диаспора РБ Минск Менск белорусская диаспора
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету

Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўшчына


Навіны (галоўная) Архіў навін Хто мы Хронiка дзейнасцi З'езды беларусаў свету Кантакты Банкаўскія рэквізіты Архіў бюлетэня
Гісторыя Галерэя дзеячаў База дадзеных Сайты дыяспары Перыёдыка Могілкі Помнікі
Грамадскія арганізацыі СМІ Дыпламатычныя прадстаўніцтвы Даведнік
"НІВА" "БЕЛАРУС" "Крывія"
Еўрапейскае радыё для Беларусі Радыё "Рацыя" "Радыё Швецыя" Радыё "Палонія" Deutsche Welle

90-БНР

Беларускі Інтэрнэт

МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№11(№70)
лiстапад
2007
IНФАРМАЦЫЙНЫ БЮЛЕТЭНЬ

запампаваць pdf-версію бюлетэня

Змест:

  

ВІНШАВАННІ

Віншаванне Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы з нагоды святкавання гадавіны Слуцкага паўстання

“Дарагія Суродзічы,

11-га лістапада трыццаць тысяч Канадыйцаў сабраліся ў сталіцы Канады кругом помніка маладым змагаром, якія “ПАЙШЛІ ПАМІРАЦЬ ЗА НАШУЮ ВОЛЮ”. Гэтыя словы былі на вуснах усіх прысутных. Шмат людзей плакалі. Увесь край з удзячнасцю глядзеў, як найвышэйшыя асабістасці Канады і прадстаўнікі краінаў усяго свету клалі вянкі на магіле невядомага жаўнера Канады.

У лістападзе ў Беларусі нашыя слаўныя Случчакі таксама пайшлі паміраць — “ПАЙШЛІ ПАМІРАЦЬ, КАБ ЖЫЛА БАЦЬКАЎШЧЫНА”. З гэтымі словамі, вышытымі на штандары, дзесяць тысяч змагароў, войска зняможанай ужо бальшавікамі Беларускай Народнай Рэспублікі, узялі ў рукі зброю, каб бараніць свой народ ад новае няволі.

Рэспубліка Беларусь аднак не будзе адзначаць гэтага гераічнага збройнага чыну. Толькі аднадумцы Случчакоў аддадуць ім чэсць, як гэта мы робім ува ўсім свеце кожны год.

Дарагія Сябры, вітаю ўсіх Вас з слаўным чынам нашых Слуцкіх герояў. Ганаруся імі. Ганаруся сваім народам, які, абвясціўшы незалежнасць Беларусі пасля доўгае няволі, знайшоў у сабе сілу і мужнасць, каб бараніць сваю маладую дзяржаву.

Заклікаю ўсіх Вас належна адзначыць наш слаўны Дзень Герояў і з удзячнасцю прыпомніць тых, хто пайшоў паміраць, каб жыла Бацькаўшчына.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,

Старшыня Рады БНР”

Віншаванне МГА “ЗБС “Бацькаўшчыны” з нагоды ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну

27 лістапада беларусы па ўсім свеце адзначаюць угодкі Слуцкага антыбальшавіцкага паўстання. Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” віншуе ўсіх з 87-ымі ўгодкамі Слуцкага збройнага чыну, з Днём герояў.

У 1920 г. жыхары Случчыны распачалі няроўны бой за незалежнасць Беларусі. Прыкладна месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна з мясцовых сялянаў, аказвалі супраціў савецкім войскам. Паўстанне было падаўленае, але імёны герояў, якія змагаліся за Беларусь, за незалежнасць нават у безнадзейнай сітуацыі, назаўсёды застануцца ў нашай памяці.

Жыве Беларусь! Слава Героям!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”

Навіны дзейнасці Агульнанацыянальнага аргкамітэту па святкаванні 90-годдзя БНР

Завяршаецца праца над дэталёвым планам дзейнасці Агульнанацыянальнага аргкамітэту па святкаванні 90-годдзя БНР. Працягваецца ўзгадненне дзеянняў з суполкамі беларускай дыяспары. Ідэю правядзення мерапрыемстваў цягам усяго наступнага года падтрымалі многія беларускія арганізацыі замежжа з Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Расіі, Украіны, Польшчы, ЗША, Канады і Чэхіі.

Нагадаем, што Агульнанацыянальны аргкамітэт у ліпені 2007 г. заснавалі вядомыя грамадска-палітычныя дзеячы, пісьменнікі, мастакі, а таксама буйнейшыя грамадскія арганізацыі Беларусі (“ЗБС “Бацькаўшчына”, ТБМ, СБП і інш.). Ачоліла Аргкамітэт старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, сустаршынямі абраныя Генадзь Бураўкін, Радзім Гарэцкі, Аляксей Марачкін. За гэты час да Аргкамітэту далучыліся шэраг вядомых беларускіх палітычных і грамадскіх дзеячаў, партый і рухаў – БНФ, КХП-БНФ, “Рух за Свабоду”.

У межах падрыхтоўкі да святкавання 90-годдзя БНР цягам усёй восені ладзяцца творчыя сустрэчы па рэгіёнах Беларусі з такімі вядомымі пісьменнікамі, як Вольга Іпатава, Уладзімір Арлоў, Эдуард Акулін, Леанід Дранько-Майсюк. Сустрэчы адбываюцца на базе мясцовых бібліятэк, дамоў культуры і музеяў. Геаграфія паездак пісьменнікаў дастаткова шырокая – Полацк, Наваполацк, Магілёў, Брэст, Кобрын, Орша, Германавічы, Віцебск, Лепель, Гомель. У межах святкавання 90-годдзя адбыўся і канцэрт вядомага беларускага барда Зміцера Бартосіка ў Оршы. Да канца гэтага года плануецца шэраг канцэртаў у розных гарадах Беларусі.

Падрыхтаваныя праекты зваротаў, у тым ліку да дзяржаўных органаў Беларусі, аб прызнанні наступнага года – Годам беларускай дзяржаўнасці. Пасля ўзгаднення са старшынёй Аргкамітэту звароты будуць накіраваныя ў адпаведныя дзяржаўныя і міжнародныя структуры. Пасля зацвярджэння дэталёвага плану, ён будзе дасланы суполкам беларусаў замежжа.

Чарговае пасяджэнне Агульнацыянальнага аргкамітэту плануецца ў другой палове снежня.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

90 год БНР ва Украіне

Беларусы Севастопаля плануюць далучыцца да абвешчанай МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” акцыі па святкаванні 90-годдзя беларускай дзяржаўнасці і правесці шэраг мерапрыемстваў.

“Севастопальскае таварыства беларусаў імя Максіма Багдановіча ўпершыню адзначыла гадавіну БНР дзесяць год таму, – паведаміў старшыня таварыства Валеры Барташ. – З таго часу мерапрыемствы праводзіліся штогод 25 сакавіка”.

У межах святкавання 90-годдзя БНР беларусы Севастопаля запланавалі:

1) Ускладанне кветак на магілу Максіма Багдановіча ў Ялце.

2) Пікет у падтрымку незалежнасці Беларусі з узняццем вялікага бел-чырвона-белага сцяга ў цэнтры горада.

3) Правядзенне сходу, прысвечанага юбілею.

4) Публікацыя артыкула ў мясцовай газеце.

5) Прыём сяброў у сядзібе.

6) Адкрыццё выставы “Пагоні не разбіць, не спыніць, не стрымаць”.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Шведскі вопыт працы з лямцам для беларусаў

Праект МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” і ГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” рэалізуецца ў шчыльным супрацоўніцтве са шведскімі партнёрамі “IKC” і “Forum syd”. У яго межах 3–4 лістапада прайшоў майстар-клас “Праца з лямцам”, а 5 лістапада – семінар па арганізацыі мабільных выставаў. Праводзілі абодва мерапрыемствы шведскія майстры і лектары.

Майстар-клас доўжыўся два дні, у кожны з якіх збіралася група больш за 30 чалавек. Усе заняткі вяла Гуніла Паэтаў С’ёберг, найвядомейшы ў Швецыі майстар па працы з лямцам.

Асноўную частку навучання склала, натуральна, практыка: удзельнікі спасцігалі сістэму працы з лямцам, навучыліся рабіць з гэтага матэрыялу ўпрыгожанні, лялькі, сядушкі і інш. Тэарэтычных заняткаў было не так шмат. Але і за гэты час арганізатары паспелі паказаць слайды з прыкладамі вырабаў з лямцу шведскіх і фінскіх майстроў, кожнай жа практычнай частцы папярэднічаў падрабязны расповед майстра, што і як трэба рабіць.

5 лістапада разглядаліся праблемы арганізацыі мабільных выставаў: навучанне па гэтай тэме правёў куратар Этнаграфічнага музею ў Стакгольме Клас Гюнтэр.

Арганізатары з беларускага боку распавялі, што па выніках плануюць адкрыць гурткі працы з лямцам. У далейшым будуць мець месца новыя сумесныя праекты са шведскімі партнёрамі.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Збор сродкаў на кнігу пра Васіля Быкава

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” апякуецца выданнем і абвяшчае збор сродкаў на кнігу “Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах”, уклалальнік якой журналіст Сяргей Шапран.

Гэтая кніга, у якой упершыню настолькі падрабязна, у энцыклапедычнай форме, з пацвярджэнем кожнага факта дакументамі, распавядаецца і пра жыццё, і пра творчасць Васіля Быкава. Яго жыццёвы шлях асвячаецца сістэмна і цалкам, уключна з грамадскай і палітычнай дзейнасцю. Не абмінуў увагай укладальнік і пахаванне В. Быкава, і звязаны з ім грамадскі рэзананс, калі развітацца з народным пісьменнікам прыйшлі дзесяткі тысячаў беларусаў.

Акрамя таго, у кнізе шырока прадстаўленая літаратурная крытыка на творы В. Быкава, ягоныя выступы, стэнаграмы выступаў пісьменнікаў, партыйных дзеячаў, закрытыя выдавецкія рэцэнзіі і інш., успаміны пра В. Быкава пісьменнікаў, сяброў і родных, перапіска (большасць лістоў прадстаўлена ўпершыню).

Рукапіс ужо атрымаў шэраг станоўчых рэцэнзій. Так, народны паэт Рыгор Барадулін сказаў пра кнігу: “Можна смела назваць подзвігам працу Сяргея Шапрана па збору матэрыялаў, аналізу творчасці Васіля Быкава. Гэта кніга фактычна – энцыклапедыя творчасці Васіля Быкава. Яе трэба выдаць абавязкова. Гонар таму, хто спрычыніцца да выдання ўнікальнай кнігі, будзе высокі”.

Шаноўнае спадарства! Выдадзім гэтую ўнікальную кнігу талакой! Усіх ахвотных дапамагчы, мы просім звяртацца па тэлефонах: +375 29 632 00 92 (Алена Макоўская) альбо +375 29 625 83 78 (Ніна Шыдлоўская).

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

ВІНШУЕМ

Маем гонар павіншаваць з Днём нараджэння сяброў Вялікай Рады арганізацыі, якія нарадзіліся ў снежні: Радзіма Гарэцкага, Уладзіміра Роўду, Марыю Садоўскую, Аляксандра Сцепаненку, Станіслава Шушкевіча (Беларусь), Язэпа Паўловіча (Германія), Надзею Дробіну (Канада), Міхася Андрасюка (Польшча).

З асаблівым пачуццём віншуем нашых юбіляраў: Вячаслава Сіўчыка (Беларусь) з 45-годдзем і Андрэя Рубцова (Іспанія) з 40-годдзем.

