диаспора РБ Минск Менск белорусская диаспора
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету

Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўшчына


Навіны (галоўная) Архіў навін Хто мы Хронiка дзейнасцi З'езды беларусаў свету Кантакты Банкаўскія рэквізіты Архіў бюлетэня
Гісторыя Галерэя дзеячаў База дадзеных Сайты дыяспары Перыёдыка Могілкі Помнікі
Грамадскія арганізацыі СМІ Дыпламатычныя прадстаўніцтвы Даведнік
"НІВА" "БЕЛАРУС" "Крывія"
Еўрапейскае радыё для Беларусі Радыё "Рацыя" "Радыё Швецыя" Радыё "Палонія" Deutsche Welle

90-БНР

Беларускі Інтэрнэт

МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№05(№64)
травень
2007
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

запампавать pdf-версію бюлетэня

Змест:

ВІНШАВАННІ

Вітаўту Кіпелю – 80!

30 траўня споўнілася 80 гадоў спадару Вітаўту Кіпелю, вядомаму дзеячу беларускай дыяспары ў ЗША, навукоўцу, сябру Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, няспыннаму рупліўцу на ніве беларушчыны.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” віншуе спадара Вітаўта Кіпеля з юбілеем. Жадаем доўгіх гадоў жыцця, добрага здароўя і плённай далейшай працы на карысць нашай агульнай Бацькаўшчыны.

Вітаўт Кіпель — адданы патрыёт сваёй Радзімы. Яго ведаюць і ў Беларусі, і ў дыяспары як прыхільніка дэмакратыі, незалежнасці Беларусі, адраджэння і росквіту беларускай мовы, літаратуры і культуры.

Сп. Кіпель з дзяцінства выхоўваўся ў атмасферы панавання беларушчыны, ён сын вядомага беларускага грамадска-палітычнага дзеяча Яўхіма Яўсеевіча Кіпеля. Прага да ведаў сп. Вітаўта прывяла яго ў Беларускую гімназію імя Янкі Купалы ў Германіі, Каталіцкі ўніверсітэт у Лювене, а потым і ў Ратарскі ўніверсітэт у Нью-Брансвіку. Там ён атрымаў навуковую ступень доктара геалагічных навук і працаваў па спецыяльнасці.

Некалькі дзесяцігоддзяў аддаў ён плённай працы ў Нью-Йоркскай публічнай бібліятэцы, дзе займаўся складаннем і апрацоўкай бібліяграфічных матэрыялаў.

Сп. Кіпель – вядомы навуковец. У свой час ён ўзначальваў этнічную раду пры губернатары штата Нью-Джэрсі, рэдагаваў штомесячны бюлетэнь “Новыя тэхнічныя кнігі”, быў сябрам амерыканскіх навуковых таварыстваў славяназнаўцаў, бібліятэкараў, віцэ-старшынём Нацыянальнай канферэнцыі амерыканскіх этнічных груп.

Вітаўт Кіпель добра вядомы і як грамадскі дзеяч. З маладых гадоў ён быў скаўтмайстрам у амерыканскім скаўтынгу, кіраваў беларускай скаўцкай арганізацыяй, заснаванай у 1972 г. у Саўт-Рыверы пры царкве св. Еўфрасінні Полацкай. Стаў адным з арганізатараў заснаванага ў Нью-Йорку Беларуска-Амерыканскага камітэту палітычных дзеянняў, узначаліў Федэрацыю беларускіх клубаў, чытаў лекцыі ў Нью-Йоркскім універсітэце (курс “Беларуская спадчына”), арганізоўваў беларускія фестывалі ў штаце Нью-Джэрсі.

З 1982 г. Вітаўт Кіпель узначальвае Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Йорку – навуковы асяродак беларускай дыяспары ў ЗША, які займае пачэснае месца сярод беларускіх навуковых цэнтраў у свеце.

З пачатку 1990-х актыўна ўключыўся ў адраджэнскі рух і на Бацькаўшчыне: адзін з заснавальнікаў і сябра Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, сябра рады Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, пастаянны ўдзельнік розных мерапрыемстваў гэтых арганізацый, якія праводзяцца ў Мінску.

Як дырэктар БІНіМа В. Кіпель з’яўляецца адным з выдаўцоў часопіса “Запісы”, стала супрацоўнічае з газетай “Беларус”, займаецца збіраннем і выданнем літаратурнай спадчыны беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў.

Сп. Вітаўт Кіпель — аўтар шматлікіх праблемных публіцыстычных і навуковых артыкулаў, рэцэнзій, рэфератаў, дакладаў, выступленняў. Дастаткова прыгадаць яго грунтоўнае, першае ў свеце даследаванне пра беларускую эміграцыю “Беларусы ў ЗША” (на англійскай і беларускай мовах, 1993), каб імя В. Кіпеля назаўсёды засталося ў беларускай гістарыяграфіі. А яшчэ ж ёсць працы “Беларусы ў Нью-Джэрсі”, “Беларусы ў Кліўлендзе”, “Беларусы ў Нью-Йорку”. Сярод апошніх ягоных дасягненняў манументальная бібліяграфія “Беларускі друк на Захадзе” (Нью-Йорк – Варшава, 2006).

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Нашы віншаванні Беларускай школе ў Рызе

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” віншуе рыжскую Беларускую асноўную школу з паспяховай акрэдытацыяй і магчымасцю працягнуць працу.

Беларуская школа ў Рызе вядзе сваю гісторыю ад 1994 г. Тады пры 15-й Рыжскай сярэдняй школе намаганнямі таварыства “Світанак” была адкрыта падрыхтоўчая група, а з 1 верасня 1994 г. пачаў працу першы клас Беларускай школы. Сёння ў школе працуе беларуская мастацкая студыя “Вясёлка”, ёсць бібліятэка, большасць кніг – на беларускай мове.

За гэты час была зроблена вялікая і плённая праца, а галоўнае дасягненне – беларускія дзеці маглі вывучаць беларускую мову, сваю гісторыю і культуру.

Таму вельмі важна, што беларусы Рыгі не застануцца без сваёй школы. Спадзяемся, што акрэдытацыя будзе грунтоўнай падставай для пашырэння школы і стварэння ў хуткім часе на яе базе поўнай сярэдняй беларускай навучальнай установы.

Яшчэ раз віншуем калектыў беларускай школы ў Рызе і зычым яму поспехаў у нялёгкай педагагічнай працы.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Віншуем!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” мае гонар павіншаваць з Днём нараджэння сяброў Вялікай Рады арганізацыі, якія нарадзіліся ў чэрвені: Валянціна Голубева, Аляксея Глушко, Мікалая Маркевіча (Беларусь), Лявона Юрэвіча (ЗША), Леаніда Піталенку (Казахстан), Яўгена Вапу (Польшча), Валеры Барташа (Украіна).

Прыміце ад нас шчырыя пажаданні доўгага жыцця, выдатнага здароўя, натхнёнай працы, духоўнай і творчай самарэалізацыі на карысць беларускага народу і бацькаўшчыны.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”

“Энцыклапедыя” беларускай паваеннай эміграцыі

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” 3 траўня пра-вяло прэзентацыю кнігі Аляксандра Адзінца “Паваенная эміграцыя: скрыжаванні лёсаў”, вы-дадзеную ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”. Прэзентацыя сабрала поўную залу. Людзі прыйшлі пазнаёміцца з аўтарам і падрыхтаваным ім унікальным творам, прысвечаным беларускай дыяспары.

“Гэта людзі спецыфічнага кшталту, загарта-ваныя полымем сусветнай вайны. І гэты гарт – сур’ёзнае іх адрозненне ад тых, хто застаўся на Бацькаўшчыне”, – сказаў пра паваенную эміграцыю вядучы прэзентацыі вядомы гісторык Сяргей Харэўскі.

Як распавёў сам Аляксандр Адзінец, на напісанне кнігі яго натхніла гутарка з Барысам Кітом. Даведаўшыся пра складаны лёс славутага беларуса, Аляксандр задумаўся, колькі яшчэ такіх людзей раскідана па розных краінах свету, людзей, якія праз усё жыццё пранеслі сваю беларускасць і якімі Бацькаўшчына можа і павінна ганарыцца. Аляксандр Адзінец вырашыў звярнуцца да прадстаўнікоў беларускай эміграцыі. Праца доўжылася некалькі гадоў, удалося сабраць 73 успаміны, якія і склалі змест кнігі. Але многія з тых, хто мог бы стацца суразмоўцам і суаўтарам кнігі, адмаўляліся размаўляць ці проста клалі слухаўку. Для Аляксандра стала адкрыццём, што шмат хто з гэтых людзей яшчэ адчувае страх. Страх, што Аляксандр можа апынуцца агентам КДБ, страх, што ў выпадку з’яўлення інтэрв’ю будуць пакараны далёкія сваякі, якія засталіся ў Беларусі.

Пра малую інфармаванасць жыхароў Беларусі адносна беларускай дыяспары казала пісьменніца Вольга Іпатава: “Думаю, мы напісалі адну сотую ці, можа, адну тысячную з таго, што трэба было напісаць... Гэта наша трагедыя, калі самыя здоль-ныя, энергічныя людзі, здольныя нешта рабіць, былі вымушаны пакінуць Радзіму. Паваенная эміграцыя – прыкладна 300 000 беларусаў, які выехалі з Бацькаўшчыны. Мы абавязаны пісаць пра гэтых людзей, пра іх дзейнасць і лёс”.

Пра складанасць адносінаў метраполіі і беларусаў-эмігрантаў гаварыў народны паэт, колішні прадстаўнік Беларусі ў ААН Генадзь Бураўкін: “Эміграцыя даравала Радзіме несправядлівасць, якую Радзіма зрабіла ў іх дачыненні. А вось Беларусь вуснамі адказных работнікаў да гэтага часу не змагла дараваць. У свае часы нават Кітай абвясціў пра тое, што даруе сваёй эміграцыі і просіць вярнуцца на радзіму. У адказ кітайская эміграцыя паспрыяла сваёй метраполіі, уклаўшы значныя фінансавыя сродкі ў яе эканоміку, навуку. Адбылося сапраўднае яднанне нацыі, якое пайшло толькі на карысць краіне. Што датычыцца беларускай эміграцыі, то віна яе вельмі часта прыдуманая. Усе гэтыя людзі – патрыёты сваёй Радзімы, і хіба не будзе карыснай іх прысутнасць тут. Прысутнасць Янкі Запрудніка, Вітаўта Кіпеля, Антося Шукелойца, Івонкі Сурвіллы і інш. Яны вельмі патрэбныя тут, у Беларусі. І калі б Беларусь была ў гэтых адносінах мудрая, яна б іх паклікала, і яны б прыехалі”. Прамоўца зазначыў, што выданне такіх кніг спрыяе хаця б духоўнай прысутнасці беларускай эміграцыі ў Беларусі.

