диаспора РБ Минск Менск белорусская диаспора
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету

Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўшчына


Навіны (галоўная) Архіў навін Хто мы Хронiка дзейнасцi З'езды беларусаў свету Кантакты Банкаўскія рэквізіты Архіў бюлетэня
Гісторыя Галерэя дзеячаў База дадзеных Сайты дыяспары Перыёдыка Могілкі Помнікі
Грамадскія арганізацыі СМІ Дыпламатычныя прадстаўніцтвы Даведнік
"НІВА" "БЕЛАРУС" "Крывія"
Еўрапейскае радыё для Беларусі Радыё "Рацыя" "Радыё Швецыя" Радыё "Палонія" Deutsche Welle

90-БНР

Беларускі Інтэрнэт

МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№03(№62)
сакавік
2007
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

 

ВІНШАВАННІ

Са звароту Рады БНР з нагоды Дня Волі

Дарагія Суродзічы Беларусы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю Вас з нашым вялікім нацыянальным святам – Днём 25-га Сакавіка. 25 сакавіка 1918 г. беларускі народ абвесціў свету, што ён скідае з свайго краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасці і абвяшчае Беларускую Народную Рэспубліку незалежнай і вольнай дзяржавай.

На жаль, не змог тады наш аслаблены вайною народ абараніць сваю маладую Рэспубліку ад новай няволі. Пачаўся новы пераслед. Чужакі гэтым разам фізічна нішчылі нашых найлепшых людзей, выкаранялі нашу мову, нашы адвечныя хрысціянскія каштоўнасці.

Дарагія Суродзічы, нашая будучыня сёння ў нашых руках. Ад нас залежыць, ці мы будзем гаспадарамі ў сваёй хаце, ці будзем надалей жыць, дастасоўваючыся да чужых жаданняў.

Нашае нацыянальнае свята – Дзень Волі – найлепшая нагода, каб паказаць свету і самім сабе, што мы народ паўнавартасны, што мы не толькі здольныя быць гаспадарамі ў сваёй краіне, але што мы здольныя быць добрымі гаспадарамі. Адзінае, чаму нам трэба зноў навучыцца – гэта любіць і шанаваць адзін аднаго, бо ўсе мы Беларусы, усе мы сыны і дочкі тае самае беларускае зямлі.

Дык з вялікай надзеяй звяртаюся да ўсіх Вас, дарагія мае суродзічы Беларусы, дома і на чужыне: пакажыце ў дзень 25-га Сакавіка, што мы з’яднаны народ і што разам мы здольныя адрадзіць наш край, каб перадаць нашым дзецям і ўнукам не “апошнюю дыктатуру ў Еўропе”, а вольную Беларускую Народную Рэспубліку.

Дык памажы нам Божа!

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

“Бацькаўшчына” віншуе з Днём Волі

Шаноўныя суродзічы!

25 сакавіка – адметная дата ў гісторыі Беларусі і свядомасці шчырых беларусаў. У гэты дзень 1918 г. была прынятая ІІІ грамата Беларускай Народнай Рэспублікі, дзе абвяшчалася незалежнасць беларускай дзяржавы ў этнаграфічных межах беларускага народа.

25 сакавіка стала святам і як Дзень Волі адзначаецца беларусамі ва ўсім свеце. Віншуем вас, дарагія суайчыннікі, з Днём Волі і зычым трываласці і веры на шляху любові і служэння Айчыне!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

Беларусаў свету таксама павіншавалі культурна-асветніцкая суполка “Скарына” з Прагі, Рада Латвійскага таварыства беларускай культуры “Світанак”, Рада Таварыства беларускай культуры ў Літве, Беларускі Моладзевы Рух Амерыкі і іншыя суполкі беларускай дыяспары.

 

Віншаванне да 10-годдзя Нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусь” у Рэспубліцы Комі

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” віншуе нацыянальна-культурную аўтаномію “Беларусь” у Рэспубліцы Комі з 10-годдзем плённай працы!

Увесь гэты час аўтаномія паспяхова працавала дзеля аб’яднання беларусаў краю, адраджэння культуры і захавання беларускай прысутнасці ў Рэспубліцы Комі.

Беларуская дыяспара ў Комі займае 4-е месца (27 тысяч) па колькасці пасля рускіх, комі і ўкраінцаў. За час працы новыя суполкі ўтвараліся практычна кожны год па ўсёй рэспубліцы. Існуюць беларускія мастацкія калектывы, працуе беларускі хор. Праводзяцца вечарыны дзеля таго, каб беларусы не забываліся пра далёкую і родную Беларусь. Праходзяць заняткі па вывучэнню беларускай мовы. Аўтаномія арганізуе дзіцячыя летнікі. У мінулым годзе была выдадзена кніга “След на северной земле” пра беларускую дыяспару ў рэспубліцы. Сярод прадстаўнікоў беларускай дыяспары шмат важных дзеячаў Комі. Беларусаў можна назваць самай актыўнай і ўплывовай дыяспарай краю.

Асобныя віншаванні “Бацькаўшчына” дасылае бяззменнаму кіраўніку Нацыянальна-культурнай аўтаноміі Аркадзю Сцяпанавічу Крупеньку. Дзякуючы яго руплівасці і арганізацыйнаму таленту, як і тым людзям, якіх сп. Аркадзь здолеў аб’яднаць вакол беларушчыны, вось ужо 10 год актыўна працуе нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусь”.

Шаноўныя сябры, зычым далейшай плённай дзейнасці вашай аўтаноміі!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

Віншуем!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” мае гонар павіншаваць з Днём нараджэння сяброў Вялікай Рады арганізацыі, якія нарадзіліся ў красавіку: Валянціну Арлову (Аксак), Уладзіміра Конана, Сяргея Чыслава (Беларусь); Алеся Карповіча (Латвія), Хведар Нюньку (Літва); Алену Глагоўскую (Польшча); Алега Рудакова, Івана Панасюка, Сяргея Бандарэнку (Расія).

Прыміце ад нас шчырыя пажаданні доўгага жыцця, выдатнага здароўя, натхнёнай працы, духоўнай і творчай самарэалізацыі.

Управа МГА “ЗБС Бацькаўшчына”

 

ПАДЗЕЯ

25 сакавіка ў Мінску. Хроніка падзеяў

25 сакавіка – Дзень Волі – нацыянальнае свята беларусаў. У гэты дзень 89 гадоў таму была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, дзякуючы чаму на мапе свету сёння ёсць незалежная Рэспубліка Беларусь. Тым не менш, на працягу апошніх 10 год гэтае свята не адзначаецца на дзяржаўным узроўні ў Беларусі, затое яно святкуецца ўсімі свядомымі беларусамі ў краіне і далёка па-за яе межамі.

Святкаванне ў Мінску планавалася на галоўнай плошчы сталіцы – Кастрычніцкай. У мінулым годзе яна, дзякуючы моладзі, што паставіла на гэтай плошчы намётавы гарадок, атрымала назву “Пляц Каліноўскага”. Але ўлады забаранілі мітынг на галоўнай плошчы сталіцы, даўшы дазвол на збор людзей каля Акадэміі навук і на шэсце да парку Дружбы народаў, плошчы Бангалор (аддалены ад цэнтра горада месца з малой колькасцю наведвальнікаў).

Аднак людзі пад бел-чырвона-белымі сцягамі пачалі ўсё ж у 12.00 збірацца ў раёне Кастрычніцкай плошчы, доступ на якую быў блакіраваны міліцыяй. Пачынаючы з 10.45 таксама былі перакрыты ўсе выхады з падземнага пераходу, што вялі на Кастрычніцкую плошчу, метро не спынялася на станцыі “Купалаўская”, рэйсавы транспарт не спыняўся на звычайным прыпынку на плошчы.

Першыя сутыкненні з сіламі аховы парадку адбыліся ў 12.15. Супрацоўнікі міліцыі выцяснялі людзей ад скрыжавання вуліцы Леніна і праспекта Незалежнасці (Скарыны) у бок будынку КДБ.

12.41. Вялікія групы дэманстрантаў сканцэнтраваліся ў двух месцах цэнтра горада — на вуліцы Інтэрнацыянальнай і каля плошчы Перамогі, адсечаныя адна ад адной кардонамі міліцыі. На чале адной з груп быў А. Мілінкевіч (экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі), другой – В. Вячорка (лідэр БНФ). Калонам дэманстрантаў не давалі аб’яднацца, у выніку адна рушыла да Акадэміі навук, другая была адцеснена да Палацу спорту.

За акцыяй назіралі паслы ЗША і краін Еўразвязу, дэпутаты Еўрапарламенту.

13.06. Каля Палаца спорту шмат міліцыі, яны кажуць пра адказнасць за несанкцыянаваны мітынг і абяцаюць прымяніць сілу. Ужо праз 10 хвілін удзельнікі былі выцеснены міліцыяй з пляцоўкі. Пры гэтым другая калона дайшла да плошчы Якуба Коласа.

13.46. Частка ўдзельнікаў з праспекта Пераможцаў (Машэрава) дайшлі да станцыі метро. Ёсць затрыманыя, ёсць сведкі збіцця людзей. Другая калона ўжо каля Акадэміі навук. Калону Мілінкевіча прапусцілі на месца дазволенага збору.

14.04. Каля Акадэміі навук пачаўся мітынг, які сабраў каля 5-7 тысяч людзей.

Невялікая калона на чале з Мілінкевічам дайшла да Акадэміі. Людзей перыядычна папярэджвалі, што Акадэмія – толькі месца збору, і нагадвалі пра адказнасць.

14.50. Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка заявіў, што наступіць час, калі Дзень Волі будзе дзяржаўным святам. Ён звярнуў увагу на тое, што ўлады не выканалі дамоўленасці, не дазволіўшы збор дэманстрантаў на Кастрычніцкай плошчы. Прадстаўнік БСДП (Грамада) перадаў прывітанне ад экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна. Таксама перад прысутнымі выступілі дэпутат Еўрапарламента, які выказаў салідарнасць з беларускім народам і назваў Беларусь “анамаліяй у цэнтры Еўропы”, дэпутат Дзярждумы Расіі Уладзімір Рыжкоў (ён павіншаваў беларусаў са святам і заявіў, што Расіі патрэбна свабодная Беларусь).

Лідэр азербайджанскай партыі “Мусават” Іса Гампар нагадаў, што ў 1918 годзе і на яго радзіме была ўтворана дэмакратычная рэспубліка Азербайджан. “Мы паднялі свой святы трохколерны сцяг, і заснавальнік нашай партыі сказаў, што гэты сцяг будзе існаваць вечна. І я ўпэўнены, што наступіць дзень, калі ўсе беларускія палітыкі будуць цалаваць ваш бел-чырвона-белы сцяг”, – адзначыў палітык. І. Гамбар перакананы, што Еўропа можа быць аб’яднаная толькі тады, калі ў Еўрапейскім саюзе будзе Беларусь.

15.24. В. Вячорка зачытаў рэзалюцыю ўдзельнікаў мерапрыемства, у якой ухваляюцца 12 прапаноў Еўрасаюзу па наладжванні адносінаў з Беларуссю. Асобна ён падкрэсліў неабходнасць выканання ўладамі палітычных умоваў – вызвалення палітвязняў і забеспячэння канстытуцыйных свабодаў.

15.30. Мітынг каля Акадэміі закончаны. Апошнім выступіў Аляксандр Мілінкевіч. Ён выказаў падзяку ўсім, хто прыйшоў, адзначыў, што вызваленне палітвязняў – асноўная ўмова, якая абавязкова павінна быць выканана. Мілінкевіч нагадаў што згодна з Канстытуцыяй краіны адзінай крыніцай улады з’яўляецца народ. Таксама ён сказаў, што ў год юбілеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа ідэолагі ад улады выкрэсліваюць з падручнікаў творы беларускіх пісьменнікаў.

На плошчу Бангалор так ніхто і не накіраваўся.

16.00. Частка людзей, каля 300 чалавек, у асноўным моладзь, незадаволеная заканчэннем мітынгу, накіравалася да Нацыянальнай бібліятэкі, дзе якраз праходзіў святочны кірмаш пад лозунгам “За независимую Беларусь”, які ладзілі БРСМ (беларускі нашчадак камсамола) і Мінгарвыканкам. Калону суправаджала міліцыя, заклікаючы дэманстрантаў, разысціся. Як толькі калона падышла да бібліятэкі, там тэрмінова пачалі згортваць гулянне. На пляц перад бібліятэкай выехалі камунальныя машыны і пачалі мыць асфальт, за машынамі рухаліся некалькі сотняў міліцыянтаў у чорным, якія пачалі выцясняць людзей з месца святкавання, што выклікала шчырую незадаволенасць шараговых грамадзян, якія прыйшлі адпачыць да Нацыянальнай бібліятэкі і выказаць тым самым падтрымку дзяржаўнай акцыі “За независимую Беларусь”.

У 17.30. Акцыя апазіцыі каля бібліятэкі скончана. Па некаторых звестках у святкаванні ўзяло ўдзел каля 10 тысяч чалавек.

19.00. Стала дакладна вядома, што за 25 сакавіка было затрымана больш 40 грамадскіх актывістаў. Яшчэ 30 былі затрыманыя перад Днём Волі.

