|
Змест:
ПАМЯЦЬ
Быкаву б споўнілася 83
19 чэрвеня споўнілася б 83 гады з дня нараджэння першага прэзідэнта МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, Народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. А 22 чэрвеня ўшанавалі сумную дату – чатыры гады ад дня яго смерці.
Васіль Быкаў нарадзіўся ў 1924 г. на Вушаччыне, у вёсцы Бычкі. Сям’я зведала ўсе цяжкасці прымусовай калектывізацыі. З пачаткам Другой сусветнай вайны мабілізаваны на абарончыя работы, з 1942-га – у Чырвонай арміі. Скончыў пяхотную вучэльню, лейтэнантам трапіў на фронт.
Вайна стала асноўнай тэмай ягонай творчасці. Усё жыццё ён асэнсоўваў падзеі, сведкам і ўдзельнікам якіх давялося быць. З творчасцю Быкава сёння знаёмы любы школьнік. Але не ўсе ведаюць, што некаторыя ягоныя творы былі фактычна забароненыя пры савецкай уладзе. Напрыклад, аповесць “Мёртвым не баліць” (1965) не ўкладвалася ў афіцыйную карціну вайны і доўга не друкавалася. Беларуская эміграцыя выдала гэтую аповесць у 1966 г. у Нью-Йорку.
У той жа час у 1974 г. Васіль Быкаў быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР (за аповесць “Дажыць да світання”, 1973), у 1980 г. атрымаў званне Народнага пісьменніка Беларусі, у 1986 г. быў уганараваны Ленінскай прэміяй за аповесць “Знак бяды”.
Ягоныя творы перакладзены амаль на 40 моў свету.
Васіль Быкаў браў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Ён стаў адным з заснавальнікаў арганізацыі “Мартыралог Беларусі”, адным з заснавальнікаў БНФ, першым прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”.
Сярэдзіна 1990-х нібыта вярнула пісьменніка ў савецкія часы. Траўля ў дзяржаўнай прэсе, забарона, цэнзура на выхад яго новых твораў, пагаршэнне з-за гэтага здароўя вымусілі Быкава пакінуць Радзіму. Некалькі гадоў ён жыў за мяжой. Васіль Быкаў не прымаў аўтыратарызм, стаўленне цяперашняй улады да беларускай мовы і дзяржаўнасці, і таму падвяргаўся нападкам і абвiнавачванням. Быкаў вярнуўся на Радзіму толькі напярэдадні сваёй смерці…
***
Шмат людзей, якім дарагі Васіль Быкаў, прыехалі ў гэтым годзе на радзіму творцы і да ягонай магілы. Як адзначыў пісьменнік Уладзімір Арлоў, развітанне з Васілём Быкавым, што праходзіла ў Мінску 25 чэрвеня 2003 г., было ўнікальнай для сучаснай Еўропы з’явай: “Пэўна, ні ў якой іншай краіне за ўсе пасляваенныя гады развітанне са сваім пісьменнікам не было такім грандыёзна-шматтысячным, як гэта прайшло ў Беларусі. Адзін замежны крытык сказаў, што сыход Васіля Быкава быў апошнім уздыхам экзістэнцыялізму. Я думаю, што гэта хібная метафара. Бо магутнае дыханне быкаўскай прозы адчуваецца і зараз. І не менш моцна, чым пры яго жыцці. Часта пытаю сябе перад прыняццем важнага рашэння: а што сказаў бы Васіль Быкаў?”
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”
Эканамічныя і палітычныя перспектывы Беларусі ва ўмовах рынкавай эканомікі
Двухдзённы “круглы стол” “Эканамічныя і палітычныя перспектывы Беларусі ва ўмовах рынкавай эканомікі” арганізавала 9-10 чэрвеня 2007 г. МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. У ім бралі ўдзел палітыкі, эканамісты і журналісты з Беларусі, Расіі, Украіны і інш.
На стратэгію “перадпрадажнай падрыхтоўкі Беларусі” звярнуў увагу кіраўнік аналітычнага цэнтра “Стратэгія” Леанід Заіка. По яго меркаванні, крызіс улады можа адбыцца толькі ў тым выпадку, калі яна дапусціць “вельмі шмат памылак”.
Жывую дыскусію сярод удзельнікаў сустрэчы выклікаў даклад шэф-рэдактара газеты “Народная воля” Святланы Калінкінай пра сітуацыю ў беларускай апазіцыі. Яна адзначыла, што прычынамі разыходжанняў у кааліцыі сталі не толькі пазіцыі лідэраў, але і адрозненні ў палітычных пазіцыях партый у цэлым, і выказала меркаванне, што наступная палітычная кампанія – парламенцкія выбары – памірыць удзельнікаў дэмакратычнай кааліцыі.
Пра ўнікальнае становішча Беларусі і Украіны, праз якія ідзе транзіт энерганосьбітаў з Расіі ў Еўропу, гаварыў дырэктар Інстытуту трансфармацыі грамадства, прафесар нацыянальнай акадэміі кіравання Алег Соскін. Кандыдат палітычных навук, дацэнт кафедры палітычнай тэорыі МДІМЗ (У) МЗС Расіі Кірыл Коктыш выступіў з дакладам “Праблемы пераходу на рынкавую эканоміку: сацыяльнае і эканамічнае вымярэнне”. На ягоную думку, у сённяшніх умовах пераход да рынкавай эканомікі для Беларусі немагчымы. Філосаф, метадолаг Уладзімір Мацкевіч звярнуў увагу на асаблівасці стасункаў Еўрапейскага звязу і Беларусі, з моманту атрымання апошняй незалежнасці.
Унутрыпалітычныя наступствы нафтагазавага крызісу сталі галоўнай тэмай дакладу палітолага, выканаўчага дырэктара ГА “Адкрытае грамадства” Віктара Чарнова. На жаль, эксперт не выказаў аптымістычных меркаванняў наконт становішча Беларусі ў бліжэйшай будучыні, засведчыўшы адсутнасць пазітыўных зменаў.
У другі дзень “круглага стала” дакладчыкі звярталіся да ўнутрыпалітычнага і эканамічнага становішча Беларусі, а таксама да знешнепалітычных стасункаў з іншымі краінамі. Так, экс-міністр знешнеэканамічных сувязяў Беларусі, экс-амбасадар Беларусі ў Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі, доктар эканамічных навук Міхаіл Марыніч звярнуўся да тэмы трансфармацыйных задач Беларусі; кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў прааналізаваў магчымасці падвышэння ўзроўню жыцця беларусаў ва ўмовах росту коштаў на энерганосьбіты. Знешняя палітыка Беларусі стала тэмаю некалькіх дакладаў: дырэктар “Агенцтва фінансавых навінаў” Алег Муславец прааналізаваў рэальныя магчымасці Беларусі ў пошуку альтэрнатыўных крыніцаў паставак энерганосьбітаў; кандыдат філасофскіх навук, дацэнт кафедры паліталогіі ЕГУ Уладзімір Роўда звярнуў увагу на рэзервы новай знешняй палітыкі Беларусі; агульнае ў сённяшнім становішчы Украіны і перспектывах Беларусі акрэсліваў аналітык з Украіны Андрэй Кірчыў.
Мадэратар “круглага стала”, загадчык аддзела палітыкі штотыднёвіка “Белорусы и рынок” Паўлюк Быкоўскі, падводзячы вынікі работы, зазначыў, што ў выступах відавочна бракавала канструктыўных праграм дзеянняў. На яго думку, гэта наўпроставы вынік разгрому “фабрык думкі” (Belarusian Think Tanks) ды аслабленасці незалежных аналітычных цэнтраў. Па словах П. Быкоўскага, даклады з беларускага боку вельмі добра абмалёўвалі сітуацыю і ставілі пытанні, але фактычна ніхто не прапаноўваў адказаў на іх, або гэта былі вельмі агульныя прапановы. Пры гэтым ён адзначыў: “Станоўчы вынік “круглага стала” – эксперты і ўдзельнікі намалявалі сваё бачанне сітуацыі і паставілі пытанні, на якія трэба шукаць адказы”.
Тэзісы выступоўцаў “круглага стала” чытайце на стар. 2-7, а таксама ў наступных нумарах бюлетэню.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Уручаная першая прэмія імя В. Ластоўскага
16 чэрвеня лепшыя беларускамоўныя выкладчыкі ВНУ былі ўганараваны прэміяй імя акадэміка Вацлава Ластоўскага. Заснавалі прэмію напачатку года Таварыства беларускай школы, Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Саюз беларускіх пісьменнікаў, ПЭН-цэнтр, іншыя грамадскія арганізацыі.
Сябры арганізацыйна-прэміяльнага камітэту наведвалі лекцыі, практычныя заняткі выкладчыкаў-намінантаў. Старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка распавёў, што пры вызначэнні пераможцаў галоўным патрабаваннем было выкладанне на роднай мове не гуманітарных дысцыплін, а тых, якія традыцыйна не выкладаюцца па-беларуску.
“Браліся пад увагу прафесіяналізм выкладчыка, творчасць, наватарства, прымяненне сучасных тэхналогіяў, – расказаў А. Лозка. – Улічваўся аўтарытэт сярод студэнтаў і выкладчыкаў-калегаў, а таксама метадычная забяспечанасць дысцыпліны: выкладчык, магчыма, падрыхтаваў слоўнік тэрміналагічны, дапаможнікі, падручнікі. Да ўсяго, і актыўная грамадская пазіцыя”.
Кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Аляксей Марачкін адзначыў важнасць такой працы з выкладчыкамі ВНУ: “Я, безумоўна, станоўча ацэньваю такія ініцыятывы. Трэба падтрымліваць беларускамоўнае выкладанне. Гэтага, на жаль, недастаткова, каб вырашыць усе праблемы. Але маем надзею, што мы будзем жыць і беларуская мова будзе жыць”.
У апошнім этапе конкурсу ўдзельнічалі 14 выкладчыкаў. Аўтарытэтнай камісіі было вызначыцца няпроста. Першымі лаўрэатамі прэміі імя В. Ластоўскага сталі дацэнт кафедры вышэйшай матэматыкі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту Тамара Сухая, доктар медыцынскіх навук, прафесар кафедры марфалогіі чалавека Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэту Аляксандр Арцішэўскі, галоўны кліматолаг краіны, дацэнт кафедры агульнага землязнаўства геаграфічнага факультэта БДУ Павел Каўрыга.
Ганаровыя дыпломы і рарытэтныя кнігі, дыскі пераможцам уручаў Народны паэт Беларусі прафесар Ніл Гілевіч: “Не будзем падаць духам, упадаць у песімізм. Так не бывае, каб дзесяцімільённы народ раптам з чыёйсьці сатанінскай сілы пазбавіўся свайго нацыянальнага аблічча, перш за ўсё, сваёй мовы. Усё залежыць ад нас. Віншую сардэчна ўсіх узнагаро-джаных, цудаў не бывае. Будзем працаваць”.
Паводле Радыё “Свабода” і ўласнай інфармацыі
Яны стварылі сваю Беларусь
Серыя “Бібліятэка Бацькаўшчыны” папоўнілася новай, трынаццатай кнігай Вольгі Грыцук “Мы стваралі сваю Беларусь” (укладальніца Вольга Іпатава).
Кніга складаецца з успамінаў Вольгі Грыцук пра мужа, вядомага дзеяча беларускай эміграцыі Аляксея Грыцука, успамінаў сяброў. Друкуецца ягоная творчая спадчына, у тым ліку раздзелы з дысертацыі пра М. Багдановіча.
Асобным раздзелам змешчана ліставанне з Алесем Салаўём, Міколам Абрамчыкам, Станіславам Станкевічам, Масеем Сяднёвым, Янкам Юхнаўцом, Кастусём Мерляком, Янкам Запруднікам, Сяргеем Хмарам.
Аляксей Грыцук нарадзіўся ў заможнай сялянскай сям’і на Беласточчыне. Скончыў Варшаўскі ўніверсітэт, выкладаў гісторыю ў Браслаўскай гімназіі. У 1939 г. бараніў ад немцаў Варшаву, трапіў у палон. І за саветамі, і за немцамі настаўнічаў. У 1944 г. падаўся на эміграцыю. Пасля трох гадоў у Аўстрыі, дзе ён спрычыніўся да стварэння Беларускага камітэту, выехаў у Канаду.
У 1948 г. яго нарачоная Вольга Грыцук была вымушана пакінуць аўстрыйскі Зальцбург і пераехаць з маці і сёстрамі ў Польшчу. Толькі ў 1958 г. аўтарка кнігі атрымала дазвол на выезд і перабралася ў Канаду.
Аляксей Грыцук стаў адным з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Канады (пазней ягоным шматгадовым старшынёй), а таксама праваслаўнай парафіі св. Кірылы Тураўскага.
Пры канцы жыцця Аляксей Грыцук ажыццявіў яшчэ адну сваю мару: атрымаў у Канадзе вышэйшую адукацыю і абараніў дысертацыю, прысвечаную творчасці Максіма Багдановіча.
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла ў прадмове да кнігі напісала: “Перадчасную смерць Алеся ў 1976 г. уся беларуская грамада адчула як страшэнную страту. Не дачакаўся наш сябра незалежнасці Беларусі, за якую ўсё жыццё змагаўся. Але памяць пра яго жыве ў сэрцах усіх, хто яго ведаў, а партрэт вісіць да сёння ў залі Беларускага рэлігійна-грамадскага цэнтру ў Таронта. Хацела б тут аддаць чэсць усім патрыётам, якія, апынуўшыся, як Алесь Грыцук, на чужыне, не кінуліся шукаць для сябе выгадаў – даступных, між іншым, усім нашым працавітым суродзічам, – а ўзяліся за працу для Бацькаўшчыны. Гэта дзякуючы ім жыла Беларусь на чужыне, а свет пакрысе даведваўся пра існаванне паняволенай краіны, якое так старанна хавалася акупантам”.
Шукайце кнігу ў кнігарнях і незалежных распаўсюджвальнікаў.
Паводле “Нашай Нівы”
ВІНШАВАННІ
Нашы віншаванні новаму старшыні БАЗА
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” віншуе Вячку Станкевіча з абраннем старшынёй Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА).
Мы жадаем сп. Станкевічу шматгадовай плённай працы на карысць беларускай дыяспары ў ЗША, перадусім – Беларуска-амерыканскага задзіночання, а таксама нашай агульнай Бацькаўшчыны. Спадзяемся, што новы старшыня дасць штуршок для яшчэ больш актыўнай працы БАЗА з беларусамі ЗША і ў міжнароднай дзейнасці.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Віншуем!
Маем гонар павіншаваць з Днём нараджэння сяброў Вялікай Рады арганізацыі, якія нарадзіліся ў ліпені: Алега Гардзіенку, Наталлю Гардзіенку, Алену Макоўскую, Алеся Станкевіча, Алеся Царыкава, Ігара Цішкевіча (Беларусь), Аўгена Грушу (Аўстралія), Лявона Юрэвіча (ЗША), Алега Давыдзюка (Літва), Яўгена Вапу (Польшча), Ганну Сурмач (Чэхія).
Асобна хацелася б павіншаваць Галіну Мацюшыну (Бельгія) з юбілеем.
Прыміце ад нас шчырыя пажаданні доўгага жыцця, выдатнага здароўя, натхнёнай працы, духоўнай і творчай самарэалізацыі на карысць беларускага народу і Бацькаўшчыны.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
НАВІНЫ
Лондан, Вялікабрытанія
Аднавілася старонка Задзіночання беларусаў Вялікай Брытаніі. Цяпер яна даступная па адрасе: http://belarusians.co.uk/zbvb, а таксама www.zbvb.org.
Як паведаміў сябра Рады ЗБВБ, адміністратар старонкі Сяржук Віна градаў, на старонцы можна прачытаць пра навіны Згуртавання, а таксама знайсці гістарычную інфармацыю пра дзейнасць найстарэйшай арганізацыі беларускай дыяспары і фота.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Вашынгтон, ЗША
У чэрвені ў сталіцы ЗША ля будынку Кангрэсу быў адкрыты помнік ахвярам камунізму.
Помнік узведзены дзякуючы намаганням адмысловага Фонду (Victims of Communism Memorial Foundation), ганаровым старшынёй якога з’яўляецца былы прэзідэнт ЗША Джордж Буш-старэйшы. Унёсак у Фонд зрабілі і амерыканскія беларусы.
На цырымоніі адкрыцця выступіў прэзідэнт ЗША Джордж Буш, які адзначыў, што “мы не можам дазволіць зверствам Леніна, Сталіна, Мао і Кастра згубіцца на старонках гісторыі”. Буш дадаў, што камунізм каштаваў чалавецтву 100 мільёнаў жыццяў.
У адкрыцці помніка ўзялі ўдзел прадстаўнікі Рады БНР, у тым ліку Старшыня Рады Івонка Сурвілла.
Паводле Радыё “Свабода”
Нью-Йорк, ЗША
Беларуска-амерыканскае задзіночанне (БАЗА) абрала новым старшынёй Вячку Станкевіча. Што зменіцца ў грамадскім жыцці амерыканскіх беларусаў?
Было дзве кандыдатуры вядомых дзеячаў беларускай эміграцыі – Вячкі Станкевіча і шматгадовага старшыні БАЗА Антона Шукелойця. У выніку закрытага галасавання з перавагай у два галасы перамог Вячка Станкевіч.
Ён паходзіць з Вільні, сын аднаго з найбуйнейшых беларускіх мовазнаўцаў ХХ стагоддзя Янкі Станкевіча.
В. Станкевіч каля 10 гадоў ачольваў Беларускую рэдакцыю радыё “Свабода”, а пасля ініцыяваў і праводзіў разам з Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны цыкл семінараў для Беларусі “Я магу жыць лепей”, якія многім дапамаглі адчуць сэнс і значнасць свабоды. В. Станкевіч распавёў пра наступныя планы БАЗА: “Цяпер хваля эміграцыі крыху падобная да хвалі пачатку 1950-х. Жывём зменамі”. Па ягоных словах, асноўныя прынцыпы дзейнасці павінны застацца ранейшымі, але спосаб працы і людзі, якія будуць працаваць, павінны мяняцца. В. Станкевіч адзначыў: “Асноўная мэта – служыць Беларусі, хоць бы і за мяжой, – застаецца нязменнай”.
Цягам апошніх гадоў значна павялічылася колькасць беларусаў, якія прыязджаюць у Амерыку вучыцца альбо працаваць. Дакладнага ўліку гэтых людзей не існуе. Па меркаванні В. Станкевіча, лік ідзе на тысячы, і ў ЗША едуць не толькі беларускія студэнты альбо маладыя людзі, а цэлыя сем’і. Але цяпер шмат хто прыязджае па эканамічных прычынах і расплываецца ў эміграцыйным моры былога СССР.
