диаспора РБ Минск Менск белорусская диаспора
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету

Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўшчына


Навіны (галоўная) Архіў навін Хто мы Хронiка дзейнасцi З'езды беларусаў свету Кантакты Банкаўскія рэквізіты Архіў бюлетэня
Гісторыя Галерэя дзеячаў База дадзеных Сайты дыяспары Перыёдыка Могілкі Помнікі
Грамадскія арганізацыі СМІ Дыпламатычныя прадстаўніцтвы Даведнік
"НІВА" "БЕЛАРУС" "Крывія"
Еўрапейскае радыё для Беларусі Радыё "Рацыя" "Радыё Швецыя" Радыё "Палонія" Deutsche Welle

90-БНР

Беларускі Інтэрнэт

МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№08-09(№67-68)
жнівень-верасень
2007
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

запампавать pdf-версію бюлетэня

Змест:

 

ПАДЗЕЯ

10 год адноўленай нацыянальнай святыні

У 2007 г. спаўняецца 10 год з моманту завяршэння працы па аднаўленні Крыжа св. Еўфрасінні Полацкай – святыні, якая за сваю амаль тысячагадовую гісторыю стала сімвалам беларускай дзяржаўнасці і незалежнасці. Ініцыятарам і арганізатарам яго аднаўлення выступіла МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. 26 верасня 1997 г. у Полацку ў Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры адбылося свята ўздзвіжання адноўленага Крыжа.

Ідэю аднавіць святыню агучыла кіраўніцтва Згуртавання на Першым з’ездзе беларусаў блізкага замежжа (1992 г.). Дэлегаты форуму аднагалосна падтрымалі прапанову. Адноўлены Крыж Еўфрасінні Полацкай планавалася перадаць на захаванне Беларускай праваслаўнай царкве ў Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр. На з’ездзе таксама было вырашана пачынаць усе асноўныя грамадскія акцыі з дэман-страцыі Крыжа св. Еўфрасінні Полацкай як аб’яднаўчага сімвала нацыі.

Пасля кансультацый са спецыялістамі кіраўніцтва ЗБС “Бацькаў-шчына” вызначылася з асобай май-стра-ювеліра, які адновіць святыню. У лютым 1993 г. Згуртаванне заключыла дамову з Міколам Кузьмічом з Брэста. Дзеля кіраўніцтва і кантролю за працэсам аднаўлення Крыжа “Бацькаўшчына” стварыла навукова-грамадскую раду, у якую ўвайшлі вядомыя мастацтвазнаўцы, мастакі, гісторыкі, прадпрымальнікі, прадстаўнікі дзяржаўных органаў Беларусі і Беларускай праваслаўнай царквы.

Навуковым кіраўніком праекта быў зацверджаны доктар гістарычных навук, прызнаны спецыяліст у гісторыі Полацкага княства, сябра Вялікай Рады “Бацькаўшчыны” Георгій Штыхаў.

Важнасць працы па аднаўленні Крыжа адзначылі таксама дэлегаты Першага з’езду беларусаў свету (1993 г.). Дзеля рэалізацыі праектаў нацыянальнага значэння ў сферы культуры і адукацыі рашэннем Першага з’езду беларусаў свету была заснавана Рада прадпрымальнікаў беларускай дыяспары, якая падтрымала праект фінансава і арганізацыйна.

Беларуская праваслаўная царква дабраславіла працу па аднаўленні Крыжа, ініцыяваную “Бацькаўшчынай”, а з 1995 г. далучылася да фундавання праекта разам з беларускімі дзяржаўнымі органамі, якія выдзелілі неабходную колькасць металаў і золата.

Улетку 1997 г. пяцігадовая справа аднаўлення святыні падышла да завяршэння. У ліпені адбыўся абрад укладання хрысціянскіх святыняў у Крыж, а ў жніўні — цырымонія перадачы адроджанай святыні Беларускай праваслаўнай царкве. Гэта сапраўды стала агульнанацыянальнай падзеяй. 26 верасня з гэтай нагоды ў Полацку прайшлі ўрачыстасці, у якіх бралі ўдзел уладыка Філарэт, прадстаўнікі ўлады, ЗБС “Бацькаўшчына”, грамадскасці.

Праца па аднаўленні святыні была высока адзначана і ЗБС “Бацькаўшчына”, і БПЦ. Згуртаванне ўзнагародзіла тых, хто зрабіў найбольшы ўклад у адраджэнне святыні.

Сярод прадстаўнікоў Рады прадпрымальнікаў беларускай дыяспары найбольш актыўна спрычыніліся да справы аднаўлення Крыжа Барыс Стук (Мінск, Беларусь), Анатоль Сілівончык (Сургут, Расія), Мікола Сулкоўскі (Новасібірск, Расія), Анатоль Лук’янчык (Кліўленд, ЗША).

Анатоль Сілівончык як адзін з асноўных фундатараў аднаўлення Крыжа атрымаў з рук мітрапаліта Філарэта ордэн св. Роўнаапостальскага Вялікага князя Уладзіміра, Ганна Сурмач (старшыня Рады ЗБС “Бацькаўшчына” ў 1993–2001 гг.) і Барыс Стук (намеснік старшыні Рады ЗБС “Бацькаўшчына” з 1993 г.) – граматы. Мікола Кузьміч быў названы ў 1997 годзе “Чалавекам года”.

У 2007 годзе сп. Кузьміч скончыў працу па аднаўленні рaкі святой Еўфрасінні Полацкай (па замове Беларускай праваслаўнай царквы). 5 чэрвеня ў Полацку (у дзень памяці святой Еўфрасінні) у сувязі з асвячэннем ракі адбыліся святочныя мерапрыемствы.

Гэтыя дзве падзеі – аднаўленне Крыжа і ракі святой Еўфрасінні – маюць нацыятворнае значэнне. І адзначацца павінны былі б на нацыянальным узроўні, а не ў коле абраных, хай і высокапастаўленых асобаў. Ні фундатары аднаўлення вобраза Крыжа св. Еўфрасінні Полацкай, ні прадстаўнікі Згуртавання “Бацькаўшчына” на ўрачыстасці запрошаныя не былі.

Пра дзесяцігоддзе ж аднаўлення самога Крыжа практычна “забыліся”. У 2007 г. ніякіх агульнаграмадскіх мерапрыемстваў з гэтай нагоды проста не было.

Падобная сітуацыя склалася яшчэ вакол адной сімвалічнай для Беларусі постацці – Усяслава Чарадзея. Значнасць гэтай асобы для беларускай дзяржаўнасці перабольшыць немагчыма. Помнік яму ўсталяваны ў Полацку 1 верасня 2007 г. Спешна. Бо ад пачатку адкрыццё планавалася на 8 верасня. Але таксама без запрашэння прадстаўнікоў грамадскасці, без надання шырокага асвятлення гэтай падзеі.

Ствараецца ўражанне, што сімвалам, падзеям, якія б маглі ў сённяшніх складаных для грамадства варунках стаць кансалідуючымі для беларускай нацыі, знарок не надаецца належнай увагі. Нашыя вялікія продкі сваім жыццём, сваёй дзейнасцю, самаахвярнасцю стварылі і захавалі беларускую дзяржаву. Сённяшнія ж беларусы не здольныя сказаць важкае слова ў абарону сваёй незалежнасці, сваёй мовы, сваёй культуры. Можа, моц продкаў у выглядзе сімвалаў зробіць тое, чаго не можам мы.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”

Таленавітыя маладыя літаратары і мастакі вярнуліся з летніку ў Балгарыі

Пераможцы літаратурна-мастацкага конкурсу “Беларусь маёй будучыні” вярнуліся з Балгарыі. У гэтым годзе менавіта там праходзіў летнік, як і конкурс, арганізаваны МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.

Спаборніцтва для школьнікаў 12–14 гадоў “Беларусь маёй будучыні” распачалося ў лютым 2007 г. і доўжылася тры месяцы. За гэты час на адрас Згуртавання прыйшло больш за 300 працаў з усёй Беларусі.

У траўні экспертная камісія падвяла вынікі, 60 дзяцей сталіся лаўрэатамі конкурсу. Усе яны атрымалі ганаровыя граматы. Тыя ж, хто заняў першае месца, атрымалі цудоўны падарунак ад нашай зямлячкі з ЗША спн. Ірэны Каляды-Смірновай, кіраўніка дабрачыннага фонду “Этнічны голас Амерыкі”– падарожжа і двухтыднёвы адпачынак на моры ў Балгарыі, на міжнароднай турыстычнай базе “Журналіст”. Ужо дзевяты год запар спн. Ірэна такім чынам адзначае і заахвочвае маладыя таленты з Беларусі.

Але не толькі адпачынак быў мэтай паездкі: усе беларускія школьнікі прымалі актыўны ўдзел і ў адукацыйна-забаўляльных мерапрыемствах – літаратурных і гістарычных віктарынах; яны ладзілі тэатральныя пастаноўкі і імпрэзы, малявалі, спявалі, ездзілі на цікавыя экскурсіі.