Вінцук Вячорка і Аляксандр Мілінкевіч за арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу могуць стаць фігурантамі крымінальнай справы. Сп. Мілінкевіч на акцыі атрымаў траўмы і праходзіць курс рэабілітацыі. Ужо на наступны дзень распачаліся суды над удзельнікамі святкавання Дня Волі: ім прысуджаюць штрафы і арышты “на суткі”. На момант падрыхтоўкі нумара было вядома пра тое, што пакарана больш за 10 чалавек, і судовыя паседжанні ідуць.

Паводле Радыё “Свабода”, www.naviny.by, www.afn.by, “Нашай Нівы”

  НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”

Заява Управы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

16 сакавіка каля 15.00 супрацоўнікамі міліцыі і людзьмі ў цывільным быў учынены ператрус на прыватнай кватэры, дзе часова захоўвалася частка маёмасці, у тым ліку кнігі МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” і архівы дыяспары.

Згуртаванне вымушана захоўваць маёмасць у розных месцах у сувязі з тым, што са жніўня 2006 г. на сядзібе вядзецца капітальны рамонт. Ня гледзячы на шматлікія захады як самой “Бацькаўшчыны”, так і суполак дыяспары, а таксама на вусныя абяцанні гарадскіх уладаў паспрыяць у атрыманні адпаведнага памяшкання на час рамонту, аб’яднанне да гэтага часу вымушана працаваць без сталага офісу.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выказвае абурэнне з прычыны беспадстаўнага ператрусу маёмасці і канфіскацыі кніг Ю. Туронка, Ю. Віцьбіча, З. Касмовіча, якія былі перададзены на захаванне прадстаўнікамі беларускай дыяспары.

Мы выказваем падзяку арганізацыям і асобам, якія падтрымліваюць Згуртаванне ў гэтых складаных варунках.

Відавочна, што ўчынены ператрус не з’яўляецца выпадковым, а ёсць чарговым крокам з боку ўладаў у стварэнні перашкодаў працы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.

Лічым, што гэтае здарэнне не паспрыяе ўмацаванню стасункаў дзяржавы з беларускай дыяспарай.

19 сакавіка 2007 г.

Рада БНР выказала абурэнне з прычыны ператрусу ў офісе “Бацькаўшчыны”

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказала абурэнне з прычыны ператрусу, які супрацоўнікі КДБ учынілі ў офісе Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

“Ператрус у офісе арганізацыі, якая аб’ядноўвае беларусаў розных краінаў, і канфіскацыя кніг, выдадзеных па-за межамі Беларусі і прысвечаных эпізодам нацыянальнай гісторыі, выяўляе сапраўднае стаўленне лукашэнкаўскага рэжыму да беларускай дыяспары і да нацыянальнага Адраджэння”, – гаворыцца ў заяве Рады БНР.

Паводле Радыё “Свабода”

Сваё таксама выказалі Таварыства беларускай культуры Літвы, суполка “Скарына” ў Чэхіі ды іншыя арганізацыі беларускай дыяспары.

 

Грамадская акцыя супраць прысвячэння храма ў Кобрыне расійскаму палкаводцу А. Сувораву дала плён

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, ГА “Таварыства беларускай мовы”, ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” атрымалі адказы ад Брэсцкага абласнога выканкама, Кобрынскага райвыканкама і Кобрынскага раённага савета дэпутатаў адносна прысвячэння храма, што будуецца ў Кобрыне, расійскаму палкаводцу Сувораву. У лістах кобрынскіх уладаў гаворыцца, што “ў г. Кобрыне не вядзецца будаўніцтва ніякага “Сувораўскага храма”.

Па словах гарадскіх уладаў, такая назва неабгрунтавана была прысвоена адной з новабудоўляў праваслаўнага храма некаторымі сродкамі масавай інфармацыі і асобнымі прадстаўнікамі грамадскасці г. Кобрына. Па рашэнні Брэсцкага аблвыканкама храм называецца “Свято-Христорождественская церковь г. Кобрина – храм-памятник 60-летия освобождения Беларуси”.

З паведамлення прэс-службы Беларускага Экзархата стала вядома, што “ідэя надаць царкоўнаму будынку статус Сувораўскага храма-помніка ўзнікла ў нетрах некаторых расійскіх грамадскіх фондаў і рухаў”. Потым, як звяртае ўвагу прэс-служба Экзархата, інфармацыя была апублікавана на старонках адной з расійскіх газет, што і паслужыла нагодай для яе цытавання і інтэрпрэтацыі ў іншых сродках масавай інфармацыі. Беларуская Праваслаўная царква не валодае ніякімі дакументамі, якія сведчылі б пра тое, што намеры і праекты, якія звязваюць будаўніцтва Кобрынскага храма Нараджэння Хрыстова з імем Суворава, атрымалі дабраслаўленне. Меркаванні асобных сяброў кліру і паствы Кобрына не прэтэндуюць і не могуць прэтэндаваць на статус афіцыйнай пазіцыі ўсёй Беларускай Праваслаўнай цэрквы”.

Брэсцкі аблвыканкам адзначае, што “вялікі рускі палкаводзец А.В. Сувораў не быў кананізаваны Рускай праваслаўнай царквой, таму храм з яго імем будавацца не можа”.

Аднак ні ў адным з адказаў не тлумачыцца, якім чынам “неабгрунтавана прысвоеная назва некаторымі сродкамі масавай інфармацыі і асобнымі прадстаўнікамі грамадскасці г. Кобрына” патрапіла на латарэйныя білеты, што былі выпушчаны КУП “Бресткие лотереи” па замове заснавальніка латарэі Кобрынскага раённага выканкама, а менавіта: “Храм сооружается по проекту Суворовского храма-памятника, разработанному кобринчанами и утвержденному царем – великомучеником Николаем ІІ”.

Тым не менш, маем падставы канстатаваць, што грамадская акцыя супраць прысвячэння будуемага ў Кобрыне храма палкаводцу А. Сувораву дала плён: расійскаму заваёўніку не будуць маліцца на беларускай зямлі.

Выказваем падзяку тысячам людзей, якія, даслаўшы подпісы супраць ушанавання Суворава ў праваслаўным храме, дапамаглі абараніць гонар і годнасць не толькі нашых продкаў, але і будучых пакаленняў.

Спадзяемся на тое, што ні выканаўчыя ўлады, ні Экзархат БПЦ не зменяць сваіх пазіцый, калі храм у Кобрыне дабудуюць.

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” і надалей будзе сачыць за сітуацыяй.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

Грамадскасць супраць гатэля ў касцёле

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” далучылася да грамадскай кампаніі супраць размяшчэння ў манастырскім комплексе св. Іосіфа гатэля. Гэтую кампанію распачалі грамадзяне-хрысціяне Рэспублікі Беларусь, звярнуўшыся з адкрытым лістом да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. У межах кампаніі яны таксама збіраюць подпісы супраць перабудовы комплексу.

У адкрытым лісце да А. Лукашэнкі беларускія хрысціяне пішуць: “Мы пратэстуем супраць перабудовы асвечанага храма і манастыра – месца малітвы і духоўнага адраджэння нашага народу – пад гасцінічны комплекс, банкетныя залы, рэстараны”.

Гісторыя манастырскага комплексу пачалася ў 1624 г. У 1864 годзе манастыр і касцёл былі канфіскаваныя царскімі ўладамі, а ў 1926 – прызнаны помнікам архітэктуры. У сучаснай гісторыі вернікі змагаюцца за вяртанне комплексу ўжо пятнаццаць гадоў. У памяшканнях размяшчаўся архіў, ваенная камендатура і інш. Улады спасылаліся на недахоп сродкаў, на адсутнасць памяшканняў для архіву, на немагчымасць адсялення вайсковае камендатуры і г.д.

Між тым гэта АДЗІНЫ ў Беларусі поўны манастырскі комплекс XVII стагоддзя.

Вернікі звяртаюцца да прэзідэнта з просьбай выратаваць комплекс і перадаць яго для набажэнстваў.

Усе неабыякавыя да лёсу касцёла і манастырскага комплексу могуць паставіць подпіс супраць перабудовы ў касцёлах горада.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

Малая Рада “Бацькаўшчыны” абмеркавала захады па захаванні Беларускага дому і бягучыя пытанні дзейнасці Згуртавання

24 сакавіка адбылося пасяджэнне Малой Рады Згуртавання “Бацькаўшчына”. Паводле статуту такія пасяджэнні мусяць адбывацца двойчы на год. На Радзе была заслухана і ўхвалена фінансавая справаздача дзейнасці “Бацькаўшчыны”, зацверджаны план дзейнасці Згуртавання на бягучы год. Сярод запланаваных мерапрыемстваў – арганізацыя творчых сустрэч беларускіх пісьменнікаў, канцэртаў і выстаў у рэгіёнах Беларусі і замежжы; маніторынг забеспячэння правоў чалавека і інтарэсаў беларускай нацыянальнай меншасці ў замежных краінах; даследаванне стану беларускай дыяспары. А таксама інфармаванне беларускай дыяспары аб сітуацыі з законам аб беларусах замежжа і дзейнасці Згуртавання ў гэтым кірунку; інфармацыйна-метадычная дапамога суполкам дыяспары; дапрацоўка электроннай бібліятэкі беларускай дыяспары; працяг выдання серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” і шэраг інш. Таксама сябры Рады былі праінфармаваны пра бягучую працу аб’яднання і падзеі, звязаныя з ператрусам на кватэры, дзе “Бацькаўшчына” часова захоўвала частку архіваў дыяспары і кнігі. Сябры Рады выказалі сваё абурэнне дзейнасцю міліцыі і людзей у цывільным. Малая Рада выказала занепакоенасць у сувязі з сітуацыяй з Беларускім домам, далейшым лёсам унікальных кніг і матэрыялаў з архіва і бібліятэкі “Бацькаўшчыны”, а таксама адсутнасцю нармальных умоваў для дзейнасці Згуртавання. Усё гэта вынік невыканання гарадскімі ўладамі ўзятых на сябе абавязкаў, а таксама Пастановы Савета Міністраў Беларусі. Радай была падтрымана прапанова Ніла Гілевіча звярнуцца да міжнародных арганізацый з просьбай аб падтрымцы.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

ДЗЕНЬ ВОЛІ Ў СВЕЦЕ

Брусель, Бельгія

У цэнтры Бруселя, дзе святкуецца 50-я гадавіна стварэння Еўрасаюзу, на пляцы імя Шумана праходзіў беларускі пікет з нагоды Дня Волі.

Каля двух дзесяткаў беларусаў прыйшлі на пляц з плакатамі “Жыве Еўропа, жыве Беларусь!”, “Беларусь павінна быць у Еўропе”. Як адзначае старшыня Беларускага еўрапейскага задзіночання Зміцер Піменаў, “бельгійскія ўлады з разуменнем ставяцца да беларускіх праблемаў, ведаюць, што ў нас у Беларусі адбываецца. Паліцыянты падыходзяць да нас і вельмі талерантна ставяцца, спачуваюць. Адзін з іх сказаў, што яму сорамна за беларускіх калегаў, якія разганяюць мірныя дэманстрацыі”. Пасля акцыі ў беларускай царкве ў Антверпене адбылася святочная імша з нагоды Дня Волі.

Паводле Радыё “Свабода”

***

У Бруселі працягваюцца акцыі, прымеркаваныя да Дня Волі. 24 сакавіка адбыўся паказ фільму Юрыя Хашчавацкага “Плошча”, а таксама прайшоў канцэрт салідарнасці з Беларуссю славацкай спявачкі Петры Джордан. Як адзначаюць арганізатары, імпрэзы мелі поспех: агулам фільм і канцэрт наведалі каля 70-80 чалавек.

Кадры фільму Юрыя Хашчавацкага выклікалі ў гледачоў жывую рэакцыю – ад смеху да абурэння. Паказ стужкі завяршыўся дыскусіяй пра лёс Беларусі і яе жыхароў. Канцэрт Петры Джордан атрымаўся сапраўды еўрапейскім: спяваючы па-ангельску, спявачка са Славакіі заклікала прысутных да салідарнасці з беларускім народам.

Паказ фільму і канцэрт былі арганізаваныя “Офісам за дэмакратычную Беларусь” і прайшлі пад патранажам Дэлегацыі па адносінах з Беларуссю ў Еўрапейскім парламенце.

Паводле www.democraticbelarus.eu

Лондан, Вялікабрытанія

У Лондане старэйшая беларуская арганізацыя Згуртаванне беларусаў Вялікай Брытаніі наладзіла ўрачыстую імшу з нагоды Дня Волі. Пасля набажэнства каля сотні сяброў арганізацыі правялі ўрачыстае пасяджэнне і наладзілі святочную вячэру.

З Лондана – намеснік старшыні Рады сп. Павел Шаўцоў: “Раніцай адбылося экуменічнае набажэнства – грэка-каталікі і праваслаўныя маліліся разам за беларускі народ. Потым было ўрачыстае пасяджэнне, прагучаў гістарычны даклад, чыталі вершы Арсенневай, абмяркоўвалі сітуацыю ў Беларусі. Скончылася ўсё спяваннем “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.