Важнасць вывучэння беларускай эміграцыі зазначыў кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькаўшчыны” мастак Аляксей Марачкін: “Нам трэба пісаць пра гэта, таму што мы маем справу з Гісторыяй, і мы мусім нешта перадаць нашчадкам”. Таксама сп. Аляксея ўзрадавала, што менавіта моладзь пачала цікавіцца і пісаць пра эміграцыю.

Старшыня Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская падкрэсліла важнасць выдавецкай праграмы арганізацыі: “Тры гады таму ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” пабачыла свет першая кніга “Месца выдання – Парыж”. Сёння мы друкуем кнігі невялікім накладам, але спадзяемся – прыйдуць часы, калі іх будуць перадрукоўваць тысячнымі тыражамі. Зараз жа мы гэта робім, каб ведалі, што такая з’ява ёсць. Кожная серыйная кніга – перагорнутая старонка гісторыі беларускай дыяспары, і гэта значыць, мы можам рухацца далей, да новых даследаванняў, да новых публікацый”. Яна распавяла пра выдавецкія планы “Бацькаўшчыны”. Так, ужо сёлета мусіць упершыню па-беларуску выйсці раман Кастуся Акулы “Заўтра ёсць учора”, які пераклала беларуска з Таронта Ірына Варабей; рыхтуюцца да друку анталогія эміграцыйнай драматургіі “Урачыстасць у садзе”, успаміны Вольгі Грыцук пра грамадскага дзеяча з Канады Алеся Грыцука. У перспектыўных планах – выданне кніг пра беларусаў у Вялікай Брытаніі і Санкт-Пецярбургу.

А. Макоўская падзялілася сваімі ўражаннямі ад кнігі сп. Адзінца: “Уразіў мяне аб’ём працы, якую зрабіў Аляксандр. А таксама самі ўспаміны: яны адначасова глыбокія і простыя”.

“Дыярыушам беларускай эміграцыі паваеннага часу” назваў кнігу паэт, бард, намеснік старшыні Саюзу беларускіх пісьменнікаў Эдуард Акулін. Ён выканаў для прысутных песню “Божа, не дай нам лёс без Беларусі жыць”.

Рэдактар кнігі, гісторык Алег Гардзіенка назваў кнігу “энцыклапедыяй ці міні-энцыклапедыяй паваеннай эміграцыі”. Ён нагадаў, што беларусы, якія сотнямі тысяч выязджалі за мяжу у канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў, растварыліся, асіміляваліся і падарылі свету толькі што беларускія прозвішчы, як, да прыкладу, знакаміты канадскі хакеіст Уэйн Грэцкі. Менавіта паваенная эміграцыя стварыла за мяжой беларускі свет. Перавагамі выдання, паводле меркавання рэдактара, з’яўляецца апалітычнасць кнігі і магчымасць выказацца як прыхільнікам БНР, так і БЦР, як прыхільнікам Беларускай аўтакефальнай, так і Беларускай праваслаўнай цэркваў: “Таму што сёння для нас у Беларусі не мае значэння, хто якія погляды меў ці да якой царквы належаў. Галоўнае, што ўсе гэтыя людзі былі патрыётамі і будавалі сваю Беларусь у замежжы”.

Многія выступоўцы выказвалі надзею, што “Паваенная эміграцыя” стане пачаткам цэлай серыі кніг Аляксандра Адзінца пра беларускую эміграцыю. Так, Генадзь Бураўкін нагадаў, што чарговая хваля беларусаў апынулася па-за межамі Радзімы, варта было б пісаць і пра яе.

Аляксандр Адзінец на завяршэнне сустрэчы выказаў падзяку Алегу Гардзіенку, рэдактару кнігі, калектыву Згуртавання “Бацькаўшчына” за дапамогу ў выданні, а таксама ўсім тым людзям, якія падзяліліся ўспамінамі пра эмігранцкае жыццё.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

УВАГА!

Акцыя выратавання гістарычнай часткі Гродна

Гродна – адзіны абласны цэнтр Беларусі, які захаваў у магчымым для аднаўлення выглядзе стары рынак, цэнтральнае месца для любога еўрапейскага горада.

Маштабныя работы, якія гродзенскія ўлады вядуць з лета 2005 г., ужо прывялі да знішчэння па ўсім горадзе кварталаў гістарычнай забудовы ХІХ – пачатку ХХ стст., сярод якіх былі ўнікальныя помнікі архітэктуры Беларусі. Пад выглядам “рэканструкцыі” адбываецца фактычнае знішчэнне гістарычнага вобліку Гродна. Разбурэнне гэтага гораду стане стратай важнай старонкі культурнай і гістарычнай спадчыны беларускай нацыі.

Да грамадскай кампаніі абароны Гродна далучылася МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Наша арганізацыя выказвае абурэнне і занепакоенасць знішчэннем гісторыі Беларусі, вынішчэннем гістарычнай архітэктурнай спадчыны ў Гродна.

Заклікаем арганізацыі беларускай дыяспары, усіх неабыякавых далучыцца да кампаніі ратавання гораду, напісаўшы і даслаўшы лісты пратэсту адказным асобам:

1. Саўчанка Уладзімір Ягоравіч, старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэту

230023 г . Гродна, вул. Э. Ажэшкі, 3

Факс (+375 152) 72-02-32

e-mail groblisp@mail.grodno.by

2. Антоненка Аляксандр Ільіч, старшыня Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэту

230029 г . Гродна, пл. Леніна 2/1.

Факс (+375 152) 72-02-77

e-mail: info@grodno.gorod.by

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Пастара Антося Бокуна (Станіслава Акінчыца) аштрафавалі на 620 тыс. рублёў

Суд над пастарам адбыўся ў панядзелак 28 траўня ў Цэнтральным судзе Мінска. Ноч перад судом Станіслаў Акінчыц (сябра Вялікай Рады і Управы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”) правёў у спецпрыёмніку-размеркавальніку на вул. Акрэсціна ў Мінску. Таксама 27 траўня пратакол быў складзены на служыцеля пратэстанцкай царквы Яраслава Лукасіка (Якава Радзевіча), які разам са сваёй сям’ёй змагаецца за права жыць у Беларусі.

Антось Бокун быў затрыманы падчас урачыстага богаслужэння у гонар хрысціянскага свята Тройцы, у памяшканні царквы ХВЕ “Ян Прадвеснік”. У памяшканне, дзе адбывалася богаслужэнне, прайшлі каля дзесятку прадстаўнікоў улады: супрацоўнікі КДБ, аддзела аховы Мінскага гарвыканкаму, супрацоўнікі Цэнтральнага РАУС. Недалёка ад будынку царквы стаяў аўтазак з АМАПам і спецмашына.

Падчас богаслужэння супрацоўнікі ўладных структураў праводзілі несанкцыянаваны відэазапіс. На камеру была знятая пропаведзь епіскапа ХВЕ па Мінскай вобласці Сяргея Цвора, які ў гэты дзень быў запрошаны ў царкву “Ян Прадвеснік”. Дазвол на відэаздымку і дагляд памяшкання, а таксама свае дакументы “госці” паказаць адмовіліся. Яны запатрабавалі, каб пасля службы ўсе замежнікі, якія наведваюць гэтую рэлігійную абшчыну, выйшлі на вуліцу.

На Яраслава Лукасіка, служыцеля царквы ХВЕ, быў складзены пратакол. “Яраслаў Лукасік, грамадзянін Польшчы, займаўся “рэлігійнай дзейнасцю ў якасці прапаведніка Царквы Хрысціян Веры Евангельскай “Ян Прадвеснік” без узгаднення з Камітэтам па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў, чым парушыў правілы знаходжання замежных грамадзянаў у РБ”, – запісана ў дакуменце.

У Цэнтральным РАУС пратакол быў складзены таксама і на пастара рэлігійнай абшчыны “Ян Прадвеснік” Станіслава Акінчыца – па факце правядзення несанкцыянаванага богаслужэння. Яму пагражаў штраф ад 30 базавых адзінак альбо да 25 сутак арышту.

“Гэта беззаконне. Пастара трымаюць пад арыштам без суда. Ён што, небяспечны для грамадства? – гаворыць Яраслаў Лукасік. – Калі пастараў садзяць у турму, гэта значыць, што нехта спрабуе “пасадзіць” за краты Евангелле, бо менавіта Евангелле прыносіць людзям сапраўдную свабоду”.

Суддзя Леанід Ясіновіч вынес пастанову аб пакаранні пастара Станіслава Акінчыца (Антося Бокуна) штрафам у памеры 620 тыс. рублёў. Падтрымаць пастара да будынку суда прыйшлі шматлікія вернікі і паплечнікі.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

паводле Хрысціянскага Праваабарончага Дому

Падведзены вынікі дзіцячага конкурсу “Беларусь маёй будучыні”

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” падвяло вынікі VII міжнароднага літаратурна-мастацкага конкурсу “Беларусь маёй будучыні”, што доўжыўся з лютага гэтага года.

За тры месяцы на адрас “Бацькаўшчыны” прыйшло больш за 300 мастацкіх і літаратурных прац з розных куткоў Беларусі – абласных цэнтраў, маленькіх мястэчак, вёсак.

У гэтым годзе, як і заўсёды, для падвядзення вынікаў была створана аўтарытэтная экспертная камісія. Малюнкі і карціны ацэньвалі мастакі Алесь Мара і Ігар Марачкін. А літаратурныя творы (сачыненні, вершы, нарысы і інш.) ацэньвалі вядомыя беларускія пісьменнікі і літаратары: Эдуард Акулін, Уладзімір Арлоў, Леанід Дранько-Майсюк, Вольга Іпатава, Ірына Шаўлякова.

Як адзначыла намеснік старшыні Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчыны” Ніна Шыдлоўская, узровень прац быў дастаткова высокі, хоць тэма апынулася складанай для раскрыцця. Працы ўражваюць сваёй эмацыйнасцю, непасрэднасцю, любоўю маленькіх аўтараў да Радзімы, сур’ёзнасцю падыходаў да сваёй будучыні. Па словах Н. Шыдлоўскай, за гады існавання конкурсаў “Бацькаўшчыны” паспела скласціся сталае кола выкладчыкаў, кіраўнікоў літаратурных і мастацкіх гурткоў, якія ўжо ведаюць патрабаванні да работ і “трымаюць марку”.

Сярод лаўрэатаў конкурсу 60 чалавек. Гэта тыя, хто заняў першыя тры месцы. Усе яны атрымаюць адпаведныя дыпломы. А дзеці, працы якіх па ацэнцы камісіі ўганараваныя першым месцам, атрымаюць цудоўны падарунак: двухтыднёвы адпачынак на моры ў Балгарыі. Гэты падарунак, як і каторы ўжо год запар, робіць дзецям наша славутая зямлячка з ЗША, мецэнатка, кіраўнік фонду “Этнічныя галасы Амерыкі” Ірэна Каляда-Смірнова.

