Апалячванне і асіміляцыя беларусаў

У 2002 г. у Польшчы праходзіў перапіс насельніцтва і тады студзеньскі „Przeglad Prawoslawny” апублікаваў нацыянальны склад насельніцтва некаторых гмін краіны, асабліва засяродзіўшы сваю ўвагу на нацыянальнай структуры гмін і паветаў Падляшскага ваяводства. Вынікі перапісу параўноўваліся з адпаведнымі дадзенымі, сабранымі дзяржаўнай адміністрацыяй у 1945-1946 гг., што дала магчымасць пабачыць працэс асіміляцыі праваслаўнага насельніцтва ў паасобных раёнах Беласточчыны.

Месцам, дзе праваслаўныя сяляне найхутчэй пераўтвараліся ў палякаў быў горад Беласток. Тут пасля вайны траплялі хвалі выхадцаў з беларускіх вёсак, а на той момант, у горадзе пражывала каля 40-50 тысяч праваслаўных. Некалькі тысяч памяняла веравызнанне. Але трапіла пару дзесяткаў тысяч беларускамоўных католікаў з Сакольскага і Беластоцкага паветаў. Беларускую ж нацыянальнасць у 2002 г. дэкларавала толькі 7,5 тысяч жыхароў горада. Гэта не нашмат больш чым у Гайнаўцы (6 тыс.) ці Бельску (5,6 тыс.). У Беластоку каля 80 працэнтаў праваслаўных назвала сябе палякамі.

Каб лягчэй было ўявіць гэту карціну прывядзем статыстыку:

• Гміна Міхайлова — у 1945 г. пражывала 70 % праваслаўных, а ў 2002 г. толькі 14 % жыхароў гміны дэкларавала беларускую нацыянальнасць.

• Гміна Гарадок, дзе праваслаўныя складалі і складаюць звыш 80 % насельніцтва, падчас перапісу 23 % назвалі сябе беларусамі. Астатнія сталі палякамі.

• Гміны Крынкі і Шудзялава Сакольскага павета, дзе ў 1949 г. праваслаўныя складалі палову насельніцтва, падчас апошняга перапісу беларускую нацыянальнасць дэкларавала адпаведна 3,2 і 4,9 %.

• У гмінах Саколка, Новы Двор, Бабікі, Дуброва, Сідра, Залессе ў 1949 г. пражывала ў кожнай каля 15 працэнтаў беларусаў. Сёння ў тых мясцовасцях беларусамі лічыць сябе ў сярэднім 0,5 працэнта насельніцтва.

• На тэрыторыі Сямятыцкага павета, асабліва ў гмінах Сямятычы, Мельнік, Гродзіск, дзе адсотак беларусаў аказаўся амаль у 10 разоў меншы за адсотак вернікаў праваслаўнага веравызнання.

• У найлепшым стане беларускасць захавалася на тэрыторыі Гайнаўскага і Бельскага паветаў. У гмінах Дубічы-Царкоўныя і Чыжы адсотак беларусаў няшмат паменшыўся ад пасляваеннага перыяду. Звыш 80 % насельніцтва ў 2002 г. назвала там сябе беларусамі. Выключэннем на Гайнаўшчыне з’яўляецца Белавежжа, дзе толькі 11 % жыхароў дэкларавала беларускую нацыянальнасць. Гэта ў 5 разоў менш чым пражываючых на тэрыторыі гміны праваслаўных. Відаць там надта выразны ўплыў асаднікаў на фарміраванне свядомасці мясцовага насельніцтва.

З аналізу дадзеных перапісу вынікае, што беларускую свядомасць захавалі жыхары тых мясцовасцей, дзе працуюць школы, у якіх вывучалася беларуская мова. Радыё, тэлебачанне, прэса ці праявы культурна-фальклорнай дзейнасці мелі другараднае значэнне ў працэсе фарміравання свядомасці праваслаўнага насельніцтва. Праўдападобна, ведалі пра гэта ўладары краіны і ваяводства і таму так паслядоўна праводзілі ды і праводзяць палітыку маргіналізацыі беларускай асветы.

