Затрымалі тыраж “Народнай волі”
Увечары 31 кастрычніка на ўездзе ў Гродна з боку Мінска супрацоўнікі праваабарончых органаў затрымалі прадстаўнікоў Гродзенскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Чырваненку, Юрыя Істоміна, Артура Смятаніна. Прадстаўнікі АГП вярталіся дамоў пасля пахавання Валянціны Адамаўны Ганчар — маці зніклага віцэ-прэм’ера Беларусі. Пад маркай праверкі дакументаў супрацоўнікі патрульна-дарожнай службы спынілі аўтамабіль, прыналежны кіраўніку Гродзенскага абласнога аддзялення АГП Уладзіміру Чырваненку, і патрабавалі ад яго адчыніць багажнік. У багажніку было шэсць пачак газет “Народная воля”.
Супрацоўнікі патрульна-дарожнай службы перадалі гэту інфармацыю па рацыі, і праз некаторы час на месца прыбылі прадстаўнікі РУУС Гродзенскага раёна. Яны “прапанавалі” актывістам АГП прайсці ў аддзяленне.
У аддзяленні Істомін, Чырваненка і Смятанін растлумачылі супрацоўнікам міліцыі сітуацыю, але: «Міліцыянтаў зусім не цікавіць, што паміж АГП і газетай “Народная воля” падпісана дамова аб супрацоўніцтве ў распаўсюджванні, а таксама і той факт, што на кожным экземпляры “Народнай волі” стаіць штэмпель “Для рэкламных мэтаў”», — заявіў Уладзімір Чырваненка. Ён таксама паведаміў, што супрацоўнікі Гродзенскага аддзелу міліцыі прынялі рашэнне затрымаць тыраж да поўнага высвятлення абставінаў.
Паводле “Хартыі’97” |