Паводле Радыё “Свабода”

Берлін, Германія

За падзеямі ў Мінску 25 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы пільна сачылі ў Берліне. Група нямецкіх актывістаў – сяброў Беларусі вырашыла трансляваць рэпартаж пра святкаванне Дня Волі па-нямецку ў рэжыме рэальнага часу.

Тэксты рэпартажу складаліся нямецкімі журналістамі на падставе наўпроставай сувязі з удзельнікамі пратэстаў у Беларусі. Дзень Волі па-нямецку можна праглядзець па электронным адрасе: http://redaktion-march25.blogspot.com. Фактычна 25 сакавіка ў Берліне працавала беларускае інфармацыйнае бюро – акрамя інтэрнет-трансляцыі, арганізатары забяспечылі нямецкім журналістам прамую сувязь з беларускімі палітыкамі ды ўдзельнікамі масавых акцыяў.

Арганізатары гэтай акцыі бачылі сваю задачу найперш у тым, каб аблегчыць нямецкім журналістам доступ да актуальнай інфармацыі, а таксама падагрэць цікавасць да беларускіх падзеяў у той час, калі нямецкія медыя актыўна асвятляюць святкаванне 50-годдзя Еўрасаюзу, якое таксама прыпадае на 25 сакавіка.

Акцыя праводзілася пры падтрымцы Нямецка-беларускага таварыства і Школы кіравання Hertie.

Паводле “Нашай Нівы”

Рыга, Латвія

Як ні стараліся пэўныя сілы (ці нават не сілы – пэўныя асобы) у гэтым годзе сарваць традыцыйнае святкаванне Дня Волі, нашае галоўнае беларускае свята адбылося.

Раптоўна за чатыры дні да свята, пасля выхаду шматлікіх аб’яў у цэнтральнай прэсе і па радыё, кіраўніцтва Балтыйскай Міжнароднай Акадэміі (былога Балтыйскага Рускага Інстытуту) адмовіла ў зале. Але ж ёсць у нас, дзякуй Богу, свая хата, свая, хоць і не надта вялікая, канцэртная зала ў будынку Асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі. У гэтым перапоўненым памяшканні вельмі цёпла прымалі “світанкаўцы” і іх госці беларускіх выканаўцаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў – удзельнікаў святочнага канцэрту. Акрамя гарачых апладысментаў і традыцыйнага “Брава!” у гэты дзень нават падчас канцэрту гучала “Жыве Беларусь!”.

Мы шчыра дзякуем усім тым, хто пераадолеў няблізкі шлях ад адной канцэртнай залы да другой, каб пачуць нашыя неўміручыя народныя песні, цудоўныя вершы Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча, Генадзя Бураўкіна, Рыгора Барадуліна, патрыятычныя песні беларускіх кампазітараў на словы Максіма Багдановіча, Генадзя Бураўкіна, Алеся Ставера, Ніла Гілевіча і іншых нашых паэтаў, выступленні гасцей. Мы шчыра ўдзячныя тым, хто ў гэткі прыгожы, не па-вясноваму цёплы дзень прыйшоў адсвяткаваць з намі Дзень Волі.

Паводле www.svitanak.lv

ЗША

25 сакавіка ля будынка ААН Беларускі Моладзевы Рух Амерыкі зладзіў святочную дэманстрацыю, прысвечаную 89-й гадавіне абвяшчэння БНР. На пікеце сабралася каля 40 чалавек, якія прыехалі з розных куткоў Амерыкі – Нью-Йорка, Нью-Джэрсі, Мэіна, Фларыды, Канектыкута.

На пікеце выступіў старшыня БНФ Зянон Пазняк. Сп. Пазняк павіншаваў усіх з вялікім святам, распавёў пра гісторыю стварэння БНР, нагадаў пра сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі, звярнуўся да моладзі з тым, каб яна прыклала ўсе намаганні дзеля захавання ідэалаў БНР. Потым выступіў вядомы беларускі бард і паэт Сяржук Сокалаў-Воюш. Ён павіншаваў усіх са святам, прачытаў некалькі вершаў.

Сябры Беларускага Моладзевага Руху распавялі пра сваю дзейнасць і пра тое, што магчыма зрабіць агульнымі намаганнямі для дапамогі Бацькаўшчыне.

Паводле belmov.org

***

У Нью-Йорку і Вашынгтоне беларусы адсвяткавалі 25 сакавіка.

Перад беларускай амбасадай у Вашынгтоне сімвалічную “плошчу Каліноўскага” наладзіла грамадзянская ініцыятыва “Погляд”. У акцыі прынялі ўдзел каля 25 чалавек. Беларускія дэманстранты ўзнялі плакаты з надпісам па-англійску: “Калі ты падтрымліваеш дэмакратыю ў Беларусі – пасігналь”. Як паведаміў кіраўнік “Позірку” Хенры Джонсан, вельмі шмат аўтамабілістаў адгукнуліся на гэты заклік. Пра рэакцыю работнікаў беларускага пасольства не паведамляецца.

У Брукліне святкаванне Дня Волі правяло Беларуска-амерыканскае задзіночанне, якому мэр Нью-Йорка накіраваў адмысловае святочнае віншаванне. У выступе перад беларусамі (каля 100 чалавек) кіраўнік нью-йоркскага аддзела аб’яднання Віталь Зайка адзначыў неабходнасць арганізаванай работы прадстаўнікоў беларускай эміграцыі з мэтай падтрымання дэмакратычных працэсаў у Беларусі.

Паводле Радыё “Рацыя” і БелаПАН

***

Рэспубліканец-мільярдэр Майкл Блумберг абвясціў 25 сакавіка “Беларускім днём Незалежнасці” ў Нью-Йорку.

У звароце да беларускага народу ён зазначыў:

“Людзі беларускага паходжання ва ўсім свеце святкуюць Беларускі Дзень Незалежнасці. Гэта адбылося ў 1918 годзе, калі Беларусь абвясціла сваю незалежнасць ад Расійскай Імперыі, якая панавала на беларускай зямлі больш за сотні гадоў. На маленькі перыяд Беларусь адчула незалежнасць, рушыла дэмакратычным шляхам, але ж у хуткім часе пала пад тыранічнай уладай Савецкага Саюзу. Беларусы цярпелі савецкі рэжым 70 гадоў і здабылі свабоду летам 1991 года з развалам Савецкага Саюзу.

Трагічна, свабода беларускага народу была нядоўгай. Першы беларускі дэмакратычна абраны прэзідэнт павярнуў дзяржаву да таталітарнага рэжыму, і нацыя змагаецца, каб правесці свабодныя прэзідэнцкія выбары. Беларусы ўсяго свету ганарацца сваёй багатай культурай і гісторыяй і працягваюць змагацца за прынцыпы свабоды і правы чалавека.

Я ганаруся правам далучыцца да Беларуска-амерыканскага задзіночання ў святкаванні гэтага гістарычнага дня беларускай грамады. Сёння дазвольце мне падзякаваць беларускай грамадзе за яе вялікі ўклад у развіццё нашага гораду.

Майкл Блумберг, мэр Нью-Йорка”.

Паводле zbma.net

***

Падчас урачыстага сходу ў гонар 89-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР сябры Беларуска-амерыканскага задзіночання ўхвалілі спецыяльную рэзалюцыю.

Сябры БАЗА адзначылі, што сёння існуе рэальная небяспека незалежнасці Беларусі. У рэзалюцыі яны ўхвалілі палітыку ЗША ў адносінах да Беларусі , асуджэнне імі тэрору і рэпрэсіяў у Беларусі, падтрымку беларускай незалежнасці, дэмакратыі, беларускай мовы і культуры. Па іх меркаванні: “Мы ўважаем, што менавіта павага да беларускай мовы і актыўнае ўжыванне яе, вывучэнне і шанаванне сваёй культуры ёсць падставай для найбольш поўнага ажыццяўлення дэмакратычных свабодаў і правоў асобы ў Беларусі”.

Віталь Зайка

Вільня, Літва

24 сакавіка ў Таварыстве Беларускай Культуры ў Літве (ТБК) адзначылі Дзень Волі.

Зала ўпрыгожана ў бел-чырвона-белым стылі, на сцяне надпіс “25 сакавіка. 2007 год”, побач бел-чырвона-белы сцяг, а на стале – такія ж ружы. Упрыгожваннем і дызайнам займалася мастачка Хрысціна Балаховіч. Сабралася поўная зала народу, сярод іх вядомыя літоўскія дзеячы, інтэлігенцыя.

Распачаў урачыстасць старшыня ТБК Хведар Нюнька, які распавёў пра гістарычныя падзеі 1918 г., адзначыў, што, на жаль, і сёння Беларусь не вольная і не дэмакратычная краіна. Напрыканцы свайго выступлення старшыня зачытаў віншавальны ліст ад Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы, а пасля ўсе прысутныя разам праспявалі гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.

З віншаваннямі выступіў дырэктар Фонду абароны грамадзян Літвы Стасіс Каўшыніс. Ён адзначыў, што 25 сакавіка для беларусаў такое ж свята, як і 16 лютага для літоўцаў, якое адзначаецца дзяржавай як нацыянальнае. У другой частцы святочнай імпрэзы адбылася прэзентацыя новай кнігі пісьменніцы Вольгі Іпатавай “Апошнія ахвяры свяшчэннага дуба”, у якой адлюстроўваюцца гістарычныя падзеі ХIV ст., калі за хрысціянскую веру былі закатаваныя вернікі-беларусы – Антоній, Еўстафій, Іаан. Таму, вядома, кніга цікавая для беларусаў Вільні, для тых, хто не абыякавы да мінулага і будучыні Радзімы.

Вольга Іпатава – вядомая пісьменніца, аўтар гістарычных раманаў, грамадскі дзеяч, уваходзіць у Вялікую Раду “Бацькаўшчыны”, з’яўлялася старшынёй Саюза пісьменнікаў у вельмі складаны і неспрыяльны для беларускасці час, але ж сп. Вольга мужна змагалася і змагла захаваць Саюз. Сёння імя пісьменніцы вядома далёка па-за межамі Беларусі, як і імёны Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Караткевіча, Уладзіміра Арлова.

Пісьменніца распавяла пра доўгую, нялёгкую працу над кнігай, прачытала свае вершы, прысвечаныя Васілю Быкаву (які першым заўважыў яе талент, падтрымаў і надрукаваў вершы ў “Гродзенскай праўдзе”), адказала на пытанні слухачоў.

Леакадзія Мілаш, Вільня
26 сакавіка 2007 г.

Масква, Расія

Акцыя салідарнасці з Беларуссю ў Дзень Волі прайшла ў Маскве. Удзельнікі акцыі перадалі ў пасольства петыцыю з патрабаваннем вызваліць палітвязняў.

Каля 30 чалавек сабраліся каля пасольства Беларусі ў Маскве. Гэта быў мітынг маладзёвых арганізацыяў “Смена” і “Оборона”. Мітынг быў прысвечаны леташнім падзеям у Беларусі, калі тысячы людзей выйшлі на вуліцы Мінска, каб адстаяць сваё права на выбар. Таксама мерапрыемства было заклікала падтрымаць тых, хто сёння выйшаў на шэсце ў Мінску.

Моладзь трымала ў руках плакаты “Беларусь без Лукашэнкі” і “За нашу і вашу свабоду”. Над мітынгам луналі сцягі Еўрасаюзу, Расіі і бел-чырвона-белыя сцягі. Удзельнікі акцыі патрабавалі перапыніць сілавы разгон мітынгаў, вызваліць палітвязняў і спыніць пераслед апазіцыянераў.

Паводле радыё “Эхо Москвы”

Санкт-Пецярбург, Расія

У 14 гадзiн па расійскім часе пачаўся і каля 16 скончыўся сход беларускай суполкі Санкт-Пецярбурга.

Сход праходзiў у будынку Новага дому культуры на Iсакiеўскай плошчы. З дакладам выступiў прафесар, доктар культуралогii, мінчук Валянцiн Грыцкевiч, у спрэчках прынялi ўдзел палкоўнiк Аляксандар Станкевiч з Крывiчоў, капiтан другога рангу Мiхаiл Прахорчык з Салiгорску, Маргарыта Пярова, унучатая пляменнiца Антона Луцкевiча.

Мiкола Нiкалаеў

Львоў, Украіна

У Львове ў беларускай праваслаўнай царкве, якая належыць да Канстанцінопальскага патрыярхату, прайшла святочная служба з нагоды Дня Волі.

Яе правёў епіскап Васіль. Таксама быў адслужаны малебен за свабоду Беларусі. У набажэнстве прынялі ўдзел беларусы з Львова, Роўна і Івана-Франкоўска.

Паводле “Еўрапейскага радыё для Беларусі”

 

Севастопаль, Украіна

25 сакавіка ў Севастопалі адбыўся мітынг у гонар 89-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Мерапрыемства адбылося на лесвіцы, якая вядзе да помніка беларусу капітану-лейтэнанту А. Казарскаму. Луналі беларускія бел-чырвона-белыя сцягі і ўкраінскія жоўта-блакітныя, сцяг Еўразвязу. На расцяжцы было напісана: “Жыве Беларусь! Свабода! Незалежнасць! Дзяржаўнасць!”.

