|
Змест:
НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”
Беларусь зноў зацікавілася сваёй дыяспарай. Ці надоўга?
Пасля некалькіх гадоў маўчання ў Беларусі зноў аднавіліся размовы пра закон "Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой". Па словах віцэ-прэм'ера Рэспублікі Беларусь Аляксандра Касінца, Савет Міністраў пачынае распрацоўку законапраекта і стварыў адмысловую рабочую групу.
Праца па такім законапраекце пачыналася яшчэ ў 2001 г. Але так і не дайшла да лагічнага завяршэння – прыняцця самога закона. І вось нарэшце падрыхтавана чарговая канцэпцыя, у адпаведнасці з якой павінен быць распрацаваны законапраект. Але яго разгляд так і не з’явіўся ў плане падрыхтоўкі законапраектаў Палаты прадстаўнікоў на 2007 г.
Ці ведаюць беларусы замежжа аб прыняцці закона? Якія нормы і паняцці закладзены ў ім? Якім чынам будуць абароненыя правы і інтарэсы нашых замежных суайчыннікаў?
З гэтымі пытаннямі МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” звярнулася ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь і да ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. У сваіх лістах “Бацькаўшчына” прапанавала правесці шырокае абмеркаванне законапраекта ў асяродках беларускай дыяспары ў 25 краінах свету і выказала гатоўнасць арганізаваць такое абмеркаванне. Таксама Згуртаванне нагадала пра тое, што яшчэ ў 2001 г. была распрацавана канцэпцыя законапраекта, а ў 2002 г. і сам законапраект, які так і не быў прыняты па невядомых прычынах. Тады “Бацькаўшчына” была сябрам рабочай групы па распрацоўцы законапраекта і выйшла з шэрагам заўваг і прапаноў, зробленых як на падставе пажаданняў беларускай дыяспары, выказаных на трох з’ездах беларусаў свету, так і аналізу падобных законапраектаў суседніх унітарных краін. “Бацькаўшчына” прапанавала вярнуцца да гэтага пытання і ўлічыць згаданыя прапановы і заўвагі.
З пытаннямі аб тым, што чакае дыяспара ад закона, "Бацькаўшчына" звярнулася да беларусаў замежжа.
“Без мяне мяне жанілі”
Самы вялікі непакой выклікае тое, што беларуская дыяспара фактычна пазбаўленая магчымасці ўдзельнічаць у працэсе распрацоўкі закона – закона, які тычыцца іх жыцця непасрэдна. Трэба адзначыць, што з апытаных прадстаўнікоў дыяспары праект закона не бачыў ніхто. Некаторыя зусім не ведалі пра аднаўленне працы над ім, астатнія даведаліся пра гэта праз СМІ.
Алег Рудакоў з Расіі, старшыня Таварыства беларускай культуры імя Я.Чэрскага, кажа: "Мы нічога не чулі. А калі б атрымалі праект, даслалі б свае прапановы".
Пра тое ж кажа і Вячаслаў Елкановіч з Беларускага культурнага клуба ў Сіднеі (Аўстралія): “Пра законапраект, вядома, я чуў. Я чытаю ўсю прэсу, але мала падрабязнасцяў. Мы не бачылі законапраекта, не ведаем, на што ён накіраваны, ягоную мэту і якім ён будзе”.
Вітаўт Кіпель, дырэктар Беларускага інстытута навукі і мастацтва, з ЗША, адзначыў несумнеўную патрэбу ў законе: “Трэба, канечне, каб Беларусь ведала, што ў яе ёсць дыяспара, падтрымлівала любую сувязь”.
А старшыня Саюза беларусаў ва Украіне Ірына Аржахоўская заўважае: “Калі закон напісаны для нас, то хацелася б яго ўсё ж убачыць. А тое атрымаецца, як кажуць рускія, «без меня меня женили»”.
“Мы павінны адчуваць сабе адзінай нацыяй”
Кожная краіна, што паважае сябе, працуе з суайчыннікамі за мяжой. Беларусь жа, якая атрымала незалежнасць ужо 17 год таму, да гэтага часу не замацавала правілы супрацоўніцтва з дыяспарай на заканадаўчым узроўні.
Пры гэтым колькасць беларусаў за межамі Беларусі складае, па ацэнках спецыялістаў “Бацькаўшчыны”, каля трох мільёнаў. Гэта фактычна траціна насельніцтва метраполіі. Сёння гэтыя людзі, калі і прыязджаюць у Беларусь, лічацца тут замежнікамі і не адрозніваюцца ад немца ці француза, які завітаў да нас у госці. Пры гэтым беларусы замежжа – гэта тыя людзі, якія актыўна працуюць на ніве беларушчыны за межамі Радзімы, актыўна рэпрэзентуюць саму краіну Беларусь, яе культуру і мову. І таму беларусы замежжа даўно чакаюць падобнага закона.
Алег Рудакоў распавёў пра сваё бачанне: “У прэамбуле гэтага закона павінна быць напісана: "Рэспубліка Беларусь разумее, што лёс нашай краіны быў вельмі цяжкі і склаўся так, што беларусы вымушаныя былі з'ехаць падчас яшчэ сталыпінскай рэформы, потым рэпрэсіяў” і г.д. І ў законе павінна быць адлюстравана, што хай хаця і не грамадзяне, але беларусы за мяжою – сыны і дочкі, свае беларусы. Мы павінны адчуваць сабе адзінай нацыяй. Я ж з'ехаў не па сваім жаданні. Мяне накіравалі. І што я цяпер – кінуты? Не павінна быць так. І дзяржава павінна клапаціцца пра дыяспару. І праводзіць палітыку па дапамозе. Беларусь не павінна забывацца на беларусаў замежжа. Беларусы за мяжой не будуць паддавацца асіміляцыі, калі будуць ведаць і разумець, што іх краіна клапоціцца пра іх”.
Шмат хто з дыяспары марыць пра дазвол на падвоенае грамадзянства, які б быў замацаваны ў законе.
“Я лічу, што ў законе павінна быць запісанае падвоенае грамадзянства. Я нарадзіўся ў Беларусі, быў вымушаны з'ехаць. Беларусь – мая радзіма. Але зараз я маю расійскае грамадзянства, я маю тут працу, пусціў карані, але ў Беларусі ў мяне бацькі. Я б хацеў мець падвоенае грамадзянства”, – кажа Алег Рудакоў.
Думку працягвае і старшыня Беларускага саюза ў Эстоніі Ніна Савінава: “Калі гэта магчыма, хацелася б мець падвоенае грамадзянства. Я атрымала эстонскае за заслугі, але беларускае для мяне таксама важнае”.
Пра ўмовы атрымання беларускага грамадзянства кажа старшыня Рады Нацыянальна-культурнага асяродка “Беларусь” з Казахстана Леанід Піталенка: “Вельмі хацелася б бачыць у законе спрошчаную працэдуру атрымання беларускага грамадзянства для тых, хто нарадзіўся ў Беларусі альбо мае там блізкіх сваякоў, для тых, хто калісьці па волі лёсу выехаў за мяжу, але жадае вярнуцца на Радзіму”.
Натуральна, што прадстаўнікі дыяспары звяртаюць увагу і на сацыяльныя ўмовы. Алег Рудакоў хацеў бы, каб арганізацыі беларусаў замежжа маглі выдаваць пасведчанні сваім сябрам, і банальны гатэль не каштаваў для яго ў 3-4 разы даражэй, чым для грамадзянаў Беларусі. Таму што ён не проста грамадзянін Расіі, ён яшчэ і беларус. “Трэба яшчэ, каб для беларусаў замежжа быў бязвізавы рэжым. А то плацім, як іншаземцы. У законе павінна быць замацавана магчымасць атрымліваць сацыяльныя паслугі, набываць маёмасць і браць удзел у палітычным жыцці краіны”, – распавядае Ніна Савінава.
Леанід Піталенка кажа пра неабходнасць вярнуць квоты для моладзі замежжа – этнічных беларусаў – пры паступленні ў сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі.
Сістэмнасць ў дапамозе беларускай дыяспары ва Украіне хацела б бачыць замацаванай у законе Ірына Аржахоўская: “Нейкую дапамогу мы атрымліваем, напрыклад, ад Міністэрства культуры з касцюмамі, але гэта не сістэмна, а па нашых просьбах”.
Трохі па-іншаму ставяцца да праблемы прадстаўнікі больш далёкіх краінаў. Вячаслаў Елкановіч кажа: “Нават калі б быў прыняты самы сучасны закон, то аўстралійская дыяспара не прыняла б дапамогу ад гэтага рэжыму. Аўстралійская дыяспара ставіцца да гэтага вельмі жорстка”. А старшыня Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі Алена Міхалюк кажа пра дапамогу дыяспары Беларусі наступнае: “У Англіі ўсім забяспечаны. І мы працуем, каб нечым дапамагчы Беларусі. Нам патрэбна хіба што дапамога духоўная, натхненне да большай дэмакратызацыі ад суполак і апазіцыі”.
Айцец Аляксандр Надсан з Вялікабрытаніі таксама адзначае, што прывілеяў яму як прадстаўніку беларускай дыяспары, не трэба: “Мы не хочам прывілеяў. Калі трэба нас сустракаць, як усіх чужынцаў, хай так і будзе. Але каб не адчуваць абмежаванняў. Каб было так, як ва ўсіх краінах Еўропы”. Яго непакояць кароткі тэрмін рэгістрацыі для замежнікаў, адсутнасць рэальнага дзвюхмоўя ў стасунках нават з чыноўнікамі, а таксама шматлікія абмежаванні і бюракратыя: “Мы не ворагі. Гэта абмежаванне маёй свабоды, усе гэтыя забароны”. Айцец Аляксандр звяртае ўвагу на тое, што сёння ён не мае магчымасці нават спакойна памаліцца ў беларускім прыходзе, бо на гэта патрэбны дазвол, як і на тое, каб аказваць дапамогу Беларусі і беларускім арганізацыям.
Рэпатрыяцыя беларусаў – ці рэальна гэта?
Беларускія ўлады таксама адзначылі, што закон “Аб суайчынніках за мяжой” будзе спрыяць вяртанню беларусаў на гістарычную радзіму. Карціна атрымліваецца амаль што ідэалістычная, але... Шмат у якіх краінах беларусы жывуць не першае пакаленне, як кажуць, “пусцілі карані”. Акрамя таго, умовы жыцця ў Беларусі па-іншаму глядзяцца з берагоў, напрыклад, Вялікабрытаніі, ЗША, Аўстраліі і нават з Прыбалтыкі. Якія ўмовы павінны быць створаныя беларускай дзяржавай, каб беларусы вярнуліся ў Беларусь, – пра гэта мы запыталіся ў прадстаўнікоў дыяспары.
У дэмакратычную краіну хоча вярнуцца Алег Рудакоў: “Каб людзі пачалі вяртацца, перш за ўсё, Беларусь павінна стаць дэмакратычнай краінай. Выконваць асноўныя правы чалавека. Нават я б вярнуўся ў сваю краіну. Але сёння я не магу. Чалавек не можа ісці ад добрага да горшага. Вось калі можна будзе выбіраць сярод добрага і лепшага, тады шмат хто абярэ Радзіму. Мы павінны адчуць адзінства нацыі. Адчуць, што мы разам будуем Беларусь, самастойную дзяржаву, якая не падпадзе ні пад якую пяту, клапоціцца пра сваю культуру, мову, народ. На гэтым патрыятызме мы аб'яднаемся, і пытанне вяртання будзе актуальным”.
Ён таксама гаворыць, што і зараз ёсць людзі, якія едуць бліжэй да сваякоў, але не ў саму Беларусь: “А едуць у Смаленск, Калінінград, Маскву і г.д. Напрыклад, ваенныя пенсіянеры, якія тут дапрацавалі, і ў Беларусь хочуць паехаць, але ці не будуць яны губляць у грашах? Акрамя таго, складаная сістэма атрымання беларускага грамадзянства. Вельмі складаная. Калі б былі створаныя льготныя ўмовы атрымання грамадзянства для беларусаў, якія вяртаюцца з-за мяжы…”
Вітаўт Кіпель таксама адзначае, што для вяртання патрэбна дэмакратызацыя Беларусі: “З старой хвалі эміграцыі мала б хто вярнуўся на Беларусь, а вось з маладых, што з'ехалі выпадкова, вярнуліся б, жылі і працавалі ў Беларусі. Але, безумоўна, Беларусь павінна быць дэмакратычнай. І ўся “музыка” прэзідэнта, якую ён нарабіў за 12 год, павінна быць перагледжаная. Тады можна ўзнімаць і пытанне двух месцаў жыхарства, як у шмат якіх краінах”.
Адной з перадумоваў вяртання на радзіму з’яўляецца адраджэнне мовы і культуры, лічыць айцец Аляксандр Надсан: “Каб людзі пачалі вяртацца, трэба, каб Беларусь была беларускай. Мы за мяжой з 1944 года і засталіся беларусамі. А прыязджаем у Беларусь, па-беларуску ніхто не размаўляе, беларускае кола малое. Ёсць, канечне, шмат добрых людзей, якія змагаюцца, але ж гэта нагадвае рэзервацыі для амерыканскіх індзейцаў у Амерыцы”. І дадае: “Я б хацеў паехаць на Беларусь, каб быць пахаваным у Беларусі, але зараз няма сэнсу. Мы для Беларусі ў эміграцыі можам зрабіць больш, чым у самой Беларусі”.