Гэтым летам адным з выхавальнікаў быў кіраўнік музычнага гурту “Testamentum Terra”, дудар Юрась Панкевіч. Амаль кожны вечар ён іграў дзецям на дудзе, распавядаў пра беларускія народныя інструменты, развучваў беларускія і еўрапейскія танцы часоў ВКЛ. Неўзабаве выйдзе музычны альбом “Слаўны паніч” гурту “Testamentum Terra”, спонсарскую дапамогу ў выданні альбому таксама аказвае спн. Ірэна Каляда-Смірнова.

Свае ўражанні ад адпачынку, словы ўдзячнасці маладыя творцы праз “Бацькаўшчыну” ў лістах і малюнках перадаюць Ірэне Калядзе-Смірновай. Гэтыя вестачкі разам з фотаздымкамі стануць лепшым сведчаннем пачэснай і плённай працы спн. Ірэны на карысць будучыні Беларусі. Вось колькі ўрыўкаў з дзіцячых лістоў.

Максім Гаўрыс, Мінск:

“Паважаная Ірэна. Вялікі Вам дзякуй за тое, што Вы далі магчымасць нам пабачыць цудоўны свет Балгарыі. Яе прыгажосць адкрыла ўва мне новыя магчымасці. Я па-іншаму зразумеў шматлікія рэчы. Не кожны чалавек зможа так самааддана дапамагаць іншым, дарыць ім дабро. За гэта Вам дзякуй”.

Аліна Свецік, Віцебск; Таццяна Панфілава, Маладзечна:

“Паважаная Ірэна! Ведайце, што мы ганарымся сваёй Радзімай і жадаем у будучыні зрабіць яе моцнай і знакамітай дабрынёй і патрыётамі.

Мы ўсе за Беларусь! За Радзіму і Свабоду! Дзякуй Вам, што Вы беларуска, патрыётка! Мы жадаем быць такімі як Вы, Ірэна. Вялікі дзякуй!”

Ілля, Леся, Ліза, Зміцер, Яўген, Кася, Ліяна, Алесь, звяз “Маленькае княства Ліцвінскае”:

“Шаноўная Ірэна Каляда-Смірнова! Дзякуй Вам за гэту цудоўную паездку ў Балгарыю. Тут мы вельмі добра адпачывалі, кожны дзень гулялі ў розныя гістарычныя і спартовыя гульні. Паляпшалі свае веды, заўсёды размаўлялі на беларускай мове, узгадвалі беларускіх пісьменнікаў, гістарычных асоб, дзеячаў культуры.

Наш звяз, як і іншыя, вельмі патрыятычны. Мы любім сваю Бацькаўшчыну, а пабываўшы ў іншай краіне, мы яшчэ больш зразумелі, як добра на роднай зямлі. Жыве Беларусь!”

Дар’ян Шахаб, Мінск:

“Шаноўная Ірэна Каляда-Смірнова! Дзякуй Вам за тое, што Вы зрабілі для ўсяго беларускага народа, у прыватнасці, для дзяцей, якія ўжо шмат год адпачываюць на тэрыторыі іншых краінаў. Вы, ня гледзячы на цяжкія абставіны, змагаецеся за існаванне нашай Беларусі, якая знаходзіцца не ў самым лепшым становішчы.

Я спадзяюся, што такія людзі, як Вы, растуць і сярод нас – сапраўдных беларусаў. Я ўпершыню адчуў моц цяперашніх ліцвінаў. Вы можаце быць упэўнены ў тым, што яны не горшыя за тых, якія жылі стагоддзі таму”.

Святлана Тамашэвіч, Маладзечна:

“Сп. Ірэна Каляда-Смірнова! Вялікі вам дзякуй! Я не толькі добра адпачыла, знайшла новых сяброў, паглыбіла свае веды пра гісторыю нашай Бацькаўшчыны, але і ўпершыню адчула тую шчырую любоў, павагу да роднай краіны, якая натхняе мастакоў і пісьменнікаў ствараць шэдэўры, а простага чалавека падымае (у самыя цяжкія хвіліны) на барацьбу за Радзіму!”

І гэта толькі маленькая частка таго, што напісалі ўдзячныя беларусы спн. Ірэне Калядзе-Смірновай. Дзеці і да гэтага часу працягваюць пісаць лісты, ужо самі дасылаючы іх беларускай мецэнатцы.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

Далучайцеся да працы Аргкамітэту!

Ініцыяваны МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” Грамадскі арганізацыйны камітэт па святкаванні 90-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі ў 2008 г. працягвае працу.

За гэты час да працы аргкамітэту далучыліся прадстаўнікі дыяспары і разнастайныя арганізацыі Беларусі.

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” звяртаецца з прапановай да ўсіх беларускіх асяродкаў і суполак ладзіць у 2008 г. акцыі пад знакам юбілею беларускай дзяржаўнасці, прысвечаныя 90-годдзю БНР.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

Беларусы ў Швецыі вучыліся захоўваць культурную спадчыну

17–22 верасня старшыня Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская і прадстаўнікі ГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” наведалі Швецыю.

“Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” прадстаўлялі старшыня Аляксей Глушко, сябры таварыства Наталля Сухая (Мінскі абласны метадычны аддзел культуры) і Ірына Мазюк (супрацоўнік Інстытута праблем культуры).

Беларускую дэлегацыю запрасіла шведская арганізацыя “ІКС” (Міжнародны культурны цэнтр) – падраздзяленне асацыяцыі “SV”, якая працуе ў Швецыі ў галіне адукацыі дарослых і моладзі і мае структуры па ўсёй краіне. Супрацоўніцтва паміж беларускімі арганізацыямі і Міжнародным культурным цэнтрам Швецыі працягваецца ўжо чацвёрты год.

Мэтай візіту было знаёмства з метадамі і формамі захавання і развіцця культурнай спадчыны Швецыі, у тым ліку народных рамёстваў і традыцый. Удзельнікі беларускай дэлегацыі наведалі рэгіянальныя аддзяленні ІКС, галоўны офіс, а таксама шэраг экспазіцый твораў шведскай матэрыяльнай культуры.

Па словах Алены Макоўскай, праграма сустрэч была вельмі насычанай: “Засталося шмат уражанняў. Перш за ўсё, ад той любові і павагі, з якой шведы ставяцца да сваёй нацыянальнай культуры, з якім густам і прафесіяналізмам афармляюцца экспазіцыі народных рамёстваў і як актыўна ў штодзённым жыцці шведаў жыве і развіваецца традыцыйная культура (у элементах вопраткі, аздабленні кватэр). Напрыклад, на вуліцах Стакгольма шмат маладых людзей, апранутых па апошняй сучаснай модзе, вельмі часта як упрыгожанне выкарыстоўваюць шалік ці хустку са шведскім традыцыйным арнаментам”.

Важнай часткай праграмы былі сустрэчы з беларусамі, якія жывуць у Швецыі, — з вядомым гісторыкам Андрэем Катлярчуком, паэтам і журналістам Зміцерам Плаксам. Цікава і прыемна было наведаць студыю Беларускай праграмы шведскага радыё, дзе адбылося знаёмства і сустрэча з маладой беларускай журналісткай Юляй Канавалавай.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

Ці будзе ў беларуса замежжа пасведчанне і ільготы?

У верасні Сейм Польшчы прыняў законапраект аб Карце паляка. Гэта своеасаблівае пасведчанне прадстаўніка польскай дыяспары. Беларусы замежжа да гэтага часу не маюць нічога падобнага.

Палякам, якія жывуць у замежжы і не маюць польскага грамадзянства, будзе лягчэй прыехаць, працаваць ці вучыцца ў Польшчы. Карта паляка гарантуе бясплатную візу, ільготы на праезд на тэрыторыі Польшчы, лягчэйшае паступленне ў польскія ВНУ.

Прадстаўнікі беларускай дыяспары не толькі не маюць ніякіх дакументаў, якія б пацвярджалі іх прыналежнасць да беларусаў і беларускае паходжанне, ніякіх ільготаў у Беларусі – да гэтага часу ў Беларусі не існуе закона аб беларусах за мяжой.

З пытаннем, што ў гэтым кірунку можа быць зроблена для беларускай дыяспары, мы датэлефанаваліся да упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Леаніда Гулякі. Але ён адмовіўся размаўляць.

Цягам апошніх сямі гадоў “Бацькаўшчына” сваімі зваротамі спрабуе падштурхнуць афіцыйныя структуры да прыняцця нарматыўнага дакумента, які б акрэсліў супрацоўніцтва з беларусамі замежжа. Больш таго, Згуртаванне распрацавала свой праект такога закона, улічыўшы прапановы дыяспары, і накіравала ў адпаведныя дзяржаўныя ўстановы. На жаль, сённяшняя ўлада не лічыць працу з дыяспарай адным з прыярытэтных накірункаў, як гэта адбываецца ў іншых краінах: ні закон, ні праграма не прынятыя, і іх прыняцце адкладваецца з году ў год. Мы плануем і далей звяртацца ў афіцыйныя структуры з мэтай адстойвання інтарэсаў беларускай дыяспары, каб у будучым законе як мага шырэй былі прадстаўленыя інтарэсы і абароненыя правы беларусаў замежжа.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

У Вільні будуць усталяваныя шыльды ў памяць Максіма Гарэцкага і Наталлі Арсенневай

6 кастрычніка ў Вільні будзе ўрачыста адкрытая шыльда ў памяць рэпрэсаванага беларускага пісьменніка Максіма Гарэцкага, якому ў наступным годзе споўнілася б 90 год. Выраб шыльды фінансавалі пляменнік пісьменніка Радзім Гарэцкі і МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.

