Віцебскія пакуты

З 14 верасня прэса перапоўнена інфармацыяй аб выбухах у Віцебску. І афіцыйныя заявы, і высновы аналітыкаў, і даследаванні журналістаў, і звароты пакрыўджаных падследных... Не дзіва.

Выбух раз, выбух два.

Першы выбух адбыўся 14 верасня, у 18.45 на праспекце Фрунзе, побач з прыпынкам грамадскага транспарта “Плошча Свабоды”. Спрацавала самаробнае выбуховае ўстройства (металічная скрынка з балтамі і цвікам). У пацярпелых тады было зафіксавана двое: жанчына 1968 года нараджэння і вучань 11-га класа. Яны адразу былі гаспіталізаваны і атрымалі неабходную медыцынскую дапамогу. На месцы здарэння працавалі следча-аператыўныя групы УУС, УКДБ, УМЧС і Кастрычніцкага РАУС. 15 верасня па гэтаму факту была ўзбуджана ўгалоўная справа па артыкулу 339 ч. 3 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь. Дадзеная кваліфікацыя — асоба злоснае хуліганства.

Другі выбух адбыўся праз тыдзень, 22 верасня ў 22.17, каля летняга кафэ “Эрыдан” і дома № 35 па вуліцы Леніна. Хацелася б заўважыць, што гэта самы цэнтр — побач Віцебская ратуша, праз 300 метраў Упраўленне КДБ па Віцебскай вобласці, сам дом №35 — помнік архітэктуры ХІХ ст., у якім змяшчаюцца гандлёвы цэнтр і офісныя памяшканні. Па звестках “Камсамольскай праўды”, месца было выбрана з разлікам: тут збіраецца віцебская моладзь, грае мясцовы гурт “Вакзал”, а ў той вечар было асабліва людна — з канцэртнага зала, што побач, выходзілі гледачы пасля канцэрта.

Па дадзеных Савета бяспекі, за дапамогай у медыцынскія ўстановы звярнулася 43 чалавекі, для працяглага абследвання пакінула 36 пацярпелых, восем гаспіталізавана, тры чалавекі ў цяжкім стане, але пагрозы жыццю няма. Па звестках інфармагенцтваў колькасць пацярпелых павялічылася да 50, але гэта не афіцыйныя звесткі. У панядзелак у шпіталі заставалася 28 пацярпелых, якім неабходна была медыцынская і псіхалагічная дапамога. Пазней псіхіятры прадчуваюць хвалю фобій (жах перад адкрытай прасторай, грамадскім транспартам, натоўпам людзей), якая праяўляецца на працягу 30-40 дзён.

Грамадска-медыйныя чуткі

Грамадскімі чуткамі падарвалі яшчэ адно кафэ, тры аўтобусы і маршрутнае таксі...

Медыйныя чуткі — гэта рознабаковасць у каментарыях, аналізу і варыянтах абвінавачвання.

Расійскае выданне “Камсамольскай праўды” піша, што версію аб ісламскіх тэрарыстах знялі адразу. “Няма сэнсу. Ірак і Іран — першы круг міжнародных кантактаў беларускага прэзідэнта... Да таго ж Беларусь была адзінай краінай у Еўропе, якая падтрымлівала іранскую ядзерную праграму”.

Польскае выданне “Газета выборча” сцвярджае, што абодва выбухі “з’яўляюцца прапагандысцкім ударам па рэжыму... у Беларусі няма тэрарызму. Няма так сама бізнэсмэнаў-бандытаў, як у суседняй Расіі...”. Так сама “Газета выборча” прыводзіць разважанні эксперта па Беларусі Рафала Садоўскага, які працуе ў варшаўскім Цэнтры ўсходніх даследванняў: “Меркаванне, што за злачынствам стаіць рэжым, зараз не мае ніякіх доказаў”. Па яго меркаванні, гаворка ідзе аб бандыцкіх разборках альбо дзеянні вар’ята.

Латвійская газета “Час” публікуе факты і версіі праваабарончых арганізацый “выбух уВіцебску — просты крымінал”.

Цікавую версію распрацоўвае “Беларуская дзелавая газета”: “Не гледзячы на тое, што з-за малой моцы выбуховага ўстройства і яго прымітыўнасці праваабарончыя органы і ўлада не вераць у тэрарыстычны акт, звяртае на сябе ўвагу тое, што да выбуху на маладзёвай тусоўцы злаўмыснікі рыхтаваліся. Апрабавалі першую самаробную бомбу, на кветніку, а другую прынеслі ў натоўп. І калі першы выбух сапраўды падобны на хуліганства, то другі — на абдуманую акцыю. Ды і піўная бляшанка выбрана не дарэмна. На маладзёвай сходке ніхто не зверне ўвагі на пакінуўшага на зямлі банку.

