Летапіс СПБ

Хроніка дзеяння

Гісторыя Саюза палякаў Беларусі пачалася ў 1987 г., калі Тадэвуш Гавін спрабаваў правесці праз газету “Гродзенская праўда” артыкул аб грамадзянах польскай нацыянальнасці, у якіх няма магчымасці вывучаць родную мову. Артыкул тады не надрукавалі. Тым не менш, намаганнямі Гавіна і яго аднадумцаў быў закладзены першы камень у падмурак Дома Саюзаў палякаў у 1992 г. У 1995-м г. у Гродна была адчынена школа з навучэннем на польскай мове. Так, амаль праз паў стагоддзі пасля таго, як усе польскія школы былі зачынены, пачалося адраджэнне і станаўленне самасвядомасці палякаў Беларусі.

СПБ стала арганізацыяй, якая аб’яднала 25 тысяч аднадумцаў з 400 тысяч грамадзян Беларусі, называўшых сябе палякамі. Польская мова пачала выкладацца ў 280 школах і дзіцячых садках Беларусі, працавалі 16 польскіх Дамоў, дзве польскія школы. Друкаваліся перыядычныя выданні на польскай мове. У 2000 годзе адбыўся V з’езд СПБ, на якім быў абраны новы лідэр Саюза Тадэвуш Кручкоўскі. Ён змяніў Тадэвуша Гавіна, адпрацаваўшага на арганізацыю 12 год. Са зменай кіраўніцтва, па словах некаторых членаў СПБ, арганізацыя страціла часам напрацаваныя добрыя адносіны з шэрагам дэмакратычных грамадскіх арганізацый Беларусі. За тое, падчас заезду ў Гродна, А. Лукашэнка заўважыў, што ён рады пабачыць у Саюзе палякаў Беларусі “нармальных людзей”. У самой жа арганізацыі праходзіў раскол на “патрэбных” і “непатрэбных” уладзе.

Першым такім “непатрэбным” стаў звольнены адміністратар Дома польскага Станіслаў Богуш, якому не далі працаваць нават пасля вырашэння суда аднавіць яго на працоўным месцы. Да таго ж быў звольнены адзін з заснавальнікаў Гандлёва-прамысловай палаты Зыгмунд Пелуць, а былы старшыня СПБ Тадэвуш Гавін абвінавачаны ў супрацоўніцтве з КДБ. Уся гэта інфармацыя выходзіла праз СМІ на ўсеагульнае разгляданне.

Тадэвуш Кручкоўскі быў гісторыкам, дацэнтам кафедры агульнай гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэту. Час ад часу ў пракуратуру прыходзілі заявы аб хабары, які Кручкоўскі быццам бы атрымліваў за прыстройванне абітурыентаў у навучальныя ўстановы Польшчы, затым яго абвінавачвалі ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў і незаконным бізнесе праз Гандлёва-прамысловую палату пры СПБ. Але факты злоўжывання не пацвердзіліся.

У 2003 г. старэйшыя сябры СПБ галадалі, каб прыцягнуць увагу грамадства да парушэнняў статуту іх арганізацыі, бо больш за год не збіраўся Галоўны савет. У сродках масавай інфармацыі Кручкоўскі тлумачыў адсутнасць дзейнасці адсутнасцю грошаў для запрашэння 35 чалавек на пасяджэнне. Савет адбыўся, хаця і быў зачынены для прэсы. Пачаўся ён з абвінавачвання Кручкоўскага ў хабарніцтве. Намеснік кіраўніка савету Юзэф Пажэцкі прапанаваў звольніць кіраўніка СПБ і арганізаваць з’езд. Прапанова не прайшла, але ў хуткім часе Міністэрства юстыцыі папярэдзіла арганізацыю ў парушэннях статуту па справаводству, за якое адказваў Пажэцкі, на падставе чаго дзейнасць грамадскай арганізацыі можа быць спынена.

