Плённы візіт у сталіцу чэшска-мараўскага краю.
5 кастрычніка дэлегацыя “Звязу Беларусаў замежжа” наведала старажытны, другі па значнасці, па памерах і колькасці жыхароў пасля Прагі горад Брно.
Запрасілі сяброў Звязу сюды “Маладыя кансэрватары” (МК) – гэта маладзёвая арганізацыя адной з найбуйнейшых чэшскіх партый – Грамадзянскай дэмакратычнай партыі. З пражскай штаб-кватэрай МК Звяз Беларусаў супрацоўнічае ўжо пэўны час, і вось зараз наладжана супрацоўніцтва з брноўскім філіялам.
Шэф “Маладых кансэрватараў” горада Брно Ян Стрэлічка і ягоныя калегі падрыхтавалі разнастайную праграму візіту беларусаў у сталіцу Маравіі. Адбылася сустрэча дэлегацыі з прыматарам (г.зн. мэрам) Брно спадаром Рыхардам Свабодаю. Падчас размовы старшыня Звязу Беларусаў замежжа Аўген Сідорык праінфармаваў уплывовага чэшскага палітыка аб апошніх падзеях у Беларусі, у прыватнасці, аб той сітуацыі, якая складаецца там пасля абрання адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнскіх выбарах у ліпені 2006 года. А таксама аб дзейнасці сваёй арганізацыі па падтрымцы дэмакратычнага руху ў Беларусі, аб сувязях з іншымі аб’яднаннямі беларускай палітычнай эміграцыі ў Еўропе. Спадар мэр падзякаваў за інфармацыю і, у сваю чаргу адзначыў, што няблага было б, каб чэшскія палітыкі падтрымалі дэмакратычныя сілы ў Беларусі не толькі словам, але і канкрэтнымі справамі. Ён прапанаваў кіраўніцтву Звязу разглядзець варыянты стажыроўкі ў Брно некалькіх беларускіх дэмакратычна накіраваных палітыкаў мясцова-раённага ўзроўню. Бакі дамовіліся аб тым, што Звяз дашле да канцэлярыі мэра канкрэтны план стажыроўкі, а потым гэты праект разгледзіць Рада горада Брно.
Таксама былі абмеркаваны і іншыя магчымыя сумесныя акцыі: не выключаецца, напрыклад, культурнае супрацоўніцтва паміж беларускімі дзеячамі з розных галінаў мастацтва і брноўскім магістратам.
Пасля гэтае размовы на юрыдычным факультэце Масарыкавага ўніверсітэта ў Брно адбыўся семінар на тэму: “Беларусь – апошняя еўрапейская дыктатура”. Арганізавалі яго тыя ж актывісты з “Маладых кансерватараў” Брно (Ян Стрэлічка ды іншыя). У семінары прынялі ўдзел: доктар паліталогіі спадар Гольцэр, магістр паліталогіі Гловачэк, старшыня Звязу Беларусаў замежжа А.Сідорык. Іх прамовы выслухалі больш за 60 студэнтаў універсітэта. Размова была шчырая, гучалі нават сумненні адносна магчымасці беларускага грамадства ў бліжэйшы час перамагчы ўласную пасіўнасць і страх перад рэпрэсіямі альбо непазбежнымі пераменамі. Песімізму вучоных палітолагаў супрацьстаяў аптыміст А.Сідорык, перакананы, што беларусы сёння не тыя, што былі ў 2001 годзе. Спасылаючыся на абранне 2 кастрычніка Аляксандра Мілінкевіча як адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкія выбары 2006 года, сцвярджаў: “Гэта той чалавек, які здольны павесці народ за сабой на вуліцы, калі, хутчэй за ўсё, вынікі галасавання будуць фальсіфікаваныя”.
Па паведамленні Аляксандра Дацій |