Прыміце ад нас шчырыя пажаданні шчасця, доўгага жыцця, выдатнага здароўя, натхнёнай працы, духоўнай і творчай самарэалізацыі на карысць беларускага народу і Бацькаўшчыны.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

АБВЕСТКІ

Інтэрактыўная мапа беларускай дыяспары

На сайце “Беларусы свету – Знайдзі сваіх” з’явілася інтэрактыўная мапа беларускай дыяспары”.

На гэтую мапу кожны можа дадаць сябе асабіста ці сваю суполку. Старонка даступная па адрасе: my.knihi.com/mapa

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчыны”

НАВІНЫ

Лёвэн, Бельгія

1 лістапада на могілках горада Лёвэна ўжо традыцыйна сабраліся беларусы, якія жывуць у Бельгіі і іншых краінах Еўропы. Мэтай іхняга прыезду было ўшанаванне памяці палеглых і памерлых за незалежнасць Беларусі.

Святаром беларускай грэка-каталіцкай царквы горада Антверпена а. Янам Майсейчыкам была адпраўленая паніхіда па св. памяці Міколе Равенскім і па ўсіх памерлых беларусах на чужыне і на Бацькаўшчыне.

Пра дзейнасць вядомага беларускага кампазітара Міколы Равенскага ў Бельгіі распавёў радны БНР сп. Янка Жучка, адзін з удзельнікаў сусветна вядомага беларускага хору: “Мікола Равенскі да апошняга дня свайго жыцця намагаўся зрабіць як найбольш, ён вельмі хацеў запісаць на кружэлках тое, што мы спявалі. І дзякуючы ягоным намаганням, у нас гэта атрымалася… Ён быў цяжка хворы, але да апошняй часіны жыў Беларуссю”.

Пасля царкоўнай службы і грамадзянскай паніхіды адбыўся памінальны абед.

Паводле газеты “Беларус”

Нью-Ёрк, ЗША

У Нью-Ёрку 3 лістапада прайшла XXVI сесія Рады БНР, на якую прыбылі радныя з краінаў Еўропы і Паўночнай Амерыкі.

Раніцай адбылося пасяджэнне Прэзідыуму Рады БНР. У поўдзень пачала працу сесія. Перш за ўсё ўдзельнікі ўзгадалі тых радных, якія адышлі ў лепшы свет цягам апошніх двух гадоў, ад часу правя-дзення папярэдняй сесіі.

Падчас пасяджэння, якое зацягнулася да позняга вечара, разглядаліся пытанні, што тычыліся працы Рады БНР у розных краінах свету, а таксама падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі.

Удзельнікі сесіі зацвердзілі прыняцце чатырох новых сябраў Рады БНР.

На сесіі былі прынятыя рэзалюцыя і пастанова.

Рэзалюцыя XXVI сесіі Рады БНР прысвечаная захаванню беларускіх гістарычных здабыткаў: “Рада БНР указвае на недапушчальнасць ужывання гаспадарчых матываў для знішчэння гістарычных і археалагічных помнікаў”. Таксама Рада нагадала пра грамадзянскую адказнасць спецыялістаў і прадстаўнікоў ураду пры прыняцці рашэнняў аб захаванні гістарычнай спадчыны.

Пастанова XXVI сесіі Рады БНР “Аб падтрымцы беларускай моладзі” скіравана супраць пераследу беларускай нацыянальна свядомай моладзі: “Рада БНР выказвае падтрымку ўсім тым маладзёвым актывістам, якія знаходзяць у сабе смеласць выступаць у абарону беларускай Незалежнасці, нацыянальных і дэмакратычных каштоўнасцяў. Рада БНР звяртаецца да парламентаў і ўрадаў з заклікам ужыць усе магчымыя сродкі ціску на афіцыйны Менск дзеля як найхутчэйшага вызвалення Змітра Дашкевіча, Артура Фінькевіча, іншых палітзняволеных, спынення крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу маладзёвых актывістаў”.

Паводле газеты “Беларус”

***

25 лiстапада галоўная святыня Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы – Сабор Святога Кірылы Тураўскага адзначаў 50-гадовы юбілей з дня першага набажэнства.

Спачатку ў царкоўнай зале адбылася ўрачыстая літургія. Далей у грамадскай зале перад гасцямі выступiлi Р. Гарошка, В. Кiпель, А. Орса-Рамана, В. Станкевiч, М. Сагановіч, А. Калбун з прамовамі аб гiсторыі набыцця i станаўлення сабору. Сабор атрымаў шмат падарункаў, добрых пажаданняў. Беларускі ансамбль сям’і Казакоў падтрымаў радасную атмасферу прыгожай музыкай. Сястрынства Сабору прыгатавала смачныя беларускія пачастункі.

Працягам урачыстасці стала адкрыццё выставы беларускага мастака Генадзя Драздова. Пры дапамозе Беларускага Музею ў Нью-Ёрку было прадстаўлена каля 20 ягоных твораў, якія аб’ядноўвае тэматыка хрысціянскіх каштоўнасцяў. Аўтар растлумачыў сэнс карцін і зачытаў некалькі сваіх вершаў.

Трэба адзначыць, што дзякуючы грашовай і працоўнай ахвярнасці адноўлены і ўпрыгожаны Сабор Святога Кірылы Тураўскага служыць цэнтрам дзейнасці беларускай эміграцыі на ўсю краіну. Можна спадзявацца, што вернікi ды беларускія патрыёты і надалей будуць збірацца ў гэтым кутку роднага краю на чужыне.

Наталля Рабава, www.belmov.org

Таронта, Канада

Адна са старэйшых беларускіх арганізацый Паўночнай Амерыкі Згуртаванне беларусаў Канады правяла свой 41 з’езд напрыканцы кастрычніка ў Таронта. З’езды ЗБК праходзяць кожныя два гады.

З’езд сабраў сяброў арганізацыі пераважна з Антарыя, дзе і жыве большасць канадскіх беларусаў. Прыехалі як дэлегаты старэйшага пакалення, так і моладзь.

З прывітальным словам да з’езду выступіла Старшыня Рады БНР сп-ня Івонка Сурвілла.

Дэлегаты абмеркавалі справаздачу Галоўнай Управы ды далі ацэнку працы арганізацыі за апошнія два гады. Адзначалася сталая праца з дзяржаўнымі ўстановамі краіны. Не сакрэт, што цяперашні кансерватыўны канадскі ўрад значна актывізаваўся ў сваёй знешняй палітыцы. У Еўропе гэта асабліва было відаць на прыкладзе Украіны, а пазней і Беларусі. ЗБК са свайго боку своечасова заяўляла пра ўласную пазіцыю адносна галоўных падзеяў у Беларусі ды іх водгукаў у Канадзе, даводзіла свае ідэі да Ураду праз парламентарыяў федэральнага ўзроўню.

Пасля дакладу Галоўнае Управы дэлегаты заслухалі і прынялі справаздачы скарбніка і старшыні Нагляднай Рады.

Падчас дыскусіі аб галоўных напрамках дзейнасці на наступныя два гады выказвалася шмат прапановаў ды парадаў. Шмат меркаванняў было наконт таго, як прыцягнуць больш неабыякавых людзей да працы ў арганізацыі.

Праца арганізацыі ды яе Галоўнай Управы за апошнія два гады была ацэнена вельмі высока. Старшынёй Галоўнай Управы большасцю галасоў абраны Зміцер Элляшэвіч.

Паводле www.belaruscanada.com

Вентспілс, Латвія

Шмат колераў і адценняў, тэмбраў галасоў, унікальных элементаў народных традыцый увабраў у сябе IV міжнародны фестываль “Вентспілскі вянок–2007”.

Сёлета ў свяце ўдзельнічалі 25 калектываў і салістаў, якія прадстаўлялі 11 нацыянальных культур, у тым ліку латышскую, літоўскую, рускую, украінскую і беларускую, татарскую і башкірскую, румынскую, малдаванскую і яўрэйскую.

З усёй Латвіі з’ехаліся ў горад на Венце таленты. “Вентспілскі вянок” яшчэ раз праявіўся як фестываль наватарскі. І ў плане не толькі тэхнічных сродкаў, але і мастацкіх форм. Відовішчным і непаўторным быў гала-канцэрт у алімпійскім комплексе “Вентспілс”. Арганізатары змаглі ўсё наладзіць гэткім чынам, што выступленне прайшло на адным дыханні.

“Вентспілскі вянок” – фестываль міжнародны. У гэтым годзе замежным удзельнікам фестывалю стала сямейнае трыо “Ваакс” з Магілёўскай вобласці Беларусі. Гэты калектыў выступіў не толькі на гала-канцэрце, але і парадаваў вентспілчан на другі дзень асобным канцэртам у гарад-скім цэнтры культуры, дзе сваё майстэрства паказаў таксама рускі ансамбль песні і танца “Крывічы”. 

Паводле www.svitanak.lv

Даўгаўпілс, Латвія

Літаратурная вечарына, прысвечаная 125-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, адбылася ў Цэнтры беларускай культуры ў Даўгаўпілсе.

Удзел у імпрэзе ўзялі дзеці 6-й сярэдняй школы імя Яніса Райніса і студэнты Даўгаўпілскага ўніверсітэту, якія вывучаюць беларускую мову, а таксама сябры таварыства “Уздым”. Прагучалі вершы нашых класікаў на рускай, беларускай, польскай, латышскай, нямецкай і англійскай мовах. Трыо “Ластаўкі” выканала песні “Мой родны кут”, “Дудка” на словы Купалы і Коласа.

Вядучая імпрэзы Яўгенія Гуляева паспрыяла таму, каб вечарына прайшла ў цёплай і добразычлівай атмасферы. Нават дарослыя ўспомнілі школьную праграму і на памяць прачыталі вершы беларускіх класікаў.

Хочацца адзначыць, што мерапрыемствы, прысвечаныя 125-гадоваму юбілею класікаў беларускай літаратуры, праходзяць у гэтым годзе не толькі па ўсёй Беларусі, але і ва ўсіх беларускіх таварыствах замежжа.

Таццяна Бучэль, Даўгаўпілс

Рыга, Латвія

23 лістапада адбылася сустрэча беларусаў Латвіі і лідэра незарэгістраванага руху “За свабоду”, былога кандыдата ў прэзідэнты ад аб’яднанай апазіцыі Беларусі Аляксандра Мілінкевіча.

Першым пытаннем, якое задаў госць, было пытанне аб становішчы Рыжскай беларускай школы.

“Беларуская школа ў Рызе была заснавана ў 1994 г. таварыствам “Світанак”. Сёлета ў адпаведнасці з латвійскім заканадаўствам яна паспяхова прайшла чарговую дзяржаўную акрэдытацыю і атрымала яе на максімальна магчымы тэрмін – шэсць гадоў, – распавяла старшыня таварыства “Світанак” Таццяна Казак. – Аднак справа ў тым, што ў адрозненне ад усіх іншых школ нацыянальных меншасцяў у Латвіі, якія маюць статус сярэдніх, беларуская школа з’яўляецца асноўнай.

Да таго ж школа месціцца ў памяшканні дзіцячага садка і займае адно крыло з чатырох. Пераабсталяванне яго адбылося дзякуючы Беларусі, якая ў 1996 г. выдаткавала грошы на рамонт. Зараз праблема памяшкання для школы стаіць надзвычай востра. Ад таго, наколькі дзейснымі будуць тыя захады, якія робяцца, каб палепшыць сітуацыю, залежыць не толькі лёс канкрэтнай школы, але і лёс беларускай асветы ў Латвіі ўвогуле”.

