диаспора РБ Минск Менск белорусская диаспора
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету

Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўшчына


Навіны (галоўная) Архіў навін Хто мы Хронiка дзейнасцi З'езды беларусаў свету Кантакты Банкаўскія рэквізіты Архіў бюлетэня
Гісторыя Галерэя дзеячаў База дадзеных Сайты дыяспары Перыёдыка Могілкі Помнікі
Грамадскія арганізацыі СМІ Дыпламатычныя прадстаўніцтвы Даведнік
"НІВА" "БЕЛАРУС" "Крывія"
Еўрапейскае радыё для Беларусі Радыё "Рацыя" "Радыё Швецыя" Радыё "Палонія" Deutsche Welle

90-БНР

Беларускі Інтэрнэт

Памінанні на Дзяды

У шэсці і мітынгу з нагоды дня памінання продкаў (Дзядоў) удзельнічалі каля 300 чалавек.

Акцыя, якая адбылася 30 кастрычніка ў Мінску, была арганізавана Кансерватыўна-Хрысціянскай партыяй — БНФ. Да 11.00 удзельнікі шэсця сабраліся каля станцыі метро “Парк Чэлюскінцаў” і пад бел-чырвона-белымі сцягамі прайшлі дзевяць кіламетраў ва ўрочышча Курапаты, дзе пахаваны ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Гэта стала ўжо традыцыяй, што шэсце на Курапаты пачынаецца ад парку Чэлюскінцаў, дзе сталінскім часам карнікі НКВД расстрэльвалі бязвінных людзей. Дэманстранты неслі крыжы і плакаты з надпісамі “Ушануйма памяць ахвяраў Курапатаў”, “Ніякіх саюзаў з імперскай Расіяй”.

Удзельнікі мерапрыемства ўсклалі вянкі і кветкі да Крыжа пакут, усталяванага ў 1989 годзе. Жалобнае шэсце і мітынг былі санкцыянаваныя ўладамі, калону суправаджалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Ва ўрочышчы Курапаты падчас жалобнага мітынгу сакратар управы КХП-БНФ Валер Буйвал зачытаў зварот старшыні партыі Зянона Пазняка. Ён з 1996 года знаходзіцца ў эміграцыі. Як заўважае Зянон Пазняк, за гэтыя дзевяць год ён “ні хвіліны не жыў за мяжой”, паколькі ўсе яго думкі і справы былі на радзіме. Лідэр КХП-БНФ запрасіў суайчыннікаў “не губляцца, не плакаць, не скардзіцца на лёс”.

Намеснік старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Ю.Беленькі заклікаў ушанаваць памяць ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсіяў.

Мітынг не абышоўся без палітычных заяў. Намеснік старшыні партыі Юрась Беленькі і Сяргей Папкоў рэзка крытыкавалі дзеянні Крамля ў адносінах не толькі да беларусаў, але і свайго народу. “Ніякага яднання з імперскай, крымінальнай Расіяй Беларусы не жадаюць. Ім патрэбна нармальная еўрапейская краіна пад назвай “Беларусь”. Мы не супраць расійскага грамадства, а супраць злачыннай ідэалогіі расійскага імперыялізму”, — заявіў Ю. Беленькі.

Арганізатары заявілі, што міліцыя затрымала іх гукавую тэхніку, таму да прысутных яны звярталіся праз мегафон.

Па заканчэнні жалобнага мітынгу ўдзельнікі акцыі ўстанавілі ў Курапатах 11 крыжоў (зараз іх у Курапатах, як заўважыў сакратар управы КХП-БНФ Алесь Чахольскі, больш за 500), запалілі свечкі і праспявалі “Магутны Божа”.

Інфармацыйны цэнтар МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Паводле БелаПАН і Радыё “Свабода”

“Дзяды” — святы дзень для кожнага беларуса

“Дзед” — гэта душа памерлага продка. “Дзедам” можа быць і стары, і чалавек сярэдняга веку, і нават маленькае дзіця, памерлае нечаканай смерцю. Любы чалавек, які пакінуў жыццё, варты памяці.

