Нашы славутыя землякі
Міхась Кавыль
Міхась Кавыль (сапраўднае імя Язэп Казіміравіч Лешчанка) - паэт,
празаік, крытык. Іншыя псеўданімы - В'юрок, Я.Ляшчына, Я.Маёвы.
Нарадзіўся
ў 1915 г. у в. Покрашава Слуцкага раёна. На апошнім курсе Белпедтэхнікума
быў беспадстаўна арыштаваны за беларускія вершы, якія друкаваў
у Мінскіх перыядычных выданнях. Быў высланы на Далёкі Усход. Пасля
ГУЛАГу яму не дазволілі жыць на Беларусі. З кастрычніка 1935 г.
жыў у Варонежы, вучыўся ў педінстытуце і адначасова працаваў настаўнікам.
З першых дзён вайны на фронце трапіў у палон каля Харкава, у 1943
г. удалося вярнуцца ў Мінск. З 1944 г. пайшоў у выгнанне, жыў
спачатку ў Германіі, працаваў на шахтах Бельгіі, з 1950 г. жыве
ў ЗША, у Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі).
Друкавацца пачаў з 1929 г., быў членам "Маладняка".
На эміграцыі адбылося пераўтварэнне савецкага паэта Я.Маёвага
ў вольнага таленавітага мастака паэтычнага слова Міхася Кавыля.
Тут ён публікаваў свае вершы, прозу, крытычныя артыкулы амаль
ва ўсіх эмігранцкіх газетах і часопісах, выдаў зборнікі паэзіі
"Ростань", "Пад зорамі белымі", "Першая
рана", "Цяжкія думы", а таксама том выбранага "Міжагнёўе"
(1990). Шырока выкарыстоўваў класічныя формы верша, першы ў беларускай
літаратуры стварыў вянок і карону санетаў ("Цяжкія думы",
"Мярэжа", "Чорны лёд"). Тэматыка і праблематыка
яго творчасці найперш звязана з Бацькаўшчынай, яе гісторыяй, мовай,
культурай (вершы "Ростань", "Беларусь", "Беларусь
б'е ў сэрцы", "Я душу невыгойна параніў", "Менск",
"Сакавіковая ноч", "Дзень той прыйдзе", "Кастусь
Каліноўскі", "Бэнгалія", "Край красы",
"Случчына", "Пагоня", "Прытокаю Случы",
"Случчакі", "Памяці герояў", "Сыны Беларусі",
"Слаўны мой род" і інш.). Напісаны цыкл турэмных вершаў,
а таксама вершы, прысвечаныя рэпрэсаваным беларускім пісьменнікам,
сябрам-пісьменнікам, з якімі разам падзяляў пакуты выгнання. У
глыбока змястоўных паэмах "Пад небам Случчыны каханай",
"Міжагнёўе", "Непакорныя" апісаў лёс свайго
пакалення і лёс Бацькаўшчыны. Займаўся перакладамі, быў рэдактарам
часопіса "Беларуская думка", пісаў публіцыстычныя і
крытычныя артыкулы, рэцэнзіі, апавяданні. У аўтабіяграфічным рамане
"Із агню ды ў полымя" паказаў падзеі вайны на акупаванай
Беларусі.
Лідзія Савік
|