Па выніках конкурсу МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” плануе выданне кнігі з працамі пераможцаў.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

“Гэта мы – гэта наша гісторыя”

Унікальная поўнаколерная кніга-альбом дзіцячых малюнкаў “Гэта мы – гэта наша гісторыя” пабачыла свет намаганнямі МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Выданне стала вынікам конкурсаў, якія на працягу шасці год ладзіць наша Згуртаванне.

У кнізе размешчаныя 168 дзіцячых малюнкаў, якія, акрамя ўдзелу ў конкурсах, аб’ядноўвае тэма — беларуская гісторыя. “Дзеці малююць усё. Творы, сабраныя ў гэтым альбоме, сведчаць пра нашу слаўную гісторыю”, — адзначыў адзін з укладальнікаў выдання, мастак Аляксей Марачкін. – А пачынаецца альбом з чатырох малюнкаў мінулага стагоддзя. Тым самым мы сцвярджаем, што дзіцячы свет шырокі і неабсяжны. Дапытлівы розум дзяцей сягае ў нашую даўніну, не абмінаючы дзень сённяшні”.

Аўтар ідэі выдання такога альбома — Ірэна Каляда-Смірнова, кіраўнік дабрачыннага фонду “Ethnic voice of America”. У прадмове яна адзначае: “Гісторыя Беларусі ў малюнках дзяцей – першае падобнае выданне ў Беларусі… Юнае пакаленне цікавіцца нашай гісторыяй, і гэта абнадзейвае, што мы маем будучыню, што мы не згубімся сярод іншых народаў і цывілізацый”.

“Бацькаўшчына” плануе напачатку новага навучальнага года правесці не толькі прэзентацыю альбома, але і чарговую выставу дзіцячых малюнкаў, каб усе, хто цікавіцца жывапісам, мелі магчымасць паглядзець на гісторыю Беларусі вачыма дзяцей.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Навіны сайту “Бацькаўшчыны”

Папаўненне раздзелу “Артыкулы”!

Паважаныя наведвальнікі сайту! Наша сталая рубрыка “Артыкулы” папоўнілася.

Артыкул Ніны Баршчэўскай “Беларускае кнігадрукаванне ў асвятленні эміграцыйных часопісаў” быў размешчаны на сайце “Польскага радыё для замежжа”. Улічваючы інфармацыйную спецыфіку Інтэрнэт-старонкі МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, артыкул неўзабаве з’явіўся і ў нас, ён даступны па адрасе:

http://www.zbsb.org/art/13.shtml.

У артыкуле прааналізаваны матэрыялы беларускіх эміграцыйных часопісаў, прысве-чаныя беларускаму кнігадрукаванню, у тым ліку тыя, дзе закранутая тэматыка друку ў часы Вялікага Княства Літоўскага і першадрукара Францыска Скарыны.

Сачыце за аднаўленнямі рубрыкі “Артыкулы”.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

НАВІНЫ

Бельгія

Беларусы Бельгіі выказалі салідарнасць з Эстоніяй

Прадстаўнікі беларускай грамады Бельгіі перадалі ў амбасаду Эстоніі ў Бельгіі і Люксембургу ліст з падтрымкай эстонскіх уладаў у эстонска-расійскім канфлікце.

У эстонскай амбасадзе ў Бруселі да беларусаў спачатку паставіліся насцярожана, што, як патлумачыла потым спадарыня амбасадар Малет Тальвэт, звязана якраз з напружанай сітуацыяй у расійска-эстонскіх стасунках.

Старшыня Беларуска-еўрапейскага задзіночання Зміцер Піменаў расказвае: “Але потым выйшла сама спадарыня амбасадар, запрасіла нас у свой кабінет, прапанавала пакінуць запіс у кнізе наведвальнікаў, і ўвогуле яна была вельмі ўзрушаная”.

У лісце гаворыцца, што “перанос “Бронзавага салдата” з’яўляецца выключна ўнутранай справай незалежнай Эстоніі, народ якой пацярпеў не толькі ад нацысцкай агрэсіі гітлераўскай Нямеччыны, але і ад камуністычнай акупацыі савецкай Расіяй”, а захады Расіі “разглядаюцца як умяшанне ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы, бо суверэнітэт дае права самастойна, без умяшання суседніх дзяржаваў, вырашаць, дзе і якія помнікі ўсталёўваць”.

Прадстаўнікі беларускай грамады – Зміцер Піменаў, грэка-каталіцкі святар айцец Ян Майсейчык і намеснік старшыні арганізацыі “Маладая Беларусь” Альгерд Мядзведзеў – абмеркавалі таксама са спадарыняй амбасадарам сітуацыю ў Беларусі.

“Яна выказала свае вельмі добрыя водгукі пра беларускую справу, падкрэсліла, што Беларусь у свой час таксама шмат нацярпелася ад акупантаў і яна вельмі цешыцца, што ў Бельгіі знайшліся людзі, якія падтрымалі эстонскія ўлады”, – распавёў Зміцер Піменаў.

Амбасадар Малет Тальвэт паабяцала неадкладна перадаць ліст падтрымкі беларускай грамады ў Бельгіі ў канцылярыю прэзідэнта Эстоніі. Беларусы Бельгіі звяртаюцца да беларусаў у іншых краінах з заклікам таксама выказаць салідарнасць з эстонскімі ўладамі.

Паводле Радыё “Свабода”

Лондан , Вялікабрытанія

Беларускай бібліятэцы ў Лондане 36 год

15 траўня споўнілася 36 год, як была адкрытая Беларуская бібліятэка і музей імя Францыска Скарыны ў Лондане. Адкрыў іх у 1971 г. Роберт Аўты, прафесар параўнаўчай славянскай філалогіі ўніверсітэту Оксфарда, а дабраславіў архіепіскап Даменік Энрыцы, апостальскі прадстаўнік у Вялікабрытаніі.

Гэта быў вынік працы (якая доўжылася блізу чвэрці стагоддзя) беларускай групы грэка-каталіцкіх святароў. На чале беларусаў стаяў біскуп Чэслаў Сіповіч (1914–1981), апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў візантыйскага абраду. Заўзяты бібліяфіл, ён пачаў збіраць кнігі, калі быў студэнтам у Рыме, з 1938 г. У 1960 г., калі ён быў прызначаны біскупам, то меў ужо дастаткова значную бібліятэку. Біскуп Сіповіч прыняў пасаду ад іншага аматара кніг Льва Гарошкі (1911–1977), які перадаў яму сваю прыватную калекцыю. Менавіта гэтыя кнігі і сталі асновай бібліятэкі.

Скарынаўская бібліятэка і музей у Лондане ўтрымліваюць найбуйнейшую па-за межамі Беларусі калекцыю беларускіх кніг, перыядычных выданняў і музыкі, а таксама літаратуры на беларускую тэматыку на розных мовах. У музеі захоўваюцца калекцыі мапаў, рукапісаў, старадрукаў, манет, паштовых марак, мастацкіх і этнаграфічных вырабаў розных часоў.

Наведванне вольнае. Час наведвання пажадана ўзгадняць па тэлефоне. Калекцыяй можна карыстацца ў чытальнай зале.

Адрас: 37 Holden Road, London, N12 8HS. Тэл./факс: (44-20) 84455358
(а. Аляксандр Надсан). Электронная пошта: library@skaryna org. Вэб-сайт: skaryna.org.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Нью - Йорк , ЗША

Поспех беларуса ў прэстыжным спаборніцтве

Малады беларус скарбнік Згуртавання беларускае моладзі ў Амерыцы Андрэй Чыж заняў пачэснае Х месца ў фінансавым спаборніцтве , якое праводзілася аўтарытэтным выданнем ЗША “B а rr о n’s”.

Часопіс належыць да таго ж выдавецтва , што і знакамітая штодзённая фінансавая газета “The Wall Street Journal”. Спаборніцтва праходзіла з 30 кастрычніка 2006 г. па 30 сакавіка 2007 г. У гэтым годзе ў ім прымала ўдзел каля 2000 удзельнікаў – 1847 студэнтаў і 131 прафесар універсітэтаў ЗША .

Старшыня Згуртавання беларускай моладзі ў Амерыцы Мікалай Цімашэнка зазначыў : “ Беларуская зямля была заўсёды надзвычай шчодрая на таленты . Беларусь дала свету знакамітых пісьменнікаў , канструктараў , прэзідэнтаў , фізікаў , матэматыкаў . Найчасцей нашы таленты прыносілі плён чужой краіне , не заўсёды яны былі нацыянальна - свядомымі людзьмі . Беларусы ЗША маюць падставу для гонару ”.

Мікалай Цімашэнка павіншаваў А . Чыжа ад імя беларусаў Амерыкі , пажадаў яму далейшых поспехаў на фінансавай ніве . Андрэй – актыўны ўдзельнік беларускага жыцця ў Нью - Йорку і ЗША , нязменны ўдзельнік усіх мерапрыемстваў Згуртавання беларускай моладзі ў Амерыцы і Беларуска - амерыканскага задзіночання .

Паводле zbma.net

Сайт БАЗА зноў працуе

Сайт хакераў, якія “ўзламалі” сайт Беларуска-амерыканскага задзіночання, дзякуючы моладзі Беларускага маладзёвага руху ў Амерыцы прыпыніў сваю злачынную дзейнасць.

Як адзначае тэхнічны аддзел Беларускага маладзёвага руху ў Амерыцы, “немагчыма было ўжо глядзець, як нехта беспакаранна глуміцца над сайтам адной з беларускіх арганізацый у Амерыцы”.

Па іх словах, за апошні год сайт БАЗА ўзламвалі шмат разоў. Тыя, хто атакаваў сайт, заўсёды пакідалі надпісы на турэцкай мове, а ў апошні раз зрабілі так, што скрыпт, які хакеры ўжывілі ў першы артыкул, перанакіроўваў усіх наведвальнікаў на сайт хакераў http://www.cyber-riot.org.

Беларускі маладзёвы рух не мог застацца ўбаку ад таго, што адбывалася, і наладзіў прыватнае расследаванне. Тэхнічным аддзелам было высветлена, што хостынг для www.cyber-riot.org прадстаўляла кампанія www.hopone.net, якая знаходзіцца ў ЗША. Сябры руху звярнуліся да кіраўніцтва гэтай кампаніі з патрабаваннем зачыніць хакерскі сайт, што і было зроблена.

Паводле belmov.org

Сход сястрынства імя Св. Еўфрасінні

6 траўня 2007 г. у Саборы Св. Кірылы Тураўскага адбылася святая літургія, якую адправіў пратаіерэй айцец Пятро, затым адбыўся справаздачна-перавыбарчы сход Сястрынства імя Св. Еўфрасінні Полацкай.