Пра неабходнасць належнага сацыяльнага забеспячэння рэпатрыянтаў кажа Ніна Савінава: “Самае галоўнае – сацыяльныя ўмовы для вяртання. Калі ехаць, дык не проста як жабракі. Мы тут нарадзіліся, і ў нас ёсць закон. Калі Беларусь запросіць і прадставіць належныя ўмовы, многія б прыехалі з постсавецкай прасторы. Вельмі многа людзей ва ўзросце, якія б хацелі памерці ў Беларусі. Але пенсіянеры не забяспечваюцца на патрэбным узроўні”.
Па розных прычынах не бачаць сэнсу ў рэпатрыяцыі прадстаўнікі дыяспараў з Вялікабрытаніі і Аўстраліі.
Алена Міхалюк кажа: “У Англіі няма такіх людзей, якія б хацелі вярнуцца. Нас мала засталося са старой хвалі эміграцыі. Калі пра новую эміграцыю, то нам цяжка сказаць. А са старой эміграцыі няма ніводнага чалавека. Далёка карані пусцілі. Дзеці, унукі...”
Вячаслаў Елкановіч адзначае: “Тых, хто захацеў бы сёння паехаць у Беларусь з Аўстраліі, я не ведаю. Сёння нават размовы пра тое, каб прамяняць Аўстралію на таталітарны рэжым, ніхто не вядзе. Нават у думках такога няма”.
Саму тэндэнцыю вяртання дзяржаўных органаў Беларусі да разгляду законапраекта, які датычыць беларускай дыяспары, МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ацэньвае пазітыўна. Але вялікую занепакоенасць выклікаюць адсутнасць шырокага абмеркавання законапраекта ў асяродках беларускай дыяспары, выключэнне з гэтага працэсу тых грамадскіх арганізацый Беларусі, якія непасрэдна і на працягу доўгага часу працуюць з беларусамі замежжа. Робіцца відавочным, што згаданы законапраект носіць палітычны характар. Яго прыняцце ва ўмовах ізаляванасці ад мэтавай групы можа прывесці да павярхоўнасці, а таксама паглыблення падзелу з боку дзяржаўных органаў на “сваіх” і “чужых” у беларускай дыяспары.
Менавіта таму Згуртаванне “Бацькаўшчына” будзе і надалей інфармаваць беларускую дыяспару аб сітуацыі вакол згаданага закона. Калі адпаведныя дзяржаўныя органы не падтрымаюць прапанову “Бацькаўшчыны” правесці шырокае абмеркаванне законапраекта, мы працягнем такую працу і будзем дамагацца ад дзяржавы ўлічыць прапановы тых, каго закон будзе тычыцца непасрэдна.
Літаральна напярэдадні здачы гэтага нумару ў друк мы атрымалі інфармацыю, што МЗС атрымала даручэнне правесці кансультацыі з асяродкамі беларускай дыяспары ў свеце. І хаця Бацькаўшчына да гэтага часу не атрымала афіцыйнага адказу ні ад упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, ні ад Савета Міністраў, мы ўсцешаныя тым, што нашая ініцыятыва абудзіла да дзеянняў афіцыйныя структуры Беларусі.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
“Бацькаўшчына”, Саюз пісьменнікаў і Таварыства беларускай мовы супраць ушанавання імя Суворава на беларускай зямлі
Па ініцыятыве МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” распачата грамадзянская кампанія супраць будаўніцтва на беларускай зямлі храма-помніка ў гонар расійскага палкаводца Аляксандра Суворава. Распачаты збор подпісаў пад зваротамі да Патрыяршага Экзарха Беларусі Мітрапаліта Філарэта і кобрынскіх уладаў з просьбаю спыніць падтрымку ўшанавання імя Суворава.
Мы, беларусы, не павінны дапусціць, каб на нашай зямлі ўшаноўвалі як святога чалавека, пад чыім кіраўніцтвам надзвычай жорстка былі задушаныя вызвольныя паўстанні нашых продкаў у канцы XVIII стагоддзя. Сувораў на штыках прынёс рабства на тэрыторыю Беларусі. Па яго загаду мясцовае насельніцтва зазнавала масавыя пакаранні: мірных людзей гвалцілі, рабавалі, забівалі. Сувораў сваімі вайсковымі “перамогамі” знішчыў незалежнасць тагачаснай беларускай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага.
Як стала вядома, будаўніцтва ўжо распачатае ў г. Кобрыне пры падтрымцы Расійскай Праваслаўнай Царквы.
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выступае супраць узвядзення храма-помніка, які ў вачах беларусаў стане сімвалам апраўдання кровапраліцця ў інтарэсах захавання імперскай улады.
Да кампаніі, распачатай “Бацькаўшчынай”, ужо далучыліся грамадскія аб’яднанні “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”.
20 лютага ад імя трох названых аб’яднанняў накіраваны адкрыты ліст да Патрыяршага Экзарха Беларусі Мітрапаліта Філарэта, а таксама звароты да прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Сяргея Сідорскага, упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі, да старшыняў Брэсцкай абласной і Кобрынскай гарадской выканаўчай улады і да саветаў дэпутатаў з патрабаваннем спыніць будаўніцтва храма-помніка ў гонар забойцы беларусаў.
Звяртаемся да ўсіх неабыякавых людзей, далучайцеся да нашай акцыі! Раздрукуйце два лісты, якія змешчаны на нашым сайце http://www.zbsb.org/n2/877.shtml, ці напішыце ў адвольнай форме сваё стаўленне да ўшанавання вайскоўца-чужынца і дашліце на адрасы: 1. Мітрапаліту Філарэту (200004, г. Мінск, вул. Вызвалення, 10), 2. Старшыні Брэсцкага аблвыканкама Сумару К.А. (224006, г. Брэст, вул. Леніна, 11).
Пры магчымасці просім копіі падпісных лістоў даслаць на наш адрас: 220030, г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15, МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Храм на крывi, або За якiя заслугi перад беларусамi ў Кобрыне ўзводзiцца велiчны помнiк Сувораву?
Газета “Саюз. Беларусь—Россия” з помпай паведамiла: “На самой высокой точке Кобрина завершена закладка фундамента под строительство Суворовского храма-памятника в честь великого полководца”. У захопленых танах распавядаецца, як праваслаўныя вернiкi беларускага гарадка ўзнялi iдэю пабудовы велiчнага помнiка, а Патрыярх Маскоўскi i ўсяе Русi Алексiй II даў благаславенне фонду “За сохранение духовного наследия” на аказанне дапамогi грандыёзнаму праекту Газета падкрэслiвае, што гэта ўсё толькi пачатак справы: “После ввода в эксплуатацию храма-памятника автоматически открывается возможность создания Суворовского военно-исторического комплекса, аналогов которому нет даже в России”. Але ўсё ж — кiм быў Сувораў для нашай Айчыны, якi след пакiнуў ён на беларускай зямлi? I цi заслужыў у нас такую памяць, каб увекавечваць яе ў грандыёзных помнiках? Мы папрасiлi пракаментаваць артыкул “Наука побеждать” у саюзнiцкiм выданнi беларускага гiсторыка Яўгена АНIШЧАНКУ.
Аляксандру Сувораву як нiякаму iншаму гiстарычнаму дзеячу сярод розных “собирателей и хранителей славянских земель”, якiх ушаноўвалi ў помнiках, музеях, ордэнах i г.д., дасталася асаблiвая слава. Падлiчана, што ў савецкi час яго iмя толькi на Беларусi, акрамя мiнскага вучылiшча i музея ў Кобрыне, мелi амаль 60 вулiц нашых гарадоў! У сталiнска-брэжнеўскую пару ў нас iснавалi 23 калгасы, названыя ў яго гонар i г.д. А тых, хто iмкнецца стварыць сапраўды гераiчны iканастас нашых нацыянальных герояў i развянчаць кананiзаваных iдалаў, абвiнавачваюць у iмкненнi “облить грязью героев далекого прошлого, близких и дорогих советскому народу”. Чым жа так “любезен народу” А.Сувораў, якi, як пiсалi сталiнскiя прапагандысты, увасабляў i дэманстраваў “несакрушальную магутнасць рускай ваеннай сiлы”?
...Першы раз ён упэўнена ступiў нагой на беларускую зямлю пад Оршай восенню 1769 г. будучы брыгадзiрам Суздальскага пяхотнага палка — “для усмирения возмутительных сборищ” удзельнiкаў Барскай канфедэрацыi ў Рэчы Паспалiтай, якiя са зброяй у руках паўсталi супраць дыктату iмператарскай Расii i пастаўленага ёю караля С.Панятоўскага. Расiйскi атрад размясцiўся пад Люблiнам, адкуль затым два гады перыядычна вынiшчаў распыленыя партызанскiя атрады i “зачышчаў” польскую зямлю ад змагароў за яе незалежнасць.
Другiм разам падначаленыя ўжо генерал-маёра Суворава “друг друга перещеголяли в атаке” (верасень 1771 г.) на гетмана ВКЛ Мiхала Казiмiра Агiнскага. Тады Сувораў на чале 700 салдат пад мястэчкам Стваловiчы ўначы 22 верасня “порубил и потоптал на месте и в погоне” каля 500 чалавек з дзвюх тысяч рэгулярных сiл мяцежнiкаў. У адзнаку ад Кацярыны II ён атрымаў за гэта ордэн Аляксандра Неўскага. А ў 1772 г. паследаваў першы падзел “уцiхамiранай i ачышчанай ад мяцежнiкаў” Польшчы. Тады пад Расiйскую iмперыю трапiла ўсходняя частка сучаснай Беларусi.
У наступныя гады Сувораў выдатна адпрацаваў сваю тактыку “жестокого и поспешного нападения... с самой чувствительной стороны” ў самой Расii — падчас расправы з сялянскiм паўстаннем Емяльяна Пугачова ў 1774 г. i на тэатры вайны з Турцыяй у 1789—1791 гг.
...Чарговы раз “блистало оружие” палкаводца на Беларусi ў 1794 г., калi ён проста-такi вымалiў у iмператрыцы дазвол адправiцца на расправу з новымi бунтаўшчыкамi на чале з Тадэвушам Касцюшкам. Сувораў загадаў “во всех селениях, где неприятель обороняться будет, естественно должно его кончить в домах и строениях”. 14 верасня 1794 г. пад Дзiвiнам iм сходу быў знiшчаны аванпост з 200 паўстанцаў, выратавалiся ледзьве 30. 15 верасня пад Кобрынам з усiх 400 вершнікаў-паўстанцаў павятовага генерал-маёра Казiмiра Рушчыца пасля сувораўскага нападу ацалела ўсяго 50 коннiкаў. 17 верасня пад Крупчыцамi (14 км. ад Кобрына) сувораўскiя калоны з 16-тысячнага корпуса мяцежнага генерала Караля Серакоўскага палажылi на месцы каля 2000 чалавек, а 19 верасня пад Цiраспалем дабiлi рэшткi. Выратавалася толькi 700 паўстанцаў. У вынiку Сувораў атрымаў з царскiх рук брыльянтавую зорку.
2 лiстапада пры штурме прадмесця Варшавы — Прагi ён даў загад салдатам “работать быстро, храбро, по-русски”. З 26 тысяч абаронцаў было забiта 13340, патанула больш за 3 тысячы, 4500 былi адпраўлены ў Кiеў... Пасля такога навядзення “парадку i цiшынi” ў 1795 г. Польшчу канчаткова падзялiлi памiж сабой Расiя, Прусiя i Аўстрыя... Беларускiя землi Вялiкага княства Лiтоўскага, што былi ў складзе Рэчы Паспалiтай, перасталi iснаваць...
Вось i атрымлiваецца, што Сувораў прыходзiў на Беларусь не для “спасения православных белорусов от польских конфедератов”, а менавiта для iх бязлiтаснага вынiшчэння. У падаўленнi свабодалюбных пакненняў суседзяў да незалежнасцi i волi ён выступаў як звычайны карнiк i кат. На працягу ўсёй сваёй блiскучай кар’еры А.Сувораў аддана служыў агрэсiўнай палiтыцы iмперскай Расii, якая заваёўнiцкiмi войнамi пашырала свае межы за кошт суседзяў i заслужыла, паводле неабвержных класiкаў марксiзму, славу “жандара Еўропы” (Ф.Энгельс) i “турмы народаў” (У.Ленiн).
Сувораў нiколi не ўдзельнiчаў у абарончых войнах, а заўсёды муштраваў свае войскi ў захопнiцкiх паходах — цi то ў Польшчы, на Беларусi, Украiне або ў далёкай Iталii.