Змены ў БАЗА
БАЗА стаіць цяпер напярэдадні зменаў. Будзе працягвацца праца па лабіраванню беларускіх праблемаў у Кангрэсе ЗША. Але, на думку В. Станкевіча, варта змяніць звычайны для замежжа стан рэчаў, калі “працу сотняў чалавек выконваюць дзесяткі”: Беларуска-амерыканскае задзіночанне будзе пашырацца. У ліку асноўных задачаў – дапамагчы заснаваць новыя аддзелы БАЗА па ўсёй Амерыцы, стварыць культурна-асветную праграму і працаваць з новымі эмігрантамі.
“Усё будзе бачна падчас працы”
Тая моладзь, якая брала ўдзел у кангрэсе БАЗА, далучылася да каманды новага лідэра. Гражына Залеўская кажа, што ёй падабаецца такая праца: “На кангрэсе на кожным з нас была вялізарная адказнасць. Гэта быў вельмі складаны выбар. Я зычу Вячку Станкевічу ісці наперад, дай яму Бог здароўя, плёну на карысць беларускай справы ў Амерыцы і нашай Бацькаўшчыны”.
Паводле Радыё “Свабода”
***
Ад 3 чэрвеня да 5 ліпеня ў Беларускім Музеі ў Нью-Йорку пры царкве св. Кірылы Тураўскага праходзіла персанальная выстава знакамітага беларускага мастака Міколы Купавы, сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Выстава “Постаці зямлі Беларускай” – першая ў сваім родзе культурная акцыя, прысвечаная юбілею Янкі Купалы і Якуба Коласа на амерыканскім кантыненце.
Перад гасцямі выставы выступіў лідэр КХП-БНФ Зянон Пазьняк і кіраўнік Беларускага інстытуту навукі і мастацтва Вітаўт Кіпель. Яны распавялі пра гісторыю развіцця беларускага мастацтва як на Беларусі, так і на эміграцыі, павіншавалі мастака з адкрыццём выставы і ўручылі падарункі. Ад імя беларусаў Нью-Йорка мастака прывіталі сп. Мікалай Сагановіч і сп. Валер Дворнік. Яны падаравалі мастаку ад царквы сярэбраны крыж Еўфрасінні Полацкай на ланцугу. Афіцыйную частку закончыў сп. Сяржук Сокалаў-Воюш, які не толькі павіншаваў творцу, але і выканаў песню, прысвечаную мастаку і напісаную яшчэ ў 1980-ых гадах.
На выставе былі прадстаўленыя не толькі працы, прысвечаныя Янку Купалу і Якубу Коласу, але і Еўфрасінні Полацкай, Усяславу Чарадзею, Кірылу Тураўскаму, Францыску Скарыну, Канстанціну Астрожскаму, Аршанскай бітве.
М. Купава – мастак ярка выражанай беларускай нацыянальнай тэматыкі. Ягоныя пэндзаль і разец аднаўлялі вобразы полацкага князя Усяслава Чарадзея, княгіні Рагнеды і князя Ізяслава, Еўфрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага. Асобнае месца ў творчасці М. Купавы займае распачатая серыя “Вялікія князі ВКЛ, беларускія палкаводцы”, а таксама дзве вялікія нізкі “За волю, роўнасць, незалежнасць!”, прысвечаныя паўстанню пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, графічная серыя “Cейбіты вечнага”, прысвечаная паўстанню 1863–1864 гг. пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Надзвычай вялікую ўвагу мастак надае тэме жыцця і творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа. Над гэтымі творамі майстар працуе, пачынаючы ад 1980 года. У выніку з’явіліся партрэты паэтаў, краявіды іх родных мясцінаў ды ілюстрацыі да іх твораў.
Мастак браў удзел болей як у 70 нацыянальных, персанальных і міжнародных выставах. Творы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у Дзяржаўным музеі Вялікай Айчыннай вайны Беларусі, у Дзяржаўным літаратурным музеі Максіма Багдановіча, у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, у Мінскім абласным музеі ў Маладзечна, у музеі гісторыі і культуры Аршаншчыны, у музеі-запаведніку “Заслаўе”.
Падчас наведвання Амерыкі М. Купава падараваў некалькі сваіх твораў фондам Беларускага музею. Гэта былі творы, звязаныя з Янкам Купалам і Якубам Коласам, а таксама карціна “Дом Васіля Быкава ў Бычках”.
Выстава М. Купавы – другая па ліку, якую ладзіць Беларускі музей у Нью-Йорку.
Паводле www.belmuseum.org і ўласнай інфармацыі
***
10 чэрвеня беларуская грамада ЗША збіралася ў залі Саўт-Рывера, каб адзначыць 80-годдзе доктара Вітаўта Кіпеля.
Больш за 100 гасцей мелі магчымасць азнаёміцца з працамі В. Кіпеля і светлай памяці Зоры Кіпель, іншымі друкамі БІНІМу, багатай калекцыяй здымкаў сям’і Кіпеляў –Савёнкаў.
Урачыстую вечарыну распачаў і вёў сябра сп. Кіпеля доктар Янка Запруднік, які зачытаў прывітанні ад шматлікіх арганізацый Беларусі і замежжа. За ім выступілі Антон Шукелойць, Міхась Сенька, Лявон Юрэвіч, Зянон Пазьняк, Вячка Станкевіч, Сяржук Сокалаў-Воюш, Ала Орса-Рамана, Валянціна Якімовіч, Івонка Сурвілла, госць з Беларусі мастак Мікола Купава, які падарыў юбіляру партрэт Якуба Коласа, ды іншыя.
З. Пазьняк назваў В. Кіпеля “чалавекам неба” і зазначыў, што любы вораг перш-наперш імкнецца знішчыць кнігу; С. Сокалаў-Воюш прачытаў прысвечаныя сп. Кіпелю вершы. Кожны з выступоўцаў згадваў уласныя стасункі з імяніннікам: Антон Шукелойць – акупацыйны Мінск і першае грамадскае даручэнне, дадзенае В. Кіпелю а. Мікалаем Лапіцкім; Вячка Станкевіч – пра лагеры ДП і размову “па-мужчынску” з мясцовымі русафіламі. Але лейтматывам гучала думка, што Вітаўт Кіпель са сваёю жонкаю (як сказала Ала Рамана, для яе гэта як бы адно імя: “Зоравітаўт”) уяўляюць сабою аналаг легендарнага Інбелкульту, з іх плённай працы карысць будзе для нашчадкаў і праз 100, і праз 200 гадоў.
Напрыканцы выступіў Вітаўт Кіпель. Ён падзякаваў прысутным за добрыя словы і падзяліўся ўспамінамі, якія, па ягоных словах, вызначылі яго як беларуса.
Паводле “Нашай Нівы”
***
24 чэрвеня 2007 г. у Саборы св. Кірылы Тураўскага адбылася літургія, якую адправіў а. пратаіерэй Пятро.
Старэйшая сястра Таццяна Красоўская падрыхтавала даклад пра патронку сястрынства Еўфрасінню Полацкую, якой ганарыцца ўвесь беларускі народ. Цікавымі гістарычнымі звесткамі выступ дапоўнілі Зянон Пазьняк і Антон Шукелойць. Прысутнымі было выказана пажаданне і далей рыхтаваць падобныя гутаркі, як духоўныя, так і гістарычныя.
Паводле www.belaoc.org
Тэль-Авіў, Ізраіль
Новым прэзідэнтам Ізраіля стаў 84-гадовы кандыдат цэнтрысцкай партыі “Кадзіма”, эмігрант з Беларусі Шымон Перас.
Сп. Перас атрымаў у першым туры 58 галасоў пры тым, што для абрання быў неабходны 61 голас. Кандыдата ад правай партыі “Лікуд” падтрымалі 37 дэпутатаў, кандыдата ад левай партыі “Авада” – 21 дэпутат.
Ш. Перас нарадзіўся 1 жніўня 1923 г. у мястэчку Вішнева (Валожынскі раён Мінскай вобласці). У 10-гадовым узросце разам з бацькамі ён пераехаў у Палесціну. У 1953 г. сп. Перас стаў генеральным дырэктарам Міністэрства абароны, а ў чэрвені 1992 г. заняў пост міністра замежных спраў. У 1993 г. Ш. Перас дасягнуў дамовы наконт стварэння палесцінскай аўтаноміі з Арганізацыяй вызвалення Палесціны. Разам з Іцхакам Рабінам і Ясірам Арафатам Ш. Перас быў уганараваны Нобелеўскай прэміяй міру ў 1994 г.
Паводле “Еўрапейскага радыё для Беларусі”
Даўгаўпілс, Латвія
“Браслаўскія зарніцы- 2007” – фестываль, які традыцыйна адбываецца напачатку лета ў лесапарку “Леснічоўка”. Cёлетнія “зарніцы” былі знамянальнымі, бо фестывалю споўнілася 40 год.
Калектывы Цэнтра беларускай культуры “Уздым” з Даўгаўпілса (“Купалінка”, “Ластаўкі”, “Лянок”, ансамбль акардыяністаў) узялі самы актыўны ўдзел у гэтым цікавым і вельмі прыгожым мерапрыемстве. Самае прыемнае для нас, што фестываль закончыўся песняй “Браслаўскія зарніцы” даўгаўпілскіх аўтараў – паэта Станіслава Валодзькі і кампазітара Аляксандра Рудзя.
Таццяна Бучэль, Даўгаўпілс
Рыга, Латвія
Саюз беларусаў Латвіі прапануе правесці Міжнародны фестываль беларускай песні ва ўсіх краінах Балтыі.