Ва Управу Сястрынства абраныя:

1. Таццяна Красоўская – старэйшая сястра;

2. Ларыса Пузач – сакратар;

3. Ліна Сагановіч – скарбнік;

4. Тамара Капытка – сястра;

5. Ніна Цяліца – сястра.

Віншуем іх ды жадаем плённай працы і Божага добраслаўлення на карысць нашай Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.

Паводле belaoc.org

Даўгаўпілс, Латвія

Беларусы Латвіі ў Мінску

У Мінску, у Нацыянальным выставачным комплексе “БелЭкспа” з 2 па 5 траўня адбылася XІ Міжнародная спецыялізаваная выстава “СМІ ў Беларусі”. У ёй шосты раз удзельнічала газета беларусаў Латвіі “Прамень” разам з дадаткамі да гарадскіх газет – беларускімі старонкамі Даўгаўпілса (“Беларус Латгаліі”), Вентспілса, Ліепаі, Вісагінаса. Арганізатарам удзелу беларусаў Латвіі ў выставе была старшыня Саюзу беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова.

У час работы выставы адбылася прэзентацыя кнігі “Латвія – Беларусь: дыялог культур” па матэрыялах I Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі і зборніка вершаў паэтаў-беларусаў Латвіі “А водар Радзімы ўсё кліча і кліча”, выдадзеных беларусамі Латвіі.

Мэта канферэнцыі – паказаць на канкрэтных прыкладах і фактах роднасць беларускай і латышскай культур, засведчыць тое, што яны з’яўляюцца састаўной часткай агульнаеўрапейскай культуры. У прадмове да матэрыялаў канферэнцыі дырэктар Дэпартамента па справах нацменшасцяў Сакратарыята міністра па асобых даручэннях па справах грамадскай інтэграцыі Ірына Віннік піша: “На працягу многіх вякоў латышы і беларусы жывуць побач на берагах адной вялікай ракі. Абодва народы збераглі да нашых дзён агульныя прыкметы і агульныя каштоўнасці сваёй духоўнай спадчыны. І гэтая агульнасць нарадзілася ў выніку ўзаемадзеяння двух цікавейшых культур”.

У прадмове ж да зборніка вершаў рэдактар Лявон Шакавец зазначае: “Каб трымаць у руках гэты зборнік, трэба было ведаць пра наяўнасць беларускіх талентаў у Латвіі, пачуць іх вершы, ацаніць мастацкі ўзровень. Такой была мэта першага “Вечара беларускай паэзіі” ў Рызе, якую арганізаваў Саюз беларусаў Латвіі, і дзе, дарэчы, прысутнічаў таксама латышскі паэт і перакладчык Андрыс Веянс, які адзначыў: багатая талентамі беларуская дыяспара Латвіі. Пачатак зроблены. Гэты зборнік – першы, ён – усяму пачатак”.

Прэзентацыя зборніка “А водар Радзімы ўсё кліча і кліча” прайшла ў Доме дружбы. Пачалі яе Алена Бучэль і Станіслаў Валодзька. А другая палова імпрэзы была прысвечана творчасці самога Станіслава Валодзькі, які адзначае сваё 50-годдзе. Гучалі песні, напісаныя на яго вершы, у выкананні ансамбля “Ластаўкі”, саліста Паўла Прозара і Сяргея Піменава, маладой спявачкі з Рыгі, а таксама спевакоў з Мінска.

Таццяна Бучэль, Даўгаўпілс

Карціны пра Чарнобыльскі боль

11 траўня ў гарадскім тэатры Даўгаўпілса адбылася прэзентацыя карцін Сяргея Давідовіча, прысвечаная Чарнобыльскай трагедыі.

Сяргей Фёдаравіч Давідовіч-Зосін – член Саюзу мастакоў. Ён мастак, паэт, празаік, сцэнарыст. Асноўная тэматыка яго карцін – нацыянальна-фальклорная. Асаблівае месца ў яго творчасці займае рэлігійна-філасофская тэма. Ягоныя карціны знаходзяцца ў нацыянальных музеях Беларусі, ва ўласных калекцыях у многіх краінах свету, адна з іх трапіла ў калекцыю экс-прэзідэнта ЗША Дж. Буша.

Адкрыў выставу Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Генадзь Ахрамовіч. Прывітальнае слова сказаў таксама Генеральны консул Расіі ў Даўгаўпілсе Мікалай Віхляеў.

Разам з карцінамі С. Давідовіча прысутным былі прадстаўлены фотаработы беларускіх дзяцей, прысвечаныя катастрофе ў Чарнобылі. Дзякуючы намаганням Генеральнага консула Беларусі Г. Ахрамовіча і дырэктара Даўгаўпілскага тэатра Інэсы Лайзане выстава працавала да 18 траўня.

Таццяна Бучэль, Даўгаўпілс

Рыга, Латвія

Беларуская школа ў Рызе працягвае працу

19 траўня ў школах Латвіі прагучаў апошні званок. Ён абвясціў аб заканчэнні заняткаў, а таксама нагадаў аб тым, што наперадзе адказная пара – выпускныя экзамены.

Асабліва святочна гучаў ён для калек-тыву рыжскай Беларускай асноўнай школы. Менавіта ў гэты дзень сталі дакладна вядомыя вынікі атэстацыі: спецыяльная камісія адпаведна з законам павінна была разглядзець працу калектыву школы, каб вынесці рашэнне аб яе чарговай акрэдытацыі.

З гэтым адказным экзаменам, ад якога залежаў лёс не толькі школы, але і беларускай асветы ў Латвіі, педагогі справіліся паспяхова. Рыжская Беларуская асноўная школа атрымала акрэдытацыю на максімальна магчымы тэрмін у адпаведнасці з латвійскім заканадаўствам – на шэсць гадоў.

Гэта азначае не толькі тое, што да 2013 года школа будзе навучаць беларускіх дзяцей – жыхароў латвійскай сталіцы. Гэта дае магчымасць спадзявацца, што ў беларускай школы ёсць будучыня.

Адначасова з акрэдытацыяй школы праводзіцца і атэстацыя кіраўнікоў навучальных устаноў. Нашы шчырыя віншаванні дырэктару рыжскай Беларускай асноўнай школы Ганне Уладзіславаўне Іванэ. Свой галоўны экзамен педагога і кіраўніка яна вытрымала з годнасцю. Сведчанне таго – таксама права на працягу максімальна магчымага тэрміну (шасці гадоў) займаць дырэктарскую пасаду.

Паводле www.svitanak.lv

Вільня, Літва

Будзе выдадзены ўвесь Быкаў

Укладанне поўнага збору твораў Васіля Быкава распачаў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Пра гэта 18 траўня ў Вільні заявіў старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч: “Упершыню ў гісторыі Беларусі недзяржаўная арганізацыя апякуецца выданнем поўнага збору твораў народнага творцы”.

Сустрэча з Алесем Пашкевічам і галоўным рэдактарам часопіса “Дзеяслоў” Барысам Пятровічам праходзіла ў Віленскім беларускім Доме правоў чалавека. Спаткацца з літаратарамі прыйшлі вядомыя віленскія беларусы, у тым ліку Алег Аблажэй, Алег Мінкін, Павал Саўчанка.

Падчас сустрэчы Алесь Пашкевіч распавёў пра адкрыццё Віленскага аддзялення Саюзу беларускіх пісьменнікаў: “Нам удалося зарэгістраваць Саюз беларускіх пісьменнікаў і ў Вільні. На сёння хоць адзін саюз беларускіх пісьменнікаў легальна існуе і ў Беларусі, і ў Еўрапейскім звязе, у стольнай Вільні. Гэта моцна не падабаецца генералам ад літаратуры”.

На думку А. Пашкевіча, дзяржаўныя беларускія выдавецтвы друкуюць толькі 15% ад усіх беларускіх выданняў: “На сёння нават чыноўнікі Міністэрства інфармацыі прызнаюцца: беларускіх кніг недзяржаўныя выдавецтвы выдаюць, калі браць з усяго беларускамоўнага кнігавыдання, 80-85%”.

Шэсць тамоў твораў Васіля Быкава, што пабачылі ўжо свет, разам з нумарамі часопіса “Дзеяслоў” Алесь Пашкевіч і Барыс Пятровіч перадалі ў бібліятэку Віленскага беларускага Дома правоў чалавека. Паводле А. Пашкевіча, “гэтыя шэсць тамоў адметныя многім, адметныя тым, што дзяржава не апякуецца гэтым выданнем, больш за тое, Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі адмовіліся бясплатна ўзяць гэтыя кнігі для распаўсюду па бібліятэках”.

Ён падкрэсліў, што збор твораў Васіля Быкава вызначаецца арыгінальнасцю структуры: “У аснову пакладзены план самога Васіля Уладзіміравіча. Васіль Быкаў яшчэ пры жыцці спланаваў свой васьмітомнік і запланаваў у першым томе змясціць свае апошнія па часе напісання творы. Якраз вось, пачынаючы з другой паловы 1990-х гадоў, гэта творы, у якіx не хрэстаматыйны, не традыцыйны Быкаў, а тыя аповесці, што паказвалі погляд Быкава на сучасную Беларусь”.

На думку А. Пашкевіча, змясціць усю творчую спадчыну Васіля Быкава ў васьмі тамах немагчыма, таму дадаткова да шасці выдадзеных яшчэ восем тамоў твораў пісьменніка чакаюць свайго выхаду ў свет.

Паводле Радыё “Рацыя”

Змагары за вольную Беларусь

У апошнюю суботу траўня ў Таварыстве беларускай культуры ў Літве адбылася імпрэза, прысвечаная Івану і Лявону Луцкевічам.

Прысутныя паглядзелі відэафільм, зняты таварыствам падчас адкрыцця мемарыяльнай дошкі Пётру Сергіевічу ў траўні 1996 г. Усе змаглі пачуць голас Лявона Луцкевіча, які распавядаў пра мастака. Шмат хто ўпершыню бачыў гэты фільм.

Выступіў з дакладам аб палітычным становішчы на Беларусі студэнт ЕГУ, палітолаг Артур Юдзіцкі. У прысутных было шмат пытанняў да выступоўцы, у тым ліку абмеркавалі і Кангрэс дэмакратычных сілаў. Апошнім выступіў малады студэнт Андрусь Храпавіцкі, які два гады вучыўся ў ЗША на журналіста. Ён расказаў пра сябе, пра жыццё беларусаў у ЗША.

Іван Луцкевіч – неардынарная постаць у гісторыі Беларусі. Нарадзіўся ён у Шаўляй, пасля рэвалюцыі 1905 г. перабраўся ў Вільню. Тут ён актыўна ўдзельнічаў у заснаванні першых беларускіх газет, выдавецтваў, таварыстваў, дзякуючы яму ў 1919 г. пачала працаваць Віленская беларуская гімназія. Ён паўплываў на творчасць Я. Купалы, Я. Коласа, Зм. Бядулі, М. Гарэцкага, М. Багдановіча і іншых пісьменнікаў.

