Нашы славутыя землякі
Вінцэнт Жук-Грышкевіч
Вінцэнт Жук-Грышкевіч - выдатны беларускі дзеяч, адыграў вялікую
ролю ў беларускім вызвольным руху свайго часу. Дзейнасць яго ахоплівала
розныя галіны - педагагічную, навуковую, арганізацыйна-грамадскую,
палітычна-дзяржаўную, - і вялася, незважаючы на пераследы, арышты,
вязніцы, ссылкі, канцэнтрацыйныя лагеры.
Нарадзіўся
ў 1903 г. ў мястэчку Будслаў Вілейскага павету. Пачаткавую асвету
здабыў у Будславе, сярэднюю - у беларускіх гімназіях: у Будславе
і Вільні. У 1922 г. ён скончыў Віленскую беларускую гімназію.
Увосень 1922 г. Вінцэнт паступіў на факультэт славянскай філалогіі
і гісторыі Універсітэту Карла IV у Празе і ў 1926 г. скончыў яго.
У снежні 1932 г. В.Жук-Грышкевіч здаў дзяржаўныя экзамены ва Універсітэце
Сцяпана Батуры ў Вільні, якія дазвалялі яму выкладаць у сярэдніх
школах гісторыю і славянскую філалогію. У 1952 г. праф. В.Жук-Грышкевіч
абараніў у Атаўскім універсітэце ў Канадзе доктарскую дысертацыю
па беларускай літаратуры на тэму "Лірыка Янкі Купалы"
і атрымаў навуковую ступень доктара філасофіі ў галіне літаратуры.
Педагагічную дзейнасць пачаў В.Жук-Грышкевіч,
вярнуўшыся з Прагі, а фактычна ў 1915 г., пасля заканчэння двухкласавага
прыхадскога вучылішча, калі ён быў хатнім настаўнікам; там ён
зарганізаваў і школку, якую палякі зачынілі ў 1919 г. У 1927-1939
гг. ён быў настаўнікам у Віленскай беларускай гімназіі, дзе выкладаў
гісторыю, беларускую мову і літаратуру. Гэтаксама быў выкладчыкам
беларускае мовы ў Праваслаўнай духоўнай семінарыі ў Вільні.
Апрача педагагічнай працы, Вінцэнт Жук-Грышкевіч
з 19-ці гадоў праз усё сваё доўгае жыццё займаўся навуковай, нацыянальна-грамадскай
і палітычнай дзейнасцю. Ужо ў 1922 г., у часе першых выбараў у
польскі сойм, ён быў выбарчым інструктарам у Браслаўскім і Дзісненскім
паветах ад Беларускага выбарчага камітэту ў Вільні; агітаваў па
сёлах і мястэчках за беларускіх кандыдатаў у польскі сойм і сенат.
У Празе В.Жук-Грышкевіч належаў да беларускіх
студэнцкіх арганізацый; у Вільні браў актыўны ўдзел у беларускім
"Навуковым таварыстве", "Беларускім вучыцельскім
саюзе" і ў "Таварыстве беларускай школы"; супрацоўнічаў
у часопісах і газетах: "Беларуская справа", "Наша
справа", "Народны звон", "Сям'я і школа",
"Беларускі звон" і "Маладая Беларусь".
У 1939 г., пасля акупацыі Чырвонаю Арміяй Вільні,
НКВД арыштавала В.Жук-Грышкевіча. У 1940 г. ён асуджаны на 8 гадоў
"исправительных трудовых лагерей". У выніку дагавора
генерала Сікорскага з Молатавым пра вызваленне з лагераў польскіх
грамадзян у 1942 г. В.Жук-Грышкевіч быў вызвалены, і, каб урэшце
вырвацца з Савецкага Саюзу, увосень 1942 г. накіраваўся ў польскае
войска.
З войскам гэтым, што было ў складзе восьмай Брытанскай
Арміі, ён быў у Іраку, Палестыне, Егіпце, а пасля ў Італіі. Браў
удзел у бітве пад Монтэ-Касіна. Пасля спынення ў 1945 г. ваенных
дзеянняў у Італіі ён выкладаў у вайсковай польскай сярэдняй школе
гісторыю і псіхалогію. З вучнямі-беларусамі падрыхтоўваў грунт
для заснавання беларускай арганізацыі ў Англіі і ў 1946 г. арганізаваў
у Лондане першую пасля вайны на эміграцыі беларускую арганізацыю
- Згуртаванне беларусаў у Вялікай Брытаніі, быў ягоным першым
старшынёй. У гэтых гадах быў рэдактарам часопісаў "На шляху"
і "Беларус на чужыне".
У 1950 г. В.Жук-Грышкевіч пераязджае ў Таронта
і становіцца "spiritus movens" беларускага нацыянальна-грамадскага
і навуковага жыцця ў Канадзе. Арганізаваў групоўку "Авангард",
быў ініцыятарам і галоўным арганізатарам у Канадзе Першае сустрэчы
беларусаў Паўночнае Амерыкі, арганізаваў Беларускую крэдытовую
суполку - "Byelorussian (Toronto) Credit Union Ltd.",
пры Універсітэце Таронта - Лектарат Беларусаведы, на якім ён быў
выкладчыкам. Рэпрэзентаваў беларусаў на кангрэсе "Pax Romana"
ў Таронта, Монрэалі і Квебэку. Супрацоўнічаў у газетах "Беларускі
эмігрант" і "Бацькаўшчына".
У 1954 г. накіраваўся ў Нямеччыну для арганізацыі
і вядзення беларускай секцыі радыё "Вызваленне" (зараз
"Свабода") у Мюнхене. Тады беларускія радыёперадачы
пайшлі ў Беларусь. Кіраўніком беларускай секцыі радыё "Вызваленне"
В.Жук-Грышкевіч быў да 1956 г., калі вярнуўся назад у Таронта.
У Канадзе зноў поўнасцю ўключаецца ў беларускае
грамадскае жыццё. Супрацоўнічае з др. В.Дж.Кэйе ў працы над манаграфіяй
пра беларусаў у Канадзе -"Canadians of Byelorussian Origin".
У 1966 г. арганізуе Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады, у
1967 - Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе і з'яўляецца
першым старшынёй абедзвюх арганізацый. Вінцэнт Жук-Грышкевіч рэпрэзэнтуе
беларусаў на агульнаканадскіх кангрэсах і канферэнцыях, супрацоўнічае
ў газетах "Бацькаўшчына", "Беларус" і рэдагуе
"Весткі з Канады". У 1970 г. становіцца Старшыней Рады
БНР, а 11-я Сесія Рады БНР 1976 г. абрала яго Старшынёй Рады БНР
і на наступны шасцігадовы тэрмін. На становішчы Старшыні Рады
БНР ён быў да 1982 г. - амаль да свайго 80-годдзя.
Апошнім дасягненнем др. В.Жук-Грышкевіча трэба
лічыць ягоны вядучы ўдзел у пабудове ў 1988 г., на 1000-я ўгодкі
хрысціянства ў Беларусі, Беларускага памятнага крыжа ў Святыні
пакутнікаў у Мідландзе (Канада).
Скончыў сваё працавітае і творчае, ахвярнае і
пакутнае жыццё Вінцэнт Жук-Грышкевіч у 1989 г. ў Бэры ў Канадзе
і спачывае на беларускім могільніку Жыровіцкае Божае Маці ў Іст-Брансвіку
ў ЗША.
Паводле матэрыялаў Раісы Жук-Грышкевіч
|