Беларусы Латвіі распавялі, што пытанне аб становішчы Рыжскай беларускай асноўнай школы, адзінай беларускай навучальнай установы ў Латвіі, уздымалася і падчас сустрэчы прадстаўнікоў нацменшасцяў Латвіі з Прэзідэнтам Парламенцкай рады Еўропы спадаром Рэне Ван дэр Ліндэнам. ЛТБК “Світанак” звярнулася з афіцыйным лістом да старшыні ПАРЕ з просьбай дапамагчы беларускай школе.

Кола пытанняў, на якія мусіў адказаць Аляксандр Мілінкевіч, было самае разнастайнае: ад грамадзянскай платформы руху, які ён узначаліў, яго поглядаў на нацыянальныя каштоўнасці, стасункаў з моладдзю да адносін з царквой.

А. Мілінкевіч агледзеў сядзібу Асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі, адным з заснавальнікаў якой з’яўляецца і таварыства “Світанак”, распытаў пра жыццё беларусаў у Латвіі і пацікавіўся жыццём суполкі.

Карыстаючыся нагодай, “світанкаўцы” запрасілі госця на свой юбілей – у наступным годзе ЛТБК “Світанак”, старэйшая беларуская суполка Латвіі, адзначае дваццатую гадавіну ад пачатку дзейнасці.

Паводле www.svitanak.lv

Вільня, Літва

Сярод тых, хто аднаўляў беларускае жыццё ў Вільні, быў Мікола Рулінскі. Ён браў актыўны ўдзел у беларускіх імпрэзах, меў добры голас, у міжваенны перыяд спяваў у царкоўным хоры ў Пятніцкай царкве, пазней – у Свята-Духавым манастыры. У час вайны М. Рулінскі служыў у эскадроне Барыса Рагулі, потым адбываў пакаранне ў сталінскіх лагерах за тое, што быў шчырым беларусам. Ён нават не рэабілітаваны, не палічыў патрэбным. Яго пахавалі як героя, і на яго магіле заўсёды ёсць бела-чырвона-белыя кветкі.

У кастрычніку споўнілася 5 год, як адышоў у іншы свет Мікола Рулінскі. У Таварыстве беларускай культуры адбыўся вечар яго памяці. Успамінамі падзяліліся тыя, хто яго ведаў, прачыталі вершы, адбылася выстава ягоных фотаздымкаў: сустрэча былых вучняў ВБГ, рада БНР, мерапрыемствы ў ТБК.

Адначасова адзначалі ўгодкі з дня нараджэння яшчэ аднаго беларускага патрыёта Мар’яна Пецюкевіча, этнографа, вучонага, грамадскага дзеяча – чалавека, які шмат зрабіў для беларускай культуры. Пра яго жыццё і дзейнасць распавялі я і Хведар Нюнька. У сядзібе ТБК дзейнічае выстава кніг М. Пецюкевіча, фатаграфіі з сустрэчы з яго дачкой Марыляй Пецюкевіч.

Гэтым разам адзначылі і ўгодкі з дня нараджэння “вечнага вандроўніка”, мастака Язэпа Драздовіча, пачалі рыхтавацца да адзначэння яго 110-годдзя.

Да месца апошняга спачыну беларускіх творцаў у Вільні кожны год прыходжу з вучнямі на Дзяды і Радуніцу, каб ведалі і помнілі. З гэтай жа мэтай ладзяцца ў ТБК такія мерапрыемствы.

Леакадзія Мілаш, ТБК

***

27 лістапада студэнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту ўшанавалі памяць герояў беларускага антыбальшавіцкага паўстання на Случчыне ў 1920 г>.

Беларускія навучэнцы вывесілі ў гэты дзень у горадзе нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, а таксама распаўсюджвалі ўлёткі з аповедам пра гістарычную падзею.

Напрыканцы акцыі студэнты гуманітарнага ўніверсітэту выклалі ў цэнтры Вільнюса крыж з запаленых свечак і ўшанавалі памяць герояў Беларусі хвілінай маўчання.

Паводле радыё “Рацыя”, 28 лістапада >2007 г.

Гаага, Нідэрланды

25 лістапада ў Гаазе прайшла акцыя салідарнасці з палітзняволенымі і зніклымі апазіцыянерамі Беларусі. Акцыя была арганізаваная галандскай студэнцкай ініцыятывай “Mission to Minsk” і грама-дзянскай ініцыятывай “Мы памятаем”.

Падчас акцыі ўдзельнікі трымалі партрэты А. Казуліна, якому ў гэты дзень споўнілася 52 гады, а таксама зніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зміцера Завадскага і бел-чырвона-белыя сцягі. Удзельнікі раздавалі мінакам улёткі з інфармацыяй пра А. Казуліна і распавядалі тым, каго гэта зацікавіла, пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Дэманстрацыя салідарнасці доўжылася паўтары гадзіны.

Паводле прэс-службы CIWR.ORG

Беласток, Польшча

ХІ Літаратурны семінар “Бязмежжа” адбыўся 22-24 лістапада ў Беластоку і Новым Ляўкове. Традыцыйна яго арганізоўвалі Праграмная рада тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва” і Беларускі саюз у Польшчы.

Першы дзень семінара для запрошаных з Беларусі пачаўся цёплым прыёмам у рэдакцыі “Нівы”, а таксама інтэрв’ю на радыё “Рацыя”.

Увечары адбылася вечарына-бенефіс вядомай беларускай паэткі Беласточчыны Надзеі Артымовіч. На бенефісе прысутнічалі госці з Беларусі і Польшчы. Дэкламаваліся і ў музычным выкананні гучалі вершы паэткі. Прафесар Тэрэза Занеўска назвала Н. Артымовіч “першай дамай беларускай паэзіі”. Сюрпрызам для паэткі, падрыхтаваным Яўгенам Вапам, стала віншаванне ад паэтаў Эдуарда Акуліна і Леаніда Дранько-Майсюка, з якімі Н. Артымовіч звязвае даўняе сяброўства. Ад Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” віншаванні і падарункі перадала намесніца старшыні Рады Ніна Шыдлоўская. Запомніліся прысутным і выступы артыстаў Алега Кабзара, Ілоны Карпюк, Асі Стэльмашук. На вечарыне прысутнічала віцэ-консул Наталля Міскевіч, гучалі вітанні ад іншых афіцыйных асобаў.

Наступныя два дні прайшлі ў больш традыцыйным, але не менш цікавым фармаце. Пра паэтаў Беласточчыны распавяла Міраслава Лукша, выдавецкімі дасягненнямі і планамі рэдакцыі “Ніва” падзяліўся яе галоўны рэдактар Я. Вапа, Э. Акулін, намеснік старшыні Саюзу беларускіх пісьменнікаў распавёў пра выданне часопіса “Дзеяслоў”. Намесніца старшыні Рады “МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Н. Шыдлоўская расказала пра літаратурна-выдавецкую дзейнасць Згуртавання і выданне кніг у серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”. Свае творы чыталі Э. Акулін, Міхась Андрасюк, Ігар Сідарук, Рыгор Сітніца, Л. Дранько-Майсюк, маладыя паэткі. Завяршыўся семінар наведваннем музея імя Тамары Саланевіч у Нараўцы, шыкоўную экскурсію па якім правёў беластоцкі мастак Віктар Кабац.

Па меркаваннях удзельнікаў, з кожным годам узровень правядзення “Бязмежжа” становіцца вышэйшым.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Бельск Падляшскі, Польшча

Журы конкурсу “Бардаўская восень” агучыла імёны пераможцаў. Конкурс праходзіў у лістападзе ў Бельску Падляшскім. Гран-пры фестывалю ад Звязу беларускай моладзі атрымала Дар’я Кадымская з Мінска.

Камісія журы адзначыла таксама Тамаша Суліму з Бельска ўзнагародай бельскіх беларускіх суполак. Гурт “Босае сонца” з Мінска быў адзначаны ўзнагародай радыё “Беласток” – запісам праграмы ў студыі.

Сёлета ў конкурснай частцы мерапрыемства ўдзельнічала 8 выканаўцаў ды зоркі беларускай бардаўскай песні: Андрэй Мельнікаў, Віктар Шалкевіч, Кася Камоцкая, Алесь Камоцкі, Лявон Вольскі. Канцэрты адбываліся ў Бельску, двойчы – у Гайнаўцы ды Беластоку, апошні трансляваўся ў эфіры радыё “Беласток”.

Паводле “Польскага радыё для замежжа”, 29 кастрычніка 2007 г.

Варшава, Польшча

4 лістапада, у дзень гібелі Якуба Ясінскага і Тадэвуша Корсака мазавецкая грамада Беларускай Нацыянальнай Памяці наведала магілу славутых генералаў паўстання 1794 года. Змагары за вольнасць спачываюць на дзядзінцы храма Маці Божай Пераможнай у Варшаве.

Я. Ясінскі кіраваў вызвольным паўстаннем 1794 г. на абшарах Вялікага Княства Літоўскага. У траўні 1794 г. Ясінскі з дывізіяй, у якой большую частку складалі сяляне, разграміў расейцаў каля Палянаў, паблізу Ашмянаў. За гэтую перамогу ён атрымаў ранг генерал-лейтэнанта.

Я. Ясінскі загінуў у баі 4 лістапада, абараняючы варшаўскае прадмесце Прагу (на правабярэжжы Віслы), якое штурмам захапіла сувораўскае войска, з нечалавечай лютасцю знішчаючы яго абаронцаў і жыхароў. Яму было трыццаць тры гады.

Поруч з Ясінскім змагаўся і загінуў з ім у адзін дзень Тадэвуш Корсак, юрыст, выпускнік Полацкай езуіцкай школы. Стварыў з уласных сялян паўстанцкі атрад, што дзейнічаў у ваколіцах Клюшчан, Свянцян і Вільні. За абарону Вільні 15–20 ліпеня 1794 г. Корсак атрымаў ад Касцюшкі званне генерал-маёра.

Мазавецкая грамада Беларускай Нацыянальнай Памяці прысутнічала на набажэнстве, падчас якога былі ўзгаданыя мужнасць і адданасць барацьбе за свабоду Я. Ясінскага і Т. Корсака. Малітва і запаленыя знічы на магіле слаўных змагароў сталі данінай іх памяці.

Паводле “Хартыі’97”, 5 лістапада 2007 г.

***

У Музеі незалежнасці Польшчы ў Варшаве адбылася прэзентацыя кнігі кандыдата гістарычных навук Юрыя Грыбоўскага “Беларусы ў польскіх рэгулярных вайсковых фармаваннях у гадах 1918–1945”.

Кніга адкрывае перад чытачом малавядомыя факты беларуска-польскай гісторыі – удзел беларусаў у польскіх вайсковых фармаваннях. Аказваецца, беларусы насамрэч былі даволі вялікай групай у Войску Польскім міжваеннага перыяду, прычым займалі розныя пасады, у тым ліку афіцэрскія, уключна з чынам палкоўніка.

Беларусы таксама ваявалі падчас абароннай вайны 1939 г., змагаліся ў шэрагах Арміі Краёвай, 1-й пяхотнай дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі ды ў Арміі генерала Андэрса.

Каб напісаць кнігу, аўтару спатрэбілася правесці некалькі гадоў у архівах розных краін, прачытаць тысячы дакументаў, сустрэцца з былымі жаўнерамі.

Ю. Грыбоўскі распавёў, што адной з мэтаў выдання была спроба больш глыбокага асэнсавання польска-беларускіх адносін: “Я спадзяюся, што кніга будзе выкарыстоўвацца ў беларускай і польскай гістарыяграфіі і дазволіць сцерці некаторыя белыя плямы, якія дасюль існавалі”.

