Юбілейныя святкаванні
У час юбілейнага святкавання саракагоддзя дзейнасці бельскай "тройкі", якое праходзіла 21 кастрычніка ў Комплексе школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Бельску-Падляшскім, была зачытана пастанова Гарадской рады аб наданні школе імя Яраслава Кастыцэвіча. Сабраныя на ўрачыстасці госці, вучні, іх бацькі і настаўнікі пачулі шмат цёплых слоў аб патроне школы Яраславе Кастыцэвічу. Епіскап Бельскі Грыгорый асвяціў мемарыяльную дошку ў гонар бацькі беларускага школьніцтва на Бельшчыне, а дзеткі і моладзь падрыхтавалі багатую мастацкую частку са спевамі, танцамі і дэкламацыяй вершаў. Многія настаўнікі за сваю адукацыйную працу атрымалі ўзнагароды.
Мерапрыемства распачалося з літургіі ў Прачысценскай царкве, якую ўзначаліў епіскап Бельскі Грыгорый. Школьныя ўрачыстасці адкрыў дырэктар Васіль Ляшчынскі, які ў час выступлення пахваліў сваіх папярэднікаў за стварэнне высокага ўзроўню навучання і распавёў пра дзейнасць школы ў мінулым. Рашэннем беластоцкага куратара з 31 жніўня 1965 года Дзяржаўная агульнаадукацыйная школа з беларускай мовай навучання пачатковага і ліцэйскага ўзроўняў была пераўтворана ў дзве самастойныя школы – Агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання і Пачатковую школу № 3, у якой усе вучні вучыліся беларускай мове. У 1985 годзе закончылася будова новых школьных памяшканняў, а ў 1995 годзе была здадзена ў карыстанне спартыўная зала. У 2000 годзе "тройка" пераўтварылася ў Комплекс школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы.
Віншавальны ліст на беларускай мове даслаў мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы Сава, які зачытаў епіскап Бельскі Грыгорый. Уручыў ён дырэктару школы Васілю Ляшчынскаму Бельскую ікону Божай Маці. З віншаваннямі ў адрас школы і яе дырэктара выступілі, між іншым, віцэ-ваявода Ежы Паўяновіч, беластоцкі куратар Зофія Транцыгер-Кочук і старшыня БГКТ Ян Сычэўскі.
Галоўны рэдактар часопіса "Бельскі гостінэць" Дарафей Фіёнік расказаў пра гісторыю школ пры Свята-Мікалаеўскай царкве, якая стаяла на месцы сённяшняй "тройкі" і пасляваенную дзейнасць беларускай школы ў Бельску, з якой вылучылася Пачатковая школа № 3. Пазнаёміў ён прысутных з жыццём святарскай сям'і Кастыцэвічаў і з працай дырэктара Яраслава Кастыцэвіча ў беларускай школе. Паводле Дарафея Фіёніка, Яраслаў Кастыцэвіч аб абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі актам з 25 сакавіка 1918 года даведаўся ў Кіеве. Летам 1920 года пад камандаваннем Міколы Дзямідава ўзнік беларускі батальён пры арміі генерала Станіслава Булак-Балаховіча. У гэтым батальёне за праяўленую ў баі з бальшавікамі адвагу да звання падпалкоўніка быў павышаны штабс-капітан Кастыцэвіч. З дакумента нельга даведацца імя афіцэра. Дарафей фіёнік мяркуе, што быў гэта сам Яраслаў Кастыцэвіч. Старшыня Беларускага саюза ў РП Яўген Вапа пацвердзіў інфармацыі Дарафея Фіёніка і ў час выступлення звярнуў увагу на бел-чырвона-белы сцяг, які ў час урачыстасці красаваўся побач польскага бела-чырвонага сцяга. — Пад бел-чырвона-белым сцягам змагаўся Яраслаў Кастыцэвіч за вольную Беларусь. Хаця спазнаў ён трагедыю чалавечага лёсу, то даказаў, што варта верыць у сваё і трэба быць беларусам, — заявіў Яўген Вапа і, каб выказаць удзячнасць для беларускага героя, уручыў кветкі з бел-чырвона-белай стужкай зяцю Яраслава Кастыцэвіча — Аляксею Сычэўскаму. Яго жонка Святлана Кастыцэвіч-Сычэўская па прычыне хваробы не магла прыбыць на ўрачыстасць і даслала віншавальны ліст, які разам з іншымі зачыталі вядучыя. Былі імі выпускнікі школы, якія цяпер працуюць на Польскім радыё — Маргарыта Пракапюк і Яраслаў Іванюк.
