Беларусь з Літвой супрацоўнічаюць!

Асабліва падчас “Нацыянальных выстаў”.

Зараз, з 5 па 8 кастрычніка 2005 года, у Літоўскім выставачным цэнтры ЛітЭКСПА ў Вільнюсе, праходзіць IV Нацыянальная выстава Рэспублікі Беларусь “БеларусьЭКСПА — 2005”.

Арганізатарам выставы з беларускага боку выступаюць УП “БелІнтэрЭкспа” Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, Міністэрства гандлю і Міністэрства замежных спраў.

Партнёрамі з літоўскага боку з’яўляюцца Канфедэрацыя прамыслоўцаў Літвы, Асацыяцыя эканамічнага супрацоўніцтва Літоўскай рэспублікі і Рэспублікі Беларусь, а таксама Выставачны цэнтр ЛітЭКСПА.

Эканомікі Беларусі і Літвы ўзаемазалежныя.

Паводле матэрыяла газеты “Голас радзімы”, магчыма ўявіць сабе, на якім узроўні беларуска-літоўскія эканамічныя адносіны.

Аўтарка матэрыялу “Беларуская эканоміка ў Еўрапейскім кантэксце”, Кацярына Немагай, у размове з кіраўніком аддзела ўпраўлення Еўропы Міністэрства замежных спраў Беларусі Вольгай Даўгаполавай, прыходзіць да высноў, што Літоўская Рэспубліка — адзін з асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі. А мінулагодняе ўступленне Літвы ў Еўрапейскі Саюз унесла карэкціроўкі як у эканамічнае і культурнае супрацоўніцтва, так і ў памежнае суіснаванне краін-суседак.

Суразмоўца прыводзіць прыклады, што па выніках гандлю Рэспублікі Беларусь з краінамі па-за межамі СНД у 2004 годзе Літва заняла пятае месца па тавараабароце, экспарту і імпарту. З Літвы да нас паступае ў асноўным прадукцыя крытычнага імпарту і тавары прамыслова-тэхнічнага прызначэння: зерне, камбікорм, насенне для пасеваў, а таксама дэталі да апаратуры... Экспартуюцца галоўным чынам нафта і нафтапрадукты, вырабы дрэваапрацоўчай прамысловасці, металы, калійныя ўдабрэнні, трактары...
Толькі вось пасля ўступлення Літвы ў Еўрапейскі Саюз значна павысіліся мытныя і транзітныя тарыфы. Але паступова праблемы вырашаюцца. Так, пасля адкрыцця ў мінулым годзе ў Вільнюсе вытворчасці па зборцы аўтамабіляў МАЗ аўтазаводцы пазбавіліся 22% мытнай пошліны, якія існуюць на пастаўку беларускіх грузавікоў у краіны ЕС.

Па словах Вольгі Даўгаполавай, патэнцыял двухбаковага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай сферы вельмі вялікі. Дзеля гэтага вельмі важна вырашыць пытанне аб адкрыцці прадстаўніцтваў і філіялаў беларускіх банкаў для прыцягнення крэдытных рэсурсаў, узмацнення фінансавай падтрымкі экспарту, павелічэння аб’ёмаў банкаўскіх паслуг.

Дарэчы, у 2004 годзе аб’ём літоўскіх інвестыцый у эканоміку Беларусі склаў 11,94 мільёна даляраў. У мінулым годзе было зарэгістравана 50 новых прадпрыемстваў з літоўскім капіталам, і на першае студзеня 2005 іх агульная колькасць дасягнула 250, устаўны фонд якіх складае больш за 20 мільёнаў даляраў. У Літве ж зарэгістравана каля 280 прадпрыемстваў з удзелам беларускага капіталу з устаўным фондам у памеры 2,6 мільёна даляраў.

Акрамя банкаўска-фінансавага супрацоўніцтва спадарыня Даўгаполава адзначыла значнасць для нашай краіны Клайпедскага порта, бо праз яго — самы блізкі транзіт для краіны. І калі нацыянальны гандлёвы марскі флот будзе створаны на базе Клайпедскага, то Беларусь атрымае ад літоўскага боку пэўныя прэферэнцыі па тарыфах на заход судоў і іх абслугоўванне.