... артыкул 289 УК РБ (тэрарызм) не пакідае ніякіх сумненняў у кваліфікацыі здарэння: “арганізацыя выбуху, альбо іншых дзеянняў, што складаюць небяспеку гібелі людзей, нанясення ім цялесных пашкоджанняў... з разлікам запалохвання насельніцтва, альбо паўплывання на прыняцце рашэнняў дзяржаўнымі органамі, ці скасавання палітычнай, іншай грамадскай дзейнасці”. У выніку, выбух быў, небяспека людскіх страт была, цялесныя пашкоджанні зафіксаваны ў 31 чалавекі, мэты (запалохванне насельніцтва і зрыў ярмаркі) дасягнуты”.

У заключэнні аглядальнік БДГ прыходзіць да высноў, што “ў краіне атмасфера псіхалагічнай напругі. Гэта асабліва заўважна сярод моладзі...”

Афіцыйныя дзеянні

З 23 верасня ў горадзе ўведзена аперацыя “Правапарадак”, з вуліц зніклі летнія кафэ і навесы кшталту “Эрыдан”. Увечары цішыня: забаўляльныя ўстановы не арганізуюць феерверкаў — рэакцыя людзей на “жарты” непрадказальная. Да таго ж аператыўнікі абшукваюць “дрэнныя” кватэры-прытоны, месцы пражывання маладых актывістаў ад апазіцыі.

Па інфармацыі “Радыё Свабода”, “ператрусы ў моладзёвых апазыцыйных актывістаў распачаліся ў ноч на суботу: у палове другой гадзіны, чацьвёра міліцыянтаў зьявіліся да 22-гадовай студэнткі Алены Стук з “Маладога фронту”. Дзяўчына дагэтуль уражаная тым, што яе падазраюць у злачынстве, з-за якога ў шпіталях апынулася каля чатырох дзесяткаў чалавек.

... Нічога не знайшоўшы, міліцыянты сышлі. А ў суботу зранку стала вядома пра новыя ператрусы....”, якія прайшлі ў кіраўніка тутэйшай маладзёвай філіі АГП Дзяніса Дзянісава, у кватэры кіраўніка “Маладога фронту” Віктара Шляхціна, сябра моладзевай суполкі “Седьмая грань”Сцяпана Цішуціна.

Вячаслаў Яўстаф’еў, кіраўнік абласнога міліцэйскага упраўлення паведаміў у пятніцу па мясцовым тэлебачанні пра дадатковыя міліцэйскія сілы, выкліканыя ў Віцебск і пра тое, што затрыманыя пяцёра падазраваных у выбуху 22-га верасня. Дарэчы, па некаторых звестках яны ўжо на волі.

У выходныя губернатар і мэр наведалі пацярпелых у шпітале, тых хто быў паранены падчас выбуху 22 верасня абяцаюць накіраваць у санаторый і матэрыяльна дапамагчы.

Пра фобіі

Калі звярнуцца да інтэрнэт-рэсурсаў, напрыклад, форумаў, то дзіву даешся, што нават мясцовыя жыхары з Віцебска не могуць паверыць, што нехта мог так здрадзіць сваёй краіне (гавораць пра “сваю краіну”, бо давяраюць версіі “крымінал альбо хуліганства”). Не могуць зразумець навошта? А апошні час вельмі жорстка адгукаюцца на пошукі злачынцаў сярод апазіцыянераў: “Шукайце злачынцу, замест таго, каб ганяць апазіцыянераў!”
Тым не менш спадарства стала пільна адносіцца да наваколля і асабліва незнаёмых рэчаў. На працягу трох дзён міліцыя атрымала пяць паведамленняў аб нічыйных рэчах. У суботу, у 15.30 быў спынены рух па вуліцы Якуба Коласа (г. Мінск), бо ў адным з трамваяў пільныя грамадзяне заўважылі забытую сумку. На прыпынку “Плошча Я.Коласа” трамвай спыніла міліцыя і эвакуіравала пасажыраў... толькі нічога выбухованебяспечнага ў сумцы не было.

Памылковых зваротаў было яшчэ чатыры. Праявы такой пільнасці супрацоўнікі праваахоўных органаў звязваюць з віцебскімі выбухамі.

У чацверг адказнасць за выбухі ў Віцебску ўзяла на сябе Беларуская народна-вызваленчая армія (БНВА). Нагадаю, БНВА ўжо выступала з шокавымі заявамі: так, у сярэдзіне ліпеня гэта “арганізацыя” “замініравала” некалькі будынкаў раённых адміністрацый у Мінску і ўзяла на сябе адказнасць за сход з рэльсаў шасці вагонаў таварнага цягніка... Дарэчы, у Савеце Бяспекі заяву БНВА лічаць несур’ёзнай.

Дар’я Сацукевіч, прэс-сакратар МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
‹‹ на галоўную | у архіў