диаспора РБ Минск Менск белорусская диаспора
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету

Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўшчына


Навіны (галоўная) Архіў навін Хто мы Хронiка дзейнасцi З'езды беларусаў свету Кантакты Банкаўскія рэквізіты Архіў бюлетэня
Гісторыя Галерэя дзеячаў База дадзеных Сайты дыяспары Перыёдыка Могілкі Помнікі
Грамадскія арганізацыі СМІ Дыпламатычныя прадстаўніцтвы Даведнік
"НІВА" "БЕЛАРУС" "Крывія"
Еўрапейскае радыё для Беларусі Радыё "Рацыя" "Радыё Швецыя" Радыё "Палонія" Deutsche Welle

90-БНР

Беларускі Інтэрнэт

МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№04(№63)
красавік
2007
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

ПАДЗЕЯ

21 год пасля Чарнобыльскай аварыі. “Чарнобыльскі шлях” у Мінску

26 красавіка ў Мінску ў дзень 21-й гадавіны Чарнобыльскай трагедыі прайшоў традыцыйны “Чарнобыльскі шлях”.

Гарадскія ўлады дазволілі правесці акцыю апазіцыі з шэсцем ад будынку Акадэміі навук да плошчы Бангалор і мітынгам у парку Дружбы народаў з 20.00 да 22.00. Але арганізатары і заяўнікі шэсця не пагадзіліся з гэтым. “Мы заявілі пра нязгоду з гэтым рашэннем, паколькі яно прынятае ў парушэнні заканадаўства, бо змена маршрута не ўзгаднялася з арганізатарамі. Гэта мы спрабавалі давесці ў судзе. Але, як можна было чакаць, суд прыняў не наш бок”, – адзначыў адзін з заяўнікаў акцыі, сябра партыі БНФ Юры Зяньковіч.

Каля 18.00 людзі сабраліся ў раёне плошчы Якуба Коласа. Па словах арганізатараў, яны прыйшлі туды, каб сабраць людзей і адвесці да дазволенага месца збору на Акадэміі навук, дзе ўжо сабраліся каля тысячы ўдзельнікаў “Чарнобыльскага шляху” са сцягамі і лозунгамі. Мітынг каля Акадэміі навук правесці не дазволілі і проста адабралі апаратуру ў арганізатараў. Матывіроўка – мітынг мусіць праводзіцца ў парку Дружбы народаў.

Кароткі мітынг адбыўся перад прыступкамі Чарнобыльскай капліцы. Удзельнікі ўзгадалі пра ахвяраў Чарнобыльскай трагедыі 21-ым ударам звана, а таксама прыспусцілі сцягі. Была прынята рэзалюцыя з патрабаваннямі да ўладаў. Яе зачытаў кіраўнік аргкамітэту “Чарнобыльскага шляху–2007”, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прафесар Іван Нікітчанка.

У рэзалюцыі, у прыватнасці, былі адзначаны такія патрабаванні ўдзельнікаў мітынгу:

* Аднавіць усе спецыялізаваныя медычныя ўстановы, у т.л. Інстытут радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі, стварыўшы яго філіі ва ўсіх абласцях.

* Правесці дыспансерызацыю ўсяго насельніцтва краіны. Аднавіць у поўным аб’ёме сістэму радыяцыйнага кантролю прадуктаў харчавання і навакольнага асяроддзя.

* Адмяніць усе абмежаванні на гуманітарную дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў і фондаў.

* Неадкладна даць пазітыўны адказ на прапановы Еўрапейскага Саюзу, зрабіць канкрэтныя крокі дзеля дэмакратызацыі, пачатку сістэмнай супрацы з Аб’яднанай Еўропай у эканамічнай, энергетычнай, чарнобыльскай ды іншых галінах.

Пасля заканчэння мітынгу каля 100-150 чалавек накіраваліся да цэнтра гораду. Каля плошчы Бангалор адбылося сутыкненне з міліцыяй. Затрымалі каля 10-20 чалавек, якіх потым адпусцілі.

Паводле www.naviny.by

НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”

“Старыя інструменты Беларусі”: шукайце на DVD ды канале “ Discovery ”

У Мінску адбылася прэзентацыя дакументальнага фільма “Старыя інструменты Беларусі”. Адным з яе арганізатараў выступіла МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. А сцэнарыстам і рэжысёрам стаў даследчык нацыянальных інструментаў, вядомы музыка, лідэр гурту “Стары Ольса” Зміцер Сасноўскі.

Падчас прэзентацыі зала была поўная. Распачаў імпрэзу гурт сярэднявечнай музыкі “Testamentum terrae”, які парадаваў слухачоў арыгінальнай і прыгожай музыкай. Пасля выступу музыкаў распачаўся паказ фільму.

Фільм складаецца з пяці частак, кожная распавядае пра пяць музычных інструментаў: дуду, лютню, ліру, гуслі і сурму. Адзін з удзельнікаў і стваральнікаў фільму, майстар, мастак, этнограф Тодар Кашкурэвіч адзначыў: “Тыя інструменты, якія паказаныя ў фільме, вельмі сімвалічныя для Беларусі. Але за 70-80 год панавання савецкай улады менавіта гэтыя інструменты былі практычна забытыя. А цяпер традыцыя ігры на дудзе, ліры, гуслях вяртаецца ў нашу краіну і разам з ёй вяртаецца сапраўдны беларускі стыль”.

Па словах аднаго са стваральнікаў фільму, кіраўніка студыі “Дуэт” Ігара Таркана, фільм заклікае ўшаноўваць нашу гісторыю і музыку, а будучыня ёсць толькі ў народа, які памятае пра сваё мінулае. Пасол ЗША ў Беларусі Кэтрын Сцюарт адзначыла, што створаны новы прафесійны фільм, які абудзіць інтарэс новага пакалення да аднаўлення традыцыйных інструментаў.

Фільм зроблены на архіўных матэрыялах і сучасных напрацоўках, у ім гучыць сярэднявечная музыка: інтэрв’ю з майстрамі, музыкамі, мастацтвазнаўцамі суседнічаюць з дэманстрацыяй фотаздымкаў, малюнкаў, а таксама архіўных відэазапісаў і інш.

Фільм з’явіцца ў продажы на ліцэнзійных DVD пасля 20 красавіка і будзе прадавацца ў крамах у двюхмоўных версіях: беларускай і англійскай. Стваральнікі збіраюцца падаць фільм на конкурс каналаў “Дыскавэры” і “Нэшнл Джэаграфік”.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

Заснаваная прэмія імя Вацлава Ластоўскага

Таварыства беларускай школы, Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Міжнародная асацыяцыя беларусістаў і іншыя беларускія грамадскія арганізацыі заснавалі прэмію імя Вацлава Ластоўскага для беларускамоўных выкладчыкаў ВНУ.

Заснавальнікі кажуць, што асноўнай мэтай гэтай прэміі ёсць “пільная патрэба ў маральнай падтрымцы беларускамоўных выкладчыкаў вышэйшай школы, стымулявання выкладання па-беларуску”. Найперш гэта прэмія датычыць выкладчыкаў дысцыплінаў, якія рэдка ва ўніверсітэтах чытаюцца па-беларуску.

У склад арганізацыйна-прэміяльнай рады ўвайшлі старшыня ТБШ Алесь Лозка, старшыня Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская, старшыня ГА “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў” Сяргей Запрудскі, ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі, юрыст Яраслаў Крывой, філолаг Віталь Алісёнак.

Да моманту падвядзення вынікаў, прадстаўнікі заснавальнікаў прэміі, у тым ліку МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, будуць наведваць беларускамоўныя заняткі выкладчыкаў, якія падалі заяўку на прэмію імя В. Ластоўскага.

Вынікі будуць абвешчаныя 30 чэрвеня. Пераможцы атрымаюць ганаровыя знакі і дыпломы падчас урачыстай цырымоніі летам 2007 года, а таксама магчымасць выдання дапаможніка па курсе, які выкладаюць.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

Паваенная эміграцыя: скрыжаванні лёсаў

У серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” выйшла новая кніга Аляксандра Адзінца, прысвечаная беларускай хвалі пасляваеннай эміграцыі. У кнізе сабраныя 73 успаміны дзеячаў беларускай дыяспары з усяго свету — тых, хто пасля 1944 г. апынуўся на Захадзе.

Ідэя кнігі, паводле словаў аўтара, узнікла досыць нечакана: “Каталізатарам стаў мой старэйшы сябра Барыс Кіт — першы прадстаўнік ваенна-палітычнай хвалі беларускай эміграцыі, з якім мне ўдалося завязаць цесны кантакт. Але тады я ў марах не планаваў выдання цэлай кнігі, прысвечанай эміграцыі. Мэтай было напісанне газетнага артыкулу. Аднак пасля той размовы я быў настолькі захоплены, узрушаны і ўсхваляваны суразмоўцам, што зразумеў: гэта толькі пачатак!”.

Аўтар тэлефанаваў у Вялікабрытанію і Канаду, Аўстралію і Аргенціну, Чэхію і Польшчу, па некалькі гадзін размаўляючы з кожным чалавекам. У выніку за паўтары гады былі сабраныя дзесяткі тэкстаў: з ЗША — 30 успамінаў, з Аўстраліі — 12, Канады — 11, Вялікабрытаніі — 6, Нямеччыны — 4, Польшчы і Бельгіі — па 3, Аргенціны, Францыі, Чэхіі, Швецыі — па 1.

Сярод герояў кнігі – Барыс Кіт, Міхась Лужынскі, Ганна Мерляк (жонка Кастуся Мерляка), Барыс Рагуля, Вітаўт і Вера Рамукі, старшыня Рады БНР (1982—1997) Язэп Сажыч, Юры Туронак, Анатоль і Іван Хрэноўскія, Антон Шукелойць. Асобным блокам змешчаныя “Успаміны Барыса Кіта пра вядомых людзей”, пададзены біяграфічны паказнік іншых дзеячаў эміграцыі, што згадваюцца ў тэкстах.

Неабходна адзначыць, што раней выходзілі падобныя кнігі, дзе былі сабраныя ўспаміны ці нарысы пра дзеячаў эміграцыі (напрыклад, Леаніда Пранчака “Беларуская Амэрыка”, Тацяны Антонавай “У землякоў за акіянам”). Аднак кніга “Паваенная эміграцыя” ў некалькі разоў большая. Акрамя таго, А. Адзінец імкнуўся запісваць не толькі вядомых дзеячаў, а найперш шараговых жаўнераў дыяспары. Тых, хто непасрэдна ствараў беларускую Амерыку, беларускую Аўстралію, беларускія Канаду, Вялікабрытанію, Бельгію. Іх імёны добра вядомыя там, але мала вядомыя тут, у Беларусі.

Большасць герояў кнігі глядзяць на падзеі Другой сусветнай вайны гэтак жа, як святар з аўстралійскага Мельбурна Аляксандр Кулакоўскі: “Як і саветы, Гітлер прынёс у Беларусь няволю, пакуты і смерць. На пару з чырвонымі партызанамі, немцы паставілі беларуса на мяжу поўнага вымірання. Я нават дакладна не скажу, каго людзі больш ненавідзелі і каго больш баяліся, — і тыя, і другія сеялі на шматпакутнай беларускай зямлі выключна няшчасце. Прамаўчыш перад партызанамі, не аддасі апошні кавалак хлеба — заб’юць. Не паведаміш немцам, што ў хаце былі партызаны, — таксама заб’юць”.

Кніга магла быць значна большай і выйсці ў двух ці трох тамах. Але на кожную згоду на інтэрв’ю прыпадала на адной адмове.

“Хапала ўсяго, — згадвае А. Адзінец, — і метадычнага кідання слухаўкі пасля аднаго толькі вітання па-беларуску, і рэзкіх адмоваў запрасіць мужа (ці жонку) да тэлефона, і абвінавачванняў аўтара, што ён замалады, дый увогуле, “дзе гарантыя, што Адзінец — гэта не псеўданім”.

У томе змешчана больш за дзве сотні фотаздымкаў, большасць якіх друкуецца ўпершыню.

Зрабіць другую такую кнігу ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі наўрад ці ўдасца. Старое пакаленне эміграцыі імкліва адыходзіць. Так, за час працы над кнігай адышлі ў лепшы свет Франціш Бартуль, Мікола Латушкін, Янка Раковіч, Барыс Рагуля. Нават праз дзесяць гадоў апытваць амаль не будзе каго. Аляксандр Адзінец паспеў у час.

Шукайце кнігу ў кнігарнях, у незалежных распаўсюджвальнікаў:

Адзінец Аляксандр. Паваенная эміграцыя: скрыжаванні лёсаў: Зборнік успамінаў. — Мінск: Медысонт, 2007. — 704 с. (“Бібліятэка Бацькаўшчыны”. Кніга 11).