Дык каму ж i чаму ў чарговы раз спатрэбiлася сёння зноў “помочь сиянию славы автора науки побеждать”? У каго так свярбiць, “по предложению православных верующих Кобрина”, у чарговы раз узвесцi ваенна-патрыятычны пантэон славы карнiку i прыгнятальнiку беларускiх сялян, якi сам другiм разам прызнаваўся, што ў заваяванай iм Рэчы Паспалiтай “только отчасти известно мое доброе имя”, бо тут ён “проливал кровь ручьями” i сваiмi вайсковымi перамогамi пахаваў палiтычнае iснаванне “брацкай славянскай” краiны — тагачаснай ВКЛ.
Калi называць рэчы сваiмi iмёнамi, то, на маё меркаванне, ушаноўваць з новым размахам заслугi Суворава на беларускай зямлi — значыць так цi iнакш апраўдваць кровапралiцце як сродак заваёвы ўлады i навядзення грамадскага “парадку”. Нi больш нi менш!
Могуць сказаць: ну што вы чапляецеся да Суворава? Калi тое было, дык i вялiкi ж быў палкаводзец, чаму не ставiць яму помнiкi? А што тычыцца заваёўнiцкiх паходаў, то ён iх здзяйсняў па царскiх указах, выконваючы свой вайсковы доўг...
Так-то яно так, i талент сувораўскага вайсковага мастацтва нiхто не адмаўляе. Толькi помнiкi хай яму ставяць у Расii, якую ён узвялiчваў i павялiчваў тэрытарыяльна сваiмi заваёўнiцкiмi дзеямi. Для Беларусi ж, паўтаруся, ён быў катам! Прывяду аналогiю. Напалеон таксама быў вялiкi палкаводзец, i многiя пакаленнi французаў ушаноўваюць ягоную памяць, апяваюць ягоныя подзвiгi дзеля сваёй дзяржавы. Але вы можаце сабе хоць на iмгненне ўявiць помнiк гэтай бясспрэчна неардынарнай гiстарычнай асобе не ў Францыi, а, да прыкладу, на Барадзiнскiм полi ў Расii?! Абсурд, скажаце вы, i спрачацца будзе немагчыма...
Ну а што тычыцца “вайсковага доўгу”, то якраз на яго спасылалiся i гiтлераўскiя генералы на Нюрнбергскiм працэсе, хапаючыся за саломiнку. Толькi iм гэта не дапамагло...
Калi iсцi шляхам аб’ектыўнасцi, то пад iмем вядомага рускага палкаводца трэба запiсаць шматлiкiя iмёны ягоных ахвяр — нашых суайчыннiкаў, барацьбiтоў за сваю волю, зямлю i незалежнасць: бо на рэках iх крывi ўзрошчана непераможная сувораўская слава i велiч. Iнакш клопат вакол “реликвии союзного значения” станецца чарговым шаманствам вакол сiмвалаў няўдалага злучэння народаў, храмам на крывi народнай.
Яўген Анішчанка, кандыдат гiстарычных навук.
“Народная воля” (са скарачэннямі)
Рада БНР супраць будаўніцтва храма Сувораву
Рада БНР выступіла з заявай супраць будоўлі ў Кобрыне храма ў гонар расійскага палкаводца Аляксандра Суворава.
“Сувораў “прынёс смерці і кроў на беларускую зямлю, – гаворыцца ў заяве. – Рада БНР падтрымлівае ініцыятывы Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, якія распачалі акцыю супраць ўшанавання акупанта.
Разам з замовай рэстаўрацыі полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы расійскім фірмам, са зруйнаваннем гістарычнага цэнтру Мінска і іншых гарадоў ініцыятыва будаўніцтва храма ў Кобрыне выяўляе антыбеларускую, антынацыянальную сутнасць цяперашняга лукашэнкаўскага рэжыму”, – адзначаецца ў заяве Рады БНР.
Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
Беларускае літаратурнае аб'яднанне "Белавежа" ў Польшчы: дынаміка развіцця
Геапалітычнае месцазнаходжанне беларускага этнасу ў цэнтры Еўропы на стыку ўсходнеславянскага і заходняга макрарэгіёнаў вызначыла поліфанічны характар яго развіцця, канфесійнай структуры. Натуральна, што Падляшша, цяперашняя Беласточчына – памежжа, зона самага непасрэднага судакранання і ўзаемаўплываў. І тут, на памежжы, найперш нават псіхалогія геаграфічнай прасторы змушала любую з'яву беларускага жыцця, каб ёй адбыцца, быць выразна акрэсленай, абгрунтаванай.
Падляшша было заселена ўсходнімі славянамі здаўна, а гарады Бельск, Драгічын, Мельнік, Сураж ды іншыя заснаваны яшчэ ў першым тысячагоддзі нашай эры. У ХІІІ-ХІV стагоддзях Падляшша цалкам увайшло ў Вялікае княства Літоўскае. Далёка невыпадкова, што менавіта тут, на высокім левым беразе ракі Супрасль у 16 кіламетрах ад сучаснага Беластока, быў заснаваны напрыканцы XIV стагоддзя буйнейшы цэнтр беларускай духоўнай культуры – Супрасльскі манастыр. Ягоная бібліятэка – адна з багацейшых у Вялікім княстве Літоўскім – у 1557 годзе налічвала каля 200 рукапісных кніг, а ў 1645 годзе кніг было ўжо 587. У пачатку 1690-х гадоў пры Супрасльскім манастыры была заснавана друкарня. За час яе існавання пабачыла свет звыш 420 выданняў.
Першая палова XX стагоддзя з яе дзвюма сусветнымі войнамі, рэвалюцыямі аказалася парадаксальнай, драматычнай, нават трагічнай для развіцця беларускай дзяржаўнасці і, зразумела, культуры, асветы. І ва ўмовах сацыяльна-грамадскіх катаклізмаў надараліся спрыяльныя моманты, калі беларуская ідэя атрымлівала канкрэтнае напаўненне, перспектывы. Аднак перыяды гэтыя, на жаль, мелі хутчэй спарадычны, непрацяглы характар. Застаецца толькі здзіўляцца жыццёвай сіле, укладзенай у этнічны ген беларушчыны. Яскравае ўвасабленне яна атрымала і на Беласточчыне. Так, падчас другой сусветнай вайны Беларускае аб'яднанне выдае ў Беластоку газету "Новая дарога" (рэдактар Хв.Ільяшэвіч). Па аўтарытэтнаму сведчанню М.Сяднёва (“Беластоцкі сшытак”): Яна была жывой газетай, жыла на энтузіязме найбольш адданых беларускай справе людзей. Яна была беларускай газетай па сваёй сутнасці...
Нягледзячы на цяжкасці ваеннага часу, ці не ўся Беласточчына была ахоплена беларускім школьніцтвам. Гэтае адраджэнне беларускай школы, уздым беларускасці М.Сяднёў называе нечым накшталт маленькага, кароткага рэнесансіку.
Надалей, відавочна, што беларусы, аўтахтоннае насельніцтва Падляшша, самая шматлікая нацыянальная меншасць краіны, былі падрыхтаваны да таго, каб выкарыстаць спрыяльныя для нацыянальных меншасцей варункі ў Польшчы сярэдзіны XX стагоддзя. У лютым 1956 года было арганізавана "Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ)", пачаў выдавацца штотыднёвік "Ніва".
У гэтых умовах шырока запатрабаванаю аказалася і народная, і прафесійная творчасць. Таму і ўзнікла ў 1958 годзе беларускае літаратурнае аб'яднанне. Першым старшынёй літаратурнага аб'яднання быў выбраны Георгій Валкавыцкі, рэдактар "Нівы", выпускнік Літаратурнага інстытута ў Маскве. У аўтабіяграфічных нататках рэдактара Г.Валкавыцкі ўзгадвае: "Я стаў старшынёй. Асноўным сваім заданнем лічыў стварэнне творчай атмасферы, у якой выспяваў бы талент".
На канферэнцыі Шлях да ўзаемнасці (Гродна, 2000) цяперашні старшыня "Белавежы" Ян Чыквін (Янка Дубіцкі) адзначыў, што неаспрэчная вартасць і самадастатковасць гэтага згуртавання бачыцца яму найперш у тым, што пісьменнікі шчыльна запоўнілі этнічную прастору культурна-эстэтычным зместам. І другая палова XX стагоддзя, на думку Я.Чыквіна, належыць у беластоцкім краі найперш "белавежцам". Ніводная нацыянальная меншасць у Польшчы не можа канкураваць у гэтай прасторы і на такім узроўні з "Белавежаю", якая, дарэчы, з'яўляецца адзінай па-за дзяржаўнымі межамі Беларусі творчай арганізацыяй такога кшталту.
Ці ж не сімптаматычна, што першаю не толькі беларускамоўнаю паэтычнай ластаўкай, а ўвогуле першым паэтычным зборнікам, які пабачыў свет на Беласточчыне, была кніга "Рунь" (1959). Пад вокладкай "Руні" сабралася 45 вершаў 17 аўтараў – настаўнікаў, вучняў, студэнтаў, сялян...
Літаратурная старонка газеты Ніва, вакол якой групаваліся “белавежцы” каля 40 гадоў, выразна маніфестуе вельмі розныя арыентацыі пісьменнікаў, іх перакананні, ідэалы, схільнасць да розных паэтык. Нарэшце, у 1998 годзе з нагоды 40-годдзя “Белавежы” пад рэдакцыяй Я.Чыквіна пабачыў свет літаратурна-мастацкі і беларусазнаўчы часопіс літаратурнага аб'яднання “Тэрмапілы”. Канцэпцыя выдання была дакладна акрэслена на самым пачатку ў спадзяванні, што часопісу будзе ўласціва формула адкрытасці ў тым сэнсе, што ён стане месцам сустрэчы для ўсіх, хто хоча творча займацца беларускім прыгожым пісьменствам, беларускаю культураю і іх даследаваннем, як у нас, так і па-за межамі Польшчы.
У канцы ХХ стагоддзя пабачыла свет анталогія “Беларускія пісьменнікі Польшчы” ў Мінску. У важкім томе (576 с.) - прычым скарочаным рэдактарам, бо ўкладальнікам Я.Чыквіным было прапанавана да друку 800 старонак – прадстаўлены творы 18 аўтараў, толькі тых, хто падчас укладання анталогіі ўжо меў свае ўласныя кнігі. “Рамантычнае падарожжа”, працу на “паэтычных аблогах” паспяхова прадоўжылі сямёра з прадстаўленых у “Руні” творцаў (Алесь Барскі, Яша Бурш, Мікола Гайдук, Уладзімір Гайдук, Ян Чыквін, Дзмітры Шатыловіч, Віктар Швед) ды далучыліся да іх па дарозе гадоў Янка Жамойцін, Георгій Валкавыцкі, які сціпла абмінуў сябе ў “Руні”, Васіль Петручук, Алена Анішэўская, Юрка Геніюш, Сакрат Яновіч, Надзея Артымовіч, Зося Сачко, Міхась Шаховіч, Юрка Баена, Міра Лукша (на жаль, Ю.Геніюш, М.Гайдук, М.Шаховіч не дачакаліся выхаду гэтай анталогіі). I шкада, што крыху прыпазнілася кніга апавяданняў арыгінальнага празаіка Міхася Андрасюка Фірма.
У кароткай анатацыі да мінскай анталогіі між іншым сказана: “Беларускія пісьменнікі Польшчы ўпісалі не адну адметную старонку ў вялікую кнігу беларускага прыгожага пісьменства”.
У творчасці "белавежцаў" скразны характар пранікнення, узаемадзеяння самых розных праблем, ідэй, пафасу таксама з'яўляецца асноватворным і арганізуючым пачаткам. Сённяшні дзень "Белавежы" сведчыць, што шматвяковая традыцыя працягваецца: унутранае памкненне выказацца, стварыць індывідуальную мастацкую рэчаіснасць перамагае сацыяльна-грамадскую дадзенасць. Невыпадкова, што паэзія, проза, пераклады “белавежцаў" ужо ўважліва асэнсоўваюцца на самых розных узроўнях (ад магістэрскіх універсітэцкіх да акадэмічных доктарскіх прац) як беларускімі, польскімі, так і заходнееўрапейскімі даследчыкамі, а пра найбольш прызнаных пісьменнікаў "Белавежы" можна прачытаць у прэстыжных энцыклапедыях і даведніках.
Галіна Тварановіч, Беласток
НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”
“Бацькаўшчына” абвяшчае дзіцячы літаратурна-мастацкі конкурс
Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” абвяшчае міжнародны дзіцячы конкурс сярод школьнікаў 12-14-гадовага ўзросту “БЕЛАРУСЬ МАЁЙ БУДУЧЫНІ”.
У працах дзеці павінны раскрыць пытанне: “Якой я ўбачу Беларусь, калі буду дарослым?”; асэнсаваць жыццё Радзімы, а таксама ўласнае месца ў грамадстве.
Конкурс ладзіцца па дзвюх намінацыях:
* мастацкія працы (малюнкі);
* літаратурныя творы на беларускай мове (апавяданні, нарысы, эсэ, вершы, паэмы).
Усе працы абавязкова павінны мець наступныя звесткі:
прозвішча; імя ўдзельніка; узрост; поўная дата нараджэння; зваротны адрас з індэксам; кантактныя тэлефоны.
Прымаюцца малюнкі памерам А3 (420х295) і А2 (420х590), а таксама літаратурныя творы на беларускай мове (апавяданні, вершы, сачыненні, нарысы і інш.) аб’ёмам да 10 друкаваных старонак (14 пт, адзінарны інтэрвал).