Святар украінскай аўтакефальнай царквы айцец Ігар дабраславіў мітынг. У выступленнях прагучала падтрымка незалежнай дэмакратычнай еўрапейскай Беларусі. Выступілі старшыня таварыства “Пагоня” Валеры Барташ, старшыня саюза ўкраінак Багдана Процак, марскі афіцэр у адстаўцы літовец Валдас Трумпікас. Старшыня таварыства “Пагоня” ўручыў другому намесніку старшыні таварыства ўкраінцу Алегу Саўчанку значкі “Пагоня” і “Бел-чырвона-белы сцяг”. Прагучаў верш Максіма Багдановіча “Пагоня”, малітва за Беларусь.

Усіх свабодалюбівых беларусаў Беларусі і замежжа віншуем з Днём Волі. Слава героям “Плошчы. Каліноўскага” сакавіка 2006 года, слава ўсім, хто ідзе супраць рэжыму. Будзем годнымі нашчадкамі нашых свабодалюбівых продкаў, якія аддалі жыццё за свабоду нашай зямлі!

Інфармацыя пра мітынг у Севастопалі і Мінску была аператыўна распаўсюджана радыётэлекампаніяй Ваенна-марскіх сіл Украіны “Брыз”.

Пагоні не разбіць, не спыніць, не стрымаць!

Валер Барташ, Старшыня севастопальскага таварыства беларусаў “Пагоня”

Талін, Эстонія

Па ініцыятыве студэнтаў з Беларусі, якія навучаюцца ў Эстоніі, у дзень абвяшчэння незалежнасці БНР была ўшанавана памяць беларусаў, якія змагаліся за незалежнасць Эстоніі, ускладаннем кветак да помніка вучням і настаўнікам, якія загінулі ў Вызваленчай вайне.

“Сёння Еўрапейскі Саюз адзначае дзень народзінаў, але мы не павінны забывацца, што па суседству з намі знаходзіцца краіна, у якой свабода толькі паказная. Нашым суседам з’яўляецца дыктатарская дзяржава, якая дзейнічае толькі дзеля ўзмацнення прыватнай улады за кошт дабрабыту і свабоды сваіх грамадзянаў”, – заявіў сябра Групы падтрымкі Беларусі Яўген Крыштафовіч.

У мінулым годзе ўрад Эстоніі прыняў рашэнне падтрымаць навучанне ў Эстоніі дзесяці студэнтаў з Беларусі, у якіх па палітычных прычынах няма магчымасці вучыцца на радзіме. У кастрычніку мінулага года Талін наведала старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, якая адзначыла, што найбольшай дапамогай народу Беларусі з’яўляецца падтрымка моладзі.

Паводле Радыё “Свабода”

НАВІНЫ

Агульнаеўрапейская акцыя

У Еўропе ладзяцца акцыі салідарнасці з Беларуссю, прымеркаваныя да гадавіны прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і падзеяў, што адбыліся пасля. У ноч з 19 на 20 сакавіка ў Фінляндыі і 40 гарадах Еўропы былі залепленыя раты помнікам у знак салідарнасці з беларускай моладдзю, якая, як мяркуюць арганізатары акцыі, прыгнятаецца ў Беларусі.

Галоўным арганізатарам ужо другой па ліку акцыі з’яўляецца моладзевая арганізацыя “Маладыя еўрапейскія федэралісты” (МЕФ).

“Еўрасаюз мусіць выкарыстаць свой міжнародны ўплыў і патрабаваць ажыццяўлення прынцыпаў дэмакратыі, свабоды слова і правоў чалавека на ўсёй тэрыторыі Еўропы. Урад Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі абмяжоўвае свабоду прэсы, тэлебачанне знаходзіцца пад кантролем дзяржавы, і грамадзяне не маюць мажлівасці ўдзельнічаць у палітычнай дзейнасці”, — гаворыцца ў заяве фінскай арганізацыі. Аса Гунвен, віцэ-прэзідэнт JEF Europe кажа: “Наспеў час для Еўрапейскіх лідэраў прыняць актыўны удзел у змяненні рэчаіснасці, у якой жывуць нашы суседзі”.

МЕФ мае намер ладзіць гэтую акцыю кожны год, пакуль дыктатура не будзе прыпынена і жыхарам Беларусі не будзе дадзеная свабода слова.

Акцыя прайшла адначасова ў ЗША: Бостан; Францыі: Парыж, Бардо, Нансі, Страсбург; Германіі: Берлін, Хемніц, Фрайбург, Ена; Літве: Вільнюс; Швецыі: Стакгольм, Люнд, Гатэнбург; Англіі: Эдзінбург, Йорк; Бельгіі: Брусель, Лёвен; Партугаліі: Парто, Лісабон, Матасінхас; Латвіі: Рыга; Румыніі: Бухарэст; Славеніі: Любляны; Даніі: Архус, Капенгаген, Адзенсе, Аалборг; Швейцарыі: Берн, Жэнева; Фінляндыі: Хельсінкі, Оўла; Галандыі: Вагенінген; Ірландыі: Дублін; Чарнагорыі: Паргорыца; Харватыі: Загрэб; Косава: Прышціна; Сербіі: Ніс; Балгарыі: Сафія, Варна; Італіі: Фларэнцыя; Грэцыі: Камаціні; Польшчы: Варшава, Вроцлаў, Познань, Гарзоў, Гданьск, Беласток; Іспаніі: Мадрыд, Барселона; Украіне: Кіеў, Львоў; Чэхіі: Прага.

Завяршальным мерапрыемствам “гарачага тыдня” стаў канцэрт “Салідарныя з Беларуссю- 2” у Варшаве, што прайшоў на Замкавай плошчы 25 сакавіка.

Паводле telegraf.by, “Нашай Нівы”, “Хартыя' 97”, Польскага радыё для замежжа

 

Нью-Йорк, ЗША

Плённа працуюць беларусы Амерыкі дзеля аднаўлення Кафедральнага сабору Кірылы Тураўскага. Праца робіцца грамадскім сіламі.

Былі закуплены будаўнічыя матэрыялы. Ужо заліта цэментам падлога ў падвале, пакрыта лакам падлога ў грамадскай зале, якую зрабілі спецыялісты.

Валанцёры падзяліліся на 3 групы, і кожны ведаў, што рабіць. Вельмі прыемна адзначыць, што далучыліся да працы па аднаўленні Святыні новыя маладыя людзі.

У рамонтных працах удзельнічалі: сп. Анатоль Колбун, Віталь Пузач, Васіль Кузьменка, Алег Кавалёнак, Рыгор Арашковіч, Мікола Сагановіч, Арцём Будыкін, Уладзімір Бортнік. Сп. Віктар Дудараў ды Ліна Сагановіч прыбіралі царкву да службы, бо было вельмі многа пылу пасля цыклёўкі падлогі.

У нядзелю, 4 сакавіка 2007 г. адбылася святая Літургія, якую адправіў айцец протаіерэй Пятро. Доўга парафіяне не разыходзіліся, мяркуючы, як і чым дапамагчы ў аднаўленні Святыні.

Ліна Сагановіч, паводле belaoc.org

***

18 сакавіка Беларуска-амерыканскае задзіночанне і Згуртаванне беларускай моладзі ў Амерыцы правялі дэманстрацыю “Салідарнасці”, прысвечаную гадавіне падзеяў на “Плошчы Каліноўскага” ў Мінску. Дэманстрацыя адбылася перад будынкам ААН.

Напачатку выступіў Старшыня БАЗА Антон Шукелойц, які заклікаў моладзь да актыўнага адстойвання нацыянальных каштоўнасцяў і дэмакратыі. Быў зачытаны зварот Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы да БАЗА і мітынгоўцаў.

Дэманстранты спявалі беларускія гімны “Магутны Божа” і “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, а таксама песні беларускіх ваяроў. Паветра ўздрыгвала ад магутнага “Жыве Беларусь!”. Былі агучаны патрабаванні спынення пераследу моладзі, вяртання беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай.

У дэманстрацыі прымалі ўдзел аўтарытэтныя эмігранты: Антон Шукелойц, Вітаўт Кіпель, Жорж Кіпель. Ад імя моладзі выступалі Андрусь Чыж і Гражына Залеўская. Сябры Беларускага Моладзевага Руху Амерыкі далучыліся да дэманстрацыі “Салідарнасці”.

Паводле zbma.net і belmov.org/

Нагарыя, Ізраіль

Рэспубліка Беларусь выступае за адмену візаў для сваіх былых грамадзянаў, якія зараз жывуць у Ізраіле. Пра тое гаварыў беларускі пасол Ігар Ляшчэня падчас працоўнай паездкі ў Нагарыю .

Па словах дыпламата, “ідэя двухбаковага пагаднення пра ўзаемныя паездкі, якая прадугледжвае бязвізавы рэжым для ўзроставых катэгорый да 16 і пасля 60 год”, адпрацоўваецца на сустрэчах “з высокапастаўленымі чыноўнікамі ізраільскага МЗС, а таксама з ізраільскімі палітыкамі”.

“Праект пагаднення, распрацаваны беларускім МЗС па ініцыятыве выхадцаў з Беларусі, знаходзіцца на разглядзе Міністэрства замежных спраў і МУС Ізраіля”, – дадаў пасол.

Па інфармацыі прэс-службы пасольства, І.Ляшчэня наведаў Нагарыю з мэтай вывучэння магчымасцяў рэгіянальнага супрацоўніцтва паміж краінамі. Пасол сустракаўся і з рэпатрыянтамі з Беларусі, праінфармаваў іх пра бліжэйшыя планы пасольства: адкрыццё інтэрнет-сайта, арганізацыю візіту беларускай бізнес-дэлегацыі для прэзентацыі магчымасцяў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, арганізацыю ў верасні сумеснага турнэ па Ізраілі вядомага спевака – выхадца з Беларусі Яўгена Шапавалава і ансамблю “Сябры”.

Паводле ІА “Курсор” і Прэс-службы беларускага пасольства ў Тэль-Авіве

 

Даўгаўпілс, Латвія

Вынікі працы ў 2006 годзе падвяло культурна-асветніцкае таварыства “Уздым”.

Плённай была мастацкая самадзейнасць пяці творчых калектываў Цэнтра беларускай культуры: фальклорнага ансамбля ”Купалінка”, трыо “Ластаўкі”, танцавальных калектываў “Лянок” і “Вясёлка” і ансамблю акардэаністаў “Квітнеючы май”, у асобную групу можна вылучыць калектыў удзельнікаў народных каляндарных святаў.

Наладжана навукова-даследчая праца студэнцкай моладзі (выкладчык Таццяна Бучэль). Студэнцкія канферэнцыі праводзіліся на працягу 10 гадоў.

Штомесячна выдаецца беларуская старонка “Беларус Латгаліі” ў гарадской газеце “Сейчас” (рэдактар Таццяна Бучэль), дзе распавядаецца аб працы таварыства.

З 2004 г. дзейнічае факультатыў беларускай мовы ў 6-й сярэдняй школе імя Райніса (настаўніца Таццяна Бучэль). Настаўніца музыкі гэтай школы Таццяна Зубкова мела магчымасць прыняць удзел у семінары для кіраўнікоў мастацкай самадзейнасці ў Мінску, гэта дае надзею, што яе выхаванцы з дзіцячага ансамбля “Русічы” заспяваюць і беларускія песні.

“Прыкметнай падзеяй у дзейнасці нашага таварыства стала тое, што ў мінулым годзе мы дамагліся значнага дадатковага фінансавання нашага таварыства, ажыццявіўшы шэраг новых праектаў праз Міністэрства інтэграцыі (адказны Барыс Іваноў), – кажа сукіраўнік таварыства Таццяна Бучэль. – Дарэчы, гарадская Дума вылучыла нам у 2006 годзе 500латаў. А ў гэтым – 550латаў”.

Пры гэтым па-ранейшаму застаецца праблема – недастатковая зацікаўленасць сяброў таварыства ў вывучэнне беларускай мовы.

Галоўныя задачы дзейнасці таварыства “Уздым” на 2007 год:

*пачаць падрыхтоўчыя работы для выдання летапісу “Уздыма” на беларускай мове да 15-годдзя таварыства ( 2008 г.);

*паспрыяць удзелу студэнцкай моладзі ў Днях беларускай пісьменнасці ў Беларусі, якія штогод праводзяцца ў першы тыдзень верасня;

*знайсці сродкі для выдання матэрыялаў студэнцкіх канферэнцый (да 10-годдзя існавання курса, верасень 2007 г.);

*стварыць краязнаўчы гурток, дзестала будуць ладзіцца аўтарскія выставы, прысвечаныя гісторыі беларусаў Латгаліі;

*арганізаваць курсы беларускай мовы.

Таццяна Бучэль , сукіраўнік таварыства “Уздым”

Вільня, Літва

У пятніцу 16 сакавіка каля беларускай амбасады ў Літве маладыя актывісты выйшлі з фотаздымкамі зніклых беларускіх палітыкаў і палітычных вязняў.

Актывісты сталі ў ланцуг з плакатамі насупраць беларускай амбасады і запалілі свечкі. Напрыканцы акцыі маладзёны перадалі плакаты палітычных ахвяраў прадстаўніку беларускай амбасады і патлумачылі сэнс акцыі.