Вясной гэтага года споўнілася 85 год з дня нараджэння Лявона Луцкевіча – нашчадка роду Луцкевічаў. Ён нарадзіўся ў Вільні, скончыў знакамітую беларускую гімназію, выкладаў беларускую літаратуру ў Радашковічах, працаваў дырэктарам мастацкай школы ў Баранавічах. Ваеннае ліхалецце яго закінула ў Прусію, Чэхаславакію, Польшчу, дзе яго і арыштавалі. Пакаранне адбываў на Калыме, вярнуўся ў Вільню, пачаў збіраць матэрыял пра Івана і Антона Луцкевічаў, пра Базальянскія муры, “беларускую Вільню”. Актыўна ўдзельнічаў у стварэнні ТБК, з’яўляўся яе сакратаром да апошніх дзён жыцця. 28 ліпеня 1997 г. перастала біцца сэрца Л. Луцкевіча. Пахавалі яго побач з помнікам І. і А. Луцкевічам на старажытных могілках Росы.

Таварыства зняло пра яго пахаванне відэафільм, які плануецца паказаць на наступнай імпрэзе, прысвечанай Л. Луцкевічу. Яна адбудзецца 28 ліпеня, калі будзе адзначацца дзесяцігоддзе з дня ягонай смерці. Ідэю незалежнай Беларусі, якую праз усё жыццё пранёс Л. Луцкевіч працягваюць яго сябры, прыхільнікі, моладзь, якая прыходзіць у ТБК.

Леакадзія Мілаш

Беласточчына, Польшча

“Басовішча–2007”

Неўзабаве стануць вядомыя назвы гуртоў, якія возьмуць удзел у адборачным туры конкурсу “Басовішча”, што ў ліпені традыцыйна праходзіць у Гарадку на Беласточчыне.

Адборачны канцэрт мае адбыцца ў сярэдзіне чэрвеня, але арганізатары ўжо атрымліваюць заяўкі маладых гуртоў на ўдзел у конкурсе.

Распавядае адна з арганізатараў Даша Слаўчанка: “Пакуль мы атрымалі заявы ад 5 гуртоў. Зараз пачынаюць тэлефанаваць цікаўныя, шмат пытанняў атрымліваем таксама па электроннай пошце. Працэс распачаўся, праца завіравала”.

Да ўдзелу ў фэсце акрамя беларускіх выканаўцаў арганізатары плануюць запрасіць музыкаў з Польшчы, Літвы, Украіны і Італіі.

Журы таксама вызначылася з чарговым лагатыпам “Басовішча- 2007”.

Паводле “Польскага радыё для замежжа”

Варшава, Польшча

Беларусы з Польшчы падтрымліваюць Аляксандра Казуліна

У Польшчы працягваюцца акцыі ў падтрымку Аляксандра Казуліна. Беларусы, якія жывуць у Варшаве, накіравалі зварот у Вярхоўны суд Беларусі, у якім патрабуюць перагляду выраку ў справе экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта.

У звароце, які быў дасланы ў Мінск поштай, гаворыцца, што вырак у справе Аляксандра Казуліна “палітычна матываваны” і з’яўляецца “пераследам за ягоны ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі”, таму, паводле аўтараў, “перагляд крымінальнай справы супраць Казуліна будзе крокам, які дэманструе добрую волю цяперашніх уладаў”.

“Скарга ў Вярхоўны суд, іншыя звароты, акцыі, на маю думку, важныя, бо паказваюць грамадству, што ёсць людзі, якім неабыякавая цяперашняя сітуацыя ў Беларусі”, – кажа ініцыятар акцыі Ігар Крыштон.

Ягоны калега Адольф Капелька разлічвае на тое, што Аляксандр Казулін ведае пра шматлікія акцыі ў ягоную падтрымку і гэта дадае яму сілаў. Ён адзначыў: “Хтосьці павінен яму паведаміць, што ёсць людзі, якія думаюць пра яго”.

Цягам апошніх месяцаў у Польшчы адбылося некалькі буйных акцыяў з патрабаваннем вызваліць Аляксандра Казуліна, сярод іншага – збор подпісаў у Інтэрнэце, звароты да амбасадаў краінаў Еўразвязу.

Паводле Радыё “Свабода”

Створаная ініцыятыва “Беларуская нацыянальная памяць”

Варшаўскія беларусы ўшанавалі памяць забітага 67 гадоў таму ў Варшаве генерала Станіслава Булак-Балаховіча. У часе акцыі было абвешчана аб стварэнні ініцыятывы “Беларуская нацыянальная памяць”.

Каля дзясятка беларусаў, пераважна студэнтаў, якія жывуць у Варшаве, прыйшлі са знічамі і бел-чырвона-белымі сцягамі да будынку на вуліцы Французскай, дзе ўсталяваная мемарыяльная шыльда ў гонар Булак-Балаховіча – недалёка ад гэтага месца генерал быў забіты.

“Безумоўна, гэта герой, бо ён змагаўся не толькі на словах, але і на справе”, – кажа беларускі студэнт Аўген.

Адмыслова да гэтай даты ў Інтэрнэце створаная інтэрактыўная мапа, на якой пазначаныя месцы, з якімі быў звязаны Станіслаў Булак-Балаховіч. Яе можна знайсці па адрасе: http://maps.google.com/maps/ms?ie=UTF8&hl=en&msa=0&msid =116216426054000346094.00000112715dcea949305.

Між тым, беларускія студэнты-“каліноўцы” аб’явілі пра стварэнне ініцыятывы “Беларуская нацыянальная памяць”, у межах якой плануецца, сярод іншага, ушаноўваць памяць нацыянальных герояў, знаходзіць і даглядаць іхныя магілы.

“Калі няма памяці, няма і будучыні. Не павінна перарывацца сувязь пакаленняў. Трэба заўсёды памятаць пра герояў і сваё мінулае”, – сказаў нашаму радыё студэнт-“каліновец” Яўген.

Паводле Радыё “Свабода”

Вроцлаў, Польшча

Польскія суддзі не давяраюць беларускім калегам

Акруговы суд у Вроцлаве вырашыў не выдаваць беларускім уладам 30-гадовага беларуса Максіма Раменчыка — ягонай экстрадыцыі дамагалася беларуская пракуратура, абвінавачваючы Раменчыка ў разбою. Абаронцы беларуса даводзілі, што гэта пераслед за палітычную дзейнасць.

Паводле суддзі Марыюша Вёнзка, “у цяперашняй сітуацыі выдача Беларусі Максіма Раменчыка недапушчальная паводле закону”. Суд не высвятляў, вінаваты Раменчык ці не ў тым, што інкрымінуе яму беларуская пракуратура, бо, як сказаў спадар Вёнзак, прадметам разбіральніцтва было, ці можа Раменчык разлічваць на справядлівы працэс у Беларусі. “Існуюць сур’ёзныя падставы меркаваць, што не”, — заявіў суддзя.

Беларуская пракуратура абвінаваціла Максіма Раменчыка ў разбою і крадзяжах, учыненых восенню 1998 г. Запыт аб ягонай экстрадыцыі, аднак, паўстаў толькі летась, пасля таго, як Максім 9 гадоў пражыў у Польшчы, скончыў Вроцлаўскі ўніверсітэт.

“Максім пасля 1998 года шмат разоў быў у Беларусі, і чамусьці яго не арыштоўвалі, а потым, калі ён пачаў актыўна ўдзельнічаць у арганізацыі беларускіх акцыяў, далучыўся да некалькіх прабеларускіх арганізацыяў, пра ягоныя “злачынствы” адразу ўзгадалі”, — кажа Войцех Суры, абаронца Максіма Раменчыка.

Паводле грамадскай арганізацыі “Цяпер Беларусь”, якая распаўсюдзіла адносна справы спадара Раменчыка адмысловую заяву, усе абвінавачанні беларускіх следчых органаў на ягоны адрас — фальшыўка.

Адметна, што ў часе судовага працэсу маці Максіма Валянціна Раменчык пыталася, ці будзе тое, што яна гаворыць у судовай залі, вядомае ў Беларусі, бо перад судом яе змусілі падпісаць паперу аб тым, што на суд да сына яна не паедзе.

Сам Максім Раменчык, які быў вызвалены адразу пасля выраку, заявіў, што “да канца верыў у тое, што польскія ўлады не выдадуць яго беларускай пракуратуры”.

Паводле Радыё “Свабода”

Познань, Польшча

Віні Пух загаварыў па-беларуску

Славуты на ўвесь свет мядзведзік, вядомы беларускім дзецям пад імям Віні Пух, а дакладней кажучы — Віні Пых, загаварыў на беларускай мове.

Упершыню гісторыя мядзведзіка і ягоных сяброў з арыгіналу перакладзеная на беларускую мову. Аўтарам перакладу з’яўляеца беларускі студэнт-філолаг Віталь Воранаў, які жыве ў польскім горадзе Познань.

“Віні Пых уваходзіць у дзіцячы літаратурны канон, які ніколі дагэтуль не перакладаўся на беларускую мову, – зазначыў перакладчык. – Я падумаў, што трэба выпраўляць такі стан рэчаў і перакласці гэтую кніжку хаця б таму, што мінула 70 гадоў ад моманту яе выдання. Усім вядомы Парсючок, вослік І-а-а, Кенга і хлопчык Крыштось, прататыпам якога быў сын самога аўтара”.

В. Воранаў прызнаецца: “Вельмі хацелася, каб нейкі беларускі мастак стварыў вобраз беларускага Віні Пыха. Ужо існуе такі праект, я бачыў першыя ілюстрацыі адной маладой мастачкі. Думаю, гэтае пытанне мы вырашым пазней, пасля выдання кніжкі. Таму што, на жаль, нашчадкі Мілна абавязваюць, каб у першым нашым выданні ілюстрацыямі былі малюнкі Шэфарда, як у арыгінале кніжкі. Яны самыя папулярныя – гэта жоўты мядзведзь у чырвонай кашульцы. Што будзе далей – іншае пытанне. Таму што я планую шмат праектаў, звязаных менавіта з гэтай кніжкай”.

Пасля фармальнасцяў, звязаных з аўтарскім правам, кніжка трапіць у Беларусь і будзе распаўсюджвацца галоўным чынам праз Інтэрнэт.

Паводле “Польскага радыё для замежжа”

Іркуцк, Расія

Мы розныя, але мы разам

19 траўня Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага правяло міжнацыянальную дыскатэку.

Па словах старшыні Таварыства Алега Рудакова, ад самага пачатку свайго існавання Таварыства ладзіла беларускамоўныя дыскатэкі. Першая з іх адбылася ў 2004 годзе. Але гэта ўсё было на грамадскіх пачатках і да таго ж каштавала нямала грошаў.