Працы на конкурс прымаюцца да 30 красавіка.
Пераможцаў чакаюць прызы.
Адрас для дасылкі:
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
вул. Рэвалюцыйная, 15
Мінск 220030
эл.пошта: zbsb@lingvo.minsk.by, zbsb@tut.by
Кантактныя тэлефоны: (029) 625 83 78.
Пасяджэнне Управы
19 лютага адбылося пасяджэнне Управы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.
Сябры Управы разгледзелі і ўхвалілі план дзейнасці ЗБС “Бацькаўшчына” на год. Пры гэтым прагучалі прапановы друкаваць у бюлетэні інфармацыю пра розныя новыя беларускія кнігі, а таксама прапанова далучыцца да аднаўлення ў Вільні музея імя І.Луцэвіча. Таксама былі абмеркаваны захады па спыненні ўганаравання А.Суворава на Кобрыншчыне, праблема захавання беларускай школы ў Латвіі інш.
Управа прыняла рашэнне ў сакавіку правесці пасяджэнне Малой Рады “Бацькаўшчыны”, на якім будуць абмеркаваныя актуальныя пытанні дзейнасці Згуртавання, у тым ліку план дзейнасці на 2007 г. і вырашэнне праблемы з памяшканнем па вул. Рэвалюцыйнай, 15.
ВІНШАВАННІ
Аднаўленню працы Радыё “Рацыя” – год
Ад імя Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” шчыра віншуем Радыё “Рацыя” з першым годам аднаўлення працы. Ужо сёння бачны плён працы “вольнага радыё з Беластоку”: у Польшчы і іншых краінах Еўропы ведаюць навіны пра Беларусь, а для беларусаў на адну крыніцу аб’ектыўнай і праўдзівай інфармацыі стала болей.
Для нас тым больш важная праца гэтага радыё, бо для стварэння і аднаўлення “Рацыі” шмат зрабіла беларуская нацыянальная меншасць Польшчы. Радыё “Рацыя” – гэта яшчэ адзін мост паміж беларусамі ў Беларусі і Польшчы. Праграмы гэтай радыёстанцыі не маюць той цэнзуры, якой прасякнутыя большасць медыяў у Беларусі. Радыё “Рацыя” нясе праўду і робіць яшчэ адзін крок да таго, каб наша краіна заняла годнае месца ў вольным свеце.
Мы зычым поспехаў, плённай працы, новых творчых ідэяў усяму творчаму калектыву Радыё “Рацыя”. Прыйдзе час, калі не будзе ніякіх перашкодаў для вяшчання “вольнага радыё” з “вольнай Беларусі”. Будзьма набліжаць тыя часы разам! Жыве Беларусь!
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Нашы віншаванні беларускай службе Радыё “Свабода”
Ад імя Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” шчыра віншуем Радыё “Свабоду” з прэстыжнай узнагародай “Выдатнае дасягненне ў мультымедыйнай канвергенцыі ў намінацыі “Найлепшы камандны праект канвергенцыі”.
Нам вельмі прыемна, што першая ў гісторыі Радыё “Свабода” ўзнагарода за “Выдатнае дасягненне ў мультымедыйнай канвергенцыі” цяпер будзе захоўвацца ў Беларусі. І гэта добры працяг пасля ўжо атрыманай беларускай службай галоўнай прэміі за 2006 год “За лепшае асвятленне гарачых навінаў”.
Мы будзем спадзявацца на далейшы чынны працяг работы беларускага Радыё “Свабода”. Жадаем рэдакцыі творчага натхнення і плённай працы на карысць вольнай Беларусі.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Віншуем!
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” віншуе з Днём нараджэння сяброў Вялікай Рады арганізацыі, якія нарадзіліся ў лютым і сакавіку: Арсена Ліса, Леаніда Лыча, Мікалая Люцко, Лідзію Савік, Кастуся Цвірку (Беларусь); Валянціна Грыцкевіча, Аркадзя Крупеньку (Расія); Іну Снарскую, Васіля Астаповіча (Украіна); Юрку Станкевіча (Чэхія); Ларысу Гудлеўскую (Швецыя)! Асобна віншуем кіраўніка “Бацькаўшчыны” мастака Алеся Марачкіна з 67-годдзем!
Прыміце ад нас шчырыя пажаданні добрага здароўя, натхнёнай працы, духоўнай і творчай самарэалізацыі.
Управа МГА “ЗБС Бацькаўшчына”
НАВІНЫ
Бругэ, Бельгія
Перспектывы і выклікі ў дачыненнях Еўрасаюза і Беларусі
У бельгійскім горадзе Бругэ 27 лютага 2007 г. прайшла аднадзённая міжнародная канферэнцыя “Перспектывы і выклікі ў дачыненнях Еўрасаюза і Беларусі”.
Удзел у сустрэчы бралі віцэ-спікер Еўрапарламента доктар Януш Анышкевіч, кіраўніца аддзела Генеральнага Дырэктарата па вонкавых дачыненнях Еўракамісіі ў справах Беларусі спн. Клаўд Верон-Рэвіль, былы пасол Кансультацыйна-назіральнай місіі АБСЕ ў Беларусі доктар Ганс-Георг Вік ды ганаровы консул Каралеўства Бельгія ў Беларусі сп. Філіп Вандэнбруле, сябра рады БНР спадар Юрка Станкевіч з Чэхіі. Дыскусіі вёў эксперт па Беларусі амерыканскага Фонда імя Джорджа Маршала ў Нямеччыне доктар Ёрг Форбрыг.
Дэпутат Анышкевіч адзначыў неабходнасць у павелічэнні фінансавання беларускіх праграмаў і перадусім пашырэння незалежнага тэлевізійнага і радыёвяшчання. Былы кіраўнік місіі АБСЕ ў Беларусі доктар Ганс-Георг Вік у сваім дакладзе падкрэсліў дасягненні ўдзелу АБСЕ ў наладжванні палітычнага дыялогу паміж беларускай апазіцыяй і ўрадам Лукашэнкі ў 2000 годзе. Спадар Вік прызнаў, што дыялог не набыў канструктыўнага зместу і не спраўдзіў надзеі, якія на яго ўскладала міжнародная супольнасць.
Канферэнцыю арганізавала група студэнтаў Каледжа Еўропы ў Бругэ на чале з маладым беларускім юрыстам Уладзіславам Белавусавым. Удзельнікі канферэнцыі мелі магчымасць праглядзець выставу фотаздымкаў журналіста Андрэя Лянкевіча, а таксама дакументальны фільм польскага кінарэжысёра Міраслава Дэмбіньскага “Урокі беларускай мовы”.
Паводле http://bez.unija.info/
Брусель, Бельгія
Пікет супраць дыялогу Еўропы і Аляксандра Лукашэнкі
7 лютага насупраць будынка Еўрапейскай камісіі і Парламенцкай асамблеі сябры Беларуска-еўрапейскага задзіночання Бельгіі правялі пікет. Старшыня задзіночання Зміцер Піменаў кажа, што ўдзельнікі пратэставалі супраць спробаў асобных еўрапейскіх палітыкаў пачаць дыялог з Аляксандрам Лукашэнкам і яго асяроддзем.
З.Піменаў распавёў: “Гэты пратэст выкліканы візітам еўрапейскага палітыка да дыктатара. Мы лічым, што гэта чарговая спроба ўбіць клін у супольную пазіцыю Еўрасаюза і дэмакратычнай еўрапейскай супольнасці, якія выконваюць сваю гістарычную місію і дапамагаюць у станаўленні Беларусі як дэмакратычнай незалежнай дзяржавы.”
Удзельнікі пікету раздавалі ўлёткі з інфармацыяй пра актуальную сітуацыю ў Беларусі. Варта дадаць, што Беларуска-еўрапейскае задзіночанне Бельгіі дзейнічае ў горадзе Антверпен і аб’ядноўвае палітычных уцекачоў.
Паводле Польскага радыё для замежжа
Лондан, Вялікабрытанія
Да Дня Волі рыхтуюцца ў Вялікабрытаніі
Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі рыхтуецца да святкавання Дня Волі. Па плану таксама і святкаванне 125 год са дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.
У Дзень Волі плануецца акадэмічная частка з чытаннем рэферата, віншаванняў, паэтычная альбо музычная частка, малебен за беларускі народ. Мяркуецца, што ў святкаванні Дня Волі возьмуць удзел не толькі сябры ЗБВБ, але і госці.
Таксама назіраецца добрая тэндэнцыя далучэння да працы Згуртавання і моладзі, што вучыцца ці працуе ў Вялікабрытаніі, наладжваецца супрацоўніцтва.
Алена Міхалюк, Згуртаванне беларусаў Вялікай Брытаніі
Нью-Йорк, ЗША
Даклад пра FM-радыё
Сёлета 18 студзеня ў Гарыманаўскім інстытуце Калумбійскага ўніверсітэта ў Нью-Йорку спн. Алена Матусевіч зачытала грунтоўны даклад аб стане радыёвяшчання ў Беларусі на сярэдніх хвалях (FM).
Маладая даследчыца вывучае камунікацыйныя сродкі, а ў ЗША знаходзіцца па праграме абмену з Інстытутам Карнэгі. Спн. Матусевіч азнаёміла слухачоў з сеткай станцыяў FM у Беларусі (16 адзінак), пачынаючы ад 1980-х гадоў да сучаснасці. Яна адзначыла таксама значэнне беларускага фактару ў радыёперадачах, пра зацікаўленасць слухачоў як у цэнтральных, гэтак і ў памежных раёнах, ды пра магчымасць/немагчымасць пашырэння ўплыву сеткі FM.
Слухачы, пераважна студэнты факультэта журналістыкі ды супрацоўнікі СМІ, атрымалі вычарпальныя адказы на пытанні. У дыскусіі ўзялі ўдзел ад беларуска-амерыканскага боку праф. Томас Бэрд, рэдактар “Запісаў” Беларускага інстытуту навукі і мастацтва, і др. Вітаўт Кіпель, дырэктар БІНіМ.
Паводле газеты "Беларус"
Вашынгтон, ЗША
Дзень салідарнасці з Беларуссю ў ЗША
16 лютага 2007 г. у Вашынгтоне Згуртаванне беларускай моладзі ў Амерыцы сумесна з беларускай дыяспарай Вашынгтона правялі акцыю салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, сем’ямі зніклых апазіцыянераў, з усімі, хто змагаецца за свабоду, незалежнасць і дэмакратыю ў Беларусі.
Акцыя прайшла каля беларускага пасольства ў ЗША. З Нью-Йорку прыехала 30 сябраў Згуртавання беларускай моладзі ў Амерыцы і сябраў Беларуска-амерыканскага задзіночання. На акцыі прысутнічалі дыпламаты краінаў Еўрапейскага саюза, шмат амерыканскіх студэнтаў і беларусаў, якія навучаюцца ў Амерыканскіх універсітэтах.
Вітаць удзельнікаў дэманстрацыі прыйшоў пасол Славакіі ў ЗША, а таксама прадстаўнікі нямецкага фонду Маршала і наведвальнікі прэзентацыі кнігі Паўла Дэмеша і Йорга Форбрыга “Rеclaming Democraсy”, якая адбывалася недалёка ад месца правядзення пікету.
Пратэстуючыя патрабавалі спынення дыскрымінацыі беларускай мовы, вызвалення палітвязняў, прыцягнення ўдзельнікаў рэпрэсіяў і асабіста прэзідэнта Лукашэнкі да крымінальнай адказнасці.
Паводле www.zbma.net, www.baza-belarus.org
Нью-Йорк, ЗША
Адбылося пасяджэнне Рады БНР
У Нью-Йорку адбылося пасяджэнне Рады Беларускай Народнай Рэспублікі на чале з Івонкай Сурвіллай. Па словах сп. Івонкі, галоўным пытаннем сустрэчы быў разгляд цяперашняй сітуацыі ў Беларусі.
“Новая, сапраўдная небяспека пагражае Беларусі з боку Расіі, бо Расія ўсё робіць, каб зацягнуць Лукашэнку ў “саюз”, які быў бы першым крокам да анексіі Беларусі. Мы фактычна разважалі, што трэба рабіць, каб да гэтага не дапусціць. Рада БНР вырашыла працягваць сваю дзейнасць, накіраваную на незалежнасць і беларускасць, станаўленне дэмакратыі. Гэтую дзейнасць мы вядзем ад самага пачатку, ад 1918 года, і мы рашуча настроеныя яе працягваць. Рада БНР будзе рабіць усё, каб дапамагчы беларускаму народу. Мы прадстаўляем моцны голас у свеце і зробім усё, каб свет яго пачуў”.
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла зазначыла, што ў планах Рады – сустрэчы з беларускай дыяспарай ды прадстаўнікамі ўрадаў розных краінаў на карысць беларускага народа і дэмакратыі. “Нашая мэта, безумоўна, – дапамагаць усім тым, хто змагаецца за беларускасць і незалежнасць Беларусі”, – адзначыла І.Сурвілла.
