Сусветная акцыя салідарнасці
Дванаццаць кіламетраў ішлі маршам студэнты
у падтрымку дэмакратычных арганізацый у Беларусі прайшлі 15
кастрычніка ў Вялікабрытаніі, Канадзе, Польшчы, ЗША, Турцыі,
Непале, Гане, на Тайвані і ў ЮАР. Аб гэтым паведаміла газета
“Беларусы і рынак”. Мэта маршаў была падтрымка беларусаў у пабудове
дэмакратыі і прыцягненне амерыканцаў і жыхароў іншых краін да
“глабальнай дэмакратычнай плыні”.
Студэнты ў суботу пешшу ішлі па сталіцах сваіх
краін, апрануўшы майкі з беларускай сімволікай і трымаючы ў
руках транспаранты і плакаты са слоганамі накшталт: “студэнты
за глабальную дэмакратызацыю” (SGD — Students for Global Democracy).
Дванаццаці кіламетрам маршруту быў нададзены сімвалічны сэнс
— колькасць год, якія прэзідэнт Беларусі правядзе на сваёй пасадзе,
да часу выбараў 2006 года.
Накірункі маршаў выбіраліся каардынатарамі на
месцах. На прыклад, у Лондане марш пачынаўся каля амбасады Кыргыстана
і працягваўся праз амбасады Украіны, Грузіі (як краін “пераможных
рэвалюцый”), а так сама Арменіі, Расіі і Эстоніі і скончыўся
ля амбасады Беларусі.
Дарэчы, у брытанскіх студэнтаў не было магчымасці
атрымаць амерыканскія футболкі з беларускай сімволікай (кошт
кожнай быў 15 USD), таму яны размалёўваліся і самі рабілі сабе
плакаты.
Шаснаццатага ж кастрычніка акцыі салідарнасці
прайшлі ў бліжнім замежжы.
Напрыклад акцыя салідарнасці, з сем’ямі зніклых
беларускіх палітыкаў, сем’ямі палітвязняў і ўсімі, хто змагаецца
за дэмакратыю ў Беларусі, адбылася ў Варшаве і Познані. А арганізавана
яна была Культурна-Асветніцкім Цэнтрам у Познані (ад якога нам
былі дасланы фотаздымкі). Падобныя акцыі ў той самы час адбыліся
ў Беластоку, Лодзі, Гдыні і Уроцлаве.
Каля сотні, ў асноўным маладых людзей, прыйшлі
на вуліцу Новы свят – гэта ў самым цэнтры Варшавы. Прысутныя
трымалі бела-чырвона-белыя сцягі, транспарант з надпісамі ”Мы
салідарныя з Беларуссю”. Удзельнікі акцыі выцягнуліся ў жывы
ланцуг ўздоўж “Новага святу”, трымаючы свечкі белага і чырвонага
колераў.
Для “Радыё Свабода” даў свае каментарыі Антось
Цялежнікаў (адзін з кіраўнікоў Звязу на карысць дэмакратыі ў
Беларусі – арганізацыі, якая наладзіла акцыю ў Варшаве): “Як
вы бачыце, тут сёння большасць моладзі, студэнтаў, якія яшчэ
год таму бралі ўдзел у акцыях у падтрымку ўкраінскай рэвалюцыі.
Я спадзяюся, што нашы акцыі, нашы захады прынясуць вынік, падобны
да ўкраінскага. Свечка — гэта сімвал надзеі, сімвал надзеі на
вольную, дэмакратычную Беларусь”.
Пастаяўшы пэўны час у ланцугу са свечкамі, удзельнікі
акцыі з беларускімі нацыянальнымі сцягамі накіраваліся ў бок
старога гораду, дзе адбываўся ўрачысты канцэрт з нагоды Дня
Папы — свята, якое адзначаецца ў дзень нараджэння Яна Паўла
ІІ. Там, каля касцёла святой Ганны, які наведваў Папа ў часе
адной са сваіх пілігрымак на радзіму, свечкі былі выстаўленыя
ў тры паласы – белую, чырвоную і белую.