У беларускага народа Дні памінання памерлых захаваліся яшчэ з дахрысціянскіх часоў, калі продкі нашы жылі плямёнамі і толькі асвойвалі будучыя тэрыторыі Усходне-еўрапейскай раўніны. Шматлікія старажытныя элементы памінання з язычніцкіх абрадаў страцілі свой першапачатковы сэнс. Пад ціскам новых павеваў і вучэнняў яны ператвараліся, відазмяняліся, а некаторыя і ўвогуле страціліся ў часе.

Але ўсё ж беларускі народ асноўныя свае абрады захаваў. Больш таго, “Дзяды” з’яўляюцца адным з самых распаўсюджаных абрадаў у нашым Краі і па сённяшні час.

“Дзяды” праводзіліся 1 і 2 лістапада ў доме. У гэты дзень паміналіся не толькі памерлыя прадстаўнікі сям’і, але і ўвесь род, а часам і больш — праваслаўныя продкі (можа быць, нават не сваякі), памяць аб якіх захавалася ў народных погаласах.

Абрад “Дзяды” з’яўляецца вытокам чыстых мысляў і пачуццяў. Яму заўсёды надавалася асобае важкае значэнне. Менавіта гэты абрад можа выратаваць ад забыцця сваіх каранёў, што вядзе да бездухоўнасці і абыякавасці, страце духоўнасці. Мне здаецца, усім зразумела такая ісціна: Народ, які страціў памяць, хутка знікае з твару зямлі. Ён асімілюе, знікае сярод іншых народаў.

Нашы продкі гэта разумелі. Таму ж не проста яны называлі дні “Дзядоў” святымі, светлымі.

Правесці абрад не самае важнае. Галоўнае — зразумець неабходнасць гэтага абраду. Толькі тады не будуць дарэмнымі нашы намаганні ў адраджэнні старажытных традыцый.

Як жа нашы продкі праводзілі абрад раней?

Загадзя мыліся ў лазні, прыбіралі ў хаце, вывешвалі чыстыя рушнікі, фіранкі, накрывалі белым абрусам стол. Бліжэй да вечара ўсе дальнія і блізкія сваякі збіраліся ў хаце самага старэйшага з роду. Прычым кожны прыходзіў са сваімі прыпасамі і стравамі. Накрываўся багаты стол, дзе абавязкова прысутнічалі тры абрадавыя стравы: куцця, бліны ды кісель. Гаспадыня ставіла спецыяльны посуд для “Дзядоў”, куды ад кожнай стравы клалі патрошку. Гэту ежу нельга было кранаць на працягу ўсёй вячэры, а затым яе аддавалі жабракам. Затым падымаўся гаспадар, ён жа з’яўляўся галавой Роду, і казаў рытуальныя словы.

Пасля гэтага гаспадар памінаў зачынальніка іх Роду, альбо самага праслаўленага продка. Распавядаў гісторыю яго і прапанаваў выпіць за яго душу. Затым гаспадар дома, альбо хто-небудзь з яго сыноў пералічваў усіх продкаў не менш як да дзесятага калена, пры гэтым давалася кароткая характарыстыка добрых рыс характару. Напрыклад: “Дзед Мікола — добры быў каваль, прадзед Мiхась – цудоyна граy на цымбалах…” і г.д.

Пасля гэтага пачыналася трапеза. Падчас вячэры дазвалялася ціхая размова. Расказваліся прыгоды продкаў, апісваліся іх характары, нагадваліся паданні, звязаныя з Родам. Застолле цягнулася да “трэціх пеўняў”. Было што расказаць нашым продкам аб сваіх прабацьках, цяжэй нам. За сталінскі час памяць людская вельмі скарацілася. Мы памятаем у лепшым выпадку сваіх дзядоў і прадзедаў, але не далей.

У гэтым годзе плануецца:

1 лістапада 2005 года беларусы Іркуцка збіраюцца разам у Доме Рогаля па адрасе: вул. Халтурына, 3, у 18.30 для правядзення абраду “Дзяды”. Акрамя рытуальных дзеянняў плануецца завесці размову аб вядомых дзеячах беларускай культуры і гісторыі, якім у гэтым годзе споўнілася канкрэтная юбілейная дата з Дня народзінаў.