Паводле Радыё “Свабода”, Польскага радыё для замежжа
Талака ў саборы
27 лютага ў саборы Святога Кірылы Тураўскага ў Брукліне адбылася талака – супольная праца па аднаўленні святыні. На заклік Беларуска-амерыканскага задзіночання сябры арганізацыі ўдзельнічалі ў рамонце сабора і пачалі пабудову пакою для архіву і бібліятэкі БАЗА.
У архіве і бібліятэцы будуць захоўвацца дакументы і кнігі старэйшага пакалення беларусаў. Неабходнасць мець такія памяшканні адчувалася даўно. Варта прыгадаць перапоўненасць кнігамі і дакументамі памяшкання Фундацыі імя Пётры Крэчэўскага, месца ранейшых сустрэчаў БАЗА. Найбліжэйшай і вельмі актуальнай для новай хвалі эміграцыі з'яўляецца менавіта праблема зберажэння нашага нацыянальнага інтэлектуальнага набытку. Тое, што для нас з'яўляецца святым і каштоўным, не заўсёды цікавіць амерыканскія бібліятэкі і архівы. Толькі адзінкі нашых суайчыннікаў у ЗША змаглі перадаць свае архівы на захаванне ў амерыканскія ўстановы. Таксама існуе праблема сарціроўкі і выкарыстання азначаных архіваў. Многія з дакументаў, якія там захоўваюцца, дасюль не ўведзеныя ў навуковы ўжытак. Цяпер ёсць надзея, што ў бліжэйшай перспектыве гэтая праблема будзе вырашаная.
Зарука таго, што гэтыя надзённыя праблемы будуць вырашаныя, – новае пакаленне маладых эмігрантаў, сярод якіх як мінімум пяць асобаў (сябраў Згуртавання беларускай моладзі ў Амерыцы www.zbma.net) маюць гістарычную адукацыю альбо вучацца ў амерыканскіх навучальных установах на гістарычных факультэтах.
Паводле газеты “Беларус”
У Нью-Йорку адбылася прэзентацыя фільма "Плошча"
18 лютага ў грамадскай залі сабора Святога Кірылы Тураўскага ў Брукліне Беларускі маладзёвы рух Амерыкі правёў прэзентацыю фільма Юрыя Хашчавацкага “Плошча”.
Перад праглядам фільма быў зачытаны ліст Зміцера Марчука, удзельніка падзеяў на плошчы Каліноўскага падчас выбараў у сакавіку 2006 года.
“І ўсё ж такі я адчуваў вялікую радасць і нават шчаслівае лікаванне за тое, што ў мяне шмат аднадумцаў – не рабоў, што мы змаглі перамагчы страх, супрацьстаяць моцнаму і хлусліваму рэжыму, адчулі смак свабоды і моц стойкасці за яе і за праўду! Бо мы зрабілі ўнёсак ў слаўную гісторыю Беларусі і даказалі, што беларусы – свабодалюбівая мужная нацыя! Маліцеся за нас штодня – і мы пераможам з Божай дапамогай”, – напісаў З.Марчук.
Пасля прагляду адбылося абмеркаванне фільма, а таксама былі бясплатна распаўсюджаныя DVD-дыскі з фільмам.
Паводле http://belmov.org
Рыга, Латвія
Адсвяткавалі Масленіцу
У лютым у сталіцы Латвіі ладзіліся святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Масленіцы. На адкрытых пляцоўках Рыгі падчас народных гулянняў згодна з паганскімі традыцыямі было спалена нямала пудзілаў-лялек, а ў канцэртных залах адбыўся шэраг канцэртаў, прысвечаных гэтаму святу, што сімвалізуе канец зімы і надыход вясны.
У адным з канцэртаў у заключны дзень масленічнага тыдня, 18 лютага, у Вялікай залі Дома культуры Балтыйскага рускага інстытута чынны ўдзел браў вакальны гурт Латвійскага таварыства беларускай культуры “Cвітанак”.
Арганізатарам канцэрту выступіла Балтыйская міжнародная акадэмія танца “Наталі”. Акрамя выхаванцаў акадэміі – спевакоў-салістаў і танцораў, у канцэрце ўдзельнічалі з танцамі тэатр “Эрмітаж” і шоу-балет “O’кеy”. А гурт “Cвітанак” упрыгожыў свята цудоўнымі беларускімі песнямі. Ён выступіў у пашыраным складзе, бо апошнім часам значна павялічылася мужчынская частка калектыву, і нарэшце загучалі асобныя мужчынскія партыі.
Прыемна ўразіла, што гаспадары-арганізатары таксама падрыхтавалі шэраг беларускіх нумароў. “Арыгінальна пастаўлены, надта спадабаўся мне танец “Ох, і сеяла Ульяніца лянок”, – адзначыла старшыня Латвійскага таварыства беларускай культуры “Cвітанак” Таццяна Казак. Кіраўніца Балтыйскай міжнароднай акадэміі танца Наталля Сіберга яшчэ ў студзені дала згоду выступіць з сваімі выхаванцамі з беларускімі песнямі і танцамі на беларускім традыцыйным святкаванні ўгодкаў абвяшчэння БНР 25 сакавіка.
Таццяна Казак,
Латвійскае таварыства
беларускай культуры “Світанак”
Даўгаўпілс, Латвія
Дзень Лявона ў беларусаў Даўгаўпілса
Галоўным мерапрыемствам Цэнтра беларускай культуры ў гэтым месяцы стала 23 лютага – свята для нашых мужчын, Дзень Лявона, як мы яго называем.
Лявоніха (метадыст Цэнтра беларускай культуры шаноўная Галіна Сантоцкая) запрасіла ў госці мужчынскую палову нашага таварыства і арганізавала цэлую цікавую праграму, дзе ўдзельнічалі ўсе госці. І якія таленты часам можна адкрыць на такіх імпрэзах! Усе спявалі, танчылі, ставілі тэатральныя сцэнкі, расказвалі вершы і байкі.
Таццяна Бучэль, Даўгаўпілс
Даўгаўпілс, Латвія
Канферэнцыя ў Латвіі з удзелам беларусаў
У Даўгаўпілскім універсітэце на гуманітарным факультэце адбыліся XVІІ навуковыя чытанні, прысвечаныя 75-годдзю прафесара Антона Брэйдака. У канферэнцыі прыняла ўдзел дэлегацыя беларускіх навукоўцаў з Мінска, Віцебска і Гомеля.
Гэта гісторыкі: Яўген Грэбень, Вольга Бабкова, Алег Дзярновіч, Анатоль Дулаў, Галіна Якаўлева; мовазнаўцы: Валянціна Маслава, Алена Муратава, Наталля Фурашова, Алег Копач, Наталля Марцынкевіч, Дзяніс Полаўцаў, Дзмітрый Канаплянікаў.
Навуковыя даклады беларускіх гісторыкаў заслугоўваюць несумнеўнай увагі, яны знайшлі зацікаўленага слухача на канферэнцыі. Так, былі прадстаўленыя тэмы: “Цана крыўды: лакальныя канфлікты на беларуска-латгальскай мяжы ў першай палове XVІ стагоддзя і праблема вымярэння страт", “Латышскія грамадска-палітычныя і культурна-асветніцкія арганізацыі і іх дзейнасць ў Віцебскай губерніі ў першыя гады савецкай улады”, “Шляхецкія тэстаменты другой паловы XVІ стагоддзя з фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі як крыніца па гістарычнай антрапалогіі”.
Студэнты і магістранты, якія цікавяцца беларускай гісторыяй, пасля канферэнцыі маглі праслухаць цыкл лекцый па гісторыі Беларусі. Для нашых шаноўных суайчыннікаў гісторыкаў-беларусаў была арганізавана экскурсія ў Цэнтр беларускай культуры, дзе яны ў сваю чаргу мелі магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй развіцця культурна-асветніцкай дзейнасці таварыства “Уздым”.
Таццяна Бучэль, Даўгаўпілс
Масленка ў Даўгапілсе
Беларусы Даўгаўпілса адзначылі пачатак вясны. Адбылося гэта не толькі ў нашым горадзе, але і па-за яго межамі: у суседнім горадзе Рэзекне і ў пасёлку Науене Даўгаўпілскага раёна.
У гарадскіх мерапрыемствах з вельмі цікавай масленічнай праграмай актыўна ўдзельнічалі творчыя калектывы Цэнтра беларускай культуры: “Лянок”, “Квітнеючы май”, “Купалінка”. Традыцыйна абавязковым на свяце было спальванне пудзіла зімы і ваджэнне карагодаў вакол вогнішча. Беларускія абрады Гукання вясны вельмі багатыя на песні, прыпеўкі, заклічкі, дзе гучыць тэма любові да зямлі, працы і чалавека. Выступленне нашых калектываў нікога не пакінула раўнадушным.
Таццяна Бучэль. Даўгаўпілс
Справаздачна-выбарны сход у Даўгаўпілсе
9 лютага адбыўся справаздачна-выбарны сход асветніцкага таварыства “Уздым”.
“Мы падвялі вынікі мінулага 2006 года, насычанага шэрагам розных цікавых падзей і мерапрыемстваў, – распавяла сустаршыня асветніцкага таварыства Таццяна Бучэль, – Падсумоўваючы вынікі мінулага года, нельга не адзначыць вялікую працу, праведзеную таварыствам “Уздым” сумесна з Цэнтрам беларускай культуры. Ад усёй душы хочацца падзякаваць усім “уздымаўцам” за вялікую, плённую, актыўную працу на ніве захоўвання і развіцця беларускай культуры ў нашым горадзе”. Таццяна Бучэль дадала: “Словы ўдзячнасці заслугоўваюць кіраўнікі нашых творчых калектываў, нашы настаўнікі, нашы метадысты, сябры Рады, усе тыя, хто словам і справай дапамагае захоўваць і развіваць беларускую культуру”. Старшынём таварыства застаўся Барыс Іваноў, сустаршыні – Таццяна Бучэль, Яўген Віршута.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Вільня, Літва
Прэзентацыя кнігі пра лёс Коласаўскага ліцэя
У апошнюю суботу лютага ў Таварыстве Беларускай Культуры ў Літве (ТБК) адбылася сустрэча з дырэктарам вядомага далёка па-за межамі Беларусі ліцэя імя Я.Коласа Уладзімірам Коласам. Ён прэзентаваў ў Вільні сваю кнігу “Лёс ліцэя”. Арганізавала сустрэчу ТБК.
Традыцыйна мерапрыемства пачаў старшыня ТБК Хведар Нюнька, які прадставіў гасцей. Ён падзяліўся сваімі ўражаннямі пра кнігу, потым гэта змаглі зрабіць і ўсе ахвочыя. “Кніга “Лёс ліцэя” аўтабіяграфічная, частка гісторыі нашай Бацькаўшчыны, звязаная з лёсам беларускай мовы і адукацыі на роднай мове. Чытаеш і здзіўляешся мужнасці выкладчыкаў, навучэнцаў, і, у першую чаргу, бацькоў, якія не забралі сваіх дзяцей, а разам змагаюцца і перамагаюць.
У.Колас распавёў пра гісторыю ўтварэння навучальнай установы, аб сваіх паплечніках і з гонарам адзначыў, што ўсе выпускнікі ліцэя паступаюць у ВНУ.
Умовы падпольнага навучання, вучобы ў выгнанні вось ужо чатыры гады, у якіх апынуўся ў апошнія гады ліцэй, з боку здаюцца небяспечнымі, цяжкімі і ненармальнымі. Але ж гэта і ёсць магчымасць па-сапраўднаму змагацца, ахвяраваць дзеля Праўды, Дабра і Справядлівасці, і мець столькі сяброў-аднадумцаў, прыхільнікаў ва ўсім свеце, і, у першую чаргу, у Вільні. Разам – сіла. Аб гэтым і кніга.
У.Колас піша: “Ліцэй здолеў утварыцца і захавацца перад усім дзякуючы таму, што вакол яго аб’яднала свае намаганні вялікая колькасць шчырых беларусаў. Упэўнены: калі такое адчуванне еднасці, прыналежнасці да свайго народа, адданасці Бацькаўшчыне аб’яднае нас усіх, беларусы абавязкова здолеюць развітацца са сваёй змрочнай спадчынай і адбудуюць нармальнае, годнае і заможнае жыццё. Гэта і ёсць галоўны ўрок, які ўсім нам дае ліцэй”.
А самае галоўнае – ёсць жадаючыя вучыцца, значыць ёсць і будучыня ў ліцэя, а яна звязана з Вільняй, у якой ужо часткова адбываюцца лекцыі. Уразіла прысутных і канцэртная праграма навучэнцаў у ТБК, яны выканалі некалькі песень, у тым ліку і гімн ліцэя, але асабліва кранула “Малітва” ў сольным выкананні А.Вараб’ёва. Гэта не першая і не апошняя сустрэча ў ліцэі.
Напрыканцы імпрэзы прысутныя атрымалі кнігу У.Коласа “Лёс ліцэя” з аўтографам аўтара. Такія сустрэчы духоўна ўзбагачаюць і яднаюць беларусаў.
