Выданні для аматараў!
Беларусь – Іспанія
14 верасня 2005 г. у Мінску, у Доме дружбы, адбылася прэзентацыя зборніка “Беларусь – Іспанія: Выбраныя старонкі грамадска-культурнага ўзаемадзеяння”. Зборнік стаў 27-ым нумарам серыйнага выдання ГА МАБ “Беларусіка-Albaruthenica”; яго склалі матэрыялы “круглага стала”, які адбыўся ў Доме дружбы восенню 2003 г. стараннямі асацыяцыі, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта, рэдакцыі газеты “Голас Радзімы” і таварыства “Радзіма”.
Зборнік “Acta Albaruthenica. 5”
У верасні выйшаў з друку 5-ы выпуск навуковага зборніка “Acta Albaruthenica”, у якім змешчаны даклады канферэнцыі “Польска-беларускія культурныя, літаратурныя і моўныя сувязі”. Яна адбылася у чэрвені 2005 г., у Беларускім дзяржаўным універсітэце, з удзелам Польскага інстытута ў Мінску і ГА “МАБ”. Зборнік быў выдадзены пры падтрымцы Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў пад агульнай рэдакцыяй Міколы Хаўстовіча, Аляксандра Баршчэўскага і Сяргея Запрудскага.
Пад сваёй вокладкай зборнік аб’яднаў больш за 40 артыкулаў навукоўцаў з розных рэгіёнаў Беларусі, Польшчы, Аўстрыі, Венгрыі і Германіі. Структурна альманах падзелены на 4 блокі: “Памежжы моў – памежжы культур (даследчыкі і творцы): Эльжбета Смулкова”, “Літаратуразнаўства”, “Гісторыя і культура”, “Мовазнаўства”.
Зборнік “Мовы Вялікага Княства Літоўскага”
Да шэрагу айчынных навуковых выданняў далучыўся выдадзены ў Брэсце пад агульнай рэдакцыяй М.М.Аляхновіча зборнік “Мовы Вялікага Княства Літоўскага”, у якім змешчаны матэрыялы аднайменнай ІV Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Брэст, 18-19 мая 2004 г.). Аб тым, што старабеларускі перыяд не перастае выклікаць навуковую цікавасць, сведчыць салідная колькасць змешчаных у зборніку матэрыялаў (113 артыкулаў). Аб тым, што гэтая гістарычная эпоха цікавіць не толькі айчынных навукоўцаў, сведчыць тэрытарыяльная прыналежнасць аўтараў матэрыялаў: акрамя Беларусі, прадстаўлены Расія, Украіна, Польшча, Літва і Венгрыя.
Натуральна, мы маем справу з артыкуламі, якія адрозніваюцца аспектамі, прадметам вывучэння. Аб гэтым яскрава гавораць назвы раздзелаў зборніка: “Мовы Вялікага Княства Літоўскага”, “Тэкст і кантэкст”, “Лексікалогія і тэрміналогія”, “Лексічныя пазычанні”, “Этналінгвістыка і лінгвакультуралогія”, “Марфалогія і словаўтварэнне”, “Гісторыя і культуралогія”, “Моўная адзінка і кантэкст”, “Славянская фразеалогія”, “Праблемы анамастыкі”, “Літаратуразнаўства”. Як бачна, прадстаўленыя матэрыялы не абмяжоўваюцца толькі мовазнаўчай тэматыкай, а распрацоўваюць і літаратуразнаўчыя і гістарычныя тэмы. Нават пры мэтанакіраваным лінгвістычным даследаванні старажытнага перыяду, бадай што, немагчыма пазбегнуць пэўных гістарычных і культуралагічных каментарыяў і спасылак.
Беларускі фальклор
Пабачыў свет першы том энцыклапедыі “Беларускі фальклор” – першае ў гісторыі нацыянальнай культуры галіновае навукова-даведачнае выданне, якое шырока асвятляе пытанні духоўнай культуры беларусаў. Выданне адлюстроўвае ўсё багацце мастацкай творчасці беларускага народа, разнастайнасць яе відаў і жанраў, створаных паэтычным словам вобразаў.
Энцыклапедыя складаецца з 2 тамоў, у якіх змешчана каля 3 тысяч артыкулаў, прысвечаных абрадам, звычаям, традыцыям і вераванням беларусаў, іх вусна-паэтычнай творчасці, народнаму мастацтву. Значная частка артыкулаў прысвечана фалькларыстычнай навуцы, яе гісторыі, асноўным тэндэнцыям развіцця, а таксама даследчыкам беларускага фальклору, яго збіральнікам і папулярызатарам.
Матэрыялы ў тамах размешчаны паводле алфавітнага прынцыпу. Выданне багата ілюстравана чорна-белымі і каляровымі фотаздымкамі і малюнкамі.