Паводле “Польскага радыё для замежжа”

***

У гонар дня народзінаў А. Казуліна ў Варшаве прайшло мерапрыемства, арганізаванае беларусамі Польшчы. На тэрыторыі Варшаўскага ўніверсітэту сябры ініцыятывы “Вольная Беларусь” раздавалі ўлёткі з інфармацыяй пра А. Казуліна, а таксама ў імправізаванай турэмнай камеры частавалі ахвотных тортам.

Арганізатар акцыі Ігнацы Нямчыцкі сказаў, што яго арганізацыя будзе рознымі, таксама і нестандартнымі спосабамі працягваць нагадваць палякам пра палітзняволеных у Беларусі. Удзельнік акцыі, беларус, які жыве ў Варшаве, Ігар Крыштон адзначыў: “Палякі, якія падыходзяць да нас, разумеюць сітуацыю. Яны памятаюць і ведаюць, як нешта падобнае адбывалася ў Польшчы ў часе ваеннага становішча. Яны кажуць – мы перамаглі, і ў вас хутка будзе перамога”.

Паводле радыё “Свабода”, 26 лістапада 2007 г.

Гайнаўка, Польшча

27 лістапада Беларускае гістарычнае таварыства, клубы беларускіх спраў у Гайнаўскім і Бельск-падляшскім беларускім ліцэі зладзілі святкаванне ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну. Пра тое, як яно прайшло, распавёў адзін з арганізатараў акцыі Яўген Янчук.

“Мы вырашылі, што павінны адзначыць гэтае свята. Тым больш, што ў Белавежы знаходзяцца магіла генерала Язэпа Булак-Балаховіча, а таксама помнік балахоўцам і генералам Станіславу і Язэпу Булак-Балаховічам, усталяваны тут у 1994 г. Беларускае гістарычнае таварыства даглядае гэтыя памятныя месцы, ускладае кветкі, але мы вырашылі, што ў гэтым таксама павінна ўдзельнічаць і моладзь.

Таму а 9 гадзіне раніцы 25 чалавек, з іх 20 ліцэістаў сабраліся разам і праз пушчу пайшлі да помнікаў. Там мы ўсклалі кветкі, запалілі знічы, узгадалі нашых герояў.

Гэтае святкаванне павінна было наблізіць да ўдзельнікаў тэму барацьбы за Беларусь, зацікавіць гэтым моладзь i адзначыць свята герояў”.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Кракаў, Польшча

У Кракаве прайшлі Дні беларускай культуры. Зладзіла іх Беларускае душпастырства айцоў дамініканцаў.

На працягу чатырох дзён, з 24 па 28 кастрычніка арганізатары запрашалі наведаць шэраг імпрэзаў. Прайшлі сустрэчы з рэжысёрам Сяргеем Рыбаковым, аўтарамі кнігі “Беларусь: бульба і джынсы” Малгажатай Ноцунь і Анджэем Бжазецкім. Выкладчык Ягелонскага ўніверсітэту Юры Гардзееў выступіў з рэфератам на тэму “Невядомая Беларусь”, а літаратуразнаўца Дзмітры Клябанаў расказаў пра беларускую паэзію як пра перліну еўрапейскай літаратуры.

Адзін з арганізатараў Дзён беларускай культуры дамініканец Кшыштаф Рушэль адзначыў, што мерапрыемствы прызначаліся і для палякаў, і для беларусаў: “Мне здаецца, што палякі вельмі мала ведаюць пра Беларусь. Часта старэйшае пакаленне не адрознівае краінаў Усходу. Ім здаецца, што паўсюдна Расія. Мы хочам, каб палякі даведаліся пра Беларусь, пра яе культуру, літаратуру і людзей. Таксама гэтыя мерапрыемствы для беларусаў, каб яны ведалі, што ў Кракаве ёсць месца, дзе размаўляюць па-беларуску, дзе чытаюць беларускія творы”.

У кляштары айцоў дамініканцаў таксама адбылася фотавыстава “Люблю Беларусь”.

Паводле “Польскага радыё для замежжа”, 25 кастрычніка 2007 г.

Падляшша, Польшча

Сёлета чатыры асобы ўзнагароджаны маршалкам Падляшскага ваяводства за дасягненні ў галіне мастацкай творчасці, распаўсюджвання і захоўвання здабыткаў культуры. Сярод лаўрэатаў – сусветна вядомы мастак з Валіл Лявон Тарасевіч ды дырэктар Гайнаўскіх дзён царкоўнай музыкі а. Міхал Негярэвіч.

Л. Тарасевіч за дзень да ўручэння ўзнагароды зазначыў: “Найбольш прыемна атрымліваць узнагароду ў месцы свайго нараджэння. Я звязаны з гэтай зямлёй, з якой паходжу, жыву і буду жыць”. Узнагароду маршалка ён успрыняў як ушанаванне ягонай грамадскай дзейнасці, што пачалася ў 1990-ых, калі ён быў дзеячам Беларускага дэмакратычнага аб’яднання.

У сваю чаргу настаяцель праваслаўнага Свята-Троіцкага прыхода ў Гайнаўцы а. Міхал Негярэвіч, атрымліваючы ўзнагароду, адзначыў: “Маёй мэтай не з’яўляецца дзейнасць дзеля ўзнагарод. Я святар. Прымаю гэтую ўзнагароду з пакорлівасцю”.

Паводле газеты “Ніва”, 18 лістапада 2007 г.

Іркуцк, Расія

2 лістапада беларусы Іркуцка сабраліся разам, каб адзначыць Дзень памяці продкаў – Дзяды, пра што распавёў старшыня Таварыства беларускай культуры імя Я. Чэрскага Алег Рудакоў.

“Мы зрабілі агульны ўтульны вечар. Прагучалі некалькі песняў, потым Вольга Галанава выступіла з аповедам пра вядомых беларускіх дзеячоў-юбіляраў. Акрамя таго ўвазе прысутных прагучаў філасофскі роздум пра гісторыю і традыцыі Дзядоў.

Мы накрылі стол – спачатку саломай, потым абрусамі. Вячэра складалася з трох абавязковых страваў – куцці, бліноў, кісялю – з таго, чым нашая хата багатая”.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Масква, Расія

3 лістапада, на Дзяды прадстаўнікі беларускай дыяспары Масквы ўсклалі кветкі да Салавецкага каменю – мемарыялу ахвяраў бальшавізму. Падчас акцыі быў таксама распаўсюджаны спецыяльны зварот.

У звароце было адзначана: “У гэтым годзе спаўняецца 70 год аднаму з найбольш крывавых перыядаў у гісторыі Беларусі, ад наступстваў якога краіна не вызвалілася дагэтуль. Падчас камуністычнага тэрору 20–50 гадоў XX стагоддзя ўлады СССР знішчылі мільёны чалавек праз простыя забойствы альбо нявольніцкую працу ў канцэнтрацыйных лагерах. Па маштабах вынішчэння мірнага насельніцтва злачынствы камуністычнага рэжыму мала чым адрозніваюцца ад злачынстваў нацыстаў”. Аўтары звароту называюць наступныя лічбы: “1,5 мільёны чалавек ахвяраў камуністычнага тэрору ў Беларусі… Нягледзячы на гэта ні ў адной краіне постсавецкай прасторы ўсхваленне Сталіна і камуністычнага рэжыму не мае такіх памераў, як у сучаснай Беларусі”.

Беларусы Масквы звярнуліся з наступнымі патрабаваннямі да ўладаў Рэспублікі Беларусь:

* правесці рашучае ачышчэнне грамадскага жыцця Беларусі ад атрыбутаў і практыкаў савецкіх часоў, асудзіць злачынствы савецкай ўлады,

* на дзяржаўным узроўні правесці мерапрыемствы ўшанавання памяці ахвяраў камунізму,

* перадаць ва ўласнасць законным уладальнікам цэрквы і касцёлы, адабраныя атэістычнай савецкай дыктатурай,

* вызваліць усіх палітычных вязняў, спыніць пераслед іншадумцаў і правесці празрыстыя, свабодныя і сумленныя выбары прэзідэнта і парламенту.

“Мы таксама заклікаем расійскія ўлады афіцыйна і рашуча асудзіць палітыку сённяшняга рэжыму ў Беларусі, якая характарызуецца сістэматычнымі парушэннямі правоў чалавека і ўсхваленнем камуністычнай дыктатуры”, – так закончылі зварот прадстаўнікі беларускай дыяспары Масквы.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

***

24 лістапада ў памяшканні Маскоўскай бізнес-школы Беларускае зямляцтва Масквы арганізавала сустрэчу з беларускім філосафам, паэтам, літаратурным крытыкам Валянцiнам Акудовiчам. Тэма гутаркi: “Беларускi нацыяналiзм – вытокi i перспектывы”. Пра ход сустрэчы распавёў Ян Маркаў:

“Сп. Акудовіч прэзентаваў прысутным сваю новую кнігу “Код адсутнасці”. Сустрэча ўмоўна падзялілася на дзве часткі: першая прайшла ў выглядзе лекцыі пра змест і сутнасць кнігі, другая сталася дыскусіяй са слухачамі. Пытанняў задалі дастаткова шмат, напрыклад, палеміку выклікалі пытанні пра наркамаўку і тарашкевіцу, пра сутнасць беларускага нацыяналізму і інш.

Мы плануем і надалей арганізоўваць падобныя сустрэчы. Так ужо на пачатку 2008 г. намечаная наступная сустрэча з беларускім філосафам”.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Львоў, Украіна

Беларуская парафія св. Кірылы Тураўскага ў Львове ўшанавала памяць святапакутніка Георгія Бортніка. Распачаліся мерапрыемствы вячэрняй 31 кастрычніка ў прыватнай дамавой царкве св. Кірылы Тураўскага.

Працягам была ранішняя і св. літургія Св. Яна Златавуснага 1 лістапада. А 16 гадзіне адбылася служба за спачын.

4 лістапада а 14 гадзіне адбыўся ўрачысты малебен да святапакутніка Георгія Бортніка за беларускі народ.

Служба святапакутніку Георгію Бортніку надрукавана ў Львове накладам 100 асобнікаў.

Беларуская праваслаўная парафія св. Кірыла Тураўскага

Парыж, Францыя

25 лістапада ў цэнтры Парыжа з нагоды дня нараджэння палітвязня А. Казуліна прайшоў пікет, у якім узялі ўдзел каля 15 беларусаў, украінцаў і французаў.

“У Еўропе мала хто ведае пра тыя жудасныя рэчы, якія адбываюцца ў Беларусі, і мала ў каго ёсць час, каб пра гэта слухаць, – гаворыць адна з арганізатараў пікету, беларуска, якая жыве ў Францыі, Вольга Падольская. – Мы хочам пашырыць гэтую інфармацыю. Францыя – добры прыклад дэмакратыі для Беларусі, мы хочам, каб у Беларусі было так, як тут”.

У пікеце ўзяла ўдзел і беларуская журналістка Вольга Класкоўская, якая цяпер знаходзіцца ў французскай сталіцы: “Адметна тое, што акцыя ўпершыню ў такім фармаце адбываецца тут. Акрамя інфармацыі для жыхароў сталіцы падрыхтаваныя таксама звароты да дэпутатаў парламенту Францыі з заклікам паўплываць на Лукашэнку, каб той вызваліў палітвязняў”.

Паводле радыё “Свабода”, 25 лістапада 2007 г.

Стакгольм, Швецыя

7 лістапада беларуская служба радыё “Швецыя” адсвяткавала Дзень нараджэння. Тры гады мінула з таго часу, як яе пазыўныя ўпершыню прагучалі ў эфіры.

Рэдактары беларускага радыё “Швецыя” адзначаюць, што за апошні год выканалі ўсё, што абяцалі слухачам, у тым ліку аднавілі і зрабілі больш зручнай для карыстання хатнюю старонку www.radiobelarus.se, адкрылі падкастынг.

