Дні беларускай культуры ў Новасібірску

На святкаванне Дзён беларускай культуры сабраліся госці з дванаццаці раёнаў Новасібірскай вобласці і з Сібірскага рэгіёна — гарадоў Томска, Цюмені, Іркуцка. Усяго прыехала трыццаць тры калектывы.

Арганізатары свята — а гэта Новасібірскі цэнтр беларускай культуры (дырэктар Кабанава Н.В.), Новасібірская рэгіянальная нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў (прэзідэнт Буракоў В.Г.) — і не ўяўлялі такой колькасці жадаючых выступіць на свяце.

Распачаліся Дні беларускай культуры ў суботу 29 кастрычніка ў Краязнаўчым музеі. Выступленні былі прысвечаны 515-годдзю Францішка Скарыны — беларускага першадрукара і асветніка. Тут жа гучалі музыка і песні XV-XVI стст. Вельмі трапятліва і сардэчна выконвала старую лірычную песню Валянціна Міхіенка з Цюмені.

Затым усе калектывы раз’ехаліся выступаць на пляцоўках горада і вобласці. Святочныя канцэрты прайшлі ў ДК “Сібтэкстыльмаш”, у п. Крываданаўка і ў р.п. Машкова.

У нядзелю (30 кастрычніка) свята распачалося ў фае ДК імя Кастрычніцкай рэвалюцыі з дзіцячай ігравой праграмы, якая з’яднала ўсіх дзяцей у вялікі карагод са ста дваццаці ўдзельнікаў. Добры настрой і любоў да народных гульняў не пакінулі абыякавымі і высокае кіраўніцтва, якое з задавальненнем брала ў іх удзел. На другім паверсе ў фае была арганізавана выстава-продаж керамічных вырабаў, лялек — вырабаў дзяцей — выхавальнікаў студыі “Лель”, а таксама была арганізавана фотавыстава аб дзейнасці беларускай дыяспары ў г. Новасібірску.

Закрываў свята гала-канцэрт “Сібірскае сузор’е”, прысвечаны пяцігоддзю адкрыцця Новасібірскага цэнтра беларускай культуры. На сцэне ДК імя Кастрычніцкай рэвалюцыі паказалі сваё майстэрства ўсе ўдзельнікі вялікага святкавання. Гэта і яскравы самабытны фальклорны ансамбль “Зоренька” Паўночнага раёна, у склад якога ўваходзяць зараз не толькі сталыя артысты, але і моладзь, ансамбль “Чапурушка” Качнеўскага раёна, “Свiтанак” Убінскага раёна, “Просторы Сибири” з Крываданаўкі, “Арт-версия” з Сузуна і інш. Уразіла выступленне ансамбля “Лянок” з г. Цюмені. Ужо вядомы ў нашым горадзе ансамбль “Крылы” з г. Томска дапоўніў свой калектыў новымі выканаўцамі. Скарыў гледачоў і бард Алесь Дзямідаў з Іркуцка.

Безумоўна, самым яскравым было выступленне самых маленькіх яго ўдзельнікаў — ансамбля “Жавороночки” школы народнага мастацтва “Лель”, дзевяцігадовай Алены Трыпузавай і адзінаццацігадовага Арцёма Варданяна. Да таго ж на свяце гледачы пазнаёміліся з харэаграфічнымі калектывамі, неабыякавымі да беларускай творчасці. Гэта ансамбль “Юность Сибири” (ДНК імя. Д. Завалокіна), “Остров танца” з г. Бердска, “Просторы Сибири” з Крываданаўкі і “Белоярские ложкари”.

Не засталіся ўбаку і гаспадары свята — вакальны ансамбль “Крынічка”, які падарыў гледачам сваю любімую песню “Дзе б я ні ехала”, песню свайго сачынення “Павей ветрык”, саліст Мікалай Алмас. Вольга Дубаграева падрыхтавала сваё выступленне з сярэдняй групай танцавальнага ансамбля “Юность Сибири”.

Уражанне ад канцэрта засталося вельмі добрае. А самым галоўным падарункам, і гэта безумоўна, была “Лявоніха” ў выкананні фальклорнага ансамбля “Рождество”.

Ніна Кабанава
‹‹ на галоўную | у архіў