Нашы славутыя землякі
Людміла Краскоўская
26 чэрвеня споўнілася 100 год з дня нараджэння Людмілы Краскоўскай
– “Нестаркі славацкай археалогіі і нумізматыкі”.
Узаемадачыненні Людмілы Краскоўскай (1904—1999), вядомага славацкага
археолага, нумізмата, рупліўца музейнай справы, педагога з навукоўцамі
Беларусі маюць сваю даволі працяглую гісторыю. У шэрагу суразмоўцаў
Л.Краскоўскай у ліставанні варта прыгадаць С.Александровіча, У.Калесніка,
Г.Каханоўскага, С.Панізніка і інш. У асноўным перапіска з вядучымі
даследчыкамі-літаратуразнаўцамі і гісторыкамі датычылася раскрыцця
і асэнсавання дзейнасці беларускага студэнцкага культурнага асяродка
ў Празе ў 20-30-х гадах ХХ стагоддзя.
Па шэрагу прычын імя Л.Краскоўскай на сённяшні дзень застаецца
вядомам толькі вузкаму колу спецыялістаў, як правіла тым, хто
займаўся ці займаецца пытаннямі беларускай эміграцыі ў Празе.
Маё асабістае завочнае знаёмства з Людмілай Краскоўскай пачыналася
з Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску. Па першапачатковых
планах экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці класіка беларускай
літаратуры, павінна была быць створана не толькі на другім, але
і на першым паверсе аддадзенага пад музей будынка. На плануемай
экспазіцыі, якая мела рабочую назву “Багдановіч і сучаснасць”,
думалася прадставіць матэрыялы аб багдановічаўскай традыцыі ў
беларускай літаратуры. Як ужо стала няпісаным правілам, першае
месца сярод паэтычных спадкаемцаў песняра чыстай красы займае
У.Жылка. Музейшчыкамі назапашваліся матэрыялы пра жыццё і творчасць
паэта, многія з іх і на сённяшні дзень яшчэ не ўвасобіліся ў публікацыі,
належным чынам не спрацавалі на асвятленне няпростага і трагічнага
жыццёвага шляху песьняра.
У свой час беларускім даследчыкам У.Калеснікам для аўтараў экспазіцыі
была падказана рэальная магчымасць знайсці што-небудзь новае пра
Жылку, быў перададзены адрас Людмілы Краскоўскай у Славакіі. У.Жылку
з сям’ёй Краскоўскіх звязвалі самыя цесныя сувязі: і пад час вучобы
ў беларускай гімназіі ў Дзвінску, і пад час жыцця ў савецкім Мінску,
не перарывалася цёплае ліставанне.
Калега з Браціславы ласкава адгукнулася на першыя просьбы музейшчыкаў,
завязалася трывалая перапіска. Л.Краскоўская дасылала музею новыя
матэрыялы, удакладняла імёны людзей на адшуканых фотаздымках,
асвятляла абставіны студэнцкага жыцця ў Празе, рупілася пра тое,
каб музей Багдановіча займеў свае стасункі з літаратурнымі музеямі
Славакіі.
Адносна паэта з-пад пяра Краскоўскай выйшла ўсяго некалькі старонак
пад назвай “З успамінак пра Уладзімера Жылку”. Інфармацыі гэтыя
ўспаміны ўтрымліваюць няшмат, адчуваецца асцярога аўтара перад
суб’ектыўнасцю ацэнак
У 1997 годзе Людмілу Краскоўскую наведаў паэт, укладальнік “Выбраных
твораў” У.Жылкі Міхась Скобла.
Асноўныя моманты жыцця і дзейнасці Людмілы Краскоўскай. Нарадзілася
Людміла Краскоўская 26.06.1904 г. у Вільні. Вучылася ў гімназіях
у розных гарадах былой Расійскай імперыі. У часы асабліва моцных
грамадскіх завірух вучоба праходзіла, у асноўным, похабкам, бо
сям’я вымушана была пераязджаць з месца на месца, ратуючыся ад
вайны і едучы ўслед за месцамі бацькавага службовага прызначэння.