Па статуту арганізацыі ў лістападзе 2004 г. меўся адбыцца з’езд СПБ. Галоўны савет зноў палічыў, што Тадэвуш Кручкоўскі можа спрабаваць блакіраваць мерапрыемства і звольнілі яго з пасады. Сам жа Кручкоускі абгрунтаваў немагчымасць збіраць з’езд з-за адсутнасці фінансавання з боку Польшчы. Вылучэнне грошай затрымлівалася са снежня мінулага года.

Справай зноў зацікавілася Міністэрства юстыцыі. Ад Галоўнага савету патрабавалі хуткай змены рашэння аб звальненні Кручкоўскага з пасады кіраўніка, а арганізацыю зноў папярэдзілі.

У гэты час, у снежні 2004 г. распачынаецца новы скандал з удзелам Тадэвуша Кручкоўскага. Студэнтка пятага курса Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта абвінаваціла яго ў прымушэнні да сумесных зносін. Разглядзеўшы заяву ўніверсітэт перадаў яе ў пракуратуру. Па пастанове пракуратуры і ўніверсітэцкай даведкі Тадэвуш Кручкоўскі спасылаўся на палітычную падаплёку скандалу, звяртаючы ўвагу на тое, што заява студэнткі з’явілася за тры месяцы да запланаванага справаздачна-выбарнага з’езду СПБ, на якім спадар Кручкоўскі планаваў пераабірацца на другі тэрмін.

Яшчэ адна недарэчнасць — у Кручкоўскага спалена машына. Падпальшчыкі не знойдзены.

Далей, сп. Кручкоўскі абвінавачвае Юзэфа Пажэцкага ў крадзяжы службовага аўто, але факт не пацвердзіўся, тады ён звяртаецца ў міліцыю з заявай, што Пажэцкі падчас размовы ўдарыў яго ў твар. Пажэцкі не прызнаў гэтага, але суд вынес рашэнне аб 10 сутках адміністрацыйнага арышту. Выкананне прыгавору адбылося праз месяц, якраз падчас правядзення з’езду.

VI з’езд СПБ

У Гродна з’ехаліся 289 дэлегатаў. Асноўнай мэтай было выслухаць справаздачу былога кіраўніка аб праведзенай працы і выбраць новага. Т.Кручкоўскаму давялося выслухаць у свой адрас шмат абвінавачванняў. Вылучэнне кандыдатаў на месца кіраўніка пачалося каля дванаццатай гадзіны. Асноўная барацьба разгарнулася паміж Т.Кручкоўскім, за якога прагаласавала 116 дэлегатаў, і А.Борыс, былым кіраўніком аддзелу адукацыі Саюза палякаў Беларусі. За яе прагаласавала 152 удзельніка з‘езду. Пасля афіцыйнай перамогі, спадарыня Борыс зрабіла некалькі заяў: “Я не жадаю каб саюз палякаў быў адзіным цэлым”, таксама яна заявіла, што грамадскае аб’яднанне не будзе ўвязвацца ў вялікую палітыку, не будзе прымаць удзел у палітычных акцыях. Асноўнай мета арганізацыі з’яўляецца развіццё польскай культуры і мовы на тэрыторыі Беларусі.

Пасля з’езду сутыкнуліся два бакі ў грамадскай арганізацыі: прыхільнікі змен у СПБ, якія галасавалі за Анжэліку Борыс, і другі бок, што быў задаволены працай Кручкоўскага. Вось гэты “другі бок” і звярнуўся ў Міністэрства юстыцыі са скаргамі... Міністэрства запрасіла матэрыялы з’езда для праверкі яго легітымнасці і правамоцтва. Аб’яднанне не прадставіла дакументы ў час і з-за гэтага зноў было папярэджана... Потым Міністэрства юстыцыі Беларусі не прызнала правамоцным VI з’езд Саюзу палякаў Беларусі і легітымнасць абранага на ім кіраўніка. Загадам №168/1, ад 16.06.2005, патрабавала, каб былое кіраўніцтва на чале з Кручкоўскім правяло паўторны з’езд. На што галоўны спонсар Саюза палякаў, грамадская арганізацыя Wspolnota Polska вырашыла, што ў выпадку вяртання беларускімі ўладамі былога кіраўніка, бюджэт Польшчы скончыць фінансаванне СПБ.