Кніга адрасавана фалькларыстам, краязнаўцам і ўсім, хто цікавіцца беларускім фальклорам, нацыянальнай культурай беларускага народа.
Першы нумар альманаха “Крыўя”
Пабачыў свет першы нумар альманаха цэнтра этнакасмалогіі “Крыўя” “DRUVIS” (канцэпцыя Аляксея Дзерманта, галоўны рэдактар Тодар Кашкурэвіч, навуковы рэдактар Сяргей Санько, стыльрэдактура Віктара Корбута), 275 старонак, 299 паасобнікаў. Сваім заданнем аўтары альманаха бачаць “роздум над самымі сабою, сваёй зямлёю і народам, які ў будучыні мае стварыць ідэалагічную структуру, радыкальна адрозную ад існых нацыятворчых праектаў”. У прадмове выказваецца перакананне, што “выйсце з сутарэнняў лабірынту, у якім дагэтуль блукае наш народ, – у фундаментальным навуковым, ідэалагічным, мастацкім увасабленні мадэлі свету, угрунтаванай у тутэйшай традыцыйнай касмалогіі”.
Альманах складаецца з наступных раздзелаў – Radavod; Krajavid; Konadzien; Slova; Mova; Muzyka; Lad; Viera; Karani; Sukrevicy; Grunt; Svietaciam; Ahlad; Recenziji; сярод аўтараў акрамя ўкладальнікаў альманаха – Людміла Дучыц, Уладзімір Лобач, Алег Дзярновіч і інш. Каштоўным выглядае змяшчэнне артыкулаў замежных даследнікаў Таўвідаса Пятрыкаса, Джона Дэя, Алена дэ Бенуа, а таксама рэцэнзій на беларускія і замежныя выданні. Варта адзначыць, што альманах багата аздоблены фотаздымкамі, знакамі традыцыйнага народнага арнаменту і наогул вылучаецца якасным паліграфічным выкананнем.
Паводле інфармацыі Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў
Выйшаў часопіс “Magazyn Polski”... у эміграцыі
Выйшаў першы нумар часопіса “Magazyn Polski”, як пазначана на вокладцы, “у эміграцыі”. Сёння часопіс трапіў да чытачоў у Беларусі. Ён надрукаваны ў Польшчы накладам дзве тысячы асобнікаў. “Magazyn Polski” раней выдаваў у Гародні Саюз палякаў. Цяперашняе выданне зроблена прыхільнікамі Анжалікі Борыс, яго галоўны рэдактар — Андрэй Пачобут.
Андрэй Пачобут стаў галоўным рэдактарам “Magazynа Polskiego” пры старшыні Саюза палякаў Анжаліцы Борыс паўгады таму. Аднак яму не ўдалося выпусціць у Беларусі аніводнага нумару. Мін’юст абвясціў Анжаліку Борыс нелегітымнай, і ўлады пачалі змагацца з яе прыхільнікамі.
Паводле слоў Андрэя Пачобута: “Я быў прызначаны галоўным рэдактарам “Magazynа Polskiego”, аднак ва ўмовах супрацьстаяння паміж Саюзам палякаў і ўладамі выдаць “Magazyn Polski” так і не атрымалася. Сёння наш Саюз палякаў не можа друкаваць у Беларусі свае выданні, так як і незалежная беларуская прэса. Таму “Magazyn Polski” быў выдадзены ў Польшчы пры дапамозе нашых сяброў з партыі “Закон і справядлівасць”.
На вокладцы першага нумару “Magazynа Polskiego” “ў эміграцыі” — партрэт Анжалікі Борыс, таксама надрукавана інтэрв’ю з ёю. Гэты часопіс адрозніваецца ад таго, які выдае афіцыйны Саюз палякаў. Афіцыйнае выданне мае гісторыка-культурніцкі, краязнаўчы характар. Новы часопіс выглядае як грамадска-палітычны. У рэдакцыйным артыкуле Андрэй Пачобут піша пра паступовае задушэнне незалежнай прэсы ў Беларусі, называючы закрытыя газеты — “Свабоду”, “Навіны”, “Пагоню”, “День”, “Биржу Информации” ды іншыя.
У часопісе апавядаецца пра сённяшні пераслед палякаў у Беларусі, а таксама пра палітычных вязняў. Змешчаны матэрыял “Аляксандр супраць Аляксандра” — пра адзінага кандыдата ад апазіцыі на будучых прэзідэнцкіх выбарах гарадзенца Аляксандра Мілінкевіча. Значную частку матэрыялаў нумару падрыхтавалі сам Андрэй Пачобут і ягоны калега – галоўны рэдактар газеты “Glos znad Niemna” Анджэй Пісальнік.
Паводле Радыё “Свабода” |