Фестываль, які праводзіцца ў Рызе, можна арганізоўваць кожны год у адной з трох краінаў Балтыі. Гэтымі планамі беларусы Латвіі падзяліліся на сустрэчы з чальцамі беларускай дэлегацыі на чале з упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанідам Гулякам.
“Гэта толькі прапанова, канкрэтныя пытанні прадстаўнікі беларускай дыяспары, у прыватнасці старшыня Саюзу беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова, яшчэ будуць вырашаць з калегамі з Літвы і Эстоніі”, – пракаментаваў вынікі сустрэчы Л. Гуляка. Па яго словах, “калі дадзеная ініцыятыва знойдзе падтрымку беларусаў Літвы і Эстоніі, фестываль атрымае ўсебалтыйскую прапіску”.
У чэрвені ў Рызе прайшоў ІІ Міжнародны фестываль беларускай песні. Гэтым разам ён быў прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. У фестывалі прынялі ўдзел творчыя калектывы беларусаў з Латвіі, Эстоніі і Літвы.
Падчас візіту дэлегацыя з Беларусі наведала беларускую школу ў Рызе. На сустрэчы з кіраўніцтвам гэтай навучальнай установы абмяркоўваліся магчымасці забеспячэння літаратурай, актывізацыі ўдзелу ў вырашэнні праблем школы Міністэрства адукацыі і адміністрацыі Савецкага раёна Мінска, якая шэфствуе над школай беларусаў у Рызе.
Паводле БЕЛТА
Вільня, Літва
13 чэрвеня ў сценах Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту ў Вільні адкрылася фотавыстава пад назвай “Як дзядзька Антось у Вільню ездзіў”.
Перад адкрыццём выставы адбылася аднайменная тэатралізаваная экскурсія па Вільні. Вандроўку задумалі і правялі студэнты ІІ курса спецыялізацыі “Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія”. А фотаздымкі з яе прадставілі на выставу студэнты, што вучацца па спецыяльнасці “Візуальны дызайн і медыя”. І выстава, і вандроўка прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа.
Ключавы раздзел паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” прысвечаны паездцы аднаго з галоўных герояў – дзядзькі Антося – у Вільню. У свой час даследчыкі Алесь Белы з Мінска і Андрэй Антонаў з Вільні “аднавілі” маршрут коласаўскага героя. Цяпер і студэнты з ЕГУ прайшлі па вуліцах, дзе пабываў дзядзька Антось.
3 чэрвеня яго сустракалі на чыгуначным вакзале студэнты і выкладчыкі ЕГУ, віленскія беларусы. Разам з літаратурным персанажам яны некалькі гадзін блукалі па віленскіх вуліцах. У рэшце рэшт, дзядзька Антось адшукаў дарогу, трапіў у банк (зараз гэта Віленскі паштамт), а потым... разам з новым сваім сябрам вырашыў адпачыць і падсілкавацца на гары Гедыміна. (Арганізатары з вялікім задавальненнем рэканструявалі і гэтую частку паэмы.)
Гэтай экскурсіяй і выставай віленскія студэнты-беларусісты імкнуліся вярнуць “Новую зямлю” ў жывую рэчаіснасць. Задума ўдалася.
Паводле “Нашай Нівы”
***
Прадстаўнікі Таварыства беларускай культуры ў Літве па прапанове даўняга сябра Валерыя Місюка зладзілі вандроўку па Мядзельшчыне.
Маршрут пралягаў праз Камарова, Канстанцінава, дзе прайшла сустрэча з вядомым краязнаўцам Нарачанскага краю Янкам Драўніцкім, чалавекам-легендай. Далей маршрут пралягаў праз вёску Засвір. Тут працаваў ксяндзом добра вядомы беларусам Вільні Казімір Сваяк, бываў мастак Язэп Драздовіч, працаваў дырэктарам школы і Я. Драўніцкі. Ён цікава распавёў пра вёску Свір, возера Свір, Мікалаеўскі касцёл, вёску Камарова, у якой захаваліся будынкі канца XIX – пачатку XX стст.
Першы дзень скончыўся ў вёсцы Радкі, тут вандроўнікі распалілі вогнішча, спявалі беларускія песні, слухалі барда Зміцера Бартосіка, а таксама песні на словы Уладзіміра Пецюкевіча.
На другі дзень падарожнікі наведалі Нарач, у гэтай вёсцы нарадзіўся прафесар Чэслаў Кудаба, які разам з Хведарам Нюнькам, Лявонам Луцкевічам і іншымі адраджаў беларускае жыццё ў Вільні ў канцы 1980-х гадоў. Далей паехалі на возера Нарач. У Мядзелі чакала мастачка Хрысціна Балаховіч, якая паказала ваколіцы азёраў Мястра і Баторына. Мы таксама наведалі выставу вядомага мастака Алеся Цыркунова ў музеі Мядзеля.
Радзіма Максіма Танка Пількаўшчына была апошнім пунктам падарожжа ТБКЛ. Высветлілася, што дом, дзе нарадзіўся Народны паэт Беларусі Максім Танк, знаходзіцца ў заняпадзе, на магіле беларускага класіка таксама даўно ніхто не быў. І не віна ў гэтым хворага, састарэлага брата Максіма Танка, з якім мы сустрэліся. Дзе ж вы, патрыёты? Можа, у мясцовай школе не вывучаюць беларускую мову, не ведаюць, хто тут нарадзіўся і знайшоў вечны спачын, праславіў на ўвесь свет гэты куточак Мядзельшчыны?
Наступную вандроўку ТБКЛ запланавала на пачатак жніўня. Удзельнікі таварыства маюць намер з’ездзіць на азёрную Браслаўшчыну.
Леакадзія Мілаш, Вільня
Варшава, Польшча
З Мінска вярнуліся пераможцы і ўдзельнікі алімпіяды па беларускай мове, якая ўжо 13-ы раз праводзілася ў Польшчы. У сталіцы Беларусі адбыўся яе фінальны этап, у якім удзельнічала 28 вучняў з двух ліцэяў – з Гайнаўкі і Бельска-Падляшскага. Сёлетніх пераможцаў чакала неспадзяванка ад рэктара Белдзяржунівэрсітэту.
Прафесар Варшаўскага, а таксама Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту Мікалай Хаўстовіч распавёў: “Пераможцы алімпіяды па беларускай мове маюць права без экзаменаў паступаць у шмат якія вышэйшыя навучальныя ўстановы ў Польшчы па адпаведным профілі. А сёлета рэктар БДУ сп. Стражаў заявіў, што ён пагаджаецца прыняць пераможцаў алімпіяды таксама і на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ”.
Прэстыжнасць беларускай мовы, а таксама цікавасць да яе на Беласточчыне ў значнай ступені падтрымліваюцца менавіта дзякуючы алімпіядам. А пра прыём, наладжаны ў Мінску вучням з Польшчы, што вучаць беларускую мову, ды іх настаўнікам, расказвае выкладчыца Варшаўскага ўніверсітэту Катажына Бартноўская, якая суправаджала групу ў Мінск: “Ужо другі год фінал алімпіяды арганізоўваецца ў супрацоўніцтве з БДУ. Асабліва спадабалася вучням і настаўнікам беларускай мовы экскурсія ў Дудуткі. Але галоўнае – была наладжаная сапраўдная вялікая ўрачыстасць падчас уручэння ўзнагародаў і дыпломаў пераможцам і лаўрэатам”. Па словах К. Бартноўскай, вучні сапраўды адчулі, што вывучаць беларускую мову прэстыжна, бо прынялі іх як вельмі важных гасцей. Пры гэтым яны, несумненна, заўважылі, што ў пераважнай большасці беларусы размаўляюць па-руску. Навучэнцы з Польшчы ведалі пра цяжкае становішча беларускай мовы ў Беларусі, але ўсё ж былі здзіўленыя, калі ўпэўніліся ў гэтым самі.
Паводле “Польскага радыё для замежжа”
Гайнаўка, Польшча
З 21 чэрвеня ў гарадскіх установах Гайнаўкі (Падляшскае ваяводства, Польшча) у якасці дапаможнай уведзеная беларуская мова. Гэта дае магчымасць карыстацца беларускай мовай у афіцыйных стасунках.
Стала вядома, што пастанова была прынятая на пасяджэнні рады горада Гайнаўкі па ініцыятыве гарадскіх радных з Беларуска-народнага камітэту. Цяпер афіцыйныя заявы і бланкі можна запаўняць і пісаць па-беларуску.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Гданьск, Польшча
У Гданьску адкрыты памятны знак, прысвечаны Янку Купалу. Гэта камень, на якім замацаваная памятная дошка з іменем пісьменніка, гадамі жыцця і словамі паэта “Мне сняцца сны аб Беларусі”.
Таксама ў Гданьску з нагоды 125-годдзя Янкі Купалы адкрытая выстава мастака Васіля Шаранговіча, прысвечаная жыццю і творчасці класіка.
Памятны знак Янку Купалы размяшчаецца на адзінай у Польшчы вуліцы, названай у гонар беларускага песняра.
Паводле БЕЛТА, www.wiadomosci24.pl
Масква, Расія
У купальскую ноч каля ракі Дзясны сабраліся беларусы Масквы, каб супольна адзначыць старажытнае беларускае свята. Уражаннямі падзяліўся адзін з арганізатараў Ян Маркаў.
Па ягоных словах, Купалле беларусы сустрэлі ў сяброўскай атмасферы. Хлопцы насілі дровы для вогнішча, а дзяўчаты плялі вянкі, і ўсе рыхтаваліся да традыцыйных купальскіх гульняў, скокаў праз вогнішча і начнога купання.