“Мы ў беларускай службе радыё “Швецыя” збіраемся і надалей рабіць усё магчымае, каб інфармаваць нашых слухачоў пра розныя аспекты жыцця Шведскага каралеўства, дачыненні паміж Швецыяй і Беларуссю”, – адзначаюць супрацоўнікі.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

ВЕСТКI

Грамадства

Палата прадстаўнікоў прыняла закон “Аб амністыі некаторых катэгорый асобаў, якія здзейснілі злачынства”.

У выніку амністыі ад адбывання пакарання можа быць вызвалена каля 3,5 тыс. асуджаных, у тым ліку з месцаў пазбаўлення волі – каля 1,6 тыс. асуджаных. У адпаведнасці з законапраектам, упершыню амністыя будзе распаўсюджвацца толькі на асуджаных.

Сярод іншых ад пакарання будуць вызваленыя асуджаныя, якія адбылі не менш за адну траціну прызначанага пакарання. Разам з тым, амністыя не распаўсюджваецца на асобаў, да якіх раней ужываліся амністыя або памілаванне і якія паўторна здзейснілі наўмыснае злачынства. Акрамя таго, гэта тычыцца асобаў, якія злосна парушалі парадак падчас адбывання пакарання.

Ці трапляе пад амністыю былы кандыдат у прэзідэнты, палітвязень Аляксандр Казулін? Супрацоўнік адміністрацыі калоніі “Віцьба-3”, дзе палітык адбывае пакаранне, адказаў, што пакуль наконт Казуліна нічога не вядома: “Мы яшчэ не бачылі закон, пакуль нічога не ведаем. Калі ён выйдзе ў друку, тады будзем бачыць. Разглядаць пытанне наконт амністыі будуць камісіі, спецаддзелы і гэтак далей — адпаведна з законам”.

Міністр унутраных спраў Беларусі Уладзімір Навумаў паведаміў журналістам, што не аналізаваў, ці трапяць пад амністыю асобы, якіх апазіцыя называе палітычнымі зняволенымі. “Калі яны строга падыходзяць пад палажэнні закона, яны будуць вызваленыя”, — паведаміў міністр.

Юрыст і былы адвакат А. Казуліна Ігар Рынкевіч выказаў меркаванне, што палітвязні пад амністыю не трапяць: “Клімаў не можа быць вызвалены, таму што ён быў амніставаны мінулым разам. Астатнія палітвязні – Фінькевіч, Дашкевіч, Казулін – лічацца злоснымі парушальнікамі рэжыму папраўчай установы, маюць дысцыплінарныя пакаранні. Паводле адной з нормаў новага закону, амністыя на іх не распаўсюджваецца”.

Паводле БелаПАН, ІА “Интерфакс-Запад”, “Нашай Нівы” і “Еўрапейскага радыё для Беларусі”, 25 кастрычніка 2007 г.

***

На 2007 г. прыпадае 70-годдзе піку сталінскіх рэпрэсій. 29 кастрычніка 1937 г. у Мінску адбылася акцыя, аналагаў якой яшчэ не ведала гісторыя. На працягу ночы былі расстраляныя 22 беларускія літаратары, у наступную ноч – яшчэ чацвёра.

Ахвярамі сталінскага генацыду 29 кастрычніка сталі літаратары Якаў Бранштэйн, Віктар Вайноў, Анатоль Вольны, Платон Галавач, Алесь Дудар, Хацкель Дунец, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Язэп Каранеўскі, Майсей Кульбак, Аляксей Кучынскі, Саламон Левін, Юрка Лявонны, Валеры Маракоў, Зяма Півавараў, Васіль Сташэўскі, Ізя Харык, Пятро Хатулёў, Міхась Чарот, Макар Шалай, Павел Шастакоў, Арон Юдэльсон. У наступную ноч расстралялі Прохара Іспраўнікава, Янку Нёманскага, Тодара Кляшторнага і Юлія Таўбіна. Усяго – 26 чалавек. Не ратавалі ні ўзрост, ні талент, ні пасада. Паэту Валерыю Маракову было 27, яго высока цаніў Янка Купала. Міхась Чарот быў рэдактарам “Советской Белоруссии”, Платон Галавач – сакратаром ЦК камсамола Беларусі. І яго расстралялі ў дзень нараджэння камсамола.

Каля ста беларускіх літаратараў загінулі ў ГУЛАГу. А ўсяго было рэпрэсавана больш за 500 прафесійных літаратараў.

Паводле радыё “Свабода”, 29 кастрычніка 2007 г.

***

Больш за тысячу чалавек у нядзелю ўзялі ўдзел у традыцыйным шэсці “Дзяды” і мітынгу ва ўрочышчы Курапаты, дзе ў 1937–1941 гг. у часы сталінскіх рэпрэсіяў адбываліся масавыя расстрэлы мірных грамадзянаў.

Сёлета акцыя, арганізатарам якой выступіла Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ, ладзілася ў дзевятнаццаты раз. Мінскі гарвыканкам даў дазвол правесці збор удзельнікаў ля гадзіннікавага заводу “Прамень” і прайсці па ходніках уздоўж праспекта Незалежнасці да Курапатаў.

Паколькі акцыя была дазволеная ўладамі, ніякіх эксцэсаў у часе яе правядзення не назіралася. Дэманстранты неслі нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі, партыйныя штандары (апроч КХП-БНФ, у шэсці ўдзельнічалі кіраўнікі і сябры Партыі БНФ, БСДП(Г)), расцяжкі з надпісамі “Камунізм – пад трыбунал”, “Памятаем пра ахвяры расійскага тэрору”, “Свабоду Казуліну”, “Свабоду Дашкевічу”, “1937 – 2007” ды іншыя.

Праз больш як дзве гадзіны (удзельнікі шэсця прайшлі каля 10 кіламетраў) калона спынілася ля адноўленага памятнага крыжа, усталяванага на ўваходзе ў Курапаты амаль дваццаць гадоў таму і незадоўга да “Дзядоў” зламанага невядомымі вандаламі. Людзі ўсклалі да падножжа кветкі і запалілі знічкі ды лампадкі, пасля чаго прайшлі да трох памятных крыжоў на “Курапацкай Галгофе”, дзе адбыўся кароткі мітынг.

На мітынгу выступілі кіраўнікі КХП-БНФ Юрась Беленькі (“Пакуль мы ходзім у Курапаты, пакуль жыве памяць – датуль жыве беларускі народ, жыве нацыя”), Алесь Чахольскі, Валеры Буйвал, які зачытаў ліст са зваротам да ўдзельнікаў акцыі лідэра партыі Зянона Пазьняка, а таксама Сяргей Папкоў.

Тым часам грамадскія актывісты ўсталёўвалі ва ўрочышчы новых шаснаццаць крыжоў.

Паводле газеты “Салідарнасць”, 29 кастрычніка 2007 г.

***

Праз паўгода ільготы ў арэндзе памяшкання будуць мець толькі тыя НДА, якія займаюцца гуманітарнай дзейнасцю ці працуюць з дзецьмі ў галіне творчасці ці спорту.

Указам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 кастрычніка 2007 г. № 533 уносяцца змяненні і дапаўненні ва Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 верасня 2002 г. № 495 “Аб удасканаленні парадку вызначэння памераў арэнднай платы і перадачы ў бязвыплатнае карыстанне грамадскіх, адміністратыўных і пераабсталяваных вытворчых будынкаў і памяшканняў, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці” і Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 жніўня 2006 г. № 498 “Аб некаторых пытаннях арэнды дзяржаўнай маёмасці”.

У прыватнасці, Указам устанаўліваецца, што каэфіцыент, які зніжаў арэндную плату для грамадскіх арганізацыяў у памеры 0,1 базавай стаўкі, цяпер будзе прымяняцца да пляцовак, якія арандуюць:

* некамерцыйныя арганізацыі, якія створаны ў мэтах ажыццяўленні гуманітарнай дзейнасці ў Беларусі, да 75 м2;

* некамерцыйныя арганізацыі, якія не ажыццяўляюць прадпрымальніцкай дзейнасці і працуюць дзеля арганізацыі дзіцячых і юнацкіх спартовых секцый, дзіцячых тэатраў, студый, танцавальных, літаратурна-мастацкіх калектываў.

Гэты Указ пачынае дзейнічаць праз 6 месяцаў пасля яго падпісання.

Нагадаем, што па Указе, які дзейнічае ў Беларусі зараз, зніжаючы каэфіцыент 0,1 прымяняўся для ўсіх грамадскіх некамерцыйных арганізацый і некамерцыйных аб’яднанняў юрыдычных асоб (асацыяцый і саюзаў), якія арандуюць памяшканні плошчай не больш за 75 м2.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

***

Дырэктар Інстытута мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Лукашанец падчас І З’езду навукоўцаў Беларусі заявіў, што навукоўцы мусяць дамагчыся новай заканадаўчай нормы. Яе сутнасць у тым, што вольнае валоданне дзвюма дзяржаўнымі мовамі з’яўляецца абавязковай умовай прыёму спецыяліста на дзяржаўную службу або ў любую дзяржаўную ўстанову.

“Калі вучань і яго бацькі будуць разумець, што для таго, каб у будучыні заняць нейкую пасаду, трэба па-сапраўднаму ведаць беларускую мову, то яны карэнным чынам зменяць сваё стаўленне да яе вывучэння, — адзначыў А. Лукашанец. — Пры гэтым беларускае грамадства атрымае чалавека, найбольш падрыхтаванага да паспяховай дзейнасці ў сучаснай шматмоўнай і шматкультурнай сусветнай супольнасці”.

Паводле БЕЛТА, 2 лістапада 2007 г.

***

4 лістапада ў Пячэрскі лесапарк Магілёва да памятнага знака беларускаму пісьменніку, першаму старшыні савецкага ўраду Беларусі прыйшлі два дзесяткі чалавек. На сімвалічным месцы пахавання Зміцера Жылуновіча адбыўся мітынг.

На мітынгу магілёўскія палітыкі, актывісты няўрадавых арганізацыяў узгадалі пісьменніка ды ягоныя творы, гаварылі пра Беларускую Народную Рэспубліку, БССР ды сённяшнюю незалежную Беларусь.

З. Жылуновіч нарадзіўся 4 лістапада 1887 г. У кастрычніку 1918 г. беларускі пісьменнік быў прыняты ў камуністычную партыю. 1 студзеня 1919 г. ачоліў першы савецкі ўрад Беларусі. У 1930 г. Жылуновіча выключылі з партыі. У 1936 г. арыштавалі, а ў 1937-м назвалі псіхічна хворым. 7 красавіка 1937 г. яго змясцілі ў магілёўскую лякарню. 12 кастрычніка гэтага ж года Цішка Гартны памёр.

Паводле афіцыйнай версіі, пісьменнік памёр ад гангрэны лёгкіх. Гісторыкі ж спасылаюцца на відавочцаў трагедыі: даведзены ўтрыманнем у лякарні да псіхічнага зрыву, Жылуновіч скончыў жыццё самагубствам.

Прыкладнае месца пахавання знайшоў кіраўнік магілёўскага аддзялення “Мартыралогу Беларусі” Валянцін Ермаловіч. У 1989 г. на гэтым месцы паставілі памятны знак.

Паводле радыё “Свабода”, 4 лістапада 2007 г.

***

Сёлета супраць студэнтаў, якія не даехалі да месцаў размеркавання, завялі 65 крымінальных спраў. Сумы не малыя – ад трох да пяці тысяч даляраў. Юрысты з Беларускага хельсінскага камітэту звярнуліся ў Канстытуцыйны суд. “Мы хочам ведаць, наколькі норма пра абавязковае размеркаванне адпавядае беларускай Канстытуцыі”, — патлумачылі ў БХК.