Аляксандр Адзінец нарадзіўся ў 1980 г. у Мінску. Шэсць гадоў адпрацаваў штатным супрацоўнікам спартовай газеты “Прессбол”. Ад 2003 г. жыве ў Нямеччыне. Супрацоўнічае з шэрагам музычных, грамадска-палітычных і музычных выданняў.

Паводле “Нашай Нівы”

Аляксандр Адзінец: “Мы мусім аддаць пашану нашым эмігрантам”

Адзінаццатая кніга з серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” “Паваенная эміграцыя: скрыжаванні лёсаў” пабачыла нядаўна свет. Гэта кніга Аляксандра Адзінца прысвечаная беларускай эміграцыі. З сігнальным асобнікам аўтар наведаўся ў мінскую студыю радыё “Свабода”.

Міхась Скобла: Аляксандр, са сваіх дваццаці шасці гадоў вы шэсць гадоў былі штатным супрацоўнікам спартовай газеты “Прессбол” – пісалі пра спорт. І раптам зацікавіліся лёсамі беларускіх эмігрантаў. Што падштурхнула вас гэтак радыкальна змяніць тэму?

Аляксандр Адзінец: Я выехаў у Нямеччыну па сямейных прычынах. Мая жонка Ганна Галынская – вядомая спартоўка, гандбалістка, яна гуляла раней за зборную Беларусі. Мы пабраліся шлюбам, і я пераехаў да яе ў Нямеччыну. Займацца паўнавартаснай журналістыкай стала цяжка. І я вырашыў пашукаць другую тэму. Зацікавіўся асобай Барыса Кіта, які таксама жыве ў Нямеччыне ўжо больш за трыццаць гадоў. Вырашыў напісаць пра яго газетны артыкул. Звязаўся з ім, мы сустрэліся, паразмаўлялі. І я быў настолькі ўражаны сваім суразмоўцам, што вырашыў займацца тэмай эміграцыі і надалей.

Скобла: Ваша кніга складаецца з твораў розных жанраў – тут і мемуары, і інтэрв’ю. Як вы працавалі? Рассылалі нейкія апытальнікі? Сустракаліся? Гутарылі па тэлефоне?

Адзінец: Асноўная частка матэрыялаў была сабраная менавіта па тэлефоне. На шчасце, у Нямеччыне ў мяне была такая магчымасць – працяглы час карыстацца міжнароднай тэлефоннай сувяззю. Некаторыя размовы цягнуліся па тры, чатыры, пяць гадзінаў. І толькі з некаторымі эмігрантамі мне пашчасціла сустрэцца асабіста.

Скобла: На старонках кнігі вы далі слова прадстаўнікам розных палітычных плыняў – прыхільнікам БНР і БЦР. Чым вы кіраваліся пры выбары сваіх герояў?

Адзінец: Чалавеку прадстаўлялася вольная трыбуна, з якой ён мог абсалютна свабодна выказваць свае думкі. Незалежна ад палітычных і рэлігійных поглядаў. Гэта адна з маіх мэтаў – у кнізе няма ніякіх абмежаванняў. А свае палітычныя погляды я стараўся прыхоўваць.

Скобла: Вось вы кажаце пра свабодную трыбуну... А на семістах старонках вашай кнігі я не знайшоў аніводнага прыхільніка Аляксандра Лукашэнкі...

Адзінец: Гэта сапраўды так. Сярод прадстаўнікоў менавіта палітычнай паваеннай эміграцыі прыхільнікаў Лукашэнкі я не сустрэў. Мне нават было б цікава знайсці такога чалавека. Але, на жаль ці на шчасце, такія мне не трапіліся.

Скобла: Хочацца звярнуць увагу на тое, што ваша кніга вельмі своечасовая, паколькі эмігранты паваеннай хвалі на вачах адыходзяць. З кім вы хацелі, але не паспелі пагаварыць?

Адзінец: З Васілём Плескачом не паспеў, яму было ўжо за дзевяноста гадоў. Вельмі адукаваны быў чалавек, у паваеннай Нямеччыне настаўнічаў, а потым займаў высокія пасады ў буйных фірмах у ЗША. Таксама быў такі Пятро Саўчыц, адзін з арганізатараў беларускай суполкі ў Аргенціне, ён памёр падчас нашага ліставання. Жыў у Нью-Йорку Іван Крэсла, які служыў падчас Другой сусветнай вайны ў Вілейцы. Ён таксама памёр. Былі і другія выпадкі, калі я ўступаў у кантакт з чалавекам, дасылаў яму лісты, спадзяваўся на станоўчы адказ, а чалавек паміраў. Праз месяц пасля нашай гутаркі памёр Барыс Рагуля, ён ужо быў вельмі слабы, але вельмі мужна даваў мне інтэрв’ю, хоць, адчувалася, што яму цяжка гаварыць. Хутка пасля інтэрв’ю памерлі Франціш Бартуль з Нью-Йорка і Мікола Латушкін з Чыкага.

Скобла: У свой час мне тут, у Беларусі давялося сустрэцца з князем Яўстахам Севярынам Сапегам, які пакінуў радзіму ў 1939-м і з 1940-х гадоў жыве ў Кеніі. У Беларусі – у Ружанах, Дзярэчыне, Гародні – 85-гадовы князь адчуваў сябе шчаслівым. Многія з вашых суразмоўцаў-эмігрантаў так і не адважыліся прыехаць у Беларусь. Як вы лічыце, ім тут нешта сапраўды пагражала б, ці гэта ўжо своеасаблівая фобія – страх перад уладай, КДБ і г.д.?

Адзінец: Я ўпэўнены, што ім на радзіме нічога не пагражала б. Пасля здабыцця Беларуссю незалежнасці многія эмігранты прыязджалі і спакойна вярталіся назад. Ніхто іх не арыштоўваў, не рэпрэсаваў. Гэта менавіта фобія. Але я разумею гэтых людзей. Страх сядзіць вельмі глыбока ў іх, бо яны перажылі жудасныя падзеі вайны, паваенную брутальную рэпатрыяцыю на радзіму. І многія не змаглі гэты страх пераадолець. А на радзіме ім вельмі хацелася пабываць. Як адзначыў падчас нашай размовы Барыс Рагуля, яго найвялікшая трагедыя – што ён так і не прыехаў у незалежную Беларусь, не пабываў на сваёй Наваградчыне. А там людзі да гэтай пары добрым словам згадваюць рагулеўскі легіён, які ратаваў беларусаў у ваеннай калатнечы... І падобных выпадкаў нямала: людзі не змаглі перамагчы свой страх.

Скобла: А якая прыказка вам тут, у Беларусі, успамінаецца?

Адзінец: Рабі пільна, то і тут будзе Вільня. Беларускую дзяржаўнасць трэба будаваць менавіта ў Беларусі. Захоўваць нашы добрыя традыцыі, моўныя, культурныя. Называцца і быць беларусамі, а не тымі “дзецьмі СССР”, якіх можна сустрэць па ўсім свеце. Мы, маладыя беларусы, мусім аддаць пашану нашым эмігрантам, якія далёка за межамі сваёй радзімы збераглі беларушчыну. Гэта яскравы прыклад для многіх беларусаў, якія жывуць на сваёй радзіме.

Паводле Радыё “Свабода”

са скарачэннямі

“Адзін Госпад, адна Вера, адзін Хрост”

Серыя “Бібліятэка Бацькаўшчыны” папоўнілася ўжо 12-й кнігай – “Адзін Госпад, адна Вера, адзін Хрост”. Кніга прысвечана гісторыі беларускай царквы ў асэнсаванні эміграцыі, рэлігійнаму жыццю беларусаў як у Беларусі, так і па-за яе межамі.

“Адзін Госпад, адзін Спадар – для праваслаўных, католікаў, уніятаў. Адзін для беларусаў у Беларусі і па-за яе межамі. Гэтае адзінства – у Богу і Веры – і ёсць зместам і ідэяй прапануемай кнігі”, – адзначае ў прадмове ўкладальнік выдання Андрэй Любіч.

Стваральнікі падзялілі кнігу на тры раздзелы. У першым, які называецца “Хрыстовым шляхам”, аўтары беларускага замежжа – і святары, і навукоўцы – ва ўспамінах, нарысах-партрэтах і навукова-публіцыстычных артыкулах распавядаюць пра цярністыя шляхі Рымска-каталіцкай царквы на Беларусі, Беларускай каталіцкай (усходняга абраду) і Беларускай аўтакефальнай цэркваў ды лёсы іх зямных апосталаў. Тут змешчаныя артыкулы айца Льва Гарошкі “Беларускія святары і рэлігійныя дзеячы Беларусі” і “Праз навальніцы і нягоды”, выбраныя часткі твору Мікола Волаціча “Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная царква”, матэрыялы Аляксандра Салагуба “Аўтакефалія” і Зоры Кіпель “Традыцыя святой Еўфрасінні Полацкай на эміграцыі”.

Другі раздзел бібліяграфічны і змяшчае спіс артыкулаў з найбуйнейшых эмігранцкіх газет “Бацькаўшчына” і “Беларус”. Агульная тэма бібліяграфіі – рэлігійнае жыццё на Беларусі і па-за яе межамі. У раздзеле змешчаныя каля 900 назваў артыкулаў з указаннем аўтара, а таксама месца і часу друку.

У апошнім, трэцім раздзеле надрукаваны мастацкі нарыс Уладзіміра Глыбінага “На святой зямлі” пра ягонае падарожжа ў Ерусалім.

Аўтары і ўкладальнікі выказваюць надзею, што гэтая кніга спрычыніцца да ўшанавання памяці людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё пашырэнню Слова Божага сярод беларусаў і ўмацаванню царкоўнай ды нацыянальнай еднасці беларускага народу.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

Дзіцячы літаратурна-мастацкі конкурс “Беларусь маёй будучыні” падыходзіць да завяршэння

Завяршаецца дзіцячы літаратурна-мастацкі конкурс “Беларусь маёй будучыні”, абвешчаны МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ў лютым 2007 г.

У сярэдзіне траўня экспертная камісія прыступіць да разгляду прадстаўленых прац і адбору пераможцаў. Як і ў мінулыя гады, у склад камісіі ўвойдуць вядомыя пісьменнікі і мастакі.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

ВІНШАВАННІ

Віншуем!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” мае гонар павіншаваць з Днём нараджэння сяброў Вялікай Рады арганізацыі, якія нарадзіліся ў траўні: Аляксея Караля, Алеся Петрашкевіча, Барыс Стука (Беларусь); Алену Міхалюк (Вялікабрытанія); Вітаўта Кіпеля (ЗША); Алега Латышонка (Польшча).

Прыміце ад нас шчырыя пажаданні доўгага жыцця, выдатнага здароўя, натхнёнай працы, духоўнай і творчай самарэалізацыі на карысць беларускага народу і дзяржавы.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

Віншуем нашых юбіляраў!

30 траўня восемдзесят год споўніцца Вітаўту Кіпелю, доктару геалогіі, вучонаму-бібліёграфу, вядомаму грамадска-культурнаму дзеячу беларускай дыяспары ў ЗША. З 1982 г. Вітаўт Кіпель узначальвае Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Йорку – навуковы асяродак беларускай дыяспары ў ЗША. У 1993 г. у мінскім выдавецтве “Беларусь” выйшла ў свет кніга “Беларусы ў ЗША”, якая фактычна з’яўляецца энцыклапедыяй беларускай эміграцыі не толькі ЗША, але і іншых краінаў.

А 27 траўня 50 год спаўняецца старшыні Беларускага гістарычнага таварыства, кандыдату гістарычных навук, прафесару Беластоцкага ўніверсітэту (Польшча) Алегу Латышонку.

І ў Беларусі, і па-за яе межамі ведаюць вашае значэнне, вашу вялікую ролю ў справе захавання беларускай традыцыі, культуры і беларускай прысутнасці ў свеце. Зычым вам моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, радасці вам і вашым блізкім. Доўгай і прадуктыўнай працы на карысць нашай агульнай Бацькаўшчыны. Яшчэ раз шчыра віншуем вас, дарагія юбіляры.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

НАВІНЫ

 

Аўстралія

Змены ў інтэрнэт-старонцы беларусаў Аўстраліі

Адбыліся змены ў праіснаваўшай амаль дзесяць гадоў вэб-старонцы Беларускага гістарычнага згуртавання ў Аўстраліі. Старонка была створаная адразу пасля заснавання ў 1998 годзе гэтай арганізацыі і рэпрэзентавала яе дзейнасць у інтэрнэце.

Аўтар старонкі Віктар Кавалеўскі ўзгадвае: “Я памятаю, як у тыя гады друкаваў код HTML літара за літарай. Але сітуацыя змянілася, наспела неабходнасць мець для Згуртавання новую, так званую інтэрактыўную вэб-старонку, над якою я зараз працую”. Сёння невялікая па памерах старонка даступна па адрасе: members.momentuminternet.com.au/~innakov. Сайт будзе прадстаўляць гістарычную дзейнасць пасляваеннай хвалі беларускай іміграцыі ў Аўстраліі.