Ян Маркаў распавёў, што для яго было самым цікавым падчас святкавання: “Самае галоўнае – дзяўчаты сабраліся прыгожыя і ўсе ў нацыянальных строях. Акрамя таго, у нас на Купаллі можна было пачуць прыгожую беларускую мову, паслухаць беларускія песні. Ды і традыцыйнае пляценне вянкоў і гульні нікога не пакінулі абыякавымі”.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчыны”
Ыхві, Эстонія
Беларусы Эстоніі выступілі з праграмай на фестывалі “Дні беларускай культуры ў Вентспілсе–2007” (Латвія). Пра гэта распавяла намесніца старшыні Беларуска-эстонскага згуртавання (БЭЗ) Зінаіда Клыга.
Фестываль праходзіў з 30 чэрвеня да 1 ліпеня. У першы дзень у Вентспілсе працавала выстава беларускіх майстроў народнай творчасці, адбыўся вялікі канцэрт. У ім і прынялі ўдзел прадстаўнікі БЭЗ.
Дні беларускай культуры працягнуліся ўвечары святкаваннем Купалля.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
“Круглы стол”
Эканамічныя і палітычныя перспектывы Беларусі ва ўмовах рынкавай эканомікі
9-10 чэрвеня 2007 г.
Тэксты дакладаў цалкам чытайце на нашым сайце www.zbsb.org
Паміж Масквой і Бруселем
(Перспектывы “новай” знешняй палітыкі Беларусі)
Уладзімір Роўда,
кандыдат філасофскіх навук, дацэнт кафедры паліталогіі ЕГУ (Беларусь)
Падзеі, што адбыліся ў першай палове гэтага года, дазваляюць канстатаваць, што высновы экспертаў недаацэньвалі вядомыя здольнасці Лукашэнкі заставацца на плыву і абмяжоўвацца чыста касметычнымі мерамі замест кардынальнага рэфармавання палітыкі краіны. Адной з такіх мер і стала разрэкламаваная афіцыйнымі коламі т. зв. “новая знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь”, у якой нібыта раптам вырасла еўрапейскае крыло, што дапоўніла старое расійскае, гэта дазволіла стабілізаваць палёт “беларускага самалёта”.
Мінулагодні сцэнар абапіраўся на выснову: каб прымусіць Лукашэнку пагадзіцца з пуцінскім праектам саюзнай дзяржавы, Расія пойдзе на дастаткова жорсткі эканамічны ціск і хуткі перавод на рынкавыя рэйкі гаспадарчых адносін паміж дзвюма краінамі. У сваю чаргу, Еўразвяз, які не квапіцца на беларускі суверэнітэт, прапанаваў шэраг эканамічных прэферэнцый, якія маглі б дапамагчы Беларусі вытрымаць ціск з Усходу, але ўзамен еўрапейцы патрабавалі ад Лукашэнкі выканання добра вядомых 12 умоў. Прапановы Еўразвязу былі адрасаваны, у першую чаргу, грамадзянам Беларусі. Гэта азначае, што ў Бруселі шчыра спадзяваліся, быццам іх крок дапаможа беларускай апазіцыі і структурам грамадзянскай супольнасці распачаць эфектыўны наступ на аўтарытарную крэпасць. Вядома, што для ўраду Лукашэнкі выкананне ўмоў Еўразвязу было б значна горшым варыянтам, чым нават інкарпарацыя ў склад Расіі, таму што ўсе яны арыентаваны на дэмантаж сістэмы асабістай улады прэзідэнта ў Беларусі.
Аднак вонкавыя і ўнутраныя чыннікі, якія дазваляюць спадзявацца на перамены ў Беларусі, пакуль не дзейнічаюць. Па-першае, пасля перыяду разгубленасці і шоку, якія былі выкліканы нечаканай адмовай кіраўніцтва Беларусі праводзіць рэферэндум па Канстытуцыйным акце Саюзнай дзяржавы ўзамен на захаванне старых коштаў на расійскія энерганосьбіты, Масква адшукала новыя падыходы да незгаворлівага саюзніка. Яна не адмовілася ад стратэгічнай мэты, якой застаецца інкарпарацыя Беларусі ў склад Расіі, але вырашыла рухацца ў гэтым кірунку крок за крокам, расцягнуўшы сам працэс на некалькі гадоў.
Па-другое, узніклі вялікія праблемы з рэалізацыяй новай стратэгіі Еўразвязу ў дачыненні да Беларусі. У Бруселі перабольшылі сілы беларускай апазіцыі і яе здольнасць выкарыстаць зручную сітуацыю ў перыяд максімальнага абвастрэння беларуска-расійскіх адносінаў. Пасля паразы палітычнай кампаніі 2006 г. беларуская апазіцыя апынулася ў вельмі цяжкім стане.
Беларускі рэжым максімальна выкарыстаў рыторыку пра новую знешнюю палітыку ў дачыненні да Еўропы для атрымання новых прывілеяў у эканамічных стасунках з Расіяй. Перамовы па газавай праблеме скончыліся для Беларусі дастаткова някепска. Яна па-ранейшаму плоціць за блакітнае паліва менш, чым усе іншыя краіны СНД. Нягледзячы на паэтапны продаж акцый “Белтрансгазу” “Газпраму”, Лукашэнка захаваў за сабой права “залатой акцыі”. У канцы сакавіка было падпісана новае гандлёвае пагадненне з РФ. Дарэчы, галоўным знешнегандлёвым партнёрам Беларусі з’яўляецца ЕЗ, а не Расія, на яго прыпадае 60% гандлёвага абароту краіны. Нягледзячы на тое, што выключэнне Беларусі з Генеральнай сістэмы прэферэнцый рэзка крытыкавалася афіцыйнымі ўладамі, гэтая мера не распаўсюджваецца на продаж у Еўропе перапрацаваных на беларускіх НПЗ нафтапрадуктаў. Усе наступствы падвышэння коштаў на энерганосьбіты могуць прывесці толькі да скарачэння тэмпаў росту ВУП, не да эканамічнага крызісу.
Я падзяляю думку славацкага і англійскага палітолагаў Балаша Ярабіка і Аластара Рабальяці, якія сцвярджаюць, што зараз “цяжка пазбавіцца ўражання, быццам палітыка Еўразвязу правалілася”. Параза была непазбежнай – праблема не ў самой палітыцы, а ў яе ажыццяўленні. Лепшых варыянтаў за тыя, што прапаноўвалі аўтары мноства замоўленых Еўразвязам даследаванняў, папросту не было. Аднак пры шчодрых расійскіх субсідыях гэтая палітыка ў Беларусі не дзейнічае. Асабліва калі ў ёй дакладна не вызначаны прыярытэты і стратэгія, калі практычная рэалізацыя адстае ад актуальных патрэбаў, калі амаль немагчыма данесці свае ідэі да беларускага народу, калі Еўразвяз не можа прапанаваць беларусам ніякіх сур’ёзных стымулаў, акрамя рыторыкі наконт вышэйшага ўзроўню жыцця. Але для сённяшняй ізаляванай Беларусі і гэта можа аказацца магутным інструментам. Асабліва калі Еўразвяз перахопіць ініцыятыву. Лукашэнка, як і беларуская апазіцыя, не здолеў прапанаваць Беларусі новай перспектывы на XXI ст. І калі Крэмль прадоўжыць свой цяперашні курс, праз год-два падмурак беларускага эканамічнага цуда будзе падарваны. Тады рыторыка Еўразвязу загучыць яшчэ мацней.
Але гэта можа і не здарыцца, таму што існуюць і іншыя, не менш важныя праблемы са стратэгіяй Еўразвязу ў дачыненні да Беларусі.
Першае: яна ў значнай ступені з’яўляецца пасіўнай, скіраванай на чаканне негатыўных наступстваў эканамічнага ціску на Беларусь з боку Расіі. Гэта традыцыйны курс ЕЗ, які, здаецца, не ўсвядоміў яшчэ значэння сваёй новай ролі не толькі магутнейшага эканамічнага, але і палітычнага акцёра ў рэгіёне пасля 2004 г. Калі стратэгія чакання не зменіцца, то няма абсалютна ніякіх гарантый таго, што менавіта Еўропа, а не Расія скарыстаецца першай з наступстваў уласнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі.
Другое: распрацоўшчыкі стратэгіі ЕЗ так і не зрабілі выбар адносна паводзін у дачыненні да Лукашэнкі. На маю думку, у сучасных умовах прарыў ізаляцыі Беларусі мае больш важнае значэнне, чым захаванне твару адпаведных еўрачыноўнікаў і еўрапалітыкаў. Бо толькі гэты крок можа гарантаваць дзяржаўную незалежнасць Беларусі, а значыць – акрэсліць перспектывы для будучай дэмакратызацыі.
Трэцяе: адсутнічае адзінства разумення стратэгіі і спосабаў ажыццяўлення ў асобных інстытутах ЕЗ і ў краінах-чальцах. Добра вядома, напрыклад, што супраць выключэння Беларусі з Генеральнай сістэмы прэферэнцый выступілі нашы суседзі: Польшча, Літва, Латвія; Славакія і Чэхія ўстрымаліся пры галасаванні. Бачна, што такія ініцыятывы адбываюцца без належнага ўзгаднення пазіцый з Бруселем.