Аргументы праваабаронцаў выглядаюць лагічнымі: “У Канстытуцыі запісана, што ў Беларусі можна атрымліваць вышэйшую адукацыю бясплатна. Але калі ты мусіш альбо выплаціць дзяржаве грошы, альбо адпрацаваць па размеркаванні, гэта ўжо не бясплатная адукацыя! Атрымліваецца, трэба альбо мяняць Канстытуцыю і скасоўваць гэтае права, альбо прыбіраць норму пра абавязковае размеркаванне”.

Апроч таго, юрысты называюць беларускае размеркаванне формай прымусовай працы. А Беларусь жа падпісала Канвенцыю міжнароднай арганізацыі працы “Пра скасаванне прымусовай працы”. Вынікае, што мы яе парушаем?

Зварот падалі ў Канстытуцыйны суд 12 лістапада, у панядзелак. Цягам месяцу праваабаронцы чакаюць адказу.

Паводле “Комсомольской правды в Белоруссии”, 13 лістапада 2007 г.

***

14 лістапада на могілках у вёсцы Раманавічы пад Гомелем пахавалі дзеяча беларускага нацыянальнага супраціву Цімоха Вострыкава.

У 1952 г. Вострыкаў дэсантаваўся ў Беларусі як упаўнаважаны прадстаўнік Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, быў арыштаваны, 23 гады правёў у зняволенні. Пасля вызвалення жыў пад наглядам у Гомелі, у 1990-я ўдзельнічаў у вулічных акцыях дэмакратычных сілаў у Мінску. Напісаў успаміны. Пражыў Вострыкаў 85 гадоў.

На пахаванні прысутнічалі некалькі дзесяткаў чалавек. Гомельскі актывіст Канстанцін Жукоўскі распавёў: “Было ад 20 да 30 чалавек. Атрымалася знянацку. Ён учора памёр у абед, а сёння ў 12 гадзін было пахаванне. З Мінска паспела толькі адна машына прыехаць, людзі вельмі прасілі, каб пачакалі. І сын быў, і цётка Ніна, якая яго даглядала. Яна ставілася да яго, як да роднага, бо пахавала яго побач з магілай свайго сына… У вялікі бел-чырвона-белы сцяг абгарнулі труну. Чаго ён вельмі хацеў, тое і адбылося”.

Сын Ілля, нягледзячы на тое, што вырас у гарадскім, пераважна рускамоўным асяродку, выдатна валодае роднай мовай: “У мяне за плячыма звычайная школа. Гэта ўсё дзякуючы майму бацьку, ён мяне навучыў нашай мове. Ён заўсёды змагаўся, ніколі не гаварыў па-руску. Ён змагаўся за сваю гісторыю, за свой народ. Ён колькі раз казаў: “Гісторыю майго існавання зразумее толькі той, хто пабываў у кіпцюрах КДБ”.

Паводле “Еўрапейскага радыё для Беларусі” і радыё “Свабода”, 14 лістапада 2007 г.

***

Дакладная колькасць асоб, якія ўвойдуць у адзіны банк дадзеных аб грамадзянах з часова абмежаваным правам на выезд з Беларусі, стане вядомая толькі пасля яго канчатковага фармавання. Але ўжо сёння зразумела, што такіх людзей будуць тысячы. Пра гэта паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў.

 “На сёння толькі па сістэме МУС налічваецца каля 5 тысяч людзей з часова абмежаваным правам на выезд за мяжу. Але нават па нашым міністэрстве ў банку дадзеных такіх будзе значна больш”, – адзначылі ў МУС. Цяпер улік невыязных грамадзян здзяйсняецца толькі пасля таго, як яны звяртаюцца за атрыманнем дазвольнага штампа на выезд за мяжу. Пасля стварэння банка дадзеных кожны грамадзянін Беларусі, у якога па нейкай прычыне часова абмяжоўваецца права на выезд за мяжу, будзе занасіцца туды аўтаматычна.

У МУС падкрэслілі, што звесткі пра колькасць уключаных у банк дадзеных невыязных асоб не будуць трымацца ў сакрэце. Акрамя таго, людзей, якіх туды ўключаць, праінфармуюць пра гэта загадзя. Па меры таго, як будуць знікаць падставы для ўключэння грамадзяніна ў спіс невыязных асоб, ён будзе выводзіцца з банку дадзеных.

Паводле “Хартыі’97”, 19 лістапада 2007 г.

***

Памяць слуцкіх паўстанцаў 24 лістапада ўшанавалі ўдзельнікі паездкі па мясцінах, дзе адбывалася паўстанне. Арганізатарамі паездкі былі РГА “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”, партыя БНФ і грамадскі аргкамітэт па ўвекавечанні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

У падарожжы, якое пралягала па маршруце вёскі Грозава і Семежава (Капыльскі раён) — Чырвоная Слабада (Салігорскі раён) — Слуцк — Старыя Дарогі, прынялі ўдзел каля ста чалавек. У Старых Дарогах на адкрыццё памятнага знака героям Слуцкага збройнага чыну да іх далучыліся жыхары Слуцка і Салігорска.

Памятны знак уяўляе сабой выцінанку па метале (пласкасную скульптуру) памерам 3 на 2,5 метры, усталяваную на вышыні сем метраў на даху дома—музея. На шасціканцовы крыж святой Еўфрасінні Полацкай пакладзена выява паўстанца. Ён гіне, але рукой засланяе старажытны беларускі герб “Пагоня”, змешчаны ў цэнтры пячаткі “Часовай рады Случчыны Беларускай Народнай Рэспублікі”. У аснове знака напісана: “Тым, хто пайшоў паміраць, каб жыла Бацькаўшчына”.

Грамадскі дзеяч Вячаслаў Сіўчык выказаў задаволенасць вандроўкай: “27 лістапада, дзень Слуцкага збройнага чыну, ужо даўно замацаваўся ў нацыянальным календары Беларусі. І вельмі добра, што ёсць традыцыя найноўшага часу, калі беларускія патрыёты наведваюць крыжы, пастаўленыя ў 1990-х гадах у памяць аб змагарах Слуцкага збройнага чыну ў Грозава, Семежава і Вызна. Святкуючы гэтую дату, мы не толькі ўшаноўваем памяць нашых продкаў, мы яшчэ закладаем вельмі добры падмурак пад будучыню, бо случчакі паўсталі, каб жыла Беларусь”.

А 27 лістапада ў гонар угодкаў Слуцкага збройнага чыну на тэрыторыі народнага мемарыялу Курапаты ўсталяваны памятны крыж слуцкім змагарам, якія загінулі ў бальшавіцкім ГУЛАГу.

Паводле газеты “Салiдарнасць” і радыё “Рацыя”, 28 лістапада 2007 г.

Эканоміка

Паводле Міністэрства эканомікі, больш за 9 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў падалі дакументы для перарэгістрацыі ў прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы. Больш за 1,5 тыс. чалавек такія прадпрыемствы ўжо стварылі. Гэта зусім няшмат, калі ўлічыць, што ў Беларусі каля 200 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў.

Неабходнасць змены статусу паўстала перад тымі бізнесоўцамі, што мелі наёмных працаўнікоў. Бо, паводле ўказу А. Лукашэнкі № 760, з 1 студзеня такія прадпрымальнікі змогуць браць на працу толькі сваіх блізкіх сваякоў. Да 10 лістапада бізнесоўцы маглі змяніць статус на льготных умовах.

У Мінэканомікі пакуль не могуць ацаніць вынікі кампаніі. Кіраўніца прэс-службы міністэрства Наталля Пацейка гаворыць, што аналізу гэтай кампаніі яны яшчэ не атрымлівалі. А старшыня Каардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў Мінска Аляксандр Макаеў лічыць кампанію па перарэгістрацыі праваленай: “Дурныя законы для прадпрымальнікаў, для народа не трэба выконваць. З 1 студзеня – вымушаны адпачынак. Будуць два мітынгі 19 лістапада і 10 снежня. Дай Божа, каб людзі на іх прыйшлі. Трэба звяртацца да грамадства, да ўладаў”.

Але ў некаторых індывідуальных прадпрымальнікаў праблемы пачынаюцца ўжо цяпер. Як паведаміла старшыня Каардынацыйнай рады мінскага рынку “Ракаўскі кірмаш” Алена Васільчык, 53 прадпрымальнікі атрымалі лісты ад адміністрацыі рынку аб скасаванні дамовы арэнды. Іх месцы збіраюцца аддаць нейкай юрыдычнай асобе.

Паводле радыё “Рацыя”, 12 лістапада 2007 г.

***

13 лістапада Міністэрства фінансаў ЗША замарозіла ўсе змешчаныя пад юрысдыкцыяй ЗША банкаўскія рахункі “Белнафтахіма” і яго прадстаўніцтваў у Нямеччыне, Латвіі, Украіне, Расіі і Кітаі, а таксама рахункі даччынай амерыканскай кампаніі “Белнафтахім Ю-Эс-Эй”. Акрамя таго, амерыканскім бізнесменам загадана ўстрымацца ад кантактаў з гэтым канцэрнам.

“Мы робім больш жорсткімі санкцыі ў дачыненні Лукашэнкі і яго найбліжэйшых памочнікаў, уводзячы абмежаванні супраць найбуйнейшага канцэрна, які знаходзіцца пад кантролем яго рэжыму”, – матываваў дадзенае рашэнне начальнік аддзела кантролю замежных актываў Мінфіна ЗША Адам Шубін.

Беларускае МЗС выказала рашучы пратэст у сувязі з санкцыямі. Амбасадару ЗША ў Беларусі Карэн Сцюарт уручаная нота пратэсту ў сувязі з санкцыямі, уведзенымі Мінфінам ЗША супраць канцэрна “Белнафтахім”. Пра гэта 15 лістапада паведаміў журналістам прэс-сакратар беларускага МЗС Андрэй Папоў.

У дакуменце адзначаецца, што дадзенае рашэнне ЗША парушае двухбаковыя дамоўленасці, а таксама нормы міжнароднага права. Беларускі бок патрабуе ад ЗША вярнуць арыштаваныя актывы іх уладальніку – “Белнафтахіму” – і зняць усе абмежаванні, а таксама здымае з сябе адказнасць за наступствы, якія можа пацягнуць дадзенае рашэнне ЗША ў стасунках паміж суб’ектамі гаспадарання дзвюх краінаў.

Як вядома, ЗША патрабуюць спыніць рэпрэсіі ў Беларусі і вызваліць палітвязняў. Раней намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Дэвід Крэмер адзначыў, што новыя санкцыі звязаныя з адмовай беларускіх ўладаў выпусціць на свабоду палітвязняў: “Я шкадую, што палітвязні не былі вызваленыя, наадварот, мы бачылі, што рэжым узмацніў ціск на апазіцыю і актывістаў няўрадавых арганізацый”.

Паводле БелаПАН, 13-15 лістапада 2007 г.

Культура

Праект пад назвай “Класікi сусветнай літаратуры Янка Купала i Якуб Колас. Да 125-годдзя з дня нараджэння” створаны гэтым летам на сайце Дзяржаўнай архіўнай службы пры ўдзеле Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Беларусі.

Сярод матэрыялаў – 84 аўтографы Янкі Купалы і Якуба Коласа, частка тэкстаў падаецца на рускай, польскай і лацінскай мовах.

На рэсурсе змешчаныя рэдкія тэкставыя, фота і фонадакументы, файлы з аўтографамі і галасамі класікаў.