Практычна ўсе дакументы падаюцца на беларускай мове, аднак навігацыя па-англійску, што не павінна перашкаджаць у пошуках.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Бельгія

Павал Хівук: “Адзіная краіна, у якой я хацеў бы жыць, – Беларусь”

Актыўны сябра Беларуска-еўрапейскага задзіночання (БЭЗ) Павал Хівук даў інтэрв’ю наконт працы арганізацыі для Радыё “Свабода”.

Ён распавёў пра свой удзел у працы БЭЗ: “Арганізацыя была заснавана ў 2003 г. у Бельгіі, у горадзе Антверпен. Ад самага пачатку я з’яўляюся яе сябрам. Зараз Задзіночанне больш займаецца палітычным жыццём, але ж не забывае і пра культурнае. Палітычныя акцыі – гэта пікеты, што ладзяцца не толькі на тэрыторыі Бельгіі і звычайна прысвячаюцца актуальным падзеям у Беларусі. Што да культурнага жыцця, дык маецца на ўвазе вечарыны, сустрэчы...”

Павал расказаў і пра тое, як ён, будаўнік па спецыяльнасці, студэнт, што адвучыўся першы семестр у Берасцейскім палітэхнічным універсітэце, трапіў у Бельгію: “Прычыны таму самыя розныя. Першая – вялікая сям’я, і ў мяне проста не было магчымасці вучыцца. Другая – гэта маё актыўнае палітычнае жыццё. Верагоднасць таго, што я б застаўся ў гэтым універсітэце, нягледзячы на тое, што быў адным з лепшых студэнтаў, была невялікая. Таму проста прыняў рашэнне забраць дакументы. Зараз не шкадую, што я гэта зрабіў, усё адно б знайшлі падставы адлічыць мяне з ганьбаю”. Зараз у сп. Хівука вялікія планы, звязаныя з Францыяй, ён збіраецца працягваць вучобу па спецыяльнасці будаўніка.

Пры гэтым ён рэгулярна ездзіць у Антверпен, каб выкладаць для маленькіх беларусаў беларускую мову. “Дзіцячая школка арганізаваная ў нас пры царкве, – распавядае ён. – Людзі, якія прыходзяць на набажэнства ў царкву, пакідаюць сваіх дзяцей на мяне, і на працягу службы мы з дзецьмі займаемся. Заняткі праходзяць толькі ў нядзелю, я адмыслова для гэтага езджу ў Антверпен – дзве гадзіны цягніком туды, дзве назад. Ёсць пяць дзяцей, якія прыходзяць стала, а так мы маем у школе да 10 чалавек...”

Сп. Хівук марыць вярнуцца на Бацькаўшчыну: “Адзіная краіна, напэўна, у якой я хацеў бы жыць, – гэта Беларусь. Пажыўшы ў Еўропе, паглядзеўшы на Францыю і на Бельгію, усё ж такі лічу, што лепшай краіны за Беларусь няма. Людзі, якія кажуць пра тое, што хацелі б недзе жыць, проста не жылі па-за межамі Беларусі. Ёсць такая песня – “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”. Я веру ў тое, што беларусы ўрэшце зразумеюць, што яны беларусы, а не малодшыя браты рускіх. А калі гэта дойдзе да іхняй свядомасці, тады можна будзе будаваць краіну”.

Паводле Радыё “Свабода”

У Бруселі адбыўся кінапаказ з нагоды 21-ай гадавіны аварыі на ЧАЭС

26 красавіка ў Бруселі каля галоўнага будынку Генеральнага дырэктара Еўракамісіі па пытаннях абароны навакольнага асяроддзя прадэманстраваны фільм, прысвечаны Чарнобыльскай трагедыі.

Стужка “Звер спіць” пазнаёміла гледачоў з гісторыяй і наступствамі, якія мела аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, у тым ліку для жыхароў прылеглых рэгіёнаў.

Паводле “Еўрапейскага радыё для Беларусі”

Нью-Йорк, ЗША

Атака хакераў на сайт беларусаў ЗША

Ад атакі хакераў пацярпеў сайт Беларуска-амерыканскага задзіночання www.baza-belarus.org.

У вынікі атакі адбываецца перанакіраванне запыту на старонку з малюнкам, дзе паведамляецца імя хакера steel_man і назва групоўкі Cyber riot defacer team.

На час падрыхтоўкі нумару сайт яшчэ не быў адноўлены ў поўным аб’ёме. Жадаем хуткага вяртання сайту да нармальнай працы.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Амерыканскія ўражанні Лявона Вольскага

Лявон Вольскі пабываў у гасцях у беларусаў ЗША.

Як адзначае музыка, на канцэрты ў асноўным прыйшлі беларусы: “На канцэрце ў Нью-Йорку ў клубе “Хук” малая частка была амерыканцаў, у асноўным жа – маладыя беларусы, якія там вучацца, працуюць ці якія проста былі вымушаныя з’ехаць паводле палітычных асаблівасцяў нашай дзяржавы. Другая акцыя была ў Каліфорніі. Проста сустрэча са слухачамі на пляжы, там было чалавек 30-40, спакойная такая вечарынка. Наконт арганізацыі — не магу сказаць, яна спадабалася ці не спадабалася, але збояў не было”. Ён таксама распавёў, што прынялі яго вельмі цёпла, бо там адбываецца мала культурных беларускіх акцыяў.

Новых песняў слухачам з ЗША, на жаль, пачуць не давялося. Прычына банальная: адзін музыка за ўсю групу не адыграе. Лявон Вольскі расказаў: “Там былі музыкі з Наваполацка, вымушаныя знаходзіцца ў Злучаных Штатах: яны падабралі акампанемент да хітоў “Крамбамбулі”, “N.R.M” і “Zet”. Але новы альбом мы будзем прэзентаваць з гуртом, дарэчы, у Варшаве, недзе ў 10-ых днях наступнага месяца”. Пры гэтым у Беларусі прэзентацыя адбудзецца невядома калі. Музыка адзначыў: “Вельмі цяжка сказаць, бо ў нас праблемы з арганізацыяй канцэртаў. Безумоўна, будзем неяк прэзентаваць альбом, але дзе і калі – цяжка пакуль сказаць”.

На плённы працяг паездак у ЗША спадзяецца сп. Вольскі. “Трэба перыядычна наведваць гэтую зямлю, бо там вельмі шмат нашых людзей, якія прагнуць нашай музыкі. Мы ездзілі дзеля таго, каб там дамовіцца пра нейкі абмен, каб вывозіць туды гурты. І я лічу, што ў нас гэта атрымалася: там ёсць людзі, якія будуць гэтым займацца. Мяне больш за ўсё цікавяць “N.R.M.” і “Крамбамбуля”, але як толькі будуць наладжаныя прынамсі першыя два канцэрты, можна будзе размаўляць пра “Палац”, “Краму”, “Neuro Dubel”.

Паводле “Еўрапейскага радыё для Беларусі”

У Нью-Йорку прэзентаваныя кнігі Зянона Пазняка

22 красавіка ў Нью-Йорку адбылася прэзентацыя кніг Зянона Пазняка, выдадзеных у эміграцыі. У 2000–2007 гг. выйшла сем кніг, але на гэты раз увага была засяроджаная, у асноўным, на зборніках паэзіі і фотаздымках. Такіх выданняў тры – “Глёрыя Патрыя”, “Вялікае Княства” і “Дарога”.

Цягам некалькіх апошніх гадоў пасля службы ў Саборы Св. Кірылы Тураўскага Беларускае аўтакефальнае праваслаўнай царквы, на якую прыходзіць усё больш моладзі з новай эміграцыі, у грамадскай зале ладзяцца мерапрыемствы – сустрэчы з гасцямі з Беларусі, выставы, сяброўскія гутаркі. Гэтак было і ў згаданую красавіцкую нядзелю. Спачатку парафіяне ўдзельнічалі ў набажэнстве, якое адслужылі а. Пётра і а. Вячаслаў, а потым спусціліся ў грамадскую залу. Сабраліся блізу сотні чалавек.

Дырэктар нью-йоркскага Беларускага інстытута навукі і мастацтва (БІНіМ) др. Вітаўт Кіпель у сваёй прамове засяродзіўся на светапоглядных аспектах творчасці Зянона. Сярод выступоўцаў быў і герой адной з кнігаў Пазняка – старшыня Беларуска-Амерыканскага задзіночання Антон Шукелойць. Гучалі вершы Зянона, прысутныя дзяліліся ўражаннямі.

Зянон Пазняк адзначыў: “Мяне вельмі ўзрушыла, што прыйшло шмат моладзі і што калі чыталі вершы, на вачах у людзей былі слёзы. Вершы гэтыя напісаныя ў розныя гады, у мяне падрыхтаваныя і старыя рукапісы, трыццацігадовай даўніны, але каб выдаць іх – патрэбныя час і сродкі. Ні першага, ні другога не хапае. Дарэчы, гэтыя кнігі выдадзеныя на грошы беларусаў, пры падтрымцы беларускіх патрыётаў і на ўласныя сродкі. Займацца адначасна палітыкай і творчасцю цяжка, амаль немагчыма. Бо творчасць палітыка звычайна альбо абплёўваецца апанентамі, альбо замоўчваецца. Наконт гэтага я не маю ілюзіяў.

Але не шкадую, што дваццаць гадоў таму фактычна кінуў творчасць і заняўся палітыкай, бо жыццё прысвяціў найвышэйшай справе – стварэнню новай дзяржавы. І гэтая дзяржава існуе. Хай сёння ў ёй дыктатура – заўтра будзе вольная Беларусь, галоўнае, каб Беларусь жыла. Памятайма, што пад намі не проста нацыянальная культура, у якой адзін толькі фальклор складае 50 тамоў. Пад намі – цывілізацыя. У часы Вялікага Княства мы былі цывілізацыйным фактарам, які ўплываў на Усходнюю Еўропу. Сёння беларуская мова знішчаецца – але заўтра гэта будзе вялікая мова новай Усходняй Еўропы”.

Прадмовы да дзвюх апошніх кніг Зянона – “Вялікага Княства” і “Дарогі” – напісалі Рыгор Барадулін і Алесь Разанаў.

Паводле Радыё “Свабода”

У славу Бога і на карысць людзям

Рамонтныя работы працягваюцца ў Кафедральным Саборы Св. Кірылы Тураўскага. Асабліва напружанай праца была перад Вялікаднем.

Адна з удзельніцаў працы Ліна Сагановіч распавяла: “Трэба было паставіць сцяжкі для замацавання сцен царкоўнага будынка на другім паверсе. Спадзяваліся скончыць працу за 6-7 дзён, а скончылі за 4 з паловай. Вельмі прыемна было адчуваць духоўнасць гэтых людзей, якія па заканчэнні працы папрасілі асвечанай вады, вярбы, свечак і купілі іконы. Дзякуем усім, хто сваёй ахвярнай працай падтрымаў нашу святыню”.

Па яе словах, усе набажэнствы Вялікага Тыдня: Вялікі чацвер, Вялікая пятніца, Вялікая субота – адбыліся своечасова. На Усяночную службу сабралася каля 40 чалавек. Набажэнства адправіў айцец Пятро.

8 красавіка, пасля Святой Літургіі, у залі пад царквой асвячалі пасхі, а затым было разгавенне. Смачныя святочныя стравы прыгатавала сястрынства. У цёплай, сяброўскай атмасферы людзі частаваліся, доўга размаўлялі ды разыходзіліся дамоў каля 7 гадзіны раніцы. Цёпла ды ўтульна ў нашай Беларускай хатцы, якая нагадвае нам частачку нашай Радзімы.

Ліна Сагановіч, belaoc.org

Адкрыццё Беларускага музея ў Нью-Йорку. Першая выстава

25 сакавіка, 89-ую гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, наваствораны Беларускі музей у Нью-Йорку адкрыў першую выставу беларускага сучаснага мастацтва ў ЗША.

У выставе паказаныя працы вядомых беларускіх мастакоў – Уладзіміра Сулкоўскага, Ягора Батальёнка, Генадзя Драздова, Міхаіла Карпука, Алеся Шатэрніка, Юліі Шатэрнік. Усяго прадстаўлена 34 працы, выкананыя ў розных стылях – ад імпрэсіянізму і рэалізму да абстракцыі і кубізму.

Мэта стварэння музея – захаванне і папулярызацыя беларускага мастацтва ў ЗША, а таксама дапамога мастакам у Беларусі. Плануецца правядзенне не менш чатырох мастацкіх выставаў на год.

Улетку гэтага года плануецца правядзенне персанальнай выставы Міколы Купавы, прысвечанай 125-годдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Адміністрацыя музея вельмі ўдзячная радзе Кафедральнага Сабора Св. Кірылы Тураўскага, якая дапамагла вырашыць арганізацыйныя пытанні і выдзеліла памяшканне пад музей.