У прыватнасці, будзе расказана аб такіх вядомых дзеячах як Астафій Валовіч (дзяржаўны дзеяч XVI стагоддзя), Яўхім Карскі (гісторык-этнограф, прафесар, XIX стагоддзе), Францішак Багушэвіч (рэвалюцыянер-адраджэнец, паэт і пісьменнік, XIX стагоддзе), Пятрусь Броўка (паэт ХХ стагоддзя), Стэфанія Станюта (актрыса, ХХ стагоддзе), Ян Чэрскі (географ, геолаг, ХІХ стагоддзе).

У межах вечара будуць гучаць вершы, проза і жывая музыка.

Таксама ўсіх абавязкова пачастуюць трыма рытуальнымі беларускімі стравамі: куццёй, блінамі і кісялём.
Алег Рудакоў.

Дзяды ў Лёвэне і ў Антвэрпене

У нядзелю 30 кастрычніка Беларуская грамада Антвэрпена разам з усёй патрыятычнай Беларуссю адзначыла Дзяды. Перад набажэнствам у царкве група вернікаў разам са святаром наведала ваенныя могілкі ў Лёвэне, дзе на магіле выбітнага беларускага кампазітара Міколы Равенскага была адпраўлена паніхіда за спачын ягонае душы і душаў усіх прашчураў-дзядоў Беларускага народу. У сваёй прамове сп. Зміцер Піменаў, старшыня Беларуска-Еўрапейскага Задзіночання, зазначыў, што ў беларусаў Бельгіі стала добрай традыцыяй ў дні ўспаміну былых пакаленняў змагароў за волю Бацькаўшчыны збірацца на гэтым святым месцы, дзе спачывае адзін з ганаровых сыноў Беларусі. Таксама ён выказаў шчырую падзяку жывому Дзеду – сп. Янку Жучку, які нягледзячы на недамаганне прыехаў памаліцца за свайго настаўніка і ўсіх калегаў, што ўжо адышлі на вечны адпачынак.

Напярэдадні магілка і помнік святое памяці Міколы Равенскага былі прыведзены ў парадак высілкамі антвэрпенскае грамады. Пасля паніхіды да сходу падышла сталая кабета, як аказалася ўкраінка з Львоўшчыны, з сям’ёй прыйшла праведаць сваіх родных, якія таксама спачываюць на гэтых могілках. Спадарыня, якая жыве ў Бельгіі з 1945 года, была вельмі расчуленая, бо, як яна зазначыла, за дзесяткі гадоў упершыню ўбачыла грамаду вакол занядбанае магілы, і саму магілу ў добрым стане... Некалі, прачытаўшы на помніку кірылічны надпіс, яна зразумела, што тут пахаваны “наш чалавек” і заўсёды ўзгадвала яго ў сваіх малітвах разам са сваякамі, тужачы за будучы лёс магільніка. Цяпер яна была ўсцешана.

На магіле была запалена зорка і ўскладзены белыя і чырвоныя кветкі – колеры нашае народнае памяці і свабоды.

Пасля наведвання могілак ў Беларускай царкве ў Антвэрпене была адпраўлена Боская Літургія ў інтэнцыі ўсіх ад веку супачылых прашчураў. А пасля Літургіі, як сімвал вечнасці і пераемнасці жыцця, у царкве адбылося Вянчанне Шлюбу. Сівыя Дзяды дабраслаўляюць працяг роду...

http://www.unija.info

Дзяды ў Варшаве

У панядзелак, 31 кастрычніка, Дзяды адзначалі беларусы Варшавы. Яны наведалі праваслаўныя Вольскія могілкі польскай сталіцы, а таксама месца, дзе ўсталяваная мемарыяльная шыльда памяці генерала Станіслава Булак-Балаховіча.

На праваслаўных Вольскіх могілках у Варшаве беларусы, што жывуць у польскай сталіцы, наведалі магілу выбітнага беларускага дзеяча і навукоўца спадара Янкі Жамойціна, які памёр два гады таму. На магіле прысутныя запалілі тры свечкі – белую, чырвоную і белую.