Як адзначыў адзін з моладзевых лідэраў Сяржук Бахун, “мы, удзельнікі акцыі, патрабуем ад беларускай улады наступнае: па-першае, незалежнае расследванне па факце знікнення Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага; па-другое, спыніць рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў дэмакратычнага руху і вызваліць усіх палітычных вязняў”.

Паводле “Нашай Нівы”

Варшава, Польшча

Палітычныя ўцекачы з Беларусі, якія жывуць у Варшаве, працягваюць звяртацца да прадстаўнікоў еўрапейскіх краінаў з просьбаю падтрымаць рэзалюцыю Сената Польшчы з патрабаваннем вызваліць беларускіх палітычных вязняў.

Беларускія дзеячы ў другі раз звярнуліся ў дыпламатычныя прадстаўніцтвы еўрапейскіх краінаў у Варшаве.

“Мы былі ў амбасадзе Вялікабрытаніі, Чэхіі, Італіі, Партугаліі і Эстоніі. Мы просім, каб усе краіны Еўрасаюзу, ЗША, Канады і нашы суседзі падтрымалі рэзалюцыю Сената Польшчы 21 лютага 2007 года з патрабаваннем вызваліць палітычных вязняў, у першую чаргу Аляксандра Казуліна, – як вязня, што найбольш пакутуе за ўсіх”, – паведаміў галоўны арганізатар акцыі, палітычны ўцякач з Беларусі Ігар Крыштон.

Ён зазначае, што ў асноўным іх прымалі добра і абяцалі перадаць зварот дыпламатычным шляхам у адпаведныя органы кіраўніцтва сваіх дзяржаваў. Адзінаю амбасадаю, якая не вельмі прыязна прыняла беларусаў, было дыппрадстаўніцтва Расійскай Федэрацыі.

Акцыя завяршылася 21 сакавіка. Ініцыятары акцыі наведалі 31 амбасаду – 27 амбасадаў краінаў Еўрасаюза, а таксама Расіі, Канады, ЗША і Украіны.

Паводле Польскага радыё для замежжа і Радыё “Свабода”

 

Іркуцк, Расія

Іркуцкае таварыства беларускай культуры iмя Яна Чэрскага (ІТБК), а таксама лідэры іншых культурных аб’яднанняў народаў Прыбайкалля звярнуліся да губернатара Іркуцкай вобласці Аляксандра Цішаніна з просьбай абараніць Дом дружбы народаў.

“Нас вельмі непакоіць сітуацыя вакол Дома дружбы народаў, – піша ў лісце кіраўнік Рады ІТБК Алег Рудакоў. – У СМІ ўжо вельмі празрыста гучыць, што пытанне вырашанае і партыя “Адзіная Расія” забярэ гэты дом. Дом, які стаяў у савецкую эпоху, выстаяў у часы перабудовы і падчас першага этапу “дзікай” дэмакратыі, і вось зараз у так названыя часы “стабілізацыі” мы губляем гэты сімвал нашага горада”. У сувязі з гэтым прадстаўнікі розных народаў Прыбайкалля і накіравалі адкрыты ліст, а таксама папрасілі пра асабістую сустрэчу з губернатарам.

У лісце адзначаецца, што дом мае вялікае значэнне для добрасуседскіх міжнацыянальных і міжканфесійных зносінаў. Дом тым больш важны для нацыянальна-культурных аб’яднанняў, бо шмат з іх не маюць уласных памяшканняў, і менавіта дзякуючы Дому дружбы народаў могуць праводзіць свае мерапрыемствы.

Кіраўнікі нацыянальна-культурных аб’яднанняў лічаць перадачу Дому партыі “Адзіная Расія” недапушчальным. “Пакуль не позна, просім умяшальніцтва і абароны ад незаслужанай дыскрымінацыі інтарэсаў грамадскіх нацыянальных рухаў рэгіёна,” – пішуць яны, звяртаючыся да губернатара. Таксама яны адзначаюць, што на зварот да Аляксандра Цішаніна па гэтым жа пытанні месяц таму так і не атрымалі адказу.

Пад лістом падпісаліся кіраўнікі 14 аб’яднанняў нацыянальных меншасцяў.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

***

15 сакавіка 2007 года ў Іркуцку прайшла ўнікальная сустрэча ў Доме-музеі Валконскіх: тры нацыянальных цэнтры – беларускі, польскі і літоўскі – правялі сумеснае мерапрыемства, якое было прысвечанае 190-годдзю Таварыстваў Філаматаў і Філарэтаў.

Па водгуках усіх прысутных сустрэча атрымалася вельмі добрай. Удалося аднавіць атмасферу таго часу. Прагучалі не толькі навукова-гістарычныя паведамленні, але і беларускі фальклор, дэкламацыя вершаў на беларускай і польскай мовах.

 

Масква, Расія

Беларусы Масквы звярнуліся з адкрытым лістом да прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з сітуацыяй, якая склалася з Беларускім домам на базе МГА “ЗБС “Бацькаўшчыны”.

У лісце яны адзначылі: “Беларусы Масквы лічаць сваім непасрэдным нацыянальна-патрыятычным абавязкам адкрыта выказаць сваю пазіцыю ў сувязі з сітуацыяй, якаясклалася на нашайэтнічнай Радзіме ваколБеларускага дому на базе Міжнароднай грамадскай арганізацыі “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Як вядома, МГА ЗБС “Бацькаўшчына” фактычна выкінута на вуліцу з свайго сталага памяшкання па адрасе: Рэвалюцыйная, 15 у Мінску і ўжо больш за восем месяцаў не мае афіцыйнага прытулку, пазбаўлена нармальных ўмоў для працы”. Беларусы Масквы дадаюць, што бачаць у гэтай сітуацыі прамое парушэнне пастановы Савета Міністраў “Пытанні Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, і выказваюць сваё стаўленне да пытання: “Дадзенае становішча выклікае ў беларусаў Масквы пачуццё крыўды, горычы і асабістай знявагі кожнага былога грамадзяніна Беларусі.

Ці ж заслужыла такія адносіны да сваіх (і нашых!) праблемаў арганізацыя, у статутных мэтах дзейнасці якой пазначаны: захаванне беларускай прысутнасці ў свеце, кансалідацыя і яднанне ў адзіную супольнасць усіх беларусаў, павышэнне аўтарытэту беларускай нацыі на міжнародным узроўні, адраджэнне Беларусі як нацыянальнай краіны, выхаванне ў беларусаў патрыятызму, пачуцця павагі да родных гісторыі, культуры і мовы?! Трапна заўважыў выбітны амерыканскі беларус Янка Запруднік: “Бацькаўшчына” ёсць адлюстраванне нашай надзеі сабрацца разам!”.

Беларусы Масквы пастаянна атрымлівалі ад ЗБС “Бацькаўшчына” самую разнастайную дапамогу: кнігі ў дар, тэматычныя бібліятэчкі, спрыянне ў арганізацыі лекцый, выстаў, канферэнцый, канцэртаў у галіне беларускай культуры, інфармаванне праз спецыяльны інтэрнет-сайт і бюлетэнь “Беларусы ў свеце” пра падзеі ў беларускай дыяспары. ЗБС “Бацькаўшчына” і створаны ёй Беларускі дом сталіся для нас мастком на родную Беларусь, рэальным рэсурсам арганізацыйнай і метадычнай дапамогі ў яднанні беларусаў Расіі”.

У заключэнні беларусы Масквы выказалі дзве просьбы да беларускага прэзідэнта: “захаваць дамову арэнды для МГА ЗБС “Бацькаўшчына” на памяшканне па вуліцы Рэвалюцыйная, 15 (альбо даць гарантыі аднаўлення яе пасля рэканструкцыі будынку); даць памяшканне для Беларускага дому і кіруючых органаў МГА ЗБС “Бацькаўшчына”.

Зараз ініцыятары збіраюць подпісы пад зваротам.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

Як беларусы Масквы вясну гукалі...

Ідэя і надалей святкаваць беларускія святы ўзнікла адразу пасля ўдалага правядзення Калядаў. Да таго ж, да прыдбаных чужых вясновых свят, такіх як 14 лютага, 8 сакавіка, хацелася дадаць наша, беларускае. Так, Беларускае зямляцтва Масквы ўзялося за арганізацыю “Гукання вясны”.

Адразу сутыкнуліся з пэўнымі цяжкасцямі, бо, у адрозненні ад Калядаў, інфармацыі пра гэта свята было вельмі няшмат. Але дзякуючы беларускім бібліятэкам, падрыхтавалі ўсё, згодна з традыцыямі нашых продкаў адаптавалі да маскоўскіх умоў. Таму большая частка мерапрыемства мусіла прайсці ў памяшканні, толькі “зіму” спаліць трэба было на двары.

Свята праходзіла цікава, весела. Гукалі вясну, заклікалі птушак, спявалі вяснянкі, танчылі. Былі кветкі, вяночкі, печаныя “жавароначкі”. Але са спальваннем “зімы” ўзнікла праблема. Гаспадары памяшкання, якое мы здымалі, не далі дазволу на вогнішча ў сваім двары. Каб не парушаць традыцый, вырашылі хуценька запаліць “зіму” на вуліцы, затушыць і вярнуцца ў залу. Але ж калі наша “зіма” пачала гарэць, усе адчулі нейкі ўздым, гарэзлівы настрой, пачалі спяваць, вадзіць карагод, скакаць праз вогнішча, не зважаючы на выпадковых мінакоў. У залу вярнуліся толькі калі “зіма” пераўтварылася ў попел. Святкаваць працягвалі да ночы, бо разыходзіцца нікому не хацелася.

А раніцай у Маскве пачаў раставаць снег. Прыйшла вясна...

Алена Кміт, Беларускае зямляцтва Масквы

***

2 сакавіка ў Маскве прайшоў устаноўчы сход новага жаночага клуба “Беларусачка”. Працаваць ён будзе пры Рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі (РНКА) “Беларусы Масквы”. Кіраўніца клуба Ала Тужылкіна распавяла, што галоўная задача арганізацыі – захаванне і развіццё самабытнасці, традыцый і мовы беларусаў. “Жанчыны могуць больш актыўна ўключыцца ў працу, бо шмат іх занятыя ў адукацыі ці культуры,” – сказала яна.

Зараз актыў арганізацыі складаюць каля 20 сяброў. Арганізацыя запрашае да супрацоўніцтва ўсіх жанчынаў Масквы і Падмаскоўя, якія лічаць сабе этнічнымі беларускамі. Клуб таксама плануе актыўна супрацоўнічаць з іншымі этнічнымі аб’яднаннямі і арганізацыямі Расіі.

Ала Тужылкіна нарадзілася ў Барысаве (Мінская вобл.). Зараз яна – выканаўчы дырэктар РНКА “Беларусы Масквы”, сябра прэзідыума Маскоўскага міжнацыянальнага кансультатыўнага савета пры кіраўніцтве Масквы.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

Санкт-Пецярбург, Расія

Больш за сто чалавек прыйшлі на лютаўскую сустрэчу беларусаў у Санкт-Пецярбургу. Сустрэча была прысвечана ветэранам войнаў і Узброеных Сіл. Арганізавала яе Беларускае грамадска-культурнае таварыства Санкт-Пецярбурга.

Усіх віталі консул Рэспублікі Беларусь у Санкт-Пецярбургу Д. Сівіцкі, спявак і кампазітар Ігар Карнялюк, заслужаныя будаўнікі Расійскай Федэрацыі Вячаслаў Заранкоў і Уладзімір Шышко, кампазітар Ігар Маціеўскі, заслужаны урач РФ, доктар медыцынскіх навук, прафесар Міхаіл Ханевіч, адзін з кіраўнікоў будаўнічай кампаніі “Ленспецсму” Мікалай Андрэйчанка. Аб працы над літаратурным праектам “Беларускі Пецярбург” паведамілі доктар філалагічных навук Мікола Нікалаеў і дацэнт Аляксандр Станкевіч.

У зале гучалі беларускія песні, вялікае ўражанне зрабіў фільм пра Беларусь (пра прыроду, памятныя мясціны, традыцыі, культуру, турыстычныя маршруты, месцы адпачынку). Асабліва спадабаліся гледачам песні ў выкананні вядучай сустрэчы Бажэны Грыгор’евай, якая сваім нацыянальным строем, танцамі і прыпеўкамі нагадвала пра родную Беларусь. Вельмі цёпла людзі сустрэлі і выступ паэтэсы Аўгінні Кавалюк, якая прачытала вершы на беларускай мове.

Завяршылася сустрэча дакладам пра дзейнасць нацыянальна-культурнага таварыства. Сябры праўлення Генадзь Рабцэвіч і Васіль Шалак акрамя гэтага паведамілі пра запланаваныя мерапрыемствы санкт-пецярбурскага Беларускага нацыянальна-культурнага таварыства на 2007 год.

Удзельнікі сустрэчы выказалі падзяку гаспадару і арганізатару сустрэчы, земляку з Оршы, кіраўніку будаўнічага холдынгу “Ленспецсму” Вячаславу Заранкову і яго памочніку Мікалаю Андрэйчанку.

Член праўлення Беларускага грамадска-культурнага
таварыства Санкт-Пецярбурга Аляксандр Станкевіч

 

***

Вынікі працы за год падвялі ў Беларускім грамадска-культурным таварыстве Санкт-Пецярбурга (БГКТ).