Паводле belmov.org

Ашдод, Ізраіль

Пасольства Рэспублікі Беларусь у Ізраілі стварыла свой інтэрнэт-сайт

19 красавіка ў Ашдодзе пры падтрымцы Міжнароднага цэнтра культурных сувязяў “Ізраіль – Беларусь” адбылася прэзентацыя сайта пасольства Беларусі.

Як адзначаюць у прэс-службе пасольства, прэзентацыя невыпадкова была праведзеная менавіта ў Ашдодзе. Тут пад кіраўніцтвам Ісаака Цфасмана дзейнічае найбольш актыўнае і вялікае аддзяленне Усеізраільскага аб’яднання выхадцаў з Беларусі. Сярод запрошаных на прэзентацыю ўдзельнікі аб’яднання складалі большасць.

Сайт прапануе афіцыйную інфармацыю пра гісторыю Беларусі, культуру, эканоміку і сённяшні дзень краіны, асвятляецца дзейнасць і самога пасольства.

На сайце можна адшукаць практычную інфармацыю для развіцця дзелавога супрацоўніцтва, культурных сувязяў з Беларуссю, адказы на візавыя і консульскія пытанні.

Сайт зараз даступны ў асноўным на рускай мове, але мае і даволі вялікую англамоўную версію. У перспектыве – беларускамоўная і іўрытамоўная версіі.

Адрас сайта http://belembassy.co.il/

Паводле прэс-службы пасольства Беларусі ў Ізраілі і http://www.souz.co.il/belzem

Сустрэча ў ізраільскім “Беларускім лесе”

Больш за 50 год сустракаюцца выхадцы з Беларусі ў “Беларускім лесе” ў Ізраілі. 52-ая штогадовая сустрэча адбылася 8 красавіка. Яна была арганізаваная Усеізраільскім аб’яднаннем выхадцаў з Беларусі на чале з Міхаілам Альшанскім.

Сустрэча пачалася з хвіліны маўчання. Такім чынам удзельнікі ўшанавалі нядаўна памёрлых сяброў аб’яднання.

На сустрэчы выступаў пасол Беларусі ў Ізраілі Ігар Ляшчэня. Ён заявіў пра намер ва ўзаемадзеянні з аб’яднаннем дабівацца ад ізраільскага боку пазітыўнага вырашэння пытання, звязанага з пагадненнем пра ўзаемныя паездкі, якое накіравана, найперш, на абарону інтарэсаў беларускіх ізраільцянаў.

У сустрэчы брала ўдзел каля 5 тысячаў чалавек.

Паводле прэс-службы пасольства Беларусі ў Ізраілі

Даўгаўпілс, Латвія

Выстава да юбілею беларускага тэатра ў Даўгаўпілсе

У Цэнтры беларускай культуры ў Даўгаўпілсе адбылася выстава “Беларускаму тэатру – 85”, які існаваў амаль стагоддзе таму ў тагачасным Дзвінску. Матэрыялы для выставы былі прадстаўлены сябрам таварыства “Уздым” гісторыкам Міколам Паўловічам з асабістага архіву.

Да выставы была прымеркавана таксама прэм’ера камедыі “Мікітаў лапаць”. Яе падрыхтавалі самадзейныя артысты таварыства “Уздым”. На працягу ўжо некалькіх гадоў у таварыстве існуе калектыў удзельнікаў народных каляндарных святаў і тэатральных пастановак пад кіраўніцтвам Галіны Сантоцкай. Калектыў спрабуе адрадзіць добрую традыцыю, калі ў горадзе пры тагачаснай беларускай дзяржаўнай гімназіі існаваў і плённа працаваў беларускі народны тэатр, а маладыя артысты гэтай гімназіі, дзякуючы падтрымцы Яна Райніса, былі запрошаны для выступу ў тэатры ў Рызе.

У гэтым годзе ў Цэнтры беларускай культуры плануецца стварыць краязнаўчы куток, дзе стала будуць дзейнічаць аўтарскія выставы Міколы Паўловіча, прысвечаныя гісторыі беларусаў Латгаліі.

Таццяна Бучэль, Даўгаўпілс

Рыга, Латвія

У Гомель – на самалёце

З 26 сакавіка гэтага года латвійская авіякампанія “АіrBaltic” пачала рабіць прамыя рэйсы ў Гомель, другі па памерах горад Беларусі. Гэты маршрут стане другім прамым рэйсам “АіrBaltic” у Беларусь. Да гэтага часу самалёты з Рыгі ажыццяўлялі палёты толькі ў Мінск.

Спачатку латвійская авіякампанія будзе здзяйсняць прамыя палёты ў Гомель тры разы на тыдзень – па панядзелках, серадах і пятніцах. Працягласць палёту складзе 1 гадзіну 50 хвілін.

Кошт білета ў адзін кірунак – ад 49 латаў, з улікам збораў аэрапортаў.

Паводле www.svitanak.lv

Вільня, Літва

У Вільні прэзентавалі “Плошчу”

16 красавіка кнігу з бібліятэкі Радыё “Свабода” “Плошча” прадставілі ў Вільні. Імпрэза адбылася з нагоды Дня салідарнасці ў Беларускім Доме правоў чалавека ў Вільні.

Журналіст Аляксандр Лукашук распавёў пра гісторыю стварэння кнігі: “Беларуская служба Радыё “Свабода” чатыры гады таму ўпэўнілася ў неабходнасці выдавання, друкавання некаторых сваіх перадач у выглядзе кнігаў. Гэта выклікана, перш за ўсё, той акалічнасцю, з якой сутыкаюцца ўсе замежныя радыёстанцыі, якія вяшчаюць на Беларусь, у тым ліку і Радыё “Рацыя”, і “Еўрапейскае Радыё”, і “BBC”, “Голас Амерыкі” ці “Deutsche Welle”. Справа ў тым, што ніводная з гэтых радыёстанцыяў не мае рэтранслятара ў Беларусі”.

“Плошча” з’яўляецца дванаццатай у серыі кніг “Свабоды”.

Аляксандр Лукашук кажа: “Кніга “Плошча” — гэта калекцыя рэпартажаў, інтэрв’ю, паведамленняў, якія выйшлі ў эфір “Свабоды” на другі дзень пасля прэзідэнцкіх выбараў, 20 сакавіка 2006 года. Трэцюю частку кнігі складаюць каляровыя фотаздымкі, таму што зараз рэальнасць кожнай радыёстанцыі, у тым ліку і “Рацыі”, і “Свабоды”, гэта інтэрнэт, і ў інтэрнэце таксама друкуюцца фотаздымкі”.

Неардынарная падзея сабрала поўную залу гледачоў, сярод якіх былі віленскія беларусы, студэнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту і журналісты.

Перад гледачамі выступілі асобы, якія спрычыніліся да стварэння кнігі. Рэдактар кнігі Сяргей Дубавец расказаў пра ўласнае стаўленне да выдання: “Нутро традыцыйнага рэдактара пратэстуе супраць таго, каб з кніжкі рабіць нейкае падабенства інтэрнэту, дзе з усіх бакоў усё напіхана, адно пераходзіць у другое, спасылаецца, старонкі падзеленыя там на восем кавалкаў…” Ён не стаў адназначна акрэсліваць значэнне і ролю кнігі, гэтаксама як і падзеі, што сталіся нагодай для яе стварэння: “Шчыра скажу, што я не браўся б сёння ацэньваць… Я лічу, што кніжка гэтая ўдалася, але.. мы зможам гаварыць штосьці рацыянальнае, гадоў праз дваццаць”.

С. Дубавец – не толькі рэдактар, але і чалавек, які знаходзіўся на Плошчы і эмацыйна прапускаў тыя падзеі праз сябе: “Акрамя таго, што гэта мая прафесійная праца – рэдактура, зразумела, я адчуваў, што адбываецца вялікая падзея, якая мусіць застацца ў гісторыі і, бадай, цяжка прыдумаць нейкую іншую форму, чым даць храналогію, даць жывыя галасы, даць выказванні, што называецца, “з калёс”, беларускіх мысляроў, паэтаў, музыкаў”.

Гісторык Сяржук Вітушка выказаў сваё меркаванне пра падзеі, апісаныя ў кнізе “Плошча”: “Вельмі добра, што гэтая кніжка выйшла. Вось трымаю такую тоўстую цагліну, сам ужо не прачытаю, буду прасіць дачку, каб прачытала. Тым людзям, хто стаяў на Плошчы, гэта будзе вялікай дапамогай, каб і гэтай вясной выйсці, і праз вясну выйсці.

Ці не безадказна сёння абяцаць хуткую перамогу, што вось яшчэ адзін рывок, яшчэ адно напружанне сілаў — і заўтра адбудзецца рэвалюцыя, і ўсё зменіцца. Баюся, што гэта сапраўды безадказна, што трэба навучыцца цярпець і верыць, што нас чакае доўгае лячэнне ад гэтай раны”.

Пісьменнік Уладзімір Арлоў, адзін з аўтараў кнігі, узгадаў падзеі, сведкам якім быў ён сам: “Для ўсіх, хто там быў, напэўна, гэтыя дні сталі ці не галоўнымі ў жыцці. Я памятаю, як у першую ноч, калі былі пастаўленыя намёты, мы з Алесем Лукашуком а палове другой прыехалі і налічылі семнаццаць намётаў. Мы купілі кветкі і цукеркі, і я звярнуў увагу, што, пакуль мы выйшлі з таксі і дайшлі да жанчын, якім хацелі падараваць гэтыя кветкі, кветкі змерзлі, так было холадна”.

Паводле Радыё “Рацыя” і Радыё “Свабода”

Імпрэза з нагоды гадавіны Чарнобыльскай аварыі

28 красавіка ў Таварыстве беларускай культуры Літвы (ТБК) адбылася імпрэза, прысвечанай гадавіне Чарнобыльскай аварыі.

Ад самага пачатку выступіў журналіст Андрусь Старавойтаў, які быў сведкам гэтых падзей 21 год таму.

У залі панаваў адпаведны настрой, які перадавала аздабленне: на ярка зялёным фоне, які так блізкі да веснавой зеляніны, раскіданыя рознакаляровыя кветкі — сярод якіх некалькі чорных (аўтар – мастачка Крысціна Балаховіч).

У другой частцы імпрэзы, прысвечанай паэтычнай творчасці сяброў ТБК, прысутныя пачулі творы Веры Хамянюк. Аўтарка прачытала яшчэ нідзе не друкаваныя вершы, у тым ліку і пра Чарнобыль.

Як заўсёды, змястоўна і цікава выступіў журналіст Алесь Адамковіч. Ён расказаў пра святара Ідэльфонса Бобіча, які працаваў у Kафедральным касцёле ў Вільні і службу праводзіў па-беларуску. Але, на жаль, уладам гэта не падабалася, і доўга працаваць яму не далі.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Юры Гіль прадэкламаваў некалькі сваіх вершаў і паведаміў прысутным, што дзякуючы яго намаганням, бібліятэцы ў Савічунах, што каля Вільні, нададзена імя класіка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча. Такім чынам у Літве ушанавана памяць слыннага беларускага асветніка.

К. Барсучок, Вільня

Варшава, Польшча

У Варшаве ўшанаваная памяць прадзеда Паўла Севярынца

На Радаўніцу беларусы, якія жывуць у Варшаве, ушанавалі памяць беларусаў, пахаваных у польскай сталіцы. Упершыню была ўшанаваная памяць прадзеда Паўла Севярынца – Міхаіла Буцькі, чыю магілу знайшлі напярэдадні варшаўскія беларусы.

Наведванне могілак, дзе пахаваныя беларусы, пачалося практычна ад самай раніцы – трэба было патрапіць у розныя часткі польскай сталіцы. Беларусы (а гэта былі пераважна маладыя людзі – студэнты і аспіранты) ушанавалі памяць мінскага ўніяцкага святара і беларускага дзеяча Вацлава Аношкі, генерала Станіслава Булак-Балаховіча і ягоных жаўнераў, былога кіраўніка СБМ у Наваградку Янкі Жамойціна.

Сёлета маладыя беларусы, якія жывуць у Варшаве, зрабілі адкрыццё: паводле словаў адной з удзельніц акцыі Насты Ільіной, у польскай сталіцы пахаваны прадзед Паўла Севярынца – праваслаўны святар айцец Мітрафан, свецкае імя – Міхаіл Буцька.

Каля кожнай магілы былі прачытаныя малітвы і запаленыя свечкі.