Леакадзія Мілаш
Бельск, Польшча
Прэзентацыя кнігі народных спеваў
Жыхары Бельшчыны, якія 9 лютага запоўнілі самую вялікую выставачную залу ў філіяле Падляшскага музея ў Бельску-Падляшскім, з захапленнем слухалі даўнія песні ў выкананні жанчын з Арлянскай гміны. Шмат цёплых слоў ад жыхароў вёсак і людзей культуры пачуў энтузіяст збірання і апрацоўкі народнай творчасці Сцяпан Копа.
Старэйшыя жанчыны з яго роднай вёскі Маліннікі і суседніх сёл мелі нагоду падзякаваць яму за апрацаваны ім зборнік “Песні Бельскай зямлі. Гміна Орля”, выдадзены Аб’яднаннем “Музей малой айчыны ў Студзіводах” у супрацоўніцтве з Ваяводскім асяродкам анімацыі і культуры (ВААК). Старшыня згаданага Музея – таксама вядомы аматар збірання і публікавання народнай творчасці. Сябры старэйшага і малодшага складаў “Жэмэрвы” мелі нагоду праспяваць перад публікай у музеі.
“Песні з Арлянскай зямлі распачаў я збіраць ужо ў 1978 годзе. Тады рабіў я падборку песень да абраду “Хрысцін”, аб якім пісаў магістэрскую работу. Пасля з’ездзіў я ўсю Беласточчыну запісваючы народныя творы”, — заявіў музыкант, фалькларыст і нястомны аніматар культуры сярод падляшскіх беларусаў Сцяпан Копа.
Вынікам яго шматгадовай працы былі выдадзеныя зборнікі народных песень Міколы Ігнацюка з Рыбалаў, з рэпертуараў калектываў з Дабрывады, Тыневіч і Арэшкава, а таксама “Падляшскі спеўнік”, у якім апынуліся, між іншым, песні, запісаныя ад Надзеі Сахарчук з Маліннікаў.
У прэзентаваным у бельскай ратушы зборніку “Песні Бельскай зямлі. Гміна Орля” змешчана ажно каля ста песень, што заспявала Сцяпану Копу Надзея Сахарчук. Фальклор вёскі Маліннікі прэзентаваў калектыў “Малінкі”. Вельмі ўдала выступіла Марыя Амельянюк з Градалёў са сваёй дачкой Валянцінай Марціновіч.
“Праца па выданні зборніка распачалася пасля леташняга фестывалю “Там по маёвуй росі”. Спачатку спонсарам згадзіўся быць бельскі магістрат, а пасля фінансава вырашыліся дапамагчы нашаму выданню Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі і Ваяводскі асяродак анімацыі культуры ў Беластоку ды сем’і Чыжыкаў і Амельянюкоў з Бельска-Падляшскага”, — кажа старшыня аб’яднання “Музей малой айчыны ў Студзіводах”, кіраўнік Студзіводскага музея Дарафей Фіенік. За працу на карысць захавання народнага фальклору дзякавалі Сцяпану Копу і Дарафею Фіеніку войт Арлянскай гміны Пётр Сэльвясюк, віцэ-дырэктар ВААК Барбара Пахольская, дырэктар Бельскага дома культуры Сяргей Лукашук і інш.
Паводле газеты "Ніва"
Вроцлаў, Польшча
Ансамбль “Паазер’е” ў Вроцлаве
19-22 студзеня 2007 г. пры садзеянні пасольства Беларусі ў Польшчы ў Вроцлаве адбыўся шэраг канцэртных выступленняў заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай музыкі “Паазер’е” з г. Паставы.
Беларускі мастацкі калектыў разам з народнымі майстрамі ўпершыню браў удзел у традыцыйных мерапрыемствах, арганізаваных Саюзам украінцаў у Польшчы сумесна з Вроцлаўскай грэка-каталіцкай дыяцэзіяй і пры ўдзеле Вроцлаўска-Шчэцінскай праваслаўнай епархіі — ХІ Вроцлаўскай куцці і V Вроцлаўскіх калядаваннях, якія адбыліся ў клубе ўкраінцаў, касцёле св. Вінцэнта і Вроцлаўскім універсітэце. У мерапрыемствах таксама бралі ўдзел калектывы з Украіны і Балгарыі, Нямецкай і Грэчаскай меншасцяў у Польшчы.
У канцэртных праграмах прагучалі разнастайныя беларускія народныя песні і музыка, удзельнікі мерапрыемстваў змаглі азнаёміцца з цікавай выстаўкай дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, пачаставацца беларускімі стравамі.
Арганізатары мерапрыемстваў, прадстаўнікі самаўрадавых органаў г. Вроцлава, архіепіскап Вроцлаўскі і Шчэцінскі Іерэмія адзначалі важнасць удзелу творчай дэлегацыі з Беларусі, якая выдатна прадставіла ў час мерапрыемстваў у Вроцлаве беларускую культуру.
Прэс-служба пасольства
Рэспублікі Беларусь.
Паводле “Ніва”
Беласточчына, Польшча
Поспехі беларускіх ліцэяў у Польшчы
18 студзеня ў Комплексе школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы адбыліся раённыя элімінацыі ХІІІ выпуску Алімпіяды беларускай мовы. Праходзілі яны пад знакам нашаніўскай пары. Белліцэісты ў сваіх пісьмовых працах часта спасылаліся на публікацыі ў “Нашай ніве” і “Нашай долі”. Некаторыя вучні пісалі пра сваю малую айчыну — Беласточчыну. У вусных адказах ліцэісты запэўнівалі аб прывязанасці да мясцовых абрадаў і традыцый, а некаторыя нават заклікалі сваіх сябраў трымацца роднай мовы і не саромецца беларускай нацыянальнасці.
Арганізатарамі алімпіяды выступілі: Кафедра беларусістыкі Варшаўскага універсітэта і таварыства “Польшча-Усход”.
Перад вуснымі адказамі вучні цягнулі білеты з пытаннямі… Адказваць трэба было перад трыма конкурснымі камісіямі, а пытанні былі па ўсёй беларускай літаратуры, пра мясцовыя абрады, традыцыі, беларускую культуру ў вёсках, нават пра сям’ю і Белавежскую пушчу. Не абышлося і без дадатковых пытанняў ад камісіі аб ацэнках увахода Польшчы ў Еўрасаюз і дзе, у якой краіне, вучні бачаць сваю будучыню, былі і філасофскія пытанні наконт сэнсу жыцця і адносінаў паміж дзецьмі і бацькамі.
У Гайнаўскім белліцэі ажно 130 вучняў прыступіла да школьных элімінацый алімпіяды і 28 з іх ліку перайшло да акруговых элімінацый. У Бельскім белліцэі да элімінацый прыступіла намнога менш вучняў, а да раённага выпуску перайшло 15 чалавек.
Нядаўна газета “Рэчпаспаліта” змясціла вынікі ІХ Агульнапольскага рэйтынгу сярэдніх школ, арганізаванага “Рэчпаспалітай” і часопісам “Перспектывы”. Чарговы раз на высокіх месцах апынуліся белліцэі з Бельска-Падляшскага (41 месца) і Гайнаўкі (42 месца). У складзе сярэдніх школ з Падляшскага ваяводства, якія змагаліся ў рэйтынгу, Бельскі ліцэй апынуўся на чацвёртым месцы, а Гайнаўскі — на пятым. Апярэдзілі нашы белліцэі толькі Першыя агульнаадукацыйныя ліцэі з Беластока, Сувалкаў і Ломжы. Школы ацэньваліся толькі на падставе поспехаў вучняў, якія бралі ўдзел у прадметных алімпіядах. Сёлетнія пераможцы беларускай алімпіяды падымуць прэстыж сваіх школ у рэйтынгу, які будзе абвешчаны праз год.
Паводле газеты “Ніва”
Беласток Польшча
Свежы нумар "Тэрмапілаў"
У Беластоку пабачыў свет 10 нумар літаратурна-мастацкага і беларусазнаўчага часопісу “Тэрмапілы”. Выдавец – Беларускае літаратурнае аб'яднанне “Белавежа”.
Значнае месца ў ім заняла мастацкая літаратура: вершы, апавяданні, аповесць і раман. Героі рамана “Галаброды” Алеся Рыбака, беларусы Заходняй Беларусі, у першыя гады пасля Другой сусветнай вайны застаюцца “паміж небам і зямлёй” пасля таго, як Беласточчына была перададзеная Польшчы.
Раздзел “Рэаліі” адкрывае артыкул Радзіма Гарэцкага “Нацдэмаўкі”. “Дзякуючы гісторыкам і пісьменнікам мы добра ведаем пра ахвярнасць, адданасць гераізм і мужнасць жонак дзекабрыстаў, якія дабравольна пайшлі за каханымі ў Сібір, - адзначае аўтар, - Калі, аднак, параўнаць іх жыццё з тымі прыгодамі і пакутамі, якія перанеслі нашы беларускія жанчыны - жонкі рэпрэсаваных “нацдэмаў” 30-х гадоў мінулага стагоддзя, дык іх вялікая адданасць, здзіўляючая мужнасць і адданасць сваім абраннікам падаюцца значна большымі”. У гэтым жа раздзеле размешчаныя рэдкія і малавядомыя лісты Ларысы Геніюш і інш. цікавыя матэрыялы.
Да спадчыны Якуба Коласа “Новай зямлі” звяртаецца аўтар часопіса з Гродна Ігар Жук. Яго артыкул адкрывае раздзел “Літаратуразнаўства”. Таксама размаўляюць аўтары пра Блёза Паскаля, французскага вучонага, філосафа і літаратара, звяртаюцца да праблемы постчарнобыльскай свядомасці ў беларускай літаратуры, паэзіі Сяргея Хмары ды інш.
Раздзел “Сярод кніг” цалкам прысвечаны кнігам, якія выйшлі за час, што мінуў пасля апошняга нумару “Тэрмапілаў”, і тым ці іншым чынам тычацца Беларусі.
Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Чатырнаццаты фестываль беларускай песні
Фестываль беларускай песні ў Польшчы адбыўся ў чатырнаццаты раз. Нават нягледзячы на тое, што быў пазбаўлены дапамогі Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі.
Раённых конкурсаў гэтым разам не было, адразу адбыўся цэнтральны агляд. Арганізавала яго Таварыства беларускай культуры (ТБК) разам з Беларускім грамадска-культурным таварыствам (БГТК). Фінансава дапамаглі Маршалкоўская падляшская ўправа, мэр горада Беластока, пасольства Рэспублікі Беларусь, Вышэйшая менеджэрская школа ў Беластоку, кааператыў інвалідаў “Падляшша”, прыватныя спонсары — Яніна Станкевіч і Сяргей Якушэвіч з Беластока, Юрый Васілюк з Гайнаўкі. Пасобілі таксама мясцовыя самаўрады транспартам для калектываў.
Хочацца паказацца, праспяваць найлепшыя творы, для якіх збіраліся яны — не толькі яны — не адзін год, працягваючы традыцыю, перадаючы яе маладзейшым. Для ўсіх гэта вялікае свята — фестываль беларускай песні, і адчулі яны як асабістую крыўду за тое, што БГКТ не падтрымліваецца болей міністэрствам, і нават, як адзначыў старшыня БГКТ і віцэ-старшьшя ТБК Ян Сычэўскі — польскай дзяржавай. І гэта ў год юбілею пяцідзесяцігоддзя існавання БГКТ. Іншыя кажуць, што БГКТ хацела б мець манаполію на арганізацыю культурнага жыцця беларусаў, і што не толькі фальклорна-народнае яно, тое сучаснае жыццё беларускай меншасці ў польскай дзяржаве. А 60 калектываў, якія шчыруюць на сваіх палетках і на ўсёй беларускай ніве, — гэта людзі, адданыя роднай культуры і заслужаныя для ўсёй нашай культуры ў краіне.
Усіх найлепшых выканаўцаў, што перамаглі ў конкурсе, можна будзе пачуць у час гала-канцэрта, які адбудзецца праз пару месяцаў, мабыць, у чэрвені, у час Свята беларускай культуры.
Паводле газеты "Ніва"
Варшава, Польшча
Беларускія ўцекачы патрабуюць вызваліць палітвязняў
Беларусы, якія былі вымушаныя з’ехаць з радзімы, правялі ў Варшаве шэсце ў падтрымку палітычных вязняў. Актывісты наведалі замежныя пасольствы і перадалі петыцыю з просьбай падтрымаць дэмакратыю ў Беларусі.
“Заклікаем не ўступаць у палітычныя і эканамічныя кантакты з апошнім дыктатарам Еўропы, пакуль не будуць вызваленыя палітычныя вязні ды адноўленыя грамадзянскія свабоды на шматпакутнай Беларусі”. Гэты заклік беларускія палітычныя ўцекачы аднеслі ў варшаўскія пасольствы Еўрасаюза, Расіі, ЗША, Канады і Украіны. Беларусаў натхніла петыцыя польскага сената ад лютага, якая патрабуе вызваліць усіх беларускіх палітвязняў.
28 лютага зварот перадалі ў пасольствы. Збор подпісаў пад заклікам працягваецца. Ініцыятары акцыі перакананыя, што іхняя петыцыя — адна з кропляў, якія точаць камень. Акцыя працягвалася да 4 сакавіка. Да яе далучыліся таксама і студэнты, якія навучаюцца ў Варшаве па праграме Каліноўскага.