Чацвёртае: дапамога беларускай палітычнай апазіцыі і структурам грамадзянскай супольнасці павінна быць скаардынаванай і скіраванай на заахвочванне кааліцыйнага будаўніцтва, пераадоленне расколу і негатыўных наступстваў няўдалай палітычнай кампаніі 2006 г. На маю думку, апазіцыя павінна змаганнем з рэжымам, а не бясконцымі размовамі пра парушэнне сваіх правоў, заваяваць права на ўдзел у будучым дыялогу паміж ЕЗ і беларускімі ўладамі.
Пятае: каб выйграць спаборніцтва з Расіяй за ўплыў на Усходнюю Еўропу, Еўразвяз павінен перайсці да актыўнай палітыкі па распаўсюджванні і папулярызацыі еўрапейскіх каштоўнасцяў, з тым каб забяспечыць у бліжэйшай перспектыве далучэнне ўсіх краін Еўропы да Еўразвязу.
Такім чынам , каб пакласці канец выкарыстанню беларускім дыктатарам рыторыкі пра “новую” знешнюю палітыку для выбівання саступак з боку Расіі і Еўропы, Еўразвяз павінен спачатку перагледзець сваю стратэгію ў дачыненні Беларусі. Яна магла б стаць пакрокавай палітыкай, разлічанай на пэўны перыяд.
На першым этапе рэжым выпускае палітзняволеных і гарантуе, што больш ніхто не патрапіць пад крымінальны пераслед за свае палітычныя перакананні. За гэта можна было б зрабіць Лукашэнку і беларускіх чыноўнікаў “уязднымі” ў цывілізаваныя краіны свету і распачаць дыялог з імі.
На другім этапе неабходна засяродзіць увагу на эканамічнай і прававой рэформах. Толькі калі Лукашэнка правядзе такія пераўтварэнні, можна ісці на выдзяленне крэдытаў і істотных інвестыцый у беларускую эканоміку.
Нарэшце , на трэцім этапе можна перайсці да дэмакратызацыі палітычнай сістэмы. Правядзенне вольных і сумленых выбараў раней не мае сэнсу, таму што не сфармуецца належны слой бенефецыярыяў рэформы, якія могуць забяспечыць поспех на выбарах дэмакратычным сілам і мабілізаваць насельніцтва на абарону перамогі.
Альтэрнатыўныя крыніцы пастаўкі энерганосьбітаў у Беларусь — піяр-акцыя альбо рэчаіснасць?
Алег Муславец,
дырэктар інтэрнэт-рэсурсу “Агенцтва фінансавых навінаў” (Беларусь)
Агульныя звесткі па нафтаперапрацоўцы і пастаўках нафты
У 2006 г. аб’ём перапрацоўкі нафты ў Беларусі вырас на 7,3%, да 21,25 млн тон пасля росту таксама на 7,3% за 2005 г. і на 17% за 2004 г. У 2007 г. па балансе пастаўкі расійскай нафты павінны скласці 21,5 млн тон.
Аб’ём першаснай перапрацоўкі нафты ў Беларусі ў студзені–траўні 2007 г. скараціўся на 2,3% у параўнанні са студзенем–траўнем 2006 г. і склаў 8,77 млн тон. У траўні 2007 г. беларускія НПЗ перапрацавалі 1.87 млн тон нафты, што на 5,7% больш у параўнанні з траўнем 2006 г. У параўнанні з красавіком 2007 г. аб’ём перапрацоўкі ў траўні вырас на 2,5% пасля скарачэння на 2,4% за красавік і росту за сакавік на 14,3%.
Па дадзеных Мінстатыстыкі, за студзень–травень 2007 г. у параўнанні з студзенем–траўнем 2006 г. аб’ём выпуску бензінаў вырас на 2,7% да 1414,8 тыс. тон. Аб’ём выпуску дызпаліва склаў 2794 тыс. тон, павялічыўшыся на 1%, паліўнага мазуту – 2623,2 тыс. тон (скарачэнне на 11,9%), аліваў – 68,3 тыс. тон (рост на 12,8%).
Расійскія нафтавыя кампаніі ў студзені–траўні 2007 г. паставілі на беларускія НПЗ 7,5 млн тон нафты, што на 16% менш у параўнанні са студзенем–траўнем 2006 г. Астатні аб’ём перапрацоўкі забяспечаны за кошт пераходзячых астаткаў 2006 г. і ўласнай здабычы (у студзені-траўні 720,8 тыс. тон).
Альтэрнатыўныя крыніцы
У красавіку 2006 г. “Газпрам” абвясціў пра падвышэнне коштаў з 2007 г. на газ, які пастаўляецца ў Беларусь, што, уласна, і стала пачаткам беларуска-расійскай нафтагазавай вайны. Асноўныя падзеі разгарнуліся напярэдадні Новага года і скончыліся падпісаннем кантракту з “Газпрамам” і дамовай па пастаўках нафты. Аднак яшчэ да самога піку канфлікту беларускі бок пачаў дзяржпрапаганду альтэрнатыўных крыніц энергіі (АЭС) і магчымых альтэрнатыўных паставак энергарэсурсаў у краіну.
Называліся розныя краіны-пастаўшчыкі і маршруты дастаўкі нафты ў Беларусь – аж да закупкі нафты на сусветных біржах, што ў дадзеным выпадку было б найболей правільным варыянтам менавіта для развіцця дэмакратыі ў краіне. Спатрэбіліся высілкі ўсёй міжнароднай экспертнай супольнасці, каб у лютым 2007 г. першы віцэ-прэм’ер Беларусі У. Сямашка прызнаў: расійская нафта з наяўнай увазной мытай 53$ за тону абыходзіцца танней, чым нафта, набытая на сусветных біржах.
21 лютага ў Віцебску на выязным пасяджэнні Камісіі па падвышэнні канкурэнтаздольнасці эканомікі Сямашка таксама заявіў, што выкарыстанне прыбалтыйскіх тэрміналаў для транспарціроўкі нафты ў Беларусь сёння эканамічна нявыгадна.
Па словах першага віцэ-прэм’ера, пытанне транспарціроўкі нафты праз балтыйскія партовыя тэрміналы другаснае – найперш неабходна вырашыць, калі і адкуль браць нафту.
Гэтыя пытанні дагэтуль не вырашаны – нафта па-ранейшаму закупаецца ў Расіі і далей будзе закупацца там.
А вось што сказаў А. Лукашэнка ў сваім пасланні народу і парламенту пра альтэрнатыўныя пастаўкі нафты (красавік 2007 г.): “В России последнее время многие ёрничают: “Неужели Лукашенко повезет из Азербайджана, Ирана, Венесуэлы нефть в Беларусь, когда российская в данном случае выгодна?”. Ну, конечно же, не повезем… И, может быть, нам и не нужно сегодня везти. Потому что Россия не отказывается от поставок нам нефти, газа и других природных ресурсов… Нет, на сегодня, подчеркиваю, это альтернатива на случай кризиса. А, уверен, в случае нашей серьезнейшей проработки с этими государствами мы спокойно сможем и с Азербайджана брать нефть, и с Ирана, и с Венесуэлы, и это будет примерно тот уровень, как с РФ”.
Між тым, як неаднаразова заяўлялі Лукашэнка і віцэ-прэм’ер Сямашка, Беларусь вядзе працу па выведцы і даследаванні нафтаносных раёнаў у Венесуэле і Іране, а таксама вывучае магчымасці пастаўкі ў краіну азербайджанскай нафты.
Іран
Распрацоўка іранскай тэмы пачалася даўно, у рамках супрацоўніцтва з краінай Руху недалучэння. Пасля рэзкіх заяў Пуціна Лукашэнка наведаў гэтую краіну з візітам, што і стала пачаткам беларуска-іранскай нафтавай істэрыі.
Вынікі візітаў А. Лукашэнкі ў Іран у лістападзе 2006 г. і М. Ахмадзінежада ў Мінск у траўні:
– пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі;
– пагадненне ў банкаўскай сферы аб інвестыцыях і аб стварэнні банка.
Кошт пытання: вялізны патэнцыял ацэньваецца ў 35,5 млн USD узаемнага таваразвароту ў 2006 г.: у Іране нібыта збіраюць “МАЗы”, у Беларусі – “Саманды”. Іран даў Беларусі магчы масць распрацоўкі іранс кага нафтавага радовішча Джафеір. Яно размешчана ў багатай нафтай правінцыі на ірана-іракскай мяжы. Па папярэдніх дадзеных, засваенне радовішча дазволіць здабываць каля 4,1 тыс. тон волкай нафты ў суткі (каля 1,5 млн тон у год). Аднак беларускі бок не атрымлівае ніякай долі ў радовішчы, якое распрацоўваецца: вяртанне інвестыцый у распрацоўку, роўна як і прыбытак “Беларусьнафта” будзе атрымліваць часткай здабываемай нафты (г.зн. ніякіх грошай), якую затым трэба будзе яшчэ прадаць.
Венесуэла
Уга Чавес выдзеліў Лукашэнку ўчасткі для здабычы нафты ў басейне ракі Арынока, дзе размяшчаюцца самыя вялікія разведаныя запасы нафты ў свеце – 236 млрд барэляў (у выпадку распрацоўкі на беларускіх участках можна будзе здабываць да 10 млн тон у год), а таксама ўчастак на распрацаваным радовішчы, дзе можна здабываць да 2 млн тон нафты ў год. На другім участку Беларусь мае намер стварыць з Венесуэлай сумеснае нафтаздабываючае прадпрыемства і пачаць здабычу нафты ў гэтай краіне толькі ў 2009 г.
