Беларуска-польскі канфлікт пад поглядам Бруселі
Польскі штодзённік “Gazeta Wyborcza” піша сёння пра тое, што ад таго, які з міністраў замежных спраў Польшчы – стары ці новы – будзе прадстаўляць Варшаву ў часе штомесячнага спаткання кіраўнікоў МЗС 25 краінаў Еўразвязу ў Бруселі, залежыць будучае стаўленне аб'яднанай Еўропы да афіцыйнага Мінску.
Польшча ўжо працяглы час дамагаецца, каб пытанне аб сітуацыі ў Беларусі было абмеркавана на высокім узроўні ў Еўразвязе, і гэта, урэшце, атрымалася: 7 лістапада адбудзецца сустрэча 25 міністраў замежных спраў краін Еўразвязу – гэтак званай “Рады” ў агульных справах, дзе якраз і запланаваная дыскусія аб пераследзе апазіцыі і нацыянальных меншасцяў у Беларусі.
Дагэтуль адзіны органам Еўразвязу, які дэбатаваў у справе Беларусі быў Еўрапарламент.
“Аднак цяпер з прычыны затрымак з паўстаннем новага ўраду ў Брусель можа паехаць стары міністр замежных спраў Адам Ротфельд. Нашы крыніцы ў Бруселі не хаваюць, што размова пра Беларусь была б добрай нагодай для дэбюту менавіта новага кіраўніка МЗС Польшчы, які меў бы большае поле манеўру, чым Ротфельд”, – піша “Gazeta Wyborcza”.
Штодзённік адзначае, што адыходзячы ўрад зрабіў шмат, каб Еўразвяз даў цвёрды, адназначны сігнал Мінску, што не будзе пагаджацца з палітыкай Лукашэнкі адносна апазіцыі і меншасцяў. Сярод іншага гаворка ішла пра пашырэнне спісу беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краінаў Еўразвязу на некалькі асобаў, якія адказваюць за пераслед СПБ, у тым ліку і былога кіраўніка арганізацыі спадара Кручкоўскага, што ўжо зрабіла Польшча.
“Большасць краінаў Еўразвязу, аднак, не хочуць пагадзіцца на гэта. Частка лічыць, што Брусель не павінен умешвацца ў спрэчку паміж Варшавай і Мінскам, для іншых, гэтая справа ёсць справай занадта далёкай у сэнсе геаграфічным. Польшчу падтрымліваюць літоўцы і шведы, крыху разумення выказваюць немцы, французы і фіны, аднак гэтага недастаткова”, – піша “Wyborcza”.
Менавіта таму, паводле штодзённіка, прысутнасць новага кіраўніка МЗС Польшчы на сустрэчы ў Бруселі магла б дапамагчы пераканаць іншыя краіны ў слушнасці пазіцыі Варшавы.
Гэтак, хутчэй за ўсё, аднак не здарыцца, бо новы польскі прэм’ер Казімеж Марцінкевіч запланаваў на 10 лістапада першую прамову ў гэтай якасці ў парламенце, тады ж будзе зацверджаны і склад новага ўраду. Праз тры дні пасля сустрэчы ў Бруселі.
Паводле Радыё “Свабода” і “Gazeta Wyborcza” |