Паводле Еўрапейскага радыё для Беларусі
Супрасль, Польшча
Музей ікон у Супраслі адкрыты
10 лютага адбылося канчатковае адкрыццё Музея ікон у Супраслі, філіяла беластоцкага Падляшскага музея.
Дырэктар Падляшскага музея Анджэй Ляхоўскі адкрываў супрасльскі асяродак ужо другі раз. Першае адкрыццё пры ўдзеле першаіерархаў Праваслаўнай царквы і Каталіцкага касцёла ды прадстаўнікоў мясцовых улад адбылося ў 2006 годзе.
Гэтым разам адкрыццё Музея распачалося ў Благавешчанскай царкве. Выступіў кафедральны хор “Аксіен” з сабора св. Мікалая ды мужчынскі хор Супрасльскага манастыра. Асабіста ля дзвярэй храма вітаў гасцей архімандрыт Гаўрыіл. Епіскап Беластоцка-Гданьскай епархіі Іакаў тлумачыў сабраным: "Ікона як святы абраз з’яўляецца таксама акном у іншы свет, спалучае абодва светы. Калі молімся да святых, маем лучнасць з іншасветам. Шляхам малітвы ўваходзім у вечнасць".
Уважлівае наведанне экспазіцыі займае каля дзвюх гадзін. Без ніякіх сумненняў, супрасльскі Музей ікон з’яўляецца адзіным свайго роду ў Польшчы (другі, менш турыстычна прыцягальны, ёсць у Саноку), а пэўна, і ў Еўропе. Адкрыты ён штодзённа (апрача панядзелкаў) ад 10 да 17 гадзіны. Летам з 12 да 19.
Паводле газеты "Ніва"
Польшча
Акцыі салідарнасці прайшлі ў некалькіх гарадах
У розных гарадах Польшчы адбыліся акцыі салідарнасці з сем’ямі зніклых апазіцыйных і грамадскіх дзеячаў Беларусі. Так, на Замкавай плошчы ў Варшаве пад адкрытым небам была арганізавана фотавыстава беларускіх дэманстрацый, гучала беларуская музыка, а ўвечары былі паказаныя фільмы і кліпы пра падзеі ў Беларусі.
Акцыю ў Варшаве ладзіў Звяз у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Гэтым разам у Старым горадзе паўстаў намёт, над якім луналі бел-чырвона-белыя сцягі. Мерапрыемствы такога кшталту адбываюцца не толькі ў сталіцы Польшчы, але і ў Беластоку, Кракаве, Вроцлаве, Познані.
У горадзе Жэшаў пры дапамозе дэпутатаў мясцовай рады адбылося спатканне з беларускімі журналістамі і палітыкамі. А ў Пултуску прайшоў адкрыты паказ фільма Юрыя Хашчавацкага “Плошча” – пра сакавіцкія падзеі ў Беларусі.
Арганізатар акцыі, старшыня Звязу ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі Антось Цялежнікаў распавёў: “Мяркую, што гэткія акцыі патрэбны да таго часу, пакуль сітуацыя ў Беларусі не зменіцца”.
Паводле Еўрапейскага радыё для Беларусі
(www.belradio.fm), “Радыё “Свабода”
(www.svaboda.org) Польскага радыё для замежжа
(www.polskieradio.pl/zagranica/by/
Комі, Расія
“Беларусь” – падзеі 2006 года
Вынікі гадавой працы падвяла нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусь” у Рэспубліцы Комі
У 2006 г. прайшла ІІІ справаздачна-выбарная канферэнцыя, на якой былі падведзеныя вынікі работы аўтаноміі за тры гады. Абраны новы савет аўтаноміі. Кіраўніком абраны на чацвёрты тэрмін Аркадзь Крупенька.
Да адкрыцця канферэнцыі беларусы Комі выпусцілі кнігу "След на северной земле". Рэдактар кнігі, Мітрафан Курачкін, беларус, сябра Саюза журналістаў Расіі, працаваў над кнігай разам з жонкай Тамарай тры гады. "Мы лічым, што кніга адлюстроўвае не толькі гісторыю беларусаў, якія жывуць на поўначы, але з'яўляецца часткай гісторыі ўсяго народа", – адзначылі ў нацыянальна-культурнай аўтаноміі.
Аўтаномія аказала вялікую дапамогу ва ўсталяванні мемарыяльнай дошкі беларусу П.Н.Галавачову, былому дырэктару Сыктыўкарскага ЛДК, дзе ён працаваў 22 гады.
За год прайшлі тэматычныя вечары, прысвечаныя Берасцейскай і Віцебскай абласцям. Аўтаномія таксама дапамагала і студэнтам Сыктыўкарскага універсітэта і юрыдычнага каледжа ў падрыхтоўцы дыпломных работ па нацыянальным пытанні.
У 2006 г. у Ніжнім Адэсе створанае новае аддзяленне аўтаноміі.
Аркадзь Крупенька, кіраўнік нацыянальна-культурнай
аўтаноміі “Беларусь” у Рэспубліцы Комі
Прага, Чэхія
“Свабодная Беларусь” арганізавала акцыю салідарнасці з Беларуссю
16 лютага ў Празе прайшла традыцыйная акцыя “Дзень салідарнасці з Беларуссю”. Гэтым днём адзначыўся год, як яе пачала праводзіць ініцыятыва “Свабодная Беларусь”.
Акцыі падтрымкі Беларусі ў Чэхіі праводзілі і раней. Арганізоўвалі яе, напрыклад, чэшская “Amnesty Inernational”, арганізацыя “NESEHNUTІ” альбо “Звяз беларусаў замежжа”.
Да дня салідарнасці 16 лютага далучыліся больш за 50 чалавек. Актывісты “Свабоднай Беларусі” раздавалі ўлёткі з інфармацыяй пра сучаснае становішча ў Беларусі.
Пры канцы мерапрыемства прагучалі словы падтрымкі на беларускай, чэшскай і польскай мовах. Плануецца і надалей праводзіць акцыі салідарнасці.
Паводле “Хартыя’97”
Віншаванні палітвязням
У лютым чэхі даслалі амаль чатыры тысячы лістоў палітвязням у Бірме, Беларусі ды Кубе.
У рамках кампаніі “Свабода ў новым годзе” (“Freedom in the New Year”), якая ладзіцца арганізацыяй “Чалавек у нядолі”, жыхары Чэхіі даслалі амаль чатыры тысячы калядных і навагодніх паштовак палітвязням у Бірме, Беларусі і Кубе. Мэтай гэтага мерапрыемства было выказванне сімвалічнай падтрымкі рэпрэсаваным. Адзіным злачынствам гэтых невінаватых людзей было змаганне з аўтарытарнымі рэжымамі і прага да дэмакратыі. Паводле наяўных звестак, праект “Ліст у вязніцу” збольшага меў поспех.
Найбольш водгукаў на паштоўкі прыйшло з Беларусі. “Мы спадзяваліся, што лісты найперш пойдуць людзям, якія адбываюць пакаранне ў выглядзе прымусовай працы, бо ім дазваляюць хадзіць на пошту. Паведамляюць, што, напрыклад, Павел Севярынец атрымаў ужо тры мяхі паштовак. Лісты прыходзілі са шматлікіх краінаў — гэта частка шырэйшага міжнароднага праекту, але вялізная колькасць паштовак прыйшла менавіта з Чэшскай Рэспублікі”, — паведамляе Ілля Глыбоўскі, каардынатар арганізацыі “Чалавек у нядолі” па Беларусі.
Паводле peopleinneed.cz і “Наша Ніва”
Талін, Эстонія
Беларусы Таліна засталіся без офіса
Беларусаў Таліна папрасілі вызваліць офіс. Па словах старшыні Беларускага саюза ў Эстоніі, арганізацыі давялося зняць офіс за асабістыя, даволі вялікія, грошы. “Расейцы, грамадзяне Эстоніі, вырашылі, што руская і беларуская культуры не сумяшчальныя, выкінулі нашы падручнікі і выселілі нас з культурнага цэнтра. Наш новы адрас цяпер: Уса, 19, пакой 8. Зараз мы спрабуем зарабляць грошы, рабіць паездкі ў Беларусь “Знаёмая-Незнаёмая Беларусь”. Так 16-25 красавіка 45 чалавек паедзе ў санаторый “Крыніца”. Хацелася б, каб Беларусь паўдзельнічала таксама, бо размова ідзе пра знаёмства з цэлай краінай. Але пакуль справа не рушыцца з месца,” – кажа Ніна Савінава, старшыня Саюза.
Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Тарту, Эстонія
Беларускія студэнты салідарны з Беларуссю
Беларускія студэнты, якія вучацца ва універсітэце Тарту ў Эстоніі, зладзілі акцыю салідарнасці з сем’ямі зніклых і палітвязнямі Беларусі. Каля цэнтральнага ўваходу ва універсітэт яны паставілі партрэты зніклых і палітвязняў, у прыватнасці, асуджаных моладзевых лідэраў Паўла Севярынца і Зміцера Дашкевіча. Яны запалілі свечкі і раздалі мінакам інфармацыйныя ўлёткі пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.
Паводле “Хартыя’97”
ВЕСТКІ
Грамадства
Адміністрацыя ЗША ўвяла фінансава-эканамічныя санкцыі супраць яшчэ адной групы беларускіх чыноўнікаў – паведамляецца на вэб-сайце Міністэрства фінансаў ЗША. На гэты раз у “чорны спіс” трапілі 6 чалавек: генпракурор Пётр Міклашэвіч, міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў, міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч, камандзір палка мінскага АМАПу Юрый Падабед, былы кіраўнік МУС Юрый Сівакоў і кіраўнік дэпартамента па грамадскіх арганізацыях Міністэрства юстыцыі Алег Сліжэўскі.
Сутнасць санкцыяў заключаецца ў забароне на ўезд у ЗША, замарожванні любых актываў гэтых людзей у ЗША і ва ўвядзенні забароны на любыя бізнесовыя кантакты з імі амерыканцаў. Такім чынам агульная колькасць дзейных і былых членаў кіраўніцтва Беларусі, у дачыненні да якіх ЗША ўвялі санкцыі, складае 16 чалавек. У “чорны спіс” унесены таксама Аляксандр Лукашэнка.
Міністэрства фінансаў ЗША заяўляе, што гэтыя людзі адыгрывалі важную ролю ў дэспатычным рэжыме Аляксандра Лукашэнкі ды бралі актыўны ўдзел у пераследах грамадства і дэмакратычнай апазіцыі пасля леташніх прэзідэнцкіх выбараў.
Усе гэтыя меры Адміністрацыя ЗША прымае на падставе выканаўчага ўказу прэзідэнта Джорджа Буша. Пры гэтым улады ЗША спасылаюцца на тое, што яны дзейнічаюць сінхронна з Еўрасаюзам.
Паводле Радыё “Свабода” і Польскага радыё для замежжа
***
Еўрасаюз захавае наяўныя санкцыя супраць Беларусі і Узбекістана. Такое рашэнне прынятае 28 лютага на пасяджэнні пастаянных афіцыйных прадстаўнікоў краін-сябраў ЕС, акрэдытаваных у Бруселі. Адпаведная пастанова выносіцца на пасяджэнне міністраў замежных спраў дзяржаў Еўрасупольнасці 5 сакавіка бягучага года.
Згодна з уведзенымі санкцыямі, забароненая пастаўка зброі ва Узбекістан, а сямі вышэйшым чыноўнікам краіны, занесеным у “чорны спіс”, забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрасаюза. Санкцыі супраць Узбекістана былі ўведзеныя ў траўні 2005 года пасля трагічных падзей у Андзіжане.
Захаваюцца на бліжэйшыя 12 месяцаў і санкцыі ў дачыненні да Беларусі. У іх рамках замарожаныя рахункі 34 беларускіх афіцыйных асоб, уведзеная таксама забарона на іх уезд на тэрыторыю краін Еўрапейскага саюза.
У сакавіку Брусель таксама разгледзіць пытанне аб увядзенні супраць Беларусі эканамічных санкцый, якія могуць прывесці да страты беларускай эканомікай да 600 млн. даляраў за год.
Паводле Польскага радыё для замежжа, і “Хартыя’97”
***
Навукоўца Кастуся Лукашова, якога незаконна пратрымалі пад вартай каля трох месяцаў, вызвалілі адразу ў залі суда. Але апраўдальнага прысуду грамадскасць і родныя так і не дачакаліся.
Суд прызнаў Кастуся Лукашова вінаватым і прызначыў яму умоўнае пакаранне з адтэрміноўкай у два гады. Апроч таго, з Лукашова быў спагнаны 1 мільён рублёў на карысць пацярпелага.
Па вызваленні з-пад варты Кастусь Лукашоў падзякаваў усім, хто яго падтрымліваў. Ён сказаў, што ў нашай краіне не выконваюцца нават лукашэнкаўскія законы, што гэты працэс ёсць асабістай помстай ягонай сям’і і спробай спыніць ягоную актыўнасць. “Але вольную думку ўвязніць немагчыма,” — заявіў спадар Лукашоў.