Бакі таксама ствараюць сумеснае прадпрыемства па сейсмаразведцы. Заснавальнікам з венесуэльскага боку выступіць Венесуэльская дзяржаўная нафтавая кампанія PDVSA, з беларускага – РУП “Беларусьнафта”, якое паводле пастановы Саўміна № 568 унясе ў якасці ўкладання ў статутны фонд 20 тыс. USD.
Варта адзначыць, што ў ствараемым СП доля беларускага боку нягледзячы на моцнае сяброўства прэзідэнтаў дзвюх краін складзе ўсяго толькі 40%, што лепш, чым нічога ў адносінах з Іранам, але горш, чым з Расіяй, якая прапаноўвае ўсім жадаючым удзельнічаць у конкурсах па распрацоўцы радовішчаў са стварэннем СП на парытэтных умовах (51% Расія, 49% бок фундатар).
Акрамя нафты, ёсць яшчэ шэраг праектаў. Паміж Беларуссю і Венесуэлай па стане на 24 сакавіка 2007 г. падпісана 22 пагадненні, дамовы і мемарандумы.
Але сяброўства з Чавесам паўстала не з-за пагаршэння адносін Беларусі і Расіі. Яно тэрмінова спатрэбілася, калі стала зразумела, што кубінскаму лідэру Фідэлю Кастра ўжо нядоўга засталося кіраваць сваёй краінай. Беларусь пачала пераводзіць свае актывы (грошы ўлады) у краіну з больш прагназуемым рэжымам.
Азербайджан
Адзіны спосаб пастаўкі нафты ў Беларусь: трубаправодам або па чыгунцы праз Грузію ў Батумі, адтуль танкерам у Адэсу, а з Украіны ўжо па згаданым трубаправодзе “Адэса – Броды” ў рэверсіўным рэжыме да беларускіх НПЗ. Але можа здарыцца, што прапампоўка нафты па гэтым трубаправодзе ў Беларусь стане магчымая толькі ў тым выпадку, калі беларускія ўлады выпусцяць на волю А. Казуліна і іншых палітвязняў – прыкладна тыя ж ўмовы, што выставіла Францыя перад рэалізацыяй праекту па пабудове ў Беларусі АЭС.
На пастаўкі азербайджанскай нафты па гэтым трубаправодзе разлічваюць і Польшча, і Еўразвяз. Траціна нафты і 44% газу паступаюць у Еўропу з Расіі. Што тычыцца той жа Польшчы, расійскія нафта і газ складаюць на польскім рынку да 90%.
З Азербайджану выходзяць два нафтаправоды: адзін на Грузію, другі – на Турцыю. Сваёй нафтай Азербайджан не можа загрузіць нават палову аднаго з названых нафтаправодаў, бо яе ў краіны мала.
Выснова: Названыя краіны не змогуць замяніць пастаўкі нафты з Расіі і, нават у выпадку тэхнагенных катастроф, не змогуць стаць альтэрнатывай. У выніку нафтагазавага крызісу з Расіяй быў знойдзены вобраз новага ворага – Крэмль. Прапаганда паставак нафты з альтэрнатыўных краін-пастаўшчыкоў патрэбна ўладам для таго, каб упэўніць насельніцтва: улада нястомна працуе для забеспячэння сваіх грамадзян энергарэсурсамі.
Досвед Украіны ў фармаванні сістэмы энергетычнай бяспекі
і магчымасці яго прымянення ў Беларусі
Алег Соскін,
дырэктар Інстытута трансфармацыі грамадства (Украіна)
Пасля здабыцця Украінай суверэнітэту ў 1991 г. адной з галоўных задач дзяржавы стала стварэнне незалежнай сістэмы энергазабеспячэння.
Сістэма энергазабеспячэння складаецца з наступных элементаў.
Па-першае, нафтавы складнік, г.зн. наяўнасць нафтаперапрацоўчых заводаў і нафтаправодаў, аптовых баз для захоўвання нафтапрадуктаў, рознічнай сеткі рэалізацыі нафтапрадуктаў. Ва Украіне дзейнічае 6 нафтаперапрацоўчых заводаў у Крамянчугу, Лісічанску, Херсоне, Надворнай, Драгабычы.
У год Украіна спажывае да 30 млн тон нафты. У савецкі час магутнасць заводаў складала да 56 млн тон. Усе заводы былі прыстасаваныя для перапрацоўкі расійскай нафты маркі “URALS”. Пасля здабыцця незалежнасці Украіне не ўдалося сфармаваць эфектыўную сістэму нафтавага забеспячэння, і цяпер краіна ў гэтым на 90% залежыць ад Расіі. Наша дзяржава мае развітую сістэму нафтаправодаў. Праз тэрыторыю Украіны праходзіць трансеўрапейскі нафтаправод “Дружба”. Акрамя таго, у часы незалежнасці быў пабудаваны магутны нафтаправод з тэрміналам у Паўднёвым – “Адэса–Броды”. У адрозненні ад існуючых, гэты нафтаправод планаваўся пад пастаўку каспійскай нафты і нафты краін Персідскага заліву праз турэцкі тэрмінал у порце Джэйхан. Украіна адначасова з’яўляецца як спажыўцом, так і транзіцёрам расійскай і казахскай нафты. У нас ёсць некалькі нафтатэрміналаў, у т.л. магутныя нафтагавані з тэрміналамі ў Адэсе, а таксама ў Феадосіі. Усе ўкраінскія нафтатэрміналы размешчаныя на Чарнаморскім узбярэжжы. Нафтавыя заводы Украіны былі прыватызаваныя. Адэскі і Лісічанскі належаць расійскім кампаніям: Адэскі нафтавы завод – “Лукойлу”, Лісічанскі – “ТНК”. Акрамя таго, долі расійскага капіталу ўтрымліваюцца ва ўсіх іншых нафтаперапрацоўчых заводах нашай дзяржавы. Фактычна Украіна не кантралюе свае нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы і забеспячальную сістэму нафтапрадуктаў. Вялікая частка аптовых баз і сістэмы рознічнага гандлю належыць расійскім кампаніям, у першую чаргу – “Лукойлу” і “ТНК”. Такім чынам, Украіна аддала складовую сваёй энергетычнай бяспекі ў рукі замежнай дзяржавы, што не стасуецца з прынцыпамі нацыянальнай бяспекі.
Па-другое , газавы складнік. Ва Украіне разгалінаваная газатранспартная сістэма з газапомпавымі станцыямі, якая дазваляе прапампоўваць праз тэрыторыю нашай краіны амаль 130 млрд м 3 газу. Акрамя таго, наша дзяржава мае 13 газасховішчаў агульным аб’ёмам у 33 млрд м 3 газу, які можа захоўвацца на захадзе краіны. У сярэднім, у нас здабываецца ад 23 да 25 млрд м 3 газу кожны год. Аднак Украіна дэкларуе, што спажывае да 75 млрд м 3 газу. Гэта супярэчлівае пытанне, паколькі на сённяшні дзень адсутнічаюць сістэмы лічыльнікаў на заходніх, паўночных і паўднёвых межах дзяржавы, а таксама на размеркавальных сетках унутры Украіны.
80% расійскага газу ідзе транзітам праз украінскую тэрыторыю, акрамя таго, яшчэ 20% прыходзіцца на Беларусь. Такім чынам, Украіна і Беларусь падобныя па профілі сістэмы энергетычнай бяспекі, паколькі з’яўляюцца ключавымі транзіцёрамі расійскай нафты і газу праз свае тэрыторыі ў Еўропу. Гэта павінна аб’ядноўваць дзве краіны. Паколькі Украіна з’яўляецца еўрапейскай дзяржавай, мэта якой – інтэграцыя ў Паўночнаатлантычны альянс і Еўразвяз, то мы павінны пабудаваць сістэму энергазабеспячэння і стварыць сістэму энергабяспекі на еўрапейскіх падставах. Украіне трэба зрабіць разнастайнымі крыніцы забеспячэння нафты і газу і ўзаемадзейнічаць з Беларуссю, паколькі нашы дзве краіны з’яўляюцца манапольнымі транзіцёрамі расійскага газу і нафты.
Украіна і Беларусь сумесна з Польшчай павінны стварыць транзітны нафтагазавы кансорцыум, які дазволіць вырашыць пытанне забеспячэння энерганосьбітаў ва Украіну і Беларусь.
Гарантыяй энергетычнай бяспекі краіны павінна стаць увядзенне новых крыніц энергазабеспячэння, найперш – біяпаліва. Украіна мае ўсе магчымасці для вырабу біяпаліва, у першую чаргу – вырошчвання такой тэхнічнай культуры, як рапс, а таксама выкарыстання адходаў ад збору зерневых, кукурузы і цукровага бурака, якія могуць служыць сырцом на цеплаэлектрастанцыях. Акрамя таго, існуюць значныя магчымасці для пабудовы і прымянення невялікіх, лакальных гідраэлектрастанцый, ветравых электрастанцый і сонечных батарэй. У гэтай сферы нашы краіны таксама могуць плённа супрацоўнічаць. Перспектыўным відам стасункаў паміж Украінай і Беларуссю з’яўляецца выраб электраэнергіі на атамных электрастанцыях. У прыватнасці, мэтазгодна было б пабудаваць адзін з атамных рэактараў на Ровенскай АЭС, які працаваў бы на забеспячэнне Беларусі электраэнергіяй.
Выснова: Украіна і Беларусь павінны распрацаваць агульную мадэль энергетычнай бяспекі, улучыўшы туды Польшчу, краіны Вышаградскай чацвёркі і краіны Балтыі. Гэта дасць магчымасць зрабіць сістэму энергетычнай бяспекі высокаэфектыўнай і прыбытковай, а таксама вырашыць пытанне пра разнастайнасць крыніц уласнага энергазабеспячэння.
