У Беларусі — альбо дзяржаўная прэса, альбо яе няма

8 кастрычніка наша інфармацыйная служба даведалася ад калектыву газеты “Народная воля”, што выданне не было ўключана прадпрыемствам "Белпошта" ў падпісны каталог на 2006 год. Канешне, была надзея, што гэта непаразуменне вырашыцца праз дзень-другі, бо нельга ў такі кароткі тэрмін знішчыць амаль адзінае незалежнае рэспубліканскае выданне, якое ўжо дзесяць гадоў на рынку беларускіх СМІ.

Тым не менш, на наступны дзень пытанне не толькі не вырашылася, але і ўмацавалася: звароты рэдактара газеты Сярэдзіча І.П. не далі выніку. А ў сродках масавай інфармацыі гэта тэма была ўжо на першым месцы. Удакладнялася, што на 2006 год у падпісны каталог прадпрыемства “Белпошта” не ўключаныя тры незалежныя газеты — “Народная Воля”, “Салідарнасць” і “Згода”. Таму ў наступным годзе гэтыя выданні не змогуць распаўсюджвацца праз дзяржаўную сістэму.

Пра тое, якое выданне пацерпіць больш ад “ссылкі”, не патрэбна і распавядаць. І “Народная воля”, якая забаронена да распаўсюджвання праз шапікі “Белсаюздруку”, страчвае магчымасць трапляць чытачам праз падпіску. І газета “Згода”, што распаўсюджваецца па-за межамі Мінска праз шапікі “Белпошты” і “Белсаюздруку”, пры скасаванні дамовы з “Белпоштай” не дойдзе да чытача. І газета “Салідарнасць”, не маючы магчымасць даходзіць да грамадства праз шапікі, страціць магчымасць і падпіснога распаўсюджвання.

Зараз вядуцца кансультацыі па стварэнню незалежнай сістэмы распаўсюджвання. Па словах шэф-рэдактара "Народнай волі" Святланы Калінкінай, ідэя зрабіць гэта не толькі ў Мінску, але і ў буйных гарадах. Газетай “Народная воля” праводзяцца прамовы з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый, палітычных партый, простымі энтузіястамі, высвятляецца які наклад такім чынам магчыма распаўсюдзіць.

Канешне, разам усе пацярпелыя газеты (“БДГ”, “Салідарнасць”, “Згода”, “Народная воля”) маглі б паспрабаваць стварыць агульную сістэму альтэрнатыўнага распаўсюджвання, якая была б эканамічна больш зручнай. Толькі раней такія захады незалежнымі медыя рабіліся, але безвынікова. Па словах сп-ні Калінкінай гэта таму, што “на гэта неабходна атрымаць ліцэнзію ў дзяржавы. І мы разумеем, што такой ліцэнзіі мы не атрымаем. У Беларусі застаецца некалькі камерцыйных фірмаў, але ў іх дзейнасці ёсць адна ўмова: яны не займаюцца распаўсюджваннем грамадска-палітычных выданняў”.

Зараз рэдакцыя “Народнай волі” спрабуе праз суд аднавіць ранейшае распаўсюджванне і выданне. 17 лістапада павінна пачацца судовая справа з друкарняй і “Белсаюздрукам”. Акрамя таго, рэдакцыя падала ў гаспадарчы суд г. Мінска іск супраць РУП “Белпошта”.

Па словах галоўнага рэдактара Сярэдзіча І.П.: “Мы патрабуем ад суда прымусіць адказчыка заключыць дамову на распаўсюджванне газеты "Народная воля" на ўмовах, прадугледжаных аналагічнай дамовай на 2005 год... У бліжэйшых нумарах "Народнай волі" падпісчыкам выдання патлумачаць, якім чынам яны могуць адстаяць свае правы падпіскі на газету. Пасля гэтага, я ўпэўнены, "Белпошта" атрымае тысячы аналагічных іскаў ад нашых падпісчыкаў”.

Але акрамя таго, што прыціскаюць выданні, не абыходзяць бокам нягоды і рэдактараў газет. Спадар Кароль атрымаў ліст з Савецкага суда Мінска аб тым, што ён мусіць да 15 лістапада сплаціць штраф 2 мільёны 550 тысяч. Гэта пакаранне за распаўсюджванне інфармацыі, якая, паводле суда, зневажае гонар і годнасць прэзідэнта. Такі ж штраф прызначаны і рэдактару "Згоды" Аляксандру Здзвіжкову.

Спадар Кароль упэўнены, што гэта доўгатэрміновая кампанія па “зачысткі” інфармацыйнай прасторы напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. "Аперацыя распачата загадзя, каб выглядала, нібыта дамовы скасоўваюцца не з палітычных прычын", — лічыць А. Кароль. На яго думку, перакрыўшы газетам шляхі легальнага друку і распаўсюджвання ў Беларусі, улады тым самым рыхтуюць глебу для іх канчатковай ліквідацыі.

Дар’я Сацукевіч, прэс-сакратар МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Пводле прэс-службы ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"
‹‹ на галоўную | у архіў