Нагадаем, што 29 сакавіка мінулага года, пасля сакавіцкіх падзей, Кастусь Лукашоў на ўласным аўтамабілі вывозіў свайго брата, дэмакратычнага актывіста Вячаслава Сіўчыка з лякарні № 3 Мінска. Людзі ў цывільным спрабавалі іх затрымаць, але гэта не атрымалася. Пазней у пракуратуру з заявай звярнуўся адзін з супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Ён сцвярджаў, што Лукашоў збіў яго на сваім аўтамабілі, хаця шматлікія сведкі абвяргалі гэты факт. Судмедэкспертыза таксама не пацвердзіла атрыманыя міліцыянтам пашкоджанні .
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
***
Эканоміка
Актывісты прадпрымальніцкага руху Сяргей Балыкін і Аляксандр Макаеў падалі ў Мінскі гарвыканкам заяўку на правядзенне ў сталіцы мітынгу 12 сакавіка.
С.Балыкін паведаміў, што галоўнай мэтай мітынгу з'яўляецца прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблем індывідуальных прадпрымальнікаў і выпрацоўка прапаноў па ўдасканаленні прававога рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці ў краіне.
“Непасрэднай падставай да правядзення мітынгу з'яўляецца выданне прэзідэнтам у канцы мінулага года ўказа № 760. Гэтым указам з 1 красавіка 2007 г. індывідуальным прадпрымальнікам (ІП) забараняецца гандаль цэлай групай тавараў, а з 1 студзеня 2008 г. уводзіцца фактычная забарона на выкарыстанне наёмнай працы, – распавёў Сяргей Балыкін. – Па нашым меркаванні, апошняя забарона прывядзе да фактычнага выкаранення малога бізнесу ў Беларусі ў форме ІП”.
Ініцыятары мітынгу просяць гарвыканкам дазволіць яго правядзенне на плошчы Якуба Коласа.
Паводле www.tut.by і БелаПАН
***
Культура
20 лютага ў мінскай Галерэі мастацтва (пр-т Незалежнасці, 12) адкрылася выстава жывапісу і акварэлі “ТАМ (Тутэйшым аматарам мастацтва ці Такі Алесь Мара)” беларускага мастака і грамадскага дзеяча, кіраўніка МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алеся Марачкіна.
У экспазіцыі прадстаўлена звыш за 40 твораў, напісаных у асноўным у апошнія гады. Найбольшую ўвагу прыцягвае кампазіцыя “Акрыленыя”, прысвечаная народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну і ўсім таленавітым людзям, палатно “Зімовы анёл”, на якім намаляваны анёл, які дабраслаўляе заснежанае поле, і шмат якія іншыя карціны. У экспазіцыю таксама ўключаныя акварэлі мастака з малюнкам аголенай жаночай натуры, а таксама фантазіі на розныя тэмы.
Мастак адзначыў, што незалежнаму жывапісцу, які пазбаўлены дзяржаўных замоў і афіцыйнага прызнання, сёння нялёгка выставіцца ў сталіцы, нават калі экспануюцца творы, якія не маюць ніякага дачынення да палітыкі.
Ён таксама паведаміў, што 2 сакавіка ў 18.00 на сядзібе Партыі БНФ (Машэрава, 8, колішняя Варвашэні) ён прадставіць сваю экспазіцыю "Нонканфармізм" з прэзентацыяй новай працы "За волю. Пляц Каліноўскага". "А 2 красавіка ў сталічным Палацы мастацтваў творчае аб'яднанне "Пагоня" Беларускага саюза мастакоў адкрые сваю традыцыйную вясновую выставу, на якой будуць прадстаўленыя і мае працы", – адзначыў Алесь Марачкін.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
***
У 2007 г. спаўняецца 125 год са дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. У канцы студзеня А.Лукашэнка падпісаў указ “Аб мерапрыемствах, прысвечаных святкаванню 125-годдзя са дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа”. Рашэнне прынята з мэтай арганізацыі шырокамаштабнага святкавання юбілею класікаў беларускай літаратуры.
Урачыстасці, прысвечаныя гэтай даце, пройдуць на працягу 2007 г. у Беларусі і за яе межамі. Падчас святочных мерапрыемстваў запланавана таксама стварэнне шэрагу тэматычных літаратурна-мастацкіх і дакументальна-публіцыстычных праграм, а таксама правядзенне запісу і трансляцыі лепшых тэатральных спектакляў па творах класікаў. Мяркуецца выпусціць першыя тамы 20-томнага поўнага збору твораў Я.Коласа. У Нацыянальнай бібліятэцы з ліпеня па лістапад будзе працаваць рэспубліканская выстава выданняў твораў класікаў беларускай літаратуры. У верасні адбудзецца міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Янка Купала і Якуб Колас у сістэме дзяржаўна-культурных і духоўна-эстэтычных прыярытэтаў ХХI стагоддзя”.
Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч даў пазітыўную ацэнку клопату кіраўніцтва краіны аб правядзенні ўрачыстасцяў, прысвечаных нацыянальным прарокам Я.Купалу і Я.Коласу. Аднак, па яго словах, дзяржава не павінна “запатэнтоўваць” права на правядзенне падобных мерапрыемстваў. “Ва ўрачыстасцях павінны прымаць удзел не толькі міністры, службоўцы ад культуры і супрацоўнікі музеяў. Гэта ў першую чаргу свята для тых, хто ўсё жыццё вывучаў творчасць Я.Купалы і Я.Коласа, лаўрэатаў літаратурных прэмій, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, такіх як “Таварыства беларускай мовы”, “Бацькаўшчына”, Саюз беларускіх пісьменнікаў”, — адзначыў Алесь Пашкевіч. Пакуль, па словах старшыні СПБ, “міністэрства культуры так і не адказала на нашы прапановы па арганізацыі і правядзенню дадзеных урачыстасцяў. Аднак, незалежна ад рашэння Мінкульта і нягледзячы на сціплыя фінансавыя магчымасці, Саюз беларускіх пісьменнікаў плануе годна адзначыць гэтыя даты”.
Паводле www.naviny.by
АБВЕСТКІ
Конкурс для юных мастакоў
Юныя мастакі і мастачкі, а таксама скульптары і графікі ад 4 да 16 год могуць узяць удзел у міжнароднай выставе ў чэшскім горадзе Лідзіцэ. Урачыстае адкрыццё выставы, у якой штогод удзельнічаюць работы дзяцей з дзесяткаў краін усіх кантынентаў, адбудзецца ў канцы мая 2007 г. Выстава праводзіцца для ўшанавання памяці дзяцей, забітых немцамі ў чэшскім горадзе Лідзіцэ.
Сусветная арганізацыя UNESCO прапанавала 35-ю выставу прысвяціць спорту: “спорт спрыяе здароўю”, “спорт дапамагае аб’ядноўваць людзей”, “спорт, якім я актыўна займаюся”, “школьныя спартыўныя гульні”, “спортам займаецца ўся сям’я”, “спорт развівае станоўчыя рысы характару” і г.д.
Умовы ўдзелу і патрабаванні да работ:
Узяць удзел у конкурсе могуць дзеці ва ўзросце ад 4 да 16 гадоў. На адваротным баку кожнай работы трэба пазначыць поўны адрас, імя, узрост, краіну і пол дзіцяці. Усе надпісы павінны быць зробленыя разборліва вялікімі друкаванымі лацінскімі літарамі. Гэтыя звесткі просім таксама выслаць на электронны адрас: brothankova@lidice-memorial.cz
Адзіным абмежаваннем для прыёму работ з’яўляецца іх фармат – максімальна 60 x 50 см. Прымаюцца жывапіс, графіка, скульптура з любога матэрыялу і фатаграфія. Кожная школа можа даслаць не больш за 20 работ.
Усе работы неабходна адаслаць да 31 сакавіка 2007 г. на адрас:
Pamatnik Lidice
35. rocnik Mezinarodni detske vytvarne vystavy Lidice 2007
273 54 Lidice
Ceska republika – Czechia
Работы будзе ацэньваць прафесійная камісія на пачатку красавіка. Абраныя мастацкія творы будуць адзначаныя ганаровым дыпломам, лепшыя будуць узнагароджаныя памятнымі медалямі “Лідзіцкая ружа”.
Кантактная інфармацыя:
Email: lidice@ lidice-memorial.cz
Тел: +420 312 253 063, +420 312 253 702
Факс: +420 312 253 063
www.lidice-memorial.cz
Прэмія імя Зоры Кіпель – 2006 і 2007
Распачаты конкурс на 2007 год на атрыманне прэміі імя Зоры Кіпель за выдатныя беларусаведныя працы ў галінах: культура, мовазнаўства, літаратура, гісторыя, палітыка (за кнігу – $500, за артыкул – $200). З'явілася таксама новая прэмія ($100) за выдатную распрацоўку беларусаведных тэмаў студэнтамі або аспірантамі (праца мінімум 15 старонак праз радок, напісаная паміж 2004 і 2007 гадамі ўключна).
Свае артыкулы ці кнігі трэба даслаць да 1 чэрвеня 2007 году. Вынікі конкурсу будуць абвешчаныя ўвосень 2007 г. Прэміі прысуджае журы ў складзе сяброў Паўночна-Амерыканскай Асацыяцыі Вывучэння Беларусі (ПААВБ). Па далейшую інфармацыю або пры дасылцы працаў пісаць на адрас: Dr. Curt Woolhiser, Harvard University, Department of Slavic Languages and Literatures, Barker Center 327, 12 Quincy St. Cambridge, MA 02138-3804.
Акрамя таго, як распавёў бюлетэнь ПААВБ “Naviny” (vol. 2, No. 1, 2006), прэмія імя Зоры Кіпель за 2006 год за выдатную кнігу ($500) прысуджаная д-ру Андрэю Катлярчуку (Стакгольм, Швэцыя), аўтару манаграфіі “Швэды ў гісторыі і культуры Беларусі” (Менск, 2002). У катэгорыі артыкулаў прэмію ($200) атрымаў Уладзімер Калупаеў, які апублікаваў у часопісе “Arche” (№1, 2005) артыкул “Забыты рэнесанс: беларуская эканамічная школа 1920-х гг”.
Паводле газеты “Беларус”
НАШЫ СТРАТЫ
Ён любіў свой край і мастацтва
На 73 годзе пайшоў з жыцця вядомы беларускі мастак, сябра Вялікай Рады МГА “Бацькаўшчына” Віктар Сташчанюк.
Віктар Сташчанюк нарадзіўся на Наваградчыне. Менавіта гэтая зямля сфармавала талент мастака і ягоную асобу.
У мастацтве поспех і запатрабаванасць не гарантуюцца талентам творцы. Патрэбныя яшчэ любоў аўтара да таго, што ён малюе, вялікая працаздольнасць і пазіцыя ў жыцці, пажадана – са значным станоўчым грамадзянскім тонусам. Усё гэта ёсць у натуры Віктара Сташчанюка – архітэктара, мастака па інтэр’ерах, навукоўцы-даследчыка і рэканструктара помнікаў старажытнага дойлідства Мінска, Заслаўя, Наваградка, Полацка і іншых гарадоў Беларусі, аўтара ілюстрацый да кніг па гісторыі нашай краіны, стваральніка шэрагу беларускіх марак, аўтара графічных і алейных станковых твораў, што апавядаюць пра Беларусь, яе хараство і гісторыю, культуру і здабыткі спадчыны.
“У шэрагу твораў мастака высокай грамадзянскай пазіцыі маюць месца кампазіцыі лірычнага характару, прысвечаныя вобразам прыгожых беларускіх жанчын, рамантычным куточкам прыроды і... каханню: няма кахання, няма і мастака – кажуць людзі. В.Сташчанюк пісаў цудоўныя рамантычныя акварэлі, што апяваюць ледзь улоўныя імгненні пераходных станаў прыроды – сціплых знешне і глыбінных па сутнасці, як душа беларуса, як каханне беларуса, як справа беларуса”, – так год назад распавядаў пра мастака часопіс “Наша вера”.
Мастацтвазнаўца Таццяна Гаранская так напісала пра мастака: “Віктар Сташчанюк у першую чаргу мастак-рэканструктар, мастак-навуковец у гістарычным рэчышчы. Але ж ён і тонкі лірык, паэт лініі і колеру. Чароўнай мелодыяй замілавання і ўлюбёнасці прасякнуты яго шматлікія алейныя працы з выявамі камяніц і краявідаў старажытных мясцінаў нашай краіны, зачароўваюць яго акварэлі і пастэльныя творы.
Здаецца мне, што ў гісторыю беларускага мастацтва Сташчанюк трапіць і як аўтар трох серыяў мастацкіх твораў-рэканструкцый: “Старажытны Мінск”, “Старажытны Наваградак”, “Старажытнае Заслаўе”. Навукова вывераныя, яны ў той жа час напоўнены настраёвасцю, рамантызмам, узнёсласцю чалавечых пачуццяў. Менавіта гэтак Віктар Сташчанюк выбудоўваў унікальны па сваёй значнасці масток да людскіх сэрцаў, да разумення і ўспрыняцця”.
Беларусь страціла яшчэ аднаго адданага сына. Шчыра смуткуем і выказваем спачуванне родным і блізкім Віктара Сташчанюка.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|