Паводле Радыё “Свабода”

У Варшаве прайшоў Тыдзень беларускай культуры “Minsk Mixt”

У Варшаве завяршыўся Тыдзень беларускай культуры “Minsk Mixt”, цягам якога ў польскай сталіцы гучала беларуская музыка. Гралі знакамітыя рок-музыкі – Ігар Варашкевіч, Сяржук Трухановіч, Піт Паўлаў. Выступалі паэты, празаікі ды перакладчыкі, былі арганізаваныя кінапаказы. Ва ўсіх мерапрыемствах маглі ўзяць удзел і наведнікі імпрэзаў: напрыклад, адбыўся кароткі курс старажытнага танца пад музыку гурту “Стары Ольса”.

Галоўны арганізатар праекту, кіраўнік польскага фонду “Беларуская ініцыятыва” Уладзімір Міхневіч распавёў: “Беларуская ініцыятыва”, пачынаючы сваю дзейнасць у якасці грамадскай арганізацыі ў 2004 годзе, старалася вызначыць, што беларусы, якія жывуць у Варшаве, могуць паказаць варшавянам. То бок тым асобам, з якімі мы штодня сутыкаемся на працы, з якімі маем прыяцельскія стасункі. Ідэя рэпрэзентаваць беларускую культуру нарадзілася даўно. Не хаваю, што арганізаваць нешта падобнае каштуе вялікіх высілкаў. Разумовых, канцэптуальных і нават звычайных фізічных. Патрэбна дапамога. Таму мы, ужо як Фонд “Беларуская ініцыятыва” (калісьці мы былі нефармальным аб’яднаннем), зразумелі, што трэба знайсці партнёраў. Якіх не заўсёды ўдаецца пераканаць сваімі ідэямі. Трэба ісці на кампраміс. Таму наша першапачатковая ідэя істотна змянілася”.

Спачатку была ідэя арганізаваць мясцовы варыянт “Дударскага фэсту”, які адбываецца ў Мінску. Але арганізатары адмовіліся ад гэтага, бо хацелі зацікавіць імпрэзай не толькі аматараў дудаў.

Апроч прэзентацыі беларускай культуры на мэце ў арганізатараў Тыдня было яшчэ і “аб’яднаць беларускія асяродкі, якія б нам дапамагалі не як арганізатары, а як звычайныя людзі. Гэта можна назваць спробаю аб’яднаць беларускую дыяспару. Але гэта моцна сказана. Нам удалося падключыць да працы шмат якіх прыватных асобаў. І я лічу гэта поспехам, – заўважыў спадар Міхневіч. – Бо мы разварушылі такім чынам беларускае асяроддзе. Жывучы ў чужой краіне, чалавек дастасоўваецца да мясцовага менталітэту. Але яму чагосьці бракуе. Мы ведаем, што беларускія мастакі, музыкі маюць нейкія абсурдныя праблемы ў арганізацыі канцэртаў, выставаў. Творчы чалавек не можа так жыць. Яго гэта душыць. Мы вырашылі прапанаваць выступіць беларускім творцам тут, у Варшаве. Стварыць духоўную адтуліну. Але гэта таксама дазволіла беларусам аб’яднацца на нейкім агульным культурным кантэксце”.

Адным з партнёраў Тыдня было навуковае кола “Альбарутэніка”, якое гуртуе студэнтаў розных факультэтаў Варшаўскага ўніверсітэту, што займаюцца даследаваннем беларускай праблематыкі і проста цікавяцца Беларуссю. Яшчэ адным арганізатарам Тыдня выступіла галерэя “Зоя”, што паўстала з ініцыятывы беластоцкага беларуса, які жыве ў Варшаве.

Асаблівая падзяка арганізатараў Тыдня беларускай культуры, як ні дзіўна гэта гучыць, галандцам. “Мы вельмі ўдзячныя амбасадзе каралеўства Нідэрланды, якая з’яўляецца галоўным спонсарам нашага мерапрыемства. Я шчыра ўдзячны галандцам менавіта за распаўсюджванне ведаў пра Беларусь у краінах еўрапейскай супольнасці”, – сказаў У. Міхневіч.

Паводле “Польскага радыё для замежжа”

Ушанаваная памяць Янкі Жамойціна

У красавіку адзначаюцца ўгодкі смерці Яна Жамойціна (1922–2003) – беларускага грамадскага дзеяча, літаратара, ветэрана нацыянальнага руху. Беларусы, якія жывуць у Варшаве, ушанавалі ягоную памяць, наведаўшы магілу спадара Жамойціна ў польскай сталіцы.

Янка Жамойцін памёр у 2003 годзе па дарозе з Польшчы ў Беларусь.

Ён нарадзіўся на Лідчыне ў 1922-м годзе. Падчас вайны кіраваў Наваградскай акруговай арганізацыяй СБМ. Пасля вайны быў асуджаны на 25 гадоў лагеру ў Польшчы.

У 1990-я гады выдаў у Беластоку ўспаміны “З перажытага”.

Паводле Радыё “Свабода”

Венграў, Польшча

У Польшчы адбыўся пленэр з удзелам беларускіх мастакоў і скульптараў

У польскім горадзе Венграў з 20 па 29 красавіка праходзіў пленэр з удзелам беларускіх мастакоў і скульптараў. Ён быў арганізаваны мецэнатам, польскім прадпрымальнікам Адамам Гурэцкім сумесна з мэрыяй Венграва.

Як паведаміў БелаПАН удзельнік пленэру, вядомы жывапісец, грамадскі дзеяч, кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Аляксей Марачкін, у творчай акцыі былі заняты мастакі і скульптары з Мінска і Брэста, у тым ліку Ігар Марачкін, Алесь Пушкін, Аксана Гайдуковіч, Зміцер Капач і Аляксей Паўлючык, а таксама прадстаўнікі Літвы, Польшчы і Украіны.

Паводле А. Марачкіна, творчая акцыя праводзіцца ў горадзе, заснаваным у 1300 годзе на мяжы Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага: “У сваіх працах удзельнікі пленэру адлюстроўваюць мясцовыя ландшафты, помнікі гісторыка-культурнай спадчыны і партрэты. Прычым кожны з мастакоў павінен пакінуць гаспадарам па два творы”.

Вынікі пленэру будуць прадстаўлены на выставе ў самым старым будынку Венграва – помніку архітэктуры ХVІІ стагоддзя Доме Гданьскім, а таксама ў адной з мастацкіх галерэяў Варшавы.

Паводле www.naviny.by

Кракаў, Польшча

Дні беларускай культуры ў Кракаве

З 23 па 24 красавіка ў Кракаве праходзілі IV Дні беларускай культуры. За 4 гады існавання фестываль набыў вялікую папулярнасць сярод жыхароў культурнай сталіцы Польшчы.

Сёлета ў фестывалі бралі ўдзел прадстаўнікі беларускіх і польскіх палітычных партыяў, старшыня непрызнанага афіцыйнымі ўладамі Беларусі Саюзу палякаў Анжаліка Борыс, яе намеснік Юзэф Пажэцкі, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы Алег Латышонак, дэпутат Еўрапейскага парламенту, загадчык Дэлегацыі па справах адносінаў з Беларуссю Богдан Кліх. Выступалі беларускія гурты “Таварыш Маўзер” і “Троіца”. Гарадзенка Кацярына Межавец прадставіла фотавыставу “Тутэйшыя”, а рэжысёр Юрый Хвашчавацкі паказаў свой фільм “Плошча”.

“Асноўнай мэтай правядзення мерапрыемства першапачаткова было знаёмства з культурным жыццём Беларусі, — зазначыў адзін з каардынатараў фестывалю Генадзь Семянчук. — Сёння пра Беларусь кажуць шмат і часта. Але адна справа некалькі разоў пачуць, а ўжо зусім іншая — убачыць на ўласныя вочы. Таму мы імкнуліся пазнаёміць польскі бок з рознымі праявамі культурнага жыцця нашай краіны. Тым больш, што Кракаў – горад рэпрэзентатыўны, тут вельмі часта праводзяцца дні культуры Славакіі, Чэхіі і г.д. Вось мы і падумалі: а чым Беларусь горш? Чаму б не арганізаваць штосьці падобнае?

Адзіная праблема палягала ў тым, што ў адрозненні ад іншых еўрапейскіх краінаў мы не мелі аніякай дапамогі з боку амбасады Беларусі. Безумоўна, вельмі вялікую падтрымку аказвае нам адміністрацыя Ягелонскага ўніверсітэту: рэктар прафесар Францішак Зейка; прафесар, дырэктар Інстытуту ўсходнеславянскай філалогіі Гжэбош Пшыбіна (галоўнымі арганізатарамі фестывалю сёлета выступала студэнцкае аб’яднанне гэтага ўніверсітэту “У кола Расеі”). Зразумела, што пры ўдзеле прадстаўніцтва афіцыяльнага Мінска мы маглі б зрабіць нашмат больш, але, тым не менш, нават сённяшні вынік кажа сам за сябе”.

А вынікі насамрэч неблагія. Палякі з задавальненнем наведвалі сустрэчы, прэзентацыі і канцэрты. Вялікую зацікаўленасць выклікаў фільм Юрыя Хвашчавацкага “Плошча”. “На сённяшні момант СМІ ўжо не маюць такога ўплыву, як мелі колькі гадоў таму. Фільм — справа зусім іншая: пабачыць, параўнаць, зразумець можна нашмат больш. Да таго ж, сваім фільмам я імкнуўся паказаць рэальнае жыццё беларусаў на кантрастах і канкрэтных прыкладах”, — падкрэсліў рэжысёр.

Падчас правядзення фестывалю адбыліся прэзентацыі кніг Алега Латышонка (“Ад белых русаў да беларусаў”), Малгажаты Ноцунь і Анджэя Бжэзецкага (“Беларусь — бульба і джынсы”). “У сваёй кнізе мы хацелі паказаць трагічны лёс Беларусі — усе здолелі змяніць сітуацыю ў сваіх краінах, а беларусы засталіся абсалютна ў іншай кропцы гісторыі Еўропы. З-за гэтага, пэўна, кніга атрымалася крыху песімістычнай”, — акрэсліла танальнасць сваёй кнігі М. Ноцунь.

За колькі гадоў існавання фестывалю палякі мелі магчымасць пазнаёміцца з рознымі праявамі культурнага жыцця Беларусі, бо акрамя праблемаў палітычных падымаліся праблемы культурныя і сацыяльныя: праблемы развіцця і існавання беларускай мовы, развіцця беларускай літаратуры, беларускай грамадскасці.

“Мы імкнуліся запрашаць на фестываль дзеячаў з розных сфераў: мастацтва, палітыкі, навукі. У мерапрыемстве бралі ўдзел бард Віктар Шалкевіч, спявак Зміцер Вайцюшкевіч, гурт з Беласточчыны “Рыма”, рэдакцыйныя калектывы газеты “Наша Ніва” і часопісу “ARCHE”, лялечны тэатр з Гародні са спектаклем “Тутэйшыя”, доктар Алег Латышонак, філосаф Пётр Рудкоўскі і шмат яшчэ хто. За што ім вялікі дзякуй”, — зазначыла спн. М. Ноцунь.

Вялікі інтарэс сярод моладзі выклікаюць канцэрты сучаснай беларускай музыкі. Студэнты з Польшчы, Балгарыі, Славакіі і ішых краінаў з задавальненнем слухалі і набывалі дыскі беларускіх гуртоў.

“Мы як прадстаўнікі сучаснай культуры на Беларусі з задавальненнем прынялі запрашэнне паўдзельнічаць у фестывалі. Вельмі важна, каб па-за межамі краіны ведалі, што беларуская мова існуе і гучыць, што беларуская мова — гэта не толькі Купала і Колас, але жывая цікавая музыка, асэнсаваныя песні. Таму сёння мы тут і спадзяемся на разуменне нашай творчасці з польскага боку”, — паведамiў Ян Маўзер, фронтмэн магілёўскага альтэрнатыўнага гурту “Таварыш Маўзер”.

І сапраўды, беларуская музыка знайшла свайго слухача ў Польшчы. Маладыя людзі танчылі, падпявалі і ўвесь час пыталіся, дзе можна набыць дыскі “файных гуртоў з Беларусі”.

“Мы маем намер працягваць правядзенне фестывалю штогод, тым больш, гэта стала ўжо традыцыяй. Асноўнае, чаго б нам вельмі хацелася, каб існаваў нейкі адзіны агульнапольскі цэнтр па падрыхтоўцы такіх мерапрыемстваў. Справа нялёгкая, і нашмат прасцей было б яе рабіць у супрацоўніцтве з рознымі арганізацыямі і суполкамі. Так мы змаглі б рабіць Дні беларускай культуры яшчэ больш насычанымі і цікавымі. Але, канешне, важная для нас і ініцыятыва беларускага боку”, — падкрэсліў спадар Семянчук.

Паводле www.naviny.by

Масква, Расія

Дзень Салідарнасці ў Маскве

16 красавіка 2007 г. грамадзяне Беларусі і Расіі правялі Дзень Салідарнасці з палітвязнямі, рэпрэсаванымі ў Беларусі людзьмі.