Як распавёў сябра арганізацыі Аляксандр Станкевіч, да канца года на апошні этап выйшла праца над праектам “Беларускі Пецярбург”. Кіраўнік праекту – наваградчанін, доктар філалагічных навук Мікалай Віктаравіч Нікалаеў. У рамках работы над праектам адбыліся сустрэчы з заслужанымі будаўнікамі Расійскай Федэрацыі аршанцам Вячаславам Заранковым, Уладзімірам Шышко (з Талачынскага раёна Віцебскай вобласці) і Валерыем Атрашэўскім (з Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці). Актыўны ўдзел у зборы матэрыялу для літаратурнага праекту прынялі выкладчык ваенна-касмічнай акадэміі Генадзь Рабцэвіч, палкоўнік Аляксандр Станкевіч і прафесар-медык Міхаіл Захарчанка.

15 чэрвеня 2006 г. адбылася чатырнаццатая штогадовая канферэнцыя “Санкт-Пецярбург і беларуская культура” з удзелам гасцей з Беластока (Антоні Мірановіч, Урсула Паўлючук), Вільні (Рута Янонене) і Беларусі (Iрына Будзько, Алена Рай). Акрамя гасцей, з дакладамі выступілі пецярбуржцы Сяргей Жамайціс, Iрына Герасімава, Наталля Кардаш, Валянцін Грыцкевіч, Аляксей Кібінь.

Некалькі экскурсій па Расійскай Нацыянальнай бібліятэцы з аглядам рэдкіх беларускіх выданняў і рукапісаў арганізавалі Мікола Нікалаеў і ўраджэнка г. Глыбокае Марыя Ткачэнка.

9 мая і на Дзяды члены БГКТ наведваюць беларускі помнік на мемарыяльных могілках ахвярам палітычных рэпрэсій ў Левашове.

У студзені 2007 г. у Расійскай Нацыянальнай бібліятэцы прайшла творчая сустрэча з беларускім гісторыкам Генадзем Сагановічам.

1 лютага 2007 г. адбылася канферэнцыя чытачоў па кнізе былога міністра замежных спраў Беларусі і дэпутата парламента Пятра Краўчанкі “Беларусь на раздарожжы”. У ёй акрамя членаў БГКТ прынялі ўдзел прадстаўнікі іншых беларускіх арганізацый Пецярбурга і першы сакратар Аддзялення пасольства Рэспублікі Беларусь у горадзе Уладзімір Неронскі.

У сакавіку 2007 г. ў Мінску адбылася сустрэча членаў праўлення БГКТ Генадзя Рабцэвіча і Аляксандра Станкевіча з кіраўніком ЗБС “Бацькаўшчына” Аленай Макоўскай. На сустрэчы абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва, абмену інфармацыяй. У гэты ж прыезд члены праўлення наведалі канферэнцыі лідэраў палітычных партый Беларусі і інш.

На працягу ўсяго года адбываліся лекцыі па гісторыі беларускай нацыі і дзяржавы ў Новым Доме культуры на Iсакіеўскай плошчы, якія праводзіць доктар культуралогіі, мінчук Валянцін Грыцкевіч.

Сябра праўлення Беларускага грамадска-культурнага
таварыства Санкт-Пецярбурга Аляксандр Станкевіч

 

Прага, Чэхія

Пад патранажам Вацлава Гавела і рэктара Карлавага ўніверсітэта Вацлава Гампла ў Празе адкрылася выстава “Выбар без выбару. Беларусь — сакавік 2006”.

Настрой сакавіка 2006 г. на выставе перададуць перадусім фотаздымкі Андрэя Лянкевіча і Юліі Дарашкевіч з газеты “Наша Ніва”, а таксама чэшскага фатографа Якуба Досьпівы з тэлеканала “CTK”.

Усе яны здымалі намётавае мястэчка, якое было пастаўлена моладдзю на Кастрычніцкай плошчы ў цэнтры Мінска; фатографы заставаліся на плошчы, здымаючы да апошняга моманту: калі беларуская міліцыя зруйнавала намётавае мястэчка і адвезла сотні дэманстрантаў да спецпрымальніка на вуліцы Акрэсціна.

Выставу арганізавалі студэнты Карлавага ўніверсітэта пры садзейнічанні рэктара ўніверсітэта Вацлава Гампла і экс-прэзідэнта Чэшскай Рэспублікі Вацлава Гавела.

Выставу суправаджаюць іншыя імпрэзы. Штосераду на філалагічным факультэце Карлавага ўніверсітэта паказваюцца дакументальныя стужкі аб Беларусі, пасля якіх ёсць мажлівасць падыскутаваць з рознымі гасцямі выставы. Напрыканцы красавіка запланаваны круглы стол, у якім будуць браць удзел прадстаўнікі палітычнай і недзяржаўнай сфераў.

Паводле “Нашай Нівы”

ВЕСТКІ

Беларуская літаратура ў небяспецы

Да грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, настаўнікаў, літаратуразнаўцаў звярнулася ўправа Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў. “Як нам стала вядома, рыхтуецца маштабнае “ідэалагічнае” перапісванне школьных праграм па беларускай літаратуры”, – паведамляе яна.

Пісьменнікі звяртаюць увагу, што стылістыка дакументаў сведчыць пра тое, што “на Беларусь вяртаюцца змрочныя часы, калі ап’янелыя рэвалюцыйнымі падзеямі дзяржаўныя чыноўнікі па-вар’яцку змагаліся з нацыянальнай літаратурай, у выніку чаго ў 20-30-х гадах былі рэпрэсаваныя сотні беларускіх пісьменнікаў, а іх творы на дзесяцігоддзі забараняліся”.

“Ідэалагічныя чыноўнікі Беларусі даходзяць да найвышэйшай ступені ганебнасці і фарысейства, калі ў юбілейны год нацыянальнага генія Янкі Купалы імкнуцца забараніць некаторыя ягоныя творы, у прыватнасці – п’есу “Тутэйшыя”, забараняюць для вывучэння (а праз тое – і публікавання) аповесць Васіля Быкава “Аблава”, – адзначаюць пісьменнікі.

Па словах пісьменнікаў, улады патрабуюць ад складальнікаў новых школьных праграм “предельно минимизировать использование оппозиционно настроенных писателей… Н. Гилевича, Р. Бородулина, Г. Буравкина и других”, “исключить из списков литературы для изучения и внеклассного чтения произведения С. Алексиевич, С. Законникова, О. Ипатовой, В. Орлова, М. Скоблы, В. Чаропки и иных оппозиционно настроенных писателей”, а “проекты программ обязательно согласовывать с Союзом писателей Беларуси и представить доработанные проекты программ с визой Н. Чергинца 1 марта 2007 г.”.

“Дарагія суродзічы! Давайце супольна запатрабуем у чыноўнікаў Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі, а таксама ў кіраўнікоў падтрыманага ўладай і бюджэтнымі грашыма Саюза пісьменнікаў афіцыйных тлумачэнняў і заклічам іх да адказнасці! Прозвішчы сучасных літаратурных знішчальнікаў ганебнымі літарамі будуць запісаны ў летапіс нацыянальнай культуры.

Няхай жыве літаратура Купалы і Быкава!”, – закончылі зварот беларускія пісьменнікі.

12 сакавіка 2007 года

 

Пераемнасць пакаленняў у асяроддзі ідэолагаў

Ідэалагічнае ўпраўленне Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі вырашыла ўнесці пэўныя змены ў школьную праграму, а менавіта мінімізаваць выкарыстанне твораў апазіцыйных пісьменнікаў. Прычым чыноўнікаў не засмучае той факт, што да гэтага кола належаць шырока вядомыя пісьменнікі, паэты і мастакі Беларусі, якія ўвасабляюць беларускую культуру і якія будуць чытацца ў часы, калі імёны гэтых цэнзараў ад дзяржавы наўрад ці будуць памятаць нават іх нашчадкі.

Ніжэй падаем два дакументы, якія сведчаць пра “пераемнасць пакаленняў”: адзін сучасны, распрацаваны беларускімі чыноўнікамі-ідэолагамі ў перыяд найноўшай беларускай гісторыі, другі… ліст сакратара ЦК КП(б) Панамарэнкі да Сталіна.

Так, у сучасных рэкамендацыях беларускіх ідэолагаў утрымліваецца рэкамендацыя: “ …В обеих программах (маецца на ўвазе «Беларуская літаратура, V-X класы: БАЗАвы і павышаны ўзроўні» і «Беларуская літаратура (базавы і павышаны ўзровень: Праграмы для ХІ і ХІІ класаў») минимизировать использование произведений оппозиционно настроенных писателей: везде, где использование произведений Н. Гилевича, Р. Бородулина, Г. Буравкина и других не вызвано крайней необходимостью характеристики их творчества как представителей литературы второй половины ХХ века, заменить их произведения на сочинения других писателей и поэтов. Предельно минимизировать содержание монографических тем, посвященных творчеству Н. Гилевича, Г. Бородулина (до 2-3 стихотворений) и других, исключить попадание в учебные программы произведений националистического, политизированного характера.

Исключить из списков литературы для изучения и внеклассного чтения произведения С. Алексиевич, С. Законникова, О. Ипатовой, В. Орлова, М. Скоблы, В. Чаропки и иных оппозиционно настроенных писателей. Исключить из иллюстративных материалов произведения художника А. Марачкина.

Обязательно упомянуть о создании Союза писателей Беларуси и его роли в объединении литературных сил, развитии литературы (маецца на ўвазе Саюз пісьменнікаў на чале з генералам міліцыі М. Чаргінцом. Саюз быў створаны ў мінулым годзе пры садзейнічанні ўладаў. – Рэд.).

На странице 32 программы «Беларуская літаратура (базавы і павышаны ўзровень: Праграмы для ХІ і ХІІ класаў» при изучении творчества Янки Купалы исключить пьесу «Тутэйшыя», заменив ее стихотворениями и поэмами, предназначенными для самостоятельного чтения.

Проекты программ обязательно согласовывать с Союзом писателей Беларуси и представить доработанные проекты программ с визой Н. И. Чергинца 1 марта 2007 г.»

Дарэчы, творы генерала міліцыі Чаргінца ўключаны ў школьную праграму па рускай літаратуры. Зараз яны, як і творы іншых ідэалагічна “правільных” рускамоўных пісьменнікаў Беларусі, вывучаюцца ў 9-м класе сярэдняй школы побач з творамі Пушкіна і Лермантава.

З ліста Сталіну сакратара ЦК КП(б) /Беларусі/ Панамарэнкі “Аб беларускай мове, літаратуры і пісьменніках” (21.XI.38):

“Враги народа, пробравшиеся в свое время к партийному и советскому руководству Белоруссии, ставившие целью отторжение Белоруссии от Советского Союза и организацию "самостоятельного> Белорусского государства... прилагали много усилий для идеологической подготовки этого отторжения... Наиболее крупную контр-революционную националистическую работу провел союз "советских> писателей Белоруссии, идейно возглавляемый всегда десятком профашистских писателей (в том числе известные Янка Купала и Якуб Колас)...

...Получилось так, что вся эта кучка нацдэмовских заправил сохранилась до сих пор. Даже организационно, в Союзе писателей. Они печатали и печатают внешне патриотические стихи и произведения, насквозь фальшивые, не необходимые для выражения советскости (их буквальное выражение). Янка Купала говорит, что все, что он написал при Советской власти, не творчество, а дриндушки. Они говорят о том, что теперь литература сведена на роль придатка, разъясняющего или восхваляющего, что это не творчество, а иллюстрация. В литературе нельзя ничего ставить и решать, так как партия уже решила на много лет вперед, план составлен, иллюстрируй то, что прошло...

Сейчас уже пора сделать определенные выводы, показать свое отношение к ним и начать большую работу. Что по-моему нужно сделать?..

...Решительно очистить литературу от произведений с национал-фашистской контрабандой (кое-что мы в этом направлении уже сделали), поднять литературную, преданную молодежь, освежить литературу, укрепить руководство Союза писателей.

В отношении Янки Купалы, Якуба Коласа, Бровко, Глебки, Крапивы, Бядули, Вольского, Аксельрода и др. членов этой "могучей кучки", узурпировавшей представительство от Белорусской литературы всюду, в том числе и за рубежом, людей, творческая авторитетность которых непомерно раздута, проводивших лично всю описанную выше вражескую работу, имеются многочисленные показания разоблаченных и арестованных врагов, изобличающие их вплоть до связей с польской дефензивой.

В отношении Янки Купалы имеется 41 показание, в большинстве прямые; Якуба Коласа... 31 показание; Крапивы... 12 показаний и так далее. По количеству и качеству изобличающего материала, а также по известным нам фактам их работы, они, безусловно, подлежат аресту и суду, как враги народа. В частности, Наркомвнудел Белоруссии запросил из центра санкцию на арест Купалы и Коласа уже давно, но санкция пока не дана.

