Сустрэчы ў Бельгіі.
Завяршыўся візіт дэлегацыі Рады БНР у Брусель. Прадстаўнікі Рады БНР сустракаліся ў Еўрапарламенце з прадстаўнікамі Еўрапейскіх Камісій, якія непасрэдна займаюцца дачыненнямі з Беларуссю. Таксама адбылася размова ў офісе Высокага прадстаўніка ў справах агульнай замежнай палітыкі і палітыкі ў галіне бяспекі. Удзел у размовах бралі: старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, намеснік старшыні Сяргей Навумчык, сакратар унутраных спраў Вячка Станкевіч ды супрацоўнік сакратарыяту вонкавых спраў Мікола Пачкаеў.
Тэмай гутарак былі гарантыі незалежнасці Беларусі. Абмяркоўвалася магчымая дапамога краінаў Еўрасаюзу беларускай дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці. Па-першае — гэта пераадоленне інфармацыйнай ізаляцыі і прапаганды з боку рэжыму, тэхнічныя і моўныя акалічнасці еўрапейскіх праектаў вяшчання на Беларусь. У прыватнасці, прадстаўнікі Рады БНР закранулі праблему радыёвяшчання на Беларусь, адзначыўшы, што рашэнне распачаць перадачы радыёстанцыі “Нямецкая хваля” на Беларусь па-руску не ўлічваюць асаблівасці моўнай сітуацыі ў краіне. Па-другое — прапановы адносна механізмаў еўрапейскай падтрымкі справы дэмакратызацыі на Беларусі і падтрымкі грамадзянскай супольнасці.
Абмяркоўвалася магчымасць стварэння еўрапейскага фонду салідарнасці для падтрымкі ахвяраў палітычнага пераследу і іхных сем’яў, выказалася пажаданне, каб і Еўрасаюз прыняў нешта падобнае да амерыканскага “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”.
Падчас сустрэчы ішла канкрэтызацыя магчымых інструментаў, якія Еўразвяз мог бы скарыстаць для перамогі дэмакратыі і росту дабрабыту ў Беларусі, што ёсць мэтай еўрапейскай палітыкі добрасуседства.
З нагоды візіту Рады БНР у Бельгію старшынёй Беларуска-Еўрапейскага Задзіночання (БЭЗ) Зміцерам Піменавым і каардынатарам Беларускай Уніі Ігарам Лазарчуком была зладжана ўрачыстая сустрэча прадстаўнікоў Рады БНР з беларускай дыяспарай у горадзе Антверпене. У якасці паважаных гасцей былі запрошаныя прадстаўнікі старой хвалі эміграцыі спадар Янка Жучка ды спадарыня Зоя Смарчок-Жэлязоўская, а гэтаксама асістэнт Парламенцкай Асамблеі НАТА Вольга Стужынская, асістэнт па праграмах у краінах Усходняй Еўропы Аліна Бельская, асістэнт віцэ-спікера Еўрапарламента Янка Чурыловіч. На заканчэнні было адзначана неабходнасць больш шчыльнага супрацоўніцтва дыяспары ў Бельгіі з Радай БНР.
Напрыканцы візіту адбылося наведванне месца пахавання Міколы Равенскага ў горадзе Лювэне. Парах беларускай грэка-каталіцкай царквы Ян Майсейчык адслужыў ліцію за спачын душы беларускага кампазітара.
Па інфармацыі Сайта беларусаў Эўразьвязу і карэсп. “Радыё свабода” Сяргея Навумчыка |