Сайт даступны па адрасе http://archives.gov.by/index.php?id=629102

Паводле БЕЛТА, 25 кастрычніка 2007 г.

***

Больш за 70 вядомых грамадзян Беларусі падпісалі прадстаўленне па рэабілітацыі Ларысы Геніюш.

1 лістапада на імя Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Пятра Міклашэвіча Аргкамітэтам па ўшанаванні ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, Саюзам беларускіх пісьменнікаў, РПГА “Беларускі Хельсінскі камітэт” было накіравана прадстаўленне па рэабілітацыі вядомай беларускай паэткі Ларысы Геніюш.

Гэта прадстаўленне падпісалі акадэмік НАН Беларусі Радзім Гарэцкі, гісторык Ігар Кузняцоў, пісьменнікі Ніл Гілевіч, Васіль Якавенка, Алесь Пашкевіч, праваабаронцы Тацяна Процька, Гары Паганяйла і яшчэ больш за 70 вядомых грамадзян Беларусі.

З 1937 г. Ларыса Антонаўна жыла ў Чэхаславакіі, мела грамадзянства гэтай краіны. Аднак у 1948 г. па загадзе Масквы яна была рэпатрыявана ў СССР, дзе яе арыштавалі і асудзілі на 25 гадоў за “дапамогу міжнароднай буржуазіі ў ажыццяўленні варожай дзейнасці супраць СССР” і “контррэвалюцыйную дзейнасць”. Л. Геніюш была вызвалена толькі 1 ліпеня 1956 г., аднак несправядлівы прысуд так і не быў адменены.

Імя Л. Геніюш стаіць поруч з імёнамі Купалы і Коласа, Цёткі і іншых вядомых дзеячаў беларускай культуры. Пра высакароднасць яе думак і пачуццяў сведчаць яе кнігі “Невадам з Нёмана”, “На чабары настоена” і інш. Па матывах аўтабіяграфічнай кнігі “Споведзь” на кінастудыі “Беларусьфільм” зняты мастацкі фільм “Птушкі без гнёздаў”, пастаўлены спектакль “Белы сон”. На студыі “Летапіс” пра Ларысу Антонаўну зняты дакументальны фільм “Вянок цярновы васількоў”. У раённых цэнтрах Зэльва і Старыя Дарогі ёй пастаўлены помнікі.

Паводле “Беларускага Хельсінскага камітэту”, 02 лістапада 2007 г.

***

Лепшыя музыкі краіны 3 лістапада спявалі песні на вершы Анатоля Сыса і свае хіты. Галоўная мэта імпрэзы – сабраць суму, неабходную для ўсталявання помніка паэту на яго магіле ў Гарошкаве – дасягнута. Усяго ахвяравана было (за выняткам выдаткаў на арганізацыю канцэрту) – 2.747.860 беларускіх і 100 расійскіх рублёў.

У канцэрце памяці А. Сыса ў Чырвоным касцёле, які зладзіў інтэрнэт-партал “Тузін Гітоў” пры падтрымцы кампаніі “БМА-груп”, песні на вершы паэта і свае лепшыя хіты выканалі Лявон Вольскі, Кася Камоцкая, Аляксандр Памідораў, гурты “Палац” ды “Indiga”. Заля была перапоўненая.

Паводле радыё “Рацыя”, 05 лістапада 2007 г.

***

Мастакі Беларусі пачалі кампанію ў абарону спадчыны Альфрэда Ромэра — беларускага, літоўскага і польскага мастака, медальера, мастацтвазнаўцы і грамадскага дзеяча. Сёлета спаўняецца 175 гадоў з дня яго нараджэння.

А. Ромэр быў удзельнікам нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—1864 гг. Пасля турэмнага зняволення жыў у маёнтку Каралінава, што недалёка ад цяперашняй вёскі Камаі Пастаўскага раёна. Старшыня грамадскай рады дзеля ўшанавання памяці юбіляра, мастак Алесь Цыркуноў кажа, што ў Беларусі А. Ромэр правёў найбольш плённы перыяд сваёй творчасці.

Паводле А. Цыркунова, яшчэ не страчаная магчымасць захаваць былы маёнтак мастака — Каралінава. 14 лістапада грамадская рада накіравала зварот пра гэта ў Міністэрства культуры: “Стаіць пытанне: не даць загінуць маёнтку. Ён цяпер знаходзіцца амаль у аварыйным стане. Мясцовыя ўлады думаюць, каб на кагосьці сапхнуць гэта, ды не ведаць клопату. Таму наша задача — яго аднавіць. Можа, удасца гэта зрабіць сумесна з Саюзам мастакоў Беларусі, згуртаваннем “Бацькаўшчына”.

Паводле радыё “Свабода”, 14 лістапада 2007 г.

***

Лідэр гурту “Палац” і вядучы радыёверсіі хіт-параду “Тузін Гітоў” Алег Хаменка ўзяўся за праект “Беларускія народныя казкі”. Наклад першай часткі гэтага грандыёзнага праекту быў раскуплены, а ўвесь ён – на 10 дысках – мае пабачыць свет пасля Калядаў.

Гэты праект “Новай музычнай кампаніі” распачаўся вясною 2007 г. Галоўнай мэтай была спроба данесці ў блізкім да першапачатковага выглядзе беларускія казкі з усіх куткоў Беларусі. Ужо даволі даўно адзначалася, што беларускія казкі цікавей слухаць, чым чытаць, таму неабходнасць гэтага праекту – відавочная. Увесь праект быў падзелены на тры часткі, як звычайна дзеляць казкі этнографы: “Казкі пра жывёл” (3 CD), “Чарадзейныя казкі” (4 CD), “Сацыяльна-бытавыя” (3 CD).

Паводле “Тузіна Гітоў”

***

Першы раз творы Васіля Быкава былі перакладзеныя на іўрыт. Аўтарам перакладу з’яўляецца амбасадар Ізраіля ў Беларусі сп. Зэеў Бэн-Ар’е.

Першы пераклад аповеду “Бедныя людзі” быў апублікаваны ў часопісе Саюзу пісьменнікаў Ізраіля “Гаг” (“Дах”) у канцы кастрычніка 2007 г. З. Бэн-Ар’е распавёў, што зараз ужо гатовы пераклад на іўрыт і другога апавядання В. Быкава “Вочная стаўка”. Зараз ён знаходзіцца ў рэдакцыі ізраільскага літаратурнага часопісу “Мознаім” (“Вагі”).

“Калі я даведаўся, што гэты найбуйнейшы беларускі пісьменнік ніколі не перакладаўся на іўрыт, я вырашыў запоўніць прабел і пазнаёміць з яго творчасцю сваіх суайчыннікаў”, – сказаў дыпламат і дадаў, што калі першыя два пераклады знойдуць свайго чытача, ён гатовы працягнуць работу.

Паводле БЕЛТА, 19 лістапада 2007 г.

***

Спецыяльны фотарэпартаж з выявамі беларускіх могілак ва ўсім свеце пабачыў свет на сайце газеты “Нашай Ніва”.

Аўтары здымкаў: Алег і Наталля Гардзіенкі, таксама прадстаўленыя фота з архіва Лявона Юрэвіча. Фотаздымкі можна пабачыць па адрасе: http://www.nn.by/index.php?c=ar&i=12759

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

КНІЖНЫЯ НАВІНКІ

Урачыстасць у садзе

У серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” свет пабачыла новая кніга “Урачыстасць у садзе”. Гэта зборнік драматургічных твораў і перакладаў беларускіх аўтараў замежжа. Пераважная большасць твораў была раней апублікаваная толькі ў эміграцыйным перыядычным друку і мела абмежаваны доступ да чытача.

“Кожны з аўтараў гэтага зборніка, усё жыццё самаахвярна адданы ідэям 25 сакавіка, ідэям свабоды і незалежнасці Беларусі, у той ці іншай ступені паспытаў на сабе, што такое карны пераслед пануючай на радзіме ўлады. Бальшыня з гэтых таленавітых людзей была вымушана пакінуць Бацькаўшчыну і жыць у выгнанні, працягваць грамадскую і літаратурную працу ў шэрагах беларускай дыяспары”, – адзначыў аўтар прадмовы да кнігі і ўкладальнік Ванкарэм Нікіфаровіч (Чыкага).

У кнізе змешчаныя наступныя творы: “У свет” (Антось Галіна (Міхась Міцкевіч)), “Здрада” (П. Зніч (Пётра Крэчэўскі)), “Ліхадзейка” (Аўген Кавалеўскі), некалькі твораў Янкі Юхнаўца, у тым ліку нарыс “Урачыстасць у садзе”, назва якога і стала назвай для кнігі; драма для чытання Лявона Юрэвіча “Сакрэт Антона Адамовіча”, п’еса Кастуся Акулы “Тараканы ў саладусе” і інш. Да кожнага твора змешчаныя біяграмы аўтараў.

Тыднёвік “Наша Ніва”, які змясціў рэцэнзію на кнігу, дадае: “Змешчаная ў зборніку і казачная драма нобелеўскага лаўрэата 1912 г., патрыярха нямецкай літаратуры Герхарда Гаўптмана “Затонуты звон” у перакладзе Наталлі Арсенневай. Казка, між іншым, ставілася на сцэне Мінскага гарадскога тэатра падчас нямецкай акупацыі, як, зрэшты, і “Лясное возера”, і “Усяслаў Чарадзей” Арсенневай, што таксама ўвайшлі ў гэтую кнігу”.

У “Дадатку” прыводзяцца літаратуразнаўчы артыкул Л. Юрэвіча “Беларускі тэатр і драматургія на эміграцыі”, а таксама бібліяграфія артыкулаў пра тэатр і драматургію, што друкаваліся ў газетах “Беларус” і “Бацькаўшчына”.

У афармленні вокладкі выкарыстаныя рэпрадукцыі карцінаў Янкі Юхнаўца.

14-я кніга серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” выпушчаная МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” сумесна з БІНІМам.

Зборнік “Урачыстасць у садзе” шукайце ў кнігарнях або ў незалежных распаўсюднікаў, у тым ліку на knihi.net, у Алеся Мазаніка (кніжны кірмаш на вул. Купалы, 27, у Мінску, тэл. +375 29 757 58 67).

Урачыстасць у садзе: Драматургія беларускай эміграцыі ХХ ст. — Мінск, Медысонт, 2007. — 536 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны; кн. 14)

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

“Муха ціп-топ”

Кніга пра моладзь і для моладзі “Муха ціп-топ” пабачыла свет у Беластоку. Асновай для яе сталі тэксты і малюнкі маладых аўтарак Олі Каліны і Наталькі Кандрацюк-Свярубскай, якія былі выдадзеныя ў газеце беларусаў Польшчы “Ніва” ў цыкле “Муха ціп-топ”.

“Год таму мы дамовіліся з рэдактаркай сучаснай “Зоркі” (дадатак “Нівы”), каб пісаць і маляваць гісторыі з жыцця сучасных гімназістаў, – распавядае ў прадмове да кнігі Н. Кандрацюк-Свярубская. – У цыкле “Муха ціп-топ” мы стараліся адлюстраваць у літаратурнай і карцінкавай версіі 2006/2007 навучальны год, нашы праблемы з настаўнікамі і бацькамі, першыя каханні і расчараванні”.

Кніга змяшчае кароткія апавяданні і малюнкі-коміксы.

Абедзвюм дзяўчынкам па 15 год, яны вучацца ў адной з гімназіяў Беластока, вывучаюць беларускую мову. Новыя гісторыі цыклу “Муха ціп-топ” зацікаўленыя могуць знайсці ў тыднёвіку “Ніва”.