Положение в отношении к ним сложное. Они, главным образом, Янка Купала и Якуб Колас, пользуются известностью, прославили их достаточно сильно, их включают во всякие комиссии по учебникам и словарям, переводам, литературным юбилеям. Не допустить этого значит сразу определить свое отношение к ним, а его по моему мнению определять нужно не так. Их нужно или арестовать, или, учитывая обстановку, принять, поговорить открыто, показать, что нам известны все их "ошибки", если это допустимо так называть, сказать, что они могут искупить свою вину перед Советской властью, призвать их к честной работе, посмотреть, как они будут реагировать, и если в какой-либо мере пойдут на это, то использовать это в целях разложения группы, отрыва наиболее честного и ликвидации остатков нацдемовщины. При разговоре, конечно, не смягчать действительной оценки их роли, но делать это с соответствующим такому щепетильному разговору тактом.

Потом надо будет созвать совещание белорусских писателей, на котором выступить с совершенно ясными установками о дальнейшей работе Союза писателей, с критикой ошибок, постановкой задач и т.д. А там уже дальше обстановка подскажет наиболее целесообразные шаги.

По двум вопросам:

а) о предлагаемых мероприятиях в отношении белорусского языка – грамматики и литературы;

б) об отношении к писателям Янке Купале и Якубу Коласу, – я прошу Вас дать мне совет.”

Два лісты, паміж якімі амаль 69 гадоў… Як кажуць, без каментарыяў.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

***

Грамадскія актывісты Гародні – навукоўцы, краязнаўцы, гісторыкі – вырашылі даслаць звароты ў Адміністрацыю прэзідэнта і ў Камітэт дзяржаўнага кантролю з патрабаваннем праверыць мэтазгоднасць і рацыянальнасць выкарыстання дзяржаўных сродкаў, вылучаных на рэканструкцыю гістарычнага цэнтра, і пракантраляваць далейшае выкананне работ.

Цярплівасць гарадзенцаў закончылася пасля таго, як былі заўважаны шматлікія парушэнні заканадаўства пры рэканструкцыі старой часткі Гародні.

“Да гэтага часу ў нас была нейкая надзея, што нас выслухаюць і прымуць меры. Аднак пасля наведання чыноўніцкіх кабінетаў мы пераканаліся, што ні ў каго да гарадзенскіх справаў няма інтарэсу. Усё заканчвалася тым, што нас зноў і зноў адпраўлялі ў гарадзенскі аблвыканкам. Туды, дзе гэтыя парушэнні і рабіліся”, – заявіў адзін з аўтараў звароту Павел Каралёў, які адвозіў лісты ў Мінск для іх афіцыйнай рэгістрацыі ў структурах-адрасатах.

Паводле Польскага радыё для замежжа

***

Грамадзяне Беларусі распачалі кампанію па зборы подпісаў за перайменаванне Сувораўскай вайсковай вучэльні ў Мінску. Яны прапануюць надаць ёй імя вядомага вайсковага дзеяча ВКЛ Канстанціна Астрожскага.

Ініцыятары збору подпісаў адзначаюць: “Для нашага народа А. Сувораў з’яўляецца акупантам і катам, які крывава падаўляў паўстанні беларускага народа, здзяйсняючы захопніцкія планы Расійскай імперыі. Ушанаванне імя гэтага чалавека – ганьба для беларускай нацыі, здзек над памяццю нашых продкаў. У беларускай гісторыі дастаткова вайсковых дзеячаў і герояў, імем якіх па праву павінны ганарыцца будучыя афіцэры суверэннай Беларусі. Прапануем назваць вайсковую вучэльню ў гонар дзяржаўнага і вайсковага дзеяча нашай старадаўняй дзяржавы Канстанціна Астрожскага (1460–1503), які атрымаў перамогі ў 63 бітвах з ворагамі краіны”.

У лісце падкрэсліваецца, што “К. Астрожскі не меў сабе роўных у змаганні з чужынцамі. Яго служба Радзіме стала ўзорам вайсковай чыннасці. Цяжка нават выславіць усю дзейнасць гэтага чалавека. За сваё жыццё К. Астрожскі збудаваў шмат цэркваў, манастыроў, шпіталяў і школ”. “Не было такога вайсковага дзеяча, які б усё жыццё так прыгожа і годна аддаў Айчыне”, – так завяршаюць ліст арганізатары збору подпісаў за перайменаванне.

Ліст ініцыятараў, а таксама сабраныя подпісы грамадзян будуць накіраваныя прэм’ер-міністру Рэспублікі Беларусь Сяргею Сідорскаму і міністру абароны Рэспублікі Беларусь генерал-палкоўніку Л. Мальцаву.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

***

Споўніўся год, як затрымалі экс-кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, лідэра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), былога рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандра Казуліна.

25 сакавіка мінулага года Аляксандр Казулін узначаліў шэсце грамадзянаў да спецпрыймальніка-размеркавальніка на вуліцы Акрэсціна. Тады там знаходзіліся яго пляменнікі, а таксама людзі, затрыманыя падчас разгону намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы.

А. Казуліна затрымалі міліцыянты і спачатку даставілі ў РУУС Завадскога раёна, а потым у ізалятар часовага прыбывання ў Жодзіна. Пры гэтым экс-кандыдата ў прэзідэнты жорстка збілі падчас затрымання, здзек над ім працягваўся аж да моманту дастаўкі ў Жодзіна.

13 ліпеня 2006 года адбыўся суд, на якім былы кандыдат у прэзідэнты быў прызнаны вінаватым у “наўмысных дзеяннях, якія груба парушалі грамадскі парадак, <...> якія суправаждаліся прымяненнем гвалту і знішчэннем чужой маёмасці”, а таксама ў “арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушалі грамадскі парадак, якія былі спалучаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія пацягнулі за сабой парушэнні ў рабоце транспарту, прадпрыемстваў, і актыўным удзеле ў такіх дзеяннях”.

Прыгавор быў жорсткім – Аляксандра Казуліна асудзілі на пяць з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбыццём тэрміна ў выпраўленчай калоніі агульнага рэжыму. Ні А. Казулін, ні дэмакратычная грамадскасць яго віну не прызналі. 22 снежня 2007 г. праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” абвясціла А. Казуліна вязнем сумлення.

З мэтай прыцягнуць увагу да сітуацыі ў Беларусі Рады бяспекі ААН Казулін 53 дні праводзіў галадоўку – ад 20 кастрычніка да 11 снежня 2006 года.

24 сакавіка 2007 года з Днём Волі А. Казуліна павіншавала старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) Івонка Сурвілла. “Жадаем, у першую чаргу, захаваць здароўе, жадаем вытрымкі і веры. Спадзяемся, што 90-ю гадавіну БНР краіна сустрэне вольнай і дэмакратычнай. Жыве Беларусь!” – адзначаецца ў лісце сп. Івонкі Сурвіллы.

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” далучаецца да віншаванняў і шчыра жадае Аляксандру Казуліну ў самы найбліжэйшы час быць на Волі разам з сям’ю, разам з усімі намі.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

***

Геаграфічны цэнтр Еўропы, які знаходзіцца ў Глыбоцкім раёне, будзе ўключаны ў турыстычны маршрут беларуска–латвійска–шведскага праекту “Панарама Дзвіна/Даўгава”.

Шведская працоўная група наведала раён возера Шо, дзе, паводле звестак Белкосмасгеадэзіі, знаходзіцца цэнтр Еўропы. Паводле словаў начальніка аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Глыбоцкага райвыканкама Міхаіла Арэхава, іншаземцаў скарыла хараство беларускай прыроды. Апроч таго, у мясцовым музеі яны пабачылі старадаўнія скандынаўскія манеты і рэшткі зброі вікінгаў, што падтрымлівае тэорыю пра тое, што быццам у гэтым месцы праходзіў знакаміты шлях “з варагаў у грэкі”.

Паводле прапановы шведскіх гасцей, Глыбоцкі раён разам з Дзісной, Полацкам і Віцебскам стануць асноўнымі аб’ектамі турыстычнага маршруту “Панарама Дзвіна/Даўгава”, які пакліканы бліжэй пазнаёміць народы Швецыі, Латвіі і Беларусі, а таксама расказаць пра культуру і гісторыю гэтых дзяржаў, якія некалі цесна перапляталіся. Паводле папярэдніх звестак, на рэалізацыю гэтага праекта шведскі бок мае намер вылучыць Віцебскай вобласці каля 100 тысяч даляраў.

Прэзентацыя турыстычнага праекта адбудзецца ў траўні ў Даўгаўпілсе. Плануецца, што ўжо сёлета ўздоўж Дзвіны з прыпынкам у старажытных беларускіх гарадах, размешчаных на яе берагах, пройдзе першы экскурсійны аўтобус. На думку экспертаў, рэалізацыя праекта дазволіць павялічыць прыток замежных турыстаў у Прыдзвінскі край цягам наступных трох гадоў на 10%.

Паводле “Нашай Нівы”

 

Абвесткі

Сустрэча са старшынём БАЗА

22 красавіка ў 12.30, пасля набажэнства, у грамадскай зале Сабору Св. Кірылы Тураўскага Згуртаванне беларускае моладзі ў Амерыцы (моладзь БАЗА) праводзіць сустрэчу з адным з найаўтарытэтнейшых дзеячаў беларускай дыяспары ў Амерыцы, старшынёй Беларуска-амерыканскага задзіночання Антонам Шукелойцам.

На сустрэчы сп. Шукелойц распавядзе пра гісторыю развіцця беларускай грамады ў ЗША, сваё бачанне ролі Беларуска-амерыканскага задзіночання і яе моладзі ў развіцці грамады. Будуць закранутыя пытанні неаднаразовых спробаў развалу БАЗА, суадносінаў БАЗА і Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, пытанне падрыхтоўкі да Кангрэсу БАЗА ў траўні гэтага года. Запрашаюцца ўсе зацікаўленыя.

Паводле zbma.net

Беларускі суботні клас у Канадзе

Пры актыўным садзейнічанні і фінансавай падтрымцы дзяржаўных адукацыйных установаў Канады ў Атаве працуе беларускі суботні клас. У беларускі клас прымаюцца дзеці да 8 класа ўключна. Заняткі праводзяць настаўнікі з вялікім стажам працы з дзецьмі дашкольнага, малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту. Гэта ўнікальная магчымасць для кожнага дзіцяці не толькі бліжэй пазнаёміцца з беларускай культурай, мовай і гісторыяй, але і таксама набыць дадатковыя веды па матэматыцы.

Заняткі па суботах у школе Dr.Roy Kennedy з 9.00 да 11.00 гадзін.

Адрас школы: 919 Woodroffe Ave (between the Queens Way and Carling Ave).

Тэлефон для даведак: (613) 733-5775.

Паводле http://www.belaruscanada.com/

 

Канцэрт Лявона Вольскага ў Нью-Йорку

У панядзелак, 9 красавіка 2007 года, у Брукліне адбудзецца канцэрт знакамітага беларускага спевака, саліста групы “NRM” Лявона Вольскага. Арганізоўвалі канцэрт Беларуска-амерыканскае задзіночанне і Згуртаванне беларускай моладзі ў Амерыцы (Моладзь БАЗА).

З нагоды канцэрта Лявон Вольскі адзначыў: “Гэта не проста канцэрт. Гэта (калі ў нас атрымаецца, а звычайна ў нас атрымліваецца) сапраўдная беларуская вечарына. Я сыграю некалькі песень акустычна, спадзяюся, штосьці мне падыграюць нашы беларуска-амерыканскія сябры, плануюцца выступы іншых музыкаў. Вас чакаюць цікавыя неспадзяванкі, якія створаць сапраўдную сучасную беларускую атмасферу, а напрыканцы дыскатэка. Няправільна было б прапусціць гэтую акцыю, ці не так? Я не прапушчу. І Вас там чакаю”.

Паводле www.baza-belarus.org, zbma.net

 

Прэміі маладым беларусістам

Паўночнаамерыканская асацыяцыя беларусістычных даследаванняў сумесна з сям’ёй Кіпеляў паведамляюць аб заснаванні прэміі ($100) за даследаванні ў беларусістыцы для студэнтаў і аспірантаў.

Да разгляду прымаюцца неапублікаваныя працы памерам не менш за 15 старонак (праз 2 інтэрвалы), напісаныя ў 2004–2007 гг. Ахвотныя да ўдзелу маюць даслаць 3 асобнікі сваёй працы на наступны адрас:

Dr. Curt Woolhiser

Harvard University of Slavic Languages and Literatures

Barker Center 327, 12 Quincy St.

Cambridge, MA 02138-3804

Працы прымаюцца да 1 чэрвеня. Пераможцы будуць вызначаныя ўвосень 2007 года. Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце www.belarusianstudies.org.

Паводле www.studenty.by

 

Фестываль беларускай культуры пройдзе ў Томску

З 13 па 15 красавіка Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Томска (Расія) праводзіць фестываль беларускай культуры “Радзiма мая – Беларусь”.

Арганізатары: Дэпартамент па культуры адміністрацыі Томскай вобласці, Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Томска

Праграма фестывалю:

Правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў у горадзе і раённых цэнтрах Томскай вобласці.

Наведванне музеяў, выставаў і іншых культурна-гістарычных месцаў горада Томска.

Арганізацыя выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Арганізацыя фотавыставы “Беларусы ў Томской вобласці”.

Майстар-класы (харэаграфія, прыкладная творчасць, фальклор).

Круглы стол з кіраўніцтвам адміністрацыі і прадстаўнікамі пасольства Беларусі.

Выданне спецыяльнага фестывальнага нумара газеты “Радзiма мая – Беларусь”.

