Экраны Samsung у Мінскім метрапалітэн ці Ідэалогія праз метро?
На 17-ці станцыях сталічнага метро з 20-ці ўжо ўсталяваныя 34 плазмавыя экраны фірмы “Samsung”, на кожнай станцыі па два. Не будзе тэлевізараў на трох станцыях – Парку Чалюскінцаў, Першамайскай і Маладзёжнай – іх прызналі “неперспектыўнымі”, няшмат народу праз іх праходзіць. Ініцыятар праекта – Таварыства з абмежаванай адказнасцю “БелРасРэклама”.
Плазмавыя экраны вылучаюцца высокай якасцю выявы і аператыўнасцю. Прадугледжана таксама магчымасць прамой трансляцыі тэлевізійных праграм. Так, уладальнік экранаў, кампанія “БелРасРэклама”, ужо падпісала дамову з БТ на трансляцыю выпускаў навін.
Ад сённяшняга дня ў Мінскім метро ў час пік, раніцай і ўвечары, будуць трансліраваць навіны з беларускага тэлебачання. Цяпер не толькі каля тэлевізара пасля працы, але і па дарозе на працу і з працы мінчукоў будуць “грузіць” палітінфармацыяй.
Выпускі навінаў разлічаны прыкладна па 45 хвілін у дзень па буднях з панядзелка па пятніцу. Астатні час – рэклама і перадачы кшталту “Сад і гарод”.
Абышлося гэта ў адзін мільярд беларускіх рублёў – гэта амаль 450 тысяч долараў. Натуральна, “БелРасРэклама” спадзяецца на рэкламе хутка пакрыць свае выдаткі і добра зарабляць. Але праект чамусьці называецца не камерцыйным, а інфармацыйна-пазнавальным і забаўляльным.
Да гэтага ўся рэклама, што была на станцыях метрапалітэна (на плошчы Незалежнасці, на Кастрычніцкай плошчы) была без гуку. Станцыі метрапалітэна з іх акустыкай, шумам ад пасажыраў і саставаў не спрыяюць гукавому афармленню. І не будзе дзівам, калі палітінфармацыя з рэкламай з гукам будуць яшчэ адным раздражняльным фактарам для стомленых грамадзян.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Паводле Радыё “Свабода” |