Потым узнікла ідэя правесці менавіта міжнацыянальную дыскатэку. На гэта былі выдзеленыя грошы, і Таварыства змагло арэндаваць прэстыжны начны клуб. “Мы назвалі гэта “Маладзёвы міжнацыянальны фестываль “Мы розныя, але мы разам”, – распавёў А. Рудакоў.

Па ягоных словах, галоўным прынцыпам у адборы музыкі была адсутнасць рускамоўных і англамоўных тэкстаў. Была бурацкая музыка, беларуская, літоўская, украінская і інш. Прычым менавіта беларуская музыка склала прыкладна траціну ўсёй дыскатэкі.

А. Рудакоў адзначыў поспех такой нестандартнай дыскатэкі: “Быў заняты ўвесь зал, і нават не ўсе змясціліся. А клуб разлічаны на 200 чалавек”.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

“Тыдзень беларускай культуры ў Іркуцкай вобласці”

З 20 траўня да 4 чэрвеня ў Іркуцкай вобласці (Расія) прайшоў вялікі фестываль “Тыдзень беларускай культуры 2007”. Старшыня Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алег Рудакоў распавёў пра ход правядзення фэсту.

“У першы дзень адбылося адкрыццё фестывалю і выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Беларускае рамяство жыве і ў Прыбайкаллі”. У гэтым годзе выстава прынцыпова адрознівалася ад мінулых тым, што мы зрабілі акцэнт на сучасныя вырабы. Раней выстаўлялі старажытныя экспанаты; яны былі і зараз, напрыклад, цудоўны строй з вёскі Таўтурка, якому 150 год. Але асновай сёлета сталі працы сучасных майстроў, якіх за 11 год Таварыства ўзрасціла цэлую грамаду. На адкрыцці была вялікая культурная праграма, невялікі канцэрт, багата гасцей і выступоўцаў”.

Сп. Алег распавёў таксама і пра маладзёвае свята “Беларускія вячоркі”, якое адбылося 26 траўня. Яго прэзентаваў маладзёвы клуб “Крывічы”.

У рамках “вячорак” прайшоў конкурс Купалінак. Канкурсанткам, па словах А. Рудакова, трэба было адказаць на тэарэтычныя пытанні, стварыць вобраз Купалінкі, правесці беларускую гульню, патанцаваць беларускі танец і інш. І сярод роўных пераможцай стала Маша Пятрушка, якая родам з Баранавічаў. Як адзначыў А. Рудакоў, “на конкурсе ўсе павінны размаўляць па-беларуску. Калі ў Беларусі шмат людзей не ведаюць беларускай мовы і размаўляюць па-руску, то чаму б у Расіі, у Іркуцку, маладым людзям не паразмаўляць па-беларуску?”.

“На нашых фестывалях не бывае гледачоў, акрамя, напрыклад, прагляду фільма, – сказаў у завяршэнні А. Рудакоў, – у нас усе госці становяцца ўдзельнікамі”.

Падрабязная інфармацыя пра ўсе мерапрыемствы “тыдня” будзе ў наступным нумары бюлетэня.

Інфармацыйны цэнтр

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Купалле ў Іркуцку

Да супольнага святкавання Купалля рыхтуюцца беларусы Іркуцка. Як адзначае старшыня Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, святкаванне, як і звычайна, пройдзе ў самую кароткую ноч года — з 23 на 24 чэрвеня.

А. Рудакоў распавёў, што гэта будзе ўжо дванаццатае Купалле, якое ладзіць Таварыства ў Іркуцку. У гэтым годзе адначасова пройдуць святкаванні ў шэрагу суполак па ўсёй Іркуцкай вобласці.

У беларусаў Іркуцка адметнае Купалле. “Па-першае, – адзначае А. Рудакоў, – яно праводзіцца весела і ў тэатралізаванай форме. А па-другое, мы намагаемся захоўваць усе старажытныя моманты”.

Ад’езд на святкаванне запланаваны на 23 чэрвеня 20.00, месца будзе знойдзенае на ўзбярэжжы ракі Ангары. Праграма купальскай ночы таксама ўжо ёсць. Распланавана ўсё падрабязна да 5 гадзінаў раніцы. Па словах А. Рудакова, няма хвілінкі, калі б чалавек не быў чымсьці заняты.

Пачатак самаго святкавання – гэта за - ход сонца . Тады перад вогнішчам з ’ яўляецца князь Купалеж з паходняй , які цікавіцца , ці не забыліся беларусы Прыбайкалля на свае карані , ці захоўваюць беларускую мову і культуру . Воклічам “ Жыве Беларусь !” ён заканчвае сваю прамову і запальвае вогнішча . Потым з ’ яўляецца Купалінка , нячысцікі . Удзельнікі святкавання водзяць карагоды , скачуць праз вогнішча , шукаюць папараць - кветку . Арганізатары ўсім удзельнікам рэкамендуюць прыязджаць у нацыянальных строях .

На гэты год арганізатары спадзяюцца сабраць людзей на святкаванне ніяк не меней , чым звычайна – а гэта 300 ці нават 500 чалавек .

Інфармацыйны цэнтр МГА “ ЗБС “ Бацькаўшчына

Львоў, Украіна

Быкаў па-англійску

На Украіне ў львоўскім выдавецтве “ВолЯ” пабачыла свет новая кніга прыпавесцяў Васіля Быкава. Яна дзвюхмоўная — тэксты змешчаныя паралельна ў арыгінале і па-англійску.

Дзесяць прыпавесцяў В. Быкава на англійскую мову перакладалі два жыхары Злучаных Штатаў Амерыкі — прафесар-славіст універсітэту Паўднёвай Алабамы Джозэф П. Мозур і перакладчык, журналіст з Фларыды Ігар Казак (сын пісьменніка Рыгора Крушыны). Пра супольную працу распавёў І. Казак: “Быкаў засяроджваў увагу на канфліктах вайны, як у вас кажуць, Вялікай Айчыннай вайны. Ён быў чалавекам вялікай мужнасці, напрыклад, развянчаў міфы пра савецкіх партызанаў. Ён выступаў у абарону беларускай мовы. Ён добра ведаў псіхалогію чалавека. Мы з калегам прафесарам Мозурам заўважылі, што літаратурныя творы Быкава — гэта хроніка беларускага жыцця ХХ стагоддзя.

Быкаўскія прыпавесці ўнікальныя, бо яны ўніверсальныя. Быкаў — універсальны творца. Прыпавесці створаныя з сарказмам і гумарам, а гэта нетыповы для Быкава стыль.

Наш дзвюхмоўны зборнік зроблены для амерыканскіх студэнтаў, што вывучаюць беларускую мову, і для беларусаў, якія вывучаюць англійскую мову. Дарэчы, перакладаць прыпавесці было цяжкавата, бо па гэты час яшчэ няма добрых беларуска-англійскіх слоўнікаў. Таму мы працавалі з іншамоўнымі слоўнікамі, напрыклад, з руска-беларускім або польска-беларускім ды інш.

У мяне ёсць іншыя пераклады, напрыклад, маленькіх навелаў, таксама “Афганец”, “Прэзідэнт на дрэве”. Я вельмі шаную ў гэтых творах гумар Быкава — унікальны, такі народны гумар. Прафесар жа Мозур працуе над перакладам вельмі цікавай аповесці “Мёртвым не баліць”.

І. Казак адзначыў: “Мы маем надзею, што кніга будзе даступная ў Амерыцы для студэнтаў, для акадэмікаў, для ўсіх тых, хто мае зацікаўленасць у беларускай мове і культуры. Але мы таксама хочам, каб яна шырока распаўсюджвалася ў Беларусі. На жаль, наклад пакуль не такі вялікі, як хацелася б, але, магчыма, будзе другое выданне, калі кніга стане папулярнай”.

Паводле Радыё “Свабода”

Крым, Украіна

Памяць пра Максіма Багдановіча жыве

З Богам, з Пагоняй і бел-чырвона-белым сцягам 25 траўня прыйшлі сябры Севастопальскага згуртавання беларусаў імя Максіма Багдановіча “Пагоня” з сябрамі на старыя ялцінскія могілкі да магілы паэта М. Багдановіча.

Па-беларуску распавяла пра жыццё паэта і прачытала вершы Ганна Малахоўская-Васюніна. Малады святар Украінскай грэка-каталіцкай царквы айцец Мікалай адслужыў паніхіду, асвяціў помнік Багдановіча, сцягі, герб севастопальскай Пагоні. Пропаведзь святара была непрацяглай, але з глубокім сэнсам – распавядаў ён пра патрыятызм паэта.

Прачыталі свае вершы севастопальскі паэт, сын абаронцы Севастопаля Віталь Фісенка і наш французскі сябра Рэйман Саліба. Старшыня згуртавання “Пагоня” В. Барташ у прамове перадаў крымскім беларусам вітанні ад Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны, партыі БНФ “Адраджэнне”.

Нечакана прыйшло шмат людзей. Гэта былі беларусы Крыма і іншых абласцей Украіны, беларусы, якія адпачывалі ў санаторыі “Беларусь”. З цікавасцю, здзіўленнем назіралі яны за дзеяй. Гучала беларуская, украінская, руская і французская мовы.

У завяршэнні прагучаў верш “Пагоня”.

Валеры Барташ, старшыня Севастопальскага згуртавання беларусаў “Пагоня”

Пльзнь, Чэхія

Вечар беларускае культуры ў Пльзні

Імпрэза “Пльзеньска-беларускі тузін” адбылася 23 траўня ў кавярні “Iнкогніта”. Iніцыявалі вечар Віталь Воранаў (студэнт Заходнячэшскага ўніверсітэту ў Пльзні, пісьменнік, перакладчык) разам з вядомымі чэшскімі літаратарамі Маркетай Чэкановай і Здэнькам Заічкам.

Вечар пачаўся чытаннем нядаўна выдадзенай кніжкі “Два тузіны пльзэньскіх казак” на мове арыгіналу і ў перакладзе Віталя Воранава. Паасобныя раздзелы казкі “Як нарадзіўся друкарскі шкоднік Бука” чытала перш па-чэшску суаўтарка кніжкі, спн. Чэканова, а пасля па-беларуску сп. Воранаў. Пасля спн. Чэканова прачытала чэшскія пераклады алегарычных казак “Тэатр” і “Не зусім казка”, напісаных сп. Воранавым.

Пльзеньскі беларус Аляксандр Даці прачытаў па-чэшску свой пераклад гумарыстычнага твору Уладзіміра Арлова пра дзейнасць у Чэхіі князя Жыгімонта Карыбутавіча.

На экране кавярні выводзіліся агульныя дадзеныя пра Беларусь – з інтэрнэт-пашукавікоў “Google”, “Seznam”, а таксама “Wikipedia”. Быў прадэманстраваны і вядомы дакументальны фільм “Лекцыя беларускай мовы”.

Група тутэйшых беларускіх студэнтаў падрыхтавала гасцям пачастунак: дранікі і бярозавы сок. Cтудэнтка Наталля Бяляева сыграла на піяніна паланез “Развітанне з радзімай” кампазітара М.К. Агінскага.