Ці памятаеце вы як доўга, каля 12-ці гадоў, прымаўся Закон аб нацыянальных і этнічных меншасцях Польшчы? І паспрыяла яго ўступленне краіны ў Еўразвяз. Сам закон, прыняты польскім Сеймам 4 лістапада 2004 г., выявіў і акрэсліў сапраўдныя адносіны да беларушчыны ў Польшчы. Адзіная карысць ад гэтага закону ў тым, што юрыдычна прызнаецца існаванне ў Польшчы беларускай меншасці, і толькі. Сеймам пастаноўлена наступнае: ва ўстановах польскіх дазваляецца гаварыць і пісаць выключна па-польску (забарона моў нацыянальных меншасцяў ва ўправах раёнаў, дзе жыве меншасць). Нельга карыстацца дапаможнай мовай ва ўправах гмінаў, у якіх пражывае нацыянальная меншасць. Толькі ў некаторых месцах Польшчы можна будзе сустрэць двухмоўныя шыльды. Дэпутаты Сейма выдалілі з закона аб нацыянальных меншасцях запіс, які дазваляў самаўрадам увядзенне ў справы другой дзяржаўнай мовы, мовы нацыянальнай меншасці, якая жыве ў дадзенай гміне. Большасць дэпутатаў упэўнены, што ўзровень аховы спраў меншасці ў Польшчы ўзоравы і без гэтага закону. У праекце было напісана, што двухмоўе ва ўстановах і двухмоўныя шыльды будуць дазволены ў гмінах, дзе колькасць меншасці складае 8 працэнтаў. Сейм жа прыняў закон у рэдакцыі, дзе такі дазвол будзе толькі ў гмінах з 50 працэнтамі меншасці. Такім чынам, дазволена двухмоўе было толькі ў 5 гмінах – 4 беларускіх і 1 літоўскай.

Тадэвуш Гавін, які 10 гадоў быў лідэрам польскай меншасці ў Беларусі, адмоўна ацаніў тое, што меншасці ў Польшчы не змогуць выкарыстоўваць у дзяржаўных установах уласную мову як дапаможную. “Моцная дэмакратычная дзяржава павінна дбаць аб сваіх меншасцях”, – сказаў ён.

Палітыка апалячвання цісне на нацыянальныя меншасці, спрыяе асіміляцыі. Больш таго, да гэтай справы сталі далучацца і некаторыя беларусы. Так, праваслаўная царква ў Польшчы больш не можа ўтрымаць сябе ў межах нацыянальнай мовы прыхаджан.

Піша Яўген Вапа ў сваім артыкулы “Самапаланізацыя” (газета “Ніва” (№43):

“Яблык не падае далёка ад яблыні., — гаворыць народная прыказка. Горш, калі гэты яблык разладу. А такім, напэўна, з’яўляецца рашэнне епіскапа Беластоцкага і Гданьскага Іакава наконт увядзення з нядзелі, 16 кастрычніка, польскай мовы ў богаслужбы ў дзвюх беластоцкіх цэрквах. Такім чынам беластоцкі іерарх стаўся спадкаемцам самапаланізацыйнай палітыкі Царквы, якой гарачым прыхільнікам у 30-х гадах ХХ стагоддзя быў епіскап Гродзенскі Сава Саветаў.

Да нас, беларусаў Беласточчыны, якія складаюць вялікую частку праваслаўных вернікаў Польшчы, вестка пра польскія богаслужбы была нечаканасцю і навіной вельмі балючай. Справа ў тым, што ў большасці на плячах нас, беларусаў, спачывае цяжар утрымання праваслаўнай царквы ў Польшчы. Гэта ж за грошы нас, вернікаў, будуюцца небачасныя храмы, якімі ўсе так захапляюцца. Нашы людзі — глыбока веруючыя, адданыя Богу і сваёй нацыянальнасці. Тое, што маюць быць набажэнствы на польскай мове, нас на толькі здзівіла, але забалела і абурыла.