Аўтары выказваюць падзяку тыднёвіку “Ніва” і рэдактару дадатку “Зорка” Ганне Кандрацюк.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

ПАМЯЦЬ

У Санкт-Пецярбургу памерла паэтэса Аўгіння Кавалюк

2 лістапада 2007 г. у Санкт-Пецярбургу памерла паэтэса Аўгіння Кавалюк. Яшчэ зусім нядаўна, на Каляды 2005 г. на кватэры Аўгінні Трафімаўны Беларускае грамадска-культурнае таварыства віншавала яе адразу з трыма выдадзенымі за год кнігамі.

Нарадзілася Аўгіння Трафімаўна Сідаровіч 13 сакавіка 1934 г. у вёсцы Стральцы Скідзельскага раёна (Гродзенская вобласць). Скончыла гродзенскую школу № 9, потым у Гродне ж — педагагічны інстытут імя Янкі Купалы. Дваццаць тры гады працавала ў Рызе настаўніцай у міжгаліновым вучылішчы павышэння кваліфікацыі работнікаў народнай гаспадаркі. Пісала вершы. Прафесар ГДУ Аляксей Пяткевіч адной з першых уключыў яе ў свой энцыклапедычны даведнік “Славутыя людзі Гродзеншчыны”. З 1987 г. жыла ў Пецярбургу, працавала настаўніцай, актыўна ўдзельнічала ў культурным жыцці горада.

У сакавіку 2004 г. беларуская грамадскасць Пецярбурга ўрачыста святкавала яе 70-годдзе ў “Новым доме культуры” на Ісакіеўскай плошчы. Настальгію па Радзіме яна ўмела ператварыць у радасць успамінаў. Вершы для дзяцей магла з аднолькавай паэтычнасцю запісаць па-беларуску, па-руску, па-польску і па-нямецку, а кнігу паэзіі “Слова жанчыны да Айчыны. Вянок санетаў” зрабіла філасофскім разважаннем аб першых дзесяці гадах перабудовы. Свет прыходзіць і свет адыходзіць, а зямля застаецца. Паэзія Аўгінні Трафімаўны застанецца. Самой яе будзе моцна не хапаць.

Мікола Нікалаеў, Санкт-Пецярбург

Памёр былы Старшыня Рады БНР Язэп Сажыч

У панядзелак 19 лістапада ў Дэтройце памёр грамадскі дзеяч Язэп Сажыч.

Язэп Сажыч нарадзіўся 5 верасня 1917 г. у Гарадэчні, што на Навагрудчыне. З лета 1944 г. на эміграцыі. Быў адным з арганізатараў беларускага жыцця ў Дэтройце, адным з заснавальнікаў парафіі св. Духа Беларускай аўтакефальнай царквы ў гэтым горадзе. Узначальваў мясцовы аддзел Беларуска-амерыканскага задзіночання. 

Ад 1982 г. па 1997 г. узначальваў Раду БНР. 

У сакавіку 1993 г. Я. Сажыч наведаў Мінск і браў удзел у святкаванні 75-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі. На ўрачыстай вечарыне ў будынку філармоніі побач з ім у прэзідыуме быў тагачасны кіраўнік дзяржавы – старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч. З боку ўраду Вячаслава Кебіча ў той час рабіліся энергічныя крокі, каб Рада БНР склала свае паўнамоцтвы, як гэта зрабіў украінскі ўрад у выгнанні. Аднак Я. Сажыч устрымаўся ад гэтага кроку, палічыўшы, што незалежнасць і дэмакратычныя змены ў Беларусі не набылі незваротнага характару. 

Пра Я. Сажыча гаворыць Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла: “З вялікім сумам атрымала вестку пра смерць доктара Сажыча, якога яшчэ зусім нядаўна віншавала з 90-гадовым юбілеем і жадала яму дачакацца волі і дабрабыту для нашага народу. 

Быў доктар Сажыч вялікім патрыётам і сумленным чалавекам. Нёс адказнасць за старшынства Рады цягам 15 гадоў. Было гэта ў часы вялікіх зменаў, і ён меў надзею, што дачакаецца часу, калі Рада БНР зможа перадаць свой мандат незалежнай і дэмакратычнай Рэспубліцы Беларусь. На жаль, так яно не адбылося. Але Рада мае магчымасць працягваць змаганне і сёння, дзякуючы, у вялікай ступені, трываласці і ахвярнасці доктара Сажыча. За гэта яму – удзячнасць усіх нас. 

Цешыць мяне, што доктар Сажыч змог адведаць Беларусь у якасці Старшыні Рады БНР. Былі гэта часы вялікай надзеі, а для доктара Сажыча – вялікай радасці. Вечная памяць!”

Паводле “Нашай Нівы” і радыё “Свабода”

Памёр уладыка Ізяслаў

26 лістапада 2007 г. з волі Божай адышоў у вечнасць Мітрапаліт і Першаіерарх Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ўладыка Ізяслаў.

Мітрапаліт Ізяслаў, у свеце Іван Бруцкі нарадзіўся 22 студзеня 1926 г. у сяле Белавуша (цяпер Брэсцкай вобл.) у сялянскай сям’і Данілы і Марыі Бруцкіх-Стэмпкоўскіх. Іван быў трэцім сынам у сям’і.

Увосень 1939 г. Заходнюю Беларусь заняў Савецкі Саюз, на пачатку лета 1940 г. бацька быў арыштаваны і пасля вывезены ў Казахстан. Пасля акупацыі Беларусі ў 1941 г. Іван трапіў у набор на працу ў Нямеччыну. Калі скончылася вайна, ён вырашыў не ехаць дамоў на зноў акупаваную саветамі зямлю, а застацца за мяжою. Улетку 1947 г. Іван выехаў у Канаду.

Жаданне здабыць вышэйшую адукацыю не пакідала яго, і ўжо ў 1949 г. ён пачаў вучыцца будаўнічай інжынерыі ў Манітобскім універсітэце, зарабляючы на жыццё на часовых і летніх работах.

Іван становіцца актыўным удзельнікам працы ў грамадскай арганізацыі і ў Таронцкай парафіі Беларускай аўтакефальнай царквы. У 1957 г. ён быў абраны старшынёй Згуртавання беларусаў Канады.

Улетку 1962 г. І. Бруцкі пераязджае у Дэтройт (ЗША). І тут, апрача прафесійнага занятку, ён шмат часу прысвячаў беларускім справам, два гады займаў пасаду старшыні аддзелу Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА), браў удзел у дзейнасці Камітэту паняволеных народаў і этнічнай групы рэспубліканскае партыі.

У канцы1969 г. І. Бруцкі пераехаў у Кліўленд. Праз два гады ён стаў там старшынёй Парафіяльнай рады царквы Жыровіцкай іконы Божай Маці БАПЦ. З гэтай пары пачынаецца ягоная царкоўная дзейнасць.

У 1971 г. ён вяртаецца ў Дэтройт, дзе выконвае ранейшыя абавязкі ў БАЗА, уключыўся і ў жыццё мясцовай парафіі. Быў таксама абраны сябрам Рады БАПЦ і дэлегатам на Сабор БАПЦ.

Ягоная гатоўнасць прысвяціць сябе служэнню Божай справе была падтрыманая святой памяці Мітрапалітам Андрэем. 29 красавіка 1979 г. Іван Бруцкі быў высвечаны на дыякана, а 26 жніўня таго ж года – на святара.

22 лютага 1981 г. а. архімандрыт Ян Бруцкі Мітрапалітам УПЦ Мсціславам, архіепіскапам УПЦ Арэстам ды Мітрапалітам БАПЦ Андрэем быў хіратанізаваны ў епіскапскую годнасць з манаскім імём Ізяслаў. У траўні 1983 г. на III Саборы БАПЦ ачоліў БАПЦ.

Да 2003 г. узначальваў адну з дзвюх галінаў БАПЦ, а пасля аб’яднаўчага царкоўнага сабору – абодва крылы БАПЦ.

Вечны супакой Табе, Незабыўны Добры Пастыр!

Паводле www.belaoc.org

Памёр Кастусь Мерляк

25 лістапада памёр Кастусь Мерляк, які быў адной з найбуйнейшых фігураў беларускай дыяспары ў ЗША.

Кастусь Мерляк нарадзіўся 25 снежня 1919 г. у в. Дзетамля (сёння Наваградскі р-н). У 1940 г. скончыў курсы інспектараў Дзяржбанку БССР у Беластоку. Працаваў бухгалтарам, старшым крэдытным інспектарам.

Падчас вайны — у беларускай адміністрацыі на Наваградчыне, інтэндант пры Наваградскім эскадроне Барыса Рагулі.

З лета 1944 г. — на выгнанні. Пры канцы вайны апынуўся ў Італіі, у 1947 г. выехаў у Аргенціну, дзе стварыў і ўзначаліў Згуртаванне беларусаў у Аргенціне.

У 1954 г. разам з сям’ёй пераехаў у ЗША. Пасяліўся ў Нью-Ёрку. Узначаліў Сектар Рады БНР на ЗША, управу Беларуска-амерыканскага задзіночання, у 1959–1963 гг. – старшыня Галоўнай Управы БАЗА.

У 1963 г. на выбарах новага старшыні БАЗА прайграў Станіславу Станкевічу. Паводле К. Мерляка, яго змясцілі з пасады за тое, што ён рэзка крытыкаваў дзейнасць прэзідэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка.

У 1964 г. Мерляк быў пазбаўлены пасады старшыні акруговага аддзелу БАЗА. Разам з прыхільнікамі заснаваў Беларуска-амерыканскае аб’яднанне ў штаце Нью-Ёрк. У 1968 г. у выніку канфлікту К. Мерляк з паплечнікамі пакінуў прыход св. Кірыла Тураўскага; яны заснавалі прыход з аналагічнай назвай на той жа вуліцы, толькі ў іншым раёне. У 1969 г. прыход перайшоў у юрысдыкцыю канстанцінопальскага патрыярха.

У 1983 г. было скончана ўзвядзенне царквы. 30 кастрычніка 1983 г. царква св. Кірылы Тураўскага ў Рычманд-Гіле была ўрачыста высвечана.

У сярэдзіне 1990-х К. Мерляк адышоў ад актыўнай грамадскай дзейнасці. У 1992 г. выдаў у Нью-Ёрку грунтоўныя ўспаміны “Дзейнасць Кастуся Мерляка на эміграцыі: праніклівасць і практычны падыход”.

Па сабе пакінуў жонку Ганну Губерт ды сыноў Юльяна, Данілу, Вінцэнта.

Паводле “Нашай Нівы”

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by

 

№ 4, красавiк 2008
[ PDF ]
архіў бюлетэня
Запоўніць картку...

Па пытаннях беларусаў замежжа...

Па захаванні Беларускага дому...

15–16 снежня 2007
Беларуская эканамічная і палітычная мадэль: сучаснасць і перспектывы трансфармацыі:


Што рабіць з вёскай?
(дадана 17.01.08)

усе круглыя сталы

Віктар Кавалеўскі
Аўстралія і іміграцыя

Леанід Лыч
І на чужыне пачуваліся беларусамі

Леанід Лыч
Руская культура на Беларусі: плюс ці мінус?

Янка Запруднік
УДЗЯЧНАСЬЦЬ – МАСТАЦТВА ДУШЫ або Чаму беларусы ня ўмеюць дзякаваць?

Аляксандар Адзінец
Запавет эмігранта

 
Галоўная - Хто мы - Бібліятэка - Кантакты - Хронiка дзейнасцi - З`езды - Сайты беларуская дыяспары
zbsb [@] tut.by - zbsb [@] lingvo.minsk.by
Rating All.BY биографии белорусских писателей, мордкович