Удзельнікі акцыі ўшанавалі памяць зніклых палітыкаў. Былі падрыхтаваныя і перададзеныя ў амбасаду патрабаванні да ўладаў Беларусі, сярод якіх – вызваленне ўсіх палітвязняў, правядзенне адкрытых расследаванняў па справах знікненняў палітыкаў і аператара АРТ Дзмітрыя Завадскага.

Масквічы і госці расійскай сталіцы ахвотна прымалі ў падарунак дыск з фільмам “Плошча”, задавалі шмат пытанняў.

Пасля пікету грамадзяне Беларусі і Расіі па традыцыі ўсклалі кветкі да помніку Янку Купалу.

Адгэтуль акцыі Салідарнасці будуць праходзіць у Маскве 16-га чысла кожнага месяца.

Паводле www.maskva.net і community.livejournal.com/by_politics/

Новасібірск, Расія

Беларускі фестываль-конкурс дзіцячай творчасці

У Новасібірску ў пачатку красавіка прайшоў беларускі фестываль-конкурс дзіцячай творчасці “Ад Палесся да Сібіры нясіце буслы вясну!”. Арганізатарамі выступілі дэпартамент культуры і абласны новасібірскі Цэнтр беларускай культуры.

Арганізатары адзначылі, што на гэты раз яны зрабілі стаўку на моладзь, бо менавіта ёй патрэбна вывучаць і развіваць традыцыі свайго народу. На іх думку, галоўная стратэгічная задача фестывалю – абуджэнне ў маладога пакалення цікавасці да сваіх каранёў.

Вядучыя на адкрыцці свята звярнуліся да ўдзельнікаў: “Назва фестывалю невыпадковая, таму што буслы нясуць дабрыню, шчасце і мір на зямлю. І вы, дзеці, – нашыя буслы. Сёння вы зляцеліся, каб падзяліцца сваімі здольнасцямі спяваць, танчыць, сябраваць адзін з адным. А прылёт бусла – гэта прыход вясны, абуджэнне ўсяго жывога ў прыродзе”.

Усяго дзетак-удзельнікаў было больш за 200 чалавек, яны прыехалі на фестываль з дванаццаці раёнаў Новасібірскай вобласці. Удзельнікі былі самага рознага ўзросту: ад першакласнікаў да выпускнікоў школаў.

Залу і фае ўпрыгожвалі выявы буслоў – птушак-сімвалаў Беларусі. А ўсе ўдзельнікі былі апранутыя ў касцюмы, расшытыя рускім ці беларускім арнаментамі.

Адборачныя туры спачатку прайшлі ў раёнах вобласці, а ў Новасібірск прыехалі самыя лепшыя. Але і тут на апошнім этапе, ужо сярод лепшых, натуральна, была свая канкурэнцыя.

Спачатку выступілі танцоры, потым спевакі, вакальныя ансамблі, гучалі народныя песні, а таксама і творы беларускіх кампазітараў. І трэба было бачыць вочы гледачоў, асабліва людзей старэйшага пакалення, якія былі сапраўды ўдзячныя юным артыстам за магчымасць хаця б у думках пабыць на далёкай Радзіме.

Гледачы прабачалі артыстам памылкі ў мове. Яны разумелі, што немагчыма чакаць ад дзяцей, якія нарадзіліся ў Сібіры, бездакорнага валодання мовай продкаў.

На недахоп рэпертуарных зборнікаў скардзіліся кіраўнікі самадзейных калектываў з сельскіх раёнаў. І гэта яшчэ адзін галаўны боль дырэктара Цэнтра беларускай культуры Ніны Кабанавай. Дзякуючы ініцыятыве Цэнтру, сетка філіялаў у вобласці пашыраецца. Дапамогу ў забеспячэнні беларускай дыяспары ў Расіі метадычнай літаратурай аказвае Міністэрства культуры Беларусі і іншыя рэспубліканскія інстанцыі, а ў Новасібірску яшчэ і бібліятэка нацыянальных літаратур. Але гэтага недастаткова.

А дзецям, якія дазналіся пра свае карані, хочацца даведацца болей, пабываць на гістарычнай радзіме. Летам мінулага года Цэнтру беларускай культуры для ансамбля “Крынічка” ўдалося арганізаваць паездку ў Беларусь. Спадзяемся, праз нейкі час можна будзе павіншаваць і другія калектывы, тым больш, яны гэта заслужылі. Напрыклад, вакальны ансамбль “Вясёлка” ЦДТ “Содружество” (кіраўнік Людміла Кашчэева) ці танцавальны ансамбль “Надежда” з Калывані (кіраўнік Аляксандр Шульц). Менавіта яны атрымалі Гран-пры фестывалю.

У дадатак да ўзнагародаў усім прызёрам было абяцана запрасіць з Беларусі спецыялістаў па песеннай і харэаграфічнай народнай творчасці дзеля арганізацыі майстар-класаў. Гэта рэальная задача Цэнтру, але патрэбныя сродкі і іншая дапамога.

Калі бачыш юных артыстаў на сцэне, разумееш, што нацыянальнае, сваё ўсё ж мацней. Гэтая ўпэўненасць нараджаецца ў людзях на кожным такім свяце, а значыцца, падобныя фестывалі надзвычай патрэбныя.

Людміла Бяляўская

Сыктыўкар, Расія

10 год дзейнасці “Беларусі”

Дзесяцігоддзе дзейнасці адзначыла Нацыянальна-культурная аўтаномія Рэспублікі Комі “Беларусь”. Сваімі ўражаннямі падзяліўся бяззменны кіраўнік аўтаноміі Аркадзь Крупенька.

“На святкаванне сабраліся 780 чалавек. Распачалося ўсё з афіцыйнай часткі, на якой выступілі прадстаўнікі ўлады, кіраўнікі ўкраінскай аўтаноміі, нямецкай і інш. Усе яны вельмі станоўча ацанілі нашу работу.

Мы ж падрабязна не аналізавалі работу, але ж пазначылі яе асноўныя напрамкі, назвалі рупліўцаў. Падкрэслілі, што не хочам спыняцца на дасягнутым, зробім нашу працу яшчэ больш разнастайнай.

На сцэну запрасілі і актывістаў нашай аўтаноміі. Яны ўсе былі ўзнагароджаныя ганаровымі граматамі за плённую працу.

Афіцыйная частка доўжылася больш чым дзве гадзіны. Пасля яе заканчэння распачаўся канцэрт. Ён быў цалкам падрыхтаваны сіламі нашай аўтаноміі”.

Сп. Крупенька падвёў таксама вынікі работы аўтаноміі за 10 год: “Па складзе, разнастайнасці і напрамках працы наша беларуская аўтаномія лічыцца лепшай у рэспубліцы. Але мы не спыняемся на дасягнутым. Кожны год дадаем да плана нашай работы яшчэ 2-3 пункты. Напрыклад, праводзім цыкл сустрэчаў “Як мы ведаем сваю Беларусь”, арганізавалі сустрэчу на тэму “Беларуская сям’я на Поўначы”, у лютым адбылася сустрэча “Успаміны пра вайну”, правялі вечар беларускага касцюма. Таксама адзначаем усе беларускія святы, не забываем і пра юбілеі актывістаў.

На жаль, колькасць беларусаў у Комі зніжаецца, на гэта паказваюць і перапісы: калі ў 1989 годзе паводле перапісу беларусаў было 27 000, то згодна з апошнім перапісам 15 000. Прычынай таму і змена пакаленняў: нарадзіліся ўжо дзеці і ўнукі, якія Беларусі не ведаюць. Акрамя таго, старэйшае пакаленне выходзіць на пенсію і пераязджае ў сярэднюю паласу – у Бранск, Смаленск. А ёсць і тыя, хто пераязджае і ў саму Беларусь. Прытоку ж сюды беларусаў няма. Раней ехалі за “доўгім” рублём, зараз сітуацыя змянілася”.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

Дыяспара занепакоеная прыпыненнем выхаду “Голасу Радзімы”

З лістом да ўпаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Савета міністраў Беларусі Леаніда Гулякі звярнуліся беларусы Комі. Як распавёў кіраўнік Нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусь” Аркадзь Крупенька, прычынай звароту стала прыпыненне выхаду газеты “Голас Радзімы”.

Па ягоных словах, гэтая газета была мостам паміж Беларуссю і дыяспарай. І зараз выдання вельмі не хапае. Сп. Крупенька адзначае, што хацелася б, каб выхад газеты аднавілі.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Томск, Расія

“Радзіма мая – Беларусь”

Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Томска правяла фестываль беларускай культуры “Радзiма мая – Беларусь”. Сваімі ўражаннямі падзялілася кіраўнік праўлення Нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Томска Любоў Адаскевіч.

“Цудоўна ўсё прайшло, – узрушана зазначыла яна. – У нас былі Цюмень, Іркуцк, Беларусь, Кемерава, Паўладар, Новасібірск”. Яна таксама згадала, што многія называлі менавіта іх мерапрыемства лепшым у шэрагу падобных. І гэта зразумела, ужо па насычанай праграме было бачна, колькі сіл і энергіі ўклалі ў працу арганізатары.

Агулам за тры дні беларусы Томска паспелі правесці 15 мерапрыемстваў, і не толькі ў Томску, але і па ўсёй вобласці.

Любоў Адаскевіч адзначыла: “Яшчэ адна мэта нашага фестывалю была – прыцягнуць як мага большую колькасць беларусаў. І яна была дасягнутая, у кожнай вёсцы выявіліся беларусы. На сёння мы – Нацыянальна-культурная аўтаномія Томска. Але з’явілася надзея стварыць аддзяленні і на тэрыторыі вобласці”.

Пры гэтым, па яе словах, па ўсёй Томскай вобласці ў фестывалі бралі ўдзел многія, а яшчэ больш людзей яго паглядзела: “Толькі ў першы і апошні дзень на сцэну выходзілі каля 200 артыстаў, спевакоў і музыкаў. А залі збіраліся поўныя, дзе па 400, дзе па 600 чалавек. Народ не хацеў разыходзіцца”.

У ліку мерапрыемстваў былі канцэрты, выстава скульптара Ігара Лебедзя па матывах беларускай прыроды і песняў “Песняроў”, выстава вырабаў з саломкі, канферэнцыі, майстар-класы і шмат чаго яшчэ.

Падчас фестывалю беларусы адкрылі “Беларускую хатку”. Паводле спн. Адаскевіч, “хатка” стаіць у мясцовым краязнаўчым музеі, і адтуль ужо прыйшла падзяка беларусам за цудоўную экспазіцыю. Каб паглядзець на аздабленне беларускай хаты, людзі ідуць і ідуць. “Праз “Беларускую хатку” прайшлі таксама ўсе нашы госці, – распавяла Л. Адаскевіч. – Грала беларуская музыка, дэманстраваўся фільм “Паўлінка”, можна было пакаштаваць беларускія стравы. У музеі “хатка” прабудзе да чэрвеня-ліпеня, а потым, мы спадзяемся, стане адным з экспанатаў нацыянальнай вёскі. Яна будуецца пад патранажам губернатара, і там будзе прадстаўленая кожная нацыянальнасць, прадстаўнікі якой жывуць у Томскай вобласці”.

На фестывалі панавала такая цёплая атмасфера, што ўдзельнікі калектыва, які прыехаў з далёкай Беларусі, адзначалі: “Вось мы так далёка, а адчуваем сабе як дома”. Развітвацца ж не хацеў ніхто.

Па словах Л. Адаскевіч, пасля такога добрага пачатку ёсць спадзяванне на плённы працяг. Але трэба будзе шукаць зноў фінансаванне. Таксама яна адзначыла, што фестываль у Томску, магчыма, стане добрым штуршком для другіх суполак беларусаў.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Кіеў, Украіна

У Кіеве салідарныя з Беларуссю

У Кіеве 16 красавіка прайшла акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі і сем’ямі зніклых людзей.

Паўтары дзесяткі чалавек паставілі свечкі і партрэты зніклых і арыштаваных беларусаў на вуліцы каля беларускага пасольства. Больш за гадзіну яны размаўлялі з мінакамі, распавядаючы пра сітуацыю з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі. Скончылася акцыя хвілінай маўчання.

Паводле Радыё “Свабода”

Прага, Чэхія

У Празе адбыўся паказ фільма “Плошча”

18 красавіка ў Празе на філасофскім факультэце Карлава ўніверсітэту быў прадэманстраваны фільм “Плошча” Ю. Хашчавацкага. Паказ быў часткай суправаджальнай праграмы да выставы “Выбары без выбару – Беларусь, сакавік 2006 г.”.

Пасля паказу адбылася дыскусія з удзельнікамі паслявыбарчых пратэстаў Наталляй Лініцкай, журналістам Радыё “Свабода” Валерам Каліноўскім і палітолагам Аляксандрам Лагвінцом.