У той жа дзень у Вільні адновяць шыльду яшчэ адной знанай беларускай пісьменніцы Наталлі Арсенневай. Першы раз шыльда ў яе гонар была ўсталяваная ў 1990-ых гадах, але праз нейкі час дошку скралі. На гэты раз фінансаванне вырабу новай памятнай дошкі на сабе ўзяло Таварыства беларускай культуры ў Вільні.

“Жыццё гэтых беларускіх творцаў было моцна звязана з Вільняй, таму менавіта там мы з віленскай суполкай беларусаў і адкрываем памятныя знакі ў іх гонар”, – адзначыла старшыня Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская.

Гэтыя дзве мемарыяльныя дошкі ў колішняй беларускай сталіцы з’явяцца, перш за ўсё, дзякуючы падрыхтоўчай рабоце і высілкам ТБК і асабіста яго старшыні Хведара Нюнькі.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

ВІНШУЕМ

Маем гонар павіншаваць з Днём нараджэння сяброў Вялікай Рады арганізацыі, якія нарадзіліся ў верасні і кастрычніку: Ніла Гілевіча, Валерыя Герасімава, Алега Якшэвіча (Беларусь), Вячаслава (Вячку) Целеша (Латвія), Георгія Казака, Уладзіміра Астапука, Генадзя Леха, Альберта Мітэра (Расія), Іну Паўловіч (Чэхія).

З асаблівым пачуццём віншуем нашых юбіляраў Аляксея Каўку (Расія), якому споўнілася 70 год, і Алеся Пашкевіча (Беларусь), якому споўнілася 35 год, Алеся Шатэрніка (Беларусь), якому ў кастрычніку спаўняецца 60 год.

Прыміце ад нас шчырыя пажаданні шчасця, доўгага жыцця, выдатнага здароўя, натхнёнай працы, духоўнай і творчай самарэалізацыі на карысць беларускага народу і Бацькаўшчыны.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

 

Увага! Абнаўленне ў раздзеле “Артыкулы” на сайце

На нашым сайце з’явіліся тры новыя артыкулы. Гэта “Удзячнасьць – мастацтва душы” Янкі Запрудніка, “Руская культура на Беларусі: плюс ці мінус?” і “І на чужыне пачуваліся беларусамі” Леаніда Лыча.

У першым з іх — “Удзячнасьць – мастацтва душы” — вядомы дзеяч беларускага замежжа Янка Запруднік задаецца пытаннем, чаму беларусы не ўмеюць дзякаваць. Для адказу аўтар звяртаецца да культурнага вопыту амерыканцаў і ўвогуле англамоўнай культуры, менталітэту.

У другім — “Руская культура на Беларусі: плюс ці мінус?” — доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Лыч разважае пра асаблівасці развіцця беларускай культуры ў Беларусі: як у мінулым суіснавалі беларуская і руская культура, у чым плюсы і мінусы глыбокага пранікнення рускай культуры ў жыццё сённяшняга беларуса і што павінна абраць Беларусь на будучым шляху.

Трэці артыкул “І на чужыне пачуваліся беларусамі” распавядае пра прадстаўнікоў беларускай паваеннай эміграцыі, якія і за мяжой не забываліся на беларускую мову, вучылі ёй сваіх дзяцей. “Вынікае вельмі важная для ўсіх часоў выснова: куды б лёс ні закінуў з нашага краю чалавека, ён павінен заставацца беларусам”, – робіць выснову аўтар.

Сачыце за далейшымі абнаўленнямі рубрыкі “Артыкулы” (http://zbsb.org/art.shtml).

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

 

НАВІНЫ

Нью-Йорк, ЗША

У гэтым годзе споўнілася 48 год Беларуска-амерыканскаму задзіночанню (БАЗА). Яно распачало сваю дзейнасць 31 ліпеня 1949 г.
А 20 верасня споўнілася 47 год друкаванаму органу БАЗА – вядомай ва ўсім беларускім свеце газеце “Беларус”.

Першая падрыхтоўчая сустрэча прайшла ў чэрвені ў Брукліне, а 31 ліпеня ў Манхэтане адбыўся арганізацыйны сход, на якім і была ўтвораная БАЗА. Заснавальнікамі арганізацыі былі Мікола Гарошка, Мікола Дарашэвіч, Уладзімір Машанскі, д-р Янка Станкевіч, Янка Ніхаёнак, д-р Аляксандр Орса, Міхась Тулейка.

У 1950 г. арганізацыя атрымала афіцыйнае прызнанне з боку амерыканскіх уладаў. А 20 верасня 1950 г. з’явіўся першы нумар друкаванага органу БАЗА – газеты “Беларус ”.

За першыя тры гады дзейнасці беларускай арганізацыі ўзніклі аддзелы ў Манхэтане, Брукліне, Мэспеце (Куінз), якія пазней былі аб’яднаныя ў Нью-Йоркскую акругу БАЗА. У 1951 г. быў заснаваны аддзел ў Кліўлендзе (Агаё). Пазней паўсталі аддзелы і ў другіх гарадах ЗША.

15 кастрычніка 1951 г. беларуская грамада Нью-Йорку набыла будынак пад Беларускі народны дом і сабор Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

За гэтыя гады БАЗА ніколі не прыпыняла дзейнасці на карысць Беларусі і беларусаў, як тых, што жывуць у ЗША, так і ў Беларусі. Сёння існуе таксама маладзёвае крыло арганізацыі “Моладзь БАЗА”. У планах – далейшае развіццё і пашырэнне.

Паводле http://belarus8.tripod.com/usa/BAZA

***

Беларуска-амерыканскае задзіночанне (БАЗА) робіць захады па пашырэнні колькасці гурткоў і аддзелаў.

За апошні час БАЗА пачала працу па стварэнні новых структураў у Чыкага і Мінеапалісе. Як адзначаюць у арганізацыі, акцыя заснавання гур-ткоў (дэлегатураў або аддзелаў) БАЗА пачалася з пары зацікаўленых асобаў. Паводле статуту, каб заснаваць гурток, трэба мець 5 сяброў, для аддзелу – хаця б 10–20.

Наступнымі крокамі ў пашырэнні дзейнасці БАЗА будзе аднаўленне раней існуючых структураў БАЗА ў Вашынгтоне, Новай Англіі і Каліфорніі.

Асобам з іншых мясцовасцяў, зацікаўленых стаць сябрамі БАЗА, прапануюць звяртацца ў Галоўную Управу: BAZA.HQ@hotmail.com; Belarusan-American Association, P.O. Box 1347 Highland Park, NJ 08904

Паводле газеты “Беларус”

***

19 жніўня ў Саборы Св. Кірылы Тураўскага ў Брукліне адбылася імпрэза з нагоды 450-годдзя Льва Сапегі, палітычнага, грамадскага і ваеннага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага.

Падчас імпрэзы Беларускі музей прэзентаваў мастацкі твор Алеся Шатэрніка з выявай Льва Сапегі, выступалі знакамітыя дзеячы беларускага замежжа. На жаль, сам мастак не здолеў прыехаць і таму пра твор распавяла яго дачка Юля Шатэрнік.

Льву Сапегу былі прысвечаныя выступленні сяброў рады Беларускага Музея Анатоля Колбуна і Мікалая Сагановіча, грунтоўны і цікавы рэферат падрыхтаваў Валодзя Цяліца.

Паводле www.belmov.org

Астана, Казахстан

Этнічны беларус Леанід Піталенка трапіў у лік дзевяці дэпутатаў ніжняй палаты казахскага парламента ад Асамблеі народа Казахстана.

18 жніўня ў краіне прайшлі выбары дэпутатаў у ніжнюю палату парламента (мажыліс) па партыйных спісах. 20 жніўня дзевяць дэпутатаў абраныя ад Асамблеі народа Казахстана.

Свае галасы за Л. Піталенку аддалі 314 чалавек. Пра гэта паведаміў амбасадар Беларусі ў Казахстане Васіль Гапееў. У Алматы Л. Піталенка ўзначальвае Нацыянальны культурны цэнтр “Беларусь”.

Па словах амбасадара, беларуская дыяспара ў Казахстане налічвае 100 тысяч чалавек.

Паводле БЕЛТА і “Еўрапейскага радыё для Беларусі”, 20 жніўня 2007 г.

Атава, Канада

З адкрытым лістом звярнулася да настаўнікаў Беларусі старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла з нагоды пачатку новага навучальнага года.

“Зьвяртаюся да Вас сёньня з просьбай: выхоўвайце ў беларускім духу нашых дзетак, каб яны не цураліся свайго. Каб яны былі гордыя, сьмелыя, прынцыповыя. Каб разумелі, што Беларусь іхная Бацькаўшчына і што іхным сьвятым абавязкам ёсьць яе бараніць ад чужых імпэрыялістычных намераў”, – адзначыла ў адкрытым лісце спн. І. Сурвілла.

Паводле Радыё “Свабода”, 3 верасня 2007 г.

Рыга, Латвія

23 і 24 жніўня Культурна-адукацыйнае таварыства беларусаў “Уздым” ладзіла Дні латгальскіх беларусаў.

Адбыліся шматлікія культурніцкія мерапрыемствы, а таксама дэгустацыя беларускіх нацыянальных страваў.