Апасля, Т.Кручкоўскі, разам з тэлебачаннем, на камеры якога значылася “ЛАД”, увайшоў у Дом Саюзу палякаў Беларусі і запатрабаваў у Анжэлікі Борыс пячатку і ключ ад працоўнага кабінета. Борыс адказала спадару Тадэвушу, што ён ужо не з’яўляецца сябрам СПБ, таму ключ можа быць перададзены толькі па пісьмовым дазволе Саюза палякаў.

Тым часам улады Польшчы абвясцілі аб спісе чыноўнікаў Беларусі -- “персон нон-грата” на тэрмін у тры гады. У ім значацца і Тадэвуш Кручкоўскі, і некаторыя сябры СПБ, і Міністр юстыцыі Беларусі В.Галаванава, прадстаўнікі КДБ і Камітэта па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў.

Даволі хутка суд Ленінскага раёну Гродна вынес рашэнне аб кампенсацыі маральнай страты ў памеры тры мільёны рублёў настаўніку Гродзенскага ўніверсітэта Тадэвушу Кручкоўскаму. Ён падаў у суд на студэнтку, якая абвінаваціла яго ў згвалтаванні.

Абараніце польскую меншасць

Аб тым, што для польскай меншасці пачаўся цяжкі час сведчаць шмат фактаў, гэта і забарона культурных мерапрыемстваў і тое, што жыццё некаторых лідэраў СПБ апынулася ў небяспецы.

20 чэрвеня кіраўнік Ракаўскага аддзялення Саюза, Юзэфа Варакса, была забіта. Некалькі дзён да гэтага тэлебачанне зрабіла матэрыял аб мільёнах даляраў з-за мяжы, дасланых Саюзу палякаў Беларусі. Ёсць меркаванні, што гэта гісторыя зрабіла Вараксу мішэнню для крымінальных спроб знайсці тыя грошы, якія ў СПБ не бачылі. Аліна Ярашэвіч знікла, і толькі праз некаторы час стала вядома, што яна ў псіхіятрычнай клініцы з нервовым зрывам.

Усё гэта было звязана з Кангрэсам СПБ, дзе Анжэліка Борыс (31-гадовая настаўніца) змяніла Тадэвуша Кручкоўскага. Тадэвуш Кручкоўскі быў вернуты на пасаду кіраўніка і пачаў сваю працу з крытыкі ў бок спадарыні Борыс, па тэлебачанні.

Паводле слоў Анжэлікі Борыс, яна і яе аднадумцы праследуюцца. Яна кажа: “шматлікія з вядучых прадстаўнікоў Саюза жывуць у штодзённым страху... на працягу трох тыдняў кантралюемае дзяржавай тэлебачанне паказвае праграмы, інкрымінуючыя палякам абсурдныя абвінавачванні ў падрыхтоўкі рэвалюцыі ў Беларусі”.

У тыя ж часы з Беларусі быў высланы аташэ Польскага пасольства, якога абвінавацілі ў падрыхтоўцы да змены пануючага ладу ў Беларусі. У адказ афіцыйная Варшава выслала аднаго беларускага дыпламата, адклікала для кансультацыі пасла Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь і нагадала праз Польскага міністра замежных спраў Адама Ротфельда, які выступіў на Саміце Савету Еўропы, што адэкватныя меры будуць прыняты супраць усіх тых, хто не дае спакою польскай меншасці ў Беларусі. Сёння Пасол Польшчы ў Беларусі вярнуўся ў Беларусь для далейшага выканання сваіх абавязкаў.

Дар’я Сацукевіч, прэс-сакратар МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Артыкул складзены паводле сайту Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, навінаў на TUT.BY, РІА “Навіны”, газет: “Беларускі рынак”, “Савецкая Беларусь”, “Беларуская Газета”, “Беларуская дзелавая газета”, BBCrussian.com і “Радыё свабода”.
‹‹ на галоўную | у архіў