Прызнанне і пакуты. Узнагароды і штрафы.
Карэспандэнтка “Новай газеты” ў Беларусі, карэспандэнтка “БДГ. Дзелавой газеты” Ірына Халіп атрымала ад амерыканскага часопіса “Тайм” званне “Герой Еўропы”. Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 24 кастрычніка ў Лондане.
У намінацыі “Адважнае сэрца”, у якой да звання “Героя Еўропы” прадставілі журналістку, лаўрэатамі таксама сталі Фларанс Абена, журналістка французскага выдання “Ліберасьён”, якая была скрадзена ў Іраку, і машыніст лонданскага метро Джэф Портар, які дапамагаў людзям падчас тэрактаў 7 ліпеня.
У інтэрв’ю Бі-бі-сі Ірына Халіп распавяла, што, на яе погляд, зараз свет цікавіцца падзеямі ў Беларусі.
Напрыклад, часопіс “Тайм”, які аб’явіў прэміі “Герой Еўропы”, шмат год увогуле не ўзгадваў аб Беларусі. Але два тыдні таму ў “Тайм” апублікаваны артыкул аб праекце “Вольны тэатр”.
Таксама ў сваім інтэрв’ю ўжо сусветна вядомая журналістка распавяла аб сваёй працы, аб сітуацыі вакол “БДГ” з-за перарэгістрацыі, бо нельга скарыстоўваць у назвах слова “беларускі”. Аб тым, чаму беларуская газета друкуецца ў Смаленску. Аб тым, якія судовыя справы зараз пагражаюць газеце...
І адразу ж! Прыйшло паведамленне, што судом Кастрычніцкага раёна Мінска задаволены іск Аркадзя Мар да намесніка рэдактара “БДГ. Дзелавой газеце” Ірыне Халіп і выдаўца газеты, прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Марат”. Журналістка і выдавецкая фірма прызнаныя вінаватымі ў знявазе гонару і годнасці Мара. Ірына Халіп павінна выплаціць па прызначэнні суда 10 мільёнаў рублёў, а выдавец газеты — 50 мільёнаў.
І ўсё гэта за апублікаванне ў “БДГ” артыкула, у якім аўтар сцвяржае, што газеты “Руская Амерыка” не існуе і Аркадзь Мар не з’яўляецца яе рэдактарам. Надрукаваны ён быў адразу пасля сустрэчы і інтэрв’ю Мара з Аляксандрам Лукашэнка. Суд палічыў такія заявы не абгрунтаванымі і прызначыў вышэй азначаныя штрафныя санкцыі “БДГ”. Сам Мар лічыць, што іншага рашэння быць проста не магло.
Цікава, якой будзе рэакцыя часопіса “Тайм”, калі там даведаюцца, што іх намінантка пакутуе ад судовых рашэнняў?
Дар’я Сацукевіч, прэс-сакратар МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” |