“Народнай волі” не дапамагла і воля народа.
Юбілейнае дзесяцігоддзе адзначаў калектыў “Народнай Волі” 11 ліпеня, і ніхто не ўяўляў, што адбудзецца ў хуткім часе... Тады быў падрыхтаваны васьміпалосны юбілейны 2194-ы нумар, а рэдактар казаў, што пакуль ён жыве, газета будзе выходзіць: “Я не магу здрадзіць тым людзям, што стаяць за мной, — рэдакцыю і чытачоў газеты”.
3 чэрвеня пачаліся судовы працэс па іску спадара Гайдукевіча да газеты. У “Народнай Волі” было апублікавана два артыкулы, што закраналі тэму атрымання вялікіх грашовых сродкаў з Ірака. З артыкула вынікала, што ўся любоў Гайдукевіча да Саддама Хусейна залежыць выключна ад атрымання яго структурамі нафтавых квот.
Пад час судовага паседжання галоўны рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч прапанаваў дакументы і паказанні сведкаў у падтрыманне сваёй пазіцыі: доказы атрымання ЛДПБ квот на шэсць мільёнаў барэляў нафты, а так сама доказы таго, што іракскія супрацоўнікі спадара Гайдукевіча спрабавалі вярнуць сабе 600 тысяч долараў.
Першы артыкул “Гаспада апазіцыянеры (і не толькі) не ступайце на адны і тыя ж граблі” і быў надрукаваны на першай паласе “НВ” яшчэ ў лютым. Па словах Сяргея Гайдукевіча, ён быў скампраметаваны як дэпутат. У газеце былі скарыстаны падробленыя дакументы, сцвярджаў сп. Гайдукевіч. А таму ў суд Ленінскага раёна горада Мінска падаў іск на 200 мільёнаў беларускіх рублёў.
Прайшлі судовыя разбіранні, і Ленінскім судом г. Мінска 14 чэрвеня быў задаволены іск лідэра ЛДПБ на кампенсацыю маральнага ўрону ў памеры 100 мільёнаў рублёў. У каментарыях карэспандэнту Euramost.org на пытанне, ці не будзе так, што з-за непамерных штрафаў грамадства страціць адзіную недзяржаўную штодзённую газету, адказала шэф-рэдактар “НВ” Святлана Калінкіна:
“Гэта цяжкае пытанне. Мы спадзяемся, што ў касацыйных інстанцыях сумы будуць паніжаны... Але, у любым выпадку, ні ў воднай краіне такія іскі не маглі б знішчыць газету... Цікава, што годнасць Гайдукевіча ў Беларусі аказалася самай каштоўнай. Нават даражэй, чым у свой час годнасць сённяшняга главы прэзідэнцкай адміністрацыі Віктара Шэймана (ён жа былы генеральны пракурор) і главы Саўбеза. У гэтым ёсць нават нейкая палітычная некарэктнасць...”
Але ж ніякія касацыйныя інстанцыі не скасавалі судовага рашэння аб кампенсацыі маральнага ўрону сп. Гайдукевічу ў памеры 100 мільёнаў рублёў. Газета павінна была выплаціць гэтыя грошы да кастрычніка. У рэдакцыі адбылося апісанне маёмасці, акрамя гэтага арыштаваны банкаўскі рахунак. На пагашэнне штрафу дапамагалі збіраць грошы чытачы!
30 верасня газета “Народная воля” ў поўным памеры аплаціла штраф па іску лідэра ЛДПБ Сяргея Гайдукевіча. Аб гэтым БелаПАН паведаміла Святлана Калінкіна. Але не гледзячы на гэта, з 1 кастрычніка 2005 года “Народную волю” адмовілася друкаваць друкарня “Чырвоная Зорка” і распаўсюджваць “Мінсксаюздрук”. Прычына — нібыта не выплачаны штраф.
Яшчэ 28 верасня ад УП “Белсаюздруку”, за подпісам дырэктара М.В.Падгайнага, прыйшло паведамленне (№ 07-676), дырэктару УП “Народная Воля”, у якім: «УП “Белсаюздрук” інфармуе Вас аб датэрміновым скасаванні дамовы № 38 ад 8.10.2004 г. з 01.10.2005 г. у сувязі з апублікаваннем у сродках масавай інфармацыі звестак і матэрыялаў, якія супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь, патрабаванням Закона Рэспублікі Беларусь “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі” (арт., 5,32)».