“Дні латгальскіх беларусаў даюць добрую магчымасць грамадскасці лепш пазнаёміцца з беларускай культурай, традыцыямі, каштоўнасцямі і літаратурай”, – адзначыў міністр па асаблівых даручэннях па справах грамадскай інтэграцыі Латвіі Оскар Кастэнс.

На сённяшні дзень у Латвіі дзейнічаюць 9 беларускіх недзяржаўных арганізацый.

Паводле www.reitingi.lv і “Еўрапейскага радыё для Беларусі”, 24 жніўня 2007 г.

Вільня, Літва

Таварыства беларускай мовы Віленcкага краю ўшанавала па-мяць беларускіх святароў. Устаноўлена памятная шыльда ў вёсцы Свіраны, на радзіме Францішка Багушэвіча.

Суполка, якую больш за дзесяць гадоў узначальвае беларускі актывіст Юры Гіль, зрабіла мемарыяльную дошку з імёнамі святароў, якія право-дзілі набажэнствы па-беларуску.

Кіраўнік суполкі ТБМ Віленшчыны Юры Гіль распавёў: “Навялі парадак на тэрыторыі, а таксама ўсталявалі табліцу памяці нашых святароў. Гэта вельмі важна! На мемарыяльнай дошцы выбіты імёны дзесяці святароў, каталікоў ды ўніятаў: Адама Станкевіча, Вінцэнта Гадлеўскага ды іншых. Святары, якія вялі набажэнствы на роднай мове, у гады вайны былі рэпрэсаваныя. У нас яшчэ шмат працы па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Неабходна, каб у гэтай справе прыняла ўдзел Віленская беларуская школа”.

Справа па ўшанаванні выбітных асобаў на Віленшчыне будзе працягвацца.

Паводле “Польскага радыё для замежжа”, 22 жніўня 2007 г.

***

Вандроўку ў гонар забытых герояў Аршанскай перамогі здзей-снілі 9 верасня сябры Таварыства беларускай культуры ў Літве.

“Мы праехалі па рэгіёнах, вядомых не толькі сваёй гісторыяй і знакамітымі асобамі, але і тым, што і сёння тут яшчэ людзі размаўляюць на беларускай мове, хоць ужо не ідэнтыфікуюць сябе з беларусамі, думаючы, што яны палякі”, – адзначылі арганізатары.

Па словах удзельнікаў вандроўкі, самым цікавым і плённым было наведванне памежнай вёскі Нарвілішкі: “Народ збіраўся на нядзельную імшу. Нас уразіла іх беларуская мова. Мясцовы ксёндз надзвычай прыязна да нас паставіўся. Прамовіў некалькі слоў па-беларуску, праспяваў калядку “Сёння ў Віфлеем, сёння ў Віфлеем”. Сябра ТБК Андрусь Старавойтаў у адказ адгукнуўся на прапанову праспяваць беларускі гімн “Магутны Божа”. Сам ксёндз баяўся рэакцыі парафіянаў, але ім спадабалася гучанне гімну, і яны аддзячылі выступоўцу апладысментамі”.

Напрыканцы вандроўкі сябры ТБК наведалі знакаміты Нарвілішскі замак. Яго гісторыю ім распавёў мясцовы супрацоўнік, апрануты ў манаскае адзенне.

“Рыцары, што палеглі на Аршанскім полі, аддавалі ўласныя жыцці, жадаючы бачыць веліч Бацькаўшчыны, яе незалежнасць, яе існасць як еўрапейскай дзяржавы. І нам сорамна перад іх памяццю, – адзначылі ўдзельнікі вандроўкі. – Але нашае жыццё, тое, што мы іх узгадалі, – сведчанне, што іх кроў не была дарэмнай, што іх мары аб незалежнай Беларусі збудуцца”.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Шаўляй, Літва

Кіраўнік беларускай суполкі ў Шаўляі Георгій Пракаповіч абраны кіраўніком усіх нацыянальных арганізацый горада.

Пра гэта распавёў сам сп. Пракаповіч: “Два дні таму мяне абралі старшынёй Рады ўсіх нацыянальных суполак Шаўляя. Усе мы добра сябруем. Старшыні габрэяў, немцаў, армян пажадалі сустрэцца з мэрыяй. Яны маюць пытанні пра святы, сродкі, памяшканні. Сваё памяшканне мы атрымаем, але давядзецца плаціць за камунальныя паслугі. Каб нешта вырашыць у гэтым кірунку, трэба яшчэ ўдакладняць час сустрэч з прадстаўнікамі мэрыі”.

Паводле “Польскага радыё для замежжа”, 17 верасня 2007 г.

Малдова

У Малдове прайшоў другі фестываль этнічных беларусаў “Беларусь – мая Радзіма”, прысвечаны Дню беларускай пісьменнасці.

У рамках фэсту адбыліся выставы-кірмашы прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, жывапісу, вырабаў народных рамёстваў беларускіх майстроў, фотавыстава “Сучасная Беларусь”, прэзентацыя кнігі “Лепшыя ўзоры кнігадрукавання Беларусі”, прэзентацыя стэнда выданняў Янкі Купалы і Якуба Коласа, літаратурныя чытанні, прысвечаныя 125-годдзю з дня нараджэння паэтаў.

Таксама ладзіліся сустрэчы беларускіх дэпутатаў і Беларускага саюзу жанчын з прадстаўнікамі парламента і ўрада Малдовы. У Кішынёве, Новых Аненах, Кагуле і Камраце адбыліся канцэрты з удзелам мастацкіх калектываў з Беларусі.

Паводле “Еўрапейскага радыё для Беларусі”, 24 верасня 2007 г.

Вэйхэрава, Польшча

У музеі Кашубска-Паморскай музыкі і літаратуры генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Гданьску Руслан Есін адкрыў выставу, прысвечаную 125-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы.

Яна прадстаўляе 37 работ вядомага сучаснага мастака Васіля Шаранговіча, які падрыхтаваў пейзажы роднай зямлі ды ілюстрацыі твораў класікаў беларускай літаратуры.

Месца выставы было выбрана невыпадкова. Гісторыя мястэчка Вэйхэрава ў нейкай ступені звязаная з Беларуссю. Заснавальнік горада Якуб Вэйхэр падчас Трыццацігадовай вайны XVІІ ст. апынуўся ў акружэнні пад Белай на тэрыторыі цяперашняй Беларусі. І ён даў абяцанне, што калі выжыве, узвядзе горад і храмы. Слова ён стрымаў.

Выставу, прысвечаную памяці Якуба Коласа і Янкі Купалы ў Вэйхэраве, можна наведваць да 15 кастрычніка.

Паводле “Польскага радыё для замежжа”, 24 верасня 2007 г.

***

Беларусы, якія жывуць у Варшаве, 30 жніўня правялі пікет салідарнасці з Аляксандрам Казуліным. У Беларусі ж улады 20 гарадоў у правядзенні падобных пікетаў адмовілі.

“Дзякуючы таму, што мы знаходзімся ў дэмакратычнай краіне, дзе не трэба ніякіх дазволаў ад уладаў на такія акцыі, мы прыйшлі ў самы цэнтр Варшавы, каб выказаць салідарнасць з А. Казуліным і нагадаць палякам, што ў Беларусі ёсць палітвязні, што ў нашай краіне трэба аднавіць дэмакратыю”, – сказаў арганізатар акцыі Ігар Крыштон.

Удзельнікі пікету трымалі бел-чырвона-белыя сцягі, вялікі партрэт А. Казуліна і плакаты з надпісамі “Дыктатара ў турму”, “Свабоду Казуліну”, “Беларусь у Еўропу – Лукашэнку ў Гаагу”.

Паводле Радыё “Свабода”, БелаПАН

і “Еўрапейскага радыё для Беларусі”, 1 верасня 2007 г.

Таджыкістан

У Таджыкістане завяршыліся Дні беларускай культуры.

У трох гарадах — Душанбэ, Нурэку і Турсунзадэ – выступалі беларускія калектывы (у тым ліку, гурт “Песняры”) і выканаўцы, праходзілі выставы, кінапаказы і майстар-класы. Ва ўсіх канцэртных залах быў аншлаг.

Разам з таджыкамі паслухаць беларускія народныя песні прыйшлі і прадстаўнікі беларускай дыяспары. Цікава, што беларускія песні спявалі таксама і таджыкскія выканаўцы, якія ў бліжэйшым часе збіраюцца наведаць нашу краіну.

Паводле www.mirtv.ru і “Еўрапейскага радыё для замежжа”, 5 жніўня 2007 г.

Львоў, Украіна

Актывісты беларускіх нацыянальных арганізацый з Валын-скай, Роўненскай і Львоўскай абласцей Украіны 3 жніўня правялі ў Львове І Вальны Сойм беларускіх нацыяналістаў Украіны.

Сойм прааналізаваў становішча беларускай нацыянальнай меншасці на ўкраінскіх землях і вызначыўся з палітычнай сілай, якую свядомыя беларусы Украіны будуць падтрымліваць на пазачарговых выбарах у Вярхоўную Раду.