У заключэнне, Вольга Даўгаполава паведаміла, што значных поспехаў удалося дасягнуць у справе паляпшэння стану пропуску турыстаў праз дзяржаўную мяжу. На сённяшні дзень адсутнічае чарга на пунктах пропуску з Літоўскай Рэспублікай, а працэдура праходжання памежных і мытных фармальнасцяў займае не больш гадзіны.

Празрыста-непраглядная мяжа.

Па звестках “Голаса радзімы”, консульскія зборы за выдачу віз паніжаны.

З 1 ліпеня для грамадзян Беларусі і Літвы кошт аднаразовых і двухразовых транзітных віз паніжаны да 5 еўра, шматразовых — да 25. Дамоўленасць аб гэтым дасягнутая па выніках беларуска-літоўскіх кансультацый Міністэрстваў замежных спраў, якія прайшлі ў чэрвені ў Полацку (Віцебская вобл.).

Перспектыўная беларуская школа ў Літве.

Інтэрв’ю Алены Спасюк, карэспандэнта “Голаса радзімы”, з Галінай Сівалавай, дырэктарам беларускай школы імя Францішка Скарыны, прыцягвае ўвагу, бо ўзнімае ўсеагульныя пытанні школ нацыянальных меншасцей за мяжой.

Школа імя Францішака Скарыны ў Вільнюсе — асяродак беларускай культуры. Шэраг прадметаў у школе выкладаецца на беларускай мове. Спецкурс “Этнакультура Беларусі” знаёміць з этнічнымі асаблівасцямі беларускай мовы і культуры. Але ў школе ганарацца не толькі тым, што выхоўваюць беларускасць у сваіх вучняў, але іх высокім узроўнем адукацыі.

Зараз у школе навучаецца 136 дзяцей. У гэтым годзе яе скончыла 20 чалавек: шэсць накіравалася на вучобу ў Беларусь (паступілі як у сталічныя ВНУ, так і ў Полацкі ўніверсітэт), астатнія працягваюць вучыцца ў Літве (хто не трапіў у ВНУ, працягвае вучыцца ў каледжах) і толькі тры навучэнцы паступілі на платнай аснове.

На пытанне журналіста “дзеці з якіх сем’яў вучацца ў вашай школе?” Галіна Сівалава адказала: “Калі меркаваць па вучнях 12 класа, пяць сем’яў — беларускія, 13 — змешаныя, у астатніх сем’ях беларусаў няма”.

На тое, што ж схіляе бацькоў да высновы, што дзіця трэба аддаваць у беларускую школу, дырэктар упэўнена — узровень адукацыі. Дакладней — вывучэнне некалькіх моў, агульнае навучэнне бясплатнае (акрамя студый і спартыўных секцыі) і індывідуальны падыход.

Літва фінансуе школу, як і ўсе навучальныя ўстановы краіны, не болей, але і не меней. У школе ёсць кабінет экалогіі, кабінет літоўскай мовы. Дапамагае ім і Беларусь. Так, дзякуючы беларускаму боку, быў абсталяваны камп’ютарны клас, у чытальнай зале магчыма пазнаёміцца з перыёдыкай, знайсці рэдкія беларускія кнігі.

У школе заўсёды рады гасцям, але наязджаюць яны вельмі рэдка, а галоўнай складанасцю для існавання школы спадарыня дырэктар лічыць адарванасць ад беларускай дыяспары., адсутнасць у Літве беларускага культурнага цэнтра. І самая вялікая праблема — рэклама школы, паведамленне пра іх дзейнасць. Навучальная ўстанова не можа займацца сваім PR-ам, а хто ж тады гэта будзе рабіць?

Інфармацыйны цэнтр МГА «ЗБС “Бацькаўшчына”»
Паводле інфармацыі “Голас радзімы”.
‹‹ на галоўную | у архіў