За поспехі ў настаўніцкай і дырэктарскай працы высокія ўзнагароды атрымалі: намеснік дырэктара школы Вера Міхноўская — Крыж кавалерскі Ордэну Адраджэння Польшчы, дырэктар Васіль Ляшчынскі — Залаты крыж заслугі, а другі яго намеснік Мікола Вязоўскі — Сярэбраны крыж заслугі. Былі таксама ўзнагароджаны іншыя настаўнікі, між іншым, настаўніца беларускай мовы Валянціна Бабулевіч.
Зараз у "тройцы" вучыцца 869 асоб і працуюць 84 настаўнікі. Ад 1975 года, калі дырэктарам школы стаў Васіль Ляшчынскі, званне лаўрэата прадметнага конкурсу заваявала 216 вучняў. Вучні "тройкі" часта становяцца пераможцамі ў дэкламатарскім конкурсе "Роднае слова", конкурсах беларускай песні і прадметных конкурсах беларускай мовы. Удала выступаюць з беларускай паэзіяй і песнямі на конкурсах арганізаваных для нацыянальных меншасцей. Зборная каманда тройкі 25 разоў станавілася чэмпіёнам ваяводства, а на ваяводскіх спаборніцтвах вучні індывідуальна здабылі 203 медалі. Пяць разоў вучні "тройкі" здабывалі медалі ў Чэмпіянаце Польшчы па лёгкай атлетыцы.
Дзеткі і моладзь займаюцца ў музычных і танцавальным калектывах, якія выступілі ў час школьнага святкавання. Наймалодшыя спевакі, дзяўчаткі з "Журавінкі", якімі апякуецца Сяргей Лукашук, зацікавілі публіку адважным і займальным выступленнем. Дзяўчаты з музычных калектываў "Вясёлка" і "Капрыс", якія вядзе Анна Вярцінская, удала выступілі з разнародным рэпертуарам. Багатую праграму прэзентавалі дзяўчаты і хлопцы з танцавальнага калектыву "Світанак" (апякун Анна Вярцінская), якія выйшлі на сцэну ў прыгожай народнай вопратцы і паказалі даўнія беларускія танцы. На польскай мове выступіў хор і былі паказаны сцэнкі са школьнага жыцця.
“Яраслаў Кастыцэвіч патрапіў стварыць у беларускай школе сямейную атмасферу, якая вельмі падабалася вучням, што прыйшлі за адукацыяй з вёсак, — сказала настаўніца беларускай мовы Валянціна Бабулевіч. — Сямейную атмасферу стварае таксама наш дырэктар Васіль Ляшчынскі”.
Ад вучняў, іх бацькоў і настаўнікаў дырэктар Васіль Ляшчынскі атрымаў віншаванні з нагоды трыццацігадовага кіравання школай і велізарны букет кветак. Святкаваннямі ўзрушана была моладзь.
— Я рашылася з Гацькоў даязджаць вучыцца ў беларускай гімназіі ў Бельску, бо тут высокі ўзровень навучання. Я хацела вучыцца беларускай мове і задаволена атмасферай у "тройцы", — адзначыла Ганна Мордань.
— Мне падабаецца спяваць па-беларуску і таму я займаюся ў школьным музычным калектыве "Капрыс". Мне вельмі падабаецца беларуская мова і гісторыя Беларусі, — заявіла Аляксандра Лаўранюк.
— Школа мне падабаецца. Ёсць тут многа гурткоў зацікаўленняў і мы прымаем удзел у конкурсах, — сказала Агнешка Рэпнік.
Святкаванні закончыліся выкананнем школьнага гімну "Люблю наш край, старонку гэту" і ўрачыстым абедам.
Аляксей МАРОЗ, газета “Ніва”
Фота АЛЯКСЕЯ МАРОЗА

Васіль Ляшчынскі кіруе "тройкай" 30 гадоў

Перад сабранымі з беларускімі песнямі выступіла многа дзетак

На школьнае святкаванне прыйшлі дзеткі, настаўнікі і бацькі
|