Увогуле, вечар прайшоў надзіва ўдала. Шматлікія госці кавярні, нават незапрошаныя на імпрэзу, з увагай выслухалі прачытаныя творы, ды мелі нагоду блі-жэй пазнаёміцца з Беларуссю – сваім “невядомым славянскім суседам”. Ажыўленая дыскусія на тэму Беларусі і чэшска-беларускіх дачыненняў зацягнулася да позняга вечара.

Паводле газеты “Крывія”, Прага

ДЗЕНЬ САЛІДАРНАСЦІ Ў СВЕЦЕ

Лодзь, Польшча

Шэсце салідарнасці ў Лодзі

16 траўня ў польскім горадзе Лодзь беларускія студэнты зладзілі акцыю салідарнасці з Беларуссю.

Пад бел-чырвона-белымі сцягамі, з партрэтамі палітвязняў і зніклых палітыкаў, транспарантам “Салідарнасць з Беларуссю” яны прайшлі шэсцем па цэнтры Лодзі да пляцу Свабоды, дзе запалілі знічы.

Паводле “Хартыі’97”

Масква, Расія

У Маскве падтрымалі беларусаў

Акцыя беларускай салідарнасці прайшла ў Маскве перад помнікам беларускаму паэту Янку Купалу.

Па традыцыі 16 траўня прадстаўнікі беларускай дыяспары ўсклалі кветкі да помніка беларускаму паэту, што на Кутузаўскім праспекце. Удзельнікі акцыі прынеслі з сабой нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі. Букеты, якія ўсклалі да помніка, таксама былі бел-чырвона-белыя.

Паводле “Хартыі’97”

Вашынгтон, ЗША

У Вашынгтоне патрабуюць свабоды для Беларусі

16 траўня ў Вашынгтоне, насупраць беларускай амбасады прайшла акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, зніклымі апазіцыянерамі, з усімі, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі. Мерапрыемства было арганізаванае ініцыятывай “Мы памятаем” сумесна з арганізацыяй “Погляд”.

У акцыі ўзялі ўдзел студэнты з Беларусі, якія навучаюцца ў ЗША, амерыканскія студэнты, прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Вашынгтоне, турысты з Беларусі, студэнты з Чэхіі і Славакіі і шмат іншых.

Удзельнікі акцыі трымалі партрэты беларускіх палітвязняў, бел-чырвона-белыя сцягі, плакаты і транспаранты з надпісамі “Неадкладна вызваліць палітвязняў!”, “Выкрадзеныя і забітыя ў Беларусі”, “Лукашэнка, ты не можаш схаваць у турму будучыню Беларусі!”, “Прасігналь у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі!”, “Свабоду Казуліну!”.

Удзельнікі атрымалі водгук на акцыю ад шматлікіх кіроўцаў і мінакоў – пікет нязменна суправаджаўся вітальнымі жэстамі з боку кіроўцаў, гудкамі машын, сігналамі веласіпедыстаў і цікавасцю да таго, што адбываецца, з боку мінакоў.

Удзельнікі акцыі маюць намер правесці наступную акцыю ў чэрвені, таксама ў 16-ты дзень месяца.

Паводле “Хартыі’97”

Вільня, Літва

16 траўня ў Вільні выступіў бард Зміцер Бартосік

16 траўня ў Вільні ў Доме правоў чалавека адбыўся канцэрт вядомага беларускага барда Зміцера Бартосіка, які быў прысвечаны Дню салідарнасці з сем’ямі зніклых і палітвязняў Беларусі.

Зміцер Бартосік прэзентаваў слухачам свае песні і палітычныя памфлеты з дэбютнага дыску “Гандураскі серыял”.

Напрыканцы Зміцер Бартосік паабяцаў: нягледзячы на тое, што ў апошнія часы “муза пакінула яго, ён не ставіць на сабе крыж” і рыхтуе новы дыск, які плануе выдаць у ліпені бягучага года.

Віленскі Дом правоў чалавека ладзіць сустрэчы з грамадскімі дзеячамі Беларусі пачынаючы з лютага, 16-га дня кожнага месяца.

Паводле “Хартыі’97”

Кіеў, Украіна

У беларускую амбасаду ў Кіеве перадалі творы Сталіна

16 траўня ў Кіеве адбылася традыцыйная акцыя салідарнасці з беларускімі дэмакратамі, вязнямі сумлення і сем’ямі зніклых. Гэтым разам у ёй удзельнічалі не толькі грамадcкія дзеячы, але і маладыя літаратары – як украінскія, так і беларускія.

Беларускую літаратуру прадстаўлялі Андрэй Хадановіч і Сяргей Прылуцкі, украінскую – Анатолій Дністровы, Алег Коцараў, Багдан Гарабчук, Святлана Паваляева і Юры Шаляжэнка. Вершы – у асноўным на грамадзянскую тэматыку – паэты чыталі проста ў мегафон.

Напрыканцы ўдзельнікі акцыі перадалі беларускай амбасадзе кнігу з творамі Сталіна і афішу фільма пра “аранжавую рэвалюцыю” – “каб прадстаўнікі беларускае дзяржавы зрабілі высновы з гісторыі”.

Паводле “Хартыі’97”

Варшава, Польшча

Амбасада Беларусі ў Варшаве – пад бел-чырвона-белым сцягам

16 траўня беларусы ў Варшаве адзначылі Дзень салідарнасці з Беларуссю. Некалькі дзясяткаў сяброў “Звязу ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі” і студэнтаў праграмы імя Кастуся Каліноўскага правялі акцыю каля беларускай амбасады.

Маладыя людзі прайшлі шэсцем пад бел-чырвона-белымі сцягамі да будынку амбасады, а затым велізарным, 10-метровым сцягам накрылі кавалак плоту амбасады. Каля нацыянальнага сцягу былі запаленыя 16 свечак у памяць аб ахвярах рэжыму Лукашэнкі.

Старшыня “Звязу ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі” Антось Цялежнікаў падкрэсліў, што арганізацыя акцый салідарнасці будзе мець сэнс да таго часу, пакуль не будуць вызваленыя ўсе беларускія палітвязні і ўлады не спыняць пераследаваць грамадскіх актывістаў за іх дзейнасць, пакуль справа палітычных забойстваў не будзе даследавана.

Паводле “Хартыі’97”

Гаага, Нідэрланды

Акцыя салідарнасці ў Гаазе

16 траўня ў Гаазе адбылася акцыя салідарнасці з народам Беларусі. Акцыя была арганізавана грамадзянскай ініцыятывай “Мы помнім” і нідэрландскай ініцыятывай “Mission to Minsk”.

Удзельнікі пікету трымалі бел-чырвона-белы сцяг і партрэты зніклых у Беларусі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага. Мінакі праяўлялі жывы інтарэс да ак-цыі – яны прыпыняліся, задавалі пытанні наконт прычынаў акцыі і пра палітычнае жыццё ў Беларусі, выказвалі салідарнасць з удзельнікамі пікету, з народам Беларусі.

Пасля заканчэння пікету партрэты Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага апусцілі ў паштовую скрынку амбасады Беларусі. Супрацоўнікі амбасады назіралі за акцыяй з-за штораў.

Паводле ciwr.org

Прага, Чэхія

Дзень салідарнасці ў Чэхіі

16 траўня – у Дзень салідарнасці з Беларуссю – у Празе на Кршыжаўніцкім пляцы каля Карлавага моста адбылася акцыя салідарнасці з палітычнымі вязнямі Беларусі.

У акцыі ўдзельнічалі беларускія студэнты, актывісты беларускіх арганізацыяў у Празе і іх чэшскія сябры. Акцыя доўжылася гадзіну і прыцягнула ўвагу жыхароў Прагі і турыстаў – яны цікавіліся ў удзельнікаў акцыі падзеямі ў Беларусі, бралі з сабой інфармацыйныя матэрыялы.

Паводле Радыё “Свабода”

ВЕСТКІ

Грамадства

12 гадоў таму, 14 траўня 1995 года быў праведзены рэферэндум, на які выносіліся пытанні аб скасаванні бел-чырвона-белага сцяга і герба “Пагоня” ў якасці дзяржаўных сімвалаў, адмене статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, а таксама аб эканамічнай інтэграцыі з Расіяй і праве прэзідэнта распускаць парламент.

У гэты дзень у многіх гарадах Беларусі з’явіліся бел-чырвона-белыя сцягі, сёння фактычна забароненыя.

Усе краіны-суседзі Беларусі вярнулі сваю гістарычную сімволіку. Тое ж зрабілі і ўсе былыя сацыялістычныя краіны Еўропы. Для вяртання нацыянальных сімвалаў даволі будзе прыняць пастанову аб непрызнанні вынікаў рэферэндуму 1995 года.

Паводле Радыё “Свабода”

***

Айцец Аляксандр Шрамко пацярпеў за “празмернае карыстанне Інтэрнэтам”.

Гэты дзіўны скандал пачаўся некалькі месяцаў таму, калі ў прэсе прайшла інфармацыя, што кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы забараніла святару А. Шрамко весці “Жывы часопіс” (“ЖЧ”) у Інтэрнэце. Яшчэ ў сярэдзіне 1990-х а. Шрамко запомніўся многім як першы ў Мінску праваслаўны святар, што пачаў адпраўляць набажэнствы па-беларуску.

На царкоўным судзе быў зачытаны ўрывак з “ЖЧ”, дзе а. Шрамко піша: “Пажаданне мітрапаліта Філарэта гэта, можна сказаць, звычайная справа, калі галава галоўнай канфесіі выказвае пратакольную падтрымку існуючаму прэзідэнту. Калі б да ўлады прыйшоў Зянон Пазняк, у мітрапаліта Філарэта знайшліся б добрыя словы і для яго”.

Суд палічыў, што гэтым выказваннем сп. Шрамко абразіў Філарэта. А ўласна вядзеннем “Жывога часопісу” і ўдзелам у канферэнцыях парушыў правіла, паводле якога святар не можа нічога рабіць без дазволу экзархату.

Рашэнне было адназначнае: забараніць служэнні і вывесці за штат. Яно было падтрыманае мітрапалітам Філарэтам.

Паводле “Польскага радыё для замежжа”

***

8 траўня аддзяленне ўнутраных спраў Мядзельскага райвыканкаму анулявала дазвол на пастаяннае жыхарства грамадзяніну Польшчы пастару Царквы хрысціян веры евангельскай Яраславу Лукасіку.

Яму было загадана пакінуць тэрыторыю Беларусі цягам месяца. Афіцыйная прычына гэтага рашэння – “дзейнасць, накіраваная на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі ў сферы міжканфесійных адносінаў”.