Практычна ўсе прысутныя адзначылі, што адзіная партыя, якая на працягу апошніх трох год аказвала рэальную падтрымку беларускай дыяспары ва Украіне, а таксама падтрымлівала барацьбу за вольную і дэмакратычную Беларусь, – Усеўкраінскае Аб’яднанне “Свабода”.

Пад адозвай “Першага Вальнага Сойма беларускіх нацыяналістаў Украіны” ўжо сабрана паўтары тысячы подпісаў.

Паводле ўласнай інфармацыі і “Еўрапейскага радыё для Беларусі”, 3 жніўня 2007 г.

***

У Львове ўзнагароджаны дакументальны фільм беларускага рэжысёра Юрыя Хашчавацкага “Плошча”. Такое рашэнне прыняў аргкамітэт вулічнага фестывалю ўкраінскага новага кіно “Кіналеў-2007”. Стужка ўганаравана Залатым львом у намінацыі “За мужнасць” (“Сэрца льва”).

25 жніўня каля 10 тысяч чалавек паглядзелі ў Львове беларускі фільм “Плошча”, які распавядае пра падзеі ў Мінску ў сакавіку 2006 г., калі прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсіфікацый вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Як адзначыў дырэктар фестывалю Алесь Дзындра, гэта ўзнагарода ўсім, хто змагаецца за Беларусь, кожны з іх носіць у грудзях сэрца льва.

Паводле “Еўрапейскага радыё для Беларусі”, 27 жніўня 2007 г.

Парыж, Францыя

У Парыжы выйшлі “Тутэйшыя” Янкі Купалы ў перакладзе на французскую мо-ву. Пераклалі трагікамедыю з беларускай мовы Ларыса Гіймэ ды Вірджынія Шыманец, а прадмову напісала Мары-Крысцін Отан-Мат’ё.

Замовіць кнігу можна на партале amazoz.fr. Выданне абяцаюць даслаць у любую кропку свету за два-чатыры тыдні. Кошт – 9,5 еўра + перасылка.

Ianka Koupala. Les gens d’ici. Scenes Tragi-Comiques En Quatre Actes [Touteichyia, Akopy 1922]. (Broche) Еd. l’Espace d’un instant (Paris) – 2006. – 149 p.

Паводле “Нашай Нівы” і Радыё “Рацыя”, 21 жніўня 2007 г.

Брно, Чэхія

31 ліпеня завяршыўся найбуйнейшы ў Чэхіі літаратурны фестываль “Месяц аўтарскага чытання”, ганаровымі гасцямі якога былі беларускія літаратары.

26 беларускіх літаратараў прачыталі свае творы. Адкрываў чытанні пісьменнік Уладзімір Арлоў, цягам месяцу выступілі Алесь Разанаў, Альгерд Бахарэвіч, Уладзімір Някляеў, Леанід Дранько-Майсюк, Ігар Бабкоў, Віктар Шалкевіч, Лявон Вольскі, Аляксандр Лукашук, Сяргей Абламейка ды інш. У Брне таксама свае творы чыталі і беластоцкія літаратары – Міра Лукша, Ежы Плютовіч, Міхал Андрасюк ды інш.

Як адзначыў адзін з арганізатараў фестывалю, дырэктар выдавецтва “Ветракі” Пётр Мінаржык, па выніках плануецца ў наступным годзе выдаць кнігу. Цягам ліпеня на сайце фестывалю было больш за 10 тысячаў наведванняў, і з большага тое былі візіты ў аўдыёархіў, адкуль можна было спампаваць выступы літаратараў. П. Мінаржык вельмі задаволены вынікамі фестывалю і ўзроўнем прадстаўленай літаратуры.

Паводле Радыё “Свабода”, 1 жніўня 2007 г.

Прага, Чэхія

Інстытут славістычных і ўсходнееўрапейскіх ведаў філасофскага факультэта Карлава ўніверсітэту ўводзіць курс беларускай мовы. З такой ініцыятывай выступілі самі студэнты.

“Беларуская мова, без сумневаў, гэта культурная спадчына Еўропы. Гэта скарб, дадзены Вялікім княствам Літоўскім, скарб са сваімі асаблівасцямі, старажытнасцю і чысцінёй, які займае пачэснае месца ў сям’і славянскіх моваў і які на сённяшні дзень, на жаль, знаходзіцца пад вялікай пагрозай”, – кажуць студэнты.

І вось ад кіраўніцтва прыйшла добрая навіна: з новага акадэмічнага году будзе ўведзены двухсеместравы курс беларускай мовы для пачаткоўцаў пад кіраўніцтвам доктара Юрася Бушлякова.

Дэкан філасофскага факультэта доктар Міхал Стэглік у афіцыйным лісце з гэтай нагоды выказаў спадзяванне, што вывучэнне беларускай мовы стане крокам на шляху ўзаемаразумення і больш цесных стасункаў з усімі людзьмі дэмакратычных поглядаў на Беларусі.

Паводле “Нашай Нівы”, 10 жніўня 2007 г.

Весткі

Грамадства

Беларускія ўлады плануюць прадстаўляць ільготы і прэферэнцыі суайчыннікам, якія вяртаюцца на радзіму. Пра гэта журналістам паведаміў першы намеснік начальніка Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун.

Ён адзначыў, што ў рэспубліцы распрацоўваецца законапраект у дачыненні да суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой. Гэты дакумент прадугледжвае рэгуляванне цэлага комплексу адносінаў паміж дзяржавай і этнічнымі беларусамі, беларускімі дыяспарамі. У тым ліку і тымі, якія жадалі б вярнуцца ў Беларусь. Па словах А. Бягуна, за межамі Беларусі сёння пражывае каля 2,5 млн этнічных беларусаў.

“Законапраект прадугледжвае ільготнае прадстаўленне перасяленцам беларускага грамадзянства (на працягу трох месяцаў), а таксама спрошчаную працэдуру атрымання дазволу на сталае месца жыхарства, – адзначыў прадстаўнік дэпартамента. – У планах і аказанне фінансавай дапамогі суайчыннікам, якія перасяляюцца ў Беларусь, прычым як разавай – для хутчэйшай інтэграцыі ў грамадства, так і ў плане крэдытавання на атрыманне ці будаўніцтва жытла”.

Па словах А. Бягуна, перасяленцы-суайчыннікі будуць вызвалены і ад выплаты дзяржаўнай пошліны за падачу разнастайных хадайніцтваў.

Аднак дагэтуль невядома, калі будзе разглядацца згаданы законапраект. Беларускія чыноўнікі інфармуюць пра распрацоўку законапраекта аб суайчынніках за мяжой, пачынаючы з 2002 г.

Паводле БЕЛТА

***

Пастар Эрнест Сабіла перадаў былому вязню сталінскіх лагераў, свайму сулагерніку Цімоху Вострыкаву матэрыяльную дапамогу ад беларускай дыяспары ў ЗША.

Дзеяча нацыянальнага адраджэння Ц. Вострыкава ўзгадвалі 5 жніўня ў ЗША. Маладыя людзі, прадстаўнікі беларускай дыяспары скакалі з парашутам у памяць пра падзеі, якія адбыліся больш чым пяцьдзесят год таму. Падчас гэтай акцыі і былі сабраныя сродкі для Ц. Вострыкава.

У 1952 г. Ц. Вострыкаў у складзе групы быў закінуты на парашуце ў БССР. Ён быў паўнамоцным прадстаўніком Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Праз тыдзень пасля дэсантавання Ц. Вострыкава арыштавалі супрацоўнікі спецслужбаў. Па артыкуле 58 Крымінальнага кодэксу (здрада Радзіме) ён быў асуджаны на 23 гады пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у лагеры ў Мардовіі, дзе і пазнаёміўся з Э. Сабілам.

Паводле БелаПАН і ўласнай інфармацыі, 27 жніўня 2007 г.

***

Праваабарончая арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” выказвае занепакоенасць у сувязі з нядаўняй заявай прэзідэнта Беларусі аб неабходнасці ўзмацніць кантроль за беларускім Інтэрнэтам.

Праваабаронцы адзначаюць, што ў Беларусі кантроль за навінамі і інфармацыяй у Інтэрнэце і так з’яўляецца “адным з самых строгіх” сярод краінаў СНД. “Беларусі неабходная лібералізацыя, але не нагляд”, – падкрэсліваецца ў заяве.

Паводле БелаПАН і “Еўрапейскага радыё для Беларусі”, 5 жніўня 2007 г.

***

Дзярждэпартамент ЗША лічыць, што рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. У сувязі з гэтым ім была абмежаваная выдача візаў для новых катэгорый беларускіх чыноўнікаў, а таксама іхных жонак і мужоў. У спіс увайшлі афіцэры КДБ і МУС у званні вышэй за падпалкоўніка, супрацоўнікі ідэалагічных аддзелаў, члены выбарчых камісій.

7 жніўня пасольства ЗША распаўсюдзіла прэс-рэліз, у якім паведаміла наступнае: “Праз год пасля прыняцця Прэзідэнтам Бушам “Пракламацыі 8015” адносна Беларусі рэжым Аляксандра Лукашэнкі працягвае практыку зняволення і пераследу грамадзян за выказванні ў абарону дэмакратыі, правядзенне мірных дэманстрацый і выступленні супраць рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму. Нягледзячы на тое, што мінулай вясной мела месца некаторае аслабленне рэпрэсіўных мераў, на працягу апошніх некалькіх тыдняў мы сталі сведкамі чарговага пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі.