Паводле charter97.org

Стакгольм, Швецыя

У Швецыі выйшла першая п’еса пра Беларусь

У канцы красавіка з друку выйшла кніга “Неадкрытая краіна. Пяць п’ес Якаба Хірдваля”. Сярод іншых у кнізе ёсць і п’еса пад назвай “Верабей з Мінска”. Гэта першая шведская п’еса пра Беларусь.

Якаб Хірдваль працуе загадчыкам літаратурнай часткі Каралеўскага драматычнага тэатра ў Стакгольме. Піша п’есы, перакладае. “Неадкрытая краіна” – яго першая кніга.

Праграму пра першую шведскую п’есу пра Беларусь можна паслухаць на сайце www.radiobelarus.se цягам месяца.

Дзмітры Плакс

ВЕСТКІ

Грамадства

Далейшае развіццё атрымалі падзеі, звязаныя з магчымай перабудовай мінскага помніку архітэктуры кляштара бернардынцаў у гатэль. Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Беларусі ўхваліла перадпраектную прапанову па яго прыстасаванні пад гасцінічны комплекс.

Аўтары праекту – спецыялісты прадпрыемства “Мінскпраектрэстаўрацыя”. Яны мяркуюць актыўна выкарыстаць падземную прастору для размяшчэння паркоўкі, спартова-аздараўленчага, дзелавога цэнтраў. Будзе захаваная дваровая прастора. Аўтары праекту адмовіліся ад першапачатковай ідэі выкарыстання шкла ў афармленні фасадаў, нехарактэрнай для таго часу лініі “ламаных” стрэх.

Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада прапанавала завяршыць навукова-даследчыя працы, дапрацаваць праект. Пазней ён будзе зноў прадстаўлены на абмеркаванне рады.

Пры гэтым у абарону касцёла і кляштара бернардынцаў сабрана ўжо больш за 8 тысяч подпісаў. Як паведаміў адзін з каардынатараў збору подпісаў Алесь Белы, подпісы збіраюцца не толькі ў Мінску, але і ў шэрагу іншых гарадоў краіны: Віцебску, Полацку, Наваполацку, Оршы, Брэсце, Маладзечна і іншых. “Кампанія, якую ініцыявала мінская абшчына Святога Iосiфа, аб’яднала людзей рознага веравызнання”, – зазначыў сп. Белы. Усе подпісы перадаюцца ў Адміністрацыю прэзідэнта.

З адкрытым лістом у Міністэрства культуры Беларусі і Адміністрацыю прэзідэнта звярнуліся беларускія архітэктары. “Ні ў адной з еўрапейскіх сталіц, якія шануюць сваю гістарычную спадчыну, немагчыма знайсці падобны прыклад размяшчэння ў кляштары забаўляльных аб’ектаў. Тым больш, што ў Мінску такі гістарычны комплекс адзіны”, – адзначаюць яны ў звароце і просяць перагледзець зацверджаную канцэпцыю рэканструкцыі кляштара.

У сеціве распачаў працу сайт www.help.ratz.ru у абарону мінскага кляштара бернардынцаў з касцёлам Святога Іосіфа.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

***

Першы тэлеканал адмовіў Аляксандру Мілінкевічу ў прамым эфіры 25 красавіка.

6 красавіка Аляксандр Мілінкевіч звярнуўся да старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлекампаніі з просьбай прадставіць магчымасць у прамым эфіры абмеркаваць дзейнасць дзяржаўных органаў па пераадоленні наступстваў аварыі на ЧАЭС. Таксама сп. Мілінкевіч прасіў даць магчымасць удзельнічаць у праграме запрошаным ім экспертам і ліквідатарам.

Паводле А. Мілінкевіча, існуюць сур’ёзныя падставы гаварыць пра замоўчванне ўладамі праблемаў, з якімі сутыкаюцца ліквідатары, людзі, што жывуць на забруджаных тэрыторыях, усе грамадзяне Беларусі, якім у выніку палітыкі ўладаў даводзіцца спажываць прадукты харчавання з забруджаных тэрыторый.

Сп. Мілінкевіч заявіў пра тупіковасць сацыяльна-эканамічнай палітыкі беларускіх уладаў, што не дазваляе эфектыўна вырашаць праблемы, а таксама атрымліваць у неабходным аб’ёме міжнародную дапамогу ў справе мінімізацыі наступстваў аварыі.

Старшыня тэлекампаніі ў сваім адказе выказаў сумнеў у кампетэнтнасці А.Мілінкевіча і незалежных экспертаў. Ён сказаў, што ў эфір выйдуць перадачы па чарнобыльскай тэматыцы, у якіх апавядаецца пра тое, што Беларусь адна змагаецца з наступствамі гэтай катастрофы.

Паводле Радыё “Свабода” i ІА “Інтэрфакс”

***

Хрысціяне шматлікіх канфесіяў аб’ядналі свае намаганні і пачалі акцыю па зборы подпісаў, каб падаць у Канстытуцыйны суд Беларусі хадайніцтва аб унясенні зменаў у Закон “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”.

На сайце пратэстанцкай царквы “Новае жыццё” з’явілася адмысловая рубрыка “Кампанія па зборы подпісаў” з усёй неабходнай інфармацыяй.

Чым выклікана ініцыятыва вернікаў? На гэтае пытанне адказвае прэс-сакратар царквы “Новае жыццё” Сяргей Луканін: “Да нас далучыліся і праваслаўныя, і каталікі, і лютэране, бо закон абмяжоўвае правы хрысціянскіх канфесіяў і асобных абшчын. За чатыры гады, пакуль дзейнічаў гэты закон, сабралася шмат фактаў аб парушэннях правоў. Святары розных канфесіяў штрафаваліся, нават былі выпадкі адміністрацыйных арыштаў за правядзенне набажэнстваў. Для таго, каб сабрацца на малітву, патрэбны дазвол чыноўнікаў. З краіны высылаюцца святары-іншаземцы. Адбылася прэзентацыя невялікай кнігі, дзе гэтыя парушэнні сабраныя. Гэта вынікі спецыяльна праведзенага маніторынгу”.

Паводле меркавання вернікаў, шмат якія артыкулы закона супярэчаць артыкулу 31 Канстытуцыі Беларусі, які гарантуе кожнаму грамадзяніну права на свабоднае веравызнанне. Таксама не выконваюцца палажэнні Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

“Свабода сумлення – адно з галоўных правоў кожнага чалавека. Гэтае права дадзенае Богам і замацаванае Канстытуцыяй”, – нагадваюць вернікі і заяўляюць, што бяруць на сябе адказнасць за тое, пры якіх законах будуць жыць іх дзеці.

Паводле “Польскага радыё для замежжа”

***

Праваабаронца Алесь Бяляцкі абраны віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH – The International Federation for Human Rights); штаб-кватэра ў Парыжы. Сесія гэтай арганізацыі праходзіць у Лісабоне.

Незарэгістраваны ў Беларусі праваабарончы цэнтр “Вясна”, лідэрам якога з’яўляецца А. Бяляцкі, стаў сябрам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека ў 2004 годзе.

FIDH — адна з найбуйнейшых і найаўтарытэтнейшых у свеце праваабарончых арганізацый. Яна мае статус назіральніка ў ААН і іншых міждзяржаўных структурах, мае магчымасць выступаць на пасяджэннях ААНаўскіх і іншых органаў. У яе ўваходзіць 141 няўрадавая арганізацыя з усяго свету.

Летась сп. Бяляцкі быў сярод кандыдатаў на атрыманне Нобелеўскай прэміі міру. Таксама ў 2006 годзе ён быў узнагароджаны прэміяй імя Андрэя Сахарава ў Нарвегіі, а ў Чэхіі з рук Вацлава Гавела атрымаў прэстыжную прэмію “Homo homini” (“Чалавек чалавеку”).

Паводле Радыё “Свабода” і “Нашай Нівы”

***

Пагадненне аб стварэнні спадарожнікавага тэлеканала “ТВ Беларусь” падпісалі ў аўторак Грамадскае польскае тэлебачанне і Міністэрства замежных спраў Польшчы. У адпаведнасці з заключаным кантрактам вяшчанне незалежнага каналу на Беларусь пачнецца ў кастрычніку гэтага года, а фінансавацца новае тэлебачанне будзе з рэзервовага бюджэту МЗС Польшчы.

Новы тэлеканал паўстане на базе Польскага грамадскага тэлебачання (TVP) і атрымае 16 мільёнаў злотых (каля 4 мільёнаў еўра) на гэты год. У хуткім часе мае адбыцца афіцыйнае падпісанне загаду аб фармальным стварэнні новага каналу.

Як паведамлялася раней, у праграме тэлеканалу плануюцца выпускі навінаў, штотыднёвыя праграмы – усяго 17 уласных праектаў. Арганізатары каналу маюць намер вяшчаць на тэрыторыю Беларусі 15 гадзінаў у суткі пераважна на беларускай мове.

Вяшчанне будзе ажыццяўляцца з тэрыторыі Польшчы і не будзе насіць прапагандысцкі характар. У праграмную сетку ўжо плануецца ўключыць тэлеперадачы “Навіны дня”, “Беларусь, Беларусь”, “Агляд незалежнай прэсы”, “Пад знакам Пагоні”, “Незалежная сцэна”, “Беларускі андэграўнд”, “Госць тыдня”, “Студэнцкая думка”, “На мяжы” і іншыя.

Стваральнікі тэлеканалу правялі даследаванне, згодна з якім у Беларусі спадарожнікавым тэлебачаннем карыстаюцца 7,2% жыхароў, і іх колькасць пастаянна расце.

Незалежнае спадарожнікавае тэлебачанне для Беларусі, па словах арганізатараў, павінна было пачаць вяшчанне ўжо ў лютым 2007 г.

Кіраўніцтва праекту разлічвала прыцягнуць каля паўмільёна беларускіх тэлегледачоў. Каардынатар праекту Агнешка Рамашэўска паведаміла, што ствараць праграмы для тэлебачання будуць беларускія журналісты.

Паводле www .telegraf .by і www. svaboda. org

***

Беларусь дала згоду на адкрыццё прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Мінску. Пра гэта паведамілі ў офісе еўракамісара па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства Беніты Ферэры-Вальднер.

“Мы атрымалі адказ Міністэрства замежных спраў Беларусі на наш запыт, зроблены ў 2005 годзе, – сказала прэс-сакратар офісу Крысціна Хоман. – Беларускія ўлады прынялі станоўчае рашэнне аб адкрыцці прадстаўніцтва ў Мінску”.

Паводле слоў К. Хоман, наступным крокам будзе абмеркаванне пагаднення паміж Мінскам і Бруселем аб умовах адкрыцця прадстаўніцтва Еўракамісіі.

Даведка: функцыі прадстаўніцтва інтарэсаў Еўракамісіі ў Беларусі дагэтуль выконвае прадстаўніцтва Еўракамісіі ва Украіне, размешчанае ў Кіеве.

Паводле Радыё “Свабода”, “Нашай Нівы” і БелаПАН

***

Культура

У вёску Дастоева Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці прыехаў праўнук Фёдара Дастаеўскага — Дзмітры Дастаеўскі, які жыве ў Санкт-Пецярбургу.

Як паведаміў захавальнік фондаў літаратурна-краязнаўчага музея ў Дастоеўскай сярэдняй школе Анатоль Бурак, гэта першы візіт прадстаўніка роду Дастаеўскіх на радзіму продкаў.

Разам з праўнукам пісьменніка ў вёску прыехалі старэйшы навуковы супрацоўнік літаратурна-мемарыяльнага музея Дастаеўскага ў Санкт-Пецярбургу Наталля Шварц, маскоўскі даследчык радаводу Дастаеўскіх доктар медычных навук Мікалай Багданаў, а таксама выкладчык філалагічнага факультэта БДУ Дзмітры Башкіраў, які таксама займаецца вывучэннем родаводу Дастаеўскіх.

Паводле “Еўрапейскага радыё для Беларусі”

***

У выдавецтве грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” выйшла ілюстраваная кніга “Мікола Ермаловіч”. Яе падрыхтавалі старшыня Мінскага гарадскога культурна-асветніцкага клуба “Спадчына” Анатоль Белы і члены клуба Анатоль Валахановіч і Надзея Сармант.

Рэдактар выдання Анатоль Белы адзначыў, што 360 старонак кнігі распавядаюць пра жыццё і працу выбітнага беларускага гісторыка і паэта. У выданне ўвайшлі ўспаміны пра Ермаловіча яго сяброў, у тым ліку гісторыкаў Анатоля Грыцкевіча, Міхася Чарняўскага і Язэпа Юхо, пісьменнікаў Вольгі Іпатавай і Генрыха Далідовіча. У кнізе таксама змешчаны ўсе мастацкія творы, прысвечаныя Ермаловічу: вершы, здымкі помнікаў і рэпрадукцыі жывапісных твораў Анатоля Крывенкі, Алеся Марачкіна і Алеся Цыркунова, а таксама графічныя работы Яўгена Ціхановіча.