Затым галоўны рэдактар газеты атрымаў паведамленне ад ААТ “Чырвоная Зорка” (№ 01-07/1075), за подпісамі дырэктара Н.І.Маланяка і юрысконсульта Р.А.Конанава. Тэкст паведамлення вельмі падобны на раней цытаваны: «...Паведамляю Вам аб тым, што з 01 кастрычніка 2005 года ААТ “Чырвоная Зорка” парывае дамову № 6 ад 03 студзеня 2005 года на выпуск газеты “Народная воля” ў аднабаковым парадку.
Падставы: п.6.2 дамовы №6 ад 03 студзеня 2005 года на выпуск газеты “Народная Воля”.
На 28 верасня 2005 года запазычанасць УП “Народная воля” перад ААТ “Чырвоная Зорка” складае 2 476 774 рублі».
А пад вечар да Іосіфа Паўлавіча Сярэдзіча прыйшло трэцяе пісьмо, ужо ад УП “Мінгарсаюздрук”, за подпісам дырэктара І.В.Дудзіча (№ 01-02/1394). Тэкст: «УП “Мінгарсаюздрук” інфармуе Вас аб датэрміновым скасаванні дамовы № 58 ад 14.12.2004 г. на рэалізацыю перыядычнага выдання “Народная воля” з 01.10.2005 г. у сувязі з апублікаваннем у сродках масавай інфармацыі звестак і матэрыялаў, якія супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь, патрабаванням Закона Рэспублікі Беларусь “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі” (арт. 5.32), і адносна пункта 7.4 вышэйназванай дамовы».
Не гледзячы на тое, што штраф быў пагашаны, рэдакцыі не давялося знайсці ў Мінску ніводнай тыпаграфіі, якая б пагадзілася выдаваць “Народную волю” (па словах С.Калінкінай). Ды і не толькі ў Мінску, а і ў рэгіянальных тыпаграфіях ім адмаўлялі. Тады шэф-рэдактар заявіла, што калі газету ўсё ж адмовяцца друкаваць у Беларусі, то газета звернецца да паслуг расійскіх тыпаграфій. “Як і шматлікім незалежным беларускім выданням, нам прыйдзецца друкавацца ў Смаленску. Хоць для штодзённага выдання гэта будзе вельмі цяжка”.
30 верасня ў тыпаграфіі “Чырвоная Зорка” быў надрукаваны апошні (у гэтай друкарні) нумар газеты “Народная воля” (№ 191), які разышоўся толькі па падпісчыкам 1 кастрычніка.
4 кастрычніка да падпісчыкаў прыйшоў чарговы нумар “НВ”, надрукаваны ў смаленскай тыпаграфіі. На першай паласе, пад рубрыкай “SOS!”, быў надрукаваны зварот да чытачоў “У франтавых умовах”: “Шаноўныя прыхільнікі “Народнай Волі”! Нумар, які Вы зараз трымаеце ў руках, рыхтаваўся, так сказаць, у франтавых умовах. Мы яшчэ не ведалі, дзе будзе аддрукавана газета — у Мінску, Вільнюсе, Смаленску, Маскве, Варшаве...
Ведаем адно, “Народная воля” вытрымае ўсе выпрабаванні...”
Зараз рэдакцыя газеты працуе ў напружаным рэжыме, бо, выходзячы пяць разоў на тыдзень праз смаленскую тыпаграфію, прыходзіцца рыхтаваць нумары загадзя. Тым не менш, падпісчыкі будуць атрымліваць вольную газету, а для астатніх, можа, яна будзе з’яўляцца ў прыватных прадпрымальнікаў (кшталту бабулек у падземных пераходах).
P.S.: Акрамя закрыцця “Народнай волі” некага можа ўразіць яшчэ і весткі аб тым, што з кастрычніка абяцаюць закрыць сайты photo.by. і архіўны сайт фотаздымкаў на promedia.by
Дар’я Сацукевіч, прэс-сакратар МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|