Паэт, рэвалюцыянер, а пасля — фаталіст
Ва ўзросце 53 гадоў памёр паэт Алесь Емяльянаў. У 1988 годзе ён уваходзiў у склад Аргкамiтэта БНФ за перабудову «Адраджэнне». “Сцiплы чалавек на хвалi гiсторыi”, напісаў аб ім Сяргей Навумчык, карэспандэнт “Народнай волі”.
У кнiзе ўспамiнаў “Доўгая дарога дадому” Васiль Быкаў прыгадаў, што Емяльянаў “працаваў кансультантам у СП i набыў вядомасць тым, што прызнаўся, як яго вербаваў КДБ, ды ён не пагадзiўся. Пiсьменнiцкая грамадскасць падвергла яго астракiзму, хоць было невядома, за што: за тое, што яго вербавалi, цi за тое, што ён прызнаўся”.
Але вядомасць прыйшла да Емяльянава раней — увосень 1988 года, калi ён увайшоў у склад Аргкамiтэта Беларускага народнага фронту. Гэты Аргкамiтэт, як вядома, утварыўся на пасяджэннi ў Чырвоным Касцёле 19 кастрычнiка 1988 года. Адной з галоўных мэт было давесцi iнфармацыю пра БНФ да жыхароў не толькi сталiцы, але i правiнцыi. Ну i, канешне, стварыць групы падтрымкi БНФ па ўсёй Беларусi. Рабiць гэта было складана, паколькi ўся прэса знаходзiлася пад поўным кантролем кампартыi. Калi лiтоўскiя, напрыклад, камунiсты, спрыялi стварэнню “Саюдзiса” i выступалi за самастойнасць Лiтвы — дык кiраўнiцтва ЦК КПБ iмкнулася выслужыцца перад Масквой.
6 лiстапада 1988 года, у “Звяздзе” i iншых партыйных газетах, з’явiўся невялiкi артыкул карэспандэнта БелТА “Прыйшла ў рэдакцыю лiстоўка” — пра ўлётку з заклiкам “ствараць групы падтрымкi Народнага фронту Беларусi па месцах працы. Рэгiстрацыя на адрас: Мiнск, вулiца Фрунзе, 5. Саюз пiсьменнiкаў БССР”.
Журналiст звярнуўся па каментарый да старшынi праўлення СП Максiма Танка, але ён не змог пракаментаваць гэта. Так сама адбылося і з сакратаром праўлення СП Валерыем Скварцовым, які запэўнiў, што “Дом лiтаратара не з’яўляецца штаб-кватэрай аргкамiтэта Народнага фронту па той прычыне, што пiсьменнiцкi партыйны сход адхiлiў пункт у рэзалюцыi ў падтрымку Народнага фронту”.
Аднак лiткансультант Саюза пiсьменнiкаў Алесь Емяльянаў сказаў: “У лiстоўцы ўсё дакладна... Можаце пацвердзiць чытачам: я з поўнай адказнасцю ад iмя аргкамiтэта пацвярджаю, што адрас на сённяшнi дзень дакладны. Чаму на сённяшнi дзень? Вы самi выдатна разумееце, што ў любы момант нас могуць адсюль папрасiць”.
Дарэчы, гэтая публiкацыя ў “Звяздзе” ды iншых газетах выклiкала вэрхал у калiдорах ЦК КПБ i разбiральнiцтва з рэдактарамi, якiя яе надрукавалi: “партыйная лiнiя” палягала ў тым, каб наогул замоўчваць факт утварэння Аргкамiтэта БНФ, а тут — хай i зусiм без сiмпатыi — пра гэта пiшуць у органе ЦК КПБ, ды яшчэ падаюць кантактны адрас i прозвiшча чалавека, якi вядзе рэгiстрацыю. Праз некалькi дзён ва ўсiх рэспублiканскiх i абласных газетах з’явiўся артыкул “Пена на хвалi перабудовы”, з тузiнам абвiнавачанняў у бок iнiцыятараў стварэння БНФ.
Але справа была зроблена: з усёй Беларусi ў Дом лiтаратара прыязджалi прыхiльнiкi новаўтворанага Народнага фронту, i першыя пасяджэннi Аргкамiтэта праходзiлi ў Доме лiтаратара...
Апошнія гады спадар Алесь адышоў ад палітыкі, займаўся ў асноўным творчасцю і працаваў... Час ад часу яго творы з’яўляліся ў “ЛІМе”... А студэнтам, з якімі ён працаваў, усёй сваёй дзейнасцю ён прывіваў любоў да беларускай мовы, літаратуры і, наогул, да Беларусі.
На пахаваннi Емяльянава практычна не было нi палiтыкаў, нi пiсьменнiкаў.
Алесь Емяльянаў не казаў пра сваю ролю ў справе апошняй хвалi нацыянальнага Адраджэння — але вось ён, бясспрэчна, застанецца ў гiсторыi гэтай хвалi.
Дар’я Сацукевіч, прэс-сакратар МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Па матэрыялах газеты “Народная воля” і ўспамінах студэнтаў.