краіны. Дэкрэт “Аб Парку высокіх тэхналогій” падпісаны 22 верасня. Дакумент прадугледжвае стварэнне аналагу “сіліконавай даліны” ў Беларусі і прызваны не толькі развіваць беларускую навуку, але і забяспечваць экспарт інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і праграмнага забеспячэння.
Акрамя таго, прэзідэнт Беларусі запатрабаваў аптымізаваць сістэму санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення насельніцтва. Асабліва з улікам таго, што гэта галіна рэсурсаёмістая. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэтыя сродкі санаторна-курортнай галіны павінны быць выкарыстаны эфектыўна і выключна ў інтарэсах тых, хто сапраўды мае патрэбу ў аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні. Праект указа аб санаторна-курортным лячэнні насельніцтва будзе дапрацаваны на працягу месяца.
Не дзіва, што такі шырокі і відовішчны размах перадвыбарчай працы прэзідэнта пакідае электарат у гіпнатычнай коме. І толькі лёгкае сумненне нараджаецца ў “шэрага” насельніцтва. Бо прамытае чыстай ідэалогіяй сумленне (праз дзяржаўныя СМІ, нават у метро), не дае аб’ектыўна аналізаваць рэчаіснасць.
Дар’я Сацукевіч, прэс-сакратар МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” |