Дзень нацыянальнай кухні.

Месцаправядзення фестывалю: канцэртныя і выставачныя пляцоўкі Томска і раённых цэнтраў Томскай вобласці.

Мэты фестывалю : стварэнне ўмоваў для міжнацыянальнага ўзаемапаразумення прадстаўнікоў этнакультурных супольнасцяў, развіццё міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння паміж беларускімі дыяспарамі, развіццё народнай самадзейнай творчасці, развіццё супрацоўніцтва Томскай вобласці і Беларусі.

Да ўдзелу ў фестывалі Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Томска запрашае: прадстаўнікоў беларускіх дыяспараў Сібіры і іншых рэгіёнаў; прадстаўнікоў этнакультурных супольнасцяў Томскай вобласці; прадстаўнікоў федэральных, рэгіянальных і муніцыпальных органаў улады; творчыя калектывы.

Тэрміны правядзення фестывалю: заезд – 12 красавіка пасля 12.00. Закрыццё фестывалю – 15 красавіка. Свой удзел трэба пацвердзіць да 20 сакавіка 2007 года, а таксама даслаць (тэрмінова) інфармацыю пра вашу арганізацыю і калектыў-удзельнік для публікацыі ў спецыяльным нумары часопісу.

Кантактная інфармацыя:

Любоў Аляксандраўна Адаскевіч, кіраўнік Праўлення Нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Томска: (+7 3822) 54-14-71, (+7 3822) 54-29-08, (+7 90) 61987331.

Андрэй Васільевіч Петлін, менеджэр: (+7 90) 69577591.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

“Тыдзень беларускай культуры ў Іркуцкай вобласці 2007”

Беларусы Іркуцка рыхтуюцца да правядзення “Тыдня беларускай культуры ў Іркуцкай вобласці 2007”.

Як адзначаюць арганізатары: “31 мая – Дзень народзінаў Рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага” (РГА ІТБК). У гэтым годзе нам споўніцца 11 год. Традыцыяй стала правядзенне ў концы траўня пачатку чэрвеня “Тыдня беларускай культуры”.

Арганізатары:

1. РГА ІТБК, уключаючы аддзяленні ІТБК і ініцыятыўныя групы.

2. Камітэт па сувязях з грамадскасцю Адміністрацыі Іркуцкай вобласці.

3. Камітэт па культуры Адміністрацыі Іркуцкай вобласці.

4. Упраўленне культуры Адміністрацыі Іркуцка і інш.

Мэты: Адраджэнне, захаванне і развіццё духоўных і культурных каштоўнасцяў Беларускага народа, узвышэнне яго самасвядомасці, распаўсюд і падтрымка нацыянальных звычаяў, рамёстваў, жыццёвага ўкладу і маральных асноваў.

Праграма:

1. 20 траўня ўрачыстае адкрыццё “Тыдня беларускай культуры ў Іркуцкай вобласці”. Адкрыццё выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Беларускае рамяство жыве і ў Прыбайкаллі”. Будзе праходзіць у выставачнай зале Краязнаўчага музея да 4 чэрвеня.

2. 26 траўня маладзёвы клуб “Крывічы” прэзентуе маладзёвы вечар адпачынку – “Беларускія вячоркі”, у рамках якога пройдзе “Конкурс Купалінак”.

3. 29 траўня ў 19.00 адбудзецца бясплатны паказ беларускага фільма.

4. 31 траўня – Дзень народзінаў РГА ІТБК – адбудзецца адкрыццё Навукова-практычнай канферэнцыі “Беларуская дыяспара Прыбайкалля – гісторыя, традыцыя, сучаснасць”.

5. 1 чэрвеня – Дзень дзяцей – адбудзецца дзіцячае свята “На Байкале – Беларусь сінявокая”, дзе будуць падведзены вынікі дзіцячых конкурсаў і адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў.

6. 2 чэрвеня з 13.00 до 18.00 адбудзецца V Абласны конкурс-фэстываль “Гучы гоман беларускі”.

7. 3 чэрвеня – аднадзённы навучальны семінар “Беларуская традыцыя” з выкарыстаннем майстра-класаў.

8. 4 чэрвеня – закрыццё “Тыдня беларускай культуры ў Іркуцкай вобласці”.

Для больш паспяховага правядзення Тыдня Беларускай Культуры зараз утвараецца Фонд падтрымкі. Усе мецэнаты будуць адзначаныя. Рэквізіты для дапамогі наступныя: “Востсибтранскомбанк”, р/с 40703810300001037701 ИНН 3808029567 БИК 042520849 К/с 30101810700000000849 “ИТБК им. Я. Д. Черского”

Па любых пытаннях звяртайцеся: тэл. (3952) 20-11-72, e-mail: malanka2000@mail.ru, адрас ІТБК: 664011, г. Іркуцк, вул. Чэхава, 2 (акрамя нядзелі).

 

Рэлігійна-літаратурная імпрэза ў Вашунаве

Рэлігійна-літаратурная імпрэза “Святы засценак – родны мой, каханы” адбудзецца 30 чэрвеня ў Гісторыка-этнаграфічным музеі “Засцянковая хатка” (Вашунава, Докшыцкі раён, Віцебская вобласць). Пра гэта паведаміў старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Віленскага краю Юры Гіль.

Нагодаў для правядзення некалькі: гэта і 15-годдзе ТБМ імя Ф. Скарыны Віленскага краю, 65-годдзе ягонага старшыні Юрыя Гіля, а таксама 205-годдзе Ігната Дамейкі. Імпрэза працягнецца 30 чэрвеня і захопіць 1 ліпеня.

У праграме: асвячэнне Крыжа і Фігуры Ісуса Хрыста, прэзентацыя кніжак Ю. Гіля, літаратурна-мастацкая частка, агляд музея, экскурсія ў Сітцаўскі парк Дамейкаў і ў мемарыял “Ходараўка”, Святая імша за Беларусь і Пілігрымка ў Будслаў і інш. У літаратурнай частцы возьмуць удзел Генадзь Гіль, Мая Жалязніцкая і Рыта Шыла.

Кантактныя тэлефоны арганізатараў: +370 524 281 14 (Вільня, Юры Гіль), +375 29 6730358.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

Са зваротам да вернікаў і беларусаў выступіла Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква.

Парафіяльная Рада Кафедральнага Сабору Св. Кірылы Tураўскaгa ў Бруклiне адзначыла: “У кpai і ў замежжы iснye прадбачлiва ўзноўленая пасляваеннай беларускай эмiграцыяй Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква, пры якой ужо больш за паўстагоддзе гуртуюцца сiлы змагарнай за волю Бацькаўшчыны беларускай дыяспары”.

За гэты час, па словах прадстаўнікоў Рады, Кафедральны Сабор св. Кірылы Тураўскага, дзе праводзілася шмат мерапрыемстваў беларускай дыяспары, з прычыны недахопу грошаў, заняпаў. З дапамогай талакі ўдалося аднавiць вялiкую частку царкоўнага будынку да непазнавальных ад папярэдняга стану і выгляду. У будынку ўжо ўсталяванае газавае ацяпленне, набліжаецца да канца падрыхтоўка і выдатнае ўпрыгожванне залы з кухняй, канцылярыяй, сходамi ў царкву. У падвале рыхтуюцца памяшканнi для apxiва беларускай эміграцыi і, магчыма, невялiкi беларускi музей або нешта iншае.

Набліжаецца 50-годдзе асвячэння Сабору. І таму трэба да лістапада гэтага года цалкам закончыць усе работы. Дзеля гэтага Парафіяльная Рада звяртаецца “з гарачай просьбай памагчы ахвяраваннямі, скончыць аднаўленне будынку Кафедральнага Сабору Св. Кiрылы Тураўскага ў Брукліне так, каб мы ганарылiся прыгажосцю гэтага неабходнага для дзейнасці нашае змагарнае за незалежнасць Бацькаўшчыны асяродку.

Чэкi просiм выпiсваць на St. Cyril's of Turau Cathedral i слаць на адрас 401 Atlantic Avenue, Brooklyn, N.Y. 11217-1702.

Няхай жа Бог узнагародзiць Вас шмат разоў за Ваш шчодры водгук на нашую просьбу!

Парафіяльная Рада Кафедральнага Сабору Св. Кірылы Tураўскaгa ў Бруклiне, Н.Е.”
Паводле belaoc.org

 

Памяць

Латвія

Смуткаванне з нагоды смерці Мірдзы Абалы

Праз год ёй споўнілася б восемдзесят гадоў. Мы, сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры “Cвітанак”, збіраліся годна адсвяткаваць гэты юбілей Мірдзы Эдуардаўны Абалы, адной з заснавальніц таварыства, вядомай даследчыцы і перакладчыцы, доктара філалогіі, якая зрабіла вялікі ўнёсак у развіццё і прапаганду беларускай літаратуры, беларускай культуры ў Латвіі. Але лёс вырашыў інакш. 24 лютага бягучага года пасля цяжкай хваробы Мірдза Абала адышла, а “світанкаўцы” правялі яе ў іншы свет.

Мірдза Эдуардаўна Абала нарадзілася 23 лютага 1927 г. у Свіценьскай воласці ў Латвіі. У 1949 г. скончыла філалагічны факультэт Латвійскага дзяржаўнага універсітэта. Пасля нязменна працавала ў Інстытуце мовы і літаратуры Акадэміі навук Латвійскай ССР – аж да выхаду на пенсію ў 1990 г. Атрымала Дзяржаўную прэмію Латвіі за важкі ўклад у падрыхтоўку да выдання Збору твораў Яна Райніса ў 30 тамах (1977–1983) і шматтомнай “Гісторыі латышскай літаратуры” (1957–1962).

Шчырая павага і захапленне беларускай культурай і мовай ўзнікла ў Мірдзы Абалы ў 1967 г., калі яна па запрашэнні Беларускай Акадэміі навук прыехала ўпершыню ў Мінск на святкаванне 450-годдзя беларускага кнігадрукавання. Менавіта тады адбылося яе сапраўднае знаёмства з беларускай зямлёй і яе людзьмі. Менавіта тады яна зразумела сапраўдную прыгажосць і мілагучнасць нашай мовы, адчула добразычлівасць і гасціннасць беларусаў, і захапілася беларускай літаратурай і культурай.

3 мая 2001 г. за вялікі ўклад у развіццё беларуска-латышскіх культурных сувязяў кіраўнік латвійскай асацыяцыі беларусістаў Мірдза Абала была ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны.

Спадарыня Мірдза стаяла ля вытокаў заснавання Латвійскага таварыства беларускай культуры “Світанак”, была шматгадовым сябрам Рады таварыства і да апошніх дзён падтрымлівала стасункі з нашай суполкай.

Пасля смерці спадарыні Мірдзы застануцца жыць яе кнігі. Застанецца жыць яе навуковая спадчына. Нарэшце рэальныя абрысы набыло выданне латышска-беларускага і беларуска-латышскага слоўніка, якому яна аддала некалькі дзесяцігоддзяў працы. Шкада, што спадарыня Мірдза так і не змагла патрымаць слоўнік у руках... Але яе праца будзе служыць на карысць нашчадкам дзвюх нашых краін-суседзяў.

“Нязгаснае святло добрай, высакароднай душы” – такую назву Мірдза Абала дала аднаму са сваіх артыкулаў, прысвечаных яе сябру Уладзіміру Караткевічу. Нязгаснае святло высакароднай душы Мірдзы Абалы, светлая памяць аб светлым чалавеку будзе жыць у сэрцах яе сяброў і ў Латвіі, і ў Беларусі.

Латвійскае таварыства беларускай культуры “Світанак”

 

Шчыра выказваем свае спачуванні родным і блізкім шаноўнай Мірдзы Абала.

У Саюзе беларусаў Латвіі быў зроблены пераклад з латышскай мовы на беларускую вельмі цікавай для нас навуковай працы Мірдзы Абала “Райніс і беларусы”, які знаходзіцца ў архіве нашага таварыства. Саюз спадзяецца, што гэты пераклад будзе ўкладам у дыялогу культур Латвіі і Беларусі.

Таццяна Бучэль
Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by

 

№ 4, красавiк 2008
[ PDF ]
архіў бюлетэня
Запоўніць картку...

Па пытаннях беларусаў замежжа...

Па захаванні Беларускага дому...

15–16 снежня 2007
Беларуская эканамічная і палітычная мадэль: сучаснасць і перспектывы трансфармацыі:


Што рабіць з вёскай?
(дадана 17.01.08)

усе круглыя сталы

Віктар Кавалеўскі
Аўстралія і іміграцыя

Леанід Лыч
І на чужыне пачуваліся беларусамі

Леанід Лыч
Руская культура на Беларусі: плюс ці мінус?

Янка Запруднік
УДЗЯЧНАСЬЦЬ – МАСТАЦТВА ДУШЫ або Чаму беларусы ня ўмеюць дзякаваць?

Аляксандар Адзінец
Запавет эмігранта

 
Галоўная - Хто мы - Бібліятэка - Кантакты - Хронiка дзейнасцi - З`езды - Сайты беларуская дыяспары
zbsb [@] tut.by - zbsb [@] lingvo.minsk.by
Rating All.BY биографии белорусских писателей, мордкович