Поўная сярэдняя адукацыя была атрымана ў беларускай гімназіі ў
Дзвінску, дзе бацька Іван Ігнатавіч Краскоўскі працаваў дырэктарам
у 1922 – 1925 гг. Далей вучоба працягвалася (да 1929 г.) на філасофскім
факультэце Карлавага універсітэта ў Празе, дзе Л.Краскоўская вывучала
археалогію і гісторыю мастацтва. Тут у 1930 годзе яна абараніла
дактарат філасофіі “Заходнія ўплывы ў архітэктуры Х – ХІІІ стагоддзяў
у усходніх славян”. Адначасова праходзіла навучанне на літаратурна-гістарычным
аддзеле Украінскага педагагічнага інстытута ў Празе. У 1929 –
1931 гг. Л.Краскоўская працавала ў якасці дапаможнага навуковага
супрацоўніка ў Археалагічным аддзеле Нацыянальнага музея ў Празе.
У 1931 годзе – кустодка ў Славацкім краязнаўчым музеі ў Браціславе
(цяпер – Славацкі нацыянальны музей), дзе і прайшло ўсё яе працоўнае
жыццё (1931 – 1988 гг.).
У 30-х гадах адарваная ад роднага краю і ад родных дзяўчына ўступіла
на шлях навукі, па якім да яе і пры ёй хадзілі толькі мужчыны.
Яна стала першай у Чэхаславакіі жанчынай – кандыдатам гістарычных
навук (1961).
За гэты час было праведзена больш як 50 археалагічных раскопак.
Л.Краскоўская аўтар каля 270 артыкулаў у галіне археалогіі і нумізматыкі,
2 кніг па археалогіі, якія выйшлі ў Славакіі, 2 кнігі былі выдадзены
на англійскай мове Оксфардскім універсітэтам. Прызнаная даследчыца
была членам шэрагу навуковых і рэдакцыйных рад, розных камісій,
брала ўдзел ва ўсіх археалагічных і нумізматычных канферэнцыях
у Чэха-Славакіі, у міжнародных археалагічных канферэнцыях у Польшчы,
Венгрыі, Германіі. Сярод узнагарод, якімі ўганаравала Славакія
нястомную руплівіцу навукі, прэміі імя Андрэя Кмета (1969), імя
Войцеха Будзінскага-Крычку (1996), ганаровыя званні “Будаўнік
Браціславы” (1975), “Заслужаны работнік культуры” (1996).
Багаты жыццёвы вопыт, вынікі кантактаў з многімі навукоўцамі,
дзеячамі культуры славянскага свету аселі змястоўным архівам у
кватэры Л.Краскоўскай. Многае ў ім яшчэ не расчытана, не сістэматызавана.
Але сёння ўзрастае цікавасць у Славакіі, Украіне, Беларусі да
І.Краскоўскага, Л.Краскоўскай, чыё жыццё і дзейнасць знаходзяцца
на мяжы некалькіх культур. Пацверджаннем гэтаму сталі і даклады,
прачытаныя на міжнародным навуковым семінары ў Прэшаве (Славакія)
“Славацка-беларускія моўныя, літаратурныя і культурныя сувязі”
(20-21.09.2000 г.).
Да разбору часткі архіва Краскоўскіх спрычыніўся акадэмік Мікулаш
Мушынка. Супольная праца ў дадзеным накірунку ў Беларусі, Украіне,
Славакіі, Чэхіі і іншых краінах павінна даць цікавы і багаты плён.
З зычлівай дапамогі акадэміка М.Мушынкі, амбасады Рэспублікі Беларусі
ў Чэхіі і Славакіі, асабістай падтрымкі першага сакратара дыпламатычнага
прадстаўніцтва Яніны Тарасевіч, уважлівага стаўлення Ніны Бучынскай
стала магчымым пераправіць частку архіва Л.Краскоўскай у Беларусь.
Аўтарам гэтых радкоў былі адшуканы шэраг дагэтуль невядомых матэрыялаў
да жыцця і творчасці У.Жылкі, перапіска сёлетней юбіляркі з А.Луцкевічам,
выпускнікамі Дзвінскай беларускай гімназіі, пражскім беларускім
асяродкам, дзеячамі ўкраінскай культуры:Д.Дарашэнкай, Ольжычам,
А.Лятурынскай, А.Мазепай і інш.). Усё гэта чакае сваёй публікацыі.
Сёлетні юбілейны год з дня нараджэння руплівіцы навукі – годная
падстава належным чынам ушанаваць яе навуковыя заслугі, сплаціць
доўг памяці. Новыя цікавыя знаходкі, жаданне супрацоўнічаць навукоўцаў
розных краін толькі ўмацоўваюць у думцы пра патрэбу пошукаў, патрэбу
аб’яднання працы ў гэтым накірунку.
Мікалай Трус, кандыдат філалагічных навук
|