Прадстаўлена і літаратурная творчасць самога вучонага, у прыватнасці, больш за 100 ягоных вершаў 1970-1980-х гадоў, у якіх Ермаловіч раскрываецца як найвыдатнейшы паэт свайго часу. “Але найбольшую цікавасць выклікаюць 52 гутаркі і інтэрв’ю з Ермаловічам 1970-х гадоў, значная частка якіх раней не публікавалася. У іх навукоўца ўздымае пытанні захавання гісторыка-культурнай спадчыны беларусаў і іх роднай мовы”, —паведаміў А. Белы, які добра ведаў гісторыка і ўключыў у кнігу свае ўспаміны пра яго.

Паводле БелаПАН і “Наша Ніва”

***

Фестываль “Дударскі фэст” прайшоў у Мінску 22 красавіка. У імпрэзе ўзялі ўдзел каля сарака выканаўцаў з Беларусі, а таксама замежныя госці. Музыку дуды прадстаўлялі гурты “Стары Ольса”, “Testamentum terrae”, “Келіх кола”, “Капэля Алеся Лася”, “Ліцьвінтроль”, “Ліцьвінскі хмель” ды іншыя.

Перлінай фэсту назвалі выступ Ютакі Бана – японца, які жыве ў Балгарыі і грае на балгарскай разнавіднасці дуды. На фэсце апроч беларускіх былі прадстаўленыя таксама польскія, літоўскія, латышскія, галісійскія, нямецкія і шатландскія дуды.

Арганізатар і вядучы імпрэзы Зміцер Сасноўскі, лідэр гурту “Стары Ольса” адзначыў: “На нашым фестывалі мы б хацелі, каб гучалі вельмі розныя дуды, і дэманстравалі, што традыцыя беларускай дуды развівалася сярод інструментаў такога ж кшталту інструментаў усёй Еўропы. У рэканструкцыі традыцыйнай беларускай манеры грання вельмі моцна вылучаюцца два вучні майстра Тодара Кашкурэвіча: Дзяніс Сухі і Юрась Панкевіч”.

Сучасных беларускіх дудароў можна падзяліць на дзве катэгорыі. Першыя – тыя, хто займаецца рэканструкцыяй аўтэнтычнага гучання дуды, другія ж выкарыстоўваюць гук дуды як элемент музычнага аздаблення сваіх песень. Яшчэ пятнаццаць гадоў таму ў Беларусі было ўсяго некалькі дудароў, які аднаўлялі амаль згубленую традыцыю майстравання ды ігры на старадаўнім інструменце – напрыклад, Алесь Лось і Тодар Кашкурэвіч. Цяпер з’явіўся цэлы дударскі рух.

Адзін з удзельнікаў фэсту Аляксей Барэйша (малады гурт “Яварына”) так распавёў пра свой шлях да дуды: “Гадоў пяць таму я яшчэ не ведаў, што дуда – беларускі інструмент. Калі я апынуўся ва ўніверсітэце культуры, пазнаёміўся з дудой. Мне падалося, што ў Беларусі вельмі вялікі інтарэс да гэтага інструменту”.

Некаторыя з гледачоў падзяліліся ўражаннямі ад імпрэзы: “Гэтая музыка ўздымае настрой. Калі граюць старажытную музыку, беларускую ці еўрапейскую, заўжды сыходжу з усмешкай, вельмі рады”, “Вельмі добра, што ў нас гэта ёсць, яно будзе, мусіць быць. Мы мусім ведаць нашу культуру і мову”.

Зміцер Сасноўскі так падсумаваў вынікі фэсту: “Я вельмі крытычна стаўлюся да ўсіх нашых поспехаў, больш бачу недахопы. Але можна сказаць, што з’явілася традыцыя штогадовых фэстаў дуды, і вяртанне гэтага нацыянальнага інструменту адбылося”.

Фестываль скончыўся выхадам усіх музыкаў, што граюць на беларускіх дудах, якія выканалі найгрыш “Зайграй мне, дударочку”, што стаўся гімнам “Дударскага фэсту”.

Паводле Радыё “Свабода”

 

Абвесткі

Купалле для беларусаў ЗША

Сябры! Давайце разам адзначым наша прыгожае свята Купалля.

Што будзе: Купальскія песні і танцы на працягу ўсёй ночы, спартовыя спаборніцтвы і гульні, гатаванне страваў (прыносьце ежу, грылі там будуць).

Захапіце з сабою:

* беларускія строі ці адзенне з сімволікай; дзяўчатам – доўгія спадніцы, хлопцам – доўгія светлыя штаны (толькі на час святкавання);

* ежу, напоі, спальныя мяшкі, намёты, калі будзеце спаць;

* $8 (з аўта ў незалежнасці ад колькасці пасажыраў) за ўезд у парк (бясплатна пасля 5-й гадзіны вечара).

Калі: 22-24 чэрвеня 2007 года (Купальская ноч у суботу 23 чэрвеня).

Дзе: Рэзервацыя Ward Pound Ridge ў Cross River, NY.

Транспарт: Цягніком са станцыі Grand Central да прыпынку Katonah. Гэта прыкладна гадзіна язды цягніком ад Манхэтана на Metro North, Harlem Line.

Арганізатары забяспечаць пітную ваду і паліва для вогнішчаў і грыляў.

Кошт: $ 25 дарослым, $ 10 дзецям меншым за 12 гадоў. Чэкі выпісвайце на Mr. & Mrs. Ryzy з адзнакаю “Купалле”. Калі ласка, шліце вашы замовы разам з формаю, надрукаванаю ніжэй на адрас:

Piotr & Lena Ryzy

20 Old Locust Avenue

Cortlandt Manor, NY 10567

Кантакты: Пётра і Алена Рыжыя, хатні тэл. (914) 930 - 8695, маб. (914) 522 - 0742, эл. пошта: LenaBelarus@aol.com

Імя: ___________________________________________________

Дарослых ($25): ___, дзяцей ($10): ___ Усяго дасылаю: $ ____

Ваш тэлефон: _______________ E-mail адрас: ______________

Ваш адрас: ____________________________________________

_______________________________________________________

Ці трэба Вас забіраць з прыпынку цягніка?____ Калі? ________

Ці даслаць Вам мапу з інструкцыяй, як даехаць да парку? ____

Паводле www.bielarus.org

Конкурс у гонар Рыгора Крушыны

Фонд памяці Рыгора Крушыны ў сувязі са стагоддзем нараджэння паэта (3 снежня 1907 г.) аб’яўляе конкурс паэзіі ў гонар Р. Крушыны.

Гэта можа быць:

* у літаратуры – лірычны або наватарскі твор, заснаваны на фальклоры Случчыны або Палесся;

* у музыцы – песня на словы любога верша Крушыны;

* у літаратурнай крытыцы – артыкул пра паэзію і паэтычны стыль Крушыны.

У конкурсе маюць права ўдзельнічаць: любы беларус ад 18 да 32 гадоў, у тым ліку і тыя, хто жыве за мяжой.

У конкурсе паэзіі ў гонар стагоддзя нараджэння паэта Рыгора Крушыны ўстаноўлены дзве ўзнагароды:

* Першы прыз – 700 амерыканскіх даляраў.

* Другі прыз – 300 даляраў.

Узнагароды прэзентуюцца ў снежні 2007 г., у месяцы, калі нарадзіўся паэт.

Журы конкурсу прымае творы пачынаючы з 25 сакавіка да канца лістапада 2007 г.

Каардынаты: найлепш карыстайцеся для сувязі ды прадстаўлення сваіх твораў электроннай поштай: iharka@tut.by або міжнароднай поштай: Krushyna Poetry Foundation ATTN: Ihar Kazak POB 40846 St. Petersburg, FL 33743 U.S.A.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Беларускамоўны летнік для беларускіх дзетак

Беларусы Чэхіі арганізоўваюць летнік для беларускамоўных дзетак.

Дзе: Чэшская Рэспубліка.

Для каго: запрашаюцца дзеці дашкольнага ўзросту 3-6 гадоў.

Калі: 23 ліпеня – 29 ліпеня ці 6 жніўня – 12 жніўня. Па просьбах большасці тэрміны могуць быць трохі пасунуты.

Фінансаванне забяспечваюць бацькі ўдзельнікаў. Абавязкова: праезд, пражыванне, харчаванне, вада, сокі, вандроўкі. Неабавязкова: нейкая дробязь на падарункі дзецям, гэта можна прывезці з сабой ці вырабіць уласнымі рукамі.

Абавязковая ўмова: свабоднае валоданне беларускай мовай ці жаданне навучыць дзетак беларускай мове.

Колькасць удзельнікаў: 10 дзяцей (і 1-2 суправаждаючых на кожнае дзіця).

У праграме: экскурсіі ў Прагу і Ліберэц з наведваннямі музеяў і гістарычных месцаў, а таксама басейна, музея цацак і парка атракцыёнаў, пражскага заапарка,

Усе прапановы можна дасылаць на е-mail: rita.gatichova@seznam.cz +420 728 255 315 Рыта Гаціх.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

ПАМЯЦЬ

Нашы спачуванні

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выказвае шчырыя спачуванні намесніку старшыні Рады Ніне Шыдлоўскай з нагоды заўчаснай смерці маці.

Смуткуем разам з Вамі.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

У Лондане памёр даследчык беларускай культуры Гай Пікарда

Вядомы даследчык беларускай гісторыі і культуры Гай Пікарда пайшоў з жыцця на 76-м годзе.

Выпускнік Оксфардскага ўніверсітэту і ўніверсітэту ў Сарбоне, Г. Пікарда вывучаў творчасць беларускіх кампазітараў, жыццё і дзейнасць Францыска Скарыны, распрацоўваў гісторыю перакладаў Бібліі на беларускую мову, праблематыку гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.

Займаўся пошукам старажытных беларускіх царкоўных спеваў і іх выданнем. Апублікаваў “Беларускі царкоўны спеўнік. Святая Літургія”, “Беларускі духоўны спеўнік”, навукова-папулярнае выданне “Царкоўная музыка на Беларусі. 989–1995”, склаў анталогію беларускіх песнапенняў “Залатая Беларусь”, а таксама даведнік пра Беларускую бібліятэку імя Ф. Скарыны ў Лондане. Друкаваўся на старонках рэлігійных і свецкіх выданняў (“Божым шляхам”, “Беларус”, “The Journal of Byelorussian Studies” і інш.).

“Ён быў англа-французскага паходжання і прыйшоў да нас, беларусаў, – расказвае апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў замежжа айцец Аляксандр Надсан. – Яшчэ будучы студэнтам у Оксфардзе, шукаючы царкоўнай музыкі, ён зацікавіўся не толькі музыкай, але ўсёй беларускай культурай і гісторыяй, усім беларускім. І з таго часу ён жыў гэтай цікавасцю. Праўніка па прафесіі, яго найбольш цікавілі музыка і Беларусь.

Ён шмат зрабіў: і Англа-беларускае навуковае таварыства, і часопіс беларусаведы, і спецыяльныя курсы лекцыяў беларусаведы, якія ў нас тут арганізоўваліся амаль што 30 гадоў, удзельнічаў у міжнародных канферэнцыях, дзе ён гаварыў на беларускія тэмы.

Апошнія 18 гадоў Гай Пікарда жыў у нашым беларускім цэнтры тут, у Лондане. Для мяне гэта страта вельмі блізкага чалавека. Яшчэ зарана, каб асэнсаваць усё, што ён зрабіў для Беларусі. А ён зрабіў шмат, зрабіў сапраўды шчыра і самааддана”.

Паводле Радыё “Свабода ”

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by

 

№ 4, красавiк 2008
[ PDF ]
архіў бюлетэня
Запоўніць картку...

Па пытаннях беларусаў замежжа...

Па захаванні Беларускага дому...

15–16 снежня 2007
Беларуская эканамічная і палітычная мадэль: сучаснасць і перспектывы трансфармацыі:


Што рабіць з вёскай?
(дадана 17.01.08)

усе круглыя сталы

Віктар Кавалеўскі
Аўстралія і іміграцыя

Леанід Лыч
І на чужыне пачуваліся беларусамі

Леанід Лыч
Руская культура на Беларусі: плюс ці мінус?

Янка Запруднік
УДЗЯЧНАСЬЦЬ – МАСТАЦТВА ДУШЫ або Чаму беларусы ня ўмеюць дзякаваць?

Аляксандар Адзінец
Запавет эмігранта

 
Галоўная - Хто мы - Бібліятэка - Кантакты - Хронiка дзейнасцi - З`езды - Сайты беларуская дыяспары
zbsb [@] tut.by - zbsb [@] lingvo.minsk.by
Rating All.BY биографии белорусских писателей, мордкович