У Яраслава Лукасіка і ягонай жонкі, грамадзянкі Беларусі Наталлі Лукасік, трое дзяцей, таксама грамадзянаў Беларусі. Рашэнне Мядзельскага РАУС разбівае шматдзетную сям’ю альбо прымушае яе пакінуць Беларусь.

***

Асуджаныя на два гады “хіміі” за арганізацыю масавых беспарадкаў Павал Севярынец і Мікола Статкевіч выйшлі на волю датэрмінова за “ўзорныя паводзіны”.

Некалькі разоў на працягу года суд адмаўляў ім у датэрміновым вызваленні, спасылаючыся на адсутнасць пакаяння ва ўчыненым злачынстве.

Самі цяпер ужо былыя палітвязні лічаць, што ўлады іх абмянялі на гандлёвыя прэферэнцыі Еўразвязу, якія афіцыйны Мінск можа страціць у сувязі з парушэннем правоў чалавека.

***

Каля мястэчка Бобр ушанавалі памяць удзельніка Слуцкага збройнага чыну.

У сімвалічнай акцыі прынялі ўдзел праваабаронца Вячаслаў Сіўчык, мастакі Алесь Пушкін ды Юрась Палякоў, дызайнер Юрась Мяккі, грамадскія актывісты Алесь Мазур і Анатоль Аскерка.

Пра Юрку Моніча распавёў Вячаслаў Сіўчык: “Юрка Моніч быў адным з самых паспяховых беларускіх партызанаў. У часе Слуцкага збройнага чыну быў блізкім паплечнікам Лукаша Семенюка, служыў у яго аддзеле.

У Барысаўскім павеце партызаны кантралявалі некалькі валасцей. І цяпер там узгадваюць добрым словам монічаўцаў, што ў часы харчразвёрсткі баранілі сялян. Найбольш яскравую акцыю Моніч зладзіў у 1923 г., калі спыніў цягнік “Берлін-Масква”, у якім ехалі англійскія, французскія ды італьянскія дыпламаты, а таксама савецкія чыноўнікі. Апошнім у прысутнасці дыпламатаў па загадзе Моніча далі па сорак шомпалаў. Гэта выклікала істэрыку ў Маскве і сюды выслалі карны аддзел ДПУ.

Юрка Моніч загінуў 23 траўня 1924 г. Яго знявечанае цела доўга вазілі па навакольных вёсках. З таго часу лес, у якім атабарыліся партызаны, завуць Монічавым”. Сёлета на сасне быў усталяваны шасціканцовы крыж з подпісам “Юрка Моніч. 1890—1924. Змагару за Беларусь”.

Паводле “Нашай Нівы”

Эканоміка

Падпісалі дамову аб куплі-продажу акцый “Белтрансгазу”.

Як паведаміла прэс-служба “Газпрому”, паводле дамовы расійская кампанія набывае 50% акцый “Белтрансгазу” за $2,5 млрд. Аплата акцый будзе ажыццяўляцца роўнымі долямі ў чатыры этапы цягам 2007–2010 гг.

Паводле gazeta.ru

***

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў двух чытаннях за паўтары гадзіны праект закону аб упарадкаванні сацыяльных ільготаў і гарантый.

Яго падтрымаў 101 чалавек, супраць быў толькі 1. Бліжэйшым часам праект закону “Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян” будзе разгледжаны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

Нагадаем, праект прадугледжвае адмену льготаў для былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, прадугледжваецца абмежаванне права на льготы для вайскоўцаў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Адмяняецца зніжка аплаты за праезд у пасажырскім транспарце для навучэнцаў і студэнтаў, ветэранаў працы, знікнуць бясплатныя лекі для дзяцей да 3 гадоў.

Паводле “Еўрапейскага радыё для Беларусі”

***

Беларусь вінная “Газпрому” 400 мільёнаў даляраў.

Першы намеснік кіраўніка ўраду Уладзімір Сямашка паведаміў журналіс-там, што да 23 ліпеня Беларусь павінна пагасіць запазычанасць перад “Газпромам”. Ён нагадаў, што запазычанасць у 400 млн. даляраў утварылася ад пачатку гэтага года, бо Беларусь плаціла толькі 55% ад кошту газу.

Паводле Радыё “Свабода”

Культура

У беларускіх крамах не першы год прадаюцца творы расійскай ды замежнай літаратурнай класікі ў аўдыё-варыянце. Сёлета зрушыліся з месца і беларускія выдаўцы — некалькі падобных праектаў ужо рэалізуюцца.

Творчая ініцыятыва “Беларускі Гальфстрым” падрыхтавала да выдання першыя беларускамоўныя аўдыёкнігі. Адзін з галоўных удзельнікаў праекту рэжысёр Валеры Мазынскі апавядае, што ўжо скончаная праца над творамі Дж. Оруэла “ 1984” і “Ферма”, аўдыёварыянтам папулярнага выдання “150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі”.

Яшчэ адзін беларускі літаратурны аўдыёпраект разлічаны на самых маленькіх. Спявак Алег Хаменка начытаў ужо дзясяткі беларускіх народных казак. У працы таксама ўзялі ўдзел музыкі з гурту “Палац” і фалькларыстка Ларыса Рыжкова. Першы дыск — “Казкі пра жывёлаў” — ужо з’явіўся ў продажы. Другая частка — “Беларускія чароўныя казкі” — нядаўна запісана, плануецца зрабіць і трэці дыск з казкамі на сацыяльную тэматыку.

Паводле Радыё “Рацыя”

***

Беларускі рок пад забаронай: адмененыя канцэрты гуртоў “Крама”, “Indiga”, “Partyzone”, “ZET” і “IQ48”.

Рок-канцэрт у Мазыры з удзелам гуртоў “Partyzone” і “Indiga” забараніў намеснік мэра горада, у Мінску ідэолагі чарговы раз адмовілі ў правядзенні канцэрта гурту “Крама”. У панядзелак чыноўнікі забаранілі сумесны выступ “ZET” і “IQ48”. Канцэрт удалося правесці ў іншым месцы, але на яго арганізатараў склалі пратакол.

Паводле Радыё “Рацыя”

***

Да грамадзянскай кампаніі “Выратуем Гродна” далучаюцца мастакі.

У нядзелю 10 чэрвеня ў Гродна адбудзецца адкрыты мастацкі пленэр-акцыя “Мастакі супраць разбурэння Гродна”. Згоду ўзяць удзел у пленэры ўжо выказалі больш за 20 айчынных мастакоў.

Абвесткі

Беларускі фестываль – 2007

Беларуская праваслаўная царква Св. Еўфрасінні Полацкай у Саўт-Рыверы, Нью-Джэрсі, запрашае на святкаванне беларускіх традыцыяў. Сёлета 23 чэрвеня 2007 г. парафіяльны камітэт ладзіць восьмы Беларускі Фестываль. Імпрэза адбудзецца ад 11-й гадзіны раніцы да 8-й вечара ў царкоўным парку і зале.

Будуць гучаць беларускія фальклорныя мелодыі і прадавацца сувеніры. Кожны здолее пакаштаваць смачных страваў.

Фестываль адбудзецца нягледзячы на надвор’е – “Ці сонца, ці дождж!”.

За дадатковай інфармацыяй тэлефануйце ў Беларускі грамадскі цэнтр: (732) 613-7171.

Паводле газеты “Беларус”

 

ПАМЯЦЬ

Светлай памяці Аляксандра Сільвановіча

У Злучаных Штатах Амерыкі, у горадзе Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі), 14 траўня на 71-м годзе пасля цяжкай хваробы памёр Аляксандр Сільвановіч. Гэта быў шматгадовы працаўнік на беларускай грамадскай, рэлігійнай, культурнай і палітычнай ніве.

Ён прыехаў з бацькамі ў Амерыку напачатку 1950-х. А. Сільвановіч здабыў вышэйшую адукацыю, працаваў у Тэхналагічнай групе на адказных пасадах у штаце Нью-Джэрсі. Таксама быў шмат гадоў сябрам Прэзідыума Беларускай Народнай Рэспублікі, належаў да Рады і Кансісторыі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, да Беларускага інстытуту навукі і мастацтва. Браў удзел у арганізацыі і завозе ў Беларусь гуманітарнай дапамогі для ахвяраў чарнобыльскай катастрофы. Быў сустаршынёй Кааліцыі ў абарону дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. Лабіраваў у Вашынгтоне справу дапамогі Беларусі ў змаганні за незалежнасць і дэмакратыю. Быў сябрам рэдкалегіі англа-беларускага слоўніка, надрукаванага ў Мінску ў мінулым годзе.

Светлай памяці Аляксандр Сільвановіч пакінуў у глыбокім смутку жонку Ніну, двух жанатых сыноў, дзве замужнія дачкі і ўнукаў. Пахаваны ён будзе на беларускіх могілках у Іст-Брансвіку, недалёка ад месца, дзе жыў.

Вечная памяць вернаму сыну Беларусі, якую ён любіў і дзеля якой працаваў.

Янка Запруднік

Смуткуем з нагоды смерці Аляксандра Сільвановіча

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выказвае шчырыя спачуванні беларусам Амерыкі, сям’і Сільвановічаў з нагоды заўчаснай смерці адданага патрыёта Беларусі, мужа, бацькі і дзеда Аляксандра Сільвановіча.

Сп. Сільвановіч шмат зрабіў для Беларусі, нават знаходзячыся за яе межамі. Няспынна і нястомна працаваў ён дзеля Бацькаўшчыны. Сапраўдны жаль і смутак выклікае вестка пра тое, што з жыцця сыходзяць такія людзі, як ён, якія любілі ўсё беларускае. Беларусь жыла ў ягонай душы.

Вечная памяць.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by

 

№ 4, красавiк 2008
[ PDF ]
архіў бюлетэня
Запоўніць картку...

Па пытаннях беларусаў замежжа...

Па захаванні Беларускага дому...

15–16 снежня 2007
Беларуская эканамічная і палітычная мадэль: сучаснасць і перспектывы трансфармацыі:


Што рабіць з вёскай?
(дадана 17.01.08)

усе круглыя сталы

Віктар Кавалеўскі
Аўстралія і іміграцыя

Леанід Лыч
І на чужыне пачуваліся беларусамі

Леанід Лыч
Руская культура на Беларусі: плюс ці мінус?

Янка Запруднік
УДЗЯЧНАСЬЦЬ – МАСТАЦТВА ДУШЫ або Чаму беларусы ня ўмеюць дзякаваць?

Аляксандар Адзінец
Запавет эмігранта

 
Галоўная - Хто мы - Бібліятэка - Кантакты - Хронiка дзейнасцi - З`езды - Сайты беларуская дыяспары
zbsb [@] tut.by - zbsb [@] lingvo.minsk.by
Rating All.BY биографии белорусских писателей, мордкович В течении нескольких дней: переезд и грузчики всегда в наличии Переезд в Португалию.; авиабилет душанбе стоимость авиабилетов санкт петербург цена авиабилета москва милан