Калі ўводзіцца польская мова, дык узнікае пытанне: а чаму ж не ўвесці беларускую мову? Калі ў праваслаўных храмах на поўдні Польшчы гучыць украінская мова, дык відавочна Бог разумее па-ўкраінску. Бог разумее ўсе мовы свету і быццам бы не хоча разумець не толькі па-беларуску.

Думаю, што беларуская мова так сама зразумелая і мілая Богу, і Бог быў бы ўсцешаны, калі б з Беласточчыны даляталі да Яго малітвы на беларускай мове. Калі ёсць патрэба служыць для некалькіх соцень сапраўдных палякаў, якія прынялі праваслаўе па-польску — калі ласка. Але ж мы, беларусы, шматтысячная і асноўная частка ўсіх праваслаўных вернікаў, ўжо ж колькі гадоў просім і дабіваемся багаслужбаў на беларускай мове. Але іх няма. Гэта для нас вельмі прыкрая справа. З боку духавенства гучаць часта тлумачэнні, што нібыта няма беларускіх перакладаў Святога Пісання. Але ж яны ёсць і пры тым па-суседску. Няўжо цяжка заказаць пераклады, якія выдала Праваслаўная царква ў Беларусі. Гэта не вялікі выпадак. Можна імі забяспечыць і святароў у прыходах, і настаўнікаў рэлігіі ва ўсіх школах. А можа Беларусь і беларускасць толькі тады добрыя, калі бясплатна даюць цэглу і іншыя будаўнічыя матэрыялы на адбудову Супральскага манастыра? Гаворачы аб прычынах увядзення польскай мовы, епіскап Іакаў тлумачыў, што маладыя людзі не разумеюць царкоўнаславянскай мовы і не ведаюць кірыліцы. Сумная праўда аб стане царкоўнай адукацыі. А чаму ж гэта не можна на Беласточчыне весці ў школах навучання закону Божага для дзяцей і моладзі па-беларуску? На пачатак можна было б такія заняткі весці ў тых школах, дзе і так вядзецца навучанне беларускай мовы. А потым пашыраць з карысцю для Царквы і народа. Каб быць разам. А так страчана ўжо столькі гадоў і цэлае пакаленне. Супольнымі намаганнямі можна гэты працэс змяніць, але перад усім мусіць быць добрая воля з боку Царквы. Менавіта ў гэтай дзялянцы павінен актывізаваць сваю працу пасол Яўген Чыквін. Узамен за галасы праваслаўных беларусаў можа паспрыяць, каб мы пачулі Божае слова на роднай мове. Зараз пытанне стаіць гэтак: ці мы хочам мець у царкве вернікаў, ці турыстаў. Тут справа адназначная. Калі хочам мець вернікаў, дык мова павінна быць таксама і беларуская, а калі ў цэрквах ў цэрквах хочам мець турыстаў, каб яны не былі пустымі, то тады — польскую мову.

Трэба памятаць, што моц праваслаўя ў Польшчы заўсёды асноўвалася на тым, што яно падтрымлівала моўную адметнасць. У адным выпадку, калі Царква прынцыпова ставіць націск на польскасць, гэта мне нагадвае прымусовую паланізацыю ў 1930-х гадах, але гэтым разам па сваім жаданні.

З песні і з артыкулу слоў не выкінеш, ды і не дадасі. Застаецца толькі спадзявацца на самасвядомасць і трываласць беларусаў у Польшчы”.

Інфармацыйны цэнтар МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Паводле “Нівы”2004 і 2005 гг.,
“Radio Bialystok” і “Gazeta Wyborcza”
‹‹ на галоўную | у архіў