Праблемы рынкавай трансфармацыі Беларусі
Кірыл Коктыш,
кандыдат палітычных навук (Расія)
1. Рынкавая трансфармацыя беларускай эканомікі – прынцыпова невырашальная задача як мінімум у межах сённяшніх беларускай нацыянальнай, дзяржаўнай і эканамічнай ідэнтычнасцяў. Гэта значыць, што рынкавая трансфармацыя будзе жорстка канфліктаваць з усімі трыма ідэнтычнасцямі, наступствам чаго станецца разбурэнне ці злом адной, дзвюх з іх ці ўсіх.
Эканамічная ідэнтычнасць Беларусі – гэта на 80% буйныя прадпрыемствы-экспарцёры, да 80-85% іх прадукцыі павінна прадавацца за межамі краіны. Збольшага (акрамя нафтахіміі) прадпрыемствы не мадэрнізаваныя, г.зн. спажываюць больш сыравіны і энерганосьбітаў, чым канкурэнты, вырабляючы менш якасную прадукцыю. Рынкавыя кошты на энерганосьбіты пазбаўляюць гэтыя прадпрыемствы канкурэнтнай перавагі.
Дзяржаўная ідэнтычнасць Беларусі сёння засноўваецца на ідэі інтэграцыі з Расіяй, а дакладней, на тым, што ў гэтую ідэю верыла да нядаўняга часу расійскае кіраўніцтва. Гэта дазваляла беларускаму прэзідэнту забяспечваць за кошт прамых і ўскосных расійскіх датацый да 60% беларускага бюджэту (у гэтым годзе доля датацый складае 41%, у наступныя тры гады будзе зменшана да нуля). Гэта мела наступствам спецыфічны, на беларускі лад, тып “галандскай хваробы” – калі адна галіна эканомікі прыносіць столькі прыбыткаў, што астатнія могуць і не працаваць. Нафты ў Беларусі няма, але ў ролі нафтавага (ці, дакладней, грашовага) радовішча выступіла Расія: беларускія прадпрыемствы маглі працаваць у імітацыйным рэжыме, дзеля выплаты заробкаў, бо ўвесь сапраўдны рэсурс здабываў прэзідэнт, прадаючы Расіі прарасійскую рыторыку.
Гэты “рынак рыторыкі” згарнуўся, Расія адмовілася ад канцэпту прарасійскасці, прызнаўшы, што яе ніколі ў прыродзе і не існавала і што гэта быў толькі сродак пампавання з Расіі грошаў. Але беларуская дзяржава ўпарта настойвае на яго аднаўленні, бо без расійскіх грошаў не можа захаваць існуючы лад, а значыць – і сябе.
Нацыянальная ідэнтычнасць Беларусі грунтуецца ці на “ідэі інтэграцыі з Расіяй з захаваннем суверэнітэту”, ці на аднаўленні еўрапейскай ідэнтычнасці краіны, насамрэч, уяўляе з сябе бессістэмныя штучныя аскепкі.
2. Канфлікт паміж “імператывам рынкавасці” і беларускімі ідэнтычнасцямі будзе мець найбольш верагодным наступствам ператварэнне краіны ў тэрыторыю.
Пры адсутнасці канцэпту рынкавай трансфармацыі, улада пойдзе па “адзіным магчымым”, найбольш простым варыянце прыватызацыйнага распродажу. Гэта не вырашыць ніводнай праблемы, але канчаткова загубіць беларускую эканоміку. Чаму?
1. Тады ў межах “простай прыватызацыі” прадпрыемствы будуць выступаць не ў якасці часткі нейкай вытворчай цэласнасці. Гэта значыць, што з вытворчых ланцужкоў будуць выхоплівацца тыя звёны, што могуць быць найбольш прыбытковымі.
2. Распродаж (асабліва калі ён будзе праводзіцца ўладай у яе сённяшнім фармаце) будзе ў першую чаргу вабіць спекулянтаў, што зыходзяць з парадыгмы “трафейнай” эксплуатацыі набытага актыву. Справа ў тым, што беларуская эканоміка сёння каштуе жахліва мала ў параўнанні з тым, колькі яна павінна каштаваць – з-за палітыка-эканамічнага клімату яна недаацэнена прыкладна на парадак, калі параўноўваць з расійскай (пры тым што расійская, у сваю чаргу, недаацэнена ў параўнанні з заходняй на паўтары-два парадкі). Набыццё актываў па тым кошце, што “сёння ёсць”, – недапушчальная рызыка для стратэгічнага пакупніка, бо такая выгада можа быць лёгка аспрэчана як нелегітымная ўжо заўтра, пры паляпшэнні клімату і адпаведным росце ацэненасці эканомікі ў цэлым. Пераплочваць жа за актыў сёння на падставе абяцанняў, што “заўтра клімат палепшыцца”, таксама няма ніякага сэнсу.
3. Пры гэтым, як ні дзіўна, знешнія фактары, не залежныя ад Беларусі, сёння якраз спрыяльныя для яе паспяховай рынкавай трансфармацыі – прыкладна ў той жа ступені, наколькі неспрыяльныя ўнутраныя. Галоўным тормазам для выкарыстання сітуацыйных пераваг з’яўляецца менавіта сённяшняя контрэканамічная беларуская нацыянальная ідэнтычнасць: наяўнасць гэтых пераваг нават не ўсведамляецца ні элітамі, ні контрэлітамі.
Чаму павінны адшукацца выгады знаходжання паміж усходнім і заходнім бакамі?
1. Бо магчыма паскоранае пазбаўленне ад фактара недаацэненасці беларускай эканомікі.
Справа ў тым, што сёння адносіны Еўразвязу ды Расіі маюць сітуацыйна незбалансаваную структуру, і гэтая незбалансаванасць не можа “згубіцца” сама сабой. Так, з аднаго боку, ідзе інтэнсіўная эканамічная інтэграцыя Расіі і Еўропы, якая пакуль абмежавана энергетычнай галіной, але, думаецца, не на доўгі час: прагматычная патрэба Еўропы ў Расіі і наадварот будзе толькі ўзрастаць.
З другога боку, на ўзроўні каштоўнасцяў яны знаходзяцца на ледзь не максімальнай адлегласці. Гэта значыць, што на пэўны час ствараецца аб’ектыўная патрэба Еўропы і Расіі ў новым рынку “паміж”. Прасцей кажучы, ствараецца попыт на гаспадара, які б, карыстаючыся даверам абодвух гасцей, дапамог бы ім наладзіць давер паміж сабой. Сённяшні беларускі рэжым хутчэй можа ганарыцца ўсталяваннем недаверу з абодвух бакоў – але размова ж не пра рэжым, а пра краіну. Тая з усходнееўрапейскіх краін, якая першая скарыстае гэтую нішу, будзе ў найвялікшым выйгрышы.
2. Ёсць і слушныя эканамічныя аргументы, згодна з якімі “роўнааддаленасць” – ледзь не адзіная магчымасць уратаваць сучасную беларускую прамысловасць. Захад, на чале з лідэрам ЗША, змагаецца за максімізацыю сваёй долі, г.зн. долі хай-тэка – ён можа складаць і 50%, і болей ад кошту фінальнай прадукцыі. Расія (як і іншыя пастаўшчыкі энерганосьбітаў і рэсурсаў) змагаецца за максімізацыю сваёй долі, г.зн. кошту энерганосьбітаў – іх доля зараз дасягае 30%. У Беларусі няма ні рэсурсаў, ні хай-тэка. Яе сённяшні заробак, г.зн. той кошт, што яна можа дадаць да тавару, ляжыць паміж коштам энерганосьбітаў і коштам хай-тэка, з чаго вынікае, што і заходні, і ўсходні ўхіл – гэта фактычнае адмаўленне ад уласных грошай і ад уласнай існуючай эканомікі.
3. Парадыгма “роўнаадаленасці” ўтрымлівае і магчымасць якасных прарываў. Рынкавая эфектыўнасць – гэта не ў апошнюю чаргу здольнасць канвертаваць недахопы ці пралікі астатніх ва ўласныя перавагі.
Стварэнне ж у Беларусі спрыяльнага клімату для абароны інтэлектуальнай уласнасці, калі выдаткі за абарону патэнтаў за пэўную долю ўласнасці бярэ на сабе дзяржава, дазволіла б ёй не толькі перацягнуць на свой бок пэўны слой навукоўцаў, але і зрабіць слушны крок да перспектыўнага будаўніцтва новага эканамічнага парадку – эканомікі ведаў. Пакуль гэта атрымалася толькі ў Японіі.
Бясспрэчна, гэта тычыцца не таго, што ёсць сёння, але таго, што можа быць заўтра. Залежыць гэта ў першую чаргу ад магчымасці з’яўлення прабеларускай ідэнтычнасці. Бо калі яна не народзіцца, то Беларусь так і застанецца незразумелым месцам, дзе будуць жыць “тутэйшыя”, упэўненыя, што суверэнітэт і дабрабыт магчыма пабудаваць на правільна закладзеным падмурку, які “заўжды будзе незамяшчальным геапалітычным плацдармам” і за які ўсе і заўжды будуць плаціць. А пакуль будуць шукаць правільнае месца для таго падмурку, “каб у гэты раз дакладна не абмінулі”, гісторыя пойдзе далёка наперад – што нават і дагнаць будзе нельга
|