У адпаведнасці з азначаным, Дзярждэпартамент ЗША выдаў абноўленае распараджэнне ад 3 жніўня 2007 г., якое ўдакладняе катэгорыі асобаў, чые звароты па візы аўтаматычна становяцца аб’ектам спецыяльнага разгляду, як таго патрабуе Прэзідэнцкая “Пракламацыя 8015”. Пракламацыя, выдадзеная 15 мая 2006 г., прыпыняе ўезд у Злучаныя Штаты па іміграцыйных ці неіміграцыйных візах асобаў, адказных за палітыку альбо дзеянні, што пагражаюць працэсу пераходу да дэмакратыі ў Беларусі”.

Паводле Радыё “Свабода” і “Нашай Нівы”, 7 жніўня 2007 г.

***

У Беларусі распачалася медыякампанія “Журналісты за гістарычную спадчыну”. Яе ініцыятарам з’яўляецца “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Мэта кампаніі – прыцягнуць увагу грамадства да праблемы захавання, рэстаўрацыі і аднаўлення гісторыка-культурных аб’ектаў на тэрыторыі нашай краіны. У распаўсюджанай заяве адзначаецца: “Мы, арганізатары медыякампаніі, не жадаем, каб Беларусь ператварылася ў краіну без мінулага”. БАЖ звяртаецца да ўсіх неабыякавых людзей, да розных установаў з прапановай наладзіць адкрыты грамадскі дыялог у справе захавання гісторыка-культурнай спадчыны.

Паводле “Еўрапейскага радыё для Беларусі”, 13 жніўня 2007 г.

***

Прадстаўнікі грамадскага аргкамітэта па ўшанаванні памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій звярнуліся да прэзідэнта Украіны Віктара Юшчанкі з просьбай даць адпаведныя даручэнні па праверцы версіі аб забойствах украінскіх грамадзян пад Гомелем у даваенныя гады.

У звароце зазначаецца, што сёлета пад Гомелем знойдзены і раскапаны незарэгістраваныя магільнікі. “Паводле сведчанняў мясцовых жыхароў, там пахаваны ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Ёсць інфармацыя, што ў гэтых мясцінах энкавэдзісты расстрэльвалі не толькі беларускіх грамадзян, але і жыхароў Чарнігаўскай вобласці УССР, прывезеных па чыгунцы ў мястэчка Новая Беліца, якое зараз уваходзіць у межы Гомеля. На жаль, беларускія ўлады не даюць беларускай грамадскасці аніякай інфармацыі пра тое, што рабілася ў навабеліцкіх лясах у гады Вялікага тэрору”, – гаворыцца ў звароце.

Паводле БелаПАН і Радыё “Рацыя”, 28 жніўня 2007 г.

***

Прэзідэнт Беларусі А. Лукашэнка 7 верасня падпісаў Указ № 413 “Аб удасканаленні сістэмы ўліку грамадзянаў па месцы жыхарства і месцы знаходжання”. Згодна з указам, “у мэтах забеспячэння неабходных умоваў для рэалізацыі грамадзянамі сваіх правоў на свабоду перамяшчэння і выбар месца жыхарства, прадугледжаных арт. 30 Канстытуцыі, з 1 студзеня 2008 г. скасоўваецца інстытут прапіскі”.

Уводзіцца адзіны парадак рэгістрацыі грамадзян Рэспублікі Беларусь, а таксама замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, якія стала пражываюць у Рэспубліцы Беларусь.

Правы і абавязкі, якія ўзнікаюць у грамадзяніна ў сувязі са сталай ці часовай прапіскай, захоўваюцца, перарэгістрацыя па месцы жыхарства ці месцы знаходжання не прадугледжваецца. Рэгістрацыя па месцы жыхарства (пастаяннага) з’яўляецца абавязкам грамадзянаў, а рэгістрацыя па месцы знаходжання (часовага) – правам (за выключэннем, у прыватнасці, грамадзянаў, што прыбылі з іншага населенага пункту для навучання ва ўстановах адукацыі, навуковых арганізацыях і абавязаныя зарэгістравацца на час навучання).

Скасоўваецца абавязак грамадзяніна здымацца з рэгістрацыйнага ўліку перад выбыццём на другое месца жыхарства. У рэгістрацыі будзе адмаўляцца, калі ў жылым памяшканні пасля рэгістрацыі грамадзяніна забяспечанасць агульнай плошчай стане меней 15 м2 на аднаго чалавека (у Мінску – менш за 20 м2), а забяспечанасць жылплошчай у інтэрнаце – менш за 6 м2 на чалавека). Гэтыя абмежаванні не распаўсюджваюцца на рэгістрацыю грамадзянаў па месцы жыхарства ці знаходжання іх блізкіх сваякоў.

Паводле БЕЛТА і “Нашай Нівы”, 7 верасня 2007 г.

***

Еўразвяз выказвае занепакоенасць чарговымі арыштамі грамадскіх актывістаў у Беларусі. Прадстаўніца Еўракамісіі заявіла, што ЕЗ адхіляе прапановы афіцыйнага Мінска аб эканамічным супрацоўніцтве, бо ўмовай супрацоўніцтва з’яўляюцца дэмакратычныя змены ў Беларусі.

Еўразвяз асуджае апошнія прысуды да адміністрацыйных арыштаў на 7 дзён, вынесеныя ў Беларусі актывістам моладзевай арганізацыі “Малады Фронт”. Пра гэта паведаміла прэсавы сакратар Еўракамісіі Крыстыяна Гоман. Яна, у прыватнасці, заявіла: “Мы занепакоеныя паведамленнямі пра арышты на працяглы тэрмін грамадскіх актывістаў за тое, што яны рэалізоўвалі сваё грамадзянскае права на свабоду выказвання. Паўтарэнне палітычна матываваных арыштаў, якія мы назіралі ў апошнія месяцы, ставіць пад сумнеў гатоўнасць Беларусі супрацоўнічаць з Еўразвязам”.

Спн. Гоман таксама паведаміла, што Еўразвяз адхіляе прапановы аб больш шчыльным эканамічным супрацоўніцтве, у прыватнасці, у транзіце энергарэсурсаў, зробленыя на гэтым тыдні намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Валерыем Варанецкім на канферэнцыі, прысвечанай еўрапейскай палітыцы добрасуседства.

Прэсавы сакратар Еўракамісіі падкрэсліла, што Еўразвяз не дазволіць аўтарытарнаму кіраўніцтву Беларусі перабіраць, у якіх сферах супрацоўнічаць. Яна сказала, што дэмакратызацыя Беларусі застаецца абавязковай умовай для больш шчыльных сувязяў: “Збліжэнне з Еўразвязам патрабуе, каб Беларусь зрабіла пераканаўчыя крокі ў справе дэмакратызацыі і павагі да правоў чалавека, у тым ліку і права людзей выказваць свае думкі і права няўрадавых арганізацый на існаванне”.

Паводле Радыё “Свабода”,

6 верасня 2007 г.

***

У Палаце прадстаўнікоў знаходзіцца праект Указу Аляксандра Лукашэнкі “Аб амністыі некаторых катэгорыяў асобаў, якія ўчынілі злачынствы”. Плануецца, што на волю выйдуць каля 3,5 тысяч асуджаных. Амністыя, паводле кіраўніка дзяржавы, найперш будзе тычыцца пакараных, якія кампенсавалі матэрыяльныя страты ці дапамагалі раскрыць злачынства. Назіральнікі лічаць, што амністыя не закране палітвязняў.

Палітвязні Зміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч і Аляксандр Казулін маюць некалькі спагнанняў – нібыта за парушэнні ўнутранага распарадку. Паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, у такіх выпадках вязняў пазбаўляюць магчымасці датэрмінова выйсці на волю. Міколу Статкевіча, Паўла Севярынца і Кацярыну Садоўскую вызвалілі раней вызначанага тэрміну ў час, калі разглядалі пытанне гандлёвых прэферэнцыяў.

Выканаўца абавязкаў старшыні сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Анатоль Ляўковіч робіць песімістычныя прагнозы наконт таго, ці скароцяць тэрмін пакарання А. Казуліну: “Зразумела, па-чалавечы хацеў бы, каб “скасцілі”, вызвалілі і г.д. Але ў мяне такі прагноз, што ўлада наўрад ці пойдзе на такі крок. У падобных сітуацыях ўлада дзейнічае паслядоўна”.

Паводле Радыё “Свабода”,

10 верасня 2007 г.

***

Упершыню за 16 год міліцыя разагнала фестываль “Аршанская бітва”, які ладзіцца ў гонар перамогі войскаў ВКЛ над войскамі Маскоўскага княства.

Напярэдадні Дня Беларускай вайсковай славы міліцыя пачала шукаць на Крапівенскім полі міны, потым пачаліся затрыманні. Усяго было затрымана каля сотні чалавек, некалькі з іх былі асуджаныя да адміністратыўных пакаранняў. Але пры гэтым яшчэ каля двух соцень аматараў беларускай бардаўскай песні здолелі ўнікнуць затрыманняў і сабрацца ў наваколлі вёскі Гацькаўшчына Аршанскага раёна. Такім чынам фэст усё ж такі адбыўся.

Паводле Радыё “Свабода”, 8-9 верасня 2007 г.

 

Эканоміка

Канада пазбавіла Беларусь гандлёвых прэферэнцый. Гэтая паўночнаамерыканская краіна павялічыла імпартную пошліну на беларускія тавары.

Як паведаміў міністр замежных спраў Канады Пітэр Макей, прычына такога рашэння – становішча з правамі чалавека ў Беларусі, якое пагаршаецца. Пітэр Макей адзначыў, што яго краіна і надалей мае намер здзяйсняць ціск на афіцыйны Мінск.

Паводле Радыё “Свабода”, 1 жніўня 2007 г.

***

“Беларусь пагасіла запазычанасць за расійскі газ”, – паведаміў 8 жніўня афіцыйны прадстаўнік “Газпраму” Сяргей Купрыянаў.

Як патлумачыў С. Купрыянаў, цяпер беларуская кампанія абавязаная пералічаць плацяжы штомесяц у поўным аб’ёме не пазней за 23 дзень наступнага месяца.

Сума запазычанасці “Белтрансгазу” складала каля 460 млн. долараў.

Паводле РІА “Новости” і “Нашай Нівы”, 08 жніўня 2007 г.

***

Каля 600 тысяч беларусаў выехалі на заробкі за межы краіны. Аб гэтым заявіў міністр эканомікі Мікалай Зайчанка на пасяджэнні Савета міністраў.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў ведамстве нават не ведаюць, дзе працуюць беларусы. Па словах М. Зайчанкі, з 2000 г. у Беларусі, Расіі, Украіне, Казахстане назіраецца тэндэнцыя перавышэння росту заробкаў над ростам прадуктыўнасці працы.

Паводле ІА “Интерфакс” і “Еўрапейскага радыё для Беларусі”

***

Дзве інвестыцыйныя дамовы па рэалізацыі праекта глыбокай перапрацоўкі бурых вугляў і гаручых сланцаў у Беларусі 18 верасня падпісаны ў Мінску. Інвестарам праектаў выступае люксембургская кампанія Polar Stars Group S. A. Дамова была падпісаная пасля адабрэння праекту Аляксандрам Лукашэнкам.

Мікалай фон Келер, якога ў Беларусі прадстаўляюць як буйнога інвестара, з’яўляецца кіраўніком кампаніі, зарэгістраванай толькі ў мінулым годзе. Аднак калі верыць афіцыйнай інфармацыі, яна паспела ўжо засвяціцца ў буйных праектах. Пры гэтым на сайце кампаніі няма пра гэтыя праекты ні слова. Акрамя таго, як стала вядома, статутны фонд афшорнай кампаніі складае ўсяго 30,9 тыс. еўра.

Эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што праект цьмяны і можа стаць спосабам легалізацыі схаваных прыбыткаў беларускіх чыноўнікаў.

А намеснік старшыні партыі БНФ Алесь Міхалевіч нагадаў, што М. фон Келер ужо вядомы ў Расіі сваімі спробамі інвестыцый: “Келер аб’явіўся ў Беларусі з прапановамі інвестыцый у вуглездабычу, пабудову цэментнага заводу. А між тым, гісторыя гэтага чалавека даволі цікавая: фінская фірма, зарэгістраваная на Келера, двойчы з’яўлялася ў Расіі з прапановамі інвесціраваць у буйныя муніцыпальныя праекты. Келер атрымліваў задатак на будаўніцтва, банкаўскія гарантыі прадпрыемстваў, з якімі супрацоўнічаў, і знікаў”.

Ускосным доказам таго, што ўлады Беларусі ведаюць пра спосаб, якім новы інвестар зарабляе на жыццё, стала фраза А. Лукашэнкі: “Мы не збіраемся капацца ў гісторыі інвестараў і шукаць, чые ў іх грошы. Калі ў чалавека ёсць грошы і ён гатовы іх інвесціраваць, калі ласка, прыходзьце і інвесціруйце. Галоўнае, што іх крыніца – не наркотыкі і не бандыцкая зброя. Вывучэнне вашых кампаній, холдынгаў сведчыць аб тым, што ў вас сур’ёзныя намеры”.

Запасы бурага вугалю ў Беларусі ацэньваюцца ў 1,5 млрд. тон.

Паводле газеты “Беларусы і рынак”, БЕЛТА, www.afn.by, 18–19 верасня 2007 г.

 

Культура

Творчы конкурс “Адзін дзень у БНР–2008” абвясціла беларуская служба Радыё “Свабода”. Арганізатары прапануюць падрыхтаваць твор жанру “свабоднай мары” па тэме: гісторыя склалася інакш, Беларуская Народная Рэспубліка перамагла ў 1918 г., краіна рыхтуецца да святкавання 90-х угодкаў Дня Волі.

Творы па-беларуску ў электронным фармаце можна дасылаць на адрас svaboda@rferl.org да 15 снежня 2007 г. Найлепшыя з іх прагучаць у эфіры і будуць апублікаваныя ў выдавецкай серыі “Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе”.

Журы конкурсу склалі: пісьменнік Уладзімір Арлоў, дырэктар Беларускай службы Радыё “Свабода”, сябра Рады БНР Аляксандр Лукашук, старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра Уладзімір Някляеў, старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч, укладальнік двухтомніка “Архівы БНР” Сяргей Шупа.

Паводле Радыё “Свабода”, 1 жніўня 2007 г.

***

У выдавецтве “Нашай Нівы” выйшаў першы постэр з серыі “Нацыянальныя героі Беларусі” з выявай Янкі Купалы. У бліжэйшы час калекцыю папоўняць выявы Васіля Быкава, Кастуся Каліноўскага, Якуба Коласа і іншых слынных сыноў і дачок нашай Бацькаўшчыны.

Каб набыць постэр з выявай Янкі Купалы, звяртайцеся на plakat@biz.by, у кнігарні або да распаўсюднікаў.

Паводле “Салідарнасці”, 14 жніўня 2007 г.

***

На беларускай мове ў Беларусі навучаюцца 21,5% школьнікаў. Пра гэта паведаміў старшыня “Таварыства беларускай школы” Алесь Лозка.

Цяпер назіраецца тэндэнцыя на зніжэнне колькасці беларускамоўных школ і класаў. Напрыклад, калі у 1993–1994 навучальным годзе на беларускай мове вывучалі прадметы 76% першакласнікаў, то летась – толькі 18,6%. У Мінску сітуацыя выглядае яшчэ горш: калі ў 1993 годзе было 92% беларускамоўных першакласнікаў, то летась – толькі 2%.

У Мінску працуе чатыры беларускамоўныя школы, колькасць беларускамоўных класаў змяншаецца. Пры гэтым А. Лозка зазначыў, што ўсё большая колькасць абітурыентаў жадае здаваць тэсты па беларускай мове.

Паводле БЕЛТА і Радыё “Рацыя”

 

АБВЕСТКІ

Каляндар памятных беларускіх мясцінаў у свеце

Каляндар на 2008 год рыхтуе да выдання МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Галоўнай тэмай календара будуць памятныя для беларусаў мясціны ў свеце.

“Бацькаўшчына” звяртаецца да беларускай дыяспары з просьбай дасылаць на адрас Згуртавання фотаздымкі такіх месцаў у максімальна лепшай якасці.

e-mail: zbsb@tut.by, ці Рэвалюцыйная, 15, Мінск, Беларусь

Кожны фотаздымак мусіць суправаджаць подпіс, дзе неабходна ўказаць назву мясціны і чаму яна памятная для беларусаў.

Інфармацыйны цэнтр

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

Беларускі моладзевы рух Амерыкі

збірае подпісы пад зваротам у ААН

Падчас пікету ля будынка ААН у ЗША ўдзельнікі прынялі зварот да генеральнага сакратара ААН Пан Гі Муна. Зварот заклікае паўплываць на становішча ў Беларусі і ўзняць пытанне аб яе дэмакратызацыі ў Радзе бяспекі ААН. Беларускі моладзевы рух Амерыкі запрашае ўсіх надрукаваць зварот і назбі-раць подпісаў у яго падтрымку.

Інструкцыя:

* Cпампуйце зварот (www.belmov.org/docs/letter_to_secretary_general_Bel.doc).

* Раздрукуйце яго, дадаўшы форму для подпісаў.

* Дзеля таго, каб подпіс быў улічаны, дастаткова пакінуць поўнае імя з подпісам.

* Да 8 кастрычніка адскануйце запоўненую форму з подпісамі і адашліце файл на пошту руху (belmov@gmail.org).

8 кастрычніка зварот з усімі сабранымі подпісамі будзе адасланы ў ААН.

Беларускі моладзевы рух Амерыкі гарантуе канфедыцыйнасць.

Паводле belmov.org

 

50 год Сабору Св. Кірылы Тураўскага ў Нью-Йорку

Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, Парафіяльная Рада ды Сястрынства Кафедральнага Сабору Святога Кірылы Тураўскага запрашаюць 25 лістапада 2007 г. на ўрачыстую Літургію, прысвечаную 50-м угодкам ад пачатку набажэнства ў нашым Саборы.

Літургія пачнецца а 10 гадзіне раніцы. Па яе заканчэнні ў грамадскай зале адбудзецца ўрачыстае святкаванне. Прыходзьце са сваёй сям’ёю ды запрасіце знаёмых. Абед будзе на ахвяраванні прысутных. Да 20 лістапада просім паведаміць аб Вашым удзеле ў святкаванні па кантактных тэлефонах:

1. Старшыня Парафіяльнай Рады: Р. Гарошка – 1(718)813-05-78.

2. Стараста: А. Колбун – 1(347)248-28-72.

Адрас: 401 Atlantic Ave, Brooklyn, N. Y. 11217 tel.(718) 237-1600.

Паводле www.belaoc.org

 

Зварот да грамадства Беларускага інстытута навукі і мастацтва

Управа Беларускага інстытута навукі і мастацтва (БІНіМ) звяртаецца да грамадства з просьбай дапамагчы друку новых кніг і выданняў.

У спісе публікацыяў БІНіМу налічваецца некалькі дзесяткаў кніг, прэсавыя камунікаты, юбілейныя маркі, плакаты, абежнікі, “Запісы” БІНіМу, 11 кніжак серыі “Беларускія пісьменнікі і паэты на эміграцыі”, серыя “Гісторыя эміграцыі” і г.д. У далейшым плануецца выдаць: “Значэнне “Нашай Нівы” ў беларускай гісторыі”, “Беларускі рэлігійны друк у дыяспары”, “Гісторыя Беларуска-Амерыканскага Задзіночання”, “Гісторыя Беларускага Кангрэсавага Камітэту Амерыкі” і працягнуць серыю друкаў, прысвечаных БНР.

Аднак для падтрымання адзінага на эміграцыі навуковага выдавецтва патрэбныя сродкі, падтрымка з боку грамадства. БІНіМ надрукаваў справаздачу атрыманых сродкаў за мінулы год.

Паводле газеты “Беларус”

 

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына выказвае падзяку

Шчырую падзяку за падрымку Згуртавання мы выказваем нашым сябрам: Міхасю Лаўдару і Міколу Антуху (Аўстралія).

 

КНІЖНЫЯ НАВІНКІ

Пакаленне jeans

Кніга п’ес маладых беларускіх драматургаў у перакладзе Андрэя Каляды “Пакаленне jeans” пабачыла свет у Мінску. У яе ўвайшлі п’есы, якія ставіць тэатральная трупа “Свабоднага тэатра”, у тым ліку і адна з самых новых – “Пакаленне jeans”.

“Кніга ў вашых руках – феномен. Як фенаменальная сама па сабе з’ява маладой беларускай драматургіі”, – адзначыў аўтар прадмовы да кнігі Павел Руднеў. На яго думку, на Беларусі няма больш прыкметнай для еўрапейскага тэатральнага эсэблішмента трупы, чым “Свабодны тэатр”. “СТ” – гэта і тэатр новай драматургіі, і прамоўтэрская кантора, і адукацыйны цэнтр, і шырокі конкурс рускамоўных і беларускамоўных п’ес”.

Тымчасам 22 жніўня ўсе наведвальнікі прэм’еры спектаклю “Свабоднага тэатра” былі затрыманы міліцыяй, а цяпер іх выклікае на “размовы” КДБ. Ужо трох школьнікаў, наведвальнікаў спектаклю выклікалі ва Упраўленне ўнутраных спраў і КДБ. Пра гэта паведаміла дырэктарка “Свабоднага тэатра” Наталля Каляда. Падобныя размовы прайшлі і ў тэатрах, дзе забаранялі акцёрам удзельнічаць у спектаклях “Свабоднага тэатра”. Такім чынам вядомы і прызнаны за межамі Беларусі “Свабодны тэатр” аказваецца на радзіме пад забаронай.

Кніга выйшла дзякуючы дапамозе беларускай мецэнаткі Ірэны Каляды-Смірновай (ЗША).

[Пакаленне jeans: п’есы маладых беларускіх драматургаў у перакладзе Андрэя Каляды./ Укл. М. Халезіна, Н. Каляды. Мінск, 2007. – 264 с.]

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Гісторыя культуры Беларусі пад уладай Расійскай імперыі

“Гістарычны вопыт чалавецтва дае дастаткова падстаў сцвярджаць, што лёс кожнага народу ў найбольшай ступені залежыць ад яго здольнасці развіваць уласную культуру”, – так распачынае сваю кнігу “Гісторыя культуры Беларусі пад уладай Расійскай імперыі” доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Лыч. Выданне ахоплівае жыццё Беларусі ад канца XVIII ст. да 1917 г.

У кнізе раскрываюцца карэнныя перамены ў культурным жыцці Беларусі ў сувязі з уключэннем яе ў склад Расійскай імперыі, пераключэння з польскіх на рускія моўныя стандарты, апавядаецца пра супраціўленне, якое гэта выклікала ў нацыянальнасвядомай інтэлігенцыі. Менавіта дзякуючы гэтаму супраціўленню ўдалося выратаваць беларускі народ ад канчатковай асіміляцыі, абудзіць у яго жаданне развівацца паводле ўласных этнакультурных традыцый.

[Лыч Леанід. Гісторыя культуры Беларусі пад уладай Расійскай імперыі (канец XVIII ст. – 1917 г). Віцебск: Выд-ва УА “ВДТУ” , 2007. – 207 с.]

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Свабода да апошняга дыхання

“Першыя старонкі гэтай кнігі нарадзіліся ў Вільні на могілках, дзе ляжаць вялікія беларусы, што назаўсёды засталіся ў гісторыі Беларусі”. Кніга “падарожных аповедаў” Вольгі Іпатавай “Свабода да апошняга дыхання” расказвае пра апошнія прыстанкі беларусаў, знаных беларусаў, якія набліжалі да нас свабоду.

Артыкулы ў кнізе прысвечаныя беларусам, што пахаваныя як у Беларусі, так і ў розных кутках свету – Амерыцы, Канадзе, Нямеччыне В. Жуку-Грышкевічу, Я. Сурвіллу, А. Грыцуку. Асобны раздзел склалі згадкі пра беларусаў Вільні – Зоську Верас, А. Шантыра, Л. Луцкевіча і інш.

В. Іпатава распавяла ў кнізе пра наведванне могілак беларусаў, нярэдка ў артыкуле давала і кароткую біяграфію. У кнізе таксама змешчаныя фотаздымкі магілаў слынных беларусаў.

У паслямове В. Іпатава піша: “Я напісала далёка не пра ўсіх, пра чые апошнія прыстанкі хацела б узгадаць. (…) Не згадваю я і пра пахаванні ў Мінску – для гэтага патрэбны былі б тамы ды тамы. Змест кнігі склалі толькі падарожжы самых апошніх гадоў па мясцінах, дзе я змагла зрабіць здымкі (хай даруюць мне майстры фатаграфіі за іх недасканаласць), узгадаць, чым дарагія нам усім людзі, чыім магілам разам з аднадумцамі я змагла пакланіцца”.

Газета “Наша Ніва” адзначыла, што “кніга “Свабода да апошняга дыхання” вартая таго, каб быць уключанай у спіс найлепшых беларускіх кніг 2007 г.”.

[Вольга Іпатава. Свабода да апошняга дыхання: аповеды пра падарожжы. Мінск: Кнігазбор, 2007. – 184 с.]

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

ПАМЯЦЬ

Памерла Галіна Войцік

14 жніўня раніцай у Вільні, на 81-м годзе жыцця памерла вядомая беларуская дзяячка, спецыяліст у старанямецкай мове Галіна Войцік.

Г. Войцік нарадзілася 1 ліпеня 1927 г. Яна была дачкой Антона Войціка і Зоські Верас. Вучылася ў Віленскай беларускай гімназіі, Віленскім універсітэце. Закончыла аспірантуру пры Інстытуце замежных моваў у Маскве. Абараніла кандыдацкую дысертацыю. Выкладала нямецкую мову ў Віленскім педінстытуце, працавала на беларускай кафедры Віленскага педуніверсітэту.

Г. Войцік стварыла нізку “Партрэтаў віленчукоў” пра знакамітых беларускіх дзеячаў, у тым ліку і пра свайго мужа Лявона Луцкевіча, якога яна перажыла роўна на 10 гадоў.

Паводле “Нашай Нівы”, 14 жніўня 2007 г.

 

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by

 

№ 4, красавiк 2008
[ PDF ]
архіў бюлетэня
Запоўніць картку...

Па пытаннях беларусаў замежжа...

Па захаванні Беларускага дому...

15–16 снежня 2007
Беларуская эканамічная і палітычная мадэль: сучаснасць і перспектывы трансфармацыі:


Што рабіць з вёскай?
(дадана 17.01.08)

усе круглыя сталы

Віктар Кавалеўскі
Аўстралія і іміграцыя

Леанід Лыч
І на чужыне пачуваліся беларусамі

Леанід Лыч
Руская культура на Беларусі: плюс ці мінус?

Янка Запруднік
УДЗЯЧНАСЬЦЬ – МАСТАЦТВА ДУШЫ або Чаму беларусы ня ўмеюць дзякаваць?

Аляксандар Адзінец
Запавет эмігранта

 
Галоўная - Хто мы - Бібліятэка - Кантакты - Хронiка дзейнасцi - З`езды - Сайты беларуская дыяспары
zbsb [@] tut.by - zbsb [@] lingvo.minsk.by
Rating All.BY биографии белорусских писателей, мордкович