Потым каля дзесятка беларусаў паехалі ў іншы бок горада – туды, дзе ў раёне Саска Кэмпа на будынку духоўнай семінарыі, што на вуліцы Францускай, усталявана мемарыяльная дошка ў гонар Станіслава Булак-Балаховіча. Там таксама былі запаленыя свечкі, а да дошкі прымацаваная бела-чырвона-белая стужка.
Па словах Віталя Воранава са Звязу на карысць дэмакратыі ў Беларусі выбраны магілы гэтых вядомых людзей былі таму, што для ўдзельнікаў праведзенай акцыі на Дзяды яны – сімвал пэўнай маральнай чысціні. Толькі яны ў цяжкіх варунках былі настолькі адважныя, што змагаліся за лепшую Беларусь.
Некаторыя беларускія студэнты, што вучацца ў Варшаве, палічылі свой удзел у такіх мерапрыемствах важкім, спасылаючыся на тое, што патрэбна адчуваць сувязь з роднай краінай.

Паводле прысутных беларусаў, у Варшаве дагэтуль не даследаваная гісторыя пахаванняў беларускіх дзеячаў, таму на сённяшні дзень невядома, дзе знаходзяцца іх магілы. На Вольскіх могілках леташнія пошукі беларускіх студэнтаў не прынеслі значных вынікаў.

Паводле Радыё “Свабода”

Дзяды ў Празе

Дзень памяці продкаў – Дзяды — 2 лістапада адзначылі беларусы Прагі. У гэты Дзень па традыцыі беларусы Чэхіі прыходзяць на Альшанскія могілкі, каб ушанаваць памяць сваіх славутых зямлякоў, прывесці ў парадак магілы першага прэзідэнта Рады БНР Пётра Крычэўскага (памёр у 1928 годзе), наступнага прэзідэнта Васіля Захаркі (памёр у 1943) і легендарнага беларускага спевака Міхася Забэйды-Суміцкага.

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны на той час яшчэ Чэхаславакія патрапіла ў зону ўплыву савецкай Расіі. Краіна апынулася пад прыгнётам камуна-бальшавізму. Зразумела, што шанаваліся іншыя героі з іншай ідэалогіяй. І каб ход гісторыі склаўся інакш, то магчыма мы б ужо не мелі тых святынь. За доўгія дзесяцігоддзі магілы прыйшлі ў заняпад, і нават было пастаўлена пытанне аб іх зносе. Плюс трэба было заплаціць за арэнду той зямлі. Дзякуючы таму, што ў 90-ых гадах у Чэхіі панавала зусім іншая, дэмакратычная атмасфера, і дзякуючы беларуска-амэрыканскай фундацыі імя Крычэўскага і асабіста спадарыні Ганне Бартуль, мы сёння маем магчымасць, запаліўшы свечкі, з кветкамі ў руках прыйсці на Альшаны, каб пакланіцца мужнасці і самаахвярнасці нашых Дзядоў.


Аўген Сідорык

‹‹ на галоўную | у архіў

 

№ 6, чэрвень 2008
[ PDF ]
архіў бюлетэня
Запоўніць картку...

Па пытаннях беларусаў замежжа...

Па захаванні Беларускага дому...

15–16 снежня 2007
Беларуская эканамічная і палітычная мадэль: сучаснасць і перспектывы трансфармацыі:


Што рабіць з вёскай?
(дадана 17.01.08)

усе круглыя сталы

Віктар Кавалеўскі
Аўстралія і іміграцыя

Леанід Лыч
І на чужыне пачуваліся беларусамі

Леанід Лыч
Руская культура на Беларусі: плюс ці мінус?

Янка Запруднік
УДЗЯЧНАСЬЦЬ – МАСТАЦТВА ДУШЫ або Чаму беларусы ня ўмеюць дзякаваць?

Аляксандар Адзінец
Запавет эмігранта

 
Галоўная - Хто мы - Бібліятэка - Кантакты - Хронiка дзейнасцi - З`езды - Сайты беларуская дыяспары
zbsb [@] tut.by - zbsb [@] lingvo.minsk.by
